Электронная библиотека
Форум - Здоровый образ жизни
Акупунктура, Аюрведа Ароматерапия и эфирные масла,
Консультации специалистов:
Рэйки; Гомеопатия; Народная медицина; Йога; Лекарственные травы; Нетрадиционная медицина; В гостях у астролога; Дыхательные практики; Гороскоп; Цигун и Йога Эзотерика


Ленін і Сталін думаюць пра Беларусь

Першынцу Аляксею


Прадмова ад "выдаўца"

У дадзеную электронную версію не ўвайшлі спасылкі на крыніцы, якімі карыстаўся аўтар.

Як на маё меркаванне , дык звычайнаму чытачу гэта не не вельмі цікава, а калі то, дык існуе папяровы арыгінал, ці PDF версія.

З павагай да аўтара і чытачоў — Polochanin72.


Прадмова

Карфаген мусіць быць разбураным — казалі рымляне, калі думалі пра інтарэсы ўласнай дзяржавы. Створаны ў БССР гістарыяграфічны міф пра ўзгадаванне беларускай дзяржаўнасці з дапамогай Леніна і Сталіна, пра бальшавіцкую місіянернасць як ласку для беларускай нацыі таксама мусіць быць разбураны, калі маладая Беларусь думае пра ўласны імідж, а яе грамадзяне маюць нацыянальную годнасць. Міф гэты будаваўся на стагоддзі. Выглядае фундаментальна, як будынкі ў стылі сталінскага класіцызму на галоўнай вуліцы Мінска. Можа таму за яго разбурэнне гісторыкам сталага веку так страшна брацца. Але гэтага не скажаш пра маладога аўтара дадзенай манаграфіі. Ён узяўся за справу. І гэта радуе.


Існуе погляд, што разбурэннем гістрыяграфічнай савецкай спадчыны займацца бессэнсоўна. І так відавочна — абсурд. Навошта пэцкаць рукі. Хай сабе гэтыя савецкія міфы-будынкі стаяць. Самі абрынуцца. Ёсць больш актуальныя праблемы…


У тым і справа, што хутка не абрынуцца. Прыдаецца доўга чакаць, бо робяцца спробы рэстаўрацыі. Ачышчаць нацыянальную гісторыю ад бальшавіцкай ідэалогіі неабходна па ўсіх накірунках. Прыклад дадзенай працы паказвае, што пачынаць трэба з галоўнага. Аўтар звярнуўся да твораў Леніна і Сталіна, зайшоў у створаны савецкімі гісторыкамі дом-міф пра беларускую савецкую дзяржаўнасць і пачаў расказваць пра ўбачанае. Хаця ўвайсці туды было не так проста. Змрочная атмасфера. Смурод палітычных мерцвякоў. Патрабавалася пэўная мужнасць і адвага. Але аўтар зрабіў гэта і атрымаў станоўчы вынік. Нельга сказаць, што яго намаганнямі міф-будынак разбураны. Але сталася відавочна, што за знешняй рэспектабельнасцю ўнутры яго — спрэс фальсіфікацыя. Цяпер іншыя стануць смялейшымі.


Фактычна аўтар пачаў перапісванне гісторыі партыі расійскіх бальшавікоў з пазіцый сучаснай беларускай суверэннасці і паказаў мэтазгоднасць гэтай справы. Даўно — пара!


Не з усімі поглядамі аўтара можна пагадзіцца. Але я не выступаю тут рэцэнзентам. Хачу толькі падтрымаць майго калегу, які дэманструе высокую дасведчанасць у праблеме і прафесіяналізм. Лічу сваім абавязкам даць яго арыгінальнаму даследаванню, як кажуць, «пуцёўку ў жыццё». Ён апраўдвае мае надзеі на маладых навукоўцаў, якія ў стане стварыць праўдзівую гісторыю ўласнай краіны.


Прафесар Захар Шыбека


Уступ

Многія пытанні станаўлення беларускай дзяржаўнасці па-ранейшаму не знаходзяць адказаў, або тыя адказы гучаць вельмі няпэўна. Таму гэтыя пытанні, нягледзячы на гурбы спісанай паперы, застаюцца адкрытымі. Цікава, што найбольш увагі па гэтай тэме заўсёды ўдзялялася аспекту, вынесенаму намі ў загаловак. Цалкам лагічна, што навукоўцы адмыслова абіралі для грунтоўных даследаванняў «крамлёўскі ракурс», бо менавіта меркаванні бальшавіцкіх палітыкаў з'яўляліся лёсавызначальнымі для Беларусі. І тым не менш менавіта гэты аспект у гістарыяграфіі застаецца найбольш полівалентным[1].


Якімі ж яны былі, тыя меркаванні — і сапраўдныя, і дэкларатыўныя? Якой была іх рэалізацыя? Вось пытанні, на якія гістарычная навука пакуль не дае пэўнага адказу. З гэтага грамадства мае дамінаванне міфа пра ленінска-сталінскую дапамогу ў станаўленні беларускай дзяржаўнасці. А за мяжой калі і былі антытэзы, то

1) не ў патрэбнай колькасці (што важна як для міфастварэння, так і для разбурэння міфаў),

2) яны фактычна знаходзіліся пад забаронай у «сацыялістычным лагеры» і таму заставаліся там невядомымі.

Дэмантаж посткастрычніцкага эксперыменту спарадзіў плюралістычную атмасферу ва Усходняй Еўропе, у тым ліку ў гуманітарных дысцыплінах. Аднак афіцыйная беларуская навука, якая мусіла быць флагманам у даследаванні дзяржаўнасці сваёй краіны, практычна засталася ў палоне савецкай гістарыяграфічнай традыцыі. Новым жа даследаванням пакуль не хапае грунтоўнасці. Разам з тым, у навуковы зварот, нават у беларускім гістарыяграфічным дыскурсе, ужо ўведзена столькі матэрыялу, што даць канкрэтнае абазначэнне пазіцый расійскіх бальшавікоў і абгрунтаваць дэтэрмінізм[2] тых пазіцый цалкам магчыма. Гэта і робіцца ў рэпрэзентуемым даследаванні, якое, тым не менш, ні ў якім разе не канцуе праблему. Наадварот яго трэба расцэньваць як прапанову да больш шырокага і актыўнага асэнсавання праблемы.


Гэты нарыс фактычна з'яўляецца гістарыяграфічным. Аднак ён не мае на мэце ахапіць усё тое, што ўжо напрацавана гістарычнай навукай. Найперш акцэнтаваліся тыя кантэксты, што адпавядалі зададзенай тэме. З гэтага па-за належнай увагай застаўся шэраг высакаякасных даследаванняў (напрыклад, В. Круталевіча, С. Рудовіча).


Важна было б даследаваць паасобку і адносіны да беларускай дзяржаўнасці іншых суб'ектаў міжнароднай палітыкі. Бо пра іх як у навукоўцаў, так і ў грамадства ўяўленне часта досыць ўтрыраванае. Але спачатку неабходна як мага больш поўна праясніць ролю Масквы ў станаўленні і развіцці дзяржаўнасці на Беларусі ў першай палове XX ст. як найбольш важкую, так і найбольш скажоную. І хаця шматлікія матэрыялы гэтай гісторыі ляжаць, здавалася б, навідавоку, многія даследчыкі ўпарта не жадаюць імі карыстацца. А колькі яшчэ дакументаў марнее ў архівах (перадусім расійскіх) і чакае сваіх аналітыкаў, можна толькі здагадвацца.


Калі вынікі рэпрэзентацыі гэтых навуковых пошукаў выклічуць дадатковую ўвагу да тэмы і хоць трохі актывізуюць працу ў дадзеным накірунку, то аўтар палічыць задачу-мінімум выкананай. З удзячнасцю прыму крытыку і ўдакладненні, бо складанасць задачы, канечне, не магла не абумовіць пэўных памылак і хібаў. Тым больш, што гэта фактычна толькі пачатак распрацоўкі тэмы, якая ў будучым павінна перарасці ў фундаментальнае даследаванне.


Загадзя дзякую чытачу за ўвагу да маёй сціплай манаграфіі.


Ад Петраграда да Рыгі (1917–1921)

Мы за автономию для всех частей, мы за право отделения (а не за отделение всех!) <…> В общем, мы против отделения. Но мы стоим за право на отделение. <…> Ничего, абсолютно ничего кроме права на отделение здесь нет и быть не должно

В. Ленин

Принцип на самоопределение должен быть средством борьбы за социализм.

И. Сталин

У гістарычнай навуцы Беларусі пытанне пра адносіны кіраўніцтва бальшавіцкай партыі і савецкай краіны да станаўлення беларускай дзяржаўнасці дасюль не мае пэўнага адказу, як няма яснага адказу на пытанне: наколькі ж і як спрычыніліся бальшавікі да вырашэння гэтай праблемы? Савецкая гістарыяграфія стварала міф пра тое, што абяздолены беларускі народ толькі дзякуючы кастрычніцкай рэвалюцыі займеў паўнавартасную дзяржаўнасць. Паралельна існавала ледзь не цалкам адваротная думка беларускіх эмігрантаў: маўляў, гэта была бальшавіцкая акупацыя. Аднак за рамантызмам і эмоцыямі тыя навуковыя даследаванні нярэдка гублялі сваю вартасць, таму акрэсленая тэма заставалася слабадаследаванай. Тым больш, што даследаванні з-за «жалезнай заслоны» праводзіць было практычна немагчыма, паколькі неабходныя архівы знаходзіліся ў СССР, але пры гэтым былі недаступныя і савецкім гісторыкам. А калі апошнія што і знаходзілі, то трымаліся рамак ідэалагем, або гэта за іх рабіла цэнзура. Сучасная гістарычная навука Беларусі стасоўна гэтай праблемы, як і многіх іншых, мае пэўныя здабыткі, якія, аднак, вельмі часта характарызуюцца прынцыповымі супярэчнасцямі. Даходзіць да парадоксаў: зробленыя ў канцы працы высновы могуць канцэптуальна пярэчыць папярэдняй аналітыцы. Такое становішча падштурхоўвае да пераканструявання сэнсу падзей, якое, што праўда, не прэтэндуе на поўную завершанасць, аднак імкнецца да аб'ектывізацыі тэндэнцый, якія панавалі ў кіраўнічых органах маладой савецкай дзяржавы (з 1922 г. — СССР). Яшчэ заўважым, што абсалютная большасць матэрыялаў, якія леглі ў аснову працы, з'яўляецца агульнадаступнай і мае даволі шырокую рэпрэзентацыю.


У свой час шляхам трох падзелаў канфедэрацыі Кароны Польскай і ВКЛ — Рэчы Паспалітай — Расійская Імперыя атрымала ў свой склад усе этнаграфічныя беларускія землі — тыя, на якіх магла б утварыцца беларуская нацыя і нацыянальная дзяржава. Чарговы ўздым нацыянальнага руху ў Еўропе абудзіў імкненні многіх «падімперскіх» народаў да самавызначэння. Палякі ў сваім адраджэнні кіраваліся менавіта станам краіны на 1772 г.[3], калі суседзі пачалі брутальна ўмешвацца ва ўнутранае жыццё канфедэратыўнай дзяржавы. Таму незалежніцкія тэндэнцыі, праяўленыя нацыянальнай элітай беларусаў у 1918 г., мелі аніяк не меншыя падставы на падобныя памкненні, тым больш, што «Дэкларацыя правоў народаў Расіі» (ад 2 лістапада 1917 г.) гарантавала нацыям права на вольнае самавызначэнне аж да аддзялення і ўтварэння самастойнай дзяржавы. Больш таго, «пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 29 жніўня 1918 г. савецкі ўрад прыняў падпісаны У. І. Леніным дэкрэт аб адмове ад дагавораў і актаў, заключаных урадам былой Расійскай імперыі аб падзеле Рэчы Паспалітай». А гэта значыць, што расійская інкарпарацыя беларускіх зямель, якія з'яўляліся ядром ВКЛ, de iure[4] ліквідоўвалася, а за іх насельніцтвам прызнавалася права на самавызначэнне (натуральна, калі яны адмовіліся б ад ранейшага дзяржаўнага status quo[5] ў выглядзе ВКЛ[6] ці Рэчы Паспалітай, у якой Княства — у адрозненне ад Савецкай Беларусі — з'яўлялася далёка не фармальнай структурнай адзінкай, хоць яго статус у тандэме з Каронай і быў моцна паслаблены ў выніку спусташальных войн сярэдзіны XVII ст. і далейшай расійскай экспансіі). Выбар народаў былой Рэчы Паспалітай (палякаў, літоўцаў, украінцаў) быў зроблены на карысць самастойнага шляху дзяржаўнага будаўніцтва, што фактычна не пакідала альтэрнатывы беларусам у выпадку памкнення да самастойнага вырашэння свайго лёсу. Тоесную думку выказаў таксама гісторык правазнаўчай думкі Язэп Юхо.


Паўсталая ў выніку тых працэсаў БНР вымусіла лічыцца з сабою ўсіх суседзяў, якім, аднак, такое суседства не было патрэбным. У першую чаргу гэта датычыцца панскай Польшчы і бальшавіцкай Расіі. Хаця, як лічыць дзеяч БНР Кляўдуш Душ-Душэўскі, і Польшча, і Савецкая Расія фактычна прызналі БНР у 1918 г. Ён прыводзіць пэўныя доказы, што праўда, іх можна лічыць толькі ўскоснымі. Аб прызнанні БНР згадвае і Старшыня польскай дэлегацыі ў сваёй заяве на другім пасяджэнні Галоўнай камісіі мірнай канферэнцыі 4 кастрычніка 1920 г.: «Польская Республика, не ожидая шагов со стороны России, признала независимость Литвы, Украины и Белоруссии». А ў дэкларацыі расійскай дэлегацыі ад 24 лістапада 1920 г. гаварылася аб прызнанні Расіяй незалежнасці Беларусі яшчэ ў 1918 г. Ёсць і юрыдычныя дакументы, якія сведчаць аб прызнанні на прававым узроўні прадстаўнікоў БНР пры ўрадзе РСФСР (такім у якасці генеральнага консула быў Алесь Бурбіс, копія дыпламатычнага пашпарта якога захавалася). Паводле меркавання беларускага гісторыка А. Грыцкевіча, «бальшавікі ў Маскве вымушаны былі лічыцца з трэцяй Устаўной граматай да народаў Беларусі. У лістападзе 1918 г. урад Леніна нават спрабаваў дамовіцца з тагачасным урадам БНР на чале з Антонам Луцкевічам, але потым спыніў перамовы». Дый Варшава мела дыпламатычныя стасункі з прадстаўнікамі БНР менавіта ў такой іх якасці. Прэзідэнт Рады БНР П. Крачэўскі прыводзіць дакументы з цытатамі аб прызнанні ў 1918 г. незалежнасці Беларусі і Польскай Рэспублікай, і РСФСР. Паводле А. Ціхамірава, урад Украінскай Народнай Рэспублікі прызнаваў Беларусь дэ-факта, але адмовіўся прызнаць яе дэ-юрэ, спасылаючыся на ўмовы Брэст-Літоўскага мірнага дагавора. Гетман Скарападскі, які прыйшоў да ўлады пасля дзяржаўнага перавароту, заняў прыкладна такую ж пазіцыю.


Гэткім чынам, мы маем шэраг фактычных прызнанняў БНР з боку непасрэдных суседзяў, якія — будзем аб'ектыўнымі — у цэлым не былі зацікаўленыя ў падобных прызнаннях, але мусілі на іх пайсці з прычыны эвентуальнага[7] выкарыстання высокай паводле вартасці беларускай карты. Іншая справа, што прызнанні тыя былі вельмі асцярожнымі, амбівалентнымі[8] ці нават латэнтнымі[9]. І гэта зразумела. Міжнародна-палітычная кан'юнктура не дазваляла выяўляць канкрэтнасць — таго ці іншага парадку — бо:

1) існаванне незалежнай Беларусі не прадугледжвалася — у першую чаргу Савецкай Расіяй ды Польшчай,

2) канкрэтнасць, акрэсленасць пазіцыі па гэтай праблеме замінала б гнуткасці яе выкарыстання на дыпламатычна-прававым полі.

Год 1918-ы не стаў для беларусаў часам аднаўлення дзяржаўнасці. У адрозненне ад заходняга суседа (і Літвы), не хапіла ўнутранага патэнцыялу і знешняй падтрымкі каб забяспечыць БНР, абвешчанай 9 сакавіка з дэклараваннем незалежнасці 25 сакавіка 1918 г., жыццяздольнасцю. (Дарэчы, гэткі акт палякі здзейснілі толькі 11 лістапада таго ж года.) Сілы беларускага адраджэння на той гістарычны момант не маглі супрацьстаяць неспрыяльнаму ім міжнароднаму развіццю падзей па аб'ектыўных прычынах: разгром бальшавікамі ў канцы 1917 г. Усебеларускага Кангрэса / З'езда (хоць ён стаяў на савецкіх пазіцыях саюза з федэратыўнай Расіяй з мэтай фарміравання самастойнага беларускага кіраўніцтва на Беларусі) стварыў сітуацыю, у якой нацыянальныя сілы Літвы і Украіны апынуліся ў больш авантажным[10] становішчы, што прымусіла звярнуць увагу ваюючых бакоў на праблему самавызначэння гэтых усходнееўрапейскіх народаў.


Арыентацыя Усебеларускага Кангрэса патрабуе асобнай увагі. Паводле сваёй рэзалюцыі, Кангрэс імкнуўся да «отстаивания цельности, неделимости Белоруссии и неотторжения ее от Российской Федеративной республики и всех остальных принципов демократического мира, провозглашенного Советом рабочих, солдатских и крестьянских депутатов». Больш таго, сведчанне размовы старшыні Кангрэса з камісарам па нацыянальных справах І. Сталіным даўно апублікаванае. У ім адказ Петраграда быў наступным: «Никакого насильственного удержания народов в рамках какого бы то ни было государства… («Декларация советской делегации на первом пленарном заседании Мирной конференции в Брест-Литовске» от 9 декабря 1917 г. — А. Т.) (дэкларацыя — А. Т.) народу обеспечивает права свободного самоопределения путем референдума. <…> По вопросу о Белоруссии могу сказать то же самое, что и обо всех прочих народах России, т. е. полное самоопределение вплоть до отделения». Здавалася б, гэтыя словы можна расцэньваць як дазвол на дзяржаўніцкую самадзейнасць, тым больш у звязе з федэралізмам Савецкай Расіі. Але праз колькі месяцаў чарговае выказванне І. Сталіна ўдакладняе вышэйсказанае: «Принцип на самоопределение должен быть средством борьбы за социализм». Гэтым самым давалася метадалагічная ўстаноўка адносна нацыянальнай палітыкі, у тым ліку і перадусім стасоўна беларускага народа. Інакш кажучы, нацыянальнай палітыцы адводзілася роля сродку, але не мэты. Тут да месца успомніць, што, паводле марксізму, сродкі апраўдваюць мэту. Таму калі насамрэч запахла беларускім сепаратызмам, хай сабе і з савецка-сацыялістычным «духам», яго адразу памкнуліся задушыць у зародку. Згодна пражэктаў У. Леніна, паводле накідаў пачатку студзеня 1918 г., планаваўся выхад Расіі з вайны, каб:

1) тым самым узмацніць Германію супраць саюзнікаў: «пусть они истощаются (пока не взорвет революция и у них)»

2) «сначала додушить русскую буржуазию и переорганизовать социалистически Россию, затем начинать революционную войну, ни на минуту не прекращая подготовки к ней».

Каб не рызыкаваць лёсам сацыялістычнай рэвалюцыі, У. Ленін быў гатоў згубіць Польшчу, Літву і іншыя тэрыторыі (без сумневу, у той шэраг уваходзіла і Беларусь) на карысць Германіі. «Это — вернее путь к международной социалистической революции». Ніякай самастойнасці Беларусі ў святле тых пражэктаў не прадбачылася.

Разгон Усебеларускага Кангрэса прытармазіў палітычнае станаўленне беларускай нацыі, а неспрыяльныя для нас міжнародныя падзеі ва Усходняй Еўропе прывялі да таго, што пытанне пра беларускую дзяржаўнасць, як і яе юрыдычнае кшталтаванне 9 і 25 сакавіка 1918 г., атрымала працяг пазней, чым у паўночнага і паўднёвага суседзяў. Аднак гэтай прыпозненасці было дастаткова, каб яно апынулася лішнім для ўсіх, акрамя саміх беларускіх адраджэнцаў, паколькі за гэты час быў заключаны шэраг міжнародных дагавораў, якія не прадугледжвалі самастойнасці Беларусі (што нават прывяло да правядзення па Заходняй Беларусі літоўска-ўкраінскай мяжы, праўда, толькі на мапе). Зразумела, для Беларусі самы значны сярод іх быў Брэсцкі мірны дагавор.


Але ў канцы 1918 г. (пасля рэвалюцыі ў Германіі) бальшавіцкая Расія яго дэнансавала. З гэтага, асабліва з улікам прынятых самімі бальшавікамі дакументаў адносна дзяржаўнага самавызначэння народаў (vide supra[11]), для дзеячаў БНР склалася спрыяльная юрыдычная сітуацыя. Тым больш, што 29.11.1918 г., калі на пераважнай частцы Беларусі не было ніякай улады, яны прынялі IV Устаўную грамату, якая паўторна дэкларавала незалежнасць і самастойнасць беларускай дзяржавы. Аднак бальшавікі нават не звярнулі ўвагі на непадмацаваны ваеннай сілай голас маладой рэспублікі.


А. Сідарэвіч упэўнены ў a рrіоrі[12] акупацыйных намерах Савецкай Расіі, чаго не хаваў і сам У. Ленін. У яго тэлеграме да І. Вацэсіса ад 29 лістапада 1918 г. ён называе ўкраінскія і прыбалтыйскія землі акупаванымі, адзначаючы пры гэтым, што стварэннем абласных часовых урадаў аднімаецца магчымасць разглядаць рух бальшавіцкіх войск як акупацыю. Як бачым, бальшавіцкі правадыр яшчэ дбаў пра хоць нейкі мінімум вонкавай прыстойнасці. Дзеля гэтага і ствараліся так званыя абласныя бальшавіцкія ўрады для Эстоніі, Латвіі, Літвы, Украіны. Беларусь у той шэраг не мела гонару патрапіць. Прычынай таму, як будзе паказана далей, з'яўлялася еўрапейская геапалітычная кан'юнктура.


Аддзяленне ад Расіі, паводле У. Леніна, насамрэч дапускалася толькі тэарэтычна: «Мы за автономию для всех частей, мы за право отделения (а не за отделение всех!) <…> В общем, мы против отделения. Но мы стоим за право на отделение. <…> Ничего, абсолютно ничего кроме права на отделение здесь нет и быть не должно» (усе вылучэнні шрыфтам — аўтарскія). Такая вось імперыялістычная амбівалентнасць.


Выкрывае фарысейства У. Леніна і беларускі гісторык Іларыён Ігнаценка: «На пытанне: «што вышэй — права нацый на самавызначэнне або сацыялізм?» У. І. Ленін адказваў: «сацыялізм вышэй». «Ці дазволена з-за парушэння права нацый на самавызначэнне аддаваць на з'яданне Савецкую сацыялістычную рэспубліку, падстаўляць яе пад удары імперыялізму ў момант, калі імперыялізм заведама мацнейшы, а Савецкая рэспубліка заведама слабейшая? Не. Не дазволена. Гэта не сацыялістычная, гэта буржуазная палітыка». «З такім тлумачэннем У. Леніна можна было б пагадзіцца толькі пры адной умове — калі б размова ішла аб абароне сацыялістычнага грамадскага ладу. Але ў той час такая ўмова адсутнічала. Рэвалюцыя, якая адбылася ў кастрычніку 1917 г., не з'яўлялася сацыялістычнай, не было таксама і сацыялістычнага грамадскага ладу. Да 1920 г. У. Ленін быў упэўнены у тым, што ў кастрычніку 1917 г. сацыялістычнай рэвалюцыі ў Расіі не было». Само кіраўніцтва савецкай краіны маркіравала свой прыход да ўлады ў 1917 г. пераважна пераваротам. На практычную несацыялістычнасць кастрычніцкай падзеі слушна ўказвае і польскі мысляр Лешак Калакоўскі: «Бальшавіцкі пераварот у Расіі не заслугоўвае на гэткае найменьне таму, што не схіляў сваю моц з канфлікту паміж буйнапрамысловым пралетарыятам і капіталам; ён быў праведзены пад лозунгамі, якія ня мелі ніякага сацыялістычнага зьместу, ня кажучы ўжо пра зьмест марксістскі (мір і зямля для сялянаў)».


Нягледзячы на тое, што яшчэ летам 1916 г. У. Ленін катэгарычна не згаджаўся з тымі, хто адмаўляў няспеласць украінскага і беларускага нацыянальных рухаў[13], на самой справе бальшавікоў не турбавала пытанне пра беларускую дзяржаўнасць: у важных гістарычных дакументах Беларусь не згадвалася ў кантэксце народаў з правам на нейкую дзяржаўнасць. Пакуль беларускі нацыянальны рух (як, зрэшты, і іншыя) набываў сілу пад царскай уладай, ён каталізаваўся бальшавікамі, бо такім чынам расхістваўся царызм. Яшчэ на самым пярэдадні кастрычніцкага перавароту У. Ленін, што праўда, у форме рытарычнай фігуры ўмоўнага ладу заяўляў пра «немедленное восстановление полной свободы Финляндии, Украины, Белоруссии, для мусульман и т. д.» Калі ж бальшавікі захапілі ўладу, ім нацыянальныя рухі сталі муляць, і яны іх імкнуліся мінімізаваць ці фармалізаваць, а беларускі — на пэўны час увогуле быў выключаны з актуальнага кантэксту.

Тэарэтычныя дэкларацыі бальшавікоў засцілі вочы не ўсім. Некаторыя лідэры беларускага нацыянальнага руху бачылі, што на практыцы савецкая Масква не збіраецца прадпрымаць нейкія крокі да задавальнення нацыянальных памкненняў беларусаў. Менавіта ў такім сэнсе гучыць меркаванне Я. Варонкі адносна І. Сталіна, погляды якога тут цалкам супадаюць з вышэй прыведзенымі словамі У. Леніна пра права на аддзяленне.


Традыцыя разглядаць Беларусь складовай часткай маскоўска-пецярбургскай Русі мае даўнюю гісторыю. На феномен стратэгічнай важнасці Беларусі для Расійскай імперыі звярнуў увагу яшчэ М. Мураўёў: «Здешний край искони был русским и должен им оставаться <…> польский элемент здесь есть пришлый и должен быть окончательно и решительно подавлен <…> в противном случае Россия безвозвратно лишится Западного края и обратится в Московию, т. е. в то, во что желают поляки и большая часть Европы привести Россию». NB: тут ідзецца менавіта пра Беларусь, а не пра іншыя каланізуемыя землі імперыі. Відавочна, бальшавікі гэта таксама разумелі і адпаведна дзейнічалі. (Дарэчы, на сучасным этапе, паводле меркавання многіх палітычных дзеячаў — у тым ліку і расійскіх, — важнасць Беларусі для Расіі зноў актуалізавалася ў тым жа самым сэнсе, што чарговы раз пацвярджае рацыю Мураўёва.)

Заангажаваныя ў справах Беларусі бальшавікі мелі выразна антынацыянальныя намеры, аб чым можна аб'ектыўна меркаваць па словах галоўнага бальшавіцкага ідэолага «Заходняй вобласці» В. Кнорына, якія недвухсэнсоўна характарызуюць палітычную лінію бальшавікоў: «Мы лічылі, што беларусы не з'яўляюцца нацыяй і што тыя этнаграфічныя асаблівасці, якія іх аддзяляюць ад астатніх рускіх, павінны быць зжыты. Нашаю задачаю з'яўляецца не стварэнне новых нацыяў, а знішчэнне старых нацыянальных рагаткаў. Беларускі ж рух з'яўляецца такім узвядзеннем новых нацыянальных рагаткаў, якіх не было да гэтых пор, а таму камуністы не могуць у якім бы то ні было выглядзе прымаць удзел у гэтым руху. …Мы, камуністы, у тым краі, што вы называеце Беларуссю, працуем, не лічачыся з тым, якога мы роду і племені. <…> Беларускі рух — гэта адраджэнне ў пачварных формах сацыял-шавінізму, з якім мы так доўга вядзем барацьбу» (восень 1918 г.). У. Ленін яшчэ 29 красавіка 1917 г. адкрыта заяўляў: «Конечно, теперь насилие царит над Польшей, но чтобы польские националисты рассчитывали на освобождение ее Россией — это измена Интернационалу». А 22 верасня 1920 г., г. зн. пасля правалу наступлення на Варшаву, у палітычнай справаздачы ЦК ІХ Усерасійскай канферэнцыі РКП(б) У. Ленін прызнаўся не для друку, што тым наступам яны імкнуліся дапамагчы «саветызацыі Літвы і Польшчы». І калі з дзейнасцю БНР, якая імкліва слабела, бальшавікі маглі спраўляцца адной прапагандай, амаль не хаваючы сваіх намераў, то з моманту адраджэння Версальска-Вашынгтонскай сістэмы Польшчы, якая адразу выявіла імперскія амбіцыі, беларуская праблема запатрабавала ад Крамля аператыўнага і прагматычнага вырашэння.


Лакалізацыя новай Польшчы ў межах яе этнічных тэрыторый, на думку аднаго з польскіх лідэраў Р. Дмоўскага, прывяло б у будучыні да знікнення польскай дзяржавы, хоць сам гэты палітык лічыў, што нацыянальная польская дзяржава можа адмовіцца ад «крэсаў». Што было цалкам верагодна, бо ў адрозненне ад Савецкай Расіі, якая прэтэндавала на ўсю Польшчу, апошняя імкнулася толькі пашырыць сваю тэрыторыю за кошт «красаў», на якіх меўся пэўны працэнт палякаў. У сучаснай польскай гістарыяграфіі існуе наступнае меркаванне: «Спачатку прадстаўніцтва Польшчы настойвала на аднаўленні межаў 1772 г., каб пазней — з улікам сітуацыі ў асобных рэгіёнах былой Рэчы Паспалітай — часткова адмовіцца ад разлеглых абшараў на ўсходзе і дамагацца на захадзе тых зямель, на якіх пражывалі палякі».


Пазіцыя Польшчы (у далейшым будзем называць яе і паўзабытым у гістарыяграфіі сапраўдным найменнем — Польская Рэспубліка, а не выдуманым роst factum[14] «ІІ Рэч Паспалітая») у дачыненні да Беларусі была ў нейкім сэнсе вымушанай (што, аднак, яе не апраўдвае, але тлумачыць дэтэрмінізм): каб не стаць другой Украінай, якая ўрэшце пасля ўпартай барацьбы трапіла назад пад уладу «Маскалёў», палякі выяўлялі большыя прэтэнзіі — «ад мора да мора», што дазволіла б (і ўрэшце дазволіла) захаваць ядро дзяржавы. Больш таго, ваенна-стратэгічныя пралікі М. Тухачэўскага і савецкай дыпламатыі далі магчымасць Польшчы устанавіць сваю мяжу далёка на ўсход ад лініі Керзана, якая спачатку расцэньвалася як дзяржаўная. Да таго ж, каб краіны суседзі, у тым ліку і перш за ўсё Польшча, не здолелі замацаваць сваю незалежнасць, наўрад ці бальшавікоў турбавала б пытанне пра беларускую дзяржаўнасць. Як лічыць у сваім публіцыстычным эсэ беларуска-польскі літаратар Сакрат Яновіч, «перамога Тухачэўскага з Дзяржынскім пад Варшаваю ў 1920 г. працягнула б польскае бездзяржаўе (з канца XVIII ст.), нягледзячы на ўтварэнне Польскай ССР ад Шлёнску да Бярэзіны, з Беларускай АССР на прасцягу Менскай губерні. Быў такі план, выраблены ў Беластоку».


Такім чынам, адпачатку было бачна, што «вышэйшыя інтарэсы рэвалюцыі ўжо на стадыі юрыдычнага афармлення БССР прадвызначылі яе незайздросны лёс, і яна павінна была спыніць сваё існаванне». Гэтую выснову зрабілі сучасныя беларускія гісторыкі, дактары навук Р. Платонаў і М. Сташкевіч на аснове аналізу матэрыялаў аб стварэнні савецкай дзяржаўнасці Беларусі.


Відавочна, без тэрытарыяльных прэтэнзій версальскай Польскай Рэспублікі на беларускія землі аўтэнтычнасцьНаш сайт является помещением библиотеки. На основании Федерального закона Российской федерации "Об авторском и смежных правах" (в ред. Федеральных законов от 19.07.1995 N 110-ФЗ, от 20.07.2004 N 72-ФЗ) копирование, сохранение на жестком диске или иной способ сохранения произведений размещенных на данной библиотеке категорически запрешен. Все материалы представлены исключительно в ознакомительных целях.

Copyright © UniversalInternetLibrary.ru - читать книги бесплатно