Электронная библиотека
Форум - Здоровый образ жизни
Акупунктура, Аюрведа Ароматерапия и эфирные масла,
Консультации специалистов:
Рэйки; Гомеопатия; Народная медицина; Йога; Лекарственные травы; Нетрадиционная медицина; Дыхательные практики; Гороскоп; Правильное питание Эзотерика


Генадзь Бураўкін
ТРЫ СТАРОНКІ З ЛЕГЕНДЫ


Падрыхтаванае на падставе: Генадзь Бураўкін, Тры старонкі з легенды. Штрыхі аднаго лёсу. Дакументальная аповесць, — Мінск: Беларусь, 1971. — 120 с.


Рэдактар: В. Рудава

Copyright © 2014 by Kamunikat.org


Яе нарадзіла на нашай беларускай зямлі Вялікая Айчынная вайна — легенду пра суровае дзяцінства, пра адданасць Радзіме, пра чалаеечую мужнасць. Я пачуў яе на Віцебшчыне, у азёрным і лясным краі, дзе і сёння тысячы сцяжынак вядуць да партызанскіх зямлянак і брацкіх магіл. Гады сціралі некаторыя падрабязнасці, а мажлва і дабаўлялі новыя, побач з суровай быллю часам ішла гераічная казка, але самыя яркія, самыя хвалюючыя старонкі легенды заставаліся амаль нязменныя. I я раскажу іх...

Аўтар

ПЕРШАЯ СТАРОНКА


За ноч вокны зацягнула марозам, і першае, што зрабіла Надзя, ускочыўшы з пасцелі,— прадыхала на шыбе невялікае «вочка». На дварэ было пуста і шэра. Як ні ўглядалася яна, нікога ўбачыць не магла. Толькі проста перад акном стаяла бяроза, уся ў бухматым інеі...

Надзя апранулася, выйшла ў сенцы, хуценька апаласнула халоднай вадой твар. Сон як рукой зняло. Прыйшла ў душу лёгкасць і гарэзлівасць. Каб былі лыжы, выскачыла б на вуліцу і — туды, да возера, да ўзгоркаў, па цаліку, па ціхай белізне.

У хаце ля печы завіхалася гаспадыня, яшчэ зусім маладая жанчына з гладка зачасанымі валасамі, у чорных бурках.

— Можа памагчы?..— папыталася Надзя.

— Ды ўжо не трзба,— адмахнулася тая.— Пакуль ты сны даглядала, я ўправілася. Прыйдуць хлопцы, есці паможаш...

Надзя прыбрала ложак, прычасалася і зноў прынікла да «вочка». На бярозе сядзеў надзьмуты верабей. Ён смешна ўздрыгваў усім сваім шэрым цельцам — і з галінкі сыпаўся іней. Надзя пастукала ў шыбу. Верабей пераскочыў вышзй, зірнуў чорненькім круглым вочкам на акно і паляцеў.

Добра зімою ў цёплай хаце, у мяккай цішыні, калі патрэскваюць дровы ў печы і закіпае чыгун з бульбай. Надзя сцепанула плячыма, успомніўшы ўчарашні мароз, поле і п'янага паліцая. «У, гад даўгацыбы...» Ён ехаў на санях і, дагнаўшы яе — у дзіравай ватоўцы, з жабрацкай торбай за плячыма, ссінелую ад холаду, з усяго размаху выцяў пугай. I зарагатаў... «Ну, мы з табой яшчэ сустрэнемся...— са злосцю падумала Надзя.— Не можа быць, каб нашы дарогі не сышліся. Я табе прыпомню пугу... Парагочаш...»

Рыпнулі дзверы, у сенцах затупацелі — і пачуўся звонкі голас Міколы Буцілёва:

— Усё грэецеся ля печы? Хопіць. Ваяваць трэба... Багданава! Надзя!.. Камандзір кліча.

Надзя накінула на плечы кажушок, замітусілася, шукаючы хустку:

— Што там такое?

— А хто яго ведае,— Буцілёў стаяў каля печы, расчырванелы і вясёлы.— Мы людзі маленькія. Нам не дакладваюць. Сказана — паклікаць Багданаву, я і пайшоў. А вы, начальнікі, рашайце, ці нам бульбу есці, ці тол са снарадаў выплаўляць. Я, напрыклад, зараз бульбачкі б...

— Ну, хопіць,— зусім па-даросламу сказала Надзя.— Не казалі, чаго клічуць?

— Не казалі. Відаць, у разведку. Па тваёй спецыяльнасці...

Яны разам выйшлі з хаты, пайшлі па пустой вуліцы, і снег смачна парыпваў пад нагамі. Мікола Буцілёў ішоў моўчкі ззаду і, ужо калі падыходзілі да штаба, папытаўся:

— Надзя, скажы, ну, няўжо табе не бывае страшна? Табе ж нейкіх там трынаццаць гадоў...

— Чатырнаццаць,— удакладніла Надзя.

— Хай будзе чатырнаццаць, усё роўна дакументаў няма...

— А табе не страшна?

— Ну — мне... Я мужчына, раз. Старэйшы за цябе, два. Гэта мой абавязак...

— I мой.

— Ну, ладна,— Буцілёў спыпіўся.— Задачу я выканаў. Дазвольце ісці, таварыш начальнік?

— Ідзіце.

Надзя засмяялася. Ёй падабалася гульня Буцілёва ў «начальніка» і «падначаленага». Было прыемна, што яе ведаюць, што ёй даручаюць адказныя заданні, што камандзір атрада выклікае яе да сябе.

На ганку штаба яна абтрэсла з валёнак снег, абцягнула кажушок, прыняла самы сур'ёзны выгляд.

— Па вашым загадзе з'явілася,— стрымана адрапартавала, пераступіўшы парог.

— Добра,-— падышоў да яе начальнік штаба, заўсёды строгі і, як ёй здавалася, трохі злосны Іван Сцяпанавіч Скуматаў.— Як спала?

Надзя здзіўлена паціснула плячыма: навошта ў яе пытаюць пра гэта? Але Скуматаў чакаў адказу, і яна нясмела вымавіла:

— Добра... Нармальна...

— Ну, тады можна пачынаць гаворку.— Скуматаў кіўнуў камандзіру атрада Дз'ячкову, які сядзеў за сталом: — Выправачка якая — салдат! — I павярнуўся да дзяўчынкі: — Справа да цябе важная. Вельмі. Прасілася ты на адказнае заданне — дык вось больш адказнага і не прыдумаеш... Хадзі сюды.

На стале была разаслана вялікая карта, уся ў чырвоных і сініх паметках. Скуматаў схіліўся над ёй. Побач з ім стаў Дз'ячкоў. Надзя нясмела прымасцілася збоку.

— Вось Віцебск,— аловак Скуматава ўпёрся ў вялікі кружочак.— Бачыш, дарогі?.. Во гэта — гарадоцкая шаша... Вось Гарадок... А гэта — наш атрад. Заналючкі... бачыш? Мяжа, Карасёва і — Заналючкі... Дык вось трэба ісці ў Віцебск.

— Я гатова,— падхапілася Надзя.

— А ты не спяшайся.— Скуматаў паклаў ёй на плячо руку.— Пайсці — не фокус. Справу зрабіць і вярнуцца трэба. А гэта — цяжэй. Трэба ў Віцебску вывесіць чырвоныя сцягі. Хутка свята...

— Ага, Кастрычнік,— кіўнула галавой дзяўчынка.

— Дык вось перад святам хочацца вестачку падаць віцяблянам. Хай бачаць, што ўлада наша жыве і здавацца не збіраецца...

— Дык я гатова.

I зноў Скуматаў спыніў яе:

— Не спяшайся. Да канца слухай... З такім заданнем мы пасылалі ўжо адну групу. Тыдзень назад. Усе загінулі... Подступы да горада добра ахоўваюцца, у горадзе поўна фашыстаў і паліцаяў.

— Дык што, вы думаеце, я спалохаюся? — нават трошкі пакрыўдзілася Надзя.— Вы мяне ведаеце...

— Таму і паклікалі,— сказаў Дз'ячкоў.— Акрамя смеласці тут яшчэ і хітрасць патрэбна. Каб на ражон не лезці... Як ты сцягі ў горад пранясеш?

Надзя задумалася.

— У торбе, пад акрайцамі хлеба...— Але перадумала: — Не... Абматаюся... пад адзеннем...

— Абматаешся? Так рабіла першая група...

Надзя разгубілася: больш нічога не магла прыдумаць. Але ж не можа быць, каб не было нейкага хітрага ходу.

— Дык вось што,— Скуматаў пасадзіў яе на крэсла.— У нас ёсць план. Ён зацверджаны. Па ім будзеце дзейнічаць разам з Ванем.

Толькі цяпер Надзя заўважыла ў цёмным кутку незнаёмага хлапчука. Ён чысціў наган.

— Хадзі сюды, Ваня,— паклікаў яго Дз'ячкоў.— Пазнаёмцеся. Вам з Надзяй разам ісці...

Ваня быў сярэдняга росту, цёмнавалосы. На выгляд — гадоў чатырнаццаці-пятнаццаці. Надзя акінула яго прыдзірлівым позіркам: росту яны аднолькавага, яна пават, можа, трошкі вышэйшая.

— Дык вось якія справы,— Скуматаў абняў іх за плечы.— Вас у горад прапусцяць лягчэй, чым дарослых. Гэта раз. А па-другое, вы проста павезяце на базар мяцёлкі.

Надзя з Ванем пераглянуліся.

— Так, мётлы. Самыя звычайныя, якіх мы вам сёння навяжам цэлую гару. Толькі тры мяцёлкі будуць... з сакрэтам. Перад тым, як насадзіць іх на палкі, мы палкі абкруцім чырвонай тканінай...

— Здорава! — не ўтрымалася Надзя.

— Ага. I проста,— падтрымаў Ваня.

— Але гэта палавіна справы. Другую вам давядзецца рабіць самім. Будзе нялёгка. Надзя трошкі ведае Віцебск. Так што, Ваня, ты трымайся ў горадзе яе. Але і стрымлівай, дзе трэба... А то я цябе ведаю,— Скуматаў пагразіў Надзі пальцам,— палезеш, куды не просяць. А нам вы жывыя патрэбны. Адным словам, задача ясная?.. Ну тады ідзіце, добра пад'ешце. Мы хлопцам далі загад накарміць вас уволю. Паспіце. Недзе ноччу рушым. Да Гарадка давязём, даведкі дадзім, каб усё ў парадку было...


Ля самага Гарадка партызаны спыніліся. Мікола Буцілёў у перадсвітальным змроку агледзеў яшчэ раз Ваню і Надзю.

— Ну што ж, жабракі з вас проста натуральныя... Нават мне хочацца вам хлебца даць. Але...— ён палез за пазуху,— замест хлеба даю вам паперкі. З сапраўднымі нямецкімі пячаткамі, з подпісамі. Ажно шкада аддаваць... Ну... Бярыце... Дзякуйце...

Ваня яшчэ раз памацаў, ці добра ўзязаны мётлы, і Надзя ўзялася за санкі.

— Ну,— падаў ёй руку Буцілёў,— шчасліва! Чакаем вас заўтра, паслязаўтра. Бульбы наварым, сала насмажым. Так што старайцеся...— I не стрымаўся, каб зноў не пажартаваць: — Страшна будзе, крычыце: «Мама!..»

Мама... Мікола не ведаў, як даўно Надзя нікому не гаварыла гэтае слова. А яна, мабыць, недзе ёсць, жыве, яе маці. Толькі Надзя яе забыла, нават голасу не памятае. Яна ўжо звыклася з думкай, што няма ў яе бацькоў. Былі... Быў бацька, пячнік і кравец, які не мог тыдня ўседзець на адным месцы. Хадзіў па вёсках і ўлетку, і зімой, шыў боты, кажухі, клаў печы. I ўсюды з ім хадзіла яе маці... і сёстры, і браты. Колькі іх было, сясцёр і братоў, Надзя і цяпер толкам не ведае. Памятае толькі, што многа... У нейкай вёсцы яе пакінулі — ці то ў сваякоў, ці то ў знаёмых. Казалі, быў неўрадлівы год, не хапала хлеба... Трапіла потым у Магілёў, у дзіцячы дом...

Святлейшых успамінаў, чым дзетдомаўскія, у Надзі не было. Гэта была сапраўдная казка — светлы будынак, школа, бібліятэка, гульні, акрабатычны гурток. «Рабінзон Круза» — любімая кніжка. Перачытала яе тры разы...

— Можа, давай я павязу санкі? — перабіў яе думкі Ваня.— А то стомішся...

— Не. Я прывычная. Як стамлюся, скажу...

...Неяк каля Магілёва былі вайсковыя манеўры — і да іх у дзіцячы дом у госці прыехаў Варашылаў. Што рабілася! Надзя не магла тады паверыць — жывы Клім Варашылаў, савецкі маршал! Песні пра яго спявалі, вершы вучылі — вось ён тут, разам з імі... Пра сустрэчу гаварылі доўга, хлапчукі адмахваліся ад дзяўчынак: што вы, мы вось станем салдатамі, камандзірамі, і Варашылаў будзе нам даваць загады...

Паглядзелі б хлапчукі на яе цяпер...

Ваня зноў тузануў за рукаў:

— Ну, хопіць табе. Дай я...

Яна аддала яму вяроўчыну і запыталася:

— Што, замерз?

— Не, - крутнуў галавой Ваня.— Мы хутка ідзём... Але ж нельга, каб ты адна...

Надзя агледзелася. Гэтыя мясціны яна ведала. Не адзін раз прыходзіла сюды ў разведку, выглядала ўсё, запамінала. Хутка яны абыдуць стараной Гарадок, і можна будзе выбірацца на шашу. К таму часу зусім развіднее.

— А сёння цяплей, чым учора,— зазначыла яна.— Адпусціў мароз. Можа, адліга будзе...

— Можа,— азваўся Ваня і летуценна дадаў: — Вось каб мяцеліца...

— Ага,— падхапіла Надзя.— Гэта было б здорава! Завіруха мяце. Ноч. А мы са сцягамі... Справіліся б за гадзіну. Ніхто б не заўважыў...

Яны ўжо выбраліся на шашу і пайшлі шпарчэй. Санкі з мётламі лёгка каціліся ззаду.

— Ты ніколі не быў тут? — запыталася Надзя.

— Не. Мяне ў разведку пасылалі ў другі бок, пад Езярышча.

Гаворка не клеілася. Можа таму, што яны зусім не ведалі адно аднаго. А хутчэй за ўсё таму, што абое ўвесь час думалі, як іх сустрэне Віцебск, што ім рыхтуе сённяшняя ноч...


Каля ўваходу ў горад іх спынілі паліцэйскія. Доўга разглядалі даведкі, а потым адзін стаў іх абшукваць, а другі скінуў з санак мётлы. У Надзі пахаладзела ў грудзях, калі ён ухапіў якраз тую, з сакрэтам, і выскаліўся:

— Дубцы добрыя будуць... А?.. Можа, паспрабуем?.. Але той, што абшукваў Надзю і Вашо, змрочна прыкрыкнуў:

— Хопіць. Развесяліўся... Аддай малым!.. А вы,— спадылба бліснулі халодныя сінія вочы,— джгайце хутчэй. Гандляры!.. Каму патрэбны ваш тавар?..

Узяўшы мётлы, Ваня з Надзяй подбегам кінуліся ў горад.

На вуліцах было ціха і пуста. Надзі здавалася, што іх крокі чуваць на добрую вярсту, а ў спіны ім глядзяць сотні чужых вачэй... Пуста, ціха... Як быццам усс яшчэ спяць. А ўжо ж за поўдзень...

Надзя ішла наперадзе і не азіралася, быццам баялася, што Ваня ўбачыць, як раптам усё ў ёй сціснулася ў камячок. Яна не магла зразумець, што яе так насцярожыла. Паліцэйскія? Не. Хіба гэта першы раз! Адчуванне блізкай небяспекі? А калі яе не было... Прыгнятала хітрая і непрывычная цішыня, бязлюднасць. Здавалася, вуліцы няма канца.

Калі яны, нарэшце, дайшлі да Полацкага базару, Надзя з палёгкай уздыхнула. Тут было людна. Натоўп рухаўся, гаманіў, нават смяяўся. Выгуквалі дзядзькі:

— Новыя боты!.. Хромавыя!.. За хлеб...

— Махорачка-гарладзёрачка... Каму на сэрцы цяжка, памагае зацяжка...

— Кажух! Кажух!.. Мяняю на соль...

Надзя падміргнула Ваню: «Ну, пайшлі!» —і падалася ў кіпень натоўпу.

— Мяцёлкі! Мяцёлкі!.. Каму мяцёлкі?..— крыкнула яна.— Бярыце мяцёлкі!.. Мяцёлкі!..

На іх ніхто не звяртаў увагі, быццам іх наогул не існавала. Побач стракатала тоўстая жанчына:

— Іголкі... Іголкі... Магазінныя... Магазінныя іголкі... Мяняю на цукар... Мяняю на цукар...

Надзя праціснулася далей:

— Мяцёлкі! Мяцёлкі!..

Але і тут не цікавіліся мяцёлкамі.

— Булён!.. Булён!.. З мясам... Булён з мясам! — паблізу тоненькім голасам залямантавала старэнькая бабуля, і да яе кінуліся з усіх бакоў.

Надзя спынілася.

— Ды ну іх! — злосна махнула рукой.— Пайшлі, Ваня, дзе-небудзь прысядзем... Ногі падгінаюцца. Стамілася.

Яны адышліся ўбок, прымасціліся на санкі. Тут сядзелі дзве немаладыя жанчыны, прадавалі журавіны. Гандаль у іх ішоў слаба, і яны дзяліліся навінамі:

— Пецьку Кулінінага ведаеш? У паліцыю запісаўся. Кажа, канец нашай уладзе. Саветы, кажа, разбіты, немец Маскву бярэ.

— А-а, чаго цяпер толькі не гавораць...

— Кажа, глядзеў немцавы танкі. Кіно яму паказвалі... Самалёты, пушкі... Сілы такой, кажа, на цэлым свеце няма.

— Ды ўжо сіла ў іх ёсць.

— I, кажа, не выкруцішся ніяк. Або служы немцу, або канец табе.

— Пачакаў бы трошкі. Чаго ўжо так спяшыць?

— Куліна прасіла. Ды ў яго свой розум. Кажа, чакаць далей — пустое дзела. Пакуль усе чакаюць, можна месца добрае заняць...

— Якое там месца... сабачае...

Надзя ажно падскаквала на санках — так ёй не цярпелася кінуцца да цётак, крыкнуць, што маніць Пецька, што вернуцца нашы, што ніколі не ўзяць фашыстам Масквы. Але нельга. Трэба маўчаць. Трэба прыкідвацца абыякавай...

Надзя ўстала, прайшла далей. Вусаты дзядзька ў старэнькім кажушку разам з хлопцам гадоў дваццаці збіраў свае збанкі і гаршкі.

— Натаргаваў...— злосна бурчаў ён.— Дзень тут мёрз, а каб было за што...

— Нічога, нічога,— супакойваў яго хлопец.— Заўтра пашанцуе... Затое ў мяне ёсць адна прапанова.

— Прапанова? — ажывіўся дзядзька.

Хлопец агледзеўся і, не звяртаючы асаблівай увагі на Надзю, зашаптаў:

— На тытунёвай фабрыцы можна пажывіцца. Праўда, махорку ўсю выграблі. Але застаўся пыл. Курыць можна.

Дзядзька ўзрадаваўся:

— Праўда? Дык давай хутчэй. А то разнюхаюць, наляцяць, тады свішчы...— I прыкрыкнуў на Надзю: — А ты чаго тут таўчэшся?.. Папругі хочаш?

Але Надзя і сама ўжо кінулася назад. У галаве ў яе нарадзіўся план. Трэба бегчы на тытунёвую фабрыку. Набраць таго пылу. Хлопцам у атрадзе няма чаго курыць...

Яна растлумачыла ўсё Ваню, але той засумняваўся:

— Ці трэба? Раптам пападзешся...

— Я? Пападуся? — Надзя хацела расказаць, у якіх пераплётах яна бывала, але вырашыла, што гэта зойме шмат часу, і па-камандзірску строга загадала: — Ты чакай тут. А я хуценька... Заадно зірну на вуліцы....

Схапіўшы торбу, яна знікла.

Ваня патаптаўся на месцы, узяўся за санкі. Ён разумеў, што нельга было адпускаць Надзю. Яму ж казаў Скуматаў: «Стрымлівай»... Ды і без табакі можна абысціся. Падумаеш, курыва! Ён не курыць, і — нічога. Не вялікая бяда, калі і іншыя пажывуць без гэтага дыму...

Яго аклікнуў мужчына ў акулярах:

— Хлопец! Мяцёлкі прадаеш?

— Прадаю. Купіце,— Ваня падняў з санак самую, на яго думку, лепшую.— Трэба?

— Ды трэба... А што бярэш?

— Хлеб, бульбу...

— Ну! Такое глупства, і — хлеб... Не, браток, гэта не тое... Хочаш цукерак?

Ваня рашыў адмовіцца, але перадумаў і з цікавасцю зірнуў на мужчыну:

— Пакажыце.

— Цудоўныя,— мужчына выцягнуў з кішэні некалькі рознакаляровых «падушачак».

У Вані ажно пад лыжачкай засмактала, і ён, не зводзячы вачой а дзядзькавай далоні, кіўнуў:

— Бярыце...

Адну цукерку Ваня адразу ж паклаў у рот, астатнія схаваў. I тут жа аблаяў сябе ў думках: «Слюнцяй! Расплыўся перад цукеркамі...»

На душы стала прыкра. Хіба яго сюды паслалі, каб ён цукеркі еў?..

Людзі з базару ўжо сталі разыходзіцца. Пацішэла. Знікла тлумнасць. Памалу пачынала шарэць.

З'явілася радасная Надзя з мяшком за плячыма.

— Амаль поўны,— падміргнула яна Ваню.— А ты казаў — не трэба... Ведаеш, як хлопцы абрадуюцца!..

Ваня хацеў прамаўчаць, але не стрымаўся, пахваліўся:

— А я мятлу прадаў,— палез у кішэню і падаў ёй цукеркі.— На. Твае асталіся.

Надзя не паверыла:

— «Падушачкі»?

— Ага.

— Сапраўдныя?

— Салодкія...

Гэта было ўжо цудам...

Яшчэ так нядаўна «падушачкі» лічыліся проста недарагімі цукеркамі. Цяпер жа Надзя глядзела на іх, як на казачны ласунак.

Цукеркі вельмі хутка расталі ў роце, і яна кіўнула Ваню:

— Пайшлі. Я была каля вакзала, паглядзела. Можна. Вывесім. I яшчэ ёсць адно месца. Там трэба абавязкова...

Яны паціху рушылі да вакзала. Цягнулі санкі з нікому не патрэбнымі мётламі, уважліва азіраліся па баках. То тут, то там высіліся закопчаныя руіны. Няўтульна выглядаў Віцебск — нібы дом, які раптам страціў клапатлівага і рупнага гаспадара.

Групкамі па вуліцах праходзілі фашысты, з аўтаматамі на грудзях, з настаўленымі каўнярамі шынялёў. Гучна перагаворваліся, смяяліся.

Надзя звярнула ўлева. Трошкі прайсці — і будзе старая хата. Ніхто ў ёй не жыве, яна ледзьве ліпіць, вось-вось абваліцца: там можна схаваць мяцёлкі, адпачыць.

У хаце было цёмна. Толькі праз шчыліны прабівалася некалькі палосак шэрага вячэрняга святла. Ваня нерашуча пераступіў парог.

— Хадзі, хадзі,— падагнала яго Надзя.— Не бойся. Падлога цэлая. Я тут была.

Пасярод хаты стаяў стол. Каля яго — дзве шырокія лаўкі.

— Халаднавата, а то жыць можна,— падхвальвала прытулак Надзя.— Мы трошкі пасядзім. А потым я табе пакажу і вакзал, і камендатуру, і тое месца...

Яна села на лаўку і горача зашаптала яму:

— Разумееш, у былым рамесным вучылішчы цяпер іхняя казарма, а ў двары — лагер ваеннапалонных. Нашы там. Трэба сцяг... Разумееш, раніцай глядзяць, а тут — чырвоны сцяг!..

Ваня маўчаў.

— Ты не думай, што так ужо цяжка. Там можна... Але Ваня ўсё яшчэ маўчаў, нешта думаў. I тады Надзя пакрыўдзілася: такі план, такая радасць будзе для нашых ваеннапалонных, а ён з сябе начальніка строіць, асцярожнічае... I выпаліла:

— Я адна зраблю! Не пабаюся. На гэта Ваня рашуча сказаў:

— Нічога адна рабіць не будзеш. Нас паслалі дваіх. Дваіх і будзем выконваць заданне. Я старэйшы...

— Падумаеш,— хмыкнула Надзя,— ён старэйшы...

— I над казармай вывесім сцяг...

— Ну вось,— узрадавалася Надзя.

— Толькі спачатку над вакзалам і камендатурай...

Ладна,— згадзілася яна. Галоўнае, што Ваня прыняў яе план. I з хлопцам, вядома, лягчэй. Усё ж удваіх...


Цёмна і ціха. Проста не верыцца, што ў горадзе можа быць такая цемра і такая цішыня. Падміргваюць рэдкія зоркі, ды яны так высока і такія дробныя, што ад гэтага цемра здаецца яшчэ больш густой.

Але самае дзіўнае — цішыня. Такая, што чуваць, як рыпяць дзверы недзе ў канцы квартала, як пакашлівае вартавы. Самае небяспечнае — гэтая вось цішыня. Ступіш не так — і загрыміць якая-небудзь бляшанка, пакоціцца ўніз раструшчаная цагліна...

Надзя чуе, як побач насцярожана дыхае Ваня. Яны ўжо цэлую гадзіну ні слова не сказалі адно аднаму. Моўчкі перабеглі перон на вакзале. Моўчкі Ваня ўзлез на дах. Моўчкі Надзя ўнізе сачыла за вартавымі. Секунды, мінуты цягнуліся бясконца доўга. Зазвінела нейкая бляха — відаць, Ваня зачапіўся за вадасцёкавую трубу. Звінела доўга і гулка... Толькі б не пачулі... Ваня саскочыў. Сціснуў ёй руку — і яна адчула, як дрыжаць яго пальцы. Відаць, ад стомы — гэта ж трэба залезці, падцягваючыся на руках, і спусціцца...

Потым — камендатура.

I вось былое рамеснае вучылішча. Чырвоны цагляны будынак. Цяпер не відаць, што ён чырвоны, але Надзя памятае. Добра памятае. I высокі ганак. I тыя жалезныя пруты. Відаць, у святы да іх прымацоўвалі дрэўкі сцягоў, нашых, чырвоных. Нехта пруты пагнуў, але вырваць не змог, яны засталіся.

Надзя намацала сцяг. Ён быў ля самага цела — кавалак чырвонай тканіны. На кароткай палцы. Як закалоціць заўтра фашыстаў, калі ўбачаць яго! I як узрадуюцца нашы, тыя, у лагеры, за калючым дротам!..

Мінут пятнаццаць яны назіралі за казармай, назіралі, як хадзілі два нямецкія салдаты з вінтоўкамі. Часам салдаты сыходзіліся і пра нешта гаварылі. I зноў адзін — у адзін бок, другі — у другі. Сышліся. Разышліся. Туп-туп... Туп-туп...

«Цяпер цёмна,— думала Надзя.— Як разыдуцца, перабегчы да казармы. Схавацца за сцяной. Зноў пачнуць разыходзіцца, тады вывешваць... Вось толькі — ці паспею...» Яна стала лічыць крокі вартавых. Раз... Два... Пяць... Пятнаццаць... Пятнаццаць туды, пятнаццаць назад. Можна паспець... Тольксі б не заўважылі. Толькі б не пачулі... Як грукае сэрца! «Ваня яшчэ падумае, што баюся...» Ага. Сышліся. Стаяць. Чыркнула запалка. Закурылі. Стаяць, гавораць... Адзін пайшоў у казарму. Будзе змяняцца, ці што?

Надзя тузанула Ваню за рукаў. Немец пайшоў ад казармы. Крок... Тры... Пяць... Ну! Падхапілася, прыгінаючыся, шмыгнула да казармы. За ёю Ваня. Лягла, прыціснулася да сцяны. Ваня — побач... Здаецца, немец не пачуў. Ідзе сюды. Туп-туп... Туп... Спыніўся. Бліскае агеньчык папяросы. Кінуў папяросу. Агледзеўся. Пайшоў назад.

Надзя кранула за плячо Ваню. Той падсадзіў яе. Эх, не дастае да прутоў!.. Ваня падставіў плячо. Стала на плячо. Ухапілася за прут. Незанятай рукою пачала выцягваць сцяг...

Рыпнулі дзверы. Надзя саскочыла. Здалося, што зямля аж скаланулася, загрымела...

З казармы выйшаў той, другі, салдат. Нешта сказаў першаму і зарагатаў... Разыходзяцца... Крок... Два...

Ваня зноў падставіў плечы. Сцяг у руцэ. Яна намацвае пятлю ў жалезным пруце. Устаўляе туды дрэўка. Яно не лезе... Эх... Азяблымі пальцамі натыкаецца на дрот. Мяккі... Ага... Прыкруціць дротам. Так. Раз, два. Трымаецца. Яшчэ раз. Здаецца, добра. Ну, яшчэ... Ідуць немцы назад. Крок... Два... Тры... Усё. Сцяг прыкручаны... Надзя асцярожна спаўзае на дол.

Немцы спыніліся. Тупаюць нагамі. Відаць, замерзлі, хоць мароз і невялікі... Ваякі... Пайшлі... Крок... Два... Тры... Надзя падхопліваецца і перабягае вуліцу. Следам — Ваня.

Паціху, хаваючыся за руіны, адыходзяць яны ўсё далей і далей. Праходзіць, знікае насцярожанасць. На душы становіцца лёгка і радасна. I Надзя пляскае Ваню па плячы, пытаецца шэптам:

— Ну?

— Добра,— адказвае той.— Малайчына!

— Ты таксама,— шэпча Надзя.— Я цябе, калі злазіла, па галаве нагой стукнула... Выбачай.

— Нічога. Не балюча...

Ім абаім хацелася гаварыць адно аднаму харошыя словы, хацелася бегчы ў атрад, каб расказваць, расказваць, расказваць. Нейкая незвычайная смеласць з'явілася ў іх. Здавалася, што цяпер яны могуць усё... I яны вырашылі не чакаць раніцы, ноччу выбірацца з горада.


Ужо каля самага Болецка насустрач ім з лагчыны выскачылі сані. Надзя і Ваня саступілі з дарогі, і конь прамчаў міма, абдаўшы іх цёплым пахам поту. Яны не паспелі нават заўважыць, хто сядзеў у санях. Відаць, хтосьці сабраўся ў Гарадок...

Нечакана конь спыніўся і з саней падняўся паліцай, гукнуў да іх:

— А ну, топайце сюды!

Надзя і Ваня пакорліва падышлі.

— Хто такія? — строга папытаўся паліцай і для большай упэўненасці ўзяў у рукі вінтоўку, што ляжала ўпоперак саней.

— Ды... Мы...— Надзя пачынала хныкаць,— мы... хлеба просім.... Сіроты мы...

— Адкуль ідзяце?

— Па вёсках ходзім... Хлеба просім... Сіроты...

— Сіроты, сіроты,— перадражніў яе паліцай.— Дзе былі?

— У Гарадку былі...

Яны падалі яму свае торбачкі — і паліцай, не развязваючы, стаў прывычна абмацваць іх.

— Так... бяры,— ён кінуў Ваню ягоную торбу і ўзяўся за Надзіну.— А тут... Чакай, чакай...— развязаў і здзівіўся: — Табака? Адкуль?

— Я знайшла. На дарозе... Не адбірайце,— Надзя ўхапілася за торбу.

Але паліцай быў дужэйшы, і торба асталася ў яго.

— Нешта, галубочкі, тут не так... Сядайце ў сані. Паедзем у Гарадок. Там і разбяромся, хто вы такія і чаго тут швэндаецеся...

Усю дарогу Надзя думала, чаму іх затрымалі. Выпадкова? А можа нешта ведаюць? Можа, у Віцебску іх нехта прыкмеціў?.. Здаецца, усё рабілі добра, нідзе не памыліліся...

Праклятая табака...

Сані ўехалі ў Гарадок. Надзя з цікавасцю глядзела па баках. Драўляныя дамы з палісаднікамі. У вокнах часам паказваюцца цікаўныя твары.

I раптам Надзя ледзь не ўскрыкнула. Сані занесла ўбок, і — над самай яе галавой захісталіся пасінелыя босыя ногі... Яна ўзняла вочы — над ёю вісеў мужчына. На ліпе. З дошкай на грудзях. На дошцы няроўныя чорныя літары: «Партызан»... Трошкі праехалі — на бярозе яшчэ... Дзяўчына. Рукі звязаны ззаду. Босая. Дошка на грудзях...

Паліцай заўважыў, што Надзя спалохалася, і растлумачыў:

— Гэта галоўная вуліца...

Надзя маўчала. Яшчз ні разу яна не бачыла столькі павешаных.

— Здымаць іх забараняюць,— зноў растлумачыў паліцай.— Кожны дзень вешаюць...

Ён паспешна спыніў каня ля будынка паліцыі. Ускінуў вінтоўку на плячо, загадаў Надзі і Ваню:

— Пайшлі!

На ганку прывітаўся з нейкім дзядзькам, папытаўся:

— Мордзік ёсць?

— Ёсць... Дзе ж. яму быць?

Паліцай прыдзірліва агледзеў малых, для большай важнасці яшчэ раз памацаў іх торбы і адчыніў дзверы.

Начальнік раённай паліцыі Мордзік, убачыўшы Надзю і Ваню, незадаволена зморшчыўся. Навошта яму гэтыя дзеці? У яго хапае работы з дарослымі...

— Ну, што ў цябе? — прыкрыкнуў ён на паліцая.

— Падазроныя, пан начальнік,— выцягнуўся перад Мордзікам паліцай.— Затрымаў каля Болецка.

— А што падазронае?

— Табака...— і паліцай паслужліва падаў начальніку торбу з махорачным пылам.

— Ну...— Мордзік яшчэ не зусім разумеў свайго падначаленага.

— Кажуць, пан начальнік, у Віцебску не былі. А адкуль табака?

— Ясна,— Мордзік нарэшце нешта скеміў.— Больш нічога?

— Нічога.

— Можаш ісці. А вы,— ён кіўнуў на Надзю і Ваню,— сядайце, расказвайце. Хто такія, адкуль, як завуць? Адным словам, усё...

— Сіроты мы,— пачала Надзя дрыготкім голасам.— Ходзім па вёсках, хлеба просім...

— А чаго ты калоцішся?

— Змерзла...— Надзя раптам расплакалася:—Я хацела на хлеб выменяць... А ён забраў...

— Ну, супакойся.— Мордзік павярнуўся да Вані: — А ты што скажаш?

Ваня паціснуў плячыма:

— Нічога... Надзя казала: міласціну просім... Мордзік прыкрыкнуў на Надзю:

— Не румзай. Цябе ніхто не чапае... Дзе табаку ўзяла?

— Знайшла... На дарозе... Мяняць хацела...

— Дзе знайшла?

— Каля Зазер'я...

— Цікава...— Мордзік не верыў ёй, але нічым не мог даказаць, што яна маніць.— Значыць, на дарозе валяўся мяшок...

— Ага...

— А дзе вас паліцэйскі ўзяў?

— Каля Болецка.

— Та-ак... А калі вы з Віцебска выйшлі? — нечакана спытаў ён.

— Мы не былі ў Віцебску,— Надзя зноў пачала плакаць.

— Дапусцім.— Мордзіку пачынала надакучаць уся гэтая валтузня з малымі. Ён падышоў да дзвярэй: — Эй! Хто там? Трэба адвесці арыштаваных у капліцу. Хай трошкі пасядзяць, падумаюць...

Шчыра кажучы, Мордзік не бачыў нічога падазронага ў хлопчыку і дзяўчынцы. Колькі такіх, асірочаных і выгнаных з дому вайной, ходзіць цяпер па дарогах! Калі ўсіх арыштоўваць, дык і турмаў не хопіць. Але што паробіш — загад...

З жандармерыі паведамілі, што ў Віцебску ноччу вывесілі чырвоныя сцягі і, мяркуючы па слядах ля казармы, зрабілі гэта падлеткі.

Мордзік яшчэ раз агледзеў Надзю і Ваню. Не, не верыў ён, што гэта партызаны. Не верыў ён і таму, што мяшок з махорачным пылам яны знайшлі на дарозе. Укралі. У гэтым ён быў перакананы. Укралі. Можа, нават і ў Віцебску... Але каб яны вывесілі сцягі над вакзалам і над нямецкай казармай... Дудкі! Ён чалавек вопытны і ведае, як ахоўваюцца дарогі ў Віцебск, як сцерагуць вакзал, казарму... Калі б не загад, ён бы зараз добра ўсыпаў гэтым смаркачам, каб не бралі чужога, і адпусціў бы. Клопатаў і без іх хапае. Няма таго дня, каб не даручалі арыштоўваць некага, вешаць, расстрэльваць.

У капліцы было холадна, і, як ні ціснуліся Надзя з Ванем адно да аднаго, не маглі сагрэцца.

— Ваня! — пазвала ціхенька Надзя.— Ты на мяне не злуеш? А?

— Не,— голас у Вані глухі, незадаволены.— Не злую.

— Не трэба. Я не хацела...— I раптам яна заплакала.— Каб жа ведала...

Ваня, як мог, суцяшаў яе, халоднымі пальцамі няўмела выціраў ёй слёзы.

— Не плач... Усё будзе добра. Нас адпусцяць... Адпусцяць. Вось каб сёння на Гарадок партызаны напалі. Акружылі б паліцаяў. I гранатамі іх, гранатамі. А Мордзіка жывым. Каб потым судзіць. I прыйшлі б партызаны ў капліцу. Выламалі б дзверы і — убачылі іх... А яны б з Ванем падняліся насустрач. I Скуматаў загадаў бы даць ім кажух, пасадзіць на сані і везці ў атрад. Яны б прыехалі — а ўсе ўжо ведаюць, што яны сцягі ў Віцебску вывесілі, што не спалохаліся допыту. I ўсе б хвалілі іх...

Надзя не заўважыла, як думкі закружылі, залюлялі яе — і самі сабой заплюшчыліся павекі. Пасля знямогі, пасля страшэннага нервовага напружання прыйшоў сон.

Трошкі пазней заснуў і Ваня. I снілася яму сіняе высокае неба і самалёт. З чырвонымі зоркамі на крылах. А ў кабіне пілота ён — у шлеме, у цёплай лётчыцкай куртцы. I свяціла блізка сонца. I больш нікога, нікога не было ў небе...

Раніцай паліцай адвёў іх да немцаў, у палявую жандармерыю. У кабінеце, куды іх упіхнулі, сядзеў афіцэр і штосьці пісаў на вялікім аркушы паперы. Пісаў ён доўга і нібы зусім не заўважаў іх. Нарэшце заклеіў канверт і з пісьмом выйшаў. Надзю ажно скаланула — у акно, трэба сігануць у акно! Яна паднялася ўжо, але Ваня тузануў яе назад:

— Пад акном варта...

Малайчына, Ваня! Заўважыў. А яна не звярнула ўвагі. Ёй стала няёмка: разведчыца, а магла так недарэчна выдаць сябе.

Афіцэр вярнуўся. Сеў за стол, закурыў. У Надзі заказытала ў горле ад папяроснага дыму, і ўсім целам сваім яна адчула голад.

— Ну, будзем пачынаць,— звярнуўся да арыштаваных афіцэр.— Я з'яўляюся нямецкі афіцэр,— ён падняў вочы на партрэт Гітлера, які вісеў у яго над сталом, і памаўчаў хвіліну, нібы памаліўся на свайго фюрэра.— Мы вызваляем ваш народ ад бальшавік... Вашы бацька на фронт?

Надзя і Ваня закруцілі галовамі:

— Не... Мы — дзетдомаўцы...

— О-о... Дзетдом... Вы — сірот?

— Ага...

— Бедный дзеці... З дзеці мы не ваюй... Мы хочам дзеці шчасця... Мы забірай Масква. Мы разбівай Красна Армія...

Надзя не разумела, навошта ён гаворыць ім усё гэта глупства. Няўжо думае, што яны павераць? Але ўсім сваім выглядам яна старалася паказаць, што не прапускае ніводнага слова афіцэра, што кожнае з іх западае ёй у самую душу.

— Мы даём Беларусь свабода... Мы харошы чалавек не страляй. Мы страляй нехарошы чалавек, партызан. Вы нам сказаць, дзе жыве партызан...

— Што? — Надзя не зразумела.

— Вы... нам...— афіцэр памагаў сабе жэстамі, тыцкаючы пальцамі то ў свае грудзі, то ў іхні бок.— Сказаць... дзе... атрад партызан...

— Дзе партызанскі атрад? — перапытала Надзя.

— Я... Я...— заківаў галавой фашыст.

— Я не ведаю.

— I я не ведаю,—- шчыра развёў рукамі Ваня. Афіцэр паморшчыўся:

— Я ведай — вы быў Віцебск... выконваў заданне.

— Не былі мы ў Віцебску,— захныкала Надзя.— Гэта выдумаў той паліцай... Мы хлеба прасілі...

Афіцэр устаў з-за стала.

— Не плакай... Салдат вялікай Германіі не любіць няпраўда. Вы быў Віцебск. Вы знай, дзе партызан... Вы... павінен сказаць, а то мы будзем вас страляй...

— Ну і страляйце! — вырвалася ў Надзі.— Страляйце. Чаго чакаеце?

— О-о! — афіцэр узяў са стала яшчэ адну папяросу.— Істэрык... Я не хачу істэрык... Вы быў Віцебск...

— Мы не былі ў Віцебеку,— падаў голас Ваня.— Пан афіцзр, вам сказалі няпраўду. Паліцай сказаў няпраўду...

Надзю і Ваню вывелі ў двор, але нікуды далей не пагналі, а спусцілі ў падвал, зачынілі ў цёмным і халодным закутку. На цэментаванай падлозе валялася старая салома, праз маленечкае акенца за кратамі нясмела прабівалася святло.

Цяпер ужо Надзя амаль не верыла, што ім удасца выратавацца. Уцячы адсюль немагчыма. Афіцэр іх і слухаць нават не хоча... Усё ясна. Іх расстраляюць. Але няўжо фашысты што-небудзь ведаюць? Не можа быць...

Са скрогатам адчыніліся дзверы. Немалады нямецкі салдат прынёс ім два салдацкія кацялкі і некалькі скібак хлеба.

— Эсэн... Абедаць...— растлумачыў ён і паставіў кацялкі на падлогу.

У адным была каша. У другім — чай.

З кішэні салдат дастаў дзве лыжкі, дзве таблеткі сахарыну, аддаў іх Надзі і Ваню. Пакуль яны елі, ён стаяў у дзвярах і ўздыхаў:

— Кіндэр... Кіндэр... О, майн гот!..

Потым забраў кацялкі, лыжкі, азірнуўся на дзверы і хуценька зашаптаў Ваню:

— Шысэн... Страляць... Пуф-пуф... вас...— пальцам ён паказаў на Надзю і на Ваню і зноў уздыхнуў: — О, майн гот!

Пасля кашы і кіпетню стала цяплей, але яшчэ больш настойліва палезлі ў галаву думкі. Надзя штурхнула ў бок Ваню:

— Вань... Расстраляюць нас...

— Ага...— Ваня нават не паварухнуўся.

— З-за мяне...

— Не выдумляй,— у Ваневым голасе зноў з'явіліся камандзірскія ноткі, як тады, у Віцебску, у пакінутым доме.— Выкінь з галавы...

— Вань... А давай скажам, што гэта мы сцягі вывесілі... Хай ведаюць... Пра атрад — ні слова... А пра сцягі скажам...

— Нельга.

— Чаму? Расстраляюць, і ведаць пра нас ніхто не будзе,— Надзін шэпт рабіўся ўсё гарачэйшы.— Мы скажам і плюнем у твар ім. Хай ведаюць, што мы не баімся смерці, што мы ненавідзім іх.

— Нельга... А ведаць пра нас будуць. I пра сцягі... Нашы, партызаны, будуць ведаць... Нам трэба маўчаць. Каб думалі, што тыя, хто вывешваў сцягі, не злоўлены. Зразумела?

Надзя ўсё зразумела. Але не хацелася ёй паміраць, прыкідваючыся жабрачкай. Хай бы расстрэльвалі як партызанку...

Яны доўга сядзелі моўчкі. Потым Надзя аклікнула:

— Ваня, ты дзівіўся, адкуль я так добра Віцебск ведаю. Дык слухай... Калі наш дзетдом везлі ў эвакуацыю, за Смаленскам на поезд наляцелі самалёты і пачалі бамбіць. Гэта было жахліва. Мы разбегліся з вагонаў хто куды, хаваліся ў кустах, у лесе. Я забегла далёка ў лес, і калі бамбёжка скончылася і я выйшла да чыгункі, поезда ўжо не было. Адстала і яшчэ некалькі нашых — Юра Сямёнаў, Маруся Савельева. Сабраліся мы разам і вырашылі прабірацца ў Віцебск — у Марусі тут сваякі былі. Колькі ішлі, не памятаю, але да Віцебска дабраліся. Жылі ў горадзе некалькі тыдняў. У тым доме, дзе мы мётлы хавалі. I ў былой школе. Начавалі ў руінах. Шукалі зброю. I вось аднойчы...


...Ім тады здавалася, што план яны склалі выдатны. Усё было прадумана. Аставалася толькі ноччу прабрацца да склада і падкласці тол...

Гэты абгароджаны калючым дротам склад яны заўважылі выпадкова. Ішлі неяк па ўскраіне і ўбачылі, што адразу ажно пяць аўтамашын з закрытымі брызентам кузавамі пад'ехалі да глухога, наводшыбе, цаглянага будынка. Сталі назіраць — у будынак згружалі цяжкія скрынкі. Адна скрынка разламалася, і салдаты пачалі насіць на руках, як дровы, снарады — круглыя і доўгія.

Юра Сямёнаў, як толькі даведаўся пра склад, прапанаваў узарваць яго.

— Гэта будзе наш піянерскі салют. Каб аж Гітлер пачуў... Як бабахне, дык увесь Віцебск задрыжыць...

Усе горача ўзяліся за справу. Разведалі, як лепш прабрацца да склада. Знайшлі нажніцы, каб разрэзаць калючы дрот. Назбіралі толу. А адзін хлопчык, які прыстаў да іх ужо ў Віцебску, нават прынёс запал. Адным словам, уеё было гатова...

У той вечар яны сабраліся ў падвале разбуранага дома непадалёк ад склада.

Усе былі радасна ўзбуджаныя. Зноў і зноў размяркоўвалі абавязкі, правяралі тол і ніяк не маглі дачакацца, пакуль сцямнее. Маруся Савельева нават спрабавала спяваць, але на яе зашыкалі.

«Мінёр»,— так празвалі хлопчыка, які прынёс запал і лічыўся самым вопытным падрыўніком сярод іх,— стаў звязваць кавалкі толу. Усе акружылі яго і з зайздрасцю глядзелі, як упэўнена ён абмацвае тол, як беражліва пакручвае капсуль.

— Цёмна,— сказаў «Мінёр».— Трэба святло.

— А так нельга? — папыталася Маруся.

«Мінёр» хмыкнуў — што тут гаварыць з гэтым дзяўчом, хіба яна разбіраецца ў сур'ёзных мужчынскіх справах! — і пайшоў шукаць газоўку. У змроку замігцеў кволы язычок агню.

— Трэба варту,— коратка загадаў «Мінёр».— Каб агонь не заўважылі...

Усе маўчалі. Нікому не хацелася тырчаць на вуліцы, калі тут будзе рабіцца сапраўдны цуд, калі будзе рыхтавацца выбух, які пачуюць ажно ў самім Берліне.

— Ну! — «Мінёр» незадаволена агледзеў усіх.— Чыя чарга?

Чарга была Юркава і Надзіна. Ім давялося вылазіць з падвала і хавацца ў руінах.

Ужо добра пацямнела. Час ад часу, нібы нехаця, накрапваў дождж. Трошкі пацярусіць і перастане. Быццам дражніўся.

Надзя перасвіствалася з Юрам, які сачыў за вуліцай з другога боку. Ёй надакучыла сядзець у руінах. Усё роўна нікога няма — ні немцаў, ні паліцэйскіх. Нават крокаў патруля не чуваць. А «Мінёр» там ужо заканчвае, відаць, апошнія падрыхтаванні...

Надзя пракралася да Юры.

— Чаго ты? — злосна спытаў ён.— У цябе сваё месца...

— Кінь! — адмахнулася Надзя.— Пайшлі адсюль... Усё роўна нічога не чуваць. Ды і агню нашага не відно. Я прыглядалася.

Юра задумаўся. Яму таксама надакучыла быць на вуліцы. Але ж нялоўка пакідаць пост. Раптам патруль — хто тады папярэдзіць...

Надзя настойвала:

— Пара ісці. Цёмна. I дождж.

Юра здаўся.

— Ну, ладна,— сказаў ён.— Пойдзем... Ты наперадзе. Я — следам.

Надзя выбралася з руін, кінулася да падвала. I ў гэты момант ярка-ярка штосьці ўспыхнула перад самымі вачыма і рванулася зямля з-пад ног. Страшэнны выбух аглушыў яе, а нейкая невядомая сіла падняла над зямлёй і адкінула назад. Надзя балюча выцялася галавой аб тупую жалязяку. На яе пасыпалася тынкоўка і дробныя каменьчыкі. Ад пылу і гаркаты яна на міг задыхнулася. Нічога не разумеючы, паднялася на ногі і зусім блізка пачула спалоханы Юркаў голас:

— Надзя!.. Надзя!..

— Што? Тут я! — азвалася яна і няўпэўнена пайшла на голас сябра, трымаючыся за галаву, якая налівалася тупым надакучлівым звонам.

Юра падхапіў яе, агледзеў з усіх бакоў, радасна абнадзеіў:

— Жывая!.. Нічога, Надзя. Ты — жывая...

Не згаворваючыся, яны кінуліся да падвала. I спыніліся ва ўтрапенні. Там, дзе быў падвал, дымілася яма. Вялізная, глыбокая чорная яма. Курэлі пыл і дым. Ціха асыпаўся пясок. I не было нікога... Нікога...

— Падарваліся,— яшчэ сам сабе не верачы, прашаптаў Юра.

Толькі цяпер Надзя зразумела ўсё. Падарваліся. Маруся. «Мінёр». Усе... Падарваліся... Няма. I ніколі не будзе...

— Маруся!.. — закрычала Надзя ў адчаі: — Мару-ся-а-а!..

Ніхто не адгукаўся. Толькі побач плакаў Юра... Непадалёк пачулася нямецкая лаянка, загрукацеў аўтамабіль.

Юра схапіў Надзю за руку і пацягнуў далей ад гэтага страшнага месца...


— А ты дзівіўся, што я ведаю Віцебск,— Надзя ўздыхнула.— Я, Ваня, Віцебск ніколі не забуду.

Яна змоўкла. Успамінала сваіх сяброў, што загінулі недарэчна і нечакана, так і не ўзарваўшы варожы склад. Успамінала Марусю, «Мінёра». Самы вопытны сярод іх падрыўнік, ён проста не ўмеў абыходзіцца з запаламі і толам...

А Ваню ўспамінаўся дзіцячы дом і родны Ленінград. Шырокі Неўскі праспект. Нява. Смольны, куды іх вадзілі на экскурсію... Дзе цяпер ягоныя сябры? Можа, загінулі так вось, як Надзіны. Можа, трапілі да партызан. А можа, у тыле ходзяць у школу, гуляюць, вучаць на памяць вершы...

Адчыніліся дзверы. Салдат, што прыносіў есці, знакамі загадаў ім выходзіць.

Пасля цёмнага падвала на вуліцы асляпіла дзённае святло. Снег пад нагамі не рыпеў, а ціха асядаў. Са стрэх сям-там капала. Пачыналася адліга.

Нямецкі афіцэр чакаў іх на двары.

— Вы мелі час падумаць,— старанна падбіраючы словы, сказаў ён.— Вы маглі выбіраць жыццё і смерць... Я спадзяюся ваш розум...

— Мы нічога не ведаем,— панура вымавіў Ваня. I Надзя пацвердзіла:

— Не ведаем...

Афіцэр нетаропка расшпіліў кабуру, выняў пісталет, узвёў курок, коратка выдыхнуў:

— Сцяна!..

Салдат пачаў паслужліва падпіхваць Надзю і Ваню:

— Шнэль... Шнэль...

Надзя чула, як стукаюць у яго зубы, адчувала, як дробна дрыжаць рукі.

— Я буду лічыць тры,— афіцэр узняў пісталет.— Пасля тры я буду страляй.

Надзя павярнула трошкі галаву, зірнула на Ваню. Ён моцна сцяў вусны і закрыў вочы.

— Айн,— выкрыкнуў афіцэр.

Проста ў яе перад вачыма — цагляная сцяна. Краі ў многіх цаглін абкрышыліся...

— Цвай...

Куды ён стрэліць? У галаву? У спіну? Толькі б адразу...

— Драй!

Загрымеў стрэл. Надзя пахіснулася і лбом упёрлася ў сцяну. Зверху на яе пасыпаліся кавалачкі цэглы, пыл. Што гэта? Яна не адчувае ніякага болю... Зірнула ўбок — Ваня таксама стаіць... Прагрымеў яшчэ адзін стрэл. Зноў пасыпалася цэгла. I зноў — нічога... Не папаў?.. Яшчэ стрэл... I яна зразумела — афіцэр спецыяльна страляе паверх галоў.

— Ну! — закрычаў ён.— Прызнавайся. Кляйнэ швайн!.. Кулі цяпер ціўкалі каля самага вуха. Яна, здаецца, нават адчувала, якія яны гарачыя... Адна... Другая... Нарэшце афіцэр стаміўся.

— Вы... Вы...— голас у яго перарываўся.— Вы неразумныя дзеці... Так нельга...

Ад нервовага напружання ў Надзі закружылася галава, усё цела абвалакла цёплая, цяжкая стома. Яна марудна павярнулася да афіцэра і папрасіла:

— Страляйце... Страляйце...

Афіцэр нічога не адказаў. Ён паклікаў салдата, які стаяў непадалёк, аддаў нейкі загад і пайшоў, нават не зірнуўшы на Надзю і Ваню.

Салдат зняў з пляча вінтоўку, паказаў дарогу.

Ён прывёў іх у лагер ваеннапалонных. Упіхнуў за калючы дрот, сказаў нешта вартавому і пайшоў.

Надзя і Ваня спыніліся каля самых варот, агледзеліся. Гэта была вялікая пустка, абнесеная калючым дротам. Групкамі, у абадраных шынялях, у ватоўках, пінжаках, тут і там сядзелі палонныя. Худыя, няголеныя. У многіх перавязаны бруднымі бінтамі галовы, рукі.

Высокі мужчына ў пінжаку, з абматанай падраным шалікам шыяй, падняўся насустрач, паклікаў:

— Хадзіце сюды! Не стойце там...

Надзю і Ваню пасадзілі ўсярэдзіну. Той, у пінжаку, папытаўся:

— Хто вы? За што?

Як захацелася Надзі расказаць усё-ўсё гэтым дарагім, змардаваным людзям! I пра дзетдом, і пра эшалон, і пра Віцебск...

Ваня апярэдзіў яе:

— Сіроты. Хадзілі па вёсках, прасілі есці. Схапілі. Кажуць, у Віцебску сцягі вывесілі. Усіх падазроных хапаюць.

Палонныя зашумелі.

— Ага!.. Баяцца!

— Сцягі?.. У Віцебску?..

Да іх праціснуўся зусім малады салдат з шрамам на левай шчацэ.

— А можа, вы гэта — у Віцебску? А?

— Не, накруціў галавой Ваня.

— Шкада-а...— палонны расчаравана адсунуўся назад. «Мы! Мы! — захацелася крыкнуць Надзі.— Мы зрабілі! Вьшесілі сцягі мы!» Хай бы ведалі гэтыя людзі, што яны не проста нейкія прыблуды, а байцы, партызаны... Але Ваня не даваў ёй сказаць:

— Не мы... іншыя... Іх не злавілі...

Твары ў палонных пасвятлелі. Яны пачалі наперабой пытацца:

— Што чуваць?

— Як там Масква?

— Партызан многа?

Ваня адказваў асцярожна, узважваючы кожнае слова. Надзя ажно дзівілася: усё і правільна і — хітра...

— Пра Маскву рознае гавораць. Адны кажуць, што немцы ўзялі яе, другія — што наша яна... А партызаны ёсць...

Надзя разумела, што Ваня не хоча гаварыць прама, баіцца, каб не было тут правакатараў, але ўсё роўна яе разбірала злосць: мудрыць, круціцца... Сказаў бы, што і ў Бярозаўцы і ў Заналючках — партызаны. Вось толькі зброі малавата...

Ваню ўсё распытвалі, распытвалі. Ён павесялеў, нават спрабаваў жартаваць.

Але доўга пагаварыць не давялося. Надзю і Ваню паклікалі да варот. Там ужо было некалькі палонных, акружаных фашыстамі і паліцаямі. Двое з іх ледзь стаялі на нагах, увесь час іх падтрымлівалі таварышы.

— Ну, з богам! — весела гукнуў высокі паліцай з вінтоўкай наперавес.— Гэта ёсць наш апошні, так сказаць...

Іх вялі да хмызоў. Наперадзе палонныя. Ззаду Ваня і Надзя. З бакоў — паліцаі і фашысты. З вінтоўкамі, з аўтаматамі.

«Куды гэта? — думала Надзя.— У Віцебск? Ці ў турму? Ці...» Пра смерць не хацелася думаць. Навошта страляць гэтых знясіленых, змучаных палонных, якія ўжо ледзь перастаўляюць ногі?..

Наперадзе спыніліся. Надзя пастаралася разгледзець, што там робіцца, паднялася на дыбачкі, але заўважыла толькі кусты і нейкі роў. Відаць, да вайны тут капалі торф. Зямля каля рова чорная, выкладзеная акуратнымі квадрацікамі.

Паліцаі паставілі ўсіх па двое. Потым пералічылі. Немец у акулярах абышоў строй, праверыў паперы і махнуў рукой.

— Пачалося...— сумна зазначыў паліцай, які стаяў каля Надзі.

Пярэднія пайшлі — і Надзя з Ванем крануліся з месца.

— Кругом! — хтосьці выкрыкнуў там, наперадзе, і адразу секанула аўтаматная чарга...

«Усё.— Надзя сцяла зубы.— Расстрэльваюць».

Яна перастаўляла ногі і, здаецца, не чула, не бачыла нічога і нікога. Проста ішла туды, да смерці, якую яшчэ засланялі ад яе з Ванем палонныя, нашы. Але вось яе і Ваню спынілі, а палонных пагналі далей. Яны ідуць туды, да рова. Вось ужо каля самага...

— Кругом! — камандуе паліцай, той, што гаварыў пра апошні...

Палонныя паварочваюцца, і ў гэты час — грыміць аўтаматная чарга.., Яны падаюць адначасова, так і не расчапіўшы рук. Туды, у роў...

— Шнэль! — крык над самым вухам.

Надзя бярэ Ваню за руку, сціскае яе моцна-моцна, як толькі можа, і робіць першы крок. Яны ідуць, падняўшы галовы.

— Кругом! Гэта для іх.

Надзя выпускае Ваневу далонь, пачынае паварочвацца. I — ляцяць, ляцяць, ляцяць у іх маленькія, гарачыя кулі.

Многа-многа. Яна бачыць тую першую, што цаляе проста ў сэрца. Маленькая. I ўсё расце, расце, расце. Вось яна ўжо, як снарад. Як бомба. I — разрываецца. На момант робіцца светла-светла, а потым вочы закрывае цемра...

А побач, падломваючы ногі, падае Ваня. I здаецца яму, што разломваецца ягоны самалёт, той, на якім ён павінен быў паляцець у сіняе высокае неба, і падае, падае ў халоднае прадонне блішчастае крыло з чырвонай зоркай...


Апрытомнела Надзя ад холаду і млоснасці. Расплюшчыла павекі і проста над сабой убачыла шэрае, ахутанае хмарамі неба, цяжкое і нізкае. Яна захацела правесці рукою па твары, каб зняць з вачэй гэтую шэрасць, але рука не слухалася. Штосьці прыціснула — і Надзя ледзьве выслабаніла яе, Падняла руку і ў страху заплюшчыла вочы: уся яна была ў крыві. Кроў запяклася на далоні, на рукаве... Сон... Сон... Яна ўшчыкнула сябе і зноў раскрыла вочы. Не сон.

Яшчэ не зусім апомніўшыся, Надзя ўзняла галаву — і ўсю яе закалаціла. Яна ляжала між мноства людзей. I справа, і злева, хто падкурчыўшы ногі, хто закінуўшы галаву, хто схапіўшыся за жывот, ляжалі людзі. Акрываўленыя... I ўсе глядзелі проста на яе страшным невідучым позіркам. Усе вочы, застылыя і пустыя, скіраваны на яе. Надзя закусіла вусны, каб не закрычаць. I ўбачыла Ваню. Ён ляжаў непадалёк. Без шапкі. Цёмныя валасы зліпліся ад крыві. У кулак сціснуты пальцы левай рукі. I ўвесь твар заліты крывёй.

I тут да яе вярнулася памяць. Яна ўспомніла ўсё: і Віцебск, і паліцая, і фашысцкага афіцэра, і страшную каманду: «Кругом!» Успомніла ўсё — і зноў здалося, што сніцца неверагодны сон. Яе ж таксама вялі расстрэльваць. Яна бачыла, як ляцела ў яе маленькая куля...

Яна яшчэ раз ушчыкнула сябе... Балюча. Паспрабавала падняцца і не змагла. На яе нагах ляжаў мужчына ў шапцы-вушанцы і лапленых шэрых валёнках. Сабраўшы ўсе сілы, Надзя адпіхнула яго. Цела мужчыны цяжка спаўзло ўніз, з галавы звалілася шапка.

«Што рабіць? Што гэта такое?» Надзя ніяк не магла зразумець усё да канца... Так — іх вялі... Па іх стралялі... Яна помніць, добра помніць. Ёй і Ваню загадалі: «Кругом!» Яна пачала паварочвацца... Ваня забіты. Усе забіты... А яна — жывая. Відаць, за нейкую долю секунды да аўтаматнай чаргі ў яе падагнуліся ногі і яна ў беспрытомнасці паляцела ў роў.

Надзя абмацала сябе. Нідзе не баліць. Рукі згінаюцца. Ногі таксама. Значыць, нават не параненая. Толькі ўся ў крыві. У чужой... Абапёрлася рукамі. Села... I адразу ж спахапілася: «Што я раблю? А раптам немцы прыйдуць ці паліцаі... Заўважаць...» Яна стаілася між забітых.

Ваня... Ваня... Яна не ведала нават яго прозвішча. Проста Ваня. Ленінградзец. З дзетдома. Вось і ўсё. Думала, што яшчэ не раз будуць выконваць заданні, будуць прабірацца ў Віцебск... Ужо ніколі ён не падставіць ёй сваё плячо, не стрымае, не папярэдзіць...

Надзі станавілася жудасна ад думкі, што яна ляжыць сярод мёртвых, у магіле. Адна. Жывая. Адна, якая можа падняцца, пайсці. А вакол дзесяткі забітых. I маладых, і старых. I Ваня...

Час цягнуўся марудна. Вечар нібы не хацеў надыходзіць, і над зямлёю вісеў шэры паўзмрок... Надзя замерзла. Яе калаціла і ад холаду, і ад жудасці, і ад нецярплівасці. Хутчэй бы выбрацца з рова... Хутчэй бы да сваіх... Яна верыла, што цяпер ужо не пападзецца, дойдзе, дапаўзе. Толькі б наступіла цемра...

Ужо на самым змярканні ўверсе пачуліся галасы. Надзя трошкі расплюшчыла вочы — і прама над сабой убачыла чатыры постаці. Адзін быў у афіцэрскай фуражцы, астатнія ў зімовых шапках. Яны аб нечым напаўголасу пагаварылі, той, у афіцэрскай фуражцы, нахіліўся, лаглядзеў у роў, і — усе пайшлі... Надзя спалохалася: а раптам прывядуць новых на расстрэл ці прыйдуць засыпаць роў... Але варушыцца пабаялася і засталася ляжаць. Ішлі мінуты — наверсе ніхто не паказваўся.

Ноччу Надзя выбралася з рова, хаваючыся за кусты, пачала прабірацца да чыгункі, доўга пятляючы па лесе, выйшла на межанскі бальшак. Абліваючыся потам, подбегам спяшала да сваіх. Па лесе. Адна. I не баялася ні ваўкоў, ні цемры. Яна цяпер нічога не баялася...

Пад раніцу Надзя наткнулася на партызанскі пост. Яе аклікнуў малады незнаёмы партызан. Яна стомлена і радасна села проста на зямлю і папрасіла:

— У штаб мне... Да Дз'ячкова... Партызан недаверліва перапытаў:

— Куды?.. Куды?..

— У штаб, да Дз'ячкова,— паўтарыла Надзя.— Я свая. З задання...

Партызан пастаяў над ёю, падумаў, потым адышоўся і гукнуў:

— Мікола!.. Хадзі хутчэй!..

Ён не дагаварыў — з-за кустоў вынырнуў Мікола Буцілёў, весела пацікавіўся:

— Што, зноў мядзведзь паказаўся? Страляй яго...— I ўбачыў Надзю, кінуўся да яе: —Надзя! Ты?

Яна слаба ўсміхнулася:

— Я... Я...

— Што з табою? — Мікола падняў яе з зямлі.— Ты ўся ў крыві...

— Нічога... Гэта чужая...— I раптам на ўвесь голас разрыдалася: —Ваня...

Мікола трымаў яе за плечы і не ведаў, што рабіць. Суцяшаць? Як? Ён не ўмеў суцяшаць і толькі прасіў:

— Не трэба, Надзя, не трэба... Пайшлі... Пайшлі... Там чакаюць... Трымайся...

У штабе быў адзін Скуматаў. Надзя стала перад ім навыцяжку:

— Таварыш начальнік штаба... Заданне...

Скуматаў замахаў рукамі:

— Не трэба, не трзба... Ведаю. Сядай, расказвай усё. Надзя бяесільна апусцілася на лаўку, нібы сама сабе мармычучы:

— Выканалі... Заданне выканалі... Усё зрабілі... Не выдалі нікога...

— Што з ёй? — трывожна папытаў Скуматаў у Буцілёва.

— Не ведаю, таварыш начальнік штаба,— паціснуў плячыма Мікола.— У крыві ўся... Калоціцца, як у ліхаманцы...

— Ваня... Ваня...— Надзя застагнала.— Забілі... Гады, гады... Ваня. Не трэба... Не памірай... Ваня...

Скуматаў пакратаў яе лоб, асцярожна паклаў на лаўку.

— Трызніць... У агні ўся... Буцілёў, хуценыса па доктара!

Надзя пачула, паднялася, хістаючыся, зрабіла некалькі крокаў.

— Не трэба доктара, не трэба. Позна. Яго ў галаву, у скроню.... Забілі...

Скуматаў узяў яе на рукі, кіўнуў Буцілёву — ну, бяжы, не стой! — паклаў на лаўку і накрыў сваёй ватоўкай.


ДРУГАЯ СТАРОНКА


Ветру зусім не было, і вялікія, бухматыя сняжынкі падалі павольна, доўга кружачыся над зямлёю. Надзя працягнула руку. На пальцы апусцілася некалькі зорачак — танюсенькія крышталікі. Ад цеплыні яны абвялі, скрышыўся іх строгі ўзор, і на пальцах засталіся кропелькі вады. Адразу стала сумна, нібы хтосьці адабраў прыгожую казку.

Надзя усміхнулася, паправіла за плячыма торбу і пакрочыла па дарозе. Ісці было лёгка, нават прыемна. Дарога добра ўезджаная, шырокая, і нікагусенькі на ёй няма. Нібыта ўсе людзі недзе стаяць каля сваіх хат, любуюцца сняжынкамі і баяцца выбірацца насустрач завірусе. Толькі яна адна ідзе, і далёка відаць яе чорная постаць на бяскрайняй белізне поля. А завіруха, пэўна, будзе: неба паступова наліваецца сіняватай шэрасцю, сняжынкі падаюць усё марудней... Надзя крочыць шпарчэй — у завіруху лепей сядзець у хаце, глядзець з акна на злосную віхуру і слухаць, як у коміне ходзіць халодны вецер.

Неба апускаецца ніжэй і ніжэй, хмарам усё цяжэй трымаць на сабе горы снегу, яны хочуць скінуць яго і зноў падняцца ўверх, да чыстай сінявы. Надзя паглядае на неба, і ногі самі бягуць туды, дзе на даляглядзе чарнеюць купкі дубоў. Там Балбекі. Надзя ведае. Яна там была. Праўда, не адна... Амаль каля кожнай хаты ў Балбеках стаяць дубы, высокія, разгалістыя — некаторыя ўжо не адно пакаленне балбекаўцаў перажылі. На іх там-сям гнёзды буслоў...

Надзя выцерла пот з ілба, трошкі сцішыла хаду, прыкінула сама сабе: «Паспею... Да ўзгорка метраў чатырыста, а там і Балбекі». Абмацала торбу, хацела дастаць акрайчык хлеба, але перадумала — у вёсцы накормяць, не можа быць, каб паесці не далі.

На ўзгорку ёй сустрэўся немец у лёгкім шынеліку, з вінтоўкаю. Раўнадушна зірнуў на яе. Надзя спынілася, зняла торбачку, моўчкі паказала яе, жаласна папрасіла:

— Пан салдат, хлеба... Пан салдат...

Немец пакруціў галавой, махнуў рукой — бяры сваю торбу — і пакрочыў прэч...

Надзя накіравалася да першай хаты: не трэба абмінаць ніводнай — так і ўбачыш больш, і ніякіх падазрэнняў не будзе.

У сенцах абтрэсла з латаных валёнак снег, намацала клямку. Дзверы тоненька зарыпелі. Дыхнула ў твар густой цеплынёй, і Надзя сцепанула плячыма, толькі цяпер адчуўшы, які халодны вецер гуляе на дварэ.

У хаце ніхто не абзываўся, нібыта не чулі прарэзлівага рыпу дзвярэй і Надзінага тупату ля парога. Надзя кашлянула; насцярожана ўглядаючыся ў паўзмрок, ступіла наперад.

— Ці ёсць хто дома? — запыталася гучна. Перачакала хвіліну і ўжо хацела павярнуцца назад да дзвярэй, калі з цёмнага кутка незадаволены мужчынскі голас прабурчаў:

— ПІто трэба?

— Ці не далі б паесці, дзядзечка?

Надзі стала трошкі боязна гэтага злоснага голасу, і яна збіралася шмыгнуць за дзверы, але да яе ўжо сунуўся высокі, з сівымі валасамі дзед у чорных валёнках і сіняй сацінавай касаваротцы. Ён сеў за стол, які стаяў каля невялічкага акна, кіўнуў на лаўку:

— Садзіся... Змерзла, пэўна.

Надзя бокам падышла да лаўкі, села на ладнай адлегласці ад старога, агледзела хату, цесную і неахайную. Стары некалькі разоў зірнуў на яе з-пад насупленых броваў і ўжо лагодна пацікавіўся:

— Бежанка?

— Ды не...— Надзя ўсё яшчэ пабойвалася яго.— Сірата... З дзетдома...

— Сірата? — Дзед устаў, пачухаў патыліцу, уздыхнуў.— Чым жа мне цябе частаваць?

— А што ёсць...

— Бог яго ведае, што ёсць. Хлеб ды сала.

Надзя прыгледзелася да яго, і дзед ужо не здаваўся злосным. Проста ён, відаць, хворы і нечым незадаволены.

— Ды вы не турбуйцеся...— Надзя паднялася з лаўкі.— Я ў суседзяў папрашу.

— Сядзі! — прыкрыкнуў дзед.— Накармлю. Суседзі лепшага не дадуць.

Ён схаваўся за печкай, хвіліны са тры грукацеў там чымсьці драўляным і вярнуўся з акрайчыкам хлеба і скрылём жоўтага сала, густа пасыпанага буйной соллю. Надзя з прагнасцю ўпілася зубамі ў сала і чэрствы, прапахлы кменам хлеб. I ад гэтага кменнага паху, ад перасоленага да гаркаты сала стала адразу хораша і ўтульна. Нібыта прыйшла ў госці да бабулі, зараз добра пад'есць і пабяжыць на вуліцу гуляць у снежкі.

Дзед глядзеў, як Надзя ўмінае хлеб, і ўсмешка патроху кралася да яго суровых вачэй.

— Ну, весялей стала? — кіўнуў ён, калі Надзя дажавала хлеб.— Хлеб ды сала — ежа царская...

— Дзякую. Наелася.

Надзі не хацелася ісці з цёплай хаты. Дзед быў добры і глядзеў на яе зусім ласкава. Яна нават пасунулася да яго бліжэй. Нібы просячы прабачэння, зірнула ў акно:

— Круціць...

— А ўжо ж...— падтрымаў дзед.— Цяпер толькі ў хаце сядзець. А ты куды гэта выправілася? Ды адна яшчэ, відаць?

— Адна...

— Смелая! У такі час спакайней бы дома. Усё-такі сцены...

— Няма ў мяне, дзядуля, дому. Ні дому, ні бацькоў.

— Ага... Сіроцкі хлеб горкі,— уздыхнуў дзед.— Яснае дзела. Я во без бабы астаўся і то цяжка.

— Памерла? — пацікавілася Надзя.

— Забілі. Немцы...

— За што?

— А так, з-за свінёнка, каб ён здох... Выкарміла на сваю галаву... Парасяцінкі захацелася немцам. Яны ў хлеў, а старая мая за імі. Яны за свінчо, і яна за свінчо. Ведама ж, баба... Ну і стрэліў адзін...

— Забіў?

— На месцы. Нават і слова не сказала...— Дзед часта замаргаў, апусціў галаву, памаўчаў і, ужо нібы сам сабе, ціха сказаў: — Яно, дзетка, час такі. Нелюдзі прыйшлі. Што ты ад іх хочаш?.. А твае бацькі?

— З дзетдома я...

— Ага... Значыць, да вайны яшчэ асірацела?

— Да вайны. У дзетдоме жыла.

— А чаго ж гэта цяпер адна? Распусцілі вас, ці што?

— Ды не...— Надзі неяк вельмі добра было з гэтым дзедам, і яна нечакана для самой сябе пачала яму расказваць, як іх везлі ў эвакуацыю, як наляцелі самалёты.

— I стралялі па дзецях?

— Стралялі... I бомбы кідалі.

Надзя хацела ўжо далей расказваць, але спахапілася, што і так нагаварыла многа, і сумна закончыла:

— Вось і асталася я адна...

За акном кіпела, гула завіруха, раз-пораз кідала ў шыбы снегам, у хаце цямнела, і яшчэ мілейшай здавалася цеплыня.

Надзя з дзедам маўчалі, і дзяўчынка адчувала, што думае стары пра нешта незразумелае для яе і вельмі сумнае.

А перад яго позіркам быццам праносілася чарада гадоў, то шчымліва-вясёлых, то самотных і горкіх. Было іх многа ў яго. I радасць была. I гора таксама. А калі так недарэчна загінула старая, з якой пражыў ажно паўвека, гэта зусім падламіла яго і зрабіла абыякавым да цэлага свету. I вось гэтае дзяўчо, цыбатае і галоднае, трошкі растапіла ў душы наледзь апошніх дзён, і не лягчэй ад гэтага, а яшчэ гарчэй стала.

Стары страсянуў галавой, нібы адагнаў сон-назолу, і не прапанаваў, а папрасіў Надзю:

— Аставайся ты ў мяне... за ўнучку. Удваіх весялей нам будзе, смялей...

Надзя такога не чакала, і ёй спярша здалося, што сама яна прыдумала гэта, што дзед усё яшчэ маўчыць, перабіраючы ўспаміны, але не, дзед глядзеў на яе і чакаў адказу.

— Не, дзядуля, не магу.— Надзі шкада было адмаўляцца, але што паробіш.— Мне сваіх трэба шукаць, дзядзьку, цётак... Яны тутэйшыя...

— Канешне, свае заўсёды радней.— У дзеда ў вачах пагаслі вясёлыя агеньчыкі, і зноў стаў ён стары і пануры.— Шукай...

Надзя адчувала, што цікавасць да яе ў дзеда прапала і яна стала нібы лішняя ў хаце. Але ісці на вуліцу не хацелася. Хатняя цеплыня хіліла ў сон, завіруха ўсё яшчэ гойсала за сценамі, ды і спяшацца не было асаблівай патрэбы. Можна яшчэ паспець аблазіць Балбекі з канца ў канец. Запамінаць жа ўсё, што трэба, яна налаўчылася. Да яе прыйшла тая няўлоўная разведчыцкая інтуіцыя, калі, здаецца, само сабою вока заўважае галоўнае, а вуха не прапускае ніводнага важнага слова.

Пасля гібелі Вані і яе нядоўгай хваробы камандзір атрада не хацеў больш пасылаць Надзю нікуды, баяўся, што яна нарвецца недзе на кулю, трапіць яшчэ раз у лапы ворагаў, і, хто ведае, ці заслоніць зноў тое рэдкае шчасце, якое выратавала яе ў Гарадку. А Надзя ні пра што другое, акрамя помсты, не магла думаць. Яна рвалася ў бой, хацела помсціць кожны дзень, на кожным кроку, кожнаму фашысту. Нібы ліхаманка, калаціла яе жаданне рызыкаваць, дзейнічаць, ісці ў самае пекла вайны.

Калі яе не ўзялі ў разведку першы раз, яна паўдня праплакала, але ў штаб не пайшла. Калі ж і другі раз разведчыкі пайшлі на заданне без яе, яна пабегла да Дз'ячкова і праз слёзы прыгразіла, што пяройдзе ў другі атрад, хоць за сто ці дзвесце кіламетраў, а адседжвацца каля кухарак не будзе, таму што ні ў кога няма права забараніць ёй ваяваць, абараняць Радзіму, помсціць за Ваню. Дз'ячкоў угаворваў, спасылаўся на ўрача, які не раіў ёй выходзіць з партызанскага лагера, даказваў — маўляў, пакуль што дапамога яе не патрэбна. Надзя заявіла, што ў такім разе яна будзе дзейнічаць самастойна, адна. I камандзір атрада здаўся...

Нечакана ў хаце пасвятлела. Завіруха кончылася раптоўна, нібыта на небе хтосьці павярнуў выключальнік — толькі што гуло, круціла і вось стала ціха і светла. Надзя ўсхапілася з лаўкі:

— Дзякую, дзядуля. Пайду ўжо...

Стары яе не затрымліваў — кіўнуў сівой галавою, звычна пажадаў:

— Хай табе бог паможа.

Дзяўчынка хуценька рыпнула дзвярыма, выбегла на двор. Было яшчэ бялей, чым да завірухі. Мяккі снег паслухмяна асядаў пад валёнкамі.

Надзя глянула на падслепаватае дзедава акенца, падумала, як яму сумна аднаму са сваім горам, як доўга, відаць, будзе для яго цягнуцца сённяшні дзень, і патупала да бліжэйшай хаты. Галава ў яе ўжо была занята другім, самым важным і галоўным, і свежасць, якая панавала цяпер на зямлі, толькі надавала думкам яснасці. Трэба даведацца, колькі тут немцаў, колькі паліцаяў, дзе штаб...

Хата, у якую яна зайшла, была прасторная, чыстая. На стале свежы абрус, у куце, у ручніках, вялікая блішчастая ікона. Надзя перахрысцілася на ікону, нізка пакланілася і папрасіла:

— Ці не далі б што сіраце?

Гаспадыня, хударлявая, маладая яшчэ жанчына, адразу ж кінулася да печы. Але гаспадар, які наразаў табаку на ўслончыку, спыніў яе:

— Чакай. Паспееш.

Ён адсунуў табаку, падышоў да Надзі. Гэта быў здаравяк гадоў трыццаці пяці, з чорнымі вачыма і невялікім шрамам на лбе. Бесцырымонна агледзеўшы Надзю, ён незадаволена буркнуў:

— Што, зусім сірата?..

— Зусім,— кіўнула Надзя.— Забілі бацькоў...

— Хто?

— Партызаны... Нядаўна...— Надзя не зводзіла з мужчыны вачэй, лавіла кожны яго рух.

Мужчына няпэўна хмыкнуў, перакінуўся позіркам з жонкаю.

— За што ж іх?

Надзя ахвотна растлумачыла:

— Старастам бацька быў... Прыйшлі ноччу — і ўсіх застрэлілі... Адна я асталася, пад ложкам схаваўшыся была.

— Чула? — кіўнуў да жонкі мужчына, а потым падышоў да стала і клікнуў Надзю: — Хадзі, накормім. Капусту будзеш?

— Ага,— Надзя хуценька пасунулася да стала, зняла з плячэй торбачку.

Тым часам жанчына ссунула з краю стала абрус, паклала некалькі лустак хлеба, драўляную лыжку, пачала даставаць з печы чыгун.

Надзя сядзела ціха, глядзела на падвойныя вокны, на ігронкі рабіны, акуратна пакладзеныя на вату паміж рамамі.

Жанчына прынесла гліняную міску з капустай. Над міскай падымалася духмяная пара. У капусце густа плавалі свечкі ад сала, і Надзя, не чакаючы запрашэння, узялася за лыжку. Пакуль яна сёрбала, мужчына скруціў сабе цыгарку, прагна зацягнуўся.

— Развялося партызан гэтых, як вошай у голад. Дзяцей сірацяць...

Жонка нясмела глянула на яго, ціха ўставіла:

— Дык і немцы ж таксама.

— А цябе ніхто не пытае! — павысіў голас мужчына.— Не бабскай галавою тут рашаць.

Надзя даела капусту, падзякавала, узнялася з-за стала. Гаспадыня адразу ж кінулася прыбіраць посуд.

— Бацька твой багаты быў? — звярнуўся да Надзі мужчына.

— Ага,— Надзя ажывілася.— Зайздросцілі ўсе.

— Ясна,— мужчына павярнуўся да жонкі, нібы хацеў сказаць: «А я хіба не пра гэта?» — Старастам, кажаш, быў?

— Ага. Паставілі. Дык ён і рабіў, што скажуць... — А здалёку ты?

— Ды не дужа. З-пад Езярышча.

— Недалёка,— мужчына спахмурнеў.— Так і да нас дабяруцца.

Надзя з наіўным выглядам пацікавілася: — А што, у вас партызан няма?

— Каб жа не было. Ёсць. Дзе лес, там і яны. Толькі да нас не сунуцца.

— Баяцца?

— Пабаішся. У нас гарнізон. Ды не абы-які. Мінамёты, гарматы нават.— Ен гаварыў пра гэта радасна, з гонарам нават, нібы пра выгадаванага жарабца ці пятнаццаціпудовага парсюка.— Пасты вакол...

Надзя закінула за спіну торбачку.

— Ну, бывайце... Дзякую вам...

Жанчына сунула ёй лусту хлеба, папярэдзіла:

— У канцы вёскі камендатура, штаб. Туды не ідзі — затрымаць могуць.

Яна правяла дзяўчынку да сянец, ласкава пагладзіла плечы, уздыхнула. Надзя борздзенька пераступіла парог.

«Ну, гэтую хату я запомню,— паабяцала яна.— Пару лімонак не пашкадую. Увесь дабрабыт — на вецср, з агнём... Куркуль пракляты!.. Вось толькі жонкі шкада...»

Перад самай ноччу Надзя выйшла з Балбекаў, звярнула з дарогі, трохі пахадзіла па лесе і рушыла ў атрад. Сваёй чэпкай памяццю яна запомніла ўсё: кулямёты на ўскрайку вёскі, і гармату, схаваную за пуняй, і мінамёты ў двары каравульнага памяшкання. Пералічыла яна фашыстаў, што таўкліся каля штаба, і паліцаяў, якія швэндаліся па вуліцы.


У штабе атрада яе ўважліва выслухалі, Скуматаў удакладніў, колькі хат у Балбеках, ці бачыла яна аўтамабілі ў вёсцы. Надзя адказвала ўпэўнена, падрабязна, і Дз'ячкоў пахваліў:

— Малайчына, Багданава! Справу сваю ведаеш. Надзя зачырванелася ад радасці. «Ну вось,— карцела ёй сказаць,-— а вы мяне не хацелі браць на заданні». Радасная, выйшла яна са штаба, пабегла да разведчыкаў, жартавала, смяялася. I здавалася, што ўсе глядзяць на яе з павагай, нават з зайздрасцю, бо яна зноў стала роўная з усімі, а можа нават і лепшая, смялейшая за іншых. Не кожнаму ж даручыш ісці ў разведку, не кожнаму Дз'ячкоў скажа: «Малайчына!» I Скуматаў быў задаволены. Яна бачыла, як ён пераглядваўся з камандзірам, як падкрэсліваў у блакноце некаторыя лічбы...

Радасны настрой сапсаваў ёй начальнік разведкі Слесарэнка, высокі, кучаравы ўкраінец. Заўсёды спакойны, негаваркі, ён прыкрыкнуў на яе:

— А ну, спаць!.. Тут не дзіцячы сад!..

Надзя пакрыўджана зашылася ў куток.

На душы стала прыкра. Усё ж яе не лічаць за роўную. «Дзіцячы сад...» Хіба яна вінаватая, што ёй не дваццаць, не трыццаць? А ваяваць яна ўмее. I няма чаго напамінаць пра гады. Сама ведае. Толькі не ў гадах справа. Палёгкі яна не просіць. Наадварот.

Словы Слесарэнкі здаліся Надзі знявагай, яна ўжо сабралася сказаць яму пра гэта, але не паспела: яе змарыў сон. А калі прачнулася, крыўда прайшла і помнілася толькі пахвала камандзіра ды ўчарашняя радасць.

Апоўдні аб'явілі, што ноччу атрад выступае на разгром гарнізона ў Балбеках, і ўсе заварушыліся, пачалі правяраць зброю, ладзіць боты і валёнкі. Настрой ва ўсіх стаў прыўзняты, невядомасць хуткага бою надавала бадзёрасці і адчаю. Надзя хадзіла між партызан героем. Тыя, хто ніколі не быў у Балбеках, распытвалі ў яе, што гэта за вёска, ці далёка ад яе лес, ці многа там немцаў.

Вечарам, перад самым выступлеішем, разведчыкаў выклікаў Дз'ячкоў.

— Вы пойдзеце наперадзе,— сказаў ён.— Задача такая. Непрыкметна прабрацца ў вёску, закідаць гранатамі штаб і каравульнае памяшканне, узняць паніку. Па сігналу вашай ракеты з лесу падымаюцца асноўныя сілы... Для гэтага разбіваецеся на дзве групы. Яўсееў і Шамкоў...

Разведчыкі выцягнуліся «смірна».

— За вамі каравульнае. Слесарэнка і Багданава — штаб... Галоўнае — зрабіць усё хутка. Ад вас залежыць многае, а можа і ўсё. Так што не падкачайце...

Большп ён не сказаў ні слова, але чамусьці яшчэ раз уважліва агледзеў усіх і кіўнуў галавой — «усё!».

Слесарэнка няўмела ляпнуў па плячы Надзю, паспрабаваў жартаваць:

— Ну, памочнічак, усё ясна?

— Ясна! — гукнула Надзя.— Будзе выканана.

— Ну, глядзі...— Слесарэнка пахмурыўся.— Ад нас, чула, усё залежыць. Так што слухайся старэйшых...

«Зноў пачынаецца,— паморшчылася Надзя.— Зараз скажа, што я малая, што многае не разумею, што вопыту няма...» Але Слесарэнка пайшоў.

Слесарэнку ў атрадзе любілі. Быў ён чалавек прыкметны. Амаль двухметровага росту, спакойны, чарнявы, смелы і рашучы ў баі. Перад самай вайной ён чакаў дэмабілізацыі, збіраўся на сваю родную Украіну. Давялося з баямі адступаць, а потым, выбіраючыся з акружэння, астацца на Віцебшчыне і пайсці ў партызаны. У разведцы ён быў незамянімы, бо ў яго характары надзвычайная храбрасць шчасліва спалучалася з разважнасцю і цвярозым разлікам.

I, калі шчыра прызнацца, Надзя ўзрадавалася, што іменна са Слесарэнкам, дзядзькам Ферапонтам, як звалі яго між сабою разведчыкі, ёй давядзецца ісці ў Балбекі. З такім не прападзеш. Такога і паслухацца не грэх. Толькі адно крыўдна — калі ён напамінае пра ўзрост...


Ішлі па лесе моўчкі. Неяк адразу ва ўсіх гарэзлівы настрой змяніўся задумлівасцю, засяроджанасцю. Кожны, як бы не жадаючы ўспамінаць пра хуткі бой, прыгадваў свой дом, сяброў. I ўсё роўна потым вяртаўся ў думках да Балбекаў, да сённяшняга задання.

Слесарэнка раз-пораз непрыкметна для Надзі паглядаў на яе. Трошкі смешна было, як яна стараецца патрапіць у яго сляды. Дзе там. Не кожны мужчына ўгоніцца за ім, а тут дзеўчанё...

Слесарэнка часта здзіўляўся Надзінай смеласці, яе спрыту. Ён, чалавек вопытны ў нялёгкай вайсковай справе, ведаў, якою цаной дабываюцца ўсе гэтыя «разведданыя». Што тут было — прыродны талент ці проста ўдача? Відань, патроху і тое, і другое...

Ноч стаяла ціхая, марозная. З-за хмар часамі выпаўзаў месяц, і тады было светла, як днём. Гучна рыпеў снег пад нагамі.

Надзі надакучыў гэты рып, яна злавалася. I зусім ужо недарэчы быў месяц, круглы і блішчасты, як медны гузік. Здаецца, і невялікі, а столькі святла...

Перад Балбекамі спыніліся. Дз'ячкоў падазваў разведчыкаў.

— Ну, вам пара. Мы застаёмся ў лесе. А вы падпаўзайце — і ўсё, як па плану. Не спяшайцеся, асцярожна. Не лезьце на ражон. Беражыцеся. Гранат не шкадуйце... Чакаем вашай ракеты. Чырвоную — на адыход — даю я. Сачыце... Ні пуху ні пяра...

Надзя здзівілася, што голас у камандзіра нейкі занадта ласкавы, зусім няма ў ім строгіх нотак. Ён быццам не загадвае, а просіць ці па-сяброўску раіць.

Слесарэнка пашаптаўся з невысокім, поўным Яўсеевым, аддаў яму ракетніцу і махнуў рукой Надзі — за мною. Спачатку яны ішлі, адводзячы рукамі калючыя галіны елак, па цаліку, потым, калі засвяцілася ўзлессе, прыгнуліся, хаваючыся за кустамі. Потым папаўзлі.

Надзя не спускала вачэй са Слесарэнкі, трымалася яго, не звяртаючы асаблівай увагі на астатніх. Ззаду і з бакоў чуўся шоргат і перарывістае дыханне.

Наперадзе, ужо зусім блізка, была вёска. Усё бліжэй. Хаты нібы вырастаюць, павялічваюцца і робяцца няўклюднымі і непрыступнымі.

Слесарэнка спыніўся. Шэптам загадаў:

— Надзя са мной, астатнія — улева...

Нечакана ў кагосьці бразнуў затвор, і ў марознай цішыні пачуўся спалоханы голас паліцая-вартавога:

— Стой! Хто там?

Нехта з партызан прыўзняўся.

— Ляжаць! — злосна скамандаваў Слесарэнка.— Ляжаць!..

Вартавы ўжо больш патрабавальна паўтарыў:

— Хто там?

Грымнуў стрэл, і Надзя пачула, як мякка ўпаў на снег вартавы. «Малайчына, Слесарэнка, не разгубіўся»,— падумала яна. А начальнік разведкі ўжо ўсхапіўся на ногі і, не хаваючыся, крыкнуў:

— Бягом!

Надзя сіганула следам за Слесарэнкам, на хаду адвязваючы лімонкі.

Дзядзька Ферапонт бег лёгка, трохі прыгнуўшыся, не звяртаючы ні на кога ўвагі, ні на міг не спускаючы вачэй са штаба. «Паспець! Паспець! — калацілася ў грудзях сэрца.— Не даць апамятацца». Не дабегшы да будынка, ён наўздагад паласнуў па ім з аўтамата, потым шпурнуў у чорныя вокны адну за адной дзве гранаты і адскочыў за суседнюю хату. Пачуў звон разбітага шкла, убачыў, як мільганулася Надзіна постаць, і з радасцю адчуў — здрыганулася ад выбуху зямля. «Паспелі... Цяпер ужо будзе лягчэй... Ініцыятыва ў нашых руках».

Паласнула полымя на другім канцы вёскі, дзе павінен быў быць Яўсееў са сваімі хлопцамі, узвілася ў неба ракета. I Балбекі абудзіліся. Пачуліся крыкі. Застракаталі аўтаматы. Гахнулі яшчэ і яшчэ раз гранаты. I загрымела «ўра!».

Надзя стаяла за вуглом хаты, пільна сачыла за вуліцай. Рукі адчувалі востры халадок аўтамата, цела пачынала біць нервовая ліхаманка. «Ну, ну,— нібы падганяла яна фашыстаў і паліцаяў,— выбягайце, не сядзіце!.. Ну, хутчэй, хутчэй!..» I тыя пасыпалі проста з вокан, у сподніках, разгубленыя і няўцямныя. Яны не маглі разабрацца, што тут робіцца, і стралялі абы-куды, не ведаючы, дзе свае, дзе чужыя.

Ліхаманка перастала калаціць Надзю, прыйшлі спакой і ўпэўненасць, і яна націскала, націскала на спускавы кручок. «Гэта вам за Ваню, за Марусю, за «Мінёра».

Да яе падбег Слесарэнка. Азіраючыся па баках, прашаптаў:

— Давай прабірацца наперад. Сачы за ракетай. Не адставай...

I пабег, прыціскаючыся да парканаў. Надзя рушыла за ім, толькі цяпер успомніўшы пра здаравілу і яго ўтульнае гняздо. Трэба не абмінуць... Яна збочыла на агароды, падалася бліжэй да канца вёскі. Хата тая стаяла. Яна гэта ясна бачыла. Стаяла вялікая, чорная, нават цяпер самазадаволеная і спакойная.

Надзя абмацала ў кішэні дзве лімонкі. Хопіць. Галоўнае, каб гаспадар не ўцёк, каб не ўпусціць яго.

I раптам Надзя стала, як укапаная. Там, на ўскрайку Балбекаў, загаварыў нямецкі кулямёт. Так, так. Яна цяпер ясна бачыла. З гарышча старэнькай, з забітымі вокнамі і пашчапанымі дзвярыма хаты біў кулямёт. Страляў па нашых. Кароткая чарга, доўгая, яшчэ кароткая, яшчэ доўгая. Надзя нават у начной цемры бачыла, як падалі партызаны. Яны ж не чакалі. Яны ж не ведалі пра гэты кулямёт.

«Што я нарабіла! Што я нарабіла!..» Надзя закусіла вусны. Як жа гэта, як жа яна зусім не звярнула ўвагі на гэтую хату? Ішла паўз яе, два разы ішла паўз яе. I нічога не заўважыла... Палічыла проста струхлелай, даўно пакінутай гаспадарамі, нікому не патрэбнай...

А кулямёт страляў. Кароткая чарга... Доўгая... Кароткая... Кароткая. Замоўк. Зноў доўгая чарга...

Надзя напрасткі кінулася да кулямёта. Бегла, не зважаючы ні на што. Яна верыла, што дабяжыць, паспее. Не можа быць, каб не паспела. Яна павінна прымусіць гэты кулямёт змоўкнуць. Не хто-небудзь іншы, а яна, толькі яна. Перад самаю хатай яна нечакана спатыкнулася. З рук выслізнуў аўтамат. Рыўком Надзя падскочыла да хаты, з усяе сілы шпурнула адну за другой лімонкі і кіпулася на зямлю.

Выбуху яна не пачула, бо нечакана пакацілася ўніз — хата стаяла на ўзгорку, і Надзя ў спешцы не заўважыла гэта. Яна кацілася, ніяк не магла спыніцца і са страхам чакала, што вось-вось там, наверсе, зноў загрукоча кулямёт, а ў яе ўжо няма ні лімонак, ні нават аўтамата. Але кулямёт маўчаў. Да яе толькі даляцеў крык Слесарэнкі:

— Надзя! Надзя!..

Нарэшце яна спынілася, выплюнула снег, што набіўся ў рот, пачала папраўляць хустку. Ёй здалося, што на яе хтосьці глядзіць. Яна павярнулася і міжволі ўскрыкнула. Проста за спіной на снезе з ручным кулямётам ляжаў здаравенны рыжы немец. Відаць, ён не чакаў сустрэчы з Надзяй, не мог ніяк зразумець, адкуль яна з'явілася, і глядзеў на яе разгублена і недаўменна.

Не ад страху, а неяк інстынктыўна, па-дзіцячы, тоненькім жаласлівым галаском Надзя гукнула:

— Дзядзька Ферапонт!.. Дзя...

Немец выйшаў са здранцвення, з недарэчнай усмешкай пацягнуўся да кулямёта. I тады Надзя, як кошка, кінулася на яго, учапілася ў яго шырокі карак. Яна не думала ў гэты момант, што сілы ў іх не роўныя, што куды ёй цягацца з гэтым дужым фашыстам. Яна ведала адно — нельга даць страляць немцу, нельга дапусціць яго да кулямёта...

Немец лёгка адарваў яе рукі ад сваёй шыі, крутануў іх, ірвануў уніз. Надзя ўскрыкнула ад болю, абмякла, зажмурылася і ў адчаі зубамі ўпілася ў яго руку. Немец гучна вылаяўся і ўдарыў яе нагой у жывот. Дзяўчынка адляцела на некалькі крокаў, адчуваючы, як ёй займае дыханне, як расплываецца па жываце цяжкі, пякучы боль. Яна скурчылася, і здавалася, ужо ніякая сіла не дапаможа ёй выпрастацца, ужо так і застанецца яна ляжаць на снезе. Бяздумна, з абыякавай асуджанасцю, сцяўшы ад болю зубы, чакала яна стрэлу. Але немец не паварочваў кулямёт на яе. Яна ўзняла галаву і ўбачыла там, на ўзгорку, высокую постаць Слесарэнкі. Ах, вось што — фашыст збіраецца застрэліць спачатку яго...

Сама яшчэ не верачы ў свае сілы, Надзя ўскочыла, учапілася кулямётчыку ў каўнер шыняля, і ніхто цяпер не мог бы адарваць яе. Яна пачула стрэлы. Не ведала толькі, хто страляе — немец ці Слесарэнка. Хай бы Слесарэнка, хай бы паспеў...

Немец пакаціўся па снезе. Локцем правай рукі ён балюча біў яе ў бок. Біў, біў, біў. I вось прыціснуў яе да зямлі, прыдушыў. Ёй стала млосна, цёпла, і вочы засланіла нешта цёмнае, вялікае...

Ачнулася яна на каленях у Слесарэнкі. Начальнік разведкі злёгку шчыпаў яе за шчокі, прыкладаў да лба калючы халодны снег. Яна расплюшчыла зочы, убачыла, як у тумане, знаёмы твар.

— Жывая? — нахіліўся да яе Слесарэнка.

— Ага.

Да яе памалу вярталіся сілы, з вачэй сплываў туман, дыхаць станавілася лягчэй.

— Прыдушыў, гад,— нібы апраўдваючыся, сказала Слесарэнку і папыталася: — А дзе ж ён?

— Там, дзе трэба,— усміхнуўся дзядзька Ферапонт і кіўнуў галавой трошкі ўбок. Там ляжаў забіты немец.— Атрымаў усё, што заслужыў. А я баяўся, што ён цябе прыкончыў.

Надзі ўжо зусім было добра, і яна пажартавала:

— Ну што вы! Я жывучая, як кошка...

I тут яна заўважыла, што левая рука ў Слесарэнкі ўея ў крыві і звісае, як чужая.

— Што з вамі, дзядзька Ферапонт?

Слесарэнка паспрабаваў паварушыць параненай рукою, зморшчыўся ад болю і глуха застагнаў:

— Усё-такі паспеў, гад... Добра, што ты на яго навалілася...

— Баліць? — Надзя дакранулася да рукі камандзіра. Слесарэнка паківаў галавой:

— Баліць, Надзя. Відаць, косць разбіта.

— Трэба перавязаць. I — да сваіх...

Яна адвярнулася, ірванула з усяе сілы падол сваёй кашулі.

— Зараз, зараз, таварыш камандзір... Пачакайце... Але тых палосак, што яна нарабіла, было мала. Кроў прабівалася праз павязкі. Рукаў кажуха набрыняў ёю. Слесарэнка ўсё часцей моршчыўся ад болю.

А бой тым часам ужо заціхаў, перамяшчаўся бліжэй да лесу.

Слесарэнка так-сяк заматаў руку, усцягнуў рукаў кажуха, падхапіў нямецкі ручны кулямёт, свой аўтамат перадаў Надзі і стомлена сказаў:

— Давай даганяць сваіх...

Ісці на ўзгорак было цяжка. Снег правальваўся пад нагамі. Здаровая правая рука, якой Слесарэнка трымаў кулямёт, стамлялася. Прыходзілася часта спыняцца. Узабраўшыся на ўзгорак, ён прысеў, з жахам адчуваючы, як слабее, як пачынае кружыцца галава. Гэта ўсё ад страты крыві. Боль у руцэ ўжо не востры. Рука нібы ляжала ў лянівым полымі. Толькі часамі на нейкіх дзве-тры хвіліны пачынала торгаць то недзе зверху, то ўнізе — а потым зноў гарэў той ціхі агонь, да якога ён прывык ужо.

Трывожыла Слесарэнку не столькі яго рана, колькі Надзя. Ён быў адказны за яе, за тое, каб зноў яна не трапіла ў небяспеку, каб шчасліва выбралася з гэтага бою. Яна ж па гарачцы, па сваёй дзіцячай нявопытнасці можа нарабіць глупства, палезе ў самае пекла, і пасля ён не даруе сабе, што не здолеў спыніць, уберагчы яе... Трэба спяшацца да сваіх.

Але праскочыць узгорак яны не паспелі. Насустрач ішлі немцы.

«Толькі гэтага не хапала!» — сам сабе вылаяўся Слесарэнка. Ён кінуўся ў снег, выцягнуў з кішэні гранату, зубамі вырваў чаку і, наваліўшыся на параненую руку, нязграбна размахнуўся і шпурнуў гранату перад сабою. Ён яшчэ не паспеў апусціць руку, калі наперадзе бліснула полымя і грымнуў выбух. Нехта віскліва закрычаў. I тады Слесарэнка таргануў хуценька затвор кулямёта і секануў чаргой туды, адкуль пачуўся крык. Побач застракатаў Надзін аўтамат.

-— Да лесу! — крыкнуў камандзір разведкі.— Хутчэй!

— А вы?

Яго пачынала злаваць, што дзяўчынка не выконвае загад, задае недарэчныя пытанні, марудзіць, калі дарагая кожная хвіліна.

— Я сказаў — да лесу!..

— I вы... I вы...

Надзя не магла пакінуць яго аднаго, параненага, знясіленага. Яна адчувала, што без яе дапамогі ён не дабярэцца да лесу, трапіць у рукі ворагаў.

— Мы разам,— папрасіла яна.— Разам...

I тады Слесарэнка са злосцю даў яшчэ чаргу і кінуўся з узгорка. За ім хуценька скацілася Надзя, узрадаваная, што камандзір паслухаўся яе і цяпер усю небяспеку яны будуць дзяліць на дваіх, пароўну, як і належыць баявым таварышам.

Слесарэнка ўсхапіўся, правальваючыся ў снег, пабег да недалёкіх хмызоў. Ён ведаў, што Надзя шыбуе за ім, чуў ззаду яе цяжкае дыханне і чакаў, калі з узгорка ўдараць аўтаматы. Вось і кусты, хутка і лес, а па іх не страляюць.

Ён бег і бег. Не страх, нават не жаданне хутчэй вырвацца з-пад куль, а боязь за Надзю, за яе жыццё падганяла яго. Пот ручаямі ліўся з-пад шапкі, параненая рука, як на тую бяду, раз-пораз чаплялася за галіны дрэў, і боль высякаў з вачэй іскры, ногі ад стомы пачыналі падломвацца. Яму здаваўся дужа гарачым і цесным кажух. Але ён бег, не ведаючы толкам, куды,— толькі б наперад, у гушчар лесу. I калі задыхнуўся і ад болю і ад слабасці, упаў, падмяўшы пад сябе калючую маладую ялінку. Снег таяў пад яго разгарачаным ілбом.

Падбегла Надзя і таксама ўпала побач, прагна хапаючы губамі снег. Тады ён падняўся, сеў, выцер рукавом мокры і ўжо трохі астылы твар і з жахам зразумеў, што не толькі бегчы, а ісці далей не зможа. Выклаў ён усе сілы, што былі, без астатку, развярэдзіў рану -— і ад гэтага балелі не толькі рука, а і плячо, і ўвесь левы бок.

Слесарэнка прыслухаўся. Было ціха. Лес амаль не шумеў. I не было чуваць ні стрэлаў, ні крокаў. Зірнуў уверх. Неба шэрае, толькі дзе-нідзе на ім прабіваліся дробныя мігатлівыя зоркі. Справа, над вершалінамі сосен, выпаўзала на яго чырвань. Відаць, гарэлі хаты ў Балбеках...

Калі б цяпер у Слесарэнкі папыталі, колькі часу прайшло ад таго моманту, як ён шпурнуў гранаты ў вокны нямецкага штаба, ён бы не адказаў. Здавалася, што прайшоў не адзін дзень, што бой цягнуўся доўга-доўга і беглі яны доўга. А прайшло, пэўна, не больш гадзіны. На зямлі яшчэ ноч, тая самая, у якую яны ішлі атрадам на заданне, тая самая, якая яшчэ невядома чым закончыцца.

Тое, што яны адсталі ад сваіх, начальніка разведкі не палохала. У неспакойным лясным жыцці такое здаралася не раз. Горш было іншае — тое, што яго пакідаюць сілы, што побач кволая дзяўчынка. Праўда, яна добра ведае тутэйшыя мясціны, смелая. Але было б спакайней і зручней, каб побач сядзеў сталы мужчына. З ім прасцей, з ім можна, як кажуць, ісці ў адкрытую, рызыкаваць.

Надзя паднялася, падышла да Слесарэнкі.

— Ну вось, таварыш камандзір, мы і ўцяклі. А вы хацелі, каб я адна...

— Уцячы мы ўцяклі,— уздыхнуў Слесарэнка,— а вось што далей?

— Як што далей? — здзівілася яна невясёламу настрою камандзіра.— Далей усё ясна. Сарыентавацца і дабірацца на базу атрада.

— У прынцыпе правільна...

— Зараз агледзімся, разбяромся, дзе мы, і рушым... «Як у яе ўсё проста і ясна». Слесарэнка адчуваў, што яго хіліць у сон, што цела цяжэе, становіцца чужым.

—- Зараз я пагляджу дарогу ці сцежку.

Надзя стала на ногі і здзівілася, што ў левым валёнку хлюпнула. Вада? Не можа быць. Яна сцягнула валёнак. У ім была кроў. Свіціліся дзве дзірачкі. Памацала нагу. Баліць. Разматала анучу. Рана была зусім лёгкая. Куля неглыбока, зверху зачапіла лытку. Вось толькі крыві набегла... Надзя адарвала яшчэ шкумат ад сваёй кашулі, перацягнула рану, уссунула валёнак.

— Што ў цябе там? — пацікавіўся Слесарэнка.

— Нічога, таварыш камандзір, пераабулася. Ануча закасалася, муляла...

Яна паспрабавала ісці. Можна. Нага амаль не баліць.

Прадзірацца давялося праз гушчэчу маладога ельніку. Каб не напароцца на вострыя сухія галінкі, Надзя там-сям ішла бокам, плячом прабіваючы сабе дарогу. Ішла марудна, аглядаючыся. На лапах вялікіх елак ляжалі гурбы енегу. Калісьці Надзя вельмі любіла абтрасаць іх. Скінеш палкаю енег, галінка выпрастаецца, пагойдаецца трохі і застыне, зялёная-зялёная, зусім як летам ці вясной... Цяпер было не да гэтага.

На дарогу Надзя выйшла нечакана. Уласна, гэта можа і не дарога, а так — сцяжына, па якой адзін ці два разы праехалі на санях. Відаць, недалёка вёска, бо там-сям санны след быў зацярушаны сенам, а сена тут здалёк не возяць. Стагі звычайна стаяць ці на выгане, ці на ўскрайку лесу, ці на вялікай паляне.

Надзя павярнула назад. Трэба параіцца са Слесарэнкам, вырашыць, што рабіць далей, куды ісці.

Камандзір разведкі асунуўся ў снег і, здавалася, драмаў. Надзя павалтузіла яго за плячо. Ён маўчаў. Тады яна паклікала:

— Дзядзька Ферапонт... Таварыш камандзір! Слесарэнка маўчаў. Надзя спалохалася. Што ж гэта такое? Зазірнула яму ў твар. Твар быў бледны і хваравіты.

— Таварыш камандзір!..

Слесарэнка цяжка падняў галаву.

— Надзя? Ты?

— Я, таварыш камандзір. Тут дарога недалёка. На Альшанікі ці на Арцюхі... Трэба ісці...

Слесарэнка трохі апрытомнеў, страсянуў галавой, застагнаў.

— Вось што, Надзя... Ты ідзі... Адна. Шукай нашых... Я не магу. Сіл няма... Потым прыйдзеце па мяне. Ідзі...

Надзя бачыла, як блага камандзіру, як вось-вось ён зноў упадзе ў непрытомнасць, і ў адказ толькі круціла галавой:

— Не... Не... Я без вас нікуды. Я не пакіну...

— Ідзі. Ідзі, Надзя... Я загадваю...— Ён зноў застагнаў.— Я загадваю табе...

Яна не магла яго пакінуць. Пакуль яна дабярэцца да партызан, пакуль яны прыйдуць сюды, ён замерзне. Ён столькі страціў крыві. Ён не вытрывае.

Надзя абхапіла яго галаву, заплакала:

— Дзядзька Ферапонт... Не трэба... Я не магу вас пакінуць. Пойдземце, дзядзька Ферапонт, пойдземце...

Ён моўчкі падняўся, апіраючыся на яе худзенькае плячо, зрабіў некалькі крокаў.

— Ну, вось, ну, вось, бачыце,— узрадавалася Надзя.— Мы дойдзем, дойдзем...

Ён ступіў яшчэ некалькі разоў і сеў.

— Не, не магу... Ідзі адна...

Што з ёю рабіць? Як яе прымусіць кінуць яго? Яна не павінна аставацца. Раптам па іх слядах пойдуць немцы ці паліцаі. Навошта, каб гінула і яна?

— Ідзі, ідзі, Надзя...

Слесарэнка зноў страціў прытомнасць. Надзя паспрабавала падняць яго вялікае, абмяклае цела і не здолела. Тады яна вытаптала каля дарогі пад вываратнем яму, наламала яловых лапак, паклала на іх бледнага, непрытомнага Слесарэнку, так-сяк замаскіравала і вырашыла ісці шукаць дапамогі. Адна дацягнуць параненага да жытла, тым больш да базы атрада, яна не зможа. Ад стомы яе хістала, шумела ў галаве, натруджаныя пальцы зводзіла сутарга.

У лесе па-ранейшаму было ціха. Бязветраная марозная ноч усё яшчэ вісела над зямлёй. I Надзі хацелася, каб ёй не было канца, каб сёння світанне запазнілася. Трэба выратаваць Слесарэнку, трэба даставіць яго да сваіх.

Яна ішла наўздагад, ледзь перастаўляючы ногі. Здавалася, тое, што яна ідзе, ужо не залежала ад яе: проста хтосьці падпіхнуў яе і яна не магла ні прыбавіць хады, ні спыніцца, а так вось марудна пасоўваецца наперад, пакуль нехта выйдзе насустрач і спыніць яе. Час нібы застыў, нібы згубіла сваю меру адлегласць. I асталася толькі гэтая механічная, нудная хада. I яшчэ думка — паспець у вёску да раніцы, знайсці надзейных людзей.

Калі кончыўся лес, пайшлі кусты і наперадзе зачарнелася хата, Надзя нібы ачнулася, скінула з сябе стому. Зноў зацеплілася надзея на ўдачу, прыйшла ўпэўненасць. Думка запрацавала ясна і хутка... Гэта, напэўна, Арцюхі... Яна пойдзе ў першую хату. Калі спытаюць, хто такая і адкуль, скажа, што была ў сваякоў у Балбеках, у час бою пабегла ў лес і заблудзілася. Пасля ўжо можна будзе прыгледзецца і павесці гаворку пра Слесарэнку...

Хата стаяла наводшыбе. За ёю зноў пачыналіся кусты і толькі далей ледзьве ўгадвалася вёска. У акне расплыўчата свяціўся агеньчык, слабенькі, кволы. Ці то газоўка ледзь ліпела, ці то акно было завешана старою хусткай.

Надзя смела пашыбавала да хаты. У двары стаяў конь, упрэжаны ў лёгкі вазок. Ён сонна жаваў сена. У хляве было ціха — ці то скаціна спала, ці то хлеў быў пусты. Нікога вакол пе відно. Гэта насцярожыла Надзю. Кінуць аднаго каня, нават не прывязаўшы яго...

Яка асцярожна ўзышла на ганак. Дзверы ў сенцы адчынены. Пераступіла парог, прыслухалася. У хаце гаварылі. Зрабіла некалькі крокаў. Прарэзліва рыпнула маснічына. Галасы ў хаце змоўклі. Потым нехта злосна крыкнуў. Па-нямецку. Надзя спалохана застыла на месцы. Так, так, у хаце хтосьці гаварыў па-нямецку. Яна кінулася ў двор. Пераступаючы парог, зачапілася за пустое вядро. Яно гучна загрукацела. У спіну, як камень, ударыў злосны голас:

— Хто там? Што такое?!

Надзя, яшчэ сама не ведаючы, што робіць, схапіла са спіны ў каня лейцы, ускочыла ў сані і з усяе сілы рванула каня ўлева.

— Но! — выцяла яго лейцамі, выкіроўваючы на дарогу.— Но!..

Ззаду грымнуў голас:

— Куды? Ні з месца! Секануў стрэл — з пісталета.

Надзя сцёбала каня, прасіла яго шэптам:

— Ну, родненькі, ну, міленькі, хутчэй... Хутчэй, даражэнькі... Хутчэй!

Сані імчалі да лесу. Іх кідала ва ўсе бакі. Конь хроп, з-пад яго капытоў выляталі камякі снегу. А ад хаты застракатаў аўтамат, потым другі.

Надзя кінулася ў сані, з усяе сілы ўчапіўшыся ў білы. Толькі б утрымацца... Кулі ціўкалі, здаецца, з усіх бакоў, два разы ёй у твар адляцелі трэскі ад палазоў. Вось-вось пацэляць па кані... Але пачаўся лес, стрэлы заціхлі.

Надзя яшчэ колькі часу ляжала ў санях, ніяк не верачы, што ўсё кончылася ўдала, што і на гэты раз шчасце не абмінула. Шанцуе ёй. Самой прыйсці да фашыстаў, можна сказаць, напрасіцца на смерць і — вырвацца, ды яшчэ з канём...

Неба над соснамі пачынала шарэць. Зорак зусім не было відно. Патрэсквалі ад марозу дрэвы. Надзя адчула холад, ухутала ногі сенам і посцілкай, якая ляжала ў перадку саней. Трэба шукаць Слесарэнку...

А лес вакол зусім незнаёмы. Здаецца, і сосны не тыя, і елкі нейкія незвычайныя, і дарога вузейшая. Надзя спалохалася. А што, калі яна не знойдзе яго? Уцякаючы ад пагоні, яна не глядзела на дарогу і, відаць, праехала ўсе тыя камлі з абадранай карой і надламаныя галіны, па якіх магла арыентавацца. Цяпер усё ёй здавалася аднолькавым і незнаёмым.

Яна спыніла каня, прывязала яго да прыдарожнай бярозы. Ёй пачулася, быццам нехта застагнаў. Яна кінулася ў гушчар, набіраючы ў валёнкі снегу, падаючы, абдзіраючы рукі аб калючыя елкі. Але нікога там не было...

Цішыня злавала яе. Надзя пачынала яе ненавідзець. Здаецца, было б лепш, каб вакол стралялі, лаяліся. Толькі пачуць чалавечы голас... У роспачы Надзя з усяе сілы гукнула:

— Эге-гей!..

Лес паслухмяна паўтарыў яе крык і замоўк, спакойны і раўнадушны.

Яна выйшла на дарогу, сумна пакрочыла да каня. I тут да яе данёсся стогн. Так, гэта не здалося. Радасна і гулка забілася сэрца. «Слесарэнка, жывы Слесарэнка!» Яна не сумнявалася, што гэта быў ён.

Слесарэнка ляжаў пад вываратнем і стагнаў. Калі яна падышла, ён усхапіўся.

— Гэта я, дзядзечка Ферапонт,— гукнула Надзя.— Багданава...

— А, Надзюша. Ты яшчэ тут? Чаму не ў атрадзе?

— Будзем, будзем у атрадзе.— Яна гаварыла з ім, нібы маці з малым, які толькі-толькі пачынаў ачуньваць пасля цяжкай хваробы.— Усё будзе добра. Цяпер ужо хутка...

Ён нічога не разумеў. Няўцямна глядзеў памутнелымі вачыма на Надзю і імкнуўся стрымаць стогн. Боль, здавалася, разрываў увесь левы бок. Рукі ён ужо не адчуваў.

Надзя памагла Слесарэнку выбрацца на дарогу, пабегла па каня. Калі вярнулася з санямі, камандзір разведкі зноў быў непрытомны. Ён трызніў, клікаў некага, прасіў патронаў і паўтараў: «Абыходзяць... Абыходзяць... Флангі, флангі глядзіце...»

Няўмела, відаць, прычыняючы яму нясцерпны боль, Надзя ўскаціла Слесарэнку на сані, паклала зручней, накрыла посцілкай, закідала сенам аўтамат. Куды ехаць, яна не ведала. Адчувала толькі, што трэба трымацца лесу, не выбіраючыся на вялікую бойкую дарогу, дзе абавязкова стаяць варожыя пасты. Лясныя сцежкі — саюзнікі партызан. З імі надзейней. Іх баяцца немцы, іх абмінаюць паліцаі.

Навокал святлела, адплывалі кудысьці ўверх апошнія прыцемкі ночы, па зямлі крочыла зімняе світанне. Дарога пачала пятляць, нырнула ў хмызнякі.

На душы ў Надзі было лёгка і весела. Яна ўжо не сумнявалася, што да атрада дабярэцца, што Слесарэнка выратаваны, што яна «вязучая». Пасцёбваючы каня, чакала знаёмага «Стой! Хто ідзе?» — воклічу вартавога, і палоска зары між елак здавалася ёй чырвонай стужкай на партызанскай шапцы...


ТРЭЦЯЯ СТАРОНКА


Фама Фёдаравіч Укляя, начальнік разведкі Другой Беларускай партызанскай брыгады імя Панамарэнкі, агледзеў дыверсійную групу і пажартаваў:

— З такой камнаніяй не тое што масты ўзрываць, а і ў сваты ехаць не страшна.

А потым пасур'ёзнеў, прыбавіў у лямпе святла і расклаў на стале карту:

— А калі гаварыць шчыра, заданне ў нас не з лёгкіх... Падыходзьце бліжэй, глядзіце... Вось гэтае скрыжаванне. Тры дарогі: на Ленінград, Вялікія Лукі, Веліж. Дарогі важныя, немцам патрэбныя пазарэз... Вось мост. Ахоўваецца немцамі і паліцаямі. Па два чалавекі па кожным баку. Мяняюцца прыкладна праз гадзіну... Вось чыгунка. Ну, а тут шаша... Задача — замініраваць і мост, і чыгунку, і шашу. Ясна?.. У чым складанасць? Па-першае, дарога бойкая, часта ходзяць машыны. Па-другое, побач вялікі гарнізон... Трэба ўсё зрабіць хутка, непрыкметна, ціха. Адна неасцярожнасць — і ўсё можа сарвацца. А заданне важнае. Для хуткай перамогі над ворагам трэба, каб дарогі гэтыя не працавалі...

Надзя слухала і спадылба аглядала дыверсійную групу. Чацвёра былі з брыгаднай разведкі і чацвёра свае, «бліноўцы» — з шостага атрада Блінова.

—- Рашуча патрабую, — Укляя падкрэсліў гэтае слова, — патрабую самага строгага, самага дакладнага выканання плана. Ніякага самавольства, ніякай лішняй рызыкі, Міны, тол, запалы атрымаеце ў мяне... Ён падышоў да Надзі:

— Ну, Багданава, чуў пра цябе шмат. Цяпер пабачу на сапраўднай партызанскай рабоце. Так сказаць, апошні экзамен на разведчыцкую сталасць. Правяраюцца вытрымка, разлік, хітрасць. Ну і яшчэ сёе-тое...

Надзя выцягнулася перад ім:

— Буду старацца, таварыш камандзір.

— Давай, давай... Напарнік у цябе харошы. Арол... Правільна, Сямёнаў?

Юра Сямёнаў зачырванеўся:

— Ну навошта так, таварыш камандзір?

— А што? Ты ў нас хлопец на ўсе сто... Надзя і Юра выйшлі з хаты разам.

— Дык што, спаць? — папытаўся Юра.

— Не. Усё роўна не засну, — махнула рукою Надзя. — Учора добра выспалася. Ды і не хочацца...

— А што рабіць?

— Збяру торбу сваю...

— I цяпер з торбай?

— На ўсякі выпадак. Як казаў Слесарэнка, маскіроўка плеч не намуляе.

— I то праўда.

— I маскхалат трэба трохі зашыць, а то ён у мяне распаўзаецца.

— Хто ж вінаваты, што ты растаўсцела,— засмяяўся Юрка, і Надзя з прытворнай злосцю накінулася на яго, пачала калаціць кулачкамі па спіне.

— Вось табе, во... Каб не здзекаваўся... Будзеш?

— Ну, не растаўсцела, — рагатаў Юра. — Паправілася...

Ім было весела. I ад таго, што хутка выпраўляцца ў дарогу, і ад таго, што над іх галовамі праплыло толькі па нейкіх чатырнаццаць гадоў. Вайна многаму навучыла іх, правяла праз кроў і агонь, паклала ў зямлю не аднаго іх сябра і пасеяла ў душы нянавісць, але не змагла зрабіць чэрствымі і нелюдзімымі. Холад металу, з якім яны цяпер спалі, елі, які неслі ў сваіх руках, не прабраўся ў сэрца — яно хацела і дураслівасці, і гульні.

Надзя і Юра аж заліваліся ад смеху, кідалі адзін на аднаго снегам, гатовы былі абое пакаціцца па зямлі, як двое бесклапотных медзведзянят. I партызаны, што назіралі за імі, не спынялі іх, не гналі ў хаты. Ім самім было добра на душы ад дзіцячай гарэзлівасці, ад іх звонкага і зусім мірнага рогату...

Урэшце Надзя замахала рукамі, абтрэсла снег:

— Хопіць. Падурэлі і — хопіць. Пойдзем збірацца...

I адразу сталі яны з Юрам нейкія задумлівыя і маўклівыя, нібы вецер зноў нагнаў на іх вочы дым пажарышчаў, а ў памяці ўсплылі сябры, якіх ужо не ўбачыш ніколі. Дзяцінства, нібы лёгкая бялюткая хмарка, адплыло, і на яго месца прыйшла будзённая заклапочанасць барацьбы з ворагам, дарослая развага і трывога...


Да дарогі паўзлі моўчкі, адзін за адным. Перад Надзяй — Юра, амаль квадратны ў сваім маскхалаце, нязграбны і нетаропкі. Дзяўчынцы карцела падагнаць яго, падпіхнуць, але строга загадана маўчаць і не спяшацца.

Каля прыдарожных кустоў Укляя спыніўся, дачакаўся ўсіх, шэптам спытаў:

— Усё ў парадку?

— Ага. Нармальна...

— Тады так. Група, якая мініруе чыгунку! Непрыкметна перапаўзайце дарогу і рабіце сваю справу. Як закончыце, адыходзьце, не чакаючы нікога. Месца збору вядома... Астатнія залягаюць тут...

Тры чалавекі па-пластунску падаліся ўздоўж дарогі, і праз нейкую мінуту іх ужо зусім не было відно.

— Хлолцы,— Укляя падазваў тых, што асталіся,— працуем, як дамоўлена. Я — на мосце... Вагданава і Сямёнаў, як толькі здымем вартавых, выбіраюцца на веліжскую шашу. Паставіце міны і — да лесу. Ні мінуты затрымкі. Калі раптам пачуеце машыны, адразу ж адыходзіць. Ясна? Ну, а цяпер занялі пазіцыі.

Надзя і Юра адпаўзлі трошкі ўправа. З Укляёй асталіся два хлопцы з брыгаднай разведкі.

Трэба чакаць, калі прыйдзе змена вартавых. Тады і пачнецца ўсё.

Ціха. Ветру няма. Чутно, як у нейкіх сямідзесяці метрах, каля моста, тупаюць немец і паліцай. Часам яны аб нечым перагаворваюцца, але напаўголасу, і немагчыма разабраць, аб чым. Часам стукаюць дзверы вартавой будкі — відаць, нехта ідзе пагрэцца. Надзі здаецца, што яна чуе, як цікае гадзіннік на руцэ Укляі. Ён цікае, цікае, цікае, а час паўзе марудна...

Надзя не любіць чакаць. У галаву тады лезуць розныя думкі, сумненні. Пачынаеш баяцца, ці не забыўся чаго-небудзь, ці не нарабіў памылак...

Надзя паглядзела на Юру. Ён спакойны, засяроджаны. Нібыта нічога не хвалюе яго, нібыта ўсё ён ведае наперад. Нават у цемры відны яго доўгія вейкі. «Як у дзяўчынкі,— падумала Надзя.— I вочы ў яго шэрыя, вялікія».

Недзе зарыпеў снег. Надзя сціснулася ў камячок. Гэта зменшчыкі там, каля моста. Яны пройдуць зусім блізка, па сцежцы...

Укляя сціснуў зубы. Цяпер усё залежыць ад яго, ад яго разліку, вытрымкі. Сэрца грукае роўна, але вельмі ж гулка... Рып усё бліжэй, бліжэй. Вось ужо і постаці відны. Чамусьці толькі дзве. А дзе ж трэці? Адстаў? Прыйдзе потым?..

Крокі зусім побач.

Прайшлі. Узнімаюцца на насып. Іх не вельмі строга аклікае зворху паліцай:

— Хто такія?

— Свае, свае.

— Пароль!

— Дрэздэн...

— Ну, праходзь... Доўга вы нешта сёння. Замерзлі тут, як ваўкі.

— Нічога, пагрэецеся. Самагонкі там прынеслі цэлы буталь.

— Хоць трохі пакінулі?

— Хопіць... Як у вас справы?

— Ды ўсё спакойна. Ніякай халеры няма. I машын сёння мала.

«Дзівакі! — хмыкнула, слухаючы іх гаворку, Надзя.— Так гарлаюць, што за вярсту чутно... Як быццам, акрамя іх, на свеце нікога няма...»

Паліцай і немец марудна спускаюцца з насыпу, Яны ўжо вось-вось падыдуць да кустоў.

Укляя выцягнуў з-за пазухі нож, таўхануў у бок суседа-разведчыка, пальцам паказаў яму: «Мой першы». Той кіўнуў галавой: «Ясна... Ну!..»

Дзве белыя цені кінуліся ад кустоў. Штосьці храснула, нібы зламалася пад нагой сухая галінка, і вартавыя курчыліся ўжо на зямлі.

Укляя адцягнуў забітых са сцежкі, хуценька скінуў з сябе маскхалат, проста на ватоўку пачаў усцягваць чорны шынель паліцая. Другі разведчык апранаўся ва ўсё нямецкае.

Праз нейкіх дзесяць мінут былі зняты і вартавыя каля моста. Іх месца занялі Укляя з таварышам. Убачыўшы ля вартавой будкі знаёмыя постаці, Надзя і Юра подбегам кінуліся да дарогі.

Работа ў іх ішла хутка. Юра раскідаў снег, вялікім паляўнічым нажом дзёўб прамерзлы грунт, выграбаў рукамі і акуратна ўкладваў міны. Надзя разраўноўвала зямлю над імі, засыпала снегам.

Усё было спакойна. Пастаўлена апошняя міна.

Надзя разагнулася, каб клікнуць Юру, і тут пачула гул машын. Ен узнік нечакана, пібы зваліўся З неба, і каціўся проста на іх, цяжкі, роўны. Відаць, ішла цэлая калона.

Надзя разгубілася, так-сяк замаскіравала міну. Юра схапіў яе за руку, кінуўся з дарогі.

— Хутчэй! Хутчэй!

Юра разумеў, што трэба шпарчэй да лесу, пакуль пе паказаліся машыны, не грымнулі выбухі. Ён цягнуў за руку Надзю і паўтараў:

— Хутчэй! Хутчэй!

Але праскочыць раўніну не ўдалося. Проста насустрач ім з кустоў вынырнулі трое паліцаяў. Яшчэ нічога не разумеючы, Юра і Надзя паспешліва сцягнулі з сябе маскхалаты, засунулі іх разам з гранатамі пад шчыт з пашыны,— іх звычайна ставяць для снегазатрымання,— паправілі за плячыма торбачкі, адышлі трохі ўбок.

Паліцаі спыніліся каля іх. Адзін, высокі, няголены, — гэта відно было нават у змроку, — гаркнуў:

— Што вы тут робіце?

Надзя кінулася да яго, як да заступніка:

— Дзядзечка, ён адабраў у мяне хлеб. Мы разам хадзілі па вёсках. Яму далі бульбы, а мне хлеб. I ён забраў...

— Ноччу па вёсках? — паліцай нахіліўся над торбамі. Юра і Надзя паслужліва вывернулі перад імі свае мяшкі. Высокі паліцай гідліва паморшчыўся, наском бота паварушыў абгарэлыя бульбіны, запляснелыя недагрызкі, шкумат нейкай аўчыны. Ён ужо сабраўся ісці далей, кіўнуў астатнім і проста так падфутболіў мяшок. I тады з яго вылецеў брусок толу...

Цяжка сказаць, для каго гэта была большая нечаканасць — ці для аслупянелых паліцаяў, ці для Надзі і Юры. Дзе яны забыліся выкінуць тол, як ён у іх астаўся, ніводзін не мог успомніць. Тол ляжаў на снезе, зусім невялікі, жоўты брусок, такі непатрэбны цяпер.

— Ну, ну, ну... — ачомаўся высокі. — Стойце, галубочкі! Што гэта за фокусы?

— Гэта? — Надзя хацела ўзяць тол, але паліцай не дазволіў. — Гэта ж ніткі фарбаваць. Ведаеце, у карычневы колер...

Даказаць яна не паспела. Перакрываючы цяжкі гул машын, аглушальна грымнуў выбух. З віскам праляцелі ў паветры асколкі. Надзя ўбачыла, як над мостам ускінулася яркае полымя. «Ну, вось. Заданне выканана». Запахла порахам, паленай гумай. Каля моста хтосьці прарэзліва крычаў, хтосьці лаяўся. Усчалася бязладная страляніна. Узляцелі ў ранішняе неба ракеты.

Паліцаі стаялі бледныя, напалоханыя. Высокі прыкрыкнуў:

— Трымайце гэтых галубочкаў добра! Імі толькі і апраўдаемся... — і брыдка вылаяўся.

Выбухаў больш не было — і паліцаі ўзялі Юркаву і Надзіну торбы, дуламі вінтовак выпхнулі хлопчыка і дзяўчынку наперад.

Амаль усю дарогу да вёскі яны маўчалі. Толькі няголены двойчы паабяцаў адно і тое ж:

— За ўсе гэтыя выбухі галовамі давядзецца разлічвацца. А вам, партызанскія ваўчаняты, вісець на слупе...

Юру стала жудасна ад гэтых слоў, нават не столькі ад іх саміх, колькі ад тону, якім яны былі сказаны, ад той звярынай нянавісці, што была ў іх. А да вайны ж, відаць, прыкідваўся сваім, жыў сярод тых, хто цяпер на фронце ці ў партызанах... Няўжо ён думае, што яму не адпомсцяць за ўсё, што не знойдуць яго, не паклічуць на суд? Ён жа ведае, не можа не ведаць, што пад Масквой немцам ужо далі па карку...

Уваходзячы ў вёску, высокі параіў:

— Калі хочаце трохі пажыць, галубочкі, не рыпайцеся. Выкладвайце ўсё, што ведаеце: дзе партызаны, колькі іх, якімі дарогамі ходзяць, з кім трымаюць сувязь у вёсках. Толькі гэта выратуе.

— Мы не ведаем, — сказала Надзя. — Нічога не ведаем. Мы сіроты, пабіраемся...

Але і сама яна адчувала, што на гэты раз ніхто ёй не паверыць, што ніякія слёзы і просьбы не памогуць...


У камендатуры каржакаваты мужчына ў чорным фрэнчы выслухаў паліцаяў, пакруціў перад вачыма брусок толу, коратка загадаў:

— Разувайся! Распранайся!

Надзя не адразу здагадалася, што гэта ім, і недаўменна азірнулася.

— Вам, вам кажу, — мужчына падышоў да яе, груба рвануў з галавы хустку. — Не чакайце, каб паўтараў... Дагала!

Надзя зірнула на Юру, уся сцялася. Як гэта — дагала? Тут жа мужчыны і... Юра.

— Без фокусаў. Міны ставіць не саромеліся. Не саромейцеся і распранацца. А то паможам.

Дрыготкімі рукамі Надзя скінула ватоўку, зняла валёнкі. Навошта гэта? Няўжо яны думаюць нешта знайсці Ў іх?

— I хутчэй, не ў лазню прыйшлі.

Мужчына падышоў да Юры, ірвануў на ім нацельную сарочку. Яна затрашчала. Юра схапіўся за яе абедзвюма рукамі, адскочыў ад мужчыны.

Той зарагатаў:

— Ваякі! Соплі не высахлі яшчэ...— I кіўнуў паліцаям: — Абшукаць...

Да Надзі накіраваўся высокі, але потым перадумаў і пайшоў да Юры. Яе абшукваў малады хлопец, гадоў дзевятнаццаці, светлавалосы, з сінімі-сінімі вачыма, якія ён увесь час хаваў. Рукі ў яго дрыжалі, калі ён абмацваў яе, расплятаў косы. «Баязлівец... Відаць, ад страху і служыць немцам пайшоў,— падумала Надзя.— А сумлення яшчэ трошкі асталося. Вочы хавае...»

На стол леглі Юркаў паляўнічы нож, сапсавапая нямецкая запальнічка, невялікі трохкутны кавалак тоўстага люстэрка і два лісты з вучнёўскага сшытка, густа спісаныя фіялетавым алоўкам. Мужчына ўхапіўся за паперы.

— Што гзта?

Хуценька прабег іх вачыма і здзекліва паківаў галавой:

— Ай-яй-яй! А яшчэ піянеры, так сказаць, будаўнікі новага грамадства... Пра Паўліка Марозаза чыталі, пра Чкалава чулі. I верыце ў бога...

У руках ён трымаў два «святыя пісьмы». Хто іх прыдумаў у час вайны, цяжка сказаць. Але хадзіла іх нямала, звычайных лісткоў паперы з малітвамі, з замовамі ад кулі, ад агню, ад нагавору. Нічога новага і святога ў гэтых «пісьмах» не было. Проста жыла ў іх надзея на выратаванне, на ўдачу ў віхуры вайны. А словы малітвы надавалі нейкую ўрачыстасць, незвычайнасць — «Иже еси на небеси...»

Дзеля канспірацыі, каб выглядаць звычайнымі сіротамі, якія і ад неба чакаюць літасці і збавення, насілі заўсёды з сабой «святыя пісьмы» і Надзя з Юрам. Калі б папытацца ў іх, што там напісана, наўрад ці адказалі б яны, бо не надта ўчытваліся ў каракулі, якія прасілі ў бога канца вайны, хлеба, шчасця.

Мужчына ў фрэнчы ўсё яшчэ здзекаваўся:

— Пра бога ўспомнілі, нехрысці... Раней трэба было думаць. Бог, ён не цяля, бачыць круцяля. Вось вы прыкідваецеся сіроткамі, бедненькімі, а бог усё бачыць.

Ён сеў за стол, адпусціў паліцаяў, дазволіў памякчэлым голасам:

— Апранайцеся. I слухайце, што старэйшыя гавораць. У яго чамусьці быў нядрэнны настрой.

— У школе вас вучылі лічыць, чытаць, маляваць. Гэта добра. Але вось што мазгі вам сацыялізмам зацямнялі, гэта дрэнна. Вы малыя. Вам сказалі: сацыялізм — добра, вы і паверылі. А выявілася, пшык — ваш сацыялізм... Немцы прыйшлі ратаваць нас. Ад саветаў, ад камуністаў.

Юра не стрымаўся:

— А чаго ж і беспартыйных вешаюць? Мужчына хмыкнуў:

— Ну вось, я ж і казаў, што вы малыя, не разбіраецеся. Ёсць жа і беспартыйныя бальшавікі. Чулі пра такіх? Партыйны білет не носіць, а ў душы бальшавік.

— Дык нешта ж многа іх.

— А нічога, справімся. — Мужчына замоўк, а потым доўга не зводзіў вачэй з Юры. — Тут, хлопча, шкадаваць не прыходзіцца. Лепш два лішніх забіць, чым аднаго пакінуць...

На ганку затупалі, і ён узняўся з-за стала. Увайшлі двое: нямецкі афіцэр і хударлявы, сівы мужчына ў кажушку і шапцы-кубанцы. Афіцэр нетаропка скінуў шынель, павесіў яго на вешалку, што стаяла каля стала, акуратна расчасаў не густыя ўжо валасы, штосьці сказаў свайму спадарожніку. Той выслухаў і ціхім, ласкавым голасам пераклаў:

— Пан афіцэр пытае дзяцей, як з імі абыходзіўся бургамістр.

Пытанне было нечаканае. Надзя паціснула плячыма, а Юра ўсміхнуўся:

— Добра. Нават і не чакалі такога. Перакладчык аб нечым параіўся з афіцэрам, таксама распрануўся. Быў ён у карычневым гарнітуры, белай кашулі з чорным гальштукам, акуратненькі і падкрэслена інтэлігентны.

— Калі дзеці хочуць есці, пан афіцэр прапануе шакалад.

Надзя хацела адмовіцца, але Юра ўзяў з рук у перакладчыка ладную плітку. Надзя таксама захрумсцела шакаладам. Ён быў смачны, і пахла ад яго чымсьці незнаёмым, далёкім і даўно забытым.

— Пан афіцэр просіць прабачэння, што ён вымушаны пачаць допыт, і раіць вам быць разумнымі і шчырымі. Ён не вінаваціць вас у тых дыверсіях, якія сёння ноччу былі зроблены партызанамі, і верыць, што шашка толу, якую зпайшлі ў вас, трапіла да вас выпадкова. Верачы вам, ён спадзяецца, што і вы будзеце яму верыць, і просіць назваць свае імёны.

— Надзя.

— Юра.

— Першыя пытанні будуць да Юры.

Надзя з нейкай палёгкай уздыхнула. Усё ж смялей адказваць пасля тазарыша. Можна будзе зразумець ход яго думак, улавіць яго план.

Афіцэр штосьці гаварыў доўга-доўга, стукаючы па стале пальцамі і ўважліва гледзячы на перакладчыка. Перакладчык урэшце заківаў галавой і звярнуўся да Юры:

— Пан афіцэр хоча папярэдзіць, што многае, вельмі многае з таго, пра што ў цябе будуць пытаць, яму вядома. Гэта вымушаная праверка тваёй шчырасці. I трэба, каб ты адказваў прама, гаварыў усё, што ведаеш.

Уступ, такі грунтоўны і падкрэслена ветлівы, пачынаў злаваць Юру. У душу да яго кралася няўпэўненасць. Што яны прыхавалі? Не можа ж быць, каб за ветлівасцю не таілася нейкая пастка.

— Пан афіцэр хоча ведаць, дзе і калі вы бачылі партызан.

Юра задумаўся. Адказаць, што не бачыў? Не павераць.. Каб хадзілі па вёсках і ні разу не натрапілі на партызан — такога быць не можа...

— Месяца паўтара назад. За Усвятамі.

— За Усвятамі? — перапытаў афіцэр. — I многа?

— Не. Чалавек пяць.

— А адкуль ты ведаеш, што гэта былі партызаны?

— Мне так сказалі.

— Хто?

— Сустрэўся нейкі дзядзька, сказаў, што ў вёску наехалі партызаны, і паказаў на іх.

— А ты гэтага дзядзьку запомніў? Можаш паказаць яго, калі мы цябе павязём ва Усвяты?

У Юры загарэліся вушы. Навошта ён прыплёў дзядзьку?.. Здаецца, перастараўся...

— Я не ведаю... Было цёмна...

— А дзе размяшчаюцца партызаны? Дзе іхні штаб? Юра закруціў галавой.

— Не ведаю.

— I не чуў?

— Не... Я не пытаўся.

Афіцэр зноў нешта доўга гаварыў перакладчыку. Той нават сёе-тое памячаў алоўкам у блакноціку, які выняў з кішэні пінжака.

— Пан афіцэр сумняваецца, — нарэшце пачаў ён, — што ты сказаў усю праўду. Але ён і сам ведае, што база партызан — вёска Заналючкі, а камандуе атрадам Дз'ячкоў...

Надзя ледзь не падскочыла з лаўкі. Як, яны ведаюць прозвішча камандзіра? Яны ведаюць, дзе размяшчаецца штаб брыгады? Адкуль? Няўжо нехта выдаў, няўжо сярод партызан знайшоўся здраднік?

— Пан афіцэр ведае і прозвішча камісара — Волкаў. Яму многае вядома. I ён раіць табе гаварыць усю праўду, бо хлусіць нядобра, а ты малады, і пачынаць жыццё з хлусні непрыгожа... Пан афіцэр мае спіс партызан, якімі кіруе Дз'ячкоў, план усіх партызанскіх аперацый...

«А чаму ж тады дазволілі ўзарваць мост? — сам сабе ўсміхнуўся Юра. — Шыш у вас, а не план».

— I ў спісах ёсць вашы прозвішчы...

Гэта нешта новае... Праўду ён кажа ці бярэ на пушку?

— Таму пан афіцэр не хоча рабіць выгляд, што не ведае вас, і яшчэ раз просіць адказваць на пытанні, нічога не ўтойваючы... Ён хоча спытаць у Надзі, калі яна выйшла з партызанскага атрада.

Надзя задумалася. Думала яна не пра адказ. Хіба так важна, што яна скажа? Галоўнае — ці прызнавацца, што яны партызаны?.. Яна зірнула на Юру. Ён сядзеў спакойны і сур'ёзны... Што рабіць? Ад таго, што яна скажа, будзе або добра, або дрэнна ёй і Юру, абаім.

— Пан афіцэр чакае адказу.

— Я... я не выходзіла. — Надзя зірнула проста ў вочы афіцэру. — Мы не партызаны, мы сіроты...

Афіцэр усміхнуўся, сказаў нешта перакладчыку.

— Пан афіцэр вельмі спачувае вам. Але нічым дапамагчы не можа, бо ён ведае, што вы партызаны.

— Мы не партызаны. Паверце,— Надзя прыціснула рукі да грудзей.— Не партызаны мы.

— Юра таксама?

Юру нічога не аставалася, як кіўнуць галавою ў знак згоды.

— Што ж, у такім разе размова закончана. Афіцэр падняўся, пачаў апранацца. Хуценька ўсцягнуў на сябе кажушок і перакладчык. Мужчына ў фрэнчы, які ўвесь гэты час сядзеў моўчкі збоку ад стала, кінуўся праводзіць іх.

Каля парога афіцэр зноў загаварыў.

— Пан афіцэр вельмі шкадуе,— растлумачыў перакладчык,— што вы аказаліся неразумнымі дзецьмі. Як бачыце, яму ад вас нічога не патрэбна. Ён усё ведае сам і хацеў проста праверыць вашу чэснасць... Але пан афіцэр дае вам магчымасць апамятацца, усё абдумаць і напісаць усё, што вам вядома пра партызан. Бургамістр адвядзе вас у асобны пакой, дасць паперу і алоўкі, а праз гадзіну пан афіцэр зноў зойдзе да вас.

Правёўшы гасцей ажно на ганак, мужчына ў фрэнчы вярнуўся ўзрушаны, паківаў на Надзю і Юру пальцам.

— Нядобра, нядобра. З вамі, як з людзьмі, культурна, прыгожа абыходзяцца, а вы — «не ведаем, не чулі...» Са мной нават так ветліва не размаўляюць. Цаніць трэба...

Мужчына сапраўды быў у захапленні ад допыту, ад тону гаворкі нямецкага афіцэра, ад яго спакою і дасведчанасці. Хоць бы раз павысіў голас, грукнуў кулаком па стале. Не тое, што ў паліцыі: брудная лаянка, крык, пасля кожнага слова — удар.

Ён дастаў з шуфляды стала стос чыстай паперы, два алоўкі, адвёў Надзю і Юру ў бакоўку, шчыльна прычыніў за імі дзверы.

— Хоць цяпер не рабіце глупстваў. Пішыце ўсё, як на споведзі...

Надзя і Юра асталіся адны.

Юра не сумняваўся, што ўся ветлівасць нямецкага афіцэра, яго ўвага да іх — толькі тактычны ход. Глупства, што ён правярае іх, што ўсё ведае пра партызан. Калі б ведаў, дык навошта распытваць іх, навошта даваць паперу. Не, ён хоча абдурыць іх. Думае, калі малыя, дык можна заблытаць, угаварыць... Тое, што яны партызаны, ён здагадваецца. Урэшце, таго толу, які знайшлі ў іх, дастаткова, каб расстраляць іх як партызан...

Надзя ж ніяк не магла адкараскацца ад разгубленасці, якую пасеяў у яе душы афіцэр сваім упамінаннем Заналючкаў і Дз'ячкова. Што, калі і праўда гітлераўцам многае вядома — і спісы, і планы? Як дапамагчы сваім? Як папярэдзіць іх?.. А можа, партызаны падумаюць, што гэта яны з Юрам выдалі, што не вытрымалі, спалохаліся... Яна шукала выйсця і не магла зпайсці. Няма праз каго паведаміць у атрад. Амаль ніякіх надзей на выратаванне...

Юра ўзяў ліст паперы, штурхнуў Надзю ў бок і напісаў: «Будзем маўчаць. Мы нічога не ведаем. Мы не партызаны. Тол знайшлі выпадкова. Што б ні было, маўчаць». Яна яму адказала: «Ясна. Буду маўчаць». I не стрымалася, запытала: «Адкуль ім вядома пра Дз'ячко-ва?» Юра адразу ж напісаў: «Не вер. Нейкая правакацыя. Хочуць нас абдурыць».

Надзя кіўнула галавой, на душы адразу стала весялей. Ну, вядома ж, правакацыя. Не могуць ворагі нічога ведаць пра планы партызан. Няма адкуль...

Юра старанна закрэсліў усё, што пісаў, парваў ліст на драбнюсенькія кавалачкі і схаваў іх у кішэніо. Тое ж зрабіла Надзя. Цяпер ёй усё было ясна. Ніякіх сумненняў, ніякіх ваганняў.

Час ішоў паволі. Здавалася, гадзіне, якую адпусціў ім на роздум гітлеравец, не будзе канца. За акном ужо быў дзень, ярка свяціла сонца. Промні яго прабіваліся ў пакойчык, залатымі палоскамі клаліся на старую шпалеру сцен.

Надзя і Юра сядзелі моўчкі. Алоўкі ляжалі на паперы. Юра паспрабаваў маляваць зайцоў, але выходзілі яны дужа падобныя на катоў, і ён паспяшаўся замазаць іх. Надзя ж намалявала рамонак — нічога іншага яна не ўмела...

Калі ў кабінеце бургамістра затупалі і да іх зайшоў перакладчык, яны спакойна падняліся насустрач новым выпрабаванням, насустрач катаванням, яны гэта ведалі, да гэтага ўнутрана падрыхтаваліся.

Перакладчык забраў паперу, ветліва запрасіў:

— Калі ласка, ідзіце за мной.

Афіцэр сядзеў за сталом, акуратны, падцягнуты. Ён здзіўлена перагледзеў паперы, якія яму аддаў перакладчык, кіўнуў Надзі і Юру — сядайце. Перакладчык паслужліва стаў каля яго.

— Пан афіцэр любіць жарты і з задавальненнем прымае вашы малюнкі, хоць яны і не дужа ўмела зроблены, але вайна, на жаль, вельмі сур'ёзная і, больш таго, суровая рэч. I ён хацеў бы ад жартаў зноў перайсці да справы. Ён пытаецца, ці ўспомнілі вы што-небудзь за той час, які быў вам адведзен... Юра...

— Мне няма чаго ўспамінаць.

Афіцэр узняў бровы.

— Смелы адказ. Немцы любяць смелых людзей, калі гэта смеласць разумная... А Надзя...

— Я нічога не ведаю...

— Так... У такім разе ўлада, паведамляе вам пан афіцэр, вымушана будзе прымяніць да вас не зусім гуманныя метады. Ён не хоча гэтага. Ён лічыць, што самы мудры і плённы метад выхавання — перакананне словам. Але...

Афіцэр яшчэ памаўчаў, чакаючы, відаць, што Юра і Надзя нешта папросяць, потым устаў і выйшаў у бакоўку. Перакладчык нахіліўся да вуха мужчыны ў фрэнчы, штосьці зашаптаў, і Юра заўважыў, як дрыжаць яго пабялелыя вусны. «Пачынаецца»,— зразумеў ён і паспрабаваў па-заліхвацку падміргнуць Надзі, але з гэтага нічога не атрымалася, на твары застыла нейкая недарэчная грымаса, не то ўсмешка, не то выраз пакуты.

Бургамістр выйшаў і хутка вярнуўся з двума паліцаямі. Адзін быў стары знаёмы — высокі, няголены, той, што арыштаваў іх. Другі — чырванашчокі крапак з бычынай шыяй і закасанымі рукавамі шэрага світэра. У яго чорных, з вузкім разрэзам вачах блукала нейкая нястрымная блазенская радасць. Ён стаў пасярод пакоя і выскаліўся:

— Што, гэтых? — і агледзеў з ног да галавы Надзю і Юру.

— Ага,— кіўнуў бургамістр.

Крапак падышоў да Юры, узяў яго загрудкі, падняў трохі над падлогай і, амаль не размахваючыся, з выдыхам ударыў. Хлопчык адляцеў да сцяны, гулка ўдарыўся галавой і абмяк, асеў каля парога. Увачавідкі на лбе яго вырас гузак. З носа пайшла кроў.

Надзя рванулася да Юры, але высокі паліцай затрымаў яе:

— Спакойна. Не лезь. Чарга дойдзе і да цябе. Надзя заплюшчыла вочы, адвярнулася, калі крапак над Юрам замахнуўся нагой. Яна пачула нейкі ватны ўдар і слабы Юраў стогн. Потым было яшчэ некалькі ўдараў, але стогну ўжо не чулася.

Схамянулася дзяўчынка ад дотыку чужой рукі. Над ёю ва ўхмылцы навіс твар высокага. Ён нешта гаварыў, але слоў Надзя не разбірала. Яка чакала ўдару, молячы самую сябе не закрычаць, не абрадаваць гэтых вылюдкаў крыкам ці слязамі.

Крапак падышоў да яе, пастаяў, але біць не стаў.

— Што, мне аднаму трэба? — адвярнуўся ён.— Хай і другія рукі запэцкаюць...

Бургамістр кіўнуў высокаму. Надзя бачыла, як у таго па-драпежніцку захадзілі жаўлакі на шчоках, як засвяціліся халодным агнём нянавісці вочы, і пачула, а не адчула першы ўдар. Ён біў яе на твары размашыста, хлёстка, і яна дзівілася, што боль быў не такі ўжо і страшэнны, як яна чакала. Сцяўшы зубы, яна спачатку лічыла ўдары, але пасля чацвёртага перад вачыма бліснула асляпляльная маланка, у вушах зазвінела, і яна марудна спаўзла на падлогу...

Юра ачнуўся сам. Аблізаў з разбітых вуснаў густую кроў, абвёў позіркам пакой. Каля стала ляжала тварам уніз Надзя. Спіной да ўсіх ля акна стаяў і курыў бургамістр. З нейкімі вінаватымі ўсмешкамі на тварах у кутку стаялі паліцаі... Хлопчык падняўся, трымаючыся за сцяну і здзіўляючыся, якое цяжкае яго цела і якія слабыя ногі — так і падгінаюцца. У жываце, пад самымі грудзьмі, нешта тупа ныла.

— Садзіся...

Голас у бургамістра хрыплы і ціхі.

— Вытрыся!

Не гледзячы на Юру, ён кінуў яму насоўку.

— I падыміце дзяўчо, — гэта ўжо да паліцаяў.

Тыя кінуліся да Надзі, паднялі яе, высокі наліў з графіна ў шклянку вады і пырснуў ёй у твар. Надзя села, страсянула галавой, убачыла побач Юру.

З бакоўкі выйшлі нямецкі афіцэр і перакладчык. Афіцэр доўга, са спачуваннем, аглядаў Юру і Надзю, сеў за стол і закурыў цыгарэту. Перакладчык адразу ж пачаў перакладаць яго словы.

— Пап афіцэр кажа, што яму вельмі непрыемна бачыць такіх мілых хлопчыка і дзяўчынку пабітымі і ў крыві. Але вайна — гэта кроў і пакуты. Галоўнае, каб былі яны не дарэмнымі, каб можна было пакласці іх на алтар дабра... Тое, што вы маўчыце, неразумна. Ніякіх сакрэтаў, важных для германскай арміі, вы не ведаеце, бо вашы камандзіры іх вам проста не давяраюць. Вы — дзеці. Дзяліцца з вамі ваеннымі сакрэтамі не стане ніводзін вопытны вайсковец... I я хачу, пан афіцэр хоча ад вас толькі аднаго — каб вы гаварылі праўду, каб вы не хлусілі перад салдатамі вялікага фюрэра, каб вы зразумелі, што рызыкаваць жыццём з-за нейкіх там не вельмі важных даных не варта... Пан афіцэр спадзяецца, што цяпер вы будзеце гаварыць, і пытаецца, хто ў навакольных вёсках звязаны з партызанамі...

— Мы... Мы...— Юру было цяжка гаварыць, верхняя губа садніла. — Не ведаем мы... Не скажам...

— А Надзя?.. Неразумна браць прыклад з таварыша, калі ён робіць няправільна. Пан афіцэр кажа, што ён не патрабуе назваць усіх. Дастаткова аднаго прозвішча.

Надзя пакруціла галавой:

— Нікога не ведаю, нікога...

Афіцэр зноў падняўся з-за стала і пайшоў у бакоўку, кінуўшы на хаду некалькі фраз. Перакладчык, ужо не хаваючыся, голасна перадаў іх паліцаям:

— Пан афіцэр дазваляе працягваць. Ён пачакае прыкладна паўгадзіны...

Сказана гэта было абыякава, як быццам дазволілі камусьці зайсці ў хату ці прасілі закурыць. Працягваць... Надзя і Юра міжволі ўвабралі галовы ў плечы. Пакуль афіцэр угаворваў іх, яны паспелі трохі аддыхацца, апамятацца. А тут — зноў...

На гэты раз першую аклікнулі Надзю. Паліцаі павялі яе да дзвярэй. Яна ішла, думаючы, што зараз, напэўна, паставяць на марозе, будуць біць на дварэ. Але каля парога спынілі. Крапак узяў яе левую руку, прычыніў дзверы і сунуў яе пальцы паміж дзвярыма і вушаком.

Надзя яшчэ не паспела зразумець, што з ёй хочуць зрабіць, як усю яе, нібы токам, скалануў боль. Яна закрычала і — спалохалася свайго крыку, закусіла ніжнюю губу. Крапак ціснуў дзверы памалу — боль нарастаў, абвастраўся.

Надзя адчувала, што пракусіла губу: у роце стала саланавата ад крыві. Сэрца пачало тахкаць з перабоямі, па целе паплыла слабасць. Пачуўся хруст. Блізкі і дужа гулкі. Яна ўскрыкнула і страціла прытомнасць. Не чула, як білі шомпаламі Юру, як страшэнна, на ўсю глотку, лаяўся высокі паліцай. Не чула, як увайшлі зноў афіцэр з перакладчыкам і як крычаў бургамістр, што яму надакучыла не патрэбная нікому валтузня з малымі, што там, дзе хопіць кулі, даводзіцца траціць сілы і нервы.

На гэты раз іх ужо не саджалі на крэслы. Аблілі вадой, прыткнулі да сцяны, і, як толькі яны адкрылі вочы, перакладчык запытаўся:

— Будзеце гаварыць?

Юра пакруціў цяжкай, тлумнай ад катаванняў галавой і працадзіў скрозь зубы:

— Ні слова... Ні слова...

Надзя агледзела сваю акрываўленую руку з сінімі расплюшчанымі пальцамі. Далонь была вялікая і нібы чужая. Дзяўчынка не адчувала яе і баялася да яе дакрануцца.

Афіцэр пачаў хуценька апранацца. Ён ніяк пе мог трапіць рукою ў левы рукаў, і перакладчык паслужліва дапамог яму. У афіцэра пачало нервова торгацца брыво. Ён са злосцю цёр яго і гаварыў, падкрэслена стрымана і спакойна. Перакладчык хуценька перакладаў:

— Я магу вам расказаць, што вас чакае... Я не хацеў бы апынуцца на вашым месцы... Вы смелыя дзеці, але гэта вам не дапаможа. Мы расстраляем вас. Але не адразу. Вас будуць доўга катаваць. I тое, што было сёння, не самае горшае. Больш таго, мы дадзім магчымасць вам пераканацца, што партызанскія камандзіры зусім не такія людзі, якімі вы іх лічыце. Ваш атрад гэтай ноччу разбіты, а яго кіраўнікі здаліся ў палон. Вы іх убачыце. Яны разумнейшыя, чым вы. Яны хочуць жыць, і яны не маўчалі. Тое, чаго яны патрабавалі ад вас, яны самі не зрабілі... Вас павядуць у Мяжу, дзе знаходзяцна ўзятыя ў палон Дз'ячкоў і Волкаў, дадуць магчымасць пагаварыць з імі, а потым расстра-ляюць. — I каля дзвярэй спыніўся: — Вядома, калі па дарозе вы яшчэ не перадумаеце. У вас застаўся апошні шанц...

Стукнулі дзверы, болем аддаўшыся ў Надзінай руцэ, і ў пакоі павісла злавесная цішыня. Парушыў яе мужчына ў фрэнчы. Ён са смакам непрыстойна вылаяўся:

— Інтэлігенты!.. Філосафы!.. Рассусольваюць, а мы працуй... Яны — паны, а мы — чорнарабочыя...

Паліцаі аддана глядзелі яму ў вочы, і ён, ужо амаль ласкава, дазволіў ім:

— Ідзіце... Можаце добра выпіць. Толькі каб да заўтра праспаліся...

Потым, правёўшы паліцаяў за дзверы, падышоў да Надзі і Юры, нахіліўся:

— Баліць?.. Навошта ж маўчалі? Трэба было гаварыць... А цяпер вам крышка. Гэта як піць даць. Цяпер ні вам, ні нам адступаць няма куды...

Ён даў абаім вады, Надзі кінуў бінт. Яна, уздрыгваючы ад кожнага дотыку да расплюшчаных, акрываўленых пальцаў, так-сяк перавязала іх. Юра дапамог ёй завязаць канцы бінта, падняўся. Спіна ў яго садніла. Здавалася, што нехта прыклаў да яе распалены кавалак бляхі і трымае, усё мацней прыціскаючы да скуры. Нельга паварушыць плячыма, I сагнуцца.

Хутчэй бы ўжо ў дарогу... Хай бы вялі. Хай бы расстрэльвалі. Толькі б не чакаць, толькі б не сядзець, слухаючы, як па целе паўзе боль, як прысыхае да раны кашуля...

«Мяжа...» Юра памятаў гэтую вялікую вёску з прыгожым возерам, старымі прысадамі і добрымі хатамі. У Мяжы быў даволі моцны гарнізон.

«Разбілі атрад...» Юра ў гэта не верыў. Колькі разоў і ужо аб'яўлялі акупанты, што лясы ачышчаны ад партызан, што ўсе камуністы схоплены і расстраляны. А сілы лясных салдат толькі раслі, іх рабілася ўсё больш і больш. У іх вось быў атрад, а зараз цэлая брыгада... Але навошта іх весці ў Мяжу? Можна ж расстраляць і тут. Навошта даваць «апошні шанц»?

Чым больш Юра думаў, тым больш расла ў сэрцы трывога, тым больш ён пачынаў губляцца ў здагадках. Чаму ў Мяжу? Можа, і сапраўды кагосьці з камандзіраў схапілі? Можа, і сапраўды ў фашыстаў ёсць нейкія партызанскія дакументы?..

Пра гэта ж думала і Надзя. Пакалыхваючы руку, яна адчайна шукала і не магла знайсці адказу на пытанне, навошта іх з Юрам павядуць у Мяжу. Яны ж усё роўна нічога не скажуць. Яны ўжо вытрымалі катаванні, яны пачынаюць прывыкаць да болю. Ніякою сілай ворагі пе выцягнуць з іх прызнання... Заставалася адно: лічыць, што фашысты падрыхтавалі для іх нейкі хітры «сюрпрыз». Які?..


У Мяжы Надзю і Юру паліцаі пад распіску здалі старасту. Ён не стаў асабліва цікавіцца імі, абыякава папытаўся:

— Будзеце гаварыць?

Яны адмоўна пакруцілі галовамі.

— Ну, як хочаце. Ваша справа. I нам меней тлуму... Стараста вывеў іх на вуліцу, абмінуў некалькі хат, паказаў на пахіленую будыніну — не то пуню, не то старую лазню.

— Во там пераначуеце. Праз гадзіну прынясуць паесці. На ноч паставім вартавога.

Будыніна была лазняй. Валялася круглае каменне, амаль цэлы быў высокі палок. На падлозе куча саломы.

— Тут і размяшчайцеся. Для пэўнасці я вас замкну. Але ўцякаць няма сэнсу. Усюды нашы, а не вашы...

Стараста пайшоў. Надзя і Юра пастаялі, прывыкаючы да цемры, агледзеліся, селі на салому.

Ніхто нічога не казаў ім пра разгром партызан, ніхто не запрашаў на сустрэчу з Дз'ячковым. Значыць, нямецкі афіцэр хацеў іх абхітрыць, спадзяваўся, што яны павераць, спалохаюцца і пачнуць гаварыць. Значыць, атрад дзейнічае, таварышы змагаюцца. I яны не падвялі іх, вытрымалі нялёгкае выпрабаванне... Гэта была радасць, вялікая, сапраўдная радасць.

Надзя прысунулася бліжэй да Юры:

— Юрка, а нашых не разбілі. Усё ў парадку.

Юра адгукнуўся:

— Ага... Не ўдалося нас абдурыць.

— Я пачынала ўжо сумнявацца. Асабліва, калі пагналі ў Мяжу.

— I я трохі спалохаўся. Думаў, а раптам...

— Пад'язджаем, я гляджу, што — калі насустрач каго-небудзь з нашых выведуць. Сэрца так і замірае...

— Галоўнае, невядома, што рабіць тады? Прызнавацца ці адмаўляцца...

— Хітра немцы прыдумалі ўсё...

— Але і мы не лыкам шыты.

Яны замоўклі. Настала сумная, цягучая цішыня. Юра клапатліва запытаў:

— Пальцы баляць?

Дзяўчынка пакратала хворую руку, шчыра прызналася:

— Вельмі. Але самае страшнае было спачатку. Пасля ўжо лягчэй стала... Паколвае, гарыць, але трываць можна.

— А ў мяне спіна агнём палае. Уся... Як вытрымаў, дзіўлюся... Яны шомпаламі паласуюць, а я толькі аб адным думаю — маўчаць. I злосць ува мне прачнулася. Ах вы, сволачы, шапчу сабе, вы хочаце, каб я галасіў, енчыў, а я вытрымаю, ні гуку ад мяне не пачуеце...

— Ты малайчына...

— Які там малайчына! Плакаў... Схаваў галаву ў рукі, каб не бачылі, і плачу. Слёзы так і сыплюцца... Але не заўважылі...

Зноў у лазні стала ціха. Святло амаль не прабівалася праз вузенькае акенца, шчыльна забітае дошкамі. Чорныя, відаць, закопчаныя, сцены толькі ўгадваліся, і лазня здавалася вялізнай і высокай.

Надзя прашаптала:

— Юрка, давай паклянёмся...

— Навошта?

— Паклянёмся, што нікога не выдадзім, нічога не скажам, што б з намі ні рабілі, і што будзем падтрымліваць адно аднаго, будзем усё-ўсё дзяліць пароўну. А калі застанемся жывыя, ніколі не расстанемся...

— Клянуся.

— I я клянуся... Ну вось, цяпер мы з табой звязаны клятвай.

— Мы б і без клятвы не здрадзілі...

— А пасля клятвы тым больш нельга... Бачыў, як у кіно клянуцца і крывёю распісваюцца?

У Юры нясцерпна балела спіна. Ён не адказаў, лёг тварам уніз, стрымліваючы стогн.

— Мы не будзем распісвацца крывёй, але клятва наша святая. Праўда?

Надзя працягнула руку і наткнулася на спіну Юры. Хлопчык ускрыкнуў.

— Ой, даруй, Юрка. Я незнарок...

— Баліць... Я паляжу...

Надзя асцярожна абклала яго саломай, села побач. Яна бачыла ў фільмах, як каля параненага героя заставалася сяброўка, як ласкай сваёй дапамагала гаіць раны, спявала над ім пяшчотныя і прыгожыя песні. Зараз Надзі здавалася, што яна такая дзяўчына, а Юра — смелы воін. Ён прылёг пасля цяжкага бою, і сніцца яму атака, і рука не зыпускае шаблі. А яна, таксама змораная і смелая, ахоўвае яго сон, перабірае валасы на яго лбе і спявае... Надзя ўжо хацела пачаць песню, але перадумала, пабаялася трывожыць ціціыню, ды і песень ціхіх і пяшчотных не ведала. У галаву ўсё прыходзілі баявыя, маршавыя, якія трэба спяваць голасна.

Да вайны Надзя марыла стаць артысткай, здымацца ў кіно. Яна танцавала, спявала, займалася акрабатыкай і лічыла, што зможа з часам замяніць Любоў Арлову. А потым не было калі думаць пра даўнія мары, ды і сэрцам сваім яна адчувала, што нельга залішне далёка загадваць наперад, калі вакол грымяць баі, калі кожны дзень хтосьці гіне. Ды і мары сталі іншыя: добра ўзяць «языка», пайсці ў разведку ці на мініраванне, атрымаць важнае заданне...

Стараста прынёс міску бульбы ў мундзірах, дзве лусты свежага аржанога хлеба. Пачакаў, пакуль Надзя і Юра са смакам уплялі ўсё, спытаў, ці холадна, параіў закапацца глыбей у салому і абыякава сказаў на развітанне:

— Калі падумаеце гаварыць, клікніце вартавога, ён побач...

Вартавога яны не клікалі. Раніцай іх вывелі на двор, пасадзілі ў сані. Стараста і паліцай нават ухуталі ім ногі вялікім кажухом.

— Павязём вас у Карасёва, — сказаў стараста. — Там зборны пункт арыштаваных. Гаспадараць немцы, СД...

Па тым, як было вымаўлена гэта «СД», Юра і Надзя зразумелі, што наперадзе ў іх самае цяжкае. Пра гэта сведчыла і клапатлівасць старасты, і спачувальны позірк паліцая. Ну што ж, ім чакаць палёгкі не выпадала. Літасці да партызан у фашыстаў не было ніколі, і выключэнне для іх рабіць ніхто не стане...


Спыніліся на ўзгорку, каля вялікай, доўгай клеці. Стараста пабег да дома, які стаяў непадалёк, а паліцай астаўся пільнаваць Юру і Надзю.

Дзяўчынка агледзелася. Зусім блізка цямнеў лес. За клеццю раслі старыя ліпы. Пад узгоркам была дарога. Нікога на ёй не відаць. Каля дома, у які пайшоў стараста, таўкліся нейкія людзі, стаяла грузавая нямецкая машына. Паўз клець праходжваўся вартавы.

Стараста вярнуўся з мужчынам у наваксаваных хромавых ботах, галіфэ і жоўтым кажушку.

— Вось прымайце, — ён кіўнуў Юру і Надзі, каб падняліся. — Як было дамоўлена... Больш заданняў ніякіх?

— Не, едзьце. — Мужчына махнуў рукой, загадаў арыштаваным: — За мной!.. — I, не азірнуўшыся нават, пайшоў, прыпадаючы на правую нагу.

Вартавы адчыніў рыпучыя дзверы, і мужчына ўпіхнуў іх у змрок:

— Размяшчайцеся...

У клеці было холадна. Людзі ціснуліся адзін да аднаго, каб як-небудзь сагрэцца, настаўлялі каўняры ватовак і кажухоў, засоўвалі рукі ў рукавы. Было іх многа, пераважна мужчыны. Большасць сядзелі, некаторыя ляжалі, і толькі адна дзяўчына ў дальнім канцы клеці хадзіла ўзад-уперад, абхапіўшы галаву.

— Хадзіце сюды, да мяне,— запрасіў Надзю і Юру дзед з сівой барадой. — Стары ды малы — самая кампанія.

Яны падышлі. Дзед паказаў месца каля сябе.

— Не стойце. Ногі не казённыя...

Яны прыселі на старое перацёртае сена, якое даўно ўжо, відаць, нехта кінуў на намёрзлую падлогу. Дзед параіў:

— Вы зграбіце, зграбіце сянцо. Яно хоць і не дужа грэе, але з ім зацішней. I пахне лугам, летам, душу весяліць...

Надзя паслухмяна сабрала сена, зрабіла сабе і Юру нешта накшталт пасцеляў.

— Як жа трапілі вы сюды? — пацікавіўся дзед.— Адкуль?

— Як і ўсе,— сумна азваўся Юра. — Арыштавалі... Прывезлі з Мяжы.

— А за што, калі не сакрэт?

— А хто іх ведае... Сіроты мы, хадзілі па вёсках, есці прасілі. А яны схапілі, пра партызан пыталі...

— Вунь яно што... Партызаны ўеліся ім у пячонкі... I што ж з вамі будзе?

— А хто ведае... Расстраляюць, мусіць...

— Ай-яй-яй! — завойкаў дзед. — Расстраляюць? Проста так, абы забіць?.. А вы прасіліся?

— Не, не прасіліся,— адказаў Юра,— і прасіцца не будзем.

— А гэта дарэмна. Хто просіць, той не галосіць... Немцы, яны, вядома, чужаніцы, але ж людзі. Не можа быць, каб сэрца не мелі... Адпусцяць вае, папрасіцеся толькі.

Надзя і Юра нічога не адказалі, і дзед замоўк, прамармытаўшы ў бараду:

— Божа, божа, што робіцца...

Арыштаваныя здалёк цікавалі за новенькімі. Ім таксама, відаць, карцела распытаць аб нечым, даведацца, што робіцца там, на волі.

Надзя ўглядалася ў твары і не ведала, ці радавацца, ці баяцца, калі раптам надарыцца хто знаёмы. Лепей усё ж, каб знаёмых не было. Ім з Юрам прасцей тады весці сваю лінію, не прызнавацца ні ў чым.

Дзед заўважыў, што Надзя азіраецца, і зноў загаварыў:

— Розныя, дзетка, людзі тут, розныя. Там вунь ляжыць мужчына, ледзь жывы — сувязны, кажуць, партызанам звесткі перадаваў. Б'юць яго, не дай бог... Кожненькі дзень, кожненькі дзень... Адно толькі званне, што жывы чалавек. Дзяўчына нямецкаму салдату па мордзе дала, каб не чапіўся... Мужык недалёка сядзіць, дык ён забіў парсюка і сала схаваў, а паліцай данёс... Ну, а я, дзеткі, сам не знаю, чаго тут. Партызанам мне станавіцца сілоў няма, а язык во матляецца добра... Відаць, нешта плявузгнуў, а той, каму не трэба, пачуў. Вось і сяджу. Трэці дзень ужо. Нікуды мяне не клічуць, дамоў не пушчаюць... Сяджу...

Рыпнулі дзверы, і ў квадраце святла з'явіўся мужчына ў галіфэ. Ён хвіліну пастаяў, шырока расставіўшы ногі, потым гучна паклікаў:

— Багданава!.. За мной!

Надзя ўзнялася, паспешліва сціснула далонь Юру, атрэсла з каленяў сена і пайшла, адчуваючы, як усе сочаць за ёй, як дзесяткі сумных вачэй праводзяць яе. Ці вернецца яна сюды, да сівабародага дзеда, да дзяўчыны, што застыла на месцы, да Юры? Ці ўбачыць яшчэ гэтых людзей, ці ўжо многія з іх так і не будуць ведаць, хто яна такая і за што загінула?..

Допыт вялі немцы, трое. Паліцаі засталіся ў другім пакоі, сюды нават не зайшлі. Двое немцаў былі маладыя, рослыя, а афіцэр — лысаваты, у акулярах. Каля стала афіцэра стаяў хлопец-перакладчык. Да сцяны тулілася шырокая цяжкая лаўка з прыбітымі да яе рамянямі. На табурэтках (а іх было ажно пяць) ляжалі бізуны, плёткі, нейкія жалязякі. Тапілася каля парога пліта. Было душна і змрочна. Два маленькія, закрытыя цёмнымі фіранкамі акенцы прапускалі небагата святла.

Надзю здзівіў колер лаўкі — нейкі карычняваты. I бярвенне побач запырскана карычневым.

Афіцэр выйшаў з-за стала, прапанаваў, паказаўшы на табурэтку:

— Сядай.

Спыніўся тут жа, каля яе, пра штосьці перагаварыў з перакладчыкам і запытаў Надзю:

— Ці не надумала маладая партызанка аблягчыць сваю душу прызнаннем?

Надзя паціснула плячыма:

— Пан афіцэр, мне няма ў чым прызнавацца. Я не партызанка.

Афіцэр сеў за стол, усміхнуўся:

— Вы любіце жартаваць. Але мы вас паклікалі не гуляць у кошкі-мышкі. Мы ведаем, што вы са сваім сябрам партызанскія разведчыкі. Між іншым, пасля ўзрыву моста, як нам данеслі, у атрад не вярнуліся іменна двое... Двое. Гэта значыць — вы.

— Не,— Надзя пакруціла галавой. — Мы не ўзрывалі мост. Мы не партызаны.

Афіцэр адкінуўся на спінку крэсла.

Да Надзі падышлі двое салдат, сарвалі ватоўку, груба заламалі рукі і кінулі на лаўку. Яна ледзь не закрычала ад болю, які прачнуўся ў пакалечаных пальцах, чакала, пакуль салдаты прывязалі яе рамянямі.

— Мы паможам тое-сёе ўспомніць,— пачула яна голас перакладчыка. — Калі не камандзіра, дык маму...

Ад нершых удараў плёткай Надзя ўздрыгвала ўсім целам, міжволі стагнала. Стогн сам сабою, незалежна ад яе волі і жадання, вырываўся з грудзей, і дзяўчынка злавала на сябе, гатова была праклясці сябе за слабасць. Трэба маўчаць, маўчаць. Хай вар'яцеюць гэтыя звяры, хай бачаць, што нічога не вырвуць з яе...

Удары сыпаліся часцей і часцей, і былі яны ўсё мацнейшыя, але спіна прывыкла да іх, яны нібы і не прыбаўлялі болю. Надзя адвярнула галаву да сцяны, каб не бачыў афіцэр, як сыплецца ў яе з ілба пот, як кусае яна вусны. Яна чакала, што вось-вось страціць прытомнасць...

Нечакана салдаты адышлі ад лаўкі, падышоў афіцэр.

— Ну, а цяпер што скажаш?

О, што яна хацела яму сказаць!.. Яна хацела перш за ўсё плюнуць яму ў твар, у акуляры ў залатой аправе, у шэрыя прыжмураныя вочы. Яна хацела яму крыкнуць, што ён труп, што ён не ўцячэ ў сваю праклятую Германію, што разам з фюрэрам будзе вісець на асіне, што ён нічога не даб'ецца ні ад яе, ні ад Юры, ні ад кога... Колькі яна магла яму сказаць!..

Ён чакаў адказу, і яна прашаптала:

— Я нічога не скажу... нічога не скажу...

Афіцэр схапіў бізун і пачаў біць, біць, біць. Па галаве, па плячах, па нагах, пырскаючы слінай, не выціраючы кроў, якая ад бізуна ляцела на яго твар, на яго мундзір.

Ён паласаваў Надзю і тады, калі яна абмякла ў непрытомнасці, і спыніўся, толькі знямогшыся.

Салдаты адвязалі Надзю і выкінулі яе паліцаям.

Ачнулася яна ў клеці. Галава ляжала на каленях у Юры. Вакол стаяла чалавек дзесяць. Дзед трымаў ля яе вуснаў бляшанку з вадой, прасіў:

— Папі, папі, родненькая... Глыні вадзіцы...

Яна была ўкрыта сваёй ватоўкай, хусткай і яшчэ пінжаком. Першыя хвіліны пасля абуджэння ёй было лёгка і прыемна, нібы прачнулася пасля цяжкага сну і ўбачыла, што ўсё страшнае, ад чаго яна калацілася, было проста насланнё. Яна напружылася, упёрлася локцямі, паспрабавала прыўзняцца. Але боль, нібы маланкай, ударыў яе ў грудзі, і адразу перахапіла дыханне, і яна бяссільна ўпала на калені Юру. З вачэй пасыпаліся слёзы.

— Не трэба, Надзя... — прасіў Юра. — Не плач... Папі вады...

Яна некалькі разоў глынула з бляшанкі. Ад холаду зайшліся на момант зубы, у грудзях трохі сцішыўся боль.

— Што, ірады, зрабілі! Што зрабілі!.. — голас у дзеда задрыжаў. — Дзіця ж горкае... Які з яе ваяка...

Надзя праз слёзы сама сабе ўсміхнулася: «Вось тут ты, дзядуля, памыляешся. Я была нядрэнным ваякам. I страляць умела не горш за іншых, і міны ставіла...»

— Божа, божа! — дзед стаў ксціцца. — Да чаго ж дайшла зямля наша.

Надзя выцерла слёзы, лягла на правы бок — так, здаецца, менш адчуваўся боль, — узяла Юраву руку і паклала сабе пад шчаку. Слабасць і звон у галаве закалыхвалі, павекі самі сабою зліпаліся. Думкі непрыкметна пераходзілі ў сон, перапляталіся з ім, і — сціралася мяжа паміж сном і явай. То Надзі здавалася, што сядзіць яна каля кастра на ўзлеску і партызаны жартуюць, пякуць бульбу, пасмейваюцца з некага, то раптам перад самымі вачыма ўсплываў раз'юшаны твар афіцэра ў акулярах, рот раскрываўся і закрываўся, але яна не чула голасу і хацела ўцячы ад яго, ён гнаўся за ёю і вось-вось насцігаў, то над ёю схіляўся Юра і пытаўся ціха:

— Табе вельмі баліць? Табе што-небудзь трэба?

Што ёй трэба?.. Трэба, каб ніхто не перабіваў сон, каб было ціха і цёпла, як летам у лесе.

Аднойчы, яшчэ калі была ў дзіцячым доме, яна зайшла далёка ў лес і лягла на траву. Каля самых рук скакалі маленькія конікі, поўзалі божыя кароўкі, на пальцы ўзбіраліся жоўтыя мурашкі, а над галавой гудзеў чмель. Ён доўга кружыўся над ёю, не хацеў нікуды ляцець. Можа, яна прымяла кветку, якую ён угледзеў і на якой было многа пылку, а можа, яму спадабаўся яе чырвоны бант... У бярозах і асінах ціўкалі птушкі. Непадалёк трашчала сарока. Нясмела падала голас зязюля і замоўкла. Надзя зірнула на неба. Яно было бледна-сіняе, і па ім ціха-ціха плылі хмаркі. Яна стала ўглядацца ў іх і ўбачыла, як у вышыні вырас белы конь, як марудна ён пачаў паднімаць ногі і раптам ператварыўся ў мядзведзя, а потым у гару. Яна стала выдумляць розныя гісторыі, і яе ўяўленне ляпіла з белых хмарак то бабу-ягу, то кракадзіла, то танкі. Непрыкметна Надзя заснула. Спала яна нядоўга, але здалося ёй, што цэлы дзень праляжала ў лесе і нагледзелася на мноства дзівосаў. Ніхто не заўважыў тады яе адсутнасці, ніхто не папытаўся, дзе была, і яна, як тайну, насіла ў сабе радасць лясной цішыні, казкі сіняга неба і самавітае гудзенне чмяля. Нічога асаблівага быццам і не адбылося, а ёй ажно некалькі дзён было весела і хораша на душы.

Гэтак жа хораша на душы было ў яе і пасля першага задання, на самым пачатку арганізацыі іх атрада. Не хапала зброі, і партызаны вырашылі напасці на нямецкі гарнізон, каб назапасіцца гранатамі, патронамі. Дзесятак тых шчасліўцаў, хто меў вінтоўку ці аўтамат, ішлі наперадзе. А за імі наступалі «асноўныя сілы» — з засланкамі, патэльнямі, трашчоткамі. Яны падішлі тады такі тарарам, што немцы ўцяклі, амаль ні разу не стрэліўшы... Пералічваючы ў лагеры захопленыя трафеі, партызаны цвілі ад радасці. I Надзя, нібы на крылах, лятала між імі. Усё ў ёй спявала, дзень здаваўся самым сонечным за ўсё жыццё, а таварышы — самымі прыгожымі і ласкавымі людзьмі ў свеце. Яна нават не пакрыўдзілася, калі ёй не далі пісталета і адагналі ад гранат. Усё гэта не змяншала радасці перамогі. Першай баявой перамогі!..

Прачнулася Надзя ноччу: змярцвела рука, на якой яна ляжала. Побач пасопваў Юра. Дзеда ў цемры не было відаць.

Недзе ў канцы клеці хтосьці з прысвістам хроп. Ад гэтага храпу Надзі стала весялей. У атрадзе ў іх было некалькі «храпуноў», з якіх заўсёды пасмейваліся і з якімі ніхто не хацеў разам жыць.

Заварочаўся Юра, узняў галаву:

— Табе лепш?

— Ага... Сніцца толькі дужа многа. Усялякае. I ўставаць балюча.

— Адпачнеш — падымешся.

— Адпачнеш тут...

— А мяне не выклікалі. Дзіўна...— Юра замоўк.

— Можа, думаюць: дзяўчынка, не вытрывае... Але ты, Юрка, не бойся, я вытрываю. Я нічога не скажу. Як пакляліся.

— Я ведаю. Ты смелая...

— А што я плакала ўчора, дык гэта не ад болю і не ад страху. Крыўдна вельмі: цябе б'юць, а ты ім адплаціць не можаш...

— Адплацяць. За нас адплацяць. Не сумнявайся.

— А ўсё роўна. крыўдна... Юрка, слухай, а нашы знаюць, дзе мы?

— Павінны.

— Мне немец казаў: ім данеслі, што з аперацыі не вярнулася двое партызан. Кажа, гэта — мы...

— Здагадваюцца... А нашы дакладна ведаюць...

Яны змоўклі. Кожны думаў, як бы добра было, каб іх вызвалілі, каб на выручку прыйшлі баявыя таварышы, і баяўся аб гэтым сказаць уголас, адчуваў, што наўрад ці збудуцца мары.

Раніцай паклікалі на допыт Юру. Надзя глядзела, як ён ішоў да дзвярэй, і з жахам думала, колькі пакут давядзецца яму выцерпець. Яго будуць біць не менш, чым яе, а можа — больш... Яна ўспомніла запырсканую крывёю лаўку, рамяні, бізуны. Няўжо яшчэ раз давядзецца і ёй зайсці ў гэты страшны пакой, убачыць бязлітасныя шэрыя вочы за акулярамі ў залатой аправе?..

Час цягнуўся марудна. Надзя лічыла да сотні і назад, успомніла казку пра папа і яго работніка Балду, песню пра трох танкістаў, а Юры ўсё не было. Ён усё яшчэ змагаўся. Так, змагаўся, бо цяпер іх зброяй было маўчанне. Што б ім ні пагражала, трэба маўчаць. I нават калі іх расстраляюць, перамогуць не ворагі, а яны з Юрам, бо не скажуць нічога, не выдадуць сяброў.

Прынеслі Юру непрытомнага. Двое мужчын асцярожна ўзялі яго з рук у паліцаяў, паклалі на сена. Твар хлопчыкаў быў у крыві, вусны рассечаны. Надзя стала выціраць кроў, абмакваючы ражок хусткі ў бляшанку з вадой, якую падсунуў ёй пад руку дзед. Некалькі разоў Юра варушыў вуснамі, нібы хацеў нешта сказаць, але замест гукаў з рота выкочваліся кропелькі крыві.

Надзя гладзіла Юраў лоб, перабірала яго бялявыя валасы, калыхала на каленях яго галаву. Юра час ад часу спрабаваў усхапіцца, увесь выпростваўся і зноў заціхаў. Нарэшце ён расплюшчыў вочы, ціха паклікаў:

— Надзя!

— Што, Юра?.. Я тут, з табой...

— Піць...

Дзед паслужліва даў вады.

— Вось і мне папала. — Ён хацеў усміхнуцца, але нічога не атрымалася. — Пазнаёміўся...

Надзя параіла:

— Ты паляжы моўчкі... Паляжы...

Ён заплюшчыў вочы, ускінуліся і застылі яго доўгія прыгожыя вейкі. Надзя не стрымалася і дакранулася да іх самымі кончыкамі пальцаў. Юра адразу ж заварушыўся:

— Што?.. Што?..

— Спі, Юра, спі... Гэта я... проста так.

Ёй стала ніякавата. «Знайшла час»,— упікнула Надзя сама сябе.

Падсеў дзед:

— Гэта брат твой?

— Не. Таварыш, сябар. Але раднейшага цяпер у мяне нікога няма.

Дзед паклаў руку на Юраў лоб, пакруціў галавой:

— Гарыць увесь... Дзе толькі сілы бяруцца! Тут і мужык не вытрымае... Той, што сувязны быў, памёр. Адмучыўся, бедалага. На тым свеце ў рай трапіць.

Юра, здаецца, супакоіўся, стаў дыхаць раўней, толькі стагнаў і часам скрыгатаў зубамі. Надзя ўсё трымала яго галаву на каленях і думала, які ён надзейны сябар. Вось яму яна можа даверыць усё-ўсё — і думкі і сумненні. Яму яна можа прызнацца, калі страшна, можа папрасіць у яго парады. I не пакрыўдзіцца, калі ён папікне ці раззлуецца... А не было б вайны, не трапілі б яны ў адзін атрад, і не ведала б яна, які ён, Юра Сямёнаў. Проста быў бы каржакаваты, бялявы хлопчык, таварыш па дзетдому. Цяпер жа яна ведае, які ён смелы, мужны, які разумны разведчык... I ўсё ж, хай бы вайны не было... У дзетдоме жылося добра. Кожны тыдзень паказвалі новае кіно. А колькі кніжак было ў бібліятэцы, якія цікавыя былі паходы!.. Яна цяпер абавязкова слухалася б і піянерважатую, і выхавацельку, ніколі не парушала б дысцыпліну...

Надзя цвёрда ў думках вырашыла, што як толькі скончыцца вайна, яна абавязкова вернецца ў свой дзетдом. Але застагнаў Юра, і стогн напомніў ёй пра суровую яву.

Дзед побач маліўся. Надзя са здзіўленнем пачула ў малітве сваё і Юрава імя. Дзед маліўся і за іх, ён і для іх прасіў збавення.

«Мілы дзядуля, — усміхнулася дзяўчынка, — ты думаеш, нам нехта можа памагчы. Нам ніхто ўжо не паможа, акрамя партызан. Калі яны толькі паспеюць...»

Юра закашляўся, перавярнуўся на жывот, — відаць, забалела спіна, — папытаўся:

— Ты не спіш?

— Не. А што?

— Я доўга спаў?

— Не. Трошкі.

— Не стагнаў?

— Не.

— Ведаеш, яны ў мяне ўсё пра сувязных пыталіся, I пра пасты — дзе стаяць... Я нічога не сказаў.

— Малайчына.

— Заўтра цябе зноў павядуць... Афіцэр сказаў: «Будзем мучыць па чарзе, пакуль нехта не здасца».

— Я не здамся, Юра.

— I я...

Аднекуль з цемры паявілася дзяўчына. Яна прынесла хлеба, сала і нейкага зелля на паперцы.

— Выпіце з вадою. Гэта трава... лячэбная.

Надзя хацела ўсё аддаць Юру, але ён падзяліў пароўну і хлеб і зелле. Зелле было горкае, яна ледзь пракаўтнула яго з вадой. Сала смакавала, як цукар: не жавала, а смактала, каб яно даўжэй было ў роце.

Спала Надзя трывожна. Не таму, што нылі спіна і пальцы. Кожны раз, калі прахоплівалася, са страхам глядзела на дзверы — чакала світання, а за ім і паліцэйскага: «За мной!» Але прыйшло світанне, пачаўся дзень, а па яе ўсё не прыходзілі. Яна паварочвалася на кожны рып крокаў каля клеці, лавіла галасы на двары, але дзверы не расчыняліся. I ў душу прыйшла кволая падзея, што іх з Юрам пакінулі ў спакоі, што на іх забыліся.

Дзверы адчыніліся пад вечар. Той самы мужчына ў галіфэ гукнуў:

— Багданава! За мной!

Надзя з цяжкасцю паднялася. Галава закружылася, і яна пахіснулася. Дзед ускочыў, абхапіў яе за плечы, дапамог дайсці да дзвярэй, яшчэ не адпускаючы ад сябе, хрыпла сказаў паліцаю:

— Крыжа на вас няма. Пабаяліся б бога... Дзеці ж... Паліцай адпіхнуў дзеда.

— Сядзі, стары, пакуль за цябе не ўзяліся. Гэтыя дзеці нарабілі столькі, што не кожны дарослы зможа... Мост яны ўзарвалі. Ясна?..

Дзед здзіўлена зірнуў на Надзю, бокам падаўся назад...


На гэты раз Надзю білі мала, яна нават пасля допыту сама дабралася да клеці, дайшла да свайго месца.

Юра трызніў і не пазнаваў яе. Яна тармасіла яго, каб апрытомнеў, але дарэмна: Юра кідаўся на сене, стагнаў і штохвіліны прасіў піць.

— Як толькі цябе павялі, яму стала горш,— растлумачыў дзед. — Клікаў спярша. А цяпер во зусім аслабеў.

Дзед даваў Юру вады, клаў яму на лоб мокрую анучку, ухутваў сенам.

У Надзі нібы заціх свой боль. Цяпер яна думала пра Юру, хацела дапамагчы яму. Але як? Лякарстваў ніякіх няма, урача не паклічаш. Заставалася чакаць, спадзявацца, што Юру палягчэе.

Дзед зашаптаў горача і ўсхвалявана:

— Дык гэта вы — мост?.. Чаго ж хаваецеся ад нас? Мы свае, баяцца нас не трэба...

Надзя павярнулася да яго, не ведаючы, ці прызнавацца, што яны партызаны, ці ўсё яшчэ прыкідвацца сіротамі.

— Мы сваіх ніколі ў крыўду не давалі... I вы мукі церпіце не толькі за сябе, а і за ўсіх нас...

Надзя маўчала. Каб не спаў зараз Юра, ён бы вырашыў, як быць. А без яго яна не магла. Дзед, напэўна, харошы чалавек. Але ж яны пакляліся маўчаць, нічога і нікому не гаварыць.

— Вы скажыце, чым мы можам дапамагчы вам?

Дзяўчынка ўздыхнула, адказала:

— Нічога не трэба, дзядуля... Не партызаны мы. Нас прымаюць за некага іншага.

Дзед заціх. Адчувалася, што ён не паверыў Надзі. Можа, зразумеў, што яна не хоча, не мае права гаварыць яму праўду, а можа, пакрыўдзіўся.

Надзя асцярожна прылягла каля Юры, прыслухалася да яго цяжкага, перарывістага дыхання. Якія ўсё ж моцныя людзі!.. Іх з Юрам білі плёткамі, нагамі, білі бязлітасна, не шкадуючы, а яны ўсё жывуць. I боль, здаецца, ужо не такі востры цяпер.

Заварочаўся Юра, узняў галаву.

— Надзя!

— Я. Я, Юра...

— Вярнулася?

— Ага...

— Добра... А я нешта захварэў. Горача і баліць усё...

— Гарачка ў цябе. Яна пройдзе.

— Заўтра зноў мяне... возьмуць...

— Не бойся. Можа не возьмуць...

«Не возьмуць»... Як быццам Юра паверыць!..

Надзя заплюшчыла вочы, паспрабавала заснуць. У вушах звінела. Рукі і ногі здаваліся змярцвелымі. На спіне і жываце саднілі раны. Колькі іх было, Надзя не лічыла. Хіба пералічыш усе, вялікія і малыя! Яна прывыкла да іх, не звяртала на іх асаблівай увагі, ды і балелі яны менш, чым самыя першыя, быццам дзялілі між сабой боль і на кожную прыпадала не так ужо многа. Калі баліць не ў адным месцы, тады лягчэй...


Юру ўзялі з самай раніцы. Толькі прачнуліся ўсе, толькі прабіліся праз шчыліны ў дзвярах першыя праменні, як па яго прыйшлі. Ён не змог сам узняцца, і яго вывалаклі за рукі. Надзя памкнулася памагчы яму, але яе адпіхнулі.

У Надзі пачало шчымець сэрца, у галаву роем палезлі сумныя думкі. Няўжо гэта апошні іх дзень? Няўжо Юра не вернецца?

Яна ўставала, рабіла два-тры крокі, у знямозе зноў садзілася. Пачала жаваць травінку і выплюнула: трапіўся горкі палын. Падсела да дзеда, чакаючы, што той нешта раскажа, але ён маўчаў. Тады ў думках пачала лічыць. Збілася. Пачала ўсё спачатку.

Юры не было. У здранцвенні Надзя не зводзіла позірку з дзвярэй. У вачах стала рэзаць, пакаціліся слёзы, але яна глядзела і глядзела. Сама сабе загадала, што, калі Юра вернецца, усё будзе добра, яны застануцца жыць, вырвуцца з гэтага пекла... Але яго не было.

Замест Юры паказаўся паліцай.

— Дзе Юра? — кінулася да яго Надзя. — Дзе? Паліцай чамусьці азірнуўся і адказаў ціха:

— Няма... Прыстрэлілі... Выкалалі вочы, рукі выламалі і... прыстрэлілі...

Надзя хвіліну стаяла ва ўтрапенні, потым упала на падлогу і закрычала, зарыдала. Да яе падскочыў дзед, яшчэ хтосьці. Яна сутаргава білася ў іх на руках, не хацела нікога слухаць.

Паліцай, відаць, не чакаў такога і хуценька прычыніў дзверы. Але ненадоўга. Разам з ім паявіўся мужчына ў галіфэ і з парога загадаў:

— Багданава! За мной!

Дзед ірвануўся да яго, замахнуўся сваімі худымі рукамі:

— Вы... Дзяцей мучыце! Сваіх забіваеце! Хай вас пакарае неба, хай маткі вас выракуцца...

Мужчына з усяго маху ўдарыў старога па твары, і той адляцеў ад дзвярэй, глуха ўдарыўся аб падлогу.

Надзя выцерла слёзы, сцішылася, падышла да паліцаяў:

— Вядзіце!

Яны адступілі на некалькі крокаў, і яна, хістаючыся ад слабасці, выйшла на двор.

Колкі вецер прыемна ахаладзіў твар. Надзя азірнулася навокал. Можа ў апошні раз убачыла клець на ўзгорку, недалёкія зубцы лесу, шэрае неба.

Афіцэр, калі ўвялі Надзю, выйшаў. Вярнуўся ў шынялі і шапцы.

З Надзі сарвалі хустку, ватоўку, знялі валёнкі. Пакінулі ў адной нацельнай кашулі. Вывелі на мароз.

Яна спачатку ступала па снезе асцярожна, нібы баялася параніць ногі. На сцежцы ледзь не пакаўзнулася. Пачалі заходзіцца ад холаду пальцы ног, пяткі.

Нарэшце афіцэр спыніўся, паглядзеў на Надзю, шчыльней захутаўся ў шынель. Трошкі наводдаль спыніліся салдаты. У руках у аднаго чамусьці былі вядро і вялікая алюмініевая кварта.

Надзю праціналі дрыжыкі. Нібы ў клешчы, браў мароз у свае абдымкі яе худзенькае цела. Ногі ўжо пачыналі касцянець. «Яшчэ, яшчэ пратрымацца!» — загадвала сама сабе дзяўчынка і чакала, калі ёй стане цёпла. Яна чула, што людзям, якія замярзаюць, робіцца цёпла, іх хіліць у сон. Але ёй было нясцерпна холадна. Вецер, што раптам наляцеў, нібы загнаў у цела адразу тысячу іголак.

Афіцэр кіўнуў салдатам, і яны падышлі да Надзі. Адзін схапіў яе за рукі, моцна сціснуў іх. А другі зачэрпнуў з вядра вады і стаў падымаць над ёю кварту. Цяжкая, нібы свінец, вада ўдарыла па галаве, марудна пацякла па валасах, па твары, прасочваючыся на спіну і грудзі...

Надзя плакала і ад болю і ад бяссілля, і слёзы разам з вадой пачыналі замярзаць на ёй. Яна адчувала, як робіцца калянай, нібы з бляхі, кашуля, як пруцянеюць ногі. А па галаве біў і біў струмень вады — нібы падалі камяні. Яны хілілі і хілілі галаву на грудзі, і не было сіл падняць яе, не было сіл паварушыцца...

Ачнулася Надзя каля пліты. Афіцэр паспеў ужо распрануцца, толькі на руках у яго былі чорныя скураныя пальчаткі. Ён падышоў да яе, здзекліва пацікавіўся:

— Што, холадна?

Каб нават і хацела Надзя яму адказаць, у яе на гэта не хапіла б сіл. Ды і навошта гаварыць?.. Надзя аблізала з вуснаў ваду, паварушылася. Уся яна была мокрая, нібы з галавой акунулася ў палонку. Цэлая лужына расплывалася вакол яе.

— Пасушыць?

Афіцэр кіўнуў салдатам, а сам падаўся да пліты. Надзя не бачыла, што ён там робіць, але чула бразгат жалеза і нейкае сіпенне. Салдаты ўзялі яе за рукі і высока паднялі. Яна зірнула ўніз і зажмурылася ад жаху: унізе ляжалі вялікі, распалены да белага, кавалак жалеза і чырвоная цэгла. Яна паспрабавала вырвацца з дужых рук і не змагла. З размаху яе паставілі на жалеза. У нос ударыў удушлівы смурод паленай скуры, нешта засвірчэла, і Надзю ахутала ліпкая, цёплая цемра.

Прытомпасць доўга не вярталася да Надзі. Не дапамагала вада, не маглі прымусіць, каб хоць на міг уздрыгнулі яе вейкі, удары афіцэрскага бота. Але сэрца яшчэ білася. Маленькае, знясіленае, яно не хацела здавацца. I Надзя расплюшчыла вочы. Перад ёю хісталася постаць фашыста. То ўсплываў, то прападаў твар у акулярах. Яна так і не магла разгледзець яго. Вочы засцілала шэрая імжа.

Афіцэр, бачачы, як яна спрабуе разгледзець яго і не можа, усміхттуўся.

— Што, як кажуць тут у вас, неба здаецца аўчынкай?..— I загадаў: —А ну, крычы: «Хайль Гітлер»!

Перад самымі вачыма Надзя ўбачыла яго акуляры і, сабраўшы астатак сіл, з нянавісцю, на якую толькі здольна было яе знявечанае цела, плюнула ў твар. Афіцэр адскочыў.

— О, русіш швайн!.. Ты хочаш, каб я цябе біў, ты хочаш хутчэй памерці. Не, гэтага не будзе. Пакуль хоць адзін нерв будзе ў табе жыць, пакуль хоць адна жылка будзе біцца, я буду катаваць цябе. Смерць для цябе цяпер — шчасце. Я табе яго не дам...

Надзю паклалі на лаўку, прывязалі рамянямі. Яна з абыякавасцю і асуджанасцю чакала ўдараў і ўсё не магла ўцяміць, чаму з вачэй не сплывае туман, чаму яна не можа ніяк разгледзець фашыста. Ён нібы стаяў за закопчаным шклом, і яна толькі здагадвалася, што гэта ён. Вось ён набліжаецца да яе, твар яго расплываецца.

— Мы зараз выдадзім табе даведку. I заверым пячаткай...

Ён голасна зарагатаў.

Надзя пачула, як са спіны здзіраюць кашулю, як падносяць нешта гарачае.

— Ты вельмі любіш зорку. Ты будзеш мець яе.

Боль, як востры нож, увайшоў у спіну, Надзя застагнала і заціхла. Яна не чула ўжо, як афіцэр старанна і бязлітасна выпальваў у яе на спіне пяцікутную зорку, як неслі яе, амаль нежывую, паліцаі, як спрабавалі прывесці яе ў прытомнасць арыштаваныя. Сэрца то адчайна калацілася, ледзь не вырываючыся з грудзей, то заціхала, здавалася, назаўсёды. Але жыццё цеплілася, і над ім, як над кволым агеньчыкам, схіліліся сівы дзед, маўклівая дзяўчына з сумнымі вачыма, некалькі мужчын...

Надзя расплюшчыла вочы, няўцямным поглядам абвяла клець. Не паверыла спачатку сама сабе — няўжо больш сёння не будуць біць, няўжо пакінулі яе жывую? Вочы па-ранейшаму засцілаў туман.

Надзя паспрабавала падняцца і не змагла. Цела не слухалася, здавалася чужым. Ног яна зусім пе адчувала, быццам іх проста не было. Спіна гарэла, як вялікая, пасыпаная соллю рана. Надзя разумела, што вось-вось можа зноў страціць прытомнасць, і папрасіла:

— Дайце што-небудзь, каб напісаць...

— Адкуль жа ў нас будзе? — уздыхнуў дзед.

— Што-небудзь,— яшчэ раз папрасіла Надзя.— Насоўку, можа...

Дзед азірнуўся. Усе сталі хуценька шукаць у кішэнях. Дзяўчына падала шматок белага палатна. Нібы апраўдваючыся, сказала:

— А алоўка няма...

— Не трэба...— Надзя намацала пад рукою трэску, ад-шчапіла ад яе кавалак.

Яна вырашыла напісаць перадсмяротнае пісьмо. У тым, што заўтра яе расстраляюць, яна не сумнявалася. Здзівілася, як не памёрла сёння, на агні, на залітай крывёй лаўцы...

Куды пісаць? Каму? У атрад, партызанам. Больш няма каму. Сваякоў так і не адшукала — не было калі. А сяброў ужо не засталося сярод жывых. Усе загінулі. I Юра... Чарніла, аловак ёй не патрэбны. Яна напіша сваёй крывёю...

Надзя разгладзіла на далоні шматок палатна.

— Адступіцеся,— папрасіла арыштаваных, якія ўсё яшчэ стаялі вакол яе.— Мне не відно...

Ад яе адышліся, адступіліся ад святла, але яна ўсё роўна бачыла слаба. Наўздагад накрэсліла першыя словы: «Бывайце, таварышы!»

Ёй стала шкада самой сябе, на вочы навярнуліся слёзы. Паспешліва яна ляпіла літару да літары далей: «Сама я загіну. Вы іх біце, гадаў-фрыцаў, адпомсціце за нас».

У душу памалу прыходзіў спакой. Надзя нібы гаварыла з таварышамі: «Смерць не страшная. Не ўдалося нічога дабіцца ад нас». I падпісала: «1942 г. Багданава Н.»

Адчуваючы, як па целе расплываецца млоснасць, як слабеюць рукі, Надзя паклікала дзеда, перадала яму пісьмо:

— Схавайце, дзядуля. Прыйдуць партызаны, знойдуць...

— Добра, добра,— замітусіўся дзед.— Ты не сумнявайся. Я схаваю.

Галава ў Надзі закружылася, ёй здалося, што яна памалу адрываецца ад зямлі, надымаецца кудысьці ўверх. Зазвінела ў вушах. I яна зноў страціла прытомнасць.

Апамяталася няскора і — здзівілася цішыні. Паклікала:

— Дзядуля!.. Дзядуля...

Ён адразу ж адгукнуўся зусім побач.

— Што гэта, дзядуля? Чаму так ціха?

— Уцяклі ўсе, дзетка.

— Як уцяклі?

— Узламалі падлогу, выкапалі яму пад клеццю і ўцяклі. Хацелі і нас забраць з сабой...

— Калі?

— Нядаўна.

— А чаму ж ты, дзядуля?..

— Хто ведае, дзе лепей — тут ці там...

— Там жа воля, свае.

— Ты адна... Хворая...

Надзя паварушыла рукой, перавярнулаея на бок.

— Дзядуля, а дзе лаз?

— Што?

— Ну... Куды лезці, дзірка тая...

— Ёсць, дзетка, ёсць. Хто ж яго будзе закрываць... Ёсць...

— Памажы мне, дзядуля... Туды...

Дзед здзіўлена ўсклікнуў:

— Што ты, родненькая! У цябе ж сіл, як у камара... Замерзнеш...

— Памажы, дзядуля...

— Астанемся лепш. Прыйдуць немцы, убачаць, што ўсе ўцяклі, а мы засталіся, і зразумеюць: не вінаватыя мы, адпусцяць нас.

— Не, я не астануся. Ты не ведаеш немцаў, дзядуля... Дапамажы...

Дзед перахрысціўся, асцярожна падняў яе. Яна ледзь перастаўляла ногі.

— Ну, дзе ж ты ўцячэш такая? — уздыхнуў стары.— Ты вунь ступіць кроку не можаш...

Надзя закусіла вусны, прымусіла сябе ісці. Толькі так можна ўратавацца. Толькі там, на волі, можна спадзявацца на нешта. Толькі там...

Яна абмацала рукамі лаз, папрасіла дзеда:

— Падпіхні...

Не зважаючы на боль, праціснулася пад сцяной, заграбаючы снег, валакла і валакла далей ад клеці сваё цяжкае, непаслухмянае цела. Сілы пакідалі яе, ззаду заставаўся крывавы след, але сантыметр за сантыметрам яна шкрэблася наперад. Дапаўзці б да нейкай хаты, натрапіць на людзей. Далей ад клеці, далей ад пекла, якое яшчэ смыліць у ёй, успамінам скаланае сэрца. Толькі наперад. I не спыняцца. Ні на міг...

Надзю зпайшлі ў гурбе снегу непадалёк ад клеці. Яна і непрытомная спрабавала паўзці. Калі яе паднялі на рукі Іван Лахмотка і Аляксандр Шамкоў, ім здалося, што яна ўжо нежывая.

— Спазніліся,— з горыччу вымавіў Шамкоў.— Няўжо спазніліся?.. Надзя! Надзя!

Дзяўчынка маўчала.

У Заналючках Надзю, як маглі, перавязалі, прамылі ёй раны, паклалі на мяккі ложак. У хату поўна набілася людзей — партызаны, вясковыя жанчыны. Прыйшоў пахмуры Скуматаў, незадаволена адагнаў ад ложка жанчын:

— Чаго сабраліся, як каля нябожчыцы! Ёй спакой патрэбен...

Начальнік штаба доўга глядзеў у твар Надзі, гладзіў яе забінтаваныя рукі. Ён і сам не надта верыў, што дзяўчынка выжыве. Фашысты, здаецца, не пакінулі ёй ніякіх надзей на жыццё... Як толькі вытрымала ўсё гэтае дзіця! Якая мужнасць, якая сіла жыве ў яе слабым, знявечаным целе!

Скуматаў паклікаў гаспадыню:

— Таварыш Шаронак!.. Вы не зводзьце з яе вачэй...

— Гляджу, Іван Сцяпанавіч, гляджу.

— Што трэба будзе, кажыце. Дапаможам. Толькі б на папраўку пайшла...

Скуматаў падняўся, уздыхнуў: успомніліся словы партызанскага ўрача: «Толькі на цуд можна спадзявацца». На цуд... Ён не так ужо часта здараецца на зямлі. Але ж хацелася б, каб ён здарыўся, каб паднялася на ногі вясёлая, няўрымслівая Надзя.

Ішлі дні, а прыкметнага паляпшэння ў здароўі дзяўчынкі не наступала. Яна па-ранейшаму слаба бачыла (разышліся зрэнкі), не магла паварушыць нагамі. Раны на спіне зажывалі марудна. Над яе схуднелым тварам усё яшчэ вісела чорнае крыло смерці.

А тут пачалася блакада. Фашысты кінулі вялізныя сілы на знішчэнне партызан, палілі вёскі, забівалі ўсіх, хто быў звязаны з народнымі мсціўцамі. Дабраліся яны і да Заналючкаў...

Заналючкі апусцелі.

Надзя засталася адна ў напаленай хаце, схаваная за печкаю. Недзе за вёскаю грукацеў бой. Па вуліцы часам праносіліся коні.

Цяпер усё залежала толькі ад лёсу. «Калі суджана жыць, не загіну,— сама сябе падбадзёрвала Надзя.— Столькі разоў уцякала ад смерці, уцяку і цяпер». Але неспакой нарастаў з кожнай хвілінай. Нязвычна было без людзей, без жартаў разведчыкаў, без клапатлівых рук жанчын. Хоць бы кот які цёрся каля рук...

Немцы прыйшлі ўранні. Спачатку Надзя пачула гул матораў, потым — гучныя каманды. А затым грукнулі ў дзверы. Яна стаілася пад коўдрай, і сэрца затахкала часта-часта. Не страх, а невядомасць і трывога затуманілі свядомасць.

Загрымела ў сенцах. Нехта вылаяўся па-нямецку. Рыпнулі дзверы. Хтосьці мякка пераступіў парог. Надзя чула перарывістае дыханне. Стаіць ля парога. I вось мяккія крокі набліжаюцца да яе. Сабака... Ён тыцнуўся носам у коўдру ля яе ног і тоненька заскавытаў. Загрукацелі салдацкія боты. З-за печы выглянуў фашыст. Ірвануў з яе коўдру. I тут жа адскочыў — у нос, відаць, ударыў цяжкі пах ран.

— Кранк!.. Кранк!..— спалохана крыкнуў ён камусьці і падпіхнуў сабаку да выхада.

Надзя чакала стрэлу. Але ляснулі дзверы, прарыпелі пад акном крокі, і ўсё сціхла. «Мінулася... Пранесла...» Яна не магла паверыць такому нечаканаму, такому вялікаму шчасцю. Ад хвалявання на лбе буйна высыпаў пот. Усё яшчэ перарывалася дыханне. Няўжо выжыла?.. Яна прыслухалася. Стрэлаў не было чуваць. Але нарастаў, шырыўся нейкі шум і трэск. На вуліцы штосьці глуха і роўна гуло.

Толькі калі ў хату прабіўся горкі дым, Надзя зразумела: гараць Заналючкі. Пажар ужо бушаваў на ўсю сілу. Надзя чула, як абвальваліся стрэхі, яна нават, здавалася, на сваіх ранах адчувала блізкую гарачыню. Полымя скакала каля самых вокнаў, пачынала лізаць сцены. «Ну, вось цяпер — усё,— падумала Надзя,— Цяпер ужо не выкручуся...»

...Цяжка сказаць, хто яго паставіў, гэты невысокі слупок, на Карасёўскім могільніку, над грудком, пад якім пахавалі Юру Сямёнава. Можа, партызаны, а можа, хтосьці з мясцовых сялян. Ён быў відзён здалёк — з самаробнаю зоркай наверсе, свежы паміж даўніх, пачарнелых крыжоў. Над ім схіляліся маладыя бярозкі і шумелі гонкія сосны, нібы паўтаралі просценькі надпіс, накрэслены чыёйсьці рукой: «Вечная слава юным героям Багданавай Н. А., Сямёнаву Ю. I.»

Плылі па высокім небе белыя лёгкія воблакі. Заліваліся ўгары бесклапотныя жаўранкі. I было на зямлі ціха-ціха, ажно чуваць стракатанне конікаў і гудзенне чмялёў, і не верылася, што яшчэ не скончылася вайна і недзе грукаталі выбухі і паміралі салдаты...

Каля дарогі дзяўчынка, толькі гады на два маладзейшая за Надзю і Юру, ганялася за вялікім прыгожым матылём. I худзенькі твар яе свяціўся дзіцячай радасцю...

* * *

Вялікая Айчынная вайна нарадзіла шмат легенд аб чалавечай стойкасці і мужнасці, аб вернасці клятве і суровай ваеннай дружбе. Многія, вельмі многія з іх заканчваюцца трагічна, абрываюцца нечакана, і —. стаяць над імі абеліскі, маўчаць надмагільныя пліты...

У легенды, старонкі якой я вам расказаў, шчаслівы працяг. Надзя Багданава не загінула. Яна — цяпер ужо Надзея Аляксандраўна — жыве.

Вёска Заналючкі згарэла, але не ўся. Засталося тры хаты, і ў адной з іх ляжала юная разведчыца. Доўгімі днямі і начамі вырывалі яе з кіпцюроў у смерці, выхаджвалі простыя беларускія жанчыны Лідзія Шаранак і Таццяна Самакалёва. I паставілі яе на ногі. У адэскай клініцы імя Філатава дзяўчынцы вярнулі (праўда, не зусім) зрок. Не забыў пра яе Іван Сцяпанавіч Скуматаў, адшукаў, дапамог. I Надзя Багданава зноў вярнулася ў строй. Сустрэла яна негаваркога, душэўнага хлопца Дзмітрыя Краўцова, які стаў мужам, які дзяліў з ёй усе і радасці і нягоды.

Ішлі гады, наладжвалася жыццё, падрасталі дзеці Надзеі Аляксандраўны. I зусім выпадкова даведалася яна аднойчы, што стаіць ёй з Юрам Сямёнавым помнік, што знойдзена запіска, якую яна крывёю напісала ў страшныя лютаўскія дні 1942 года.

Пра подзвігі юнай разведчыцы расказала беларускае радыё, пазнаёміў з імі савецкіх тэлегледачоў Сяргей Сяргеевіч Смірноў. Тысячы пісьмаў з усіх куткоў нашай Радзімы пасыпаліся ў Віцебск, дзе жыве Багданава, многія без дакладнага адраса, проста «Віцебск, слаўнай партызанцы», «Віцебск, гераіні Вялікай Айчыннай вайны», «Віцебск, храбрай дзяўчынцы — разведчыцы...» Яе імя прысвойваюць піянерскім атрадам, на яе жыцці вучацца адданасці Айчыне...

Высока ацаніў баявыя справы Надзі Багданавай наш савецкі ўрад. Яна ўзнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга.

Часта непакояць Надзею Аляксандраўну старыя раны, часта ўспамінаюцца паўшыя сябры, камандзіры, якіх ужо няма сярод жывых (не так даўно памерлі камісар брыгады Волкаў, начальнік штаба брыгады Скуматаў). Баліць тады сэрца, сумам туманяцца вочы. І ўсё ж рэдка можна сустрэць чалавека такой энергіі і жыццялюбнасці, як яна. Амаль штодзень яе запрашаюць на сустрэчы, і яна не адмаўляецца. Штодзень прыходзяць дзесяткі пісьмаў, і яна адказвае на іх. Да клопатаў аб сваіх чацвярых дзецях прыбавіліся клопаты пра дзяцей хворай Таццяны Самакалёвай, той самай, якая калісьці даглядала яе. Выхоўвае яна яшчэ і Наташу Логвінаву, якая засталася без бацькоў і жыццё якой хацелі пакалечыць адурманеныя рэлігіяй сваякі...

У Віцебску, на вуліцы «Правды», жыве яна, былая партызанская разведчыца, простая беларусхая жанчына, чалавек з легенды...



Оглавление

  • Генадзь Бураўкін ТРЫ СТАРОНКІ З ЛЕГЕНДЫ
  • ПЕРШАЯ СТАРОНКА
  • ДРУГАЯ СТАРОНКА
  • ТРЭЦЯЯ СТАРОНКА

  • Наш сайт является помещением библиотеки. На основании Федерального закона Российской федерации "Об авторском и смежных правах" (в ред. Федеральных законов от 19.07.1995 N 110-ФЗ, от 20.07.2004 N 72-ФЗ) копирование, сохранение на жестком диске или иной способ сохранения произведений размещенных на данной библиотеке категорически запрешен. Все материалы представлены исключительно в ознакомительных целях.

    Copyright © читать книги бесплатно