Электронная библиотека
Форум - Здоровый образ жизни
Акупунктура, Аюрведа Ароматерапия и эфирные масла,
Консультации специалистов:
Рэйки; Гомеопатия; Народная медицина; Йога; Лекарственные травы; Нетрадиционная медицина; В гостях у астролога; Дыхательные практики; Гороскоп; Цигун и Йога Эзотерика


Напачатку была Свабода, і Свабода была ўруках Народа… Памяць аб страчанай намі свабодзе свеціць нам у паняволенні нашым, і няволя не пагасіла ў нас жадання свабоды.

Вацлаў Ластоўскі («Патрыятычны малітвеннік»)

Вярні нам Бацькаўшчыну, Божа,

Калі ты цар і неба і зямлі.

Янка Купала


Кніга першая. І ДАМ ТАБЕ ВЯНОК ЖЫЦЦЯ


Салаваспеў

Ішоў дождж — той, што можа быць толькі ў Фларыдзе і толькі на пачатку лістапада: густы, неашчадны. Спорна грукацеў па даху, шаргацеў па шыбах, зацякаў у душу…

Яшчэ з лета Алесь Хведаравіч — сам не свой. Непакоіцца, не спіць, а да ўсяго — сэрца кволіцца пачало, яго старэчае спрацаванае сэрца. Пэўна, апошнія месяцы разменьвала, бо з чаго гэта сярод восені — акурат на Дзяды — пачалі стукацца ў памяць сябры і знаёмцы, з якімі даўно ўжо развітаўся й якія ўжо даўно пакінулі турботны свет? А гэтыя цугі ўспамінаў, згадак, трызненняў — з далёкага, нават мройнага. Асабліва ў такія вось ночы — дажджлівыя, беларускія…

А калі аціхае наўкола — узрушвае штось, заве таемна-зманліва. І так, ды так салаўінага спеву хочацца — маладога вясёлага!

Дзіўна..

Калі яго паласаваў боль, ён стойваўся і трываў, калі яму станавілася няўсцерп — стомна ўсміхаўся…

Калісьці сябар (па працы на амерыканскіх каменяломнях) прывёз яму магнітафонны запіс салаўіных спеваў — надарылася была такая магчымасць, праязджаў праз Беларусь. І прыпыніўся ў прысадах пад Мінскам, птушак падпільнаваў, - з ягонай просьбы…

Ноч цэлую — зноў і зноў — слухаў ён тады гэты запіс. І плакаў, і смяяўся. І жывыя выцілінькванні салаўіныя нагадаць намагаўся, бо ўсё ж было ў той магнітнай музыцы штось прыштучненае, абрабаванае, недавезенае. Як і кветку ў гербарыі не разнюхаеш, так і салаваспеву па стужцы не вычуеш…

Так і ён сёння — ці не той жа казённы запіс далёкае беларускае гісторыі, прачуць якую толькі адзін ён і здольны цяпер? А тае значасці: сцяры-размагніць ягоную памяць-стужку — і што, першаспеў-гісторыя знікне? Не, канечне… Але яму тады, у адзіноце, выразна ўяўлялася, што з такіх адзінкавых дачыненняў — распазнавання жывога поспеву, удыхання кветкавага водару (другі, трэці разы тога, першага, не адчуць!), смакаванні свежага нектару вершаванай метафары — і сплятаюцца імгненні чалавечыя. А жыцця, насамрэч, і няма, бо гэтым доўгім, часта асколіістым словам падмяняць звыклі тое вязьмо-пярэвітак усемагчымых паўтораў, - як слуханне магнітнага салаваспеву, перагортванне гербарыю…

Але колькі ж тых руладаў-мелодый у салаўя?! Не болей сямі (пералічваў жа ўсю ноч)! І ў іх узнесці песню свайго жыцця! А вось яму ўвесь час і бракавала гэтых сямі мелодыяў, слоў… І ці знойдзе ўжо іх ці расчуе?

І як песня, толькі ўжо не на стужцы, праслухоўвацца пачало цяпер ягонае жыццё. Жыццё затоенае, доўгае-доўгае праз тое, што спяваць не пераставалі ў ім якраз тыя сапраўдныя беларускія салаўі, спявалі болесна і радасна

…Аціхае дождж — а ён не можа заснуць. Ад сэрца лекі праглыне, коўдру ўсцягне, а подумкі — не схавацца ад іх, не пазбегчы. Трываў, гараваў, ліпеў — і грошы ёсць, ледзь не катаржна, праўда, прызаробленыя, і дом свой, не горшы ў горадзе — ды пусты дом, адзічэлы нават. Жонка памерла яшчэ ў шасцідзесятых, а адзіны сын Міхась мае свой дом, сваю сям'ю і працу ў Ню Ёрку… Наведваецца раз на год, уамерыканіўся, нават прозвішча жончына ўзяў…

Дзесяцігоддзямі ён хаваў сябе — у працы, ратаваў літаратурай, а яно вазьмі дый лавінай прарвіся, і не калі-небудзь, пры моцы-здароўі, а вось цяпер, ціха, патрабавальна.

І раптам як агнём апякло: ехаць дадому. Былі ж — па газэтах знаў — на Беларусі і Сяднёў, і іншыя. І назад вярнуліся. І савецкай імперыі няма ўжо. Гэта ж так проста ранкам замовіць білет, і праз якіхсьці восем-дзесяць гадзінаў лёту…

І зусім ужо нечакана — ён заснуў, заснуў спакойна (такога даўно не здаралася), акрыўся салодкім дзіцячым сном. І бачыў маці сваю, і з дзедам гаварыў, і за Цароўку, вёску сваю слуцкую, кудысь весела бег — нібыта дождж даганяючы…


…Незвычайна нейк сцюардэса ў вочы зірнула — як зразумела штось, як паспачувала. А мо проста за ўзрост ягоны, далёка ўжо не небны (ці наадварот — не зямны) непакоілася, — каб не здарылася непрыемнасці…

Самалёт ад зямлі адарваўся, а ён — ад рэальнасці, у туманнасць мройную акунуўся, быццам сам у сябе — маладога, колішняга — увайшоў…


Папараць-Кветка

Першая купальская ноч іх дарослага жыцця прыйшла нечакана: толькі-толькі, здавалася, над зялёнымі шапкамі Слуцку вісеў сонечны яблык, вотолечкі цікаваў над імі неўтаймовец-жаўрук, як раптам сонца пачало хавацца, адно няроўныя вішнёвыя стужкі параскідвала па небакраі — нібыта хтось (можа, нават і вецер) наспех абчысціў яблык-сонца; дзесь у духмяным чаборы нагледзела сабе начоўку маладая пара жаўрукоў… Прыпынілася ў невысокіх берагах і рэчка. Чубы полымя люстраваліся на яе роўнядзі — гарэзілі й лашчыліся ў маленькай затоцы.

Яны ж, слуцкія гімназісты-аднакашнікі (адзін толькі Фабіян Шантыр ужо настаўнічаў) упаўкруг сядзелі вакол полымя, калі за спінамі нечакана пачуўся мядзведжы трэскат — Сяргей Бусел, завадатар-весялун, цягнуў да агня аграмадную сухадрэвіну.

— Ну, Клекатун, ці не купалка-русалка табе падсобіла — такую стваліну вывернуць… — падчапіў Андрэй Бараноўскі.

Мянушка да Сяргея прыстала не толькі з-за ягонага прозвішча — Бусел, але і праз вялікую гаварлівасць: як пачне, бывала, «клекатаць», дык каму-небудзь цяжка і слова ўшпіліць.

Але гэтым разам Бусел змаўчаў, прысеў каля яго, Алеся, і ціха адсопваўся — стаміўся.

Калі сухадрэвіну, з цяжкасцю паламаўшы, укінулі ў агонь, сноп іскраў ускружыў у неба, далёка асвяціўшы і сонную рэчку, і рэдкі арэшнік, і квола прытуманены ўскраек лугу.

Хлопцы, нібы апамятаўшыся, кінуліся купацца (як і былі — у штанах, адно кашулі паскідвалі), на іх з завідкай пазіралі дзяўчаты — сёстры Марыя і Людміла Стагановічы ды Алена Лабуш (дачка гаспадароў, у якіх кватаравалі сёстры, толькі збіралася паступаць у гімназію), пазіралі, але ў рэчку лезці не асмельваліся — сорам.

Ён любіў плаваць ноччу. Вада, шчодра налечаная за дзень, была асабліва мяккай. У густым цемрыве рачная роўнядзь пялёскалася ціха, перад самымі вачыма злівалася з нябачным небам… А цяпер — дык і зусім дзіўна пераблытваліся сполахі-іскрынкі полымя і зярняты зорак. Доўга плыў на спіне, губляючыся паміж чорнай рэчкай і покрывам начы, вада гулліва набягала на ягоны твар, пяшчотна казытала вусны. Ён успамінаў мінулы ўжо год вучобы, шкадаваў, што днём не адшукаў у Слуцку новых беларускіх кніжак. Колькі гадоў таму і сам пачаў пісаць вершы, некаторыя з іх ужо змясцілі ў гімназічным часопісе «Прамень» — пад псеўданімам Алесь Ваяр. Штось натхнёнае трапяталася ў душы і зараз — ён хацеў напісаць пра гэтую ноч, пра іхняе чубатае полымя, пра залатоўкі-зоркі…

Здалёк убачыў, як паважна вылез на бераг Шантыр, атрэсваючы кучаравую копку валасоў, выпырхнуў з вады Мікола Асьвяцімскі і — вот жа пралаза! — усеўся паміж Марыяй і Людай. Мікола, старэйшы за Алеся на два гады, пачаў апошнім часам зашмат заляцацца перад малодшай Стаганавічанкай… Мікола ганарыўся сваім старэйшым братам Маркам, старшынёй слуцкай арганізацыі эсэраў, да якога часта прыязджалі шаноўныя людзі з Менску.

«І чаму ён да старэйшай Марыі — не хінецца?» — прызлоўваў Алесь…

Спяклася бульба, яе хутка выграблі — каб астывала — і, падкінуўшы на вуголле сушэйшых голек, пяклі сала. Алена расхінула абрус, і дзяўчаты выклалі на яго яйкі, цыбулю, хлеб. Па-важнецкі выставіў на траву дзве пляшкі «крамніцы» Асьвяцімскі…

…Як хутка надышла, так борздзенька і збягала за недалёкія ўзлескі купальская ноч, жвава падмятаючы сваёй пасвятлелай спадніцаю пухматыя туманы пад лугавымі ўзлобкамі. Схмялелыя — больш ад гэтай вольнай начы, нязведанага прастору, чым ад выпітага, — яны сядзелі моўчкі, грэліся каля пераліўнага россыпу вуголля — толькі неўгамонны Клекатун высільваўся для ўсіх, апавядаючы пра свае чэрвеньскія прыгоды.

- Дык што, так і разыдземся йзноў да самае вучобы? — Асьвяцімскі, як і не чуючы Клекатуна, прыкурваў, і Алесь тады скарыстаў узніклую пярэрву, агледзеў паўкруг (Люда падкруціла пальчыкам доўгі кудзярок, што звісаў на скронь, і апусціла вочы).

- Сябры! — ажывіўся Шантыр. — Я неяк вычытаў, што раней у Вільні былі студэнцкія гурткі… філаматаў і філарэтаў, дык давайце штось падобнае створым і ў нас… (Шантыр нарадзіўся ў Слуцку, у сям'і муляра. Пабыў прыватным адвакатам. За ўдзел у рэвалюцыйным руху паспеў адседзець у турме. У 1914-ым служыў нават у царскай арміі, у Менску і з Багдановічам, і з Бядулем сустракаўся — і не толькі павагу ва ўсіх іх выклікаў, але й захапленне, спагаду.)

- А што… Суполку сваю ці таварыства… — Сяргей Бусел — было відно па вачах — ужо не меў ахвоты цягнуць ранейшыя показкі.

- Можна было б заснаваць свой невялічкі тэатр, ладзіць спектаклі… Запрасілі б з Менску артыстаў! — дадаў Андрэй Бараноўскі.

- І назваць гэтае таварыства «Папараць-Кветка», на якую мы сёння чамусь забыліся, — усміхнуўся і ён, Алесь.

- А што… добра! — прыўзняўся наўколенцы Васіль Русак. — Яй бо… добра! Толькі ж вы, братцы, пра хор забылі! - І, узварухнуўшы свой святлявы чуб, заспяваў (ён наогул любіў спяваць).

Дзяўчат вызваліся праводзіць Алесь, Мікола і Сяргей. Ускраек Слуцка выглядаў сцішанай вёскай: тыя ж няроўныя драўляныя хаты ў густых садках, лапікі зямлі, пакрытыя бульбоўнікам і ўжо крыху пажаўцелым ячменем каля самай вулкі. Вусатыя каласкі вылазілі з-за плота і блыталіся ў прычаўрэлай крапіве.

Раптам Люда гарэзна ўсміхнулася і, кальнуўшы яго іскаркамі зеленаватых зрэнак, расцяжна прадэкламавала:

Мне цалавалі шыю спелыя жыты,
а так хацелася, каб гэта была ты…

Ён ледзь тады не спатыкнуўся на роўнай дарозе: гэта ж пачатак ягонага верша, змешчанага ў «Промні»! Усю дарогу да Лабушаў плёўся моўчкі, злуючыся на сваё няўмельства расцякацца салаўём — як гэта рабіў Сяргей, і толькі калі ўвайшлі ў двор, а Люда падалася выкруціць вады з калодзежа, ён дапамог выцягнуць вядро і, нязграбна разліваючы ваду на свае і яе ногі, высмеліў:

- А ведаеш, Людка, той верш… пра жыты… я пісаў табе…


«…Аціхлая мая Цароўка! Пакутная мая Случчына! Абяздоленая Беларусь!

Стагодзьдзямі вытоптвалі Твае сьвятыя папаратнікі чужынцы з усходу і захаду, рабавалі хціўцы з поўначы і поўдня. А як толькі сонца найвышэй у неба ўзыходзіла — расцьвітала-адраджалася Ты, і наноў на абшары Твае абуджаныя дзеці выходзілі — кветку-шчасьце шукаць, Кветку-Папараць. А яна — Кветка-Папараць — і сьветлым, і прарочым знакам-сімвалам Беларусі стала — нібы лёс краіны высьвечвае: і надзеі на шчасьце, на цуд, казку чароўна-цалебную, — а насамрэч аніхто з жывых яшчэ сьвятлом ейным не спатоліўся…

…Усё часьцей на схіле майго веку паўстае неадчэпнае — «Чаму?». Чаму краіна з такім прыродным багацьцем, такім трывалым народам — і не малым.! — аніяк надзей сваіх лепшых спраўдзіць ня можа? Чаму дазваляла і дазваляе каланізаваць сябе — баёдаць свае папаратнікі?

Ці ж мала крыві ейныя, алтары залівала? Ці ж горшымі вестуны-прарокі былі?

А тады — чаму?!»

(З дзённікавых запісаў Алеся Ваяра.)


Пад чужою «апекай»

Восень 1918-га выдалася сухой і цёплай. У гімназіі ішлі заняткі, здавалася, што яны і не перапыняліся летам — так хутка праляцелі вакацыі, нібыта іх і зусім не было. «Папараць-Кветка» — створаная імі маладзёжная культурна-асветніцкае таварыства — наладзіла ўжо некалькі сходаў. З лекцыямі па гісторыі беларускага краю і яго культуры перад «папараць-кветаўцамі» выступілі ўжо Станіслаў Петрашкевіч, Іван Бржазоўскі, Марк Асьвяцімскі — вядомыя палітычныя дзеячы Случчыны. Паставілі «Паўлінку» Янкі Купалы — мяркуючы па водгуках, атрымалася някепска. Праз некаторы час узнікла і свая тэатральная секцыя, кіраваць якой пачаў Андрэй Бараноўскі. Склаўся хор — праз намаганні Васіля Русака. Сабралася нават свая бібліятэчка беларускіх выданняў: «Dudka belaruskaja»» Францішка Багушэвіча, «Жалейка» Янкі Купалы, «Песні-жальбы» Якуба Коласа, «Вянок» Максіма Багдановіча… Яму, Алесю, даручылі праводзіць літаратурныя сустрэчы.

«Папараць-Кветка» хутка ўзрасла да ста сяброў. Яе ўправу — часцей за ўсіх Бараноўскага і Бусла — пачалі запрашаць на паседжанні Слуцкага нацыянальнага камітэта, які існаваў ад 1918 года і трымаў цесную сувязь з Радаю Беларускай Народнай Рэспублікі. Апекавала ж «Папараць-Кветку» слуцкая філія Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Бараноўскага абралі нават сакратаром партыйнай філіі і сябрам ЦК. Эсэрамі сталі і Васіль Русак, і сёстры Стаганавічанкі.

Рэўком усталяваўся ў Слуцку толькі ўвесну 1919-га. І гэты перыяд бальшавіцкай улады ў павеце Алесю памятаўся найменш. Адно надоўга ўеўся выпадак з былым першым камісарам горада «таварышам» Красніцкім. Ён заявіўся ў Слуцак праз некалькі дзён пасля ўваходу Чырвонай арміі — ганарова, на зіхоткім аўто, у суправаджэнні трох «упаўнаважаных». Перадаў старшыні рэўкома мандат і адрэкамендаваўся асобым дарадцам Багуцкага, першага сакратара ЦК КПБ(б). Пасля знаёмства са старэйшымі камандзірамі запрасіў сувязь са стаўкай — далажыць пра свой прыезд, чым здзівіў усіх і збіў спанталыку: ніякай сувязі са «стаўкай» не было.

Пасяліўся Красніцкі ў ціхім доме Вайніловіча — лепшым у горадзе, а жыццё павёў далёка не ціхае. Тры ягоныя ахоўнікі да вечара раз'язджалі па вёсках, раскідвалі звязкі старых газэтаў і збіралі «развёрстку» для патрэбаў ваенных шпіталяў. За «экспрапрыіраваную» маёмасць — зазвычай харч і адзенне — выдавалі цэтлікі з подпісам Красніцкага. Затым усё агулам мянялася ў мясцовых перакупшчыкаў-габрэяў на гарэлку і грошы, і вясёлая чацвёрка ўскоквала ў аўто і выязджала на баляванне. Праз суткі ўсе, апухлыя і злыя, зноў варочаліся ў горад.

На другі тыдзень Красніцкага выкрылі — ніякага камісара ў Слуцак не выпраўлялі. Калі соннага «госця» вывелі ў калідор Вайніловічавага дома, той пра штось абурана загугнявіў, шкрабучы свой тоўсты шнар — ад губы да вуха (хваліўся раней, што гэта знак кадэцкай шашкі), а потым выхапіў наган, параніў чырвонаармейца, скочыў праз расчыненае вакно ў аўтамабіль (заўсёды ставіў яго там) і газануў з горада. Яго «ўпаўнаважаных» схапіць паспелі і назаўтра расстралялі…

Але абвыкацца з новай уладай Саветаў давялося нядоўга — ужо ў сакавіку на Беларусь рушылі польскія легіёны…

Прыгадалася нібы ўчарашняе: сцішаны летні надвячорак, маці з дзедам — у хаце, ён — каля вакна спяшае завідна дачытаць нейкую кніжку, як раптам па вуліцы пранесліся з дзесятак вершнікаў (ён не паспеў нават разгледзець іхняй формы, кінуўся ў вочы адно трохкутны бела-чырвоны сцяжок на дрэўку-дзідзе першага конніка). А праз пяць хвілінаў у ягонай Цароўцы з'явіліся і асноўныя польскія часткі. Жаўнеры, сярод якіх бачыў шмат вусачоў, - у навюткай вопратцы, боты й папругі шляхоцка зіхцелі, твары спакойныя і ўпэўненыя. Уразіла найперш вялікая колькасць артылерыі. Зрэшты, не… За войскам па выбітай вулцы прарыпелі фурманкі з правіянтам і паходным начыннем (коламі, вёдрамі, рыдлёўкамі). А ўпрэжаны ў іх былі коні невядомае пароды — аграмадныя цяжкавозы з доўгімі вушамі. З «валавікоў» найбольш распаўсюджанымі былі на Случчыне цяжкія ардэны. Для кавалерыйскіх вайсковых частак сяляне (пераважна ў Семежаве, Бокшыцах і хутарах пад Пагостам) гадавалі — на продаж — і коней расавай пароды. А тут — невядомыя даўгавухія лашакі, што цягнулі гарматы. І дзед, седзячы наўздалёк і стараючыся не паказваць сваёй узрушанасці (нават калі тарахцелі два танкі), тых коней прапусціць не здолеў — прыліп, як хлапчук, да вакна і толькі цмокаў: «Такія паўдня плуга цягаючы не ўзмакрэюць…»

І, выглядаючы апошнюю фурманку, скінуў з падаконніка вялікі вазон альвасу…

Падобны праход, толькі немцаў у 1918 годзе, пабачыць дзед не здолеў: моцна хварэў і амаль месяц не злазіў з печы. Нямецкае войска акупавала Беларусь напрыканцы лютага. Па старой Варшаўцы — на Бабруйск (частка — на Менск) ішлі праз горад стройныя калоны зялёна-пыльнага колеру — пад стальнымі шлемамі. Доўга грукаталі па ледзяной брукаванцы аўтамабільныя абозы, аграмадныя артылерыйскія паркі з гарматамі, раўлі танкі і браневікі; машыны, вымаляваныя ў ламаныя лініі кідкіх колераў, везлі пантоны — цэлыя масты для пераправаў. Невысока над дамамі правуркаталі некалькі ваенных аэрапланаў…

Не зважаючы на беднасць краю, немцы пачалі збіраць з насельніцтва кантрыбуцыю — аграмадная жалезная машына патрабавала і аграмадных затратаў! Прайшоў перапіс гаспадаркі, і сялянства, паверыўшы салодкай агітацыі, пусціла было чуткі: немцы адбяруць у тых, у каго многа, і перададуць бедным. Аднак выйшла зусім па-іншаму. Інтэнданцтва зацвердзіла падатак: ад кожнай куры належала здаваць у абоз па два яйкі ў тыдзень, ад кожнай каровы — пэўную колькасць фунтаў масла за месяц, ад кожнага парсюка — пэўную частку сала, з кожнай дзесяціны зямлі — вось столькі збожжа. Праз некаторы час немцы пачалі разлічвацца за ўсё маркамі…

Ды толькі Алесь быў упэўнены, што ні аграмадзіны-гарматы, ні браневікі не змаглі б тады здзівіць дзеда — як тыя польскія цяжкавозы з доўгімі вушамі!..


Можа, пану кавы? — да рэальнасці змусіла вярнуцца сцюардэса, стрункая, сінявокая. З неўтаймоўнымі кудзяркамі на шчоках.

Ён доўга няўцямна ўзіраўся ў яе вочы, адганяючы памарак успамінаў, і нечакана мовіў па-беларуску:

- Ды якая, дачушка, мне ўжо кава… Ці не прынесла б якіх-небудзь газэт пачытаць? — і, заўважыўшы неразуменне, паўтарыў, апамятаваўшыся, тое ж па-ангельску…

Сцюардэса адразу ж падала некалькі свежых — яшчэ пахкіх фарбаю — выданняў і наструнілася йсці далей, да суседняга раду:

- Гэта ўсё?

- Яшчэ… Яшчэ скажыце, калі ласка, як вас завуць?

- Ева - яна зноў ветліва ўсміхнулася…


Беларуская моладзь ідзе

І зноў з глыбокіх спратаў ягонай памяці абудзілася-выйшла даўнішняе: вялікая зала гімназіі, «папараць-кветкаўская» «Паўлінка» (ці не па алюзіі першынец - Паўлінка з першароднаю Еваю наплыла?). Андрэй Бараноўскі заліхвацкім Быкоўскім быў, Марыя Стагановіч — Паўлінкаю. Яны ж — Алесь і Люда — сядзелі ў кутку на самай апошняй лаве. Яшчэ днём Люда назбірала ў парку букецік апалых кляновых лістоў — дзіўнага палымяна-ружовага колеру — і, нібы веерам, зрэдку адганяла і яго, занадта гаварлівага, узбуджанага…

Ці не тады і адбылося ў яго нечаканае знаёмства? Дзверы асцярожна прачыніліся (з палову спектакля ўжо адыгралі), і ў залу ўвайшлі двое: адзін — на вока іхніх гадоў, цыбаты, з глыбокімі чарнявымі вачыма, другі — старэйшы, каржакаваты, з жоўтымі валасамі — і, хітнуўшы галовамі, вітаючыся, праціснуліся да галёркі і прыселі акурат каля яго. Здзівіла іхняя вопратка — не па часе зімняя (доўгія кажухі і цёплыя аблавушкі ў кішэнях). Яны моўчкі ўважліва прагледзелі спектакль, доўга разам з усімі пляскалі-дзякавалі артыстам, а ўжо калі ўсе пачалі разыходзіцца, перапынілі Алеся:

— А хто галоўны ў вашым гуртку?

— Бараноўскі Андрэй, ён жа сёння Быкоўскі…

— А ці не пазнаёміш нас з ім? — папрасіў вышэйшы і падаў руку: — Настаўнік Адам Бабарэка. — І далікатна агледзеў карычняватымі вачыма. — А гэта — мой сябар Андрэй Астрэйка.

— Алесь… Яцкевіч. - І ён адразу адчуў да хлопцаў сімпатыю. — Хвілінку… — Дабраўся да сцэны і прывёў яшчэ не пераапранутага Бараноўскага.

— Як на маё, дык трэба б найперш падсілкавацца, — пасля першых роспытаў усміхнуўся Андрэй. — Хадземце ў наш «пастарунак», гарбаты заварыма!

«Пастарункам» яны называлі пакойчык пад цэнтральнымі прыступкамі на першым паверсе, які выпрасілі ў гімназічнага начальства для сваёй «гаспадаркі» — тэатральных дэкарацыяў і жоўтага самавара.

Помніцца, быццам заўчора было: грызлі сухары, запіваючы падсалоджаным настоем чабору й мяты… І ці не жартам Бабарэкі распачалася тады гаворка:

— А што… Добры штаб займелі! Вось толькі б перакуліць яго… (Пакой быў вузкі, але занадта ўжо высокі.) — Бабарэка яшчэ раз зірнуў на столь, зноў цмокнуў: — Ці хоць бы другі паверх прыстадоліць…

Неяк за несур'ёзным госці незаўважна перайшлі да галоўнага. І вёў рэй старэйшы — Астрэйка, па-праўдзе, крыху нават агаломшыў:

— Усе вы людзі ўжо дарослыя, і таму як ёсць, так і пачну. Ужо тры тыдні мы бадзяемся па лесе, ноччу толькі забягаем у свае вёскі пагрэцца і папоўніць харчы… — і расказаў аб тым, як ён, загадчык адзьдзела адукацыі Пукаўскай воласці, са сваім сябрам настаўнікам Бабарэкам арганізоўвалі гурткі вясковай моладзі, разам з сельскімі актывістамі «праводзілі палітыку Савецкай улады». І вось з восені — у падполлі.

Жыццё не лягчэе, а час — бяжыць, бяжыць хутка. Таму ці не трэба ўсім беларусам, пачынаючы з моладзі, шукаць паразумення, аб'ядноўвацца?..

- У нас па нашым — паўночным — кутку Случчыны, — далучыўся Бабарэка і прыцішыў голас, — ужо створаны цэлы звяз-ланцуг надзейных хлопцаў, арганізаваны пяцёркі, ад якіх атрымліваем інфармацыю з кожнай вёскі — ад Варкавічаў ледзь не да Узды. Косткай у горле сялянам становяцца і польскія парадкі, і самі палякі. Штодня даходзяць чуткі: там злавілі аднаго, там двох, а там — пяцёх хлопцаў. Катуюць па-зверску. І ў нашу Слабодку-Кучанку не раз наляталі — нас шукалі. Пан Рабкевіч гострыць зубы за вопісь хлеба і прапаганду камуны…

Пачутае аніяк не ўвязвалася з іхнімі ўяўленнямі пра адносіны палякаў да беларусаў. Большае, пра што ведалі — рост беспрацоўя, заснаванне асобных «каталіцкіх», «юдэйскіх» ды іншых прафсаюзаў і, з большага, пра расстрэлы кіраўнікоў падпольнага бальшавіцкага руху (у Менску, Бабруйску). Яшчэ, можа, пра забарону забастовак…

Ціхмянае ж сялянства, насамрэч, пакутавала намнога больш, чым гарадчукі, і — зусім незаслужана. Пад пагрозай смяротнага пакарання беларускі мужык мусіў пакідаць сям'ю і выбірацца ў абоз, траляваць лес…

- Як так?! — спрачалася ў іх. — Сам жа Пілсудскі абяцаў прынесці справядлівасць… спрыяць?!

- Вось і спрыяе, — у голасе Астрэйкі прарэзалася злосць. — Распусціў сялянскія рады, адзьдзелы самааховы і народнай міліцыі, што яшчэ перад адыходам немцаў баранілі вёскі ад рабункаў…

- Але ж палякі, у адрозненне ад бальшавікоў, падтрымліваюць беларускасць! — выпаліў Алесь апошняе апраўданне.

- Так-так, зачыніўшы Будслаўскую гімназію, Гарадзенскую прагімназію і Менскі педінстытут пажадаўшы выкінуць з будынку…

Ён не мог даць веры Бабарэкавым словам, а Бараноўскі нарэшце падвёў тады да падагульнення:

- Дык вы прапануеце…

- Прапануем аб'яднаць нашы сілы і… рыхтаваць паўстанне, — Астрэйка зноў загаварыў шэптам. — Нашы ўжо збіраюць па вёсках зброю…

- І што — супраць усяго польскага войска і выступіць? — не пабаяўся і пакпіў Алесь, але госці рэтыраваліся:

- Калі разумна, дык чаму б не! Толькі ж у звязку з Чырвонай арміяй, перад самым яе наступам і ўдарыць.

- І няхай потым зноў бальшавікі кулямётамі разганяюць нашыя з'езды, хай зноў у сялян хлеб апошні забіраюць? — «гнуў» сваё Алесь.

- Дык што — лепей палякам аддацца? — пачаў запальвацца Бабарэка.

- Я ж не пра тое…

Яны яшчэ доўга даводзілі адзін аднаму свае «аргументы» — не ведаючы, што і ў Менску «вялікай» палітыкай вяліся падобныя спрэчкі: як і з кім быць, спрэчкі, што ўрэшце прывядуць кіраўніцтва БНР да расколу…

Яны ж той ноччу паразуменне знайшлі. «Папараць-Кветка» станавілася не толькі арганізацыяй культурна-асветнай, але й амаль напаўпадпольнай, ваярскай. І са Слуцку пачалі перадавацца «па ланцугу» розныя адозвы і пракламацыі, што раніцамі красаваліся па вёсках — на валасных будынках, цэрквах і касцёлах.

Ды напоўніцу пасябраваць (так, як сталася гэта ў Бараноўскага) з Астрэйкам і Бабарэкам яму, Алесю, не ўдалося, хоць апошні… апошні — Бабарэка, гэты добры, насамрэч меланхалічны хлопец, які меў звычку слухаць, крыху схіліўшы набок галаву, а гаварыць зазвычай ціхім, кволым голасам, гэты хлопец выратуе яго ад смерці.

Але будзе тое яшчэ амаль праз год…


З Янкам Купалам

Калі яму прапанавалі з'ездзіць у Менск, ён узрадаваўся. Яшчэ б — разам з Буслом, Урбановічам і Ракуцькам даручана было патрапіць да самога Янкі Купалы і папрасіць у яго новых вершаў для толькі што створанага часопіса «Наша Каляіна», друкаванага органа «Папараць-Кветкі» (выдаваўся пад эгідаю ЦК БПС-Р). Арганізаваў часопіс Андрэй Бараноўскі, які з канца 1919 года ўзначаліў «Папараць-Кветку». Матэрыялаў хапала ўжо на некалькі нумароў, але хацелася ўаздобіць старонкі часопіса і творамі слынных майстроў, - першым «госцем» адзінадушна і вырашылі запрасіць Купалу…

Радаслаў Астроўскі, тадышні дырэктар гімназіі й іхні «хросны бацька», а таксама і Фабіян Шантыр падрабязна расказалі, як адшукаць у Менску на вуліцы Захараўскай Беларускую хатку, дзе Купала працаваў загадчыкам бібліятэкі. Але хлопцы некалькі лішніх гадзін блукалі вакольнымі вулкамі, не асмельваючыся адчыніць дзверы адшуканай «хаткі»…

Калі яны нарэшце ўвайшлі ў Купалаў пакойчык, гаспадар чытаў газэту. Блытаючыся, Бусел распавёў пра жаданне случакоў выдаваць свой часопіс… і сціх. На «выручку» паспяшаў Алесь:

- Дык мы, дзядзька Янка, хацелі б папрасіць на адкрыццё першага нумара вашых вершаў.

- Дзякуй, дзякуй, што не забываецеся, — усміхнуўся Купала. — Напачатку давайце мы вас з дарогі пачастуем, — і папрасіў дзяўчат згатаваць гарбату. Сам жа падсеў бліжэй да гасцей: — А што, хіба бракуе ў Слуцку сваіх паэтаў? - і бліснуў гарэзнай хітрынкай.

- Ды не… — Бусел піхнуў плечуком Алеся. — Вось, Алесь у нас піша вершы.

- А адкуль жа і чый ты, паэце Алесю, будзеш? — Купала зірнуў мякка, спагадліва.

- З вёскі Цароўка пад самым Слуцкам, бацька — валасны фельчар… — каб заняць чым-небудзь рукі, Алесь пацёр далоньмі калені.

- Ну! Калі з Цароўкі, то і вершы, відаць, царскія пішаш. Можа, пачытаеш?

Алесь зніякавеў, але, дэкламуючы, па вачах Купалы ўбачыў, што таму вершы падабаліся — і ажывіўся.

- Добра, браце, добра, — пахваліў Купала.

Прынеслі гарбату. Разгаварыліся смялей. Прачытаў два вершы і Купала — «Беларускія сыны» і «Паўстань…». Хлопцы знямелі ажно — у паэтычных радках песняра гучала тое ж, што кволілася, трапятала і абуджалася і ў іхніх душах!

Паўстань з народу нашага, Прарок,
Праяваў бураломных варажбіт,
І мудрым словам скінь з народу ўрок,
Якім быў век праз ворагаў спавіт!
Збяры ў адну ўсю Беларусь сям'ю.
Вазьмі з яе прысягу і зарок,
Што не прадасць сябе, сваю зямлю…
Зняць путы Бацькаўшчыне ўстань, Прарок!..

- Калі падыходзяць, гэтыя вершы я вам і перадам. А каб разбавіць іх прозай… — Купала ўстаў і, выцягнуўшы з паліцы зялёную папку, паклаў на стол некалькі старонак машынапісу. — Вось добрае апавяданне Максіма Гарэцкага, вельмі харошага пісьменніка. Ён даў мне яго пачытаць яшчэ летась, як мы студыявалі на факультэце гісторыі мастацтваў — было такое на смаленскім аддзяленні Маскоўскага археалагічнага інстытута… Цяпер Гарэцкі ў Вільні. - І пачаў пытаць пра іхнюю ўжо вучобу.

Хлопцы, хоць і карцела паболей пабыць з паэтам, заспяшаліся развітацца — каб яшчэ завідна паспрабаваць выбрацца дадому (балагол, які вёз на продаж у Менск тры кадкі салёных агуркоў ды «падкінуў» са Слуцку хлопцаў, браўся і назад адвезці — і пра плату махнуў: «Ды ўжо як-небудзь»).

Купала выйшаў праводзіць.

Праз дарогу спыніліся два польскія жаўнеры, заспрачаліся аб нечым.

- І дакуль гэтая апека будзе над намі? — буркнуў Бусел.і

- Праўда ваша, хлопцы… Вечна хто-небудзь і як-небудзь, а прыходзіў і нас апекаваў, хоць ліха нашага не забіраў. Быў маскоўскі цар, былі пасланыя ім земскі, ураднік, стражнік. Мы шчыра служылі ім, як нявольнікі. Пасля царскіх чыноў прыйшлі бальшавіцкія — не лепш ад сваіх папярэднікаў, прыйшлі і павялі сваю гаспадарку, а мы глядзелі і чакалі, што нехта прыпхнецца і бальшавікоў прагоніць. І прычакалі… - Вераснёвы ветрык узнімаў-ускрыляў незашпіленыя скосы Купалавага плашча. — Прыйшлі немцы, бальшавікі ўцяклі, мы асталіся. Немец гаспадарыў… Мы сядзелі і чакалі… чакалі нейкага цуду. І дачакалі… Прыйшлі вось палякі, уцяклі саветы, камітэты і «чразвычайка», а мы ізноў сабе сядзім і чакаем. Праўда, мы, як гаспадары гэтай зямлі, мусім сядзець на ёй. Але як мы гаспадарым?.. Пройдуць гады, падрастуць сыны і ўнукі нашы і спытаюць нас тады: «Што зрабілі вы ў той бурны і векапомны час для сваіх нашчадкаў, для свайго краю?»

К такому запытанню трэба нам быць гатовымі…

На гэтымі развіталіся.


Праз тыдзень камандзіравалі ў менскую друкарню аднаго Сяргея Бусла — з матэрыяламі першага нумара і грашыма на яго выданне. Тысячу асобнікаў аддрукавалі хутка. Некалькі сігнальных кніжак Сяргей занёс у Беларускую хатку — Купалу (паэта там не заспеў).

У Слуцку «Наша Каляіна» разыходзілася хутка, і поспех не мог не радаваць хлопцаў. Натхнёныя, яны ўжо збіралі творы для другога нумара…


Купала з'явіўся на Захар'еўскай зацемна — затрымаўся на паседжанні Часовага Беларускага Нацыянальнага Камітэта (ЧБНК). Вакол Камітэта пачалі гуртавацца асноўныя сілы беларускага руху. Перабраліся ў Менск Аркадзь Смоліч, Францішак Аляхновіч, Сцяпан Некрашэвіч, Мікола Шыла, са Смаленску — з бальшавіцкай няволі — вярнуўся Вацлаў Іваноўскі. У Менск пераехала і Беларуская Вайсковая Камісія (БВК).

Стомлены і хмуры, Купала зачыніўся ў сваім пакойчыку, запаліў лямпу. Моцна балела галава — як абцугамі хтось ціснуў скроні. Ён прылёг на канапку і заплюшчыў вочы.

Зноў гэтыя спрэчкі… Бальшыня эсэраў і сацыял-федэралістых адстойвалі безадкладнае выкананне Устаўных Граматаў БНР, заклікалі выступіць у адкрытай барацьбе супраць палякаў. Гэта бачылася Купалу самагубствам — на падрыхтоўку супраціву патрэбен быў час, сродкі, сілы. Хрысціянскія дэмакраты і сацыял-дэмакраты, а таксама меншасць эсэраў і сацыял-федэралістых прапагандавалі патрэбу паступовага вырошчвання нацыянальных сілаў… Пакуль беларускі народ не будзе самаарганізаваны, датуль палітычнае адраджэнне Беларусі немагчымае - пра гэта ведаў і Купала, але ж ён ведаў і пра небяспеку чакання, ды яшчэ ў такі час: не дадушыць польскі бот, дык нярымсціцца праглынуць ціхмянага суседа ўсходняму «брату»…

Але ж адзіны шыхт стварыць патрэбна было. На гэта настройвалі і Вацлаў Іваноўскі, і Кузьма Цярэшчанка (замест Алеся Гаруна, які ўзначаліў БВК, яго абралі старшынём Белнацкама), да гэтага заклікаў і ён, Купала…

Калі крыху адхлынуў боль, ён сеў за стол, расклаў пошту. У газэтах выбліснулі кніжкі «Нашай Каляіны». Купала здзівіўся хуткасці, з якой яны вылецелі ў свет — здаецца, толькі ўчора хлопцы-случакі былі ў яго…

Успомнілася раптам, як яны — маладыя апантанцы — выдавалі дзесяць гадоў таму «Нашу Ніву»… Няпросты 1909-ы. Рэдакцыйная кантора — як склад макулатуры… Дым ад жалезнай печкі, на якой гатавалася ежа…

«І пакутавалі, працавалі, аддавалі ўсё сваё здароўе, жыццё за беларускае вольнае слова, за сваю святую справу… Жылі — як і дзе папала ў падвалах, халодныя і галодныя, нажывалі сабе сухоты і іншыя галодныя-халодныя хваробы і да самае смерці не складалі зброі… - Купала пабольшыў святло ў лямпе, зірнуў у ціхае начное вакно. — І вось на змену акрыляюцца новыя — маладыя і нястомныя — нашчадкі!» — Купала ўзяў аловак: «Кінутае здаровае зерне дарма не прападае, — пачаў пісаць хуткім лёгкім почыркам. — Сягоньня кожны, каму не атуманіла расійская і польская рэакцыя мазгоў, пачуе і зразумее, які шырокі размах прыняла наша справа над адбудаваньнем сваёй незалежнай бацькаўшчыны!

Цяпер, браты, ідуць сыны беларускіх мужыкоў, ідзе наша беларуская моладзь!

Сягоньня ў нас творыцца армія, творыцца рукамі гэтай самай гарачай беларускай моладзі, ствараюцца па гарадох, мястэчках і вёсках беларускія нацыянальныя камітэты, усё рукамі той жа беларускай моладзі; нацыянальнае беларускае жыцьцё пачынае кіпець, палаць праўдзівым і жыватворным полымем… — Купала перагартаў перададзены часопіс, прайшоў да вакна, паглядзеў у высокае зорнае неба — і зноў пачаў пісаць: — Шмат прыкладаў паказваюць, як гэта наша моладзь пачынае сама па сабе, не раз абмацкам, нацянькі будаваць сваё роднае, светлае, народнае. Але што цікавейшае: перада мной ляжыць беларуская часопісь «Наша Каляіна». Выдана яна ў Слуцку! Слуцак — павятовы гарадок — куды яму, здавалася б, лезьці ў людзі!.. Аднак жа палез. Беларуская душа, як бачым, — жывучая, творчая, як яе ні заганяй у казіны рог, а яна збудзіцца і затрапечацца. Мала таго: гэта часопісь зьяўляецца органам беларускай нацыянальнай злучнасьці «Папараць-Кветка», каторая сваю чыннасьць пашырыла на ўвесь Слуцкі павет і нават далей, за яго межы… — і Купала яшчэ раз пасмакаваў гучанне добрай сімвалічнай назвы — «Папараць-Кветка»! Ад святога купальскага вогнішча. Ад абнаўляльнай надзеі… і, канешне ж, і ад яго, Купалы… — Гэта папраўдзе, як і ў песьні сьпяваецца: «А ў Слуцку на рыначку сталася праява!» Так, сябры, гэта вялікая праява! Адбудаваньне незалежнасьці бярэ ў свае рукі моладзь, паўстаючая з-пад Беларускай сялянскай страхі! Тым сама сваімі рукамі адбудуе сабе і сваім нашчадкам лепшую і сьвятлейшую будучыну. Набок з дарогі, панове і гаспада з Захаду і Усходу!..»

У дзверы пастукалі. Яго ўжо другі раз клікалі на вечарынку, — у суседняй зале распачыналіся спеўкі.

— Бягу-бягу! — азваўся, прыменшыў святло і ўжо ў паўзмроку, спяшаючыся, размашыста дапісаў: «Беларуская моладзь ідзе!»

…Назаўтра Купала дапоўніць свой артыкул і занясе ў рэдакцыю «Беларусі», на старонках якой 15 лістапада пад крыптанімам «К-а» допіс пабачыць свет.


Усевалад Ігнатоўскі

Пасля заканчэння гімназіі Алесь так і не ўладкаваўся на працу. Разорвалі і выбіралі з маці бульбу, перакрывалі з бацькам (пад дзедавы каманды) страху на гумне. А тут яшчэ даведаўся пра мясцовыя настаўніцкія курсы — і запісаўся слухачом.

Курсы арганізаваў Слуцкі Нацыянальны Камітэт. Праз польскага школьнага інспектара амаль дзвесце вясковых настаўнікаў з'ехаліся ў горад. Вылучылі жыллё і харчаванне (за гаспадарскія клопаты «адказваў» Андрэй Бараноўскі). Сродкі ж атрымалі ад Белнацкама. Партыя эсэраў прыслала лектараў.

Некалькі разоў палякі спрабавалі разагнаць настаўніцкія курсы. Жандары рабілі вобыскі, пагражалі арыштамі…

Беларускую мову і літаратуру выкладаў на курсах Янка Станкевіч, мовазнаўства — Браніслаў Тарашкевіч, геаграфію — Мікола Азбукін. Найбольш жа падабаліся Алесю лекцыі па гісторыі Беларусі Ўсевалада Ігнатоўскага. Усе — асабліва хлопцы — заварожана слухалі аповяды пра мінулае іхняй зямлі, мінулае, якое перагуквалася з рэчаіснасцю: войны — здзекі — войны…


«У 1492 годзе, калі Літоўска-Беларускім гаспадаром быў абраны Аляксандр Ягайлавіч, Іван ІІІ Маскоўскі, карыстаючыся з разладу паміж Літвою і Польшчай, пачаў вайну за сваю беларускую «вотчыну», якой ніколі ня бачыў ні ён, ні яго бацькі… У чэрвені адбылася страшэнная бойка недалёка ад гораду Дарагабужу… Яшчэ на працягу трох доўгіх гадоў маскоўскія войскі руйнуюць беларускія паселішчы. Удзень неба чарнее дымам, а ўноч цемра палае чырвоным агнём пажараў… У 1513 годзе зноў разгарэлася вайна. Маскоўская армія ўвайшла на Беларусь. Адна за другою адбываюцца бойкі пад Смаленскам і Воршаю. Пад Воршаю Астрожскі атрымаў дзве перамогі, не ўзіраючы на тое, што яго армія была меншаю ад маскоўскай у два разы. Ад Воршы ён гнаў маскалёў аж да Дарагабужу. Трыццаць тысяч трупаў беларусаў, літвінаў і маскоўцаў заслалі ўсю гэтую дарогу… — Усевалад Макаравіч рабіў пярэрву, папраўляў на пераноссі акуляры з круглымі шкельцамі і падыходзіў да вакна, узіраўся ў прыцішаную вуліцу — толькі зрэдку грукацелі па ёй фурманкі — і, пакратаўшы сваё чорнае «татарскае» брыво, уздыхаў і працягваў: — З другога боку несла нам свой «уплыў» — культурны й рэлігійны — і Польшча… Забіты і загнаны, прыроўнены да быдла, народ наш забыў нават, якую мову і якую нацыянальнасць ён захаваў… Пан, каталік і паляк — з аднаго боку, мужык і «тутэйшы» — з другога, сталі для яго сынонімамі…»


Пасля лекцыі Ігнатоўскага яшчэ надоўга абступалі курсанты — кожнаму хацелася штось перапытаць і ўдакладніць. Ды аднойчы маланкай уляцела ў аўдыторыю турботная навіна: лекцыі не будзе, Ігнатоўскі занядужаў і знаходзіцца ў бальніцы…


Калі перад іхняй хатай прыпынілася фурманка і з яе выйшаў Ігнатоўскі, Алесь аталапанеў. Заўважыўшы маладога знаёмца, Усевалад Макаравіч усміхнуўся:

- Дабрыдзень васпану! А ці дома бацька?

- З дзяжурства сягоння, дома… Заходзьце, калі ласка. — Алесь ніякавата прыгладзіў, засаромеўшыся, віхрысты чуб і прачыніў дзверы ў хату.

Яцкевічы збіраліся палуднаваць. Бацька сядзеў за сталом, чытаў газэту. Таксама здзівіўся госцю — свайму нядаўняму пацыенту, якога ратаваў пасля моцнага атручвання (бацька нядаўна перавёўся з валасной у павятовую бальніцу).

Ігнатоўскі быў адмовіўся ад пачастунку, але калі пачуў, што згатаваны вясковыя крышані — бульбяны суп — прыставіў да стала табурэтку:

- Што ж, калі крышані — дык паспытаю.

Маці хуценька выставіла талеркі.

- Я, Хведар Дарафеевіч, не з адной падзякай да вас, — Ігнатоўскі ўзварушыў сваю бародку, зірнуў на Алеся: «І падобныя ж яны — сын і бацька: тыя ж блакітна-шэрыя вочы, густыя — «у аглобельку» — бровы, выразны нос, абодва рослыя, дужыя, плячыстыя», — паспеў падумаць, а ў голас мовіў: — Хочам вашага Алеся ў Менск прасіць…

Алесю здалося тады, што ў хаце дзынкнулі шыбы — трываў, каб не папярхнуцца супам.

- Эх… — дзед Алеся, бацька ягонага бацькі, крактануў, пахітаў галавою: — Я ж даўно казаў: якое дзерава, такі й клін, якая мука — такі й блін. Хведар быў сарваўся за свет — у Піцер той, на лекара вучыцца… А тут… Ды і час які — вайна ж! Хай бы ўлазіў у сваю вячнінку, у бацькаўшчыну — пры зямлі б быў… Мадзеў бы, перабіваўся патроху…

- Ну, вайна, дзядзька Дарафей, не вечная, ды і не такі ўжо далёкі свет Менск! — абараніўся Ігнатоўскі.

- А што ж ён у тым Менску рабіцьме? — не да яды было і Алесеваму бацьку.

- Летам пры Беларускім Нацыянальным Камітэце ўтворана Беларуская школьная рада Меншчыны. Работы шмат, а работнікаў… - Ігнатоўскі развёў рукамі, - мала.

- Ды відно, што сам люд вымелеў. Вось раней, — дзед, былы запарожскі казак, ад казацтва ў якога ў васьмідзесяцігадовым узросце засталіся толькі заліхвацкі чуб ды ўспаміны, тыцнуў пальцам некуды ў столь, цмокнуў бяззубым ротам, — раней, братка, мы і палякам маглі нос падцерці… кулаком! Як за тым Хмяльніцкім. Нашых хлопцаў сабраў тады Антон Нябаба. Да яго далучыліся і атаманы Хвэська, Галавацкі, Няпаліч. Сіла на той час — угу! Ажно трыццаць тышчаў!.. Усё Папрыпяцце ўзнялося. Простае сялянства казакоў харчам падтрымлівала… Па вёсках хадакі пайшлі — у войска заклікаць. Мужыкі сякеры бралі, косы, сахары й ішлі ў лясы. Польшча выправіла супраць іх войска… гэтага, як яго… Януша…

- Радзівіла? — спытаў-падтрымаў Ігнатоўскі.

- Во-во, Раздзявіла… — дзед кашлянуў. — Дык некалькі гадоў тузаліся, а не перамаглі. Паўстаў тады і наш Слуцак, і Бабруйск, і Мазыр… У-у!!! Лепш пра гэта наш іканапісец Вярхоўскі расказаць можа… Во-то памяць у чалавека! Усё ведае! — дзед пабарабаніў сухімі пальцамі па стале. — А цяпер? Адно балбатоніць навучыліся…


Праводзіць Ігнатоўскага выйшлі ўсе. Ажывіўся фурман — ужо зачакаўся.

Цароўка, як і заўсёды напрыканцы восені, прыціхла, нават сабакі паспакайнелі. Сонна сноўдалі па надворкам качкі — з доўгімі шыямі, шышакамі на галовах. Іх звалі ў вёсцы японкамі (надзіва ручныя, японкі маглі абыходзіцца без сажалак, неслі многа яек і амаль не «гергеталі» — не ў прыклад звычайным). Шырокая вуліца — са «шчарбінаю» на ўскрайку (яшчэ пры наступу немцаў згарэлі дзве хаты)… Скрай Цароўкі — магілкі з напаўсухімі бярозамі, а праз вярсту за імі віднеўся і Слуцак… Аблыселыя сады, пры дарозе — аграмадныя вязы з тоўстымі дыванамі апалага лісця пад кронамі. Задымлены хутар — так звалі не чыёсьці паселішча, а другую вулку, што няроўна ўцякала ў цэнтральную. Там — Глінішчы (гліну ўжо даўно не капалі), дзе летам у жоўтай вадзе пялёскалася цароўская дзятва, а зімою — гойсала па лёдзе. За агародамі — невялікія сенажаці, праз паўвярсты за імі — балота. У гэты лістападаўскі дзень яно рыхтавалася да маразоў…


Юрка Лістапад

Юрка Лістапад, «рэзідэнт» Беларускай школьнай рады, у першы дзень прыезду ў Слуцак паспеў наведаць начальніка павета і школьнага інспектара. Атрымаўшы ў канцылярыі «ахоўную грамату» — як жартаваў, - якая дазваляла дзейнічаць «легітымна», Лістапад накіраваўся ў свае Варкавічы — адведаць бацькоў.

Ажно не верылася, што — у мінулым і Першыя менскія педагагічныя курсы, і студыйныя сходкі — так неўпрыкметку праляцеў час!

Дома не адседжваўся, дапамог тое-сёе па небагатай гаспадарцы, і праз тры дні зноў быў у Слуцку.

Пачынаўся лістапад — «ягоны» месяц. Хоць не ў лістападзе з'явіўся Юрка на свет, але любіў гэтую часіну — найболей. Любіў апалае залаціста-апечанае лісце, з якім шчодра развітваліся старыя каштаны на гарадскіх вуліцах (гультаяватыя дворнікі, знявераныя няпэўнасцю, прыграбалі іх толькі да краю тратуарчыкаў), любіў каралі доўгай павуты на голых гольках, любіў аціхлыя — пакрыўджаныя ветрам — восеньскія дрэвы, як, зрэшты, і саму старую і мудрую восень…

У двары павятовай канцылярыі, вымеценым чыста і прысыпаным жоўтым пяском, сустрэў Абрамовіча, слуцака, колішняга знаёмага па Менску. Пасля вясновага наступу палякаў Абрамовіча адкамандзіравалі на Случчыну — «збіраць беларускае школьніцтва», але ніякіх чутак ад яго ў Менску так і не атрымалі.

Абрамовіч уладкаваўся канцылярскім сакратаром. Зніякавеў, разгубіўся, пазнаўшы Юрку. Буркнуўшы на прывітанне, правёў у «габінэт» — невялічкі, але абстаўлены прыгожа, з вялікімі вокнамі, новым сталом, тэлефонам, сейфам. На сейфе — фотакартка Пілсудскага ў картонавай рамцы-падстаўцы.

Сеў, запрасіўшы да стала і Юрку, дастаў насоўку, выцер, марудзячы, лоб і лысіну — яе заўсёды, нават летам, на вуліцы хаваў шапкай. Выглядаў Абрамовіч, як ні вышляхечваўся, старым і стомленым, хоць насамрэч толькі-толькі размяняў чацвёрты дзесятак — і ўсё праз сваё нявецтва: яшчэ падлеткам гарэў у хаце, а вяскоўцы — ужо беспрытомнага — вынеслі з полымя. Апечыны на спіне і жываце нябячныя, а вось галава… Верх яе пакрывала грубая — як чарапашына — цёмна-ружовая скура, на якой так і не адраслі валасы.

— Дык што цябе, пане Лістапад, прывяло да нас? — Абрамовіч узяў самапіску і праверыў на святло яе пёрка. Зняў якуюсь варсінку.

Лістапад раскрыў рот — колішні знаёмец звяртаўся да яго па-польску…

— Да нас? — нібы не даючы веры сваім вушам, перапытаў і колка глянуў на Абрамовіча. — Ліст табе прывёз з Менску, — дастаў з кішэні пінжака заклеены канверт і паклаў на стол.

Ліст пісаў Рак-Міхайлоўскі, які і выправіў у Слуцак другога «рэзідэнта».

Абрамовіч, заўважыў, змяніўся — у разгубленага, спалоханага. Прачытаўшы ліст, прайшоў да дзвярэй і назад, наліў сабе вады, але піць не стаў, адвярнуўся да вакна і так — спіною да Лістапада — абазваўся:

— У нашым павеце адчыняць беларускія школы людзі не хочуць.

- Як гэта… не хочуць?! — І праз паўзу сподзіву: — Што ж з вясны ты тут робіш?..

- Я… — Абрамовіч выцягнуўся і зноў падышоў да стала. — Я працую на законную ўладу!

- Прыслужваеш! — Лістапад ускочыў, і іхнія позіркі сутыкнуліся.

- За такія словы я цябе… — Абрамовіч пацягнуўся да тэлефона, але ўбачыўшы, як наструніўся Юрка, адвёў руку.

- Прыслужваеш… І, відно, сумленне сваё за гэтыя галуны-пагоны аддаў!

- Вон!!! — пырснуў слінаю Абрамовіч, — а ні то… у пастарунку пыху сваю страціш! Вон!

- Ну і поскудзь жа ты, — выходзячы, Юрка яшчэ раз зірнуў яму ў вочы, — ну і поскудзь. — І моцна бразнуў дзвярыма.

З сейфа зляцела і ўпала на падлогу фотакартка Пілсудскага. Абрамовіч сполашна нагнуўся, узяў, але на ранейшае месца не паставіў — ускінуў на стос старых газэт…

Адвячоркам Алесь прыйшоў у горад. Напачатку завітаў на кватэру Лабушаў — хацеў пабачыцца з Людай, але ні тае, ні сястры не было. І тады завярнуў да цэнтра — у гімназію, дзе маглі ладзіць сустрэчу «папараць- кветаўцы».

У вестыбюлі сустрэў толькі Бараноўскага з высокім незнаёмцам.

- Вітай — Юрка Лістапад, накіраваны да нас Школьнай радаю для арганізацыі беларускіх школак. — Андрэй навідавок быў стомленым.

- Алесь… Алесь Яцкевіч, — ён парукаўся з абодвума і, зірнуўшы на Андрэя, спытаў: — Што-небудзь кепскае?

- Ды вось… Чалавек па справе першы дзень у Слуцку, а яго з раніцы пратрымалі ў пастарунку… За агітатара-бальшавіка, бачыце, прынялі. Асьвяцімскі, дзякуй, дапамог. А ты што такі ўзбуджаны прышыбаваў?

Алесь хацеў спачатку спытаць сябра пра Люду — можа, дзе бачыў, але ў час стрымаўся, вінавацячы сябе за мяккацелую неабдуманасць: што б падумаў пра яго Лістапад — гэты асілак з прыгожым тварам, мужным зводам броў і сумным позіркам?! І таму прабасіў сур'ёзна:

- У Менск мушу тэрмінова ад'язджаць, на працу…

- Куды? — разгублена перапытаў Андрэй.

- Ігнатоўскі ў тую ж Школьную раду запрасіў…

- На табе… Мы тут адзін да аднаго, тут работы непачаты край, а ён у Менск бяжыць. — Андрэй усміхнуўся, нібы яшчэ не верачы пачутаму.

- Ды не бягу я. Мне б падвучыцца трохі… Пісаць я хачу. Там жа і кніг паболей, і пісьменнікаў шмат сабралася.

- Пісаць?.. — сябар хацеў абурыцца, але яго нечакана абарваў Лістапад:

- Што наваліўся? Хай і сапраўды з'ездзіць падвучыцца. Ды і работу ж адну — ці тут, ці там — робім. І хіба кепска, што ў сталіцы больш нашых слуцакоў будзе? Вось толькі — як на маё — не гожа туды пустым ехаць… — Лістапад перахапіў неўразумелыя погляды абодвух і, устапырыўшы пышную чупрыну, дадаў: — У Школьнай радзе цяпер мала ведаюць пра сітуацыю з беларускім школьніцтвам на месцах. За тры дні я ўжо абышоў некалькі вёсак поўначы павета, а на ўсходзе — за Падзерам і Вясеяй — яшчэ не быў. Можа цябе, калі ахвота, і напрашу ў спадарожнікі?

- Чаму ж не… Заўтра можам і з'ездзіць. — Алесь убачыў, як ажывіўся Лістапад, як недаверлівая хмурасць сышла з жытнёвых брывін Андрэя.

Яны яшчэ крыху пагаварылі і разышліся. Люды Алесь так і не пабачыў і злаваўся на сябе, што столькі часу не абзываўся. Штось пякуча знібела ўнутры, праз тое ўсю ноч круціўся, доўга не мог заснуць.

А раніцай выпрасіў у бацькі каня і аднавоську ды, як і дамовіліся, сустрэўся з Лістападам на кватэры Бараноўскага, у якога той застаўся начаваць.

Вулкі Слуцаку мінулі моўчкі, і толькі за рэчкаю, за вярсты дзве ад горада, разгаварыліся: Алесь — пра сябе і сяброў, Юры — пра менскія справы.

Дарога, якой ехалі, здаўна звалася Кацярынскай або Варшаўкай. Імператрыца выбіралася гэтым шляхам з Пецярбурга ў Варшаву (праз Бабруйск, Слуцак, Ляхавічы), — як расказвалі, да каханка. Праз дваццаць-трыццаць кіламетраў і цяпер яшчэ пазаставаліся каменныя пастаялыя двары, стайні, пафарбаваныя ў белы колер — у дамкі заходзілі пагрэцца, падсілкавацца, здаралася, і начавалі нават; на «станцыях» мянялі стомленых коней. Па ўсёй імперыі гэта была, бадай, адна дарога, якую належна ўтрымлівалі. Яна не мела паваротаў амаль да Амухавічаў. Да вайны і рэвалюцый раз на суткі па ёй правозілі пошту. Яшчэ за іхняй памяццю з Ляхавічаў на Слуцак і далей хадзілі старасвецкія «дыліжансы», запрэжаныя чацверыком коней. З Менскам Слуцак злучаў сціплейшы гасцінец, у разводдзе правезці цяжкае па ім было немагчыма — гасцінец раскісаў, мякчэў. Але ў сушэйшы час па такіх дарогах ездзілі ахватней, асабліва ўлегцы: і не трасе (бо камянёў не насыпана), і каню лацвей ступаць, і калёсы не б'юцца…

Яны пераехалі яшчэ адзін мост, пад якім сцішылася халодная змейка — рэчка Вясейка. Мінулі ўкруга абсаджаны магутнымі ліпамі панскі маёнтак (сам пан як з'ехаў пры бальшавіках, дык яшчэ і не паказваўся), і выбраліся ў гала — толькі злева сінела стужка лесу. Зноў маўчалі, любуючыся краявідам: сярод загарадкаў лесу чарнелі лапікі тлустай — хоць маж на скібку — зямлі, зелянелі яшчэ на тарфяных узболатках дзікія травы.

Вырашылі звярнуць у якую-небудзь вёску за ўзгоркам, але да яго не даехалі. Каля Белага дома (так і тут называлі былы пастаялы двор на Варшаўцы) сустрэлі гадоў васьмі малога — з торбай цераз плячо. Шлёпаючы разношанымі чаравікамі-вазюрамі, ён ужо збочыў з дарогі, як Лістапад, саскочыўшы з «аднавоські», паклікаў яго. Малы ўзбіў набакір аблавушку, спадылба падазрона агледзеў незнаёмцаў, але ўсё ж падышоў.

- Можа падкажаш, добры чалавеча, ці ёсць тут дзе паблізу школа?

- Ну ёсць, а што? — малы шмыгнуў носам.

- А дзе яна?

- Ды там унё, у Красным, праз поле… І вуньдзека, за Заломам — у Набушаве Янка Пашкевічаў вучыць…

- А сам часам ці не туды топаеш? — падаў голас і Алесь.

- Туды… А што? — малы зноў шмыгнуў носам.

- А нічога… Хочам з настаўнікам тваім пазнаёміцца, і, калі раптам вушы табе круціць, заступіцца. — Юрка па-сяброўску паляпаў малога па плечуку. — Сядай, паказвай дарогу…

- Ды не, дзядзька Янка харошы, ён і грошай не бярэ — не тое, што красніцкі. — У малога знікла ўся насцярожанасць, і за пяць хвілін, якія яны сунуліся па ўмерзлых ямах, Цімка (пазнаёміліся адразу) паспеў расказаць і пра заломскіх уюноў, што летам цэлымі торбамі насіў дадому («Вой і баялася іх малодшая сястра!»), і пра бомбу, якая навыварочвала арэшніку, і нават пра сябра Хведзьку — з ім яны злавілі былі вужа і доўга палохалі дзяўчат…

Залом — балотца, зарослае рабіннікам ды калінай, адметнае ўжо тым, што знаходзілася не ў нізіне-лагчыне, а на самым узгорку каля Варшаўкі. Вяскоўцы летам наразалі тут і сушылі торф, восенню жанкі збіралі каліну. Само ж Набушава — някідкае, невялікае — прылегла ўздоўж шляху, ад якога на паўвярсты аддзялялася сенажаццю. За вёскай, падступаючы да ўзбалоткаў, пачынаўся лес.

Укаціліся ў вулку — шырокую, з двума калодзежамі з пачатку і канца, з роўным плотам, дагледжанымі падворкамі.

«Школа» — невялічкая прыбудоўка да звычайнай хаты — была пасярод вёскі і выглядала зусім маленечкай пад аграмаднымі шатамі двух пракаветных вязоў. Хата, было відаць, нядаўна перакрывалася — не паспелі яшчэ выгараць на сонцы дзве ветраніцы, прыбітыя па краях скатаў страхі, - каб не ўзнімалася салома. Уваход у «школку» быў асобны. Пастукалі — ніхто не адказаў. Пасунуліся за Цімкам… Пасярод пакоя — каменная грубка, да сцяны прымацаваны тры самаробныя сталы, доўгая лава і вялікае акно, што глядзела ў сонны хмуры сад…

З настаўнікам, адным з гаспадароў падворка, сустрэліся ў гародчыку — абкладваў капец.

Павіталіся. Разгаварыліся ў хаце — вялікай, на дзве паловы, печка, насупраць ажагоў (вілы, чапляя, мяцёлка) мыцельнік. На падваконнях — гаршкі з геранямі. Жыла тут уся сям'я старога Мітрафана Пашкевіча. Сам жа Янка вучыўся ў Піцеры на медыка, вайной на фронт забралі. Сям'ёй яшчэ не абзавёўся. Ягоны старэйшы брат, Рыгор, таксама быў на фронце, патрапіў у нямецкі палон, дзе і сустрэў рэвалюцыі — і вось толькі нядаўна дайшла ад яго вестка: жывы, вяртаецца дамоў…

Як бацьку франтавікоў, Мітрафану ў вайну далі леса на новую хату, частку ўжо й нарэзаў быў, а перавезці па балотных гацях не паспеў. А тут — рэвалюцыі, войны: не да будоўлі…

У хаце раслі двое братоў-падшыванцаў, вось і пачаў Янка ў вольны час іх адукоўваць. Прачулі суседзі — упрасілі заадно і сваіх узяць. Так і назбіралася «кляса».

Жылі Пашкевічы з гаспадаркі, з зямлі. Дзякуй бацьку Мітрафану — разгадаваў быў коней, дый такіх, што ў самім Пецярбурзе на імператарскай выставе прыз золатам узяў![1] Ды прыхоўваць яго не стаў: прыкупіў зямлі для сыноў, Янку ў навуку выправіў. Аднойчы з рэўкома ўпаўнаважаны падскочыў: здавай царскае золата! А ён — спакойна даведку з Таргсіна: прабачце, здаў па законе, цяпер зямля тое золата… З тым і адчапіліся. А зямля — вось яна, пад нагамі!

- Дык вы б зарэгістравалі школку ў воласці — глядзіш, хоць капейку б нейкую плацілі. — Лістапад пацепнуў плячыма, дзівячыся.

- А што цяперачы з той капейкі? Вось бальшавікі йшлі — кабана рэквізавалі, паперчыну пакінулі, каб грошы за яго атрымалі. І дзе ж іх шукаць? Гэта ў старыя часы агенты купцоў-свінабояў хадзілі й адкормленых кабаноў «абзадачвалі» — толькі ж задатак напачатку выплочвалі! А тут і палякі кабылку павялі з абозам. Сунуліся ў воласць: ваенны час, пачакайце… — Янка Пашкевіч сумна пачухаў густую брывіну і змоўк.

- Ну а што выкладаеце? — Алесь то пазіраў на гаспадара, то разгледжваў невялікую этажэрку з кнігамі.

- Пісьмо, чытанне і матэматыку. Падручнікаў вось толькі німа, дык, бывае, і па газэтах…

- А па-руску ці па-беларуску вучыце?

- І так, і так. Часцей усё ж па-беларуску — так дзецям лягчэй. Толькі кніг беларускіх мала.

Падмацаваўшыся адваранкай са смятанай, госці паабяцалі дапамагчы з падручнікамі, «пенсіяй» і падаліся далей. Наведалі школкі ў Красным і Амговічах — і завярнулі назад.

Назаўтра Лістапад перадаў Алесю ліст-справаздачу да Рак-Міхайлоўскага:


«Паважаны Пане Старшыня! Я даведаўся, што з адзінаццаці вясковых школ Слуцкай воласці адчынена толькі адна школа расейская. Што датычыць школ беларускіх, то ні адзін настаўнік пра іх нічога ня ведаў (за выключэньнем прыватных), а прыгаворы падаюць, каб адчыніць хоць адну школу.

Я пабываў на бацькоўскіх сходах і вытлумачыў ім добра пра школьную справу, дык настаўнікі, усе як адзін, згадзіліся адчыняць беларускую школу. На сходах было больш як 100 душ бацькоў. Толькі напісалі ў прыгаворы такую згоду, што пачнуць вучыць па-беларуску тады, калі будуць прысланы ім беларускія падручнікі…

Яшчэ, Пане старшыня, дабаўлю. У мяне надта шмат знаёмых настаўнікаў вясковых школ. Яны даведаліся, што я прыехаў з Менска, чалавек па дзесяць прыходзілі даведацца пра школы. Ім я растлумачыў, як належыць быць, і ні адзін з іх ні мае нічога проціў і кожны згаджаецца ўвесьці ў сваёй школе беларускую мову. Толькі яны просяць, каб атрымаць адкуль-небудзь беларускіх падручнікаў і рады пабываць на курсах Беларусазнаўства..

Працаўнікоў-беларусаў у нас натта мала. Людзі добрыя і спрыяючыя Беларусі, гэта Асьвяцімскі, старшыня Беларускага гуртка Бараноўскі, Яцкевіч, якім і перадаю гэты ліст, і некаторыя іншыя, а на Абрамовіча яны тэж ні маюць ніякае надзеі. Што будзе зроблена мною потым, дык я напішу, і як адчыняцца беларускія школы, тэ напішу дзе і колькі іх будзе.

Юрка Лістапад».

* * *

…Аб'явілі, што самалёт праз паўгадзіны зробіць пасадку ў Франкфурце. Значыць, яшчэ дзве гадзіны лёту — і Менск!.. І Алесь Хведаравіч зніякавеў — хоць, зразумела, і чакаў, ды адчуў нечакана, упершыню за пяцьдзесят гадоў апынуўся гэтак блізка да Беларусі! У небе ж пачуваўся зусім па-іншаму, неба — яно для ўсіх неба ды і — па-праўдзе — дагэтуль яшчэ не даваў веры, што выбраўся на Беларусь, адкрываў вочы і баяўся, што і самалёт, і ціхія суседзі-пасажыры, і ветлівая сцюардэса знікнуць — як пасля сну-набрыдзі…

У хваляванні доўга не мог аднавіць перарваных успамінаў. Так…. Яго запрасілі ў Менск… Перад ад'ездам пазнаёміўся з Лістападам… Потым, назаўтра, калі Лістапад перадаваў яму ліст, развітацца прыйшла Люда!..


Яны сустрэліся перад дзвярыма гімназіі — і на хвілю знерухомелі.

- Такі едзеш… — першай вымавіла яна і зірнула рашуча, неспадзявана. І яго апаліў гэты позірк, і ён адчуў, што вось зараз і павінна разбіцца тая надакучлівая сцяна фанабэрыстасці, акцёрства, адчуў, але ўсё ж штось здрадліва стрымлівала яго: ці то яшчэ свежая крыўда за нядаўнюю абразу (адмовілася, каб праводзіў яе пасля вечарынкі, - пайшла з малодшым Асьвяцімскім), ці то яшчэ дзедаўскі нораў (ніколі не «гнуцца» перад дзяўчынай). Але калі яна рушыла да лаўкі — страпянуўся, пасунуўся ўслед. І калі былі пад голай кронай старэчай вярбы, Люда раптам павярнулася, запаволена адхінула з брыва спружыністы кудзярок, зазірнула ў вочы і апякла:

- Я кахаю цябе, Алесь…

І яму тады нечакана ўбачылася — ён выразна памятаў! — як з вечаровага неба пасыпаліся на ажывелыя голькі вярбы пераспелыя зоркі…

* * *

Алесь Хведаравіч шчодра разлічыўся з таксістам і доўга верачы і не верачы, што — у Менску-Мінску, што яго яшчэ не ссадзілі з трапа і не адвезлі ў турму на Валадарскага — «Амерыканку» (ну і празвалі ж!), здзіўлена азіраўся наўкол. Напачатку думаў, што таксіст ці памыліўся, ці знарок спяшыў зусім не да Траецкага — такое ўсё было незнаёмае, нават чужое. Зрэшты, толькі гэтае месца і змог назваць-узгадаць таксісту…

Глядзеў ён доўга — пазнаючы і не пазнаючы — на чырвоныя дахі старой забудовы, на шыхт шматпавярховікаў, на змрочную ў восеньскім продуме Свіслач, бялюткая Святадухаўская царква на ўзвышшы — і плакаў, плакаў па-дзіцячы шчыра прамінаючы здзіўленыя позіркі мінчукоў, так і не надзеўшы пасля машыны капялюш — жмакаў яго ў дрыготкай руцэ.

Іяму тады ўявілася, што ён…

* * *

…стаіць на каменным мосце паміж Траецкім і царквой, у спраўленым бацькам амаль новым кажушку, па-модзе кароткім, шапцы формы канфедэраткі, з фанерным баульчыкам-чамаданікам, — і як не даймаў шыю і шчокі марозны вогкі вецер з нізіны, з-за рэчкі, не настаўляў каўняра.

Ён выбраўся ў Менск у крытай паштарскай фурманцы яшчэ зночы, каб дабрацца нараніцу (так прасіў Ігнатоўскі) няроўным гасцінцам, шкадуючы, што не даўмеліся пракласці паміж Слуцкам і Менскам чыгункі. Наогул, Слуцак «убачыў» чыгунку толькі ў апошні год Першай сусветнай вайны — яе працягнулі да горада ад усходняй станцыі Урэчча. Гэта была частка Асіповіцкай лініі Лібава-Роменскай чыгункі, якая звязвала Менск з Украінаю. Але ж каб па ёй трапіць са Слуцка ў Менск — трэба залішняга круга даваць…[2]

Ужо развіднела, і ён мог з цікавасцю назіраць, як павольна прачынаўся горад. Недзе здалёк, на ўсходзе, на марозным небе, з'явіліся дзве невялікія шапкі ні то дыму, ні то пары. З цэнтра — па Захар'еўскай (здагадаўся па цоканні) лескатала конка. Першым ажывіўся Пляц Волі (колішні Губернатарскі): у царкве і касцёле пачыналіся службы. Знекуль вынырнуў хлапчук-газэтаноша, напалохаўшы знячэўку бадзёрымі вокрыкамі:

- Газэты, сённяшнія газэты!

Ён падазваў хлапчука, паздароўкаўся, — чым здзівіў тога.

- Якія ёсць?

- Толькі дзве пакуль — «Минскнй курьер» і «Беларусь».

Ён купіў абедзьве і, намагаючыся, каб не пачаць чытаць, склаў і сунуў у кішэню.

Некалькі спешкіх гараджан прашыбавалі паўз яго, супыніўся і кашлянуў даўгарукі «фраер» — з пышным настаўленым чубам пад скасабочанай пацёртай аблавушкай, у шэрым палітончыку і шырокіх камечаных нагавіцах.

- Прыпаліць не будзе? — цыркнуў слінай і, пажмякаўшы ў вузлаватых пальцах, утыркнуў у рот папяросіну (за вухам сушылася другая).

- Не куру, — адказаў знарок басавіта.

Яшчэ раз коса агледзеўшы яго, «фраер» паклыпаў далей…

Крыху яшчэ пастаяўшы, пайшоў сваёй дарогай і ён — на Захараўскую (ці — пры паляках — вуліцу Міцкевіча), галоўную ў Менску. Каб зрэзаць «дугу», спусціўся пад мост і прыспешыў прыцярушанай маладым снегам сцежкай — да рэдкага скверыку.

З напаўцьмянага закутка, дзе заканчваўся-заварочваў плот, пачуўся невыразны ўскрык. Насцярожаны, пачаў углядацца ў нейкую напаўразваленую шэрую сцяну і выхапіў нацятым позіркам каля самага вугла дзве постаці — мужчыны і паненкі ў капялюшыку.

- Яшчэ пікнеш — і прырэжу! — данёсся знаёмы хрыплы голас, і ён са спіны пазнаў «фраера», які некалькі хвілін таму прасіў у яго запалак. — Паказвай, што там прыцепліла! — і вырваў з рук паненкі партманецік.

Нібы варывам апякло шчокі. Ён выйшаў з-за плота і, набліжаючыся да рабаўніка, хоць і з дрыготкай, выціснуў:

- Зноў прыкурыць шукаеш?!

«Фраер» уздрыгануўся, крыху адбочыў, але ўбачыўшы маладога хлопца, выцягнуўся і — як і раней — цыркнуў слінай, з'яхідніў:

- А што, можа, прынёс?

- Аддай чужое — ды ідзі па дабру па здарову…

- Ты, смаркач, ну-ка блісні адсюль! — «фраер» падышоў усутыч, нібы пацягнуўся да вуха па цыгарэціну — і нечакана гухнуў кулаком.

Хоць і рыхтаваўся да ўсяго, але ўвіхнуцца ўсё ж не паспеў — зашчымела шчака, у рот набегла кроў. Але хутка і агоўтаўся — прысеў, выпусціў з рук чамаданчык — і тыцнуў рабаўніку пад дых. Той абмяк і пачаў ад болю гнуцца — і ён, схапіўшы за брудныя пэйсы, што няўрымсна выбрындваліся з-пад збітай аблавушкі, хлёстка стукнуў «фраерскай» галавой аб сваё калена — і адкінуў пацяжэлае жылістае цела. «Фраер» нязграбна зваліўся — акурат да ног паненкі, з-за пазухі вываліўся чужы партманецік.

Нагнуўся быў, каб падабраць, а «фраер» кумільгнуўся да ног, абхапіў і зваліў на дол. Яны сціснулі адзін аднаго і скаціліся ўніз, да рэчкі. «Фраер» меціў хапіць за шыю, ды ён пхнуў лакцямі — пакуль нарэшце не адарваўся і не ўскочыў на ногі.

- Людзі, ратуйце! — сполашна закрычала паненка, але голас сарваўся, і яна закашлялася. У гэты міг заўважыў, як у руцэ «фраера» бліснуў нож. Пыхкаючы разбітым акрываўленым носам, скочыў да яго, пырануў, цэлячы ў грудзі, ды Алесь перахапіў руку і з усяе сілы нагой стукнуў у жывот — «фраер» хэкнуў і закаціў вочы. Вольнай правай з адцяжкі — ва ўсім целе нечакана ўз'юцілася злосць — пэльнуў у няголеную сківіцу. «Фраер» у беспрытомнасці ляснуўся аб прамерзлую зямлю. Ён падняў нож і шпурнуў у рэчку, потым узяў свой баульчык і падаў спакойны голас:

- Не забудзьце свой партманецік. Можа, вас правесці?

Паненка яшчэ хвілю хітала галавой, мулячы і без таго тонкія вусны, перамагаючы спалох, а потым высіліла:

- Дзякуй, каб не вы… Нават і не ведаю…

- Дык ці правесці вас?

- Была б удзячнай, — і бліснула прыгожымі чарнявымі вачыма — глыбокімі (можа праз тое, што вейкі былі невялікімі?).

Яны пайшлі да скверыка, і паненка разгаварылася:

- А я так напалохалася, а яшчэ як убачыла ў яго руках нож!.. Столькі ўжо рознага жулля навылазіла! Вой, а як жа вас завуць?

- Аляксандар. А вас?

- Аляксандр, — паўтарыла яна. — Абаронца людзей, што ў перакладзе з… Ой, забылася, якой… Грэцкай, пэўна. А адкуль вы — відаць, прыехалі толькі, ці куды ад'язджаеце?

- Прыехаў. А як вас завуць?

- І-ы! — ускрыкнула і пляснула сябе па чырванаватай, з вабнай ямінкай, шчацэ. — У вас жа вока падбітае! Трэба нечым халодным прыкласці… - І кінулася ляпіць снежку. — Давайце…

- Ды нічога, пройдзе. — Ён усміхнуўся, яшчэ раз агледзеў паненку: лёгкія наўскід бровы, мяккія кудзяркі валасоў выплываюць з-пад уздзетага набок капялюшыка, прадаўгаватае — скульптурнае — пераноссе падкрэслівала яе рашучы характар, колка-цёплыя зрэнкі, артыстычнае цельца пад кароткім футэркам, — і ўжо трэці раз перапытаў: — Дык ці скажаце, як вас зваць?

- Паўліна, — і, далікатна змаршчыніўшы лобік, працяла, здалося, позіркам і зашчабятала зноў: — А вы, Аляксандр, чаму па-беларуску гаворыце? — і ўсміхнулася з хітрынкай.

- Ды… проста. А што?

- Так, прыемна чуць. Дык ці здалёку да нас абаронцы прыязджаюць?

- Са Случчыны.

- Вой, што ты кажаш?! — Пры «ты» ён зірнуў на Паўліну запытальна-гарэзліва, але паненка нібыта і не заўважыла гэтага. — Дык і я некалькі гадоў на Случчыне пражыла! У Мядзведзічах… Цяперака бачу, што і сапраўды там мядзведзі жывуць — гэта так скруціць тога збродню!.. То вёску Мядзведзічы — можа, чуў?

- Чуў. Гэта на самай мяжы Случчыны, амаль каля Шчары…

- Добра там у вас!.. Выйдзеш з хаты — а конікі так траскочуць!

- Ну, цяпер там конікі маўчаць…

- Гэта я пра лета. Я там настаўнічала ў беларускай школе.

- Ці не ў той, што княгіня Магдалена Радзівіл фундавала?

- У той. Ты — настаўнік!

- Не… — усміхнуўся. — Дык ці не тая ты Паўлінка, што і Купалаву «Паўлінку» першай іграла? — і стаў, здзіўлены нечаканкай, узяў паненку пад локаць і прыжмурыўся: — Вы Мядзёлка?!

- Ого! — здзівілася і тая, што яе «завочна» ведаў сённяшні абаронца, усміхнулася: — Толькі чаго ж зноў «вы»?

Крануліся далей, Мядзёлка, узбадзёраная, — паперадзе.

- Адкуль, цікава, у майго абаронцы такія звесткі? - І азірнулася — весела, гарэзна.

- А вы… ты павінна ведаць майго настаўніка Радаслава Астроўскага…

- Ну а як жа, добра ведаю!

- Вось ён і расказваў. Толькі як жа і сама Мядзёлка ў Менску апынулася?

- Праўда расказваў? І добрае? — і калі ён хітнуў галавой, працягвала: — Ох, дарагі Алесь… Можна я называцьму цябе Алесем? (Яму нечакана здалося, што за гэтую хвілю Мядзёлка, хоць і выглядала замаладой, памаладзела яшчэ — мяккасць, гуллівасць, у нечым бездапаможная, адкрытая наіўнасць…) Да Менску я пабыла яшчэ ў Горадні — школкі інспектавала, драмгурток стварыла і… у польскай турме адпачывала…

- Як гэта? — зусім «недыпламатычна» вырвалася ў Алеся.

- За ўдзел у выданні газэты «Родны край», добрай газэты…

Хоць і чуў на свае вушы, ды з цяжкасцю даваў ён чутаму веры.

- Значыць, не толькі на рабаўнікоў злосць Мядзёлка мае?

- А хай ім усім добра будзе!.. Адны вось да працы перашкаджаюць дайсці, другія — працаваць не даюць…

- А цяпер дзе шаноўная Мядзёлка завіхаецца?

- Ажно жаночай чатырохкляснай школай кіруе… А куды, калі не сакрэт, пан Алесь шыбаваць меўся?

- На працу і я спрабую дабрацца. Запрасіў Ігнатоўскі. Казаў, што ў Школьнай радзе людзі патрэбны…

- Гэта ў Рак-Міхайлоўскага? То ж мы амаль калегамі будзем! Толькі… як ты туды з падбітым вокам упяршынь заявішся?!. — Яна прымружыла павейкі, зноў паморшчыла лобік і, узняўшы ўгору ўказальны палец, рашуча мовіла: — Зробім так… Я дзядзьку Сымона добра ведаю, і таму мы зараз да яго ўдваіх і пойдам. Там разам твой сіні «медаль» і адзначым…

Калі яны дайшлі да Юбілейнага дома (цяпер яго звалі Беларускім), зацерушыў сняжок. Дом стаяў на ўзвышку, да галоўных дзвярэй вялі высокія каменныя прыступкі. Ды і сам дом пачынаўся звысоку — амаль на паўроста ўзнімаўся шэры падмурак, над ім — аркавыя вокны першага паверха. Другі паверх адкрыта глядзеў большымі — амаль квадратнымі — вачніцамі — кудысь за вуліцу. Аркавымі былі і двайныя ўваходныя дзверы, над імі зграбна выступала трапецыяй невялічкая мансарда.

Дзякуючы Мядзёлцы, ён хутка адшукаў патрэбных людзей і адразу ж быў залічаны на працу. Дзякуючы ёй жа, па ўсім Беларускім доме хутка разбеглася чутка пра бойку каля рэчкі і «ўганаравалася» ягоная клічка — Мядзведзь. І калі надвячоркам ён разгарнуў купленыя раніцай газэты (падшукаць кватэры не паспеў і застаўся пераначаваць у канцылярыі Школьнай рады), у дзверы пастукалі, і ў пакой зайшоў маладжавы мужчына сярэдняга роста, у вайсковага крою пінжаку, кашулі пад самую шыю без каўняра, гладка адпрасаваных нагавіцах і зіхоткіх ботах ручной работы. Агледзеўся, усміхнуўся — твар правільнай формы, шляхетны — і ледзь не з уваходу выпаліў:

- Дык хто тут Мядзведзем будзе?

І ён пазнаў — зайшоў Алесь Гарун.


Алесь Гарун

Цяжкія дзверы гатэлю «Парыж», крыху разбуранага зверху напачатку немцамі, а затым бальшавікамі, раскрыліся лёгка, не пасаваў толькі іхняй былой велічы намерзлы скрып: ужо некалькі гадоў не змазваліся жалезіны запавесаў. Жмурачыся ад святла і снегу, першым з гатэля выскачыў ад'ютант генерала Жэлігоўскага, зірнуў наўкруг і заліхвацка адступіў, трымаючы дзверыну. За ім паказалася і ўся дэлегацыя: Гіпіус, Меражкоўскі, генерал, Злобін і Філосафаў (у студзені 1920-га Дзмітрый Меражкоўскі з жонкай Зінаідай Гіпіус выбраліся з чырвонага Піцера — чытаць чырвонаармейцам лекцыі пра… Егіпет. З маладым паэтам, у будучым сакратаром Меражкоўскіх, Валодзем Злобіным нелегальна перайшлі пад Бабруйскам «польскую» мяжу, адкуль — праз колькі дзён — і патрапілі ў Менск).

Цямнела. Халодны вецер сыпануў у твар снежнай ігліцаю. Па вуліцы — ледзь не пад ногі — пракаціліся дзве скамечаныя газэціны, купка сонных галубоў лена адляцела на колькі крокаў і зноў сцішылася — зіхоткія галоўкі падазрона крывіліся — амаль тэатральна косячыся на пышную дэлегацыю.

— …Поймите, — працягваў распачатую яшчэ ў гатэлі размову Жэлігоўскі, - здесь нет никого разумного и ответственного нз русских людей, кому поляки могли бы доверять… Здесь фактически нет достойных русских антибольшевиков. Нам не с кем разговаривать. Вы — первые русские люди, точка зрения которых нам не внушает недоверня. И, я полагаю, в Польше нужно создать русское правительство, которое Польша после свержения большевиков желала бы видеть у власти…

- Да-да, есть над чем поразмыслить. — Меражкоўскі, магло падацца, амаль не слухаў генерала: ступаў па прымеценай снегам вуліцы няўпэўнена, як здарожаны хадок, крыху прыпадаў, нібы пакульгваючы, на пяткі. А можа так здавалася на фоне роўнай генеральскай хады?

Калі ўся шасцёрка перайшла вуліцу, з Гарадскога тэатру (ён месціўся насупраць гатэля) ветліва выбег доктар Балаховец, загадчык Пушкінскай бібліятэкі — ён і арганізаваў гэтую сустрэчу менчукоў з расійскімі пісьменнікамі — і соладка раскланяўся гасцям:

- Зал переполнен. Вас ждут. Пожалуйста… Пожалуйста, просим!

- Перад сваімі так не слаўся б… — не ўтрымаўся Алесь. У той час ён з Гаруном таксама ўзыходзілі на прыступкі тэатра. Ледзь не спазніліся: адведвалі хворага Купалу.

Зала і насамрэч была перапоўненай. Выступоўцам да сцэны дапамаглі праціснуцца паліцмэйстары. Гарун з Алесем намерыліся ўжо стаяць, як у першым радзе заўважылі Ігнатоўскага — махаў рукой і клікаў да сябе. Побач з ім сядзеў епіскап Мелхісэдэк і яшчэ некалькі святароў. Пэўна, нехта са «званых» не з'явіўся, і два незанятыя месцы нечакана дасталіся Гаруну і Алесю. Апошні яшчэ доўга паглядаў на епіскапа, маладога, прыгожага. Ведаў, што Ігнатоўскі сябруе з Мелхісэдэкам, нават ужо амаль упэўніў яго ў неабходнасці абеларушвання царкоўнай службы…

Вечарыну пачаў Злобін. Павітаўся і стаў пераказваць уражанні аб прыездзе ў Бабруйск, Менск:

- Мы ведь были совсем дикие. Первые магазины привели нас в столбняк. С открытым ртом я долго стоял перед выставленными в окне носками, днвясь, что их можно опять купить! Улицы стало уже непривычно переходить — по ним же опять лошади ездят! А в офицерском клубе, куда нас были пригласили на обед, мы с недоверием и почти ужасом смотрели на белый хлеб и яблоки, точно это были плоды иного мира… И вспоминается сейчас одна петербургская литературная вечеринка в 1917-ом. — Злобін зморшчыўся і з намогай паспрабаваў усміхнуцца, ды гэтага не атрымалася — у вачох засвяціліся злосныя іскрыны — манернасці, фанабэрыі. — Профессор Сперанский долго читал нз Достоевского. После небольшого перерыва какой-то красный комисаришко объявил, что вечер запрещён и потребовал у Сперанского… — вось цяпер толькі ён усміхнуўся, шчыра, проста, — домашннй адрес Достоевского! — Засмяялася гучна і зала. — Совсем другая жизнь встретила нас в этом небольшом — по меркам Петербурга — польском городе!..

Алесю падалося, што ён не дачуў. Зірнуў на Гаруна — і ў тога бровы здзіўлена прыўзняты… Але выступоўца не паправіўся.

Загаварыў Меражкоўскі, урачыста, узнёсла — пра мастацтва, пра Пушкіна і Міцкевіча, пра літарацкае жыццё ў бальшавіцкай Расіі, духоўнае выпрабаванне рускай нацыі… І зноў — Расія, Польшча, рускае, польскае. Заклікала паважаць і любіць вызваленцаў Менска Гіпіус. Доўга чыталі вершы. Калі пачалі адказваць на пытанні — нудныя, дробныя, не ўтрымаўся Гарун:

- Вось вы, панове пісьменнікі, добра ўсё пра культуру, мастацтва гаворыце… Толькі адкажыце мне на простае: як будзе выглядаць чалавек, што прыйдзе ў суседаў сад і, збіраючы там яблыкі, хваліцьме не суседа, а дзірку ў ягоным плоце?.. (Па зале прабегла турботная хвалька неўразумення.) — Гарун прыжмурыўся і яшчэ раз — учэпіста, як хітраваты пан пры найме на работу — агледзеў старэйшага з выступоўцаў — Меражкоўскага. Той схіліў галаву і, не міргаючы, — позіркі сышліся, — вывучаў нечаканага запытайцу. Пасля нацятай паўзы не вытрымаў першым Меражкоўскі:

- Не совсем ясен ваш вопрос. Если можно, конкретно… — і павярнуўся да Злобіна.

- Калі просіце канкрэтна — калі ласка! — Гарун усміхнуўся нават. — Вы, скажам так, як сімвал нескаронай рускай інтэлігенцыі прыязджаеце, не хачу казаць уцякаеце… (І зноў абураны гул у зале, а Гарун адно павысіў голас.)…у суседнюю краіну, да суседняга народа — і не заўважаеце яго, дзівіцеся і белымі булкамі, і запоўненымі вулкамі, а на тое, што булкі тыя пяклі беларусы і што гэта вулкі беларускага горада — ці забыліся, ці не бачыце?!

І тут заля пачала ўзрывацца выкрыкамі нібыта абураных слухачоў:

- Да что он вяжется!

- По существу вопросы, по существу!

- Большевицким прихвосням слова не давать!..

Апошняе апякло зусім зблізку — Гарун нават разгледзеў уладальніка гэтага хрыплага барытона — таўставатага «дзеяча» ад журналістыкі. Яны ж былі нават знаёмцамі: у 1918-м, калі газэта «Беларускі Шлях» пераходзіла да менскага таварыства «Заранка», пад Гарунова рэдактарскае крыло, дзеяч гэты — ці не Гробскі яго прозвішча? — на ўсю чарніў перад немцамі (тымчаснымі «вызваліцелямі» Менска) беларусаў і дамагаўся фундацыі сваіх рускамоўных «Ведомостей»…

Выкрык пра бальшавіцкага прыхвасня крануў за жывое — каго-каго, а яго, Гаруна… Пасля ўсяго напісанага і зробленага ім… Хоць і ведаў, што гробскіх тут — паўзалы…

- Давайте спокойнее, господа! — нібыта абурана выціснуў Меражкоўскі і прысеў да століка — гэтым вечарам ён больш нічога не сказаў.

- Да-да, конечно… Хватит… Почитайте, пожалуйста, еще что-либо… — паплыло з галёркі, і Злобін раскрыў свой бліскучы нататнік…

Гарун так і не даседзеў да канца сустрэчы. За ім, ловячы грэблівы зірк «рускага» журналіста ў замалым для ягонага жывата, камечаным пінжаку, падаўся і Алесь.

На выхадзе сустрэлі здзіўленую прыбіральшчыцу.

- А што паноў пісьменнікаў да канца не даслухалі? - і зноў плёхнула ў ваду ўжо выкручаную анучу.

- Ды, ведаеце, і ў зале бруду багата было… — міжволі вылецела ў Гаруна.

- Як?! — зніякавела прыбіральшчыца. — Я ж яшчэ сённячы ранкам дамывала там…

- На жаль, бруд той, пэўна, ужо не адмыецца. — Гарун уздыхнуў і прачыніў дзверы. Алесь азірнуўся: у неўразуменні над вядром застыла прыбіральшчыца.

Вогкі вецер астудзіў іх, лізнуў холадам і скочыў да тэатравага франтона. Горад жа і не думаў збірацца спаць — ад гатэля дабягаў стук малатка (нейкі гаспадар-клапатун, не зафіраніўшы вакно, дарабляў у «кватэры» перагародку — цяжарная жонка назірала за ягонай працай), доўгія цені паліцэйскіх пераплылі вуліцу, бадзёра зыкнуў прастуджаным гудком на вакзале цягнік — і вецер нацянькі кінуўся на яго вандроўніцкія запросіны. «Газэты! Цыгарэты!» — адзываўся на ганку гатэля рабаціністы хлапчук…

А да Гаруна падступіла даўкае — як гэтая зімняя пераспелая цямрэча — пачуццё, — каб мог, дык хоць заплач… І заўважыўшы, што і Алесю нясоладка, Алесь старэйшы нырцануў у блізкія ўспаміны:

- Эх, а тры ж гады таму — 18 снежня 1917-га — тут першы Усебеларускі з'езд праходзіў, а здаецца — паўжыцця мінула… Вось тут… — Гарун зноў вярнуўся да дзвярэй тэатру. — Тут стаяла ганаровая варта Менскага беларускага палку, а там… — Ён тыцнуў у сцяну пальцам. — Там, у зале, не шэрыя сцены былі! Сцэна — «Пагоняй» і бел-чырвона-белымі сцягамі ўпрыгожана! За прэзідыумам — хор Тэраўскага. З артыстамі Ждановіча, усе ў беларускіх строях… І заля, і лёжы, і хады былі заняты дэлегатамі. Ніводная нацыя за перыяд расейскіх рэвалюцыяў не дала такое колькасці ўдзельнікаў… - Яны павольна пакрочылі да Захар'еўскай. — Прадстаўніком на сходзе тым быў запраўды беларускі народ — толькі «кантрабандным» чынам трапіла туды колькі «таварышаў» з маскоўцаў, якія прыехалі з выразнай мэтай справакаваць з'езд. За старшыню абралі Івана Сераду, у сакратарыят, разам з іншымі, увайшлі Тамаш Грыб і я… — Гарун на хвілю перапыніўся. З пляцавага гала злосна налятаў вецер, лязгаў бляхамі начольнікаў і раз'юшана завываў у трубе вадасцёка. Гарун наставіў каўнер, глыбей нацягнуў шапку і падпіхнуў Алеся ў плячук: — Помніцца выступленне аднаго «ўмандатаванага» святара, прыхільніка, — высока паківаў пальцам, — улады саветаў… Ён настойліва гугнявіў пра непадзельнасць трыадзінага рускага народу і параўноўваў з непадзельнасцю Святой тройцы… Была і правакацыя: адзін дундук з «абласнікоў» назваў бел-чырвона-белы сцяг, што вісеў над трыбунай, тряпкой. Я й некалькі вайскоўцаў хацелі вывесці разумніка… А з прэзідыуму да трыбуны падбег генерал Аляксяеўскі і, пацалаваўшы сцяг, папрасіў прысутных не зневажаць першы з'езд бойкай. Адкрыў жа з'езд твой Рак-Міхайлоскі — доўгія воплескі былі!.. А калі хор заспяваў «Адвеку мы спалі, і нас разбудзілі»!.. Божа мой, не паверыш — бальшыня слёзы выцірала… Шчаслівыя слёзы! — Гарун уздыхнуў і зірнуў на Алеся, усміхнуўся. — Цябе з лекцыі звёў, а сам другую распачаў…

— Ды што вы, дзядзька Алесь! Я ж толькі й ведаў пра з'езд, што ён быў…


Бальшавікі разагналі з'езд… А ўсіх жа рэзалюцыяў і матэрыялаў з'езда ў Грыба назбіралася на той час два вялікія — як тоўстыя падушкі! — партфелі… - Гарун закашляўся. — Ды назаўтра сабраліся ў менскім чыгуначным дэпо, дзе з'езд да вольных выбараў перадаў свае паўнамоцтвы сваёй радзе. І зноў бальшавікі спрабавалі гвалтам разагнаць сход, ды чыгуначнікі, дзякуй ім, заступіліся. Дык што, пасля гэтага бальшавікам кланяцца? У іхнія камуны верыць?! На Леніна маліцца?!! — Прайшлі крыху моўчкі. — Ні немцы, ні палякі… - і Гарун цяжка перасмыкнуў вострым коўцікам, — не дазвалялі сабе падобнага…

І зноў — як нядаўні апёк — згадка пра бальшавіцкага прыхвасня… Кім-кім, а бальшавіцкім памагатым назваць яго мог ці хворы чалавек, ці Гробскі!


«…У пяцігадовым узросьце навучыўшыся чытаць, праседзеўшы два гады ў трэцяй клясе прыходзкага вучылішча — бо «такога недалетку», як напіша Максім Гарэцкі, не дапусьцілі першы год да экзаменаў, ён, Саша Прушынскі, вымушаны быў чакаць яшчэ два гады, каб мець права паступіць у рамесьніцкую вучыльню. У 1902 годзе стаў столярам. У 1904-ым зблізіўся з эсэрамі-максімалістамі. Не даў толькі адтэрміноўкі дваццацігадоваму юнаку арышт — яго схапілі ноччу 4 сакавіка 1907-га ў друкарні па вуліцы Шырокай у Менску, дзе рыхтавалі ўлётку. У лютым 1908-га, раніцай, пераправілі з менскага астрога ў Вільню. Двойчы зьбіраўся суд, і — у 21 год — высылка на пасяленьне ў Сыбір, у Іркуцкую губерню. Цяслярыў, быў на Лене вадалівам, на баржы № 18 рыхтаваў да друку свой першы (і апошні) паэтычны зборнік «Матчын дар» (які ўвосень 1914 года выслаў у Вільню). У выгнаньні пазнаёміўся і пасябраваў з Язэпам Лёсікам. Вярнуўся ў верасьні 1917-га нямоглым, хворым, разам з Язэпам Лёсікам трымаўся, побач з ім у «Вольнай Беларусі» працаваць пачаў (у «Беларускай кнігарні», што ў адным будынку на Захараўскай, насупраць Чырвонага касьцёла, месьцілася, — «Вольная Беларусь» на другім, кнігарня — на першым паверсе).

А якія там заробкі былі?! Харчаваўся кепска — і здароўя не паправіў. На ўтрыманьні сваім і маці меў, і брата малодшага — няўдалага, які й характарам, і абыходжаньнем псаваў Гаруну апошняе здароўе. Вось і думалася потым, ці не мяне, Алеся-Мядзьведзя, апякуючы, за брата малодшага бачыць хацеў — і ўжо хоць тым суцешвацца?..

У выгнаньні Прушынскі і стаў Алесем — лісты да бацькоў так толькі і падпісваў, зрэшты, і вершы — з 1907-га іх — «Маці-Беларусі», «Януку Купале», «Начныя думкі» — друкавала «Наша Ніва». Апошні і даў яму права неяк з маладжавым гонарам усьміхнуцца мне: «За Купалам вы, слуцакі, мяне другім павінны ў ганаровыя сябры сваёй «Папараці-Кветкі» далучыць, бо і я ж нібыта з вамі гэтай кветцы ў «Начных думках» маліўся…» Пасьля чаго я з не меншым гонарам цытаваў па памяці Гарунова:

…Ночкай ля рэчкі раздольна, прывольна!
Гуртам русалкі смяюцца, пяюць,
Кветкі купальскай шукае бяздольны;
З зельлем шаптухі паціху снуюць…
Дай мне купальскую кветку ў рукі,
Путы жалезныя, мне развяжы,
Дай ты мне зельля на гора і мукі,
К шчасьцю гасцінец мне дай, пакажы!

Зрэшты, да Алеся Гаруна ён быў Сумным. І псеўданімам Навадворскі падпісваўся — ад назвы фальварка Новы Двор пад Менскам, дзе нарадзіўся, і І. Жывіцам менаваўся — маці, Соф'я Іванаўна, у дзявоцтве мела такое прозьвішча..

Шанаваў, любіў Гарун маці. Чым мог, дапамагаў ёй — яшчэ з маленства. І бялізну мыць і разносіць на кватэры багацейшых — капейчыну на жыцьцё хлапчуком зарабляць. І паэзію сваю «Матчыным дарам» лічыў (так і кнігу назваў).

А яшчэ ён выступаў і Сальвэсем… Пасьля лютаўскай рэвалюцыі 1917 года, пасьля звароту ў Менск сябрам ЦК Беларускай Сацыялістычнай Грамады, абіраўся намесьнікам старшыні Ўсебеларускага з'езду (пра гэта ў размове са мной сьціпла змаўчаў) і рэдактарам газэты «Беларускі Шлях». Першы яе нумар выйшаў 8 сакавіка 1918-га, рэдактарам-выдаўцом значыўся Павел Аляксюк, а памятнага 25 сакавіка зьявіўся і другі. У ім паведамлялася аб перадачы выданьня газэты менскаму таварыству «Заранка» і пераходзе рэдактарскага абавязку «пры бліжэйшым учасьці тых самых супрацоўнікаў» да Аляксандра Прушынскага (Гаруна). З гэтага часу «Беларускі Шлях» стаў зьяўляцца стала і перыядычна. З нумара ў нумар — антышавіністычныя артыкулы, нататкі, фельетоны і вершы, у якіх з вострай сатырай, часам і сарказмам выкрываліся як польская «шырокая» палітыка «ад мора да мора», так і расейская бальшавіцкая «стратэгія». З падобных публікацыяў разам з Бядулевымі і Галубковымі нельга ня вылучыць і ягоных, Гаруновых — 8 артыкулаў-рэплік пад агульнай назвай «Скрыты шавіністы» (падпісаныя псэўданімам А. Навадворскі): у першым — едкі сьмех з бальшавіцкага «міралюбства», у другім — палеміка з М. Даманскай, аўтаркай аднаго скандальнага артыкула, — з выкрыцьцём прыхільнасьці некаторых «беларусаў» то да польскага боку, то да маскоўскага, заклікам вызваліць дарогу сапраўдным рупліўцам беларушчыны; у іншых — высмейванне жонкі Леніна Н. Крупскай, якая заняла высокі пост… Гаруну належаць у «Беларускім Шляху» і сатырычныя вершы «Кар'ера», «Адрас», а таксама «Маленькі фельетон» і «Сабатажнік». Вось яны і былі падпісаны псэўданімам Сальвэсь. І каб толькі маглі бальшавікі дапяць да Прушынскага-Гаруна-Сальвэся — з жывога б мяса рвалі й сольлю сыпалі!.. Вось толькі некалькі стрэлаў «Беларускага Шляху»:


Сабатажнік

«Дэкрэтам ураду ў Маскве і Ц. Расіі стрэлка гадзіньніка пасунута на 2 гадз. уперад».

(З газэт)

Ні было бальшавікоў —
Бацька-час жыў незалежна
Прасярод гадоў, вякоў,
Валадар быў неабмежны.
…А прыйшлі бальшавікі —
Зараз рэчы стан змяніўся:
Валадар і цар такі,
Лёгка час ім пакарыўся.
Круцяць самі, як хаця,
Стрэлкі жвава ў загарку,
Як свавольнае дзіця, —
Час ідзець для іх ні шпарка.
«Стары дурань ты, — крычаць. —
Што паўзеш ты гэтак ціха?
Што? Закон такі… Маўчаць!
Усе тваі законы — к ліху.
Проста ты стары гультай
Ці буржуям ты прадажнік.
Н-ну! Пайшоў-жа, не чакай
Палкі, сабатажнік!»

Ці асабліва гэты —


Маленькі фельетон

Старыя сельскія саўдэпы ў Расіі дэкрэтам Леніна замяняюцца новымі з беззямельных сялян.

(З газэт)

«Мы, Вялікі Ленін Першы і Другі Ульянаў,
Мы, Ільіч ніпарушымы, гэтман партызанаў,
Кунгс латышскіх кандацьераў і матроскіх банд,
Страх на правых ўсіх эсэраў, бальшавіцкі гранд;
Мы, «всея» Масквы «владыка», ў саўнаркоме Першы,
Аб'яўляем нашу волю і жывым, і ўмершым:
Наш парадак палітычны, — кажа так рабіць.
Час цяпер камуністычны, трэба ўсё дзяліць.
І аднак, хоць гэта прыкра, мусім мы прызнаць —
Сабатажнікаў Нам цяжка ўсіх перамагаць.
Хто ні знае, што ў Расіі аж залішне грунтаў,
Што сяляне ўсе павінны ўзбагацець ад бунтаў.
А глядзіце — беззямельных скрозь па вёсках цьма.
Як жа так, што ёсьць зямліца і, ізноў, няма?
Не іначай што кадэты і зямлю падбілі,
Скараціцца ёй, заменшыцца хітра ўгаварыілі.
Тут віна старых саўдэпаў, трэба іх зьмяніць,
Вот прыказ Наш: беззямельных ў Рады пасадзіць.
А для іх наказ найстрожшы:
Як зямля з нас хлусіць
І ні хоча нам скарыцца, дык яе… прымусіць,
Дзе загон знарок звузее, — трэба пакараць:
Расцягнуць яго ўдвое — тады будзе знаць!
За адпорнасьць, ніслухмянасьць батагоў даць дзесяць,
Калі ж гэта ні паможа, — асудзіць! Павесіць!»

(«Декрет С.Н.К., «Известия», 1234567890.)

Сьпісаў САЛЬВЭСЬ.


…Без сумніву, ён ведаў, праз што гэты даўкі камяк — ужо ў грудзях, а на душы — і стыча, і цемедзь, і ўваччу — прымглёна, прытуманена… Дый не першы ж год! Рэй за Сальвэсем вёў І. Жывіца


«…ні толькі дарогі твае ўбівалі, Беларусь, але і народ твой забілі на самы падол жыцьця, затапталі ў ім нахаджэньне Боскае і годнасьць чалавечую, капытамі жыватоў сваіх пабілі ўсе яго прывілеі на гэта, як шкадлівы статак, дапушчаны сквапным ніпраўдзівым суседам пабівае гаспадарскую рунь…»


Гэта з тога ж «Беларускага Шляху», з цыклу-нарысу «Уражаньні», — некалі на сустрэчы з Меражкоўскім і выплыла гэтае параўнаньне, толькі ўсё ж статкам на руні зваць іх не мог — яны ж «далікатна прыехалі, як па яблыкі ў сад чужы…

А — да ўсяго — сумаваў жа ў ім яшчэ і Сумны, і Гарун гараваў, і не мог не бачыць ён і шэсьця вясны, хоць і далёкага, і радасьці жадаў, і… І адзіноты, — вырвацца, зьнікнуць, растаць, растварыцца, забыць, і, разам з тым, дзякаваў мне — што быў побач, праводзіў, спавядаўся….

Узорнымі былі ў Гаруна адносіны да простых гарадчукоў. Асабліва падоўгу ён любіў з дворнікамі гутарыць. (Мо праз тое, што і бацька ягоны ў Менску дворнікам быў, і ў гэтых людзях штось бацькавае знаходзіў? Ды і сам жа малым вулкі мёў…)

А памяць якую меў! Яшчэ вучнем перапісаў і на памяць завучыў усе вершы з «Дудкі беларускай» Францішка Багушэвіча; двойчы цытату перачытае — і хоць праз тыдзень без падглядкі ўзновіць! У турме сукамернікаў дзівіў: стануць у шахматы гуляць, ён на верхнія нары ўзьлезе — і ўсю партыю па памяці гуляе, на дошку і не зірне!

Нямецкую акупацыю ў 1919 годзе зьмяніла бальшавіцкая. Рада прыпыніла сваю дзейнасьць, многія выехалі з Менску. Ён жа застаўся. «Нікуды не паеду, — казаў. — На Бацькаўшчыне шмат працы. Дый растраляць мяне пасаромеюцца усё ж такі я — стары рэвалюцыянер…» Прыгадваецца адна Гарунова прамова на нейкім сходзе ЧБНК — якраз пра ягоную рэвалюцыйнасьць, і пра заклік да працы карпатлівай (я нават запісаць тады прамову пасьпеў).


«Шмат гаворыцца й пішацца ў нас аб рэвалюцыі, аб заслугах блізкага нам расійскага пралетарыяту… Я шаную рэвалюцыю, я аддаю ёй сваю пахвалу. Я сам рэвалюцыянер… (Голас роўны, спакойны, цьвёрды, крыху сіпучы, ценкі. І раптам васільковыя вочы цямнець пачалі, - так часта здаралася, калі Гарун змрачнеў, за балючае закранаў… І тады на гадоў 6 - 7 старэй узроста свайго выглядау.) Але аб адным забываюцца: рэвалюцыі ў нас на Беларусі няма. Яе задушылі Гофман і Троцкі ў Бярэсьці, падзяліўшы нашу Бацькаўшчыну, разарваўшы яе на часьці… Іншыя раюць нават змагацца з нямецкімі акупантамі аружнай сілай. А ці падумалі яны, што магло б стацца, каб сапраўды наш селянін з голымі рукамі пайшоў біцца? Ці падумалі аб тым, што мітынговыя прамовы пара скончыць, што трэба цяперака займацца не прамовамі, а трэба, па маёй думцы, разважаць аб тым, як пачаць і з чаго распачаць нашае дзяржаўнае будаўніцтва».

(З запісаў Алеся Ваяра.)


— Э-э, брат, штой-та ты нос павесіў!? — першым з продума выбраўся Гарун, хітнуў бадзёра галавой. — Ходзьма ў мае апартаменты, пачонстка мая!

Алесю малодшаму па дарозе з тэатра ўзгадалася Цароўка, Слуцак. На наступныя выхадныя ён вырашыў з'ездзіць дадому. Штось і лісты ўжо доўга са Слуцку не йшлі, ды і сам, па-праўдзе, адпісваў даўнавата.

Так — і адчуванне сумнае зрадзілася не сёння, расло яно, стукалася ў закутках свядомасці і доўгімі снежаньскімі вечарамі, і спешкімі ранкамі — у срэбнай шэрані, непасрэднасці, нават нязведанай чужацкасці, - так, яго прытаміў Менск, змяніў нават. І гэтая конка — абагнала цяжка, з грукатам — падавалася ўжо звычайнай пародыяй (таўчэцца днямі па закладзеных рэйках — і ні на крок коням ад іх не збочыць…). А самі коні, што цягнулі вагон, і іхнія паганятыя — манекенамі здаваліся, беспачуццёвымі механізмамі (што б сказаў на тое дзед?..).

Беларуская Хатка на Захараўскай-Міцкевіча — крыху наўслонь ад Чырвонага касцёла — вызірала са шчыльных уснежаных прысадаў дворыка дзвюмя парамі вокнаў (чацвёртае, крайняе, крыху меншае, належала прыбудоўцы-верандзе і было зааканічана). З-пад залысінаў ад расталага снегу вытыркалі з даху два коміны-рожкі — ад грубкі і печкі. Хатка, абгароджаная роўным штыкетам, — на ўзгорку. Каб дайсці да брамкі — з дзесятак круглякоў-прыступак адолець трэба. Лесвіца з парэнчамі і паддашкам — таксама ўверх, у веранду. Веранда ж была і кухняй. Праз яе трапляеш у сталоўку (без вакна); направа — прахадны пакой, з печкай-ляжанкай (напачатку — увосень 1917-га — у ім Гарун кватараваў з маці й братам), другія дзверы пакоя — у бібліятэку (куды Алесь з сябрукамі прыходзіў упяршынь да Купалы); праз сценку (калі зайсці — дык са сталоўкі прама) — вялікая зала, у два вакны, паўз сценкі — лавы (колькі выплясана тут ужо Алесем, часцей — з Паўлінай Мядзёлкай — агонь-танцоркай! — яго любімых полечак, і «з падкіндэсам», і без яго!..) Дагравала будыніну грубка (палілася з залы). Далей — прама з кухні, праз сталоўку, залу, — невялікі пакой квадратам, з адным акном, таксама прахадны. Пад акном пісьмовы стол са старым мяккім фатэлем, — так ніводнага разу і не высмеліўся сесці ў яго Алесь. Як каралеўскую рэліквію азіраў, ды і праз пакой увесь час хадзіў як праз асвечаную скінію: яшчэ б, за гэтым сталом пісаў Максім Багдановіч, і ў фатэлі тым, як вечарам сябры разыдуцца, любіў да ночы сядзець…


«Максім Багдановіч з канца верасьня 1916 года — да адбыцьця ў Ялту — правёў у Менску пяць месяцаў. Пра ягоны прыезд мне расказаў першым Фабіян Шантыр, які й бачыўся з Максімам у Беларускай Хатцы, і тады шчырая, непрыхаваная зайздрастка ўсіх нас — «папараць-кветкаўцаў» — брала: як жа, сябар, як з Бабруйска ехаў, разам з Багдановічам, Галубком, Ядвігіным Ш., Уласавым Новы, 1917-ы, год сустракаў! І шматкроць з гонарам паўтараў, што з Максімам за адным сталом сядзеў!..

Напачатку ў Беларускай Хатцы (дом № 15) месьціўся Менскі адзьдзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Ён аб'ядноўваў некалькі дзесяткаў інтэлігентаў, службоўцаў, духоўных асоб. Былі сярод іх і пісьменнікі Ядвігін Ш., Андрэй Зязюля, Зьмітрок Бядуля, а таксама і Максім Багдановіч. Далучыліся да адзьдзелу Павел Аляксюк і Фабіян Шантыр. У Беларускай Хатцы «арганізавалі» і сталоўку Таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, летам 1917-га яе перавялі ў іншае месца, а Хатка ператварылася ў сядзібу Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый. Летам 1919 года кватараваў у ёй і Зьмітрок Бядуля з сямьёй.

Паступова менскае таварыства ператварылася ў асьветніцкую і культурніцкую арганізацыю. Старшынёй — з прапановы Багдановіча — абралі Скірмунта, вядомага абшарніка, былога сябры І дзяржаўнай Думы. Пасьля лютаўскай рэвалюцыі адзьдзел абвясьціў сябе нацыянальным камітэтам. Аляксюк увайшоў у Выканкам грамадзкай бясьпекі Менску — неафіцыйны орган «агульнарасійскага» Часовага ўраду. Правялі мітынгі ў Менску і Бабруйску — з прамовамі па-беларуску, а ў сакавіку 1917-га арганізавалі з'езд беларускіх нацыянальных арганізацыяў, які і сфармаваў Беларускі Нацыянальны Камітэт (як юрысты ў яго ўвайшлі Шантыр і Аляксюк). Старшынёй зноў абралі Скірмунта, які ачольваў дэлегацыю да Часовага ўрада ў Піцер… І каб не рэвалюцыя кастрычніцкая, каб ня войны — хто ведае, як усё сталася б і што місія тая прынесла б… А можа, і паўстала б яшчэ тады незалежная Беларусь — паперадзе і Польшчы, і Украіны?

І зноў неадчэпнае, зноў неадказанае: чаму? Чаму сталася так, як сталася?»

(З запісаў Алеся Ваяра.)


Гарун жыў у дальнім пакоі Беларускай Хаткі. «І два бакі грубкі, і два вакенцы ў прысады — чым не рай у межах зімовага гораду!» — не раз паўтараў гаспадар пакоя. Каля грубкі — ложак, за ім — на ўсю сценку — шафа з кнігамі, часопісамі, падшыўкамі газэт (іх Алесь ужо ўсе перачытаў). Паміж вокнамі — пісьмовы стол..

Гарун запаліў святло, згроб са стала кнігі й спісаныя аркушыкі, разгарнуў ільняны абрусік, з шуфляды дастаў сала, дзве цыбуліны, хлеб і кварту беленькай…

— Ну, братка, хай ім усім добра будзе! Мы ж давай па кропельцы — і сагрэемся, і палечымся…

Навучыла жыццё Гаруна не запасіць-хаваць надоўга ў сабе чорнае…

А «ім» і насамрэч добра было: госці — Меражкоўскі, Гіпіус, Злобін — затым яшчэ лекцыю пра Міцкевіча прачыталі — і вырашылі ў Польшчу перабірацца. Да вакзала на аўто Жэлігоўскага даехалі, ва ўтульным купэ хуткага цягніка — да Вільні, у мяккім спальным вагоне (ужо ранняй вясной) — да Варшавы.

Зусім па-іншаму праз некалькі месяцаў выбірацца ў чужбіну будзе хворы Гарун…


«Пад штандар бел-чырвона-белы»
(Уладзімер Жылка)

Была зіма, яе першая паслякалядная нядзеля, бадзёры ранішні мароз, брыльянты звонкай шэрані на дрэвах, мора снегу з затупленымі «хвалярэзамі» лясоў (каб не яны, то — здавалася — снежна-малочнае мора паўскочвалася б на невялікія астраўкі вакольных вёсак і затапіла б іх), — і была дарога праз гэтае белае мора, зранку яшчэ непрабітая, не пратораная, трымацца якой, не збіцца дапамагалі аграмадныя прыдарожныя маякі-дубы.

На лёгкіх санях — трое. За вазніцу — сталага веку дзядзька, у кажушку, бітых валёнках, аблавушцы з зайца. Да ягонай шырокай спіны прыхінуліся два хлапцы, амаль адналеткі. Гадоў па дваццаць можна было б даць ім, хоць і з нацяжкаю. Накрытыя грубай апонаю, маўчалі.

— Го, вераб'і!.. Прачынайцеся ўжо. Вунё й горад відзён, — гэта дзядзьку надакучыла трымаць маўчанку.

Раскатурхвацца й вылузвацца з-пад нагрэтай апоны хлопцам, па-праўдзе, не хацелася. Ды самі ж напрасіліся, надакучыла адно ў вёсцы аснежанай лайдакаваць…

Хлопцы — стрыечныя браты. Пажылі разам, паразумеліся, пасябравалі. На паляванне нават аднаго разу выбіраліся, за што дасталося ім на абаранкі ад сённяшняга вазьніцы (аднаму ён бацькам, другому дзядзькам даводзіўся). Пасля тога і стрэльбу ад іх перахаваў, і вось сёння на кірмаш браць напачатку не ўсхацеў — «Клопату адно з вамі, падшыванцамі…»

Сам жа ён і паляўнічым, і бондарам добрым быў. І не толькі тога-сёга прыкупіць збіраўся, але й сам на продаж шмат меў — і скурак лісіных і заечых, і кадак, і бондаў розных (ледзь праз іх уплішчыліся хлопцы на сані).

Напачатку сталі вынырваць з белічы слуцкія драўляныя дамкі з цаглянымі камінамі, а затым вуліца раптам расплылася, і яны апынуліся на рынкавым пляцы, ужо абуджаным, запоўненым людам (гэта яшчэ былі адны прадаўцы, але й ім цікава ж дазнацца пра цэны — на ўсё, што трапляла на вочы, — і ўжо бадзёрая гамана гудзела — як у вуллі — над рынкам).

Каб на якую паўгадзіну затрымаліся ўдома, ім магло б і месца тут не хапіць. Цмокаючы, праціснуліся такі ледзь не на пазадворкі і спешка пачалі раскрываць сані, расстаўляцца.

А тады і пакупнікі пайшлі, таксама гаваркія, нібыта стомленыя ад свайго маўклівага запечнага сядзення. Здавалася нават, што не купляць што-кольвечы цягнуліся сюды, а языкамі пакруціць-памянтоліць. Як жанкі, так і дзядзькі. І гаварылі — аж зайздросна станавілася. Гаспадароў сын кудысь збег. А пляменнік, ціхмяны, сарамлівы крыху, дзядзьку дапамагаць застаўся. Напачатку, прызнацца, разгубіўся нават — во дзе мова, во ў каго вучыцца! І лавіў пажадна і выразы, і словы нечаканыя, часта нават і невядомыя яму й незразумелыя.

- Бач, мы такую нелапую дарогу сюды пратапалі, а ён столькі за зайца дзярэ! — падшпільвала паўнаватая цётка, абкручаная, як лялька, доўгай хустай.

- А за бесцань — сама і ў лес тэпай ды каго хочаш там дзяры! — не паддаваўся дзядзька.

А потым і пляменнік кірмаш агледзець пайшоў. І трэба ж (нават і думаць не думаў) тут, сярод кадак з гуркамі й мочанымі яблыкамі, мяхамі пшаніцы й ячменя, сушоных і паўвэнджаных (заўялых) яршоў — іх нават на пост есці дазвалялася, — нанізаных на паўаршынныя калкі, якія звалі тут мёткамі (меркаю пры продажы і была мётка), тут лаву з кнігамі напаткаў! Перагледзеў усе, адразу ж томік Міцкевіча купіў, а калі разлічваўся, пашкадаваў-запытаўся:

- А што вы, дзядзька, беларускіх кніжак — не маеце?

- Беларускіх? — «дзядзька» — мужчына з барадою, у акулярах — крыху здзівіўся. — Малады пан хоча й беларускіх?.. — Нагнуўся над лаваю. — Вось слуцкія гімназісты выдрукавалі…

Ён адразу і не заўважыў гэтай някідкай кніжачкі, у саматужнай крыху вокладцы, з няроўным надпісам «Наша Каляіна». Купіў і яе, не разгарнуўшы нават.

Разглядаць стаў, як вярнуўся да дзядзькавых саней. І ледзь не ўсю і прачытаў тады, ледзь рукі не памарозіў — ні на што не зважаў, не чуў нічога…

Дамоў вярталіся пасля абеда. Маўчалі. Ледзь не ўвесь свой тавар назад везлі. Скуркі крыху толькі параспродвалі. І тады пляменнік зноў у кнігу ўнурыўся. Пра сябе штось у такт прабомкаў, на што і дзядзька адвярнуўся. Лейцы між коленцаў прыціснуў (дарога ўжо намечанай была, і конік, грэючыся, і без ягонай уздапамогі дамоў бег), танчэйшую кніжку пагартаў — і не ўсцерпеў такі:

- Ну вото гэту хоць пачытаць можна, а тая ж не па-нашаму… І што ты там пабачыць можаш?

- Го, дзядзька! Гэта ж Міцкевіч!..

- Ну й што з таго Міцкевіча? Не па-нашаму ж, кажу…

- Дык ён жа наш, беларус, амаль зямляк ваш — з Наваградчыны.

- Ну…

- І пра наша ж піша! Вось паслухайце… — І нечакана, гледзячы ў польскі тэкст, распеўна задэкламаваў па-беларуску:

Уязджаю на прастор сухога акіяну.
Воз гіне ў зелені, як чайка на вадзе;
У хвалях шумных траў, між кветкамі брыдзе,
Мінаючы кусты калючага бур'яну…

- Хіба не пра нашы прасторы праспяваў тут паэта? — яго вочы, падціснутыя хваравітымі сінякамі, бліснулі раптам, заірдзелі.

Дзядзька зніякавеў, нос пашчыкаў:

- То што — так там і напісана?

- Так.

- Па-нашаму ўсё ж?

- Не… — пляменнік усміхнуўся. — З польскай гэта ўжо вось зараз едучы пералажыць паспрабаваў…

- То й спраўна ж ты гэта… Малайцом, верабей! Будзе, пэўна, толк з цябе. Не то, што мой вось дылда. — І падпіхнуў локцем сына. — Хаваўся йшчэ… Думаеш, не бачыў, што порах купляць сённячы бегаў на кірмашы? Давядзецца ўсё ж прадаць стрэльбу…

І ўсе надоўга змоўклі. Як і раней, пляменнік марудна перагортваў тонкім пальцам старонку за старонкай — а дарога зімовая роўная, не дрыготкая, і чытаць спраўна было. Шахцеў пад санямі снег, глуха тупацеў каняка… Высмелілася нарэшце і студзеньскае сонца…

А хто гэта дарогаю са Слуцка чытаў вершы Міцкевіча? Уладзімер Жылка, сын Адама Жылкі, швагра дзядзькі Кастуся з слуцкага Падлесся. Апошні і ўзяў пляменніка сёння на слуцкі кірмаш. Дагэтуль Жылка з бацькамі ў Менску жыў, летась хварэў моцна — горлам кроў хлынула, тры месяцы з ложка ўстаць не мог. Летам бацька і прывёз сына на Случчыну, напачатку да свайго брата ў Клецішча, а затым і ў Падлессе — да жончыных родзічаў, - сілы «на малацэ й прыродзе» набрацца.

Думаў, маркотна ў кутку незнаёмым будзе, аж не — спадабалася тут, зачаравалі краявіды случанскія! Паланілі — раўніны лясныя з узбалоткамі, з крутлівай Вужанкай і грацыёзнай Лакнэяй (і як толькі, дзівіўся, назву такую атрымала?). Бліжэй да Слуцку рэчкі зліваліся, і далей яшчэ з кіламетраў дзесяць Лакнэя адна, перамогшы, бегла — у Случ.

Летам за вёскай ля сажалкі ўся малеча збіралася, а яны з братам за кіламетры два хадзілі — каля лесу возера невялікае з яйкам-востравам пасярод было. Вада чыстая, прахалодная… І рыбы безліч — ці не з Вужанкі, што саматужным канальчыкам з возерам злучалася? А далей — балоты, багнішчы. У лесе — грыбоў, ягадаў! Вось толькі зімою, праўда, сумна тут адзінотцам рабіралася…


«…Упяршынь пра Уладзімера Жылку я пачуў ад Макара Краўцова. Правільней, напачатку верш ягоны ў красавіцкім нумары «Беларусі» прачытаў — і тады Макару Краўцову й абазваўся:

- Слухай, як моцна хтось піша:

Беларусь, Беларусь — гэты зык
Паліць душу маю, як агнём… 

— і газэту Макару даў. Той нетаропка ўвесь верш прачытаў, і калі да подпісу — крыптоніма Ул. Ж. - дайшоў, бровы ўзьняў, «Малайцом. Уладзя!» — нечакана выгукнуў.

- То ведаеш, хто? — нясьцерп мне стала.

- А як жа… — і зноў Макар спакойным зрабіўся. — Той, хто і гэта напісаў:

Пад штандар бел-чырвона-белы
Гартуйся, раць, адважна, смела
Адважных, храбрых ваякоў!

- Ну гэта ж таксама з «Беларусі», колькі месяцаў таму!..

- Так-так Жылка гэта, Уладзімер. З ім мы яшчэ пры бальшавіках пазнаёміліся. Ад чразвычайкі іхняй я прыхоўваўся… Сам разумееш: былы афіцэр, не з імі — то дэзерцір… Пра вобыскі чакістых мяне загадзя папярэдзлі. Неяк, было, Чароту абмовіўся. А той — «Паехалі да мяне ў Весялоўку, за настаўніка сойдзеш…» Ну й паехалі. Гэта недалёка ад Менску… Чарот тамака гаспадарку ўзначальваў, а Жылка і за агранома, і за настаўніка быў. У Весялоўцы і пазнаёмліся. Разам і елі, і спалі. Ён усё вершы мне па памяці пераказваў. Не свае, а Лермантава, Блока, Брусава, Бальмонта — гадзінамі! А як палякі бальшавікоў з Менску выкурылі, мы разьехаліся… Я і да бацькоў ягоных заходзіў. Маці нездароваю, як і сам Жылка, была, сухотнаю на выгляд. Бацькі чыстаю беларускаю моваю гаварылі. Гасьцінныя. Дзе ўсе цяперака — ня ведаю. Трэ ў Лёсіка запытацца — мо ён падкажа, адкуль Жылка яму ў рэдакцыю «Беларусі» вершы дасылае…

Не паскупіўся я тады на час — увесь адвячорак з Лёсікавага дазволу капэрты з рэдакцыйнага архіву пераглядаў — і аплацілася мая цярплівасьць! Знайшоў такі ліст ад Жылкі. Капэрта акуратным дробным почыркам падпісана, з мяккім правльным, крыху ўзьлётным нахілам управа… І ажно па ілбе сабе стукнуў ад нечаканкі: «вёска Клецішча Слуцкага павета» — адрэса Жылкава была!.. Вось тады ж і адпісаў я ў Слуцак Лістападу й Бараноўскаму: адшукайце, зьвяжыцеся, падтрымайце! Толькі Жылку ў Клецішчах — за Капылём — не засьпелі. Родзічы пераказалі, што ён у Падлесьсе, да Раманейкаў, матчыных крэўнікаў, пагасьцяваць паехаў. Але ж колькі да тога Падлесься — яшчэ ж бліжай, кіламэтраў з дзесяць ад Слуцка!

І не проста адведалі — нашы хлопцы і нанач засталіся, і нагаварыліся. А пасьля той сустрэчы на цэлую «пяцёрку» ў «папараць-кветкаўскім» ланцугу паболела. Жылка знаёмцаў сваіх слуцкіх назваў, беларусаў… І сам, як запраўдны эсэр, супраць польскай палітыкі прагнай неаднакроць выказваўся. Ён жа, зрэшты, і згадзіўся стаць на чале самім складзенай «пяцёркі»… А «Поклічам» ягоным зачытвацца тады сталі ўсе «папараць-кветкаўцы», сваім гімнам ваяцкім зрабілі!

Пад штандар бел-чырвона-белы
Гартуйся, раць, адважна, смела
Адважных, храбрых ваякоў!
…Ня плач, ня плач па сыну, маці,
Сягоньня сорам быць у хаце,
Бо ўзьнят за волю грозны меч.
Бо хутка будзе злая сеч,
Няхай і ён, юнак адважны,
Ідзе туды, дзе б'ецца кажны.
За волю новую бяз сьлёз,
Залепшы Бацькаушчыны лёс…

(З запісаў Алеся Ваяра)

* * *

Прыехаў дадому — нібыта й ведаў! — якраз на разгар падзей. Зранку хлопцы «Папараць-Кветкі» збіраліся ў Бараноўскага, наспех, а ў абед (толькі-толькі злез з фурманкі й чамаданік сцягнуў) сустрэўся з Сяргеем Буслом. Той:

- Вой-ма!.. Скуль ты тут? Пэўна ж… знаеш?.. — А потым толькі — руку працягнуў. — Здароў, браце!

А й не ведаў, і не знаў, і прысніцца не магло нават: дэфензіва выкрыла некаторыя падпольныя «пяцёркі», схапілі Адама Бабарэку і Анатоля Астрэйку…

Яшчэ з зімы многія падаліся ў лес — чакалі адыходу палякаў. Ды з Бярэзіны ўжо не чутно было раскацістых грукатаў гарматаў, заціхла ўсё маразамі — толькі згаладалыя ваўкі смела вылі за вёскамі, вяшчаючы нядобрае. А ў самы напал арганізацыйнай вясновай працы да іх, пэўна, зашыўся правакатар. І павыдаваў — усіх, з кім сышоўся. Усчаліся аблавы, арышты, вышукі. П'яная аблава ўварвалася і ў вёску Бабарэкі. Хто тыцнуўся на вуліцу — хапалі і ў гумно селяніна Салановіча… Ахвяру распраналі й ніцма клалі на ток. Адзін жандар садзіўся на галаву, другі — на ногі. Трэці напярэсцік біў гарапніком, звітым з тэлефоннага дроту. Калі ж гарапнік расхвостваўся — браў другім канцом і тоўк тронкам. Немарасцевыя крыкі — па ўсёй вёсцы. Жандары адбіралі сала, яйкі, гарэлку. Самога ж Якіма Салановіча ў ягоным жа гумне і застрэлілі. Рэшту (а там і Бабарэка, і Астрэйка) звязенілі — і ў Слуцак. Па дарозе яшчэ і ў Русаках затрымаліся, ды ўся моладзь ужо ў лесе была, а на папялішчы (вёска колькі дзён перад тым згарэла) — адны старыя й бабы. Ноч у турме, а назаўтра — у нядзелю — чатырнаццаць хлопцаў расстралялі, - закутымі па руках і нагах… Астатнія ж — тыдзень ужо як у турме. Штодня — допыты ў фельчарскай камеры: і віскі абцугамі ціснулі, і пальцы ламалі, і стрэмкі — пад пазногці. Млеў хтось — вады халоднай на галаву, і — наноў. Калі ж і такое не «брала», не прызнаваліся — галавой уніз падвешвалі і гарапнікамі пяткі рассякалі. З катавальні-фельчарскай усіх потым — у бальніцу. Бабарэку, казалі, выпяклі на спіне пяцікутную зорку…

- Астроўскі — ты ж ведаеш, што з Новага году ён стаў кіраўніком Пінскага адзьдзела польска-амерыканскага камітэта дапамогі дзецям? — во-толечкі да начальніка павятовага пайшоў, трэці раз ужо… Мяне ж па перадачу… — Бусла цяжка пазнаць цяпер было: худы, вочы запалі, сінякі пад вачыма — паскамі, гаворыць хвалюючыся, блытаецца.

- Божа ж мой! Што ж вы ў Менск не паведамілі?! Ці ж так трэба… — Алесь і сам разгубленым, зніякавелым стаў. — То айда хутчэй, перадачу возьмем — і да хлопцаў. - І паўшэптам па дарозе ўжо, подбегам: — Дык, кажаш, ні Бабарэка, ні Астрэйка ні ў чым не раскрыліся?..

Яшчэ з паўдня правялі яны каля турмы, пакуль урэшце палову вязняў не вызвалілі — вечарам ужо, цёмначы, — усіх тых, хто не прызнаваўся ў «дзейнасці супраць Польшчы». Сярод іх — і Бабарэку з Астрэйкам. Начаваць у горадзе хлопцы адмовіліся — і ў рызыку ўводзіць сяброў не хацелі (ведалі, што шпікі яшчэ доўга будуць «праводзіць»), і далей ад турэмных сценаў, ад паліцыі быць пажадалі, - узялі з правіянту асноўнага, запалак і солі паболей, і падаліся за Слуцкі тракт, у лес.

А раніцай, калі ніхто і не чакаў, выпусцілі яшчэ аднаго — маладога каваля Міцю Жалязовіча з Прошчыцаў. (Алесь знаёмы з ім быў — і каня ў яго падкоўваць даводзілася, і па «пяцёрках» ведаўся.) Але наўрад ці хто з ягоных знаёмцаў пазнаў бы каваля зараз: вочы чырвоныя, колісь чорна-сажавы чуб — як у муцэ, у белых плямах, паўмесяца не голены, збіты твар - у драцінішчы валосся, схуднелы, прыгорблены, рукі (якія адно і выдавалі ў ім каваля: магутныя, цвёрдыя далоні — як капачы, калі сашчэпіць у кулак — як вядро) віселі як старыя цапы, вузлаватыя пальцы - пакрыўленыя, ссінелыя пазногці, разадраныя да крыві…

Калі за ім закрыліся-бразнулі турэмныя вароты — уздрыгануў, сцяўся. Пастаяў няўцямна з хвіліну і рушыў да бліжэйшых пабудоў, нават лужыны й гразь не абыходзячы. Стрэўся жандар з зіхоткімі знакамі на галунах — кінуўся да яго, вочы выкаціў, праслінявіў:

- Міця я, Буба Міця!.. Ні ведаю нічога, адпусцеце… Міця я… Міця Буба…

Адштурхнуў яго жандар, сплюнуў і далей пашыбаваў, а Міця да гандляра з тытунёвай лаўкі кінуўся:

- Вы ж ведаеце мяне! Я Міця Буба… Нічога ні ведаю…

Даліся бедалагу турэмныя катаванні, розум прымутнеў у каваля Міці Жалязовіча. На вязня-волата — і здзекі ўтрая мацнейшымі былі. Прывязвалі за ногі да столевых крукоў і білі-дапытваліся па чарзе: хто, з кім знаёмы з бандытаў, што рабіць збіраўся, хто вучыў?! Стамляўся кат — другога зваў, а сам у карты гуляць садзіўся. У тым жа фельчарскім пакоі. Так і здзекваліся «кругам», у сямёх — хто прайграваў у карты, той «на высадку» да каваля на дапыт ішоў, - мацюкаўся, жылы рваў, пазногці ціснуў, па вушах і вісках тоўк. Слабеў каваль, непрытомеў — пярэрву рабілі, і — зноў усё з пачатку. А катавы сябрукі тымчасам у карты люта рэзаліся: «Паненка бубова!.. Холера ясна! На туз буба!! Ха-ха…»

Вось і стрэліла неяк у галаве каваля… забыў і прозвішча сваё, і хто ён, і чаго ён… Толькі і ўзгадвалася гэтая «буба» праклятая. А што яшчэ, крыўда якая — ніхто не мог уведаць, замерзлі вочы кавалёвы, памутнелі, як сажалкі ўскаламучаныя…

У абед яго бачылі на гарадскім кірмашы. Хто пазнаў прошчыцкага каваля, кінуўся быў здароўкацца: што ты тут робіш, Жалязовіч? А ў тога вочы ўраз шклянелі, дрыжэў усім целам: «Буба я, Міця Буба!» — і ледзь біцца не кідаўся. З тога часу ўсе і сталі зваць яго Бубам…

Дзе ночы, дзе ранкі праводзіў — ніхто не ведаў, толькі стаў ён штодзень апоўдні на кірмашы з'яўляцца — злітасцівіцца хтось з хворага, сала абрэзак падасць, другі — яйка, жанкі перажагнаюцца й з кварту малака адальюць… І добра Міцю, перакусіць — і на воз да каго-небудзь прымастаколіцца, на саломку — і вочы да неба, твар брудны ў барадзе нячэсанай — да сонейка выставіць, і ажно чмыхае ад задавальнення, сапе, як кот. Перадрэмле — і зноў да апоўдня ніхто не бачыць яго.

З месяц цягнулася так, пакуль не стрэўся Міця з жандарам, падбег па-заліхвацку, выструніўся, руку да віска, збітымі ботамі прыстукнуў:

- Міця Буба я… Буба, ваша благародзь!

Скрывіўся паляк, аж уздрыгануўся — і кулаком па твары Міцю… Раз, другі… А Міцю адно кроў у скроні бухнула, пад сэрцам запякло, дых знячэўку перахапіла. Скруціў ён жандарыка, стоўк у яблык горкі, з ног збіў і другога, на падмогу да таварыша падаспелага, высока кулачынай памахаў над імі і — пад прылаўкі, за вазы, за плот… Увомірг знік, і ні на кірмашы, ні на вулках горада пасля таго больш не з'яўляўся.

* * *

Адны сумныя весткі прывёз тады ў Менск Алесь. І самога нібыта падмянілі: цвёрдым стаў, хмурным, маўклівым. Гарун адразу змену заўважыў, падтрымаць памкнуўся, расхмарыць:

- Не кісні. Думаеш, аднаму табе нудна? А як мне тады на свет глядзець?! Салодкімі дужа сталі… То, можа, чакаць, што так вось, на талерачцы паднясуць волю? Нат калі хто й паднясе, дык атрутай перад гэтым густа пасыпаўшы!

- Не кісну я… Глядзець адно і на палякаў не магу. Ці не паслугачы мы іхнія?

- Вунь куды бярэш! А ці ведаеш, што два гады назад я пісаў пра іх? У «Водгуках» у «Вольнай Беларусі»? Супраць экспансіі гэтых самых легіёнаў наўсюд выступаў! — Гарун кінуўся да стала, дубовага, з крыху сцёртым лакам — зранку на ім ужо былі стахтораны новыя дакумэнты, лісты, газэты (потым у абед іх браў чытаць Алесь), высунуў ніжнюю шуфляду. — Чакай, зараз… — Раскрыў зялёную папку і стаў таропка перагортваць выразкі. — Зараз прачытаю… Каб не думаў, што ў аднаго стрэмка засела… Вось, слухай… — І да вакна, дзе святлей. — Выступаць — выступаў, а як «экспансію» і з усходу зведалі — і цюкнула тады, што расейцы-бальшавікі глынуць і аблізнуцца нават забудуць… А Пілсудскі ж сваё дэкляраваў, і ледзь не маімі словамі! Слухай (і нарэшце пачаў чытаць): «Як вольны з вольным, роўны з роўным…» — успамінаеш зварот ягоны? Ён жа, Пілсудскага зварот, так — паўтараючы маё — і пачынаўся! (Гарун усхваляваўся не на жарт.) Вось… «Як вольны з вольным, роўны з роўным, пойдзе ён, беларускі працоўны народ, поруч з другімі народамі. А ў тым ліку і з польскім, а не з вамі, прыхваснямі польскага імпэрыялізму, хоць бы вы былі і тутэйшымі здраднікамі і перакінчыкамі, забыўшымі бацьку і мацяр сваю». — Гарун зірнуў на Алеся і працягнуў чытанне. — «Не, — Масква і Варшава не святы, а страшны выраз для беларуса, і не Расію і Польшчу назаве ён маткаю сваею! Маткаю народу Беларускага будзе яго «тутэйшая», Беларуская зямля, вольная, незалежная Народная Беларусь…» — Ён адклаў выразку на падваконне — на стос кніг, і гаварыў ужо, гледзячы скрозь шкло шыбаў на вуліцу. — Не выстаўляючыся перад табою зачытваў я гэта… Каб паказаць проста, што не табе першаму шчыміць… што галаву апускаць з гэтага ня трэба! Усе малыя народы праз такое ці прайшлі, ці праходзіць мусяць. І мы пакуль вымушаны за «саладзейшае» хапацца, хоць яно, як бачыш, з апечынамі… Ды, урэшце, я ўжо казаў табе пра гэта… А тут летам, летась, Пілсудскі згоду даў на стварэнне беларускага войска. І паўстала БВК, і загадам таго ж Пілсудскага я на яе чале стаў. І як было не натхніцца: падпісалі пагадненне аб пастаўках амерыканскай зброі на 400 мільёнаў даляраў! Можаш уявіць? Антанта фундаваць мелася… Праўда, у яе свае мэты найперш наўвеце былі — каб бальшавікоў і Саветы супыніць… Ды народ наш не правядзеш… Студзень гэтага года ўспомні, паўстанне антыпольскае ў Рудабельскай воласці. Сяляне ж на крыўдзіцеляў з пяяннем «Ад веку мы спалі…» йшлі! Прачынаюцца ж! Хоць і разбегчыся мусілі, і дванаццаць Бабруйскую турму зведалі… Тады ж Ігнатоўскі з Булатам і братамі Сташэўскімі Беларускую камуністычную арганізацыю і стварылі — каб супраціў антыпольскі далей распальваць. Толькі ж не для ўсяе грамады беларускай шлях той…

- Дык што ж рабіць тады?! — не стрымаўся Алесь.

- Што рабіць? — і Гарун нечакана ўсміхнуўся. — Не спаць!…

Не мог не ўсміхнуцца ў адказ і Алесь — і нібыта ільдзіна ў ягоных грудзях растала. Сеў за свой стол (на той час ён ужо ў Вайсковую Камісію да Гаруна перайшоў), паперы расклаў, а калі Гаруна некуды паклікалі, перапыніў, у вочы гледзячы — вышчадрыў:

- Не праспім, дзядзька Алесь… Паваюем.

Кабінет Гаруна ў Беларускім доме, неўздалёк ад прыступак на другім паверсе, быў сэрцам вербунковага адзьдзелу Беларускай Вайсковай Камісіі. Спраў не паменшала і ў Школьнай радзе, але і там, і там патрэбен быў сакратар-справавод, і Алесю даводзілася пакуль працаваць «на двух сталах».

Што ён рабіў у той дзень? Ці не абвестку складаў ад Вайсковае Камісіі для «Руні» — новага літаратурна-грамадскага часопісу, рэдактарам якога меўся быць выздаравелы Купала. Тэкст абвесткі (яна друкавалася затым на першай вокладцы «Руні» ў некалькіх нумарах запар) пісаўся адразу — на «чыставік»:


«Беларусы! Хто хоча незалежнасьці нашае Бацькаўшчыны, у кім бьецца беларускае сэрца, каму неўмагату зьдзек чужынцаў, хто можа трымаць у руках стрэльбу — запісвайцеся ў беларускае войска!

Беларуская Вайсковая Камісія.

Запіс у Беларускай Вайсковай Камісіі, гатэль Гар і рог Фэліцыянскай і Міцкевіча.»


Затым ён адшукаў стосік старых улётак, перачытаў верхнюю:


«Менчане! Варожая навала, што пагражала нашаму старому Менску, адбіта дзякуючы адвазе і ахвярам польскага жаўнера. Але ня кінулі маскоўскія тыраны каваць путы на нашу волю, на волю Беларусі. Зьбіраюць яны з усяго сьвету дзікіх, ахвочых да рабунку, людзей і пасылаюць катаваць нашую Бацькаўшчыну. Гараць вёскі і месцы. Тысячы братоў нашых уцяклі з-пад родных стрэх і гаруюць. Такая ж доля чакае і ўсіх нас. Хто-ж павінен бараніць нас, як ня мы самі, як ня нашае войска, БЕЛАРУСКАЕ ВОЙСКА?

Устаньма ж на абарону радзімага краю!

Пад штандар Пагоні, у Беларускае Войска!

Хто дужы і малады — да зброі!»


- перачытаў ён улётку, і радок «дзякуючы адвазе і ахвярам польскага жаўнера» тлуста выкрасліў — і ўвесь стосік назад схаваў.

- Дзень добры пану Мядзьведзю, — у дзвярах, усміхаючыся, стаяў Макар Краўцоў (па прозьвішчы — Касьцевіч — яго ніхто і не зваў), работнік «рэгулямінова-школьнага» адзьдзела БВК, ён жа — найперш — малады, але ўжо вядомы беларускі паэта, прыгожы, па вайсковаму падцягнуты, з вялікім, крыху выцягнутым тварам, далікатна ўкладзеным назад пышным чубам, нізкімі густымі брывамі, што крыху адцянялі яго сінія вочы, і без таго заўсёдна змуленыя вусны цяпер меншыла ўсмешка - і пакідала на ягоных мякка-выгаленых шчоках дзве зморшчынкі-баразёнкі ўпаўкруг.

- Добры і, па ўсім, вясёлы? — адказаў на прывітанне.

Макар прысеў побач, закінуў нагу на нагу. Бліснуў наваксаваным чаравікам.

- Ды сёння запісвалі добраахвотнікаў… Ну і дзяцюк зайшоў адзін. Імя, прозвішча… І тут з лямантам мажная кабета ўрываецца, маці ягоная, як аказалася. Бразь дзвярыма — і да нас: «А мае ж паночкі! Ня пішэце яго ў войско!»

— «Чаму?» — пытаемся. 

— «А як жа — чаму?.. Гэткі сарві-галава! Пойдзе ваяваць, заб'е каго, а тады мне цёгайся па судох ды следствах…»

Усміхнуўся і ён, але адразу ж зсур'ёзнеў, уздыхнуў:

- Трэба, бачу, і мне да вас перабірацца, а то за гэтымі паперамі й свету людзкага не бачу…

- Во-во, давай. Статут перакласці й выдаць трэба…

- М-да…

- Слухай, а ці й праўда не заседзеліся мы з табой тут?! — Макар раптоўна падскочыў — і да вакна: — Кажуць, сама сок пайшоў… То, можа, адскочым, бярозавіку спусцім? — нізкія бровы яго ўзняліся, вочы гарэзна засвяціліся.

- Як жа… Да ночы ў лес, раніцаю з вёдрамі назад?

- Чаму? Стой каля вакна і чакай, я ўвомірг! — і ў дзверы.

Праз некалькі хвілін пад вокнамі Беларускага дома затарахцеў легкавы аўтамабіль, чорны, з вялікімі коламі (сняжынкай разыходзіліся тоўстыя, у палец, спіцы), з дзвюмя круглымі вірламі-фарамі — як з аграмадным пенснэ — над радыятарам. Шырокія шчыткі над коламі, складзены брызентавы башлык-катур ззаду (як дождж ці холад — можна было закрыцца, як у карэце). І — о дзіва! — за рулём Макар сядзеў, Алесю ківаў…

Заставалася толькі вядро ды сякерку расшукаць.

Аўтамабіль належаў Беларускаму камітэту. У Менск жа прыгналі яго немцы (генерал ехаў нейкі), дзе аўто і зламалася. Пры адступленні яго кінулі каля чыгункі. Майстар Домскі — стары менчук-чыгуначнік — адрамантаваў, падфарбаваў іржаўчыну. Дэпо аўтамабіль і падарыла Беларускаму камітэту, Домскі ж стаў шафёрам. У яго і выпрасіў Макар на паўдня жалезнага каня, сам (спрактыкаваны ўжо быў, не раз газаваў па менскіх вулках) за руль сеў — справа, бо аўтамабіль ангельскі быў («жарабец антантаўскі», як ахрысціў яго адразу ж Алесь).

За горад хутка выехалі. Дарогу ён, Алесь, паказваў — памятаў невялікі беразнячок, як на Слуцак выбірацца. Руліў Макар упэўнена, сакавіцкая дарога падсохла ўжо, там-сям з лагчынак снег брудны выглядваў.

«Жарабец» такі грукатаў моцна, і Алесь з Макарам, накрычаўшыся (проста гаварыць не выпадала — не чуваць нічога ж) яшчэ ў горадзе, маўчалі. Першы то па баках вызірваў, то свайго нечаканага шафёра вывучаў — нацятага, сур'ёзнага, галава крыху ў плечы ўехала.

Зналіся яны ці не з самага Алесевага прыезду ў Менск, і хоць на трынаццаць гадоў розніцы ў іх (Макар нарадзіўся ў 1890-м) было, хоць на «ты» зваліся — на цэлага паўвеку старэйшым Алесь сябра бачыў. А як жа яшчэ… Ужо з 1915-га ў вайну быў Макар прапаршчыкам на Паўночна-Заходнім фронце, а затым на Валынскім. Салдаты абралі яго дэлегатам Першага Усебеларускага з'езду. Стаў нават сябрам Рады БНР. Ягоны подпіс стаяў пад тэкстам Першай Устаўной Граматы! Ён браў удзел у паседжанні Рады БНР у ноч з 24 на 25 сакавіка 1918-га — і прымаў акт пра абвешчанне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі! Ён, урэшце, аўтар знакамітага гімна БНР — ім стаў ягоны верш «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», пакладзены на музыку случаком Уладзімерам Тэраўскім. Распавядаў жа пра ўсё гэта Макар скупа: «Ну быў…», «Ну давялося…», не выстаўляўся перад ім, маладзейшым, — і праз гэта яшчэ больш загадкавым і «вялікім» здаваўся…

Вясна ж на Меншчыну прыходзіла няспешна, запознена. Разагрэтае сонца зямлю падсушыць, з узгоркаў вясёлыя раўчукі пусціць — а праз дзень зноў нізкія хмары небасхіл абвалакуць, снегу нацярушаць. І назаўтра — зноў макрэча, стынь. Але ж калі і небасхіл падманваў, і зямля йшчэ ад сну выварушвалася, дык дрэвы — гэтыя мудрыя вартавыя-знахары прыроды — маніць не маглі: усе, нават каржакаватыя дубы-перастаркі, неяк па-маладому выстрэньчвалі ўверх намерзлыя за зіму галіны, капілярнымі радзімкамі кволіліся на іх пупаўкі-пупышкі, трэскалі-спяшалі, расцвітаючы аксамітна-востранькімі зубкамі лісткоў.

Яшчэ праз пяць хвілінаў насустрач ім выбегла — і перакінулася за паварот на другі бок дарогі — шырокая пасма падлеску-бярэзніка. Тут Макар і прытармазіў, выскачыў з машыны, моцна бразнуўшы дзверыной.

- Ну, хто першы грэх на душу браць будзе? — і, пастукаўшы даланёй па шэрхлай бярозіне, узяў сякерку. — Нясі вядро…

Нават і не чакалі, што сок пырсне так моцна — як з набухлай вены… Тонка параніў Макар і беластволую суседку-спарыш, гладыш падставіў (да першай вядро прымастачыў).

- Ты, браце, тут пільнуй, я шчэ пашукаю, — і знік за прыгоркам. Як вярнуўся, ужо ледзь не паўвядзёрка соку з дзвюх бяроз нацурцоліла. Прысеў на падножку аўтамабіля, бутэльку з кішэні дастаў:

- Ну на, каштуй… — і бутэльку да Алеся паднёс (той на заднім сядзенні прыўзлёг, зачакаўшыся).

- Ды ты што?! — зніякавеў Алесь.

- Сок гэта, з грабу, не гарэлка. Пі, не бойся, калі такога паспытаеш?..

- З грабу? — перапытаў — думаў, недачуў што. І пражыў у вёсцы, на прылеску, а што з грабу сок спускаюць — і не чуў нават. А глытнуў — аж язык замлеў: соладка, смачна! Макар, аказваецца, за гэты час граба шукаў! І не заўважыў, як большую частку выпіў. Назад бутэльку аддаў, вусны аблізнуў:

- Смаката, я й не ведаў…

- Выпівай, я каля граба наспытаўся! — і ўсміхнуўся, прыгожа канаўкі на шчоках паглыбіўшы.

Алесь ахвотна зноў галаву закінуў, грабавік каб дапіць — і так і застыў з узнятай бутэлькай, другой рукой Макара штурхануў, пальцам уверх тыцнуў, нат слова не мовіў. І Макар знерухомеў, тое ж пабачыўшы: нізка, здавалася — над самымі верхавінамі бяроз, над іхнімі галовамі плыў павольна клін журавоў, птушак з дзвесце — ціха, стройна, грацыёзна. Спераду — важак, шыю выгнуў, на іх — здалося — зірнуў, - і зноў выдзюбіўся наперад. Нават мерны шоргат крылаў апаў на іх зверху…

- Дамоў вярнуліся… — апамятаваўся Макар, калі журавоў ледзь відно стала.

- Можа, і над маім Слуцкам вось так праплывалі?

Счакалі, пакуль не набралася вядзерца соку, і назад паехалі. За руль Алесь напрасіўся:

- На конях то добра гарцую, дык няўжо ж на гэтай траскотцы не здолею?!

Напачатку Макар дапамагаў — і шчапленне, збоку седзячы, адпусціў, і перадачы сам уключаў: Алесь толькі рулём і «газам» камандаваў — з Макаравай падказкі. І атрымалася, толькі роў жарабец жалезны мацней патрэбнага, гыркаў злосна на выбоінах, а пасля такі прынаравіўся, скарыўся лёсу свайму, і віхляць з боку ў бок меней стаў. І Алесь асмялеў, руля плаўней круціў, хуткасці падбаўляў. А Менск дзесь у прывечаровай хмурадзі прыхоўваўся, Домскі ў гаражы — пэўна ж! — нерваваўся… І прыспешвалі хлопцы — вось-вось фары ўключаць давядзецца. Дарога з горкі прыпусціла, лес зноў бліжэй да яе прыціснуўся…

- Тармазі!!! — стрэліў раптам Макар. Крычаць то можна, а як тармазіць — не паказаў жа! Ды ў Макара і ў самога ногі доўгія — увомірг да педалькі дацягнуўся. Аўто нібыта на штось нябачнае тыцнулася, крыху ўбок віхнулася — і стала, заглохла. Алесь (добра, што за руль трымаўся!) ледзь з машыны не выкаўзнуўся, вочы наперад вытарачыў — і ў тую ж паўхвілю перад саменькім буферам штось вялікае, рудое шухнула (ажно ветрам твар абдало), на другі бок дарогі пераскочыла — і толькі тады стук з-пад капытоў данёсся…

- Матка Боска… Няўжо лось?! — Алесь глядзеў услед напалоханай жывёле і, сам зляканы, не мог міргнуць нават.

- Ты ж на дарогу глядзі, вершнік! А то і сам так рогі скруціш!

- Дык я… — пачаў быў Алесь, — але што тут апраўдвацца!..

Толькі з паўвяршка бярозавіку і давезлі яны ў Менск — абярнуўся, разліўся ледзь не ўвесь сок з вядра пры тармажэнні… І на кепікі Домскага «Дзе ж ваш сок, натуралісты?» Макар і знайшоўся толькі:

- Зазяваліся троху, а лось і выкаўтаў…

* * *

Алесь Хведаравіч яшчэ крыху пастаяў перад Кафедральным касцёлам, неўразумела гледзячы на дзве паніжэлыя, як падалося, званіцы. Заціснуты недарэчнымі будынкамі, касцёл патанаў пад наступам шэрага бетона. А дзе ж Губернатарскі дом? (Не ведаў, што на яго яшчэ два паверхі надбудавалі.) А дзе ж Ратуша? Яшчэ ж у апошнюю вайну было ўсё, ацалела… І там, справа, бліжэй да Свіслачы, якісь новы гмах-стадола… Нібы апамятаўшыся — спешка перахрысціўся. (Што думаючы? Дзякаваў, канешне, Небу за гэты падарунак звароту.) А затым — міжволі, спантанна — пакрочыў… Куды? Ён і сам яшчэ ўсвядоміць не мог, не паспеў. І ўблудзіў у нейкі напаўзакінуты двор, пашкадаваў нават, што на тлумнай шырокай вуліцы не застаўся ці — і таго лепш — зноў у таксі не сеў. Ды, дзякуй ёй, — акурат перад вачыма кабетка жвава з пад'езду выпырхнула і ледзь з ім не сутыкнулася..

Прабачце… Падкажыце, як на… прашпект… Скарыны (ледзьве вымавіў, не верачы ўсё яшчэ, што ўрэшце галоўная вуліца Менска займела імя беларускага першадрукара[3]) выкільгікаць?

- Скарыны? — кабета нібыта ад нейкага сну свайго адпрэчвалася. — А вось так прама і йдзіце…

І ён пакрочыў «прама», не здзівіўся нават, што яму па-беларуску адказалі. На нейкай вулцы раптам расступіліся дамы — пастарэлыя, хоць і дагледжаныя, наноў нядаўна пафарбаваныя. Смялей загудзелі машыны, два тралейбусы прашаргацелі адзін за адным — і ён здагадаўся, што йшоў правільна, там «цэнтар». А супыніўся перад светлафорам — і застыў, уражаны, агаломшаны… Праз дарогу, на той бок праспекту, стаяў, як і семдзесят гадоў таму, будынак тэатра, адно фасад крыху перароблены — стаяў, як зубр аціхлы. Ён раптам перастаў заўважаць усе іншыя будынкі, «чужыя», узведзеныя пасля яго; колькі разоў запрашаў зялёным агеньчыкам светлафор… Божа мой, гэта ж тут Першы Ўсебеларускі кангрэс адбыўся, і гэта ж сюды паслухаць Меражкоўскага ў 1920-м ён з Алесем Гаруном прыходзілі! І вось — застаўся! Збярогся — і цяпер ужо і пра Купалу памяць цепліць («Дзяржаўны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы»), і слова беларускае…

Урэшце перайшоў праспект — ледзь, праўда, паспеў, праваруч нейкае аўто з прыцемненым шклом прытармазіла — амаль у паўкроку. Зноў на чыста вымеценым тратуары пастаяў, навокал паўзіраўся — астатняе незнаёмае ўсё, чужое. Хіба яшчэ тую горку памятаў — праспект, здавалася, ныраў-бег уніз да Свіслачы. Там колісь гарадскі сад быў, і Юбілейны дом — Беларускі дом — на горцы ганарліва стаяў…

Пайшоў сцярожка, павольна. Мароз падціскаць пачаў — адвык ён ад холаду восеньскага! Вось і шчокі ўзгарэліся, і рукі стыць пачалі (чамаданік з рукі ў руку перакідваў — і пачарзе далоні ў кішэнях плашча грэў). Пальчатак адтуль не захапіў… Адтуль — і здзівіўся, што пра краіну, дзе большую частку жыцця свайго правёў, праз колькі беларускіх гадзінаў нечакана і неўсвядомлена замяняць гэтымі «там», «адтуль» пачаў…

Вецер пялёсткі сняжынак нагнаў, заказыталі гарэзліва твар. І тады зноў як агнём. апякло (сненнем ці казкай мройнай усё гэта лічыць нават у хвілю тую спрабаваў) — Беларускі дом! Вось ён!! Стаіць, купалкі свае два высока ўздымае!!! Толькі шыльду новую займеў — Дом мастацтваў. Някепскую. Можа і слушна Беларусь — гэта мастацтва… А вунь і вакно на другім паверсе — ягонага кабінета… Хтось мільгнуў у ім… Ён жа заўсёды першым дзверы адмыкаў, не павінна яшчэ там нікога быць… То чаго ж ён ня йдзе, лайдакуе?..

І што гэта з вачыма сталася: і дамы з праспекта зніклі, і светлафораў не відно, і машын?.. Із душы — як семдзесят гадоў спала… А там, унізе, за голым паркам, каля Свіслачы цёмнай і сцішанай — Купалаў домік..

Ён рушыў напрасткі, як і хадзіў часта — паўз рэчку, і нават бетон, што ваду сціскаў, знаёмым здаваўся…


Пад абед 20 сакавіка 1920 года Янка Купала выпісаўся з земскай бальніцы. У адведкі шмат тады пайшло: Гарун, Бядуля, Ігнатоўскі, Лёсік, Цярэшчанка, Рак-Міхайлоўскі, яшчэ некалькіх запамятаваў… і ён, Алесь. Сустрэла Купаліха, заўсміхалася, — значыць, добра ўсё, на папраўку ідзе гаспадар. А ён — больш таго! — за сталом сядзеў, пісаў. Шчокі схудзелыя, цені пад вачыма, а зрэнкі — ажно свецяцца…

— Ажыў, браткі, ажыў! І крэмзаць пачаў, - прызнаваўся Купала за гарбатай. Але пра сябе амаль не расказваў (хіба толькі пра тое, што паэмы частку, у палаце складзеную, запісаў), больш распытваў пра менскія навіны. І нельга было не заўважыць, як і весялосць ягоная знікла, і агеньчыкі ў вачах затуманіліся.

Слабым усё ж, бачыў Алесь, быў яшчэ Купала, не паправіўся напоўніцу. Хоць нашмат горш на пачатку года пачуваўся. Тады, 2 студзеня, Алесь карэктуру з «Беларусі» яму дадому прыносіў (Лёсік папрасіў — сам з газэтай дужа пільна заняты быў). Вось і тады Купала весяліўся, жартаваў. Уладзіслава Францаўна пірагом частавала… А праз тыдзень, 9-га, Купала ў бальніцу лёг. На аперацыю…

Пасядзелі ў Купалы нядоўга, адпачываць пакінулі, напрыканцы толькі на паседжанне Белнацкама запрасілі — 22 сакавіка.

А як выйшаў Алесь з Купалавага дому, карэктура колішняя і ўзгадалася — артыкула «Справа незалежнасці Беларусі за мінулы год». Па дарозе Алесь і прачытаў яго, і цяпер роўныя абзацы ўваччу з'яўляліся:


«Калі немцы, пасля бальшавіцкага перавароту ў Расіі, занялі большую часьць нашай тэрыторыі, кучка бальшавіцкіх камісараў, гаспадарыўшая раней у Менску, уцякла ў Смаленск. ...неяк дагаварыліся і стварылі часовы ўрад «Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі». Старшынёй урада быў назначаны Жылуновіч (Ц. Гартны), а рэшта «портфелей» былі падзелены паміж Дылам, Мясніковым, Шантырам, Яркіным ды інш. Гэты ўрад прыехаў у Менск, і 1 студзеня 1919-га была абвешчана «Незалежная Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка» ў федэратыўнай сувязі з Маскоўшчынай. Адначасна стары беларускі ўрад «Рада Беларускай Народнай Рэспублікі і Рада Міністраў БНР» былі абвешчаны без абароны закону.»

«Бальшавікі займаюць Вільню, касуюць «незалежную беларускую і г. д. рэспубліку», а сваіх бальшавіцкіх беларускіх «нацыяналістаў» — Шантыра, Дылу, Фальскага (Жылуновіч паспеў к таму часу ўцячы) — садзяць у вастрог, ствараюць ужо Літоўска-Беларускую савецкую і г. д. рэспубліку…»

«Палякі занялі Вільню, пасунуліся да Маладзечна і пагражалі Менску… І «чразвычайка» сваю працу «павялічыла». Праца гэта менчанам добра вядома. Курганы сотняў расстраляных аб гэтым і цяпер сьведчаць.»


Так, яны, «папараць-кветкаўцы», разышліся з Шантырам. Але адзін Бог яму суддзя — рабіў гэты рамантык-апантанец усё шчыра. Урэшце, і знішчылі яго за беларускую справу ці не самым першым… А вось Цішка Гартны…


«Гартны-Жылуновіч… Гэта была ўнікальная фігура. Чалавек з беднай сялянскай сямьі (бацька асушаў балоты на Палесьсі, маці хадзіла да капыльскіх багацеяў на падзёнку), малаграматны гарбар (зіму слухаў «дарэктара», праседзеў у двухкляснай вучэльні), але вялікімі амбіцыямі абдзеленым ня быў. Накрэмзаў колькі вершыкаў — сьпярша на «нібыта» рускай мове — і вырашыў падацца да самога Льва Мікалаевіча Талстога (пра жыцьцё пагаварыць і «стыхы» свае паказаць). У Тульскую губерню, праўда, не дапяў, затое апынуўся ў Кіеве — і ў найбольш прэстыжную тамтэйшую газэту «Киевские новости» творы свае панёс, а па дарозе яшчэ раз прыкідваў, колькі ж гэта заплоцяць яму (калі верыць абвестцы, за радок ажно 10 капеек давалі, а ў яго ж радкоў гэтых — цэлы сшытак!). Ды «ад варот паварот» далі яму ня толькі ў «Киевских новостях», але і ў іншых кіеўскіх газэтах. А потым на вочы патрапіла «Наша Ніва» (прыяцель браў яе ў доктара Клейнбарта). Вось тады і перастроіцца Дзьмітрый-Цішка пад новы лад, і па-беларуску запіша. На верш «Хто мы» рэдакцыя дашле ўхвальны водгук, толькі з публкацыяй — не сьпяшацьме. Але ягоныя допісы-карэспандэнцыі будзе зьмяшчаць спраўна (у гэтым я пераконваўся, калі перачытваў падшыўкі «Нашай Нівы»). Адна бяда — ганарару не плаціла… І падасца рабочы геній у Вільню, на працу ў «Нашу Ніву» прасіцца. На ноч «атабарыцца» прапануюць яму на крывой канапе ў пярэдняй, а вось працы — не дадуць. І зноў крыўда яго адолее: «Як так?! Ня любяць, пабойваюцца рабочых» (гэта пра Ўласава й іншых)… Тое, што «па вазе» сваёй не згадзіўся, таленце і кругаглядзе — ня думаў і ня мог думаць Гартны, хоць сам жа Багушэвіча з Сыракомлем блытаў, пісаў аднаго разу ў лісьце: «…калі забудзеце сваю мову, — сказаў намі яшчэ вялікі пясьняр беларускі Кандратовіч, — то памрэце», — чуў звон, а што ён з Багушэвічавай «Дудкі беларускай» — хіба ж запомніш… А Ўласаў жа шчыра яму тады ў настаўніцкую сэмінарыю паступіць раіў!

Гнеўную злосьць Гартны і на Іваноўскага затоіць… Даведаўшыся, што адзін рабочы-беларус шукае працу, той прапанаваў яму службу ў сваім маёнтку. Завёз да сябе ў Лідзкі павет і — бачыце! — не ў свае палацы хлопца адвёў, а ў хатку, дзе бедныя жылі… Парабкам, не раўнуючы, зрабіць захацеў… Сам жа з дзяўчатамі раяль слухаў… Зьбег Гартны праз колькі гадзін, Іваноўскага кленучы.

Ня даў лёс яму гонару-вядомасьці Дзямьяна Беднага, хоць у 1912 - 1913 гадах у бальшавіцкай «Правде» вершы друкаваў — пад псэўданімам Давыд Скорбящий, і «Д. Жылуновыч» падпісаўся. Затое ж стаў такі «першым» на Беларусі — з лютага 1918-га сакратаром Беларускага нацыянальнага камісарыята пры ўрадзе РСФСР, і рэдактарства ўсё ж дамогся — савецкай «Дзяньніцы», а затым быў — хоць і некалькі месяцаў, да ператасоўкі ЛітБелССР, — старшынёй Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўрада БССР. Бальшавіцкую «любоў» Цішка Гартны адчуў на сабе — яшчэ ў сьнежні 1917-га, калі на Ўсебеларускім кангрэсе быў арыштаваны «ўпаўнаважаным» Крывашэіным з памагатымі — арыштаваны разам з усімі сябрамі прэзыдыума (а ордэр на незаконны арышт таварыш Карл Ландэр падпісаў). І часу для одуму было яшчэ ўдосталь: змог жа Фабян Шантыр, у апошні час старшыня бальшавіцкага Заходняга адзьдзела Белнацкама, ва ўсім разабрацца — вярнуўся ў Слуцак і ня толькі «Папараць-Кветку» арганізаваць дапамог, але й лепшую сваю лекцыю асобнай брашурай выдаў — адна яе назва шмат пра што гаварыла «Патрэбнасьць нацыянальнага жыцьця для беларусаў і самаазначэньня народу»…

30 сьнежня 1918 года ў Смаленску адкрылася VI Паўночна-Заходняя абласная (!) канфэрэнцыя РКП(б). З прапановы Аляксандра Мясьнікова яе й перайменавалі ў І з'езд КП(б) Беларусі. Там і стварылі БССР. Старшыня Гартны ў свой урад землякоў слуцка-капыльскіх і падзьбірваў. Камісарам па нацыянальных справах прасіў стаць Шантыра, камісарам працы — Язэпа Дылу. Апошні й дапамагаў свайму патрону казкі-легенды дастворваць — у друку («Шлях амаль у сотню год») узгадваў, напрыклад, як напрыканцы 1918-га з Гартным наведалі Янку Купалу (які на той час жыў у Смаленску і служыў упаўнаважаным Саюза гарадоў, нарыхтоўваў у вакольных вёсках прадукты для фронту і шпіталяў). Што доўга блукалі па цёмных вулках (і электрычных лямпачак не было, і налёту нямецкіх аэрапланаў 6сяліся) — праўда. Як і тое, што Уладзіслава Францаўна засмажыла яешню і сялянскую каўбасу з кменам, і самаробны сыр на стол паставіла. А вось пра тое, што Купала і Купаліха «вельмі ўзрадаваліся вестцы пра ўтварэньне БССР» — хлусьня дутая. І не сказаў тады Купала: «Калі б я раней ведаў, што так хораша вырашыцца наша нацыянальнае пытаньне — ужо даўно б звольніўся з гэтай непадыходзямай, для мяне службы й пераехаў бы ў Менск» — і пасьля «весткі» ж працаваць у Смаленску Купала застаўся. Як не зманьваў яго на свой бок Гартны… І тост за Савецкую Беларусь ня браў тады, — як «прыпамінаў» Язэп Дыла — пра візіт іхні Купала затым Лёсіку й Гаруну падрабязна расказваў. А яшчэ Дыла і пра тое пісаў («Беларускія драматургічныя гурткі на Случчыне»), як пад Саветамі «папараць-кветкаўцы» «раптам адчулі» (!), што завершылі сваю ролю — і бальшавікі распусьцілі іх (вось як проста — не пазьнішчалі, а «распусьцлі»).

І не ўгаварылі такі Гартны з Дылам Купалу папоўніць сваю «двоіцу» — адны праз колькі дзён у Менск прыехалі! Па дарозе з вакзала зайшлі ў прыватную рэстарацыю, па дзве порцыі кожнаму замовлі. А затым і нямецкага мёду-эрзацу паспытаць захацелі. Гаспадар неахвотна, насьцярожана яго прынёс (задорага ж дастаўся!).

- Баецёся, што новая ўлада адбярэ ад вас гэты мёд? — пажартаваў сур 'ёзна Гартны.

- А хіба будзе нейкая новая ўлада? — не зразумеў гаспадар.

- А як жа! Ужо ж абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка!

Так Менск упершыню й даведаўся пра новую краіну…

Але ж даўно ўжо мудрасць народная пра мужыка ў панстве заўважыла — «Няма горшага пана, як з мужыкоў». Ачмураныя, падманутыя, пазбаўленыя «ліберальна-буржуазнай» самакрытычнасьці, «мяккацеласьці», цэлыя натоўпы ўсьведамлялі сябе геніямі й правадырамі. А як жа, калі й «кухарка сможет управлять страной»! І аднойчы на «надзвычайнай нарадзе», якая праводзілася пад старшынствам Леніна, на запытаньне «Хто ў беларусаў, зможа стварыць урад?» упэўнена ўстаў Цішка Гартны і, ня вагаючыся, абвесьціў: «Я ствару такі ўрад!» (пра гэта пакінуў пісьмовыя ўспаміны Уладзімер Дубоўка, якому ў Маскве распавёў пра гэты выпадак Алесь Чарвякоў).

Так-так — упэўненасьці й амбітнасьці не пазычаць было Гартнаму! Хоць, па-праўдзе, у самім сабе яшчэ неразабраўся, і тварыць хацелася, і жыць — за пояс уласавых ды іваноўскх запхнуць. Ён нацэліўся ўжо рэспубліку цэлую ўзначальваць, лёс яе самохаць вызначаць узяўся! Хоць і ня ведаў (ды і ці здольным быў уведаць?), што і адказнасьць, і крыж гэта — на ўсё жыцьцё. Гэта ж не на кухні, не ў баразьне… На тое ж пячатка ці не ад самога Бога патрэбна! А да ўсяго — і «галава», і талент гаспадарскі (цар Мікалай ІІ падчас перапісу ўсерасійскага так і запісаў насупраць свайго прозьвішча «Хозяин земли русской», не цар, не самадзержац, а — гаспадар!). А тут, можа, да ўсяго — і апетыт разышоўся: колькі тае рэспублікі, і тую суседзі па частках хапануць хочуць. Вунь дзе сілішча — за Масквой, за Уралам. Во дзе прастора, гэта ж не скуры ў Капылі ў тухнечы салёнай церці!

Гэта — адзін бок медаля… Пра другое ж — тое, што ў назьве дзяржавы, якую ўзначальваў Гартны, усё ж было «Беларуская Рэспубліка» — у нас на эміграцыі ня ўзгадвалі. А каб ня Гартны і не яго таварышы — можа, і наогул нават гутаркі не было б пра беларускую краіну?!.

Толькі выкарысталі Гартнага, і праз некаторы час на прыгістарычны сьметнік вывезьлі (дазволіўшы, праўда, яшчэ і ў «Савецкай Беларусі», і ў «Полымі Рэвалюцыі» парэдактарстваваць, і выдавецтвам пакіраваць, і акадэмікам пабыць).

Наковальню стальную свою
Приготовил давно под удары,
Из железа — смягчилось от жара -
Острый меч для себя я кую, 

— пісаў яшчэ ў 1912 годзе Гартны (гэтыя радкі ў «Правде» друкаваў), і думаць ня думаў, што лёс свой у іх прарочыў… Ня вытрымаў «стальных» ціскоў-рэпрэсій, звар'яцеў — і ў псыхбальніцы навостранай лыжкай прабіў-перарэзаў сабе горла (усё адно як і не па неахайнасьці напісаў быў так — «Острый меч для себя я кую», не «для» ворага, а сабе, толькі ня меч (яго нават гіпербалай прароцка-вершаванай лічыць сёньня можна) каваў-гастрыў ён у апошнія хвіліны свайго жыцьця, а ўсяго толькі сталовую лыжку. Перад гэтым, праўда, тоўсты сшытак даносаў пакінуў — дзе на некалькіх старонках значыіліся адны прозьвішчы…

(З запісаў Алеся Ваяра.)


Купалаў дом

22 сакавіка адбылося паседжанне Белнацкама, якое акрэсліла ўрачыстыя мерапрыемствы па светкаванні другіх угодкаў абвяшчэння Радай БНР незалежнасці Беларусі. Купала, хоць і жартаваў часам, усё ж здаваўся крыху сумным — узлокціўся стомлена на стол і ўважліва слухаў выступоўцаў.

А праз два дні ў кабінеце Беларускай Вайсковай Камісіі чыталі рукапіс ягонага верша «Гадаўшчына-памінкі» — і разумелі, што на душы Купалавай увесь час пякло:

Не сьвята сьветлае спраўляці
Сягоньня будзе наш народ,
А трызну па айчыне-маці
Ён справе ў гэты цяжкі год…
Край разрываны ўвесь на часьці —
Народ аграблены яго —
Не ўбараніўся ад напасьці
І ад пагібельля свайго.
Лунае груганьнё ў прывольлі
На ўсход, на захад, там і тут.
І сочыць косьці ў чыстым полі,
Дзе вые куля, вые кнут…
Не «незалежнасьць» праз час гэты
Сваё разводзіла сьвятло,
А паднявольле без прасьветы,
А рабства Беларусь гняло.
Народ спраўляць памінкі будзе —
Не сьвята сьветлае вясны, —
За стол жалобны сядуць людзі
Там, дзе крыжы, дзе курганы.

Але ўсё разумеў мудры Купала — і з друкаваннем верша не спяшаўся…


…Алесь Хведаравіч доўга стаяў каля былога Юбілейнага, былога Беларускага дома і пакрочыў далей. Тратуар шырокі, роўны — не тое, што раней… Каб спешным пешаходам не перашкаджаць, пад нагамі не блэндацца — паўз будынкі трымаўся. У падземны пераход спусціўся, доўга кветкі — беларускія ж! — разглядваў, пах лавіў, як здзяцінеў усёроўна… «ГУМ» мінуў, «Паўлінку». Чытаў і чытаў надпісы на сценах, у вітрынах — і ажно хмялеў, як ад кветкавага водару ў пераходзе: па-беларуску ж надпісы!

Толькі каля будынка КДБ да саменькай шашы прыліп далей ад высокіх пабеленых калонаў… Хтось з шафёраў не вытрымаў нават і папераджальна «папібікаў» на дзеда..

Так — як і юнаком колісь — пешшу да Чырвонага касцёла і дабраўся, і — дзіва! — не стаміўся нават, сэрца толькі па-галубінаму тахкала, таму і прысеў на першую лаўку, і глядзеў на касцёл, і не бачыў, і холаду не чуў…


25 сакавіка 1920-га

З саменькай раніцы, помнілася, да яго Лістапад і абедзьве Стагановічыхі прыехалі — свята ў Менску пабачыць, яго, падкеплівалі, адведаць. Ліст са Случчыны перадалі — «на рэагаванне», — пакуль госці абвыкаліся, торапка перачытаць яго паспеў:


«Мы, ніжэй падпісаныя ўчасьнікі зьезду Случчыны, скліканага Стражай Крэсовай 21 сакавіка 1920 году, заяўляем, што:

1) На зьездзе не было прадстаўнікоў ад многіх мяйсцовасьцей Слуцкага пав., прыкладам: в. Лучнікі — болей 1000 душ; Бранавічы, Варкавічы — больш за 500 душ; Ячава — 500 душ; Жывагладавічы — каля 500 душ; Крывічы, Серагі і многа іншых лічбаю за 35 ня мелі сваіх прадстаўнікоў на зьездзе.

2) Ад многіх іншых мяйсцовасьцей Слуцкага павету прадстаўніцтва было няправільным…

3) Зьезд быў праведзены пад націскам Польскай Улады, нават была пушчана пагалоска аб арышце непакорных. Аратарам, што прамаўлялі за Незалежную Беларусь, старшыня зьезду (ён быў назначаны Стражай Крэсовай, а не выбраны зьездам) не даваў гаварыць… Нягледзячы на дамаганьні зьезду, былі забаронены выбары мандатнай камісіі, каторая б праверыла ўсе мандаты… Была неспадзеўкі прачытана рэзалюцыя аб прылучэньні Беларусі да Польшчы, абсуждаць якую было забаронена… Перад гэтай рэзалюцыяй было ўпушчана ў залю некалькі сот чалавек, каторыя ня мелі ніякіх мандатаў. Гэткім парадкам учасьнікамі зьезду было 240 чалавек, а рэзалюцыю галасавалі каля 500. Проці рэзалюцыі бадай была большасьць, але галасы не падлічваліся, і старшыня зьезду заявіў, што рэзалюцыя прынята аднагалосна.

Дзеля ўсяго вышэй сказанага мы лічым гэты зьезд неправамоцным і зварочваемся да дэмакратыі ўсяго сьвету, пратэстуючы супраць гвалту і зьдзеку над воляю Беларускага Народу.

Зянюк Янка, Катак Алесь, Басалыга Язэп, Ціт Грынюк, Алесь Шуляк, Кецко, Ажынас… (усяго 40 подпісаў)».[4]


У сярэдзіне спісу значылася і прозвішча Янкі Пашкевіча…

— Вось табе й на! Не, трэ дадому ехаць, а то далучаць грамацеі да Польшчы, і ў Слуцак хутка без пашпарту асобнага не пусцяць… — і абурана бурчэў, і пасмяяцца ўадначас спрабаваў Алесь. Хоць не да смеху рабілася. Польскія шавіністы, як бачна, часу дарма не гублялі: «дэмакратычным» шляхам — праз прафанацыю сходаў — спяшалі далучыць Случчыну да Польшчы!

— А ведаеш, хто старшынёй з'езду гэтага прызначаным быў? — Лістапад яшчэ штось «прыхаваў» для яго.

— Ну?..

— Абрамовіч наш вядомы…

Пакуль паснедалі, пагаварылі — якраз на святочнае набажэнства, што ў касцёлах а 12-й пачыналася, спяшыць трэ было (у менскіх цэрквах на гадзіну пазней пачыналася). Ну і канешне ж, яны, слуцакі, Чырвоны касцёл выбралі, а як жа — гэта ж случак Вайніловіч збудаваў яго на собскія грошы! Загадкавая, міфічная нават асоба… І начуты пра яе Алесь ужо болей быў, чымся ягоныя госці, таму — не без годнасці — што ведаў, тое і расказаў па дарозе…

Хоць нарадзіўся Эдвард Вайніловіч у дзедавым (па маці) маёнтку Сляпянка пад Менскам, дзяцінства й часткова юнацтва ў слуцкіх Савічах праводзіў. Савічамі ж яшчэ ў XVI стагоддзі слуцкія князі Алелькавічы валодалі, потым у заставу (заклад) шляхціцу Цяльшэўскаму — за грошы — перайшлі. Князь грошай не аддаў, і маёнтак княгіні Соф'і Слуцкай стаўся ўласнасцю Ганны Цяльшэўскай. Апошняя трох мужоў змяніла, адзін з іх — Вайніловіч. У запавеце Цяльшэўская і перадала Савічы дзецям ад яго. (Гісторыю гэту Алесю Ігнатоўскі пераказаў.)

У доме Вайніловічаў гучалі польская й беларуская мовы. У Слуцкай — іхняй! — гімназіі вучыўся. У 1863 годзе маці яго ў паўстанцы выпраўляла, выпадковасць толькі й стрымала. Затым — Тэхналагічны інстьпут у Піцеры, за мяжой працаваў… А ў 1905 годзе амаль 300 тысячаў рублёў на пабудову касцёла ў Менску выдаткаваў — у памяць пра сваіх памерлых дзяцей. Афіцыйна касцёл і менаваўся — Сымона і Алены. Высокія пасады займаў Вайніловіч, сам Сталыпін яму пасаду віцэ-міністра земляробства прапаноўваў!

Але ўрэшце вось і ён — чырвоны прыгажун, з прыручанай готыкай, нібы палац — і велічны, і сцеплены, свойскі. Людзьмі ўзрушанымі запоўнены, напалову школьнікамі, дзецьмі з прытулкаў — са значкамі бела-чырвона-белага колеру.

Ксёндз прафесар Абрантовіч гаварыў урачыстае казанне, усіх сыноў і дачок краю ўсе свае сілы аддаць дзеля лепшай будучыні маці-Беларусі натхняў. Затым і набажэнства адбылося. Напрыканцы — ужо на вуліцы, каля касцёлу — хор Тэраўскага прыгожа спяваў…

Бачачы, як Лістапад надта ўжо за старэйшай Стаганавічанкай улягае: то шэпча штось на вушка, то да ліпы прытуліць — і ў вочы зазірае-любуецца, Алесь не стрымаўся быў, Людзе перадаў:

- Што гэта яны, як галубы навесну?..

Тая ўсміхнулася загадкава, брывамі павяла, вусны змуліла хітравата, — ды ўсё ж не стрымалася, сакрэт сёстрын шэптам выказала:

- А яны пабрацца вырашылі… Вяселле пасля Вялікадня будзе.

Вось табе й на! Усё складанае іншымі, вось, проста вырашаецца…

А ў пяць вечара яны ў Беларускі дом прыйшлі, на ўрачысты сход Нацыянальнага камітэту (і Вайсковая камісія, і розныя беларускія арганізацыі запрашаліся, — Юрка Лістапад і Стаганавічанкі «Папараць-Кветку» прадстаўлялі).

- Вой, Алесь, дык гэта ж сам Купала! — не стрывала Людка, пад бок штурхнула. — Каб жа знала, што вось так, ледзь не ў вочы… (Дзядзька Янка па прыступках на другі паверх падымаўся, а яны — побач, на калідоры першага стаялі.) Я б кніжку ўзяла, надпісаць папрасіла б…

- Дык я зараз! — І Алесь крутнуўся ў свой кабінецік, апошні Купалаў зборнік адшукаў, Людцы прынёс. — Хадзем, будзе табе надпіс…

У зале паседжанняў людзей ужо сабралася поўна, але Купалы там не было. Ды Алесь здагадваўся, дзе адшукаць яго — у Лёсіка, дзе ж яшчэ… Юрку й Марыю пакінулі «пільнаваць» месцы, самі ж перайшлі ў другі вугал Дому.

Дзверы з шыльдаю «Рэдакцыя газэты «БЕЛАРУСЬ»» былі прачынены напалову — і якраз за першым сталом сядзеў Купала.

- Ну, прасі йдзі. — Алесь сабраўся чакаць. Ды Людка ажно войкнула:

- Ты што, сорамна ж неяк…

- Эх, а яшчэ ў эсэры запісалася! — бухнуў са смяшынкай і адразу адчуў недарэчны свой жарт. — Хадзем… — каб толькі паправіцца шапнуў і ў дзверы пастукаў…

- Што ж грукаеш, як не свой? — Гэта Лёсік, гаспадар пакоя, адказаў першым. За Алесем і Людка нясмела ўпіхнулася, «Дабрыдзень» выціснула…

- І адкуль жа Алесь такіх прыгажуняў прыводзіць? — спытаў Купала, мякка азірнуў абодвух, калі пра мітрэнгу іх выслухаў.

- Вядома адкуль — са Слуцку! — цепануў галавою Алесь, засвяціўся.

- А ці не з тога залеску, дзе і «Папараць-Кветка» ваша цвіце?

- З яго самага…

- Знаеце што, харошыя мае, я вам адну на дваіх падпішу, — і асадку з пяром срэбным паволі выняў з кішэні, да старонкі прыціснуў — а сам са шчырай хітрынкаю, бровы звёўшы, на іх зірнуў, усміхнуўся. — Бачу, не супраць… — Спытаў, як паненку зваць, старанна вывеў на тры радкі надпіс: «Даражэнькім маім кветцы-паненцы Людмілцы й квету-панічу Алесю — каб шлях ваш у сонечных пялёстках быў!», — дату падставіў — «25-га сьвятога сакавіка 1920 г.»

Разам і на сход урачысты пайшлі. Адкрыў яго старшыня ЧБНК Кузьма Цярэшчанка. Пасля прамовы Устаўную Грамату прачытаў — і ўсе стоячы яе слухалі! Прафесар Вацлаў Іваноўскі пераказаў коратка гісторыю беларускага руху з 90-х веку мінулага да апошніх гадоў. Аркадзь Смоліч — пра беларускую чыннасць за ўвесь час доўгай вайны. Сымон Рак-Міхайлоўскі знаёміў з працай Беларускай Вайсковай Камісіі. Апошнім Кузьма Цярэшчанка ўзнёслымі словамі закончыў — аб тым, што расце рух беларускі з кожнай гадзінаю — і ўпэўнена будуецца з году ў год беларускае жыццё.

А 8-й вечара п'есу ў тэатры ставілі. Толькі ён з Людкай не пайшлі на яе, стаміліся сходамі, - адных Юрку й Марыю выправілі. Дамовіліся сустрэцца на кватэры Алеся — начаваць (ключ дзе ляжыць, Алесь яшчэ ўранку паказаў).

І нырнулі яны тады ў ціхі і зманлівы, цёплы й таемны, чаканы і запознены адвячорак, і начы часціну прыхапілі… Паўз Свіслач гулялі, абняўшыся, апякаліся пацалункамі, сузор'і пералічвалі, жаданні на знічкі загадвалі. Хоць ці збудуцца, ці адкрыюцца лятункі-мары тыя — і думаць не адважваліся…


Сумна гасцей праводзіць было, як не ўпрошваў — на другі дзень не змаглі застацца. Праз месяц сустрэцца толькі змогуць — настаўніцкія курсы ў Слуцку арганізоўваць будуць.

І, абдымаючыся-развітваючыся, каб і ўсе пачулі, ён мовіў да Люды:

- А першай справай да бацькоў сваіх чакай.

- Ого! — Юрка адразу ўсё скеміў, Марыю ўшчыкнуў. — Глядзіце ж нас толькі не абганіце!..

* * *

У Слуцак ён ехаў на ўжо знаёмым аўтамабілі — разам з Янкам Станкевічам, якога Цэнтральная беларуская школьная рада прызначыла кіраўніком курсаў беларусазнаўства (а ён, Алесь, інструктарам станавіўся). За рулём Домскі сядзеў, цыгаркай пыхкаў. Недзе на паўдарозе дождж нагнаў, гарэзны, па-вясноваму цёплы. Давялося спешка «капюшон настаўляць», як жартаваў Станкевіч — брызентавы верх да пярэдняга шкла нацягваць. Пакуль праваждаліся — і дажджу не стала…

Кватэру Станкевічу хутка падабралі, усе перамовы на заўтра адклалі. Домскі назад ехаць сабраўся, ды Алесь улагодзіў, упрасіў — да бацькоў у вёску яшчэ падвезці:

- Тут усяго нейкіх паўтары кіламетры, ды, знаеце, з хворсам жа!..

- Эх, дзіця ты шчэ горкае… — хітнуў Домскі галавой, але «падкінуць» згадзіўся.

Як тарахцелі вулкай, ледзь не ўсе вяскоўцы — здалося яму — агародчыкі да пасеву рыхтавалі. Суседзі насупраць — Гаўрылевічавы — з хлява гной выбушоўвалі, раты так і параззяўлялі: бач, пан які вылупіўся!..

Тодар і Сцяпан хлопцамі былі някепскімі, толькі не па яго, Алесеваму, нутру: скрытнымі, маўклівымі, зладзеяватымі нават. Можа праз тое, што без бацькі гадаваліся — Яўхім Гаўрылевіч яшчэ да японскай вайны з рума, што ў нізоўі Случы быў, не вярнуўся. Саскільзнуў з бервяна (казалі, шырхоўка — пярэвітак з беразняковых дубцоў, якой плыты звязвалі — разышлася), у ваду на самай плыні зваліўся — і расціснула бедалагу. Цела нават не знайшлі. І засталіся сынам ад бацькі з дзесятак рублёў заробленых ды некалькі слоў плытагонных, з малалецтва запомненых — калі з Алесем, бывала, гулялі, па раўчуках вясновых трэскі «сплаўлялі», ганарліва ўстаўлялі: «гэта мая клейна» (што значыла плыт на даўжыню бервяна), «я ўвесь пас куплю» (а ў пасы клейны звязваліся)… І дзяцей гадаваць, і гаспадарку весці Гаўрылевічысе адной даводзілася — пакуль хлопцы ў сілу не ўвабраліся. А цяпер вось так і сядзелі каля састарэлай маці, жаніцца нават не высмельваліся…

І Гаўрылевічыха на двор выпхнулася, вузельчык хусткі падціснула, з-пад далані, хоць і хмурнавата было, на аўто зірнула, Алеся пазнала, «Дзяньдобры» кіўнула. А затым у выступках без галёшаў — забыўшыся, пэўна, уздзябурыць — да сыноў падалася.

- Вото бачыця… Вучыліся б вото, як Сашка Яцкевічаў, і вас бы на атабілю каталі, а так — гной кідайця… — прашэмкала бяззубым ротам.

Прызнацца, і дзед (праз вакно ўбачыўшы, як унука падвезлі) аталапанеў, сустракаць да брамкі кінуўся, хоць пры «шахвёру» віду не паказваў — нібыта й не дзіўна яму, нібыта так і мусіць быць усё. Адно маці толькі тое і бачыла, што схуднеў яе Сашка на яблык скіслы…

— Быў бы каля дому, — уздыхала, — во як Гаўрылевічавы… Бацька ад работы не адрываецца, дзед ня можа ўжо, то хоць бы ты гаспадарку глядзеў…

Настаўніцкія курсы беларусазнаўства адкрыліся ў Слуцку 25 красавіка. Увесь першацвет павятовай маладой інтэлігенцыі сабраўся на іх — ад гімназістаў да «вучыцялёў». Нават былы гарадскі галава з жонкай прысутнічаць захацелі. Усіх жа каля трохсот слухачоў запісалася. Наогул, ахвотнікаў удвая больш назбірвалася, стыхійна, пачуўшы, людзі йшлі. І таму ўжо даводзілася пра другую змену падумваць. Усім, хто да 30 красавіка запісацца паспеў, дапамога па 10 марак выплочвалася (сродкі на курсы вылучаны былі з Менску Часовым Беларускім Нацыянальным Камітэтам, слуцкі ж Камітэт дапамагаў арганізацыйна; школьная рада Случчыны заробак лектарам выплочвала: па 40 марак у гадзіну — за дзень па 80 атрымлівалася.) Апроч гэтага інтэрнат слухачам даваўся, з харчам толькі ўжо самім упраўляцца даводзілася — «аправізацыя» выдавала толькі аржаную муку ды соль.

Мясцовыя вайсковыя ўлады крыху пярэчылі адкрыццю курсаў. Назадзёр ім нават свае польскія адкрыць захацелі, хоць каменданцкі час да 10-е гадзіны вечара падоўжылі (зімой да 9-ці па Слуцку і павеце хадзіць дазвалялася, а яшчэ колькі дзён таму — толькі да 8-і).

Выкладалася на курсах беларуская і польская мова (апошнюю ўвялі, каб адкрыццё польскіх курсаў адцягнуць), гісторыя і геаграфія Беларусі, пачаткі кааперацыі, беларускія спевы, этнаграфія і тэатральнае мастацтва, гісторыя беларускай літаратуры. Напачатку лекцыі сам Янка Станкевіч чытаў са Станіславам Петрашкевічам (выкладчыкам Слуцкай гімназіі) ды Паўлам Жаўрыдам. З мясцовымі «прахвесарамі» неспадзеўка выйшла: Петрашкевіча на лекцыі па геаграфіі ўсяго на дваццаць хвілінаў хапала. На ўшчуванні Станкевіча толькі й адказваў, што матэрыялу не хапае. Жаўрыд жа гісторыю беларускай літаратуры зусім няўмела чытаў. Вось і вымушаны быў кіраўнік курсаў праз настаўніка Мамчыца, які адскокваў у Менск на два дні, тэрмінова перадаваць ліст у Цэнтральную школьную раду, на памагатых сваіх наракаць:


«…Я ніколі не спадзяваўся, каб маглі інтэлігентныя людзі так нягодна чытаць, як чытаюць Жаўрыд… і Петрашкевіч… Калі будзе так, як дагэтуль, што фактычна я адзін чытаю лекцыі, часам па 3 гадзіны, дык ва ўсіх зложыцца перакананьне аб беднасьці беларускай інтэлігенцыі, каторая не змагла паслаць на курсы ў Слуцак нават 2-3 запраўдных лектараў. Пастаўлена на карту справа беларускага руху ў Случчыне. Прышліце з гэтым вучыцелем Мамчыцам адну вялікую карту Беларусі і на продаж, колькі зможаце… прышліце ўсю, канешне, адноўленую, трміналёгію матэматыкі, бо без гэтага ня можна навучыць і выпусьціць з курсаў вучыцялёў. Маецца для продажы кааператыўная кнігарня «Процераб», нядаўна тут закладзеная.

6.5.1920 г.»[5].


А праз тыдзень у Слуцак Усевалад Ігнатоўскі і Францішак Аляхновіч прыехалі — на курсах выкладаць.

Напрыканцы курсаў (яны працавалі да 1 чэрвеня) Слуцак наведаў Беларускі хор Уладзімера Тэраўскага ў поўным сваім складзе — ажно трыццаць чалавек, адкрытыя ўрокі па народных спевах правялі, некалькі канцэртаў зрабілі. А як з «папараць-кветкаўскімі» харыстымі й музыкамі аб'ядналіся — во то ўжо йгрышча было!

Яно хіба што з Лістападавым вяселлем параўнацца магло — вясёлым, шчодрым. З пятніцы як выкупам нявесты — Марыі, пакуль яшчэ Стаганавічанкі — пачалося, так да нядзелі і прагудзела, — з танцамі, песнямі, розыгрышамі. Трох кабаноў і бычка з'ела, вёдраў з чатыры хлебніцы-пярвухі…

А ноччу, перш чым палегчы спаць, пайшлі прагуляцца па Варкавічах. На старой ліпе, што на ўскрайку вуліцы, бусліха неспакойна драмала, над агародамі туман узлёг…

Алесь жа крыху ў крыўдзе на Людзіных (і Марыіных) бацькоў быў. Як жа…

«Можа, дзеткі, восені пачакаеце… Трэ ж прызбірацца на новае вяселле. Сорам жа без гэтага…»

Адно маці прыспакоіла: «Ды нікуды ж яна, Сашка, ад цябе не дзенецца — усе вушы табой заляпіла!..»

Урэшце, колькі таго лета — каб да восені!..

А дахаты вярталіся — дзівіліся ажно: хтось ці не з пахмелкі ў барабан бухкаў, няроўна, як камароў адганяючы. Дзверы расчынілі — спяць усе, на прыпеку свечка дагарае, барабан да сценкі бокам прысланёны… а штось, ужо звуліцы, цішэй толькі, бухала, цырканне конікаў перабіваючы.

Толькі раніцай і дазналіся, што гэта здалёк адзываліся гарматы — той чэрвеньскай ноччу 1920-га палякі рушылі з Беразіны…


А да гэтага шмат вясновай вады працякло. Палову года Белнацкам дамагаўся правядзення Другога Ўсебеларускага кангрэсу. Цярэшчанка, як старшыня камітэту, падаў зварот да генеральнага камісара ўсходніх земляў Асмалоўскага з патрабаваннем яго правядзення не пазней 15 красавіка. Калі ж палякі праігнаравалі гэта, Цярэшчанка ў сярэдзіне траўня склаў з сябе старшыньскія абавязкі. Тымчасам вёў перамовы з Васілеўскім (прадстаўніком Пілсудскага) Іваноўскі, пасля чаго змушаны быў адмовіцца ад патрабаванняў незалежнасці Беларусі — і дамагацца хоць бы ўключэння ў склад Польшчы ўсёй акупаванай беларускай тэрыторыі і надання ёй культурнай аўтаноміі. А ў Менск даходзілі чуткі пра неафіцыйныя перамовы між Варшавай і Масквой…

2 траўня было склікана паседжанне ЧБНК, на якім і прынялі наступную заяву:


«Як і ўвесь час раней, усё беларускасе грамадзянства патрабуе прызнаньня незалежнасьці БНР… і энергічна пратэстуе проці ўсялякага падзелу Беларусі і інкарпарацыі асобных правінцыяў Беларусі ці ўсяго краю ў межы Польшчы.»


А 4 траўня сабраўся Беларускі Нацыянальны Камітэт Случчыны. Пісар Ян Ракуцька спешна зрабіў некалькі выпісаў з пратакола паседжання:


«Па пытаньню аб міравых перагаворах Польшчы з Маскоўшчынай і пагляду камітэта на БЕЛАРУСЬ ухвалілі:

Прызнаючы безпаваротна, што Беларусь павінна быць Вольнай і Незалежнай Народнай Рэспублікай у яе этнаграфічных межах Часовы Беларускі Камітэт Случчыны выносіць катэгарычную пастанову, каб у місіі, якая будзе весьці міравыя перагаворы паміж Польшчай і Маскоўшынай ці кім іньшым, дзе будуць закратацца інтарэсы Беларусі, павінна быць прэдстаўніцтва ад беларусаў з правам пастаноўчага голасу».


Старшыня камітэту Павел Жаўрыд распісваўся на іх нервова, размашыста, а пячатку — з выявай «Пагоні», абрамаванай вянком з дубовых галінак — ставіў акуратна, націскаючы роўна і няспешка…

* * *

Не тыя пілсудчыкі былі ўжо, якім дзед летась праз вакно дзівіўся: натомленыя, змораныя, скупыя. Антанта дапамогу зменшыла, і варшаўская машына пачынала буксаваць. Штодзень раслі цэны, «лягчэла» польская марка.

Як падмянілі ў гэты час Гаруна — спахмурнеў, агеньчыкі ў глыбокіх вачах прытухлі: «Ведаў, што не да скону палякі, але ж каб так хутка здацца… Мы ж яшчэ толькі-толькі ў сілу ўбіраемся! І куды зараз, калі нат такая сіла здаецца? Не самагубствам жа займацца?!.»

(Можа таму часткі беларускіх злучэнняў — з найбольш маладзейшых — заместа вайсковых штудыяў на курсы беларусазнаўства і пачалі накіроўвацца?)

А праз колькі дзён і зусім знямог Гарун, аслабеў, не пускаў да свайго ложка амаль нікога…

Цяжка ў Менску чэрвень 1920-га заканчваўся, а ліпень яшчэ цяжэй пачынаўся: нервовасць, няпэўнасць. Горад з двух бакоў гарэць пачаў — і рады ніхто даць не мог. Кожную раніцу — рабункі, пагромы. Вакзал бежанцамі перапоўнены, жаўнерамі, падводамі, усе з клункамі, лаянкай…

Ці не тады і неўзлюбіў Алесь вакзалы? Неўзлюбіў — сказаць проста, але ж нічога не выказаць. Натоўп агалдзелы ў дрыжыкі яго кідаў, нерваваў, люціў нават…

…Адзін конь, пэўна, нікуды тады не спяшыў, ступаў марудна, лянотна, і шпітальскі фурман моўчкі сцябаў яго па ўпалых баках сцёртай ляйчынай. У вочы забягалі маладыя ліпы ў ранняй мядовай квецені…

- А мо лепш засталіся б? — ціха мовіў Алесь, і пакрыўдзіць Гаруна словамі гэтымі асцерагаўся, і расстанне ўявіць баяўся.

- Цяперака, як застануся, бальшавіцкае кулі пэўна ўжо не міну… А жыць, браце, хачу яшчэ, дужа хачу…

Праважатыя — Купала, Лёсік, Бядуля, хлопцы з БВК — ужо на пероне чакалі.

- Нічога, ён моцны, пераможа, — як сам сябе пераконваў Лёсік.

- Толькі ж колькі людцоў хваробы першымі адолелі. — Гэта Бядуля прашаптаў. А Купала маўчаў, нават наўкол не глядзеў — усё пад ногі…

Падпоўз цягнік. Моцна лаяўся стары жаўнер, пасажыраў ад вокнаў — каб не лезлі — адпрэчваў. Гаруна ўціснулі ў таварняк-«чамаданік» — так празвалі драўляныя прамавугольныя вагоны зялёнага колеру, абшытыя па вуглах жалезам. Трое хлопцаў з беларускага звязу, на каго паспелі аформіць дакумэнты, выбраліся праводзіць Гаруна далей. Сярод іх — сябры БВК Францішак Кушаль і Антон Аўсянік. Думалі, аспакоіцца Гарун, падлечыцца…

Бальшыня ж і пасля абвяшчэння эвакуацыі перакананаю была ў тым, што бальшавікоў хутка спыняць — дзесь на Нёмане, а таму далёка ад'язджаць тады не збіраліся. На пасяджэнні БВК важнейшыя дакумэнты паміж сабою падзялілі, каб вывозіць прасцей было, — і думалі дзе-колечы ў Заходняй Беларусі затрымацца. Супыніліся ў Ваўкавыску. Гарун там, як узгадвалі, акрыяўшы крыху, на крываўку-дызентэрыю захварэў. Багатая садавіна ўрадзіла. Ад вішняў галіны ламаліся. Сяляне ягады вазамі на рынак вазілі. Праз гэтыя вішні і ўшчаў жывот балець — ад смагі колькі разоў вады сцюдзёнай папіў і зусім аслабеў Гарун. Аўсянік лекара з вайсковае камендатуры прывёў — той і параіў перадаць Гаруна дзяжурнаму санітарнага цягніка. Пад рукі з хаты выводзілі, сам ужо й ісці не мог…

А тады ж, у Менску, пра развітанне доўгае і не думалася, толькі ж чаму так горка ўсім было — як саміх па свеце развозіць збіраліся?..

Не пайшоў пасля назад з усімі разам Алесь. Доўга ўслед цягніку глядзеў, а потым рэльсы перацыбаў і на другі бок вакзала перабраўся, пасунуўся да тупікоў.

Тама вайсковы састаў грузілі: гарматы, скрыні, палявыя кухні. У апошні вагон цыбаты жаўнер з рэдкімі вусамі сіліўся кабылку ўцягнуць — па ўсім не вайсковую, тонканогую, падцягнутую, вогненна-каштанавую. Тая наравілася, упарцілася, не хацела нават на дошкі мастка ступаць, а жаўнер люціўся. Джыгне канцом аброці па пысе — і зноў у вагон цягне. Кабыліца ж яшчэ больш упарціцца, адступае. Жаўнер вылаяўся, сплюнуў, аброць за жалезную засову зачапіў… і кулаком па храпе лашаку раз, другі, трэці… Кабыліца адразу ж наўздыбкі, ды кароткая аброць не дала — як струна напялася, толькі засова гухнула.

— Што ж ты робіш?! А каб самога вось так… па храпе!? — не стрымаўся Алесь, да жаўнера кінуўся, паміж ім і кабыліцай стаў, сам наструніўся, кулакі сціснуў. Жаўнер адразу ж скінуў з пляча карабін-драгунку, вачыма цёмнымі апёк… І прыкладам кабыліцы па галаве тыцнуў.

А Алеся нібы ўзвірыла што — перахапіў вінтоўку і нагой у часночыны зубоў пад рэдкімі вусікамі!.. Жаўнер у вагон уляцеў і бразнуўся аб яго драўляную сценку, толькі абцасамі бліснуў…

Алесь тады повад з засовы зняў, падняў драгунку, скочыў на кабыліцу — і за вагоны, за тупікі, закрытыя дзікім вішняком! Толькі праз хвіліну ўсполашныя стрэлы далёка за спіной ледзь пачуў…

Ён кепска ведаў менскія ўскраіны, і стараўся кіраваць на поўдзень — на Слуцак — па сонцу (яно, па-летняму недасяжнае, то застывала над дробнымі гарадскімі садамі, то, вынырнуўшы з іх, мякка плыло ўслед). На слуцкую дарогу, спяшаючы, так і не выбраўся, — дый да лепшага — ці мала хто пераняць на ёй мог? Імчаў прылескамі, лугамі, даваў нядоўгі спачын Каштанцы (паспеў назваць ужо), — і зноў у дарогу. А калі сонца ўжо крыху стамляцца пачало, на адвячорак павярнула, калі ледзь у балота не ўблэнтаўся, — зразумеў, што яшчэ крыху, і заблудзіць. Раней вёскі здалёк абмінаў, а цяпер распытаць пра дарогу вырашыў. Балазе й хутарок адразу з лесу вынырнуў… Так і ёсць, схібіў, круга лішняга даў, але добра што хоць чуў пра гэтыя мясціны: паехаў да Валяр'янаў (толькі вінтоўку — бачыў, як падазрона мужык на яе касіўся — у пінжак укруціў і зноў да сядла прывязаў), там — напрамкі на Покаршава, на Слуцкі тракт і меркаваў выбрацца…

Толькі тады асэнсоўваць пачаў, што ж адбылося. Праз дзень-два ён і так дамоў ехаць збіраўся… Гаруна правялі. Рак-Міхайлоўскі казаў, што да Гародні паедзе… Вось толькі што з кабыліцай рабіць? Не свая ж! А палякі ж — думаў — нават калі і надумаюць шукаць, то не да гэтага ім будзе — вунь як спешка ад'язджаюць!

Зноў адпачыць вырашыў. Збочыў у алешнік, Каштанку — згаладалася ўжо — папасвіцца пусціў, а сам ссунуўся пад старую алешыну — стомлены, разбіты (адвык такі ад язды верхам). І нібыта і не ад палякаў уцякаў ён — а ад думак сваіх змрочных.

«Што далей?» «І як здарылася, што вось так, як злодзей апошні, уцякаю?» «Чым зграшылі так беларусы, за што лёс карае іх так жорстка ліхалеццем гэтым?» «І далей — што?..»

Пінжак (драгунку раскруціў, хацеў было выкінуць, ды ўсё ж побач паклаў) пад галаву скамгакаў, прыдрамаць думаў — ды дзе там! А тут яшчэ пад вухам шаргатнула — і ўзгадаў, што, пры развітанні з Гаруном Купала свежы, толькі з друкарні, нумар «Руні» падарыў: «Чытнеш, Алесю, калі, можа, сумна стане…» Ускочыў, прысароміў самога сябе: «Падарунак з рук Купалавых, а во як ён у кішэні яго прыкамячыў».

Як і адчуваў Купала — апошнім здвоены (№№ 9-10) сшытак «Руні» ад 4 ліпеня 1920-га стаўся…

Разгарнуў адвольна, і — трэба ж! — на «Трэны» Гаруновы патрапіў. І паэтавай лебядзінаю песняю, нават голасам самога Гаруна, загучалі радкі, складзеныя яшчэ зімой 1916 года:

Беларускі, мой радзімы краю,
Чым ты стаўся горшым перад сьветам, —
Строгім гэтым,
Цяжкім лёсам ён за што цябе карае, —
Забівае.
Скрозь пажэжжа, пусткі і руіны,
Скрозь нядоля, голад і галота,
Скрозь стагнота.
Тут — што людзі! - ў полі кожная быліна
Сіраціна…
Дык прызнайся мне, радзімы краю!
Завініўся чым ты перад сьветам:
Гневам гэтым
На цябе нялюдзкім ён за што палае,
Так карае?

Ён доўга не мог перагарнуць старонкі: гэта тое ж, пра што хвілю таму сам думаў! І ўразіла асабліва «Тут… у полі кожная быліна Сіраціна». Нібы іншымі вачыма азірнуўся вакол — і ўсё такім падалося: журботным, хмурым, сіроцкім. Штось надрыўна лепяталі лісты крохкіх алешын, каршук над палянкай завіс — высочваў штось, бруднаватая хмарка з усходу на небасхіл напаўзла…

А Купала які малайчына, выбраў і паспеў надрукаваць верш Гаруноў! І тут на памяць узбегла нядаўняя Купалава прамова на святкаванні ягоных 15-х угодкаў літаратурнай творчасці, сказаная 24 чэрвеня…


«Хай вас, Браты Беларусы, не палохае цяперашні бурны крывавы час, — ціхім, спакойным — і ад гэтага, здавалася, упэўненым голасам вяшчаў Купала. — Агнём і жалезам куецца моц, гарт, доля й воля народная. Праміне віхор, патухнуць пажары, замрэ сьвіст мяча, і настане сьветлы і радасны дзень змучанага аграбленага народу. Хай вас, Браты Беларусы, — голас мацнеў, узрываўся, — не палохае, што хаты нашы спалосканы пажарам, што сяўбу нашу жне нехта іншы, — зямля, засеена касьцямі сыноў беларускіх, будзе вечна належаць да ўнукаў беларускіх; спаленую хату беларускі мазоль адбудуе, сваю сяўбу ён сам будзе жаць. Хай толькі асьвеціць Вас адна вялікая думка — аддаць усё для сваёй Бацькаўшчыны, навет жыцьцё, калі яна вас да гэтага пакліча.»


І яму як чымсьці ў скроні стукнулі. Тузануў повад, на Каштанку ўскочыў. «Агнём і жалезам куецца доля й воля народная…» «Аддаць усё для сваёй Бацькаўшчыны…» — клічам звінела ў ім, і зноў сорамна стала — за мяккацеласць сваю нядаўнюю, за разгубленасць зніякавелую… І слова сабе даў тады — што ў апошні раз было гэта.

Так і трымаўся тракта, толькі калі здалёк фурманкі ці коннікаў заўважаў — у лес збочваў, чакаў, пакуль праедуць, і зноў — наперад.

Пераначаваў у лесе, а ранкам, ужо як за Покаршава выбраўся, на дарогу тры дзецюкі выйшлі, сунялі:

- Адкуль і куды, хлопча?

- А што? — недаўмеўся Алесь, і вострыя колікі па спіне прабеглі. Было ў яго пасведчанне супрацоўніка Белнацкама, і даведка сябра Вайсковай Камісіі — але ж не ведаў, хто перад ім, што за гаспадары лясныя. А той, хто першым падышоў, падазрона звязак на сядле памацаў, разгарнуў край — жалеза сцёртае на прыкладзе драгункі і бліснула…

- О, дарагі, а гэта табе навошта?! — і ў вочы зірнуў. — Давай атойдзем крыху, пагаворым… (Алесь толькі цяпер у двох кароткія абразанкі пад світкамі ўбачыў.) — А першы, неўразуменне і спалох Алесевы адчуўшы, памякчэў: — Ні бойса! Не бандыты мы… Вось толькі людзей з вінтоўкамі ажно занатта развялоса. Вось і мусім — ад граху-бяды каб далей — дазнавацца… — і ўжо калі з дарогі сышлі, нібыта і не спытаў, а ўслых перад ім падзівіўся: — І чаго гэта хаваесса, людзей па дарозе старонісса?

А Алесь і не міргнуў нават:

- Дык не з танцулек жа еду… І не на вяселле!

Па вузкай вермачцы яны сышлі ў лагчынку, дзе наўкруга сядзелі яшчэ з дзесятак «лесавікоў». І Алесь пашкадаваў быў, што адразу не адкруціўся, не ўцёк, — як раптам адзін з лесавікоў усхапіўся, рукі развёў і радасна выгукнуў:

- Ці ты гэта, Алесь?! Якім ветрам?!

Тут Алесь і рот раскрыў, заміргаў ужо часта, пакуль — з цяжкасцю — не прызнаў у гэтым барадатым Адама Бабарэку…

Вось так і сустрэліся. Як з польскіх катавальняў вырваліся, Бабарэка з хлопцамі не паразбягаліся па хатах. Калі ў траўні стаў чуцён гул гармат з Беразіны, арганізаваліся два атрады — у 40 і 50 «штыхоў». Дзейнічалі яны на Слуцкім тракце. Перагарадзілі былі дарогу абозу, што падвозіў патроны і снарады, асадзілі пяць уланаў. А нядаўна адбілі польскую кухню з абедам на цэлую роту…

Нядобрыя весткі пачуў тады Алесь. Дзень і ноч стракаталі лясы. Адступаючы, палякі люцелі. Вось і даводзілася бараніць вёскі ад іх. Слуцак рабуецца, штодзень — пагромы. Дабро вазамі вывозяць. А генерал Шэптыцкі загадаў паліць горад, калі ён будзе ехаць (уцякаць) па шашы на Нясвіж.

- Ну а што далей рабіць меце? — спытаў няўпэўнена Алесь.

- Вырашылі Чырвоную армію чакаць, каб з ёю праўды дамагацца. — Бабарэка паклаў далонь на Алесева плячо, тузануў злёгку: — Давай, браце, з намі!

- Мне б напачатку дадому, бацькоў адведаць…

- Ну што ж, дарога да нас нескладаная, збярэшся — заўсёды чакаем.

Бабарэка яшчэ пра Менск з цікавасцю распытаў. А потым перакусілі — і Алесь выправіўся далей. Драгунку хлопцам падарыў, а тыя ўсміхнуліся: «Не на танцулькі ж едзеш… Спатрэбіцца, можа», — і ўзамен далі яму кароткую абразанку…

Гэта была яго апошняя сустрэча з Адамам Бабарэкам. Раніцай 13 ліпеня той са сваімі сябрамі сустрэў чырвонаармейскую выведку і ў той жа дзень пад запальныя вокрыкі «Даёшь Варшаву!» на разбітых фурманках выправіўся наганяць польскія часткі, што адыходзілі за Капыль[6]… За два дні да гэтага бальшавікі ўвайшлі ў Менск…

* * *

У Цароўку ён прыйшоў цёмначы, скрытна — агародамі, садам. Каня пакінуў у лесе, вінтоўку ўсунуў у касцёр дроў за хлявом. Нават прысмакаў матчыных не зачапіў, нават з дзедам не пагаварыў — натомлены, адразу ж спаць бухнуўся.

І сон убачыў, дзіўны, страшны. Каля іхняй хаты вяз — яшчэ прадзед ягоны пасадзіў — аграмадны рос, — тоўсты, выносісты. А з самага нізу клуб каранёў з зямлі выступаў. Малым Алесь яшчэ глыбей адкопваў з-пад іх глебу, норы рабіў. І вось цяпер з нары тае чырвоны ліс вылез. Па шыі кроў сцякала, у зубах тушка нейкая… Кінуў ліс ахвяру — і на яго. Ад нечаканасці ногі ватнымі зрабіліся. Крыкнуць хоча — голаса няма. А ліс ужо ў сцягно ўпіўся, клыкамі пажадна лядзгае… Усе сілы сабраў, за галіну ўхапіўся, на вяз узлезці хацеў — а ліс цяжэе, большае, нібыта крывёю ягонай, як упыр, наліваецца, назад цягне. Адламаў тады сухую патырчаку, саўгануў зверу — як змог — у жывот уздуты. Кроў і пырснула ва ўсе бакі. І як зараве той, як узвые!.. Ад жаху ўвомірг ледзь не на самую вершаліну ўзлез (а дагэтуль, на яве, аніяк нават да сярэдзіны дабрацца не мог — раздвойваўся там ствол, і аніякіх нізка галін, каб учапіцца). Уніз глянуў — а там ці не сотня ўжо лісаў, і ўсё з нары вылазяць і вылазяць. На падмогу хацеў каго пазваць, ажно бачыць — і суседзі, як і ён, на дрэвы і дахі паўзлазілі, а пад імі ажно як агонь шугае — лісы рыжыя носяцца… Дзверы ў хаце ляснулі, бацька выйшаў… Трэба крыкнуць, каб назад хаваўся, — ды дзе там: звяры ў хату кінуліся, з ног бацьку збілі… Закрычаў нема, з вяза ўніз скочыў — і як птах над хатаю завіс, а полымя ўжо вёску аблізвае, у агні лісы скачуць…

- Саша, што з табою? Ніколі ж не крычаў сярэдначы… — матчын голас сон перарваў. Усхапіўся, няўцямна па баках зірнуў, коўдру скінутую падабраў, і зноў турботна заснуў. А маці яшчэ доўга вохкала:

- Казала ж дома сядзі… Цяперака і ў Слуцак не пушчу нават…

А праз тыдзень на Случчыну ўвайшла Чырвоная армія. У Цароўцы коннікі з'явіліся ўвечары. Сонца прыхавалася, і Алесь выправіўся за балотца касіць. Так і не пабачыў тады чырвоных. Вярнуўся зусім позна, есці сеў.

- Табой чамусьці цікавіліся… — бацька змрочны быў, злосны.

- І што?

- Пыталі, ці праўда, што ў польскіх урадах прыпрацоўваў у Менску…

- Што? — у яго ледзь лыжка з рук не выпала. — Як гэта?

- А вось так! І на мяне наракалі, што белапалякаў лекаваў… Дык я іх адразу абрэзаў: лячыць — лячыў, толькі сваіх павятоўцаў, а ў палякаў і дактары, і кухары былі свае… — Бацька ўздыхнуў і выйшаў, бразнуўшы дзвярыма, на двор. А дзед цмокнуў бяззуба, і нібыта сам сабе:

- Пэўна, хтось навёў, агаварыў цябе… А то б скуль ім ведаць?

А раніцай паплёскаўся Алесь пад рукамыйнікам, чуб наставіў — і да люстэрка, што над прыпекам у гліну ўлеплена было. А на ім — павута трэшчын.

Тады дзед і дарасказваў, што гэта адзін з чырвонаармейцаў, з жалезным верхнім зубам, доўга ў яго ўглядваўся, якуюсь больку на шчацэ ціскаў, а потым, выходзячы, плюнуў — і ні з таго ні з сяго заехаў у люстэрка тронцам нагана…

Як жывога, шкада стала люстэрка. Канешне, рэч простая, і замяніць яго проста. Але ж… Але ж колькі пабачыла яно за свой век! Пабачыла і ягонага, Алесевага. Як кугакаў у люльцы каля вакна насупраць… Як хадзіць вучыўся… Як, урэшце, з гэтай печкі падаў, гузака набіваў… А дзён дзесяць у яго — дзед ізноў распавёў — яшчэ паляк глядзеўся: забег вады папіць, зірнуў заліхвацка, падміргнуў сам сабе — і вус доўгі падкруціў… «Мы яшчэ прыйдзем!» — з-за дзвярэй бухнуў.

Як і прадчуваў дзед, нагаварылі на Алеся аднавяскоўцы. І хто б мог падумаць — суседзі ягоныя, Гаўрылевічавы хлопцы… Пазайздросцілі, ці што?.. Алесь пра тое пазней даведаецца. А тае раніцы прывядзе суседзям Гаўрылевічам сваю Каштанку, «адбітую» ў паляка, — трэба ж неяк жыць хлопцам, апошняга падсвінка «апісалі». А ў яго ж, Алеся, яшчэ адзін конь застаўся…


«1 жніўня 1920 года выйшла дэкларацыя пра абвяшчэньне незалежнасьці Савецкай Беларусі.


«Імем паўстаўшых рабочых і сялян, — гаварылася ў ёй, — абвяшчаецца незалежная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусі. <…> Усе законы і пастановы польскай акупацыйнай улады аб узнаўленьні прыватнай уласнасьці ў Беларусі касуюцца. <…> Усе народныя багацьці пераходзяць у рукі дзяржаўных органаў рабоча-сялянскага народу. Рабоча-сялянскія арганізацыі, імем паўстаўшых працоўных мас, абвяшчаюць Беларускую «найвышэйшую раду» і ўсе белагвардзейскія і буржуазна-памешчыцкія ўрады Беларусі скінутымі і падлеглымі суду рабоча-сялянскага народу. <…> Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі будуецца на прынцыпах бязьлітаснай дыктатуры пралетарьяту і выкарыстаньня ўсяе практык Савецкай Расіі…»


Пад гэтым дэкрэтам, сярод іншых, будзе стаяць і подпіс Усевалада Ігнатоўскага. Яшчэ ў студзені ён з Каранеўскім, Алесем і Васілём Сташэўскімі, Булатам і іншымі стварылі Беларускую камуністычную арганізацыю. Беларуская камуністычная арганізацыя адыграла значную ролю ў антыпольскім супраціве. Прызнаючы бальшавіцкую праграму, яна ўсё ж адстойвала ідэю стварэньня самастойнай беларускай дзяржавы.»

(З запісаў Алеся Ваяра.)

* * *
На нашым карку торг спраўляе сьмела
Масква з Варшавай, з Рыгай і Літвой,
І наша змучанае катам цела
Штогодна новай кроіцца мяжой.
Уладзімер Дубоўка

У тую жудасную ноч з 12 на 13 кастрычніка 1920-га — ці змог Купала заснуць? Злосна гохкалі ад ветру незачыненыя аканіцы, раз'юшаны дождж лупцаваў па шыбінах, у непрапаленай хаце — сыра і холадна. А як маркотна, як балюча на душы — хто прачуе, хто перадасць?

Калі ён дазнаўся аб падпісанні дамовы «пра перамір'е і прэлімінарных (папярэдніх) варунках міру», паводле якога Расія адмовілася на карысць Польшчы ад Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, па-праўдзе — не паверыў у пачутае… Так нахабна гандляваць лёсамі краінаў, народаў, якім столькі абяцала!? Штосьці страшнае ён прадчуваў яшчэ ў ліпені — калі прыпыніўся выхад «Руні», калі бальшавікі выціснулі палякаў з Менску, а праз колькі тыдняў склаўся Ваенрэўком БССР на чале з Алесем Чарвяковым. Пра «ЛітБелію» ўжо не ўзгадвалася — літоўскі народ стварыў ужо сваю асобную дэмакратычную рэспубліку… На Беларусі ж толькі пачынала разыгрывацца трагедыя. Яшчэ 12 ліпеня ангельскі міністр замежных справаў Керзан прапанаваў ваюючым бакам размежаванне па лініі Горадня - Ялаўка - Няміраў - Брэст. Вось тады і бліснула яму першае прадчуванне блізкай навальніцы…

Ішоў злосны контрнаступ польскіх войскаў — яны зноў былі пад Полацкам, Менскам, Слуцкам. А на паўднёвым фронце бальшавікоў ціснула Белая армія. Таму Ленін і захацеў перадыху, а разменнай манетай сваёй гульні зрабіў Беларусь… У верасні ў Рызе пачаліся перамовы — паміж савецкай расійска-ўкраінскай і польскай дэлегацыямі. Кіраўнік савецкага боку Іофэ не дапусціў да працы Чарвякова — ад беларусаў, сказаўшы яму, што перадасць Польшчы, калі спатрэбіцца, усю тагачасную БССР (у межах былой Менскай губерніі). Ды палякі (Домскі і Грабскі), каб не мець у сябе клопатаў з «беларускім пытаннем», ад Меншчыны адмовіліся. 12 кастрычніка была падпісана «мірная» дамова: польскім войскам дазвалялася яшчэ наступаць шэсць дзён. Першым пунктам прызнавалася незалежнасць Украіны і Беларусі. Але ж якой Украіны? Якой Беларусі?! Савецкіх, па-жывому разрэзаных! Палякі пагадзіліся адвесці войскі з некаторых тэрыторыяў, што занялі падчас восеньскага контрнаступу. І мяжа падзелу Беларусі прайшла адразу на захад ад Менска, па Дрысе на поўначы і на поўдні — Тураў. За абвешчанай ССРБ заставалася ўсяго шэсць (!) паветаў: Менскі, Барысаўскі, Бабруйскі, Ігуменскі, Мазырскі і Слуцкі. Рэшту краіны падзялілі Польшча й Расія…

Зрэшты, штось падламалася ў Купалу і пасля смерці Гаруна — як у мройным сне ўсё часцей узгадваліся словы гэтага мудрага гаротніка, які пра Леніна адкрыта выкрывальнае пачаў гаварыць першым. Ад яго даведаўся пра бальшавіцкія хітрыкі яшчэ «міру» Брэст-Літоўскага, калі Ленін згадзіўся з патрабаваннем Нямеччыны добраахвотна выдаць чэшскія часці. Да заключэння Брэсцкага міру чэхі кватаравалі на Украіне. Ратуючыся ад нямецкай акупацыі, іхнія эшалоны адыходзілі і расцягнуліся па чыгунцы ад Пензы да Уладзівастока. Па дагавораным з кіраўніцтвам Антанты плане яны павінны былі пагрузіцца на караблі і адплыць у Францыю. І як гром — загад з Масквы аб раззбраенні і затрымцы эшалонаў. Матывіроўка: Уладзівасток заняты японцамі, і тыя могуць перашкодзіць адплыццю чэхаў… Але ж ці пад сілу было малаколькасным такійскім падраздзяленням тузацца з моцным корпусам рэгулярнага абстралянага войска, якое намагалася адно патрапіць на радзіму?

Здаць зброю чэхі адмовіліся. Пачаўся мяцеж. 25 мая 1918-га эшалоны Гайды ў Сыбіры выступілі супраць бальшавікоў. На другі дзень брыгада Вайцахоўскага заняла Чалябінск. Эшалоны Чэчкі выбілі бальшавікоў з Пензы і Саратава і пайшлі на ўсход. 7 чэрвеня Вайцахоўскаму скарыўся Омск, 8-га Чэчку здалася Самара. Паўстанцы аб'ядналіся і пачалі адыходзіць да Уладзівастока, пасля чаго і быў утвораны ўсходні фронт, задача якога напачатку заключалася адно толькі ў супрацьдзеянні чэхам, міжволі ўцягнутым у грамадзянскую вайну ў Расіі. А не хацелі б яе бальшавікі, не перастрахоўваліся б перад немцамі — ім проста не трэба было б пярэчыць адыходу чэхаў…

Каб немцы сталі больш згаворлівымі, не пашкадавалі Ленін з Троцкім, як распавядаў Гарун, і вагонаў золата[7], як не пашкадавалі палякам Беларусі…

Па-ранейшаму за вокнамі ліў дождж, вецер гнуў дрэвы і ляскаў аканіцамі, аціхаў на момант — і налятаў з большай моцаю. І Купала не ўтрымаўся, накінуў плашч і выйшаў на двор. Хацеў закрыць аканіцы, але, забыўшы на іх, голымі ліпавымі прысадамі спусціўся да рэчкі.

Вецер тут лютаваў яшчэ больш. Гнуў да долу кустоўе крушынніку, рваў з карэннем перасохлыя купкі крапівы і бадылля, шпурляў іх у ваду, свістаў пад цяжкімі хмарамі. Але Свіслач… Свіслач, пакрытая рабаціннем ад дажджу, Свіслач, сціснутая навалай цемры, Свіслач, выстуджаная начным сіверам, — заставалася спакойнай, ціхай, толькі каля берагоў пужліва разбягаліся мітуслівыя хвалі — і знікалі ў няскошанай летам берагавой траве.

Нечаканы спакой перадаўся тады і Купалу. Яшчэ з гадзіну блукаў мокрымі прысадамі, узіраўся ў кволыя агні па той бок рэчкі, пакуль — так і не закрыўшы аканіц — не вярнуўся, мокры і стомлены, дамоў, - але ўсё ж ці заснуў ён гэтай ноччу?

* * *

Раніцай Алеся разбудзіў Юрка Лістапад:

— Збірайся, браце! Годзе вылежвацца. У дарогу рушым…

Учарашняе паседжанне Нацыянальнага камітэта Случчыны вырашыла разаслаць па павеце інструктараў, каб склікаць валасныя сходы, абраць органы мясцовага самакіравання і дэлегатаў на з'езд Случчыны. Лістапад накіроўваўся (па сваёй просьбе) «у звязцы» з Алесем. Мясцовасці патрапілі не самыя далёкія: Падзера, Прошчыцы, Вясея.

Выправіліся пешкі. Доўга маўчалі, сяды-тады словам перакідваліся. А як Случ перайшлі, заўважылі, што хтось за імі следам цікуе. Пройдзе — стане, падбяжыць — і спыніцца. Што ж, вырашылі пачакаць. Толькі і незнаёмец, як укопаны, сцішыўся. Не вытрымалі, пайшлі насустрач — той адразу адступаць паціху пачаў, а потым перастаў, - галаву набок нахіліў, усміхаецца. А зблізку і пазналі абодва ў ім Міцю Жалязовіча-Бубу, каваля былога…

Са Слуцка Міця (калі адлупцаваў двух жандараў) падаўся ў родныя Прошчыцы. Толькі ў вёску не пайшоў, а ў лесе пачынак сабе змастаколіў. Даўней мясціны тыя на ўсю губерню знакамітымі былі — лячэбнай крыніцай, што каля вёскі бруіла. Мясціну тую прошчай звалі (ці ж не ад яе і вёску Прошчыцамі менавалі?), каплічку драўляную каля крыніцы збудавалі, крыж паставілі. Толькі з часам перасохла крыніца, і перасталі людзі на месца тое прыходзіць. А Міця збуцвелую капліцу перасыпаў, побач будан сабе паставіў, нават зямлянку выкапаў — і да маразоў жа рыхтаваўся… А па начах, бывала, у кузню сваю наведваўся. Пасядзіць у цямрэчы, чым-небудзь па накавальні паляпае — і зноў у будан.

Так і пражыў колькі месяцаў. А пасля бальшавікоў сустрэў, і спадабаліся яны яму, курыць навучылі, кармілі з кухні сваёй. І стаў Міцька ў іх за праважатага, балазе добра край свой знаў. Галыдзьба ў войску была, голад, таму і даводзілася з дэкрэтамі да люду вясковага звяртацца, з «продразвёрсткай» ездзіць. І Міця ездзіў з упаўнаважанымі — дарогу паказваў. Пакуль сутычка нараўне з той, кірмашовай, не адбылася. Рэквізавалі ў аднаго хутараніна мех пшаніцы, а той вазьмі дый слова гнеўнае бухні! Тады два «продразвёрснікі» са злосці і цялушку ягоную з хлява вывелі, да калёс прывязалі. А гаспадар на іх кінуўся, крычаць пачаў, за што кухталя і атрымаў. Вобзем бразнуўся, галавой хітнуў — і зноў да крыўдзіцеляў. Тут з хаты і жонка выбегла, ляманту нарабіла. Селянін ляйчыну з рагоў цялушкі скідаць стаў — і другі раз прыкладам ужо ў твар атрымаў, і падняцца не здолеў. А жанчына як рэзаная загаласіла. Міргаў-міргаў на тое Міцька і не стрымаўся:

- Вярніце іхняе… Нельга так, чужое ўсёткі…

- Што?! — скрывіўся галоўны ўпаўнаважанец. — Можа і ты захацеў? - і вінтоўку руляй да яго наставіў.

І штось нібы наноў абарвалася ў Міцьку. Уваччу бліскаўка прабегла, як пры катаваннях мінулых. І здалося, што не чырвонаармеец перад ім, а жандар той з кірмаша… Сціснуў кулакі Міця — і наперад пасунуўся:

- Так нельга, чуеш?!

І тут стрэл гухнуў, пырснуў пыл да Міціных ног. Перапалоханая цялушка ўбок скочыла, калёсы тузанула, а другі вайсковец (не чакаў такога, стаяў на калёсах і пакурваў зухавата) на драўляныя білы гохнуўся. Толькі Міця нібыта й не чуў нічога — злосна на галоўнага развёрсніка сунуўся. А той затворам лязгаць пачаў, ды другі раз стрэліць Міця не даў яму — так тузануў за рулю, што той вінтоўку з рук і выпусціў.

І тады ўжо Міця з перазараджанай вінтоўкай закамандаваў над двума бяззбройнымі… Нажытак хутаранцу вярнуў, а развёрснікаў, звязененых, у спачынак свой адвёў (каня з падводай на хутары кінуў). Пасадзіў у зямлянку, а каб не збеглі — вакно (яно і дзвярыма было) бараною жалезнай накрыў, наверх валуноў наўсцягваў. Вінтоўку ў дупле схаваў.

З таго часу і стаў былы каваль канваірам. І чым больш люцелі і запалохвалі яго вязні, тым больш злаваўся і ён, прыгразіў нават быў: «Будзеце крычаць — зусім ламаччам завалю, каб не чуў ніхто, і ні вады, ні харчу ад мяне не атрымаеце!»

І пачаў з таго часу Міця праўды сілай шукаць. Прыехалі праз месяц у ваколіцу ягоную два коннікі — у войска Булак-Балаховіча заклікаць сялян, конны полк збіраць. І не да спадобы яму, Міцю, прыйшліся: у выпіўку кінуліся, за дзеўкамі цёгаліся. А тут яшчэ і хлопца з суседняй вёскі пабілі, за непавагу да «бацькі» іхняга. Бацька-бацькам, яго, канечне ж, паважаць трэба. Вось і ў яго быў некалі бацька. Але ж ці біў калі-небудзь каго-кольвек праз яго Міця? І — «Нельга так!» вырашыў. Падпільнаваў парачку залётную, абяззброіў, звязаў — і ў турму, рукамі сваімі зробленую…

А праз дзень залётнікі з развёрснікамі люта біцца пачалі — ледзь не да смерці. І давялося тады Міцьку развесці іх па розных «камерах». У недалёкай строме вяскоўцы даўно капалі гліну, і такіх нораў нарабілі, што схавацца ў іх можна было. Вось у адну з іх, самую шырокую, і пасяліў Міця залётнікаў, уваход ямы невылазна заваліў.

«А крычаць будзеце — прыстрэлю!» — прыстрашыў, хоць, вядома ж, у чалавека ніколі не нацэліўся б нават.

…- А я вас ведаю! — па-дзівацку ўсміхнуўся, калі да яго падышлі Алесь з Юркам. — А вы мяне?

- Вядома ж! Як не пазнаць… Здароў будзь, пане Жалязовіч, — і Алесь руку працягнуў, - а Міця шыю выцягнуў, бровы нахмурыў, выдыхнуў нездаволена, і тады Лістапад на падмогу паспяшаў:

- Хто ж Міці Бубы ня ведае! Ну, чаго насупіўся? Здароў, кажам…

І ажывіўся тады Міця, падскочыў нават:

- Х-ха, ведаеце, ведаеце!

І адвёў ён іх да «турмы», расказаў па дарозе ўсё, як мог — збіваючыся, паўтараючы-шамкаючы:

- Я ж бо й адпусціў бы іх… ды ж баюся… О-го! Падпільнуюць, і мяне ў турму… Біць будуць. А за што ж Міцю біць? Га?! А есці ж ім давай! Ого! А дзе ж набрацца?

І вырашылі Алесь з Юркам вызваліць зняволеных. А каб гнеў іхні на Міцю не выйшаў, дамовіліся мінісцэнку разыграць: пакажа Міця месца турмы сваёй — і сойдзе куды-небудзь. А яны быццам знячэўку на турэмнікаў напоруцца…

Так і зрабілі. Адразу з зямлянкі развёрстнікаў выпусцілі — худых, змарнелых. Смурод наўкол…

«Як вы гэта сюды патрапілі?» — дзівіліся-пыталі.

«Ды на банду наскочылі…» — апраўдваліся тыя.

Падзякавалі й падаліся сваіх шукаць. Адзін з іх, малодшы па гадах, з вухам прастрэленым, накульгваў толькі моцна…

Так і з кар'ера залётнікаў вызвалілі. Ішлі нібыта, гаварылі гучна — і пазвалі з-пад зямлі іх… Праўда, ледзь завал здолелі раскідаць… Пазнаёміліся нават. Адзін зусім маладжавы, ледзь не ўзросту іхняга. Другі — чарнявы, з носам вострым — расшчодрыўся пры знаёмстве, адкрыўся (даведаўшыся, што адзін з «выратоўцаў» — сябра Нацкама павета):

- Палкоўнік Паўлоўскі, накіраваны генералам Булак-Балаховічам для арганізацыі коннага палка добраахвотніцкага войска. Схоплены бальшавіцкімі бандытамі… Нам бы зброю і ў горад хутчэй патрапіць.

І толькі цяпер Алесь заўважыў, што ў абодвух «добраахвотнікаў» пазногці ў кроў садраны, пальцы паапухалі — падкоп, відно, рылі, ды дзе ж там кар'ерныя камянюкі голымі рукамі ўзяць…

Так у той дзень і не дайшлі інструктары да прызначаных вёсак. Палкоўніка з ад'ютантам у горад адвялі, у павятовы камітэт. З паўдарогі скрытна за імі Міця Буба назіраў, усцешаны, што такі клопат з плячэй ягоных скінулі.

«І няма за што Міцю Бубу біць цяпер… Няма!» — шаптаў весела засмяглымі вуснамі…


Булак-Балаховіч

«Чуткі пра Булак-Балаховіча пачалі даходзіць на Случчыну на пачатку лета 1920-га. У чэрвені палякі прыпынілі наступ 15-й і 16-й армій Заходняга фронту, якім камандаваў Тухачэўскі. Падчас наступу Чырвонай арміі атрад Булак-Балаховіча дзейнічаў у раёне Калінкавічаў, пазьней (калі бальшавікі зноў рушылі на Варшаву) балахоўцы ўтрымлівалі ўчастак фронту ў ваколіцах Любліна і нішчылі тылы чырвоных. А ў сярэдзіне жніўня атрады «бацькі» разьбілі пад Пугачовам 67-ы полк Будзённага, перайшлі праз фронт і 26 верасьня ўзялі Пінск, захапілі штаб 4-й арміі і ўтрымлівалі горад да падыходу асноўных польскіх злучэньняў.

У канцы верасьня 1920-га арміі Заходняга фронту сталі на лініі возера Нарач - Койданава - Слуцак - Князь-возера. Чакалі выхаду палякаў на мяжу 1772 года…

У Маскве занепакоіліся, да ўсяго з поўдня Саветы ціснулі войскі барона Ўрангеля. 9 кастрычніка сабралася палітбюро РКП(б) і абмеркавала ход мірных перамоваў з Польшчай. Ленін асабіста склаў праект дырэктывы ЦК аб найхутчэйшым падпісаньні дагавору аб міры. Падпісаў Ленін і праект рашэньня палітбюро, дзе выказвалася прапанова неадкладна пагадзіцца з умовамі польскай дэлегацыі. Іофэ было даручана ў бліжэйшыя 3-4 дні падпісаць з Польшчай прэлімінарны дагавор. Што і адбылося 12 кастрычніка… Збройныя аперацыі мусілі спыніцца 18 кастрычніка ў 24 гадзіны. Польскія войскі да гэтага часу працягвалі наступ і 15-га зноў захапілі Менск.

На перамовах у Рызе пазіцыю ўраду і сойму Польшчы адстойвалі амбасадары Домбскі і Грабскі. Не зважаючы на тое, што і ўсходні, і заходні суседзі раней прызналі незалежнасьць Беларусі, вырашылі перадаць у склад Польшчы беларускія заходнія вобласьці. Ганебны гандаль вёўся ўпотай і ад Пілсудзкага, не толькі ад кіраўніка БССР Чарвякова. Пра гэта красамоўна сьведчыць «Годовой отчет Народного комиссариата иностранных дел РСФСР к VIII съезду Советов за 1919 - 1920 гг. 22-29 декабря 1920 г.»:

«…Як толькі стала зразумела, што магчымы мір з Польшчай, УЦЦК 23 верасьня зьвярнуўся з прапановай да Польшчы адкінуць пытаньні аб самавызначэньні народаў . Мы прапанавалі Польшчы тэрытарыяльнае прырашчэньне ўзамен адказу Польшчы ад палітыкі стварэньня буфера дзяржаў быццам бы самастойных… Асноўная праца па выпрацоўцы зьдзелкі паміж абодвума бакамі праходзіла на нарадах старшынь…»

Пілсудзкі ж, даведаўшыся пра гандаль Беларусьсю — як сам ураджэнец гэтай зямлі, які не супраць быў бачыць Беларусь і Украіну раўнапраўнымі фэдэрацыямі ў складзе Рэчы Паспалітай — паступіў годна (некаторыя, праўда, думаюць, што хітра): паслаў на перамовы князя Сапегу, «каб разагнаў усю кампанію». Але ўжо было позна. Польская дэлегацыя, дазнаўшыся пра місыю Сапегі, тэрмінова падпісала перамір'е…

Пілсудскага тое ўзлавала. Зрабіўшы стаўку на Булак-Балаховіча і яшчэ аднаго генерала-беларуса Лукіяна Жэлігоўскага, ён, пэўна, дамогся паўстаньня на Віленшчыне. З падтрымкі жаўнераў беларуска-літоўскай дывізіі Жэлігоўскі 9 кастрычніка заняў Вільню (Віленскі край па ліпеньскай дамове 1920 года бальшавікі перадалі Літве) і абвясціў яе сталіцай Сярэдняй Літвы…

У распрацоўцы плана Пілсудзкага бралі ўдзел і Вацлаў Іваноўскі ды Браніслаў Тарашкевіч, якія рсзьлічвалі на абвяшчэньне Жэлігоўскім незалежнасьці заходняй Беларусі і стварэньне ўраду з іхнім удзелам. (Іваноўскі падтрымліваў з Пілсудзкім даўнія стасункі. Яшчэ з 90-х гадоў з Пілсудзкім супрацоўнічаў яго старэйшы брат Юры, сябра Польскай партыі сацыялістычнай. Вацлаў Іваноўскі кансьпіратыўна дамовіўся з Пілсудзкім аб фінансаваньні палякамі беларускага пэдагагічнага інстытута ў Менску і беларускіх народных школ, за што ад імя Найвышэйшай Рады Антона Луцкевіча падпісаў дэкларацыю аб тым, што БНР будзе «апірацца» на Польшчу). Ды свае планы Пілсудзкі зьмяніў: заместа Заходняй Беларусі паўстала Сярэдняя Літва а ў склад яе кіраўніцтва ўвайшоў з беларусаў толькі адзін Іваноўскі (адказным за харчаваньне). Тарашкевічу ж далі пасаду начальніка адзьдзела беларускіх школ у дэпартаменце асьветы (за кароткі прамежак часу ён пасьпеў з'арганізаваць каля 200 беларускіх народных школ і настаўніцкую сэмінарыю пад кіраўніцтвам Рак-Міхайлоўскага які з Менску пераехаў у Вільню).

Падпісаная 12 кастрычніка прэлімінарная дамова патрабавала інтэрніраваньня ўсіх антысавецкіх вайсковых фарміраваньняў, што знаходзіліся на тэрыторыі Польшчы, — найперш войскаў Булак-Балаховіча, Пятлюры і Пярыкіна. З прапановы Пілсудзкага яшчэ ў жніўні 1920-га была заключана дамова паміж Булак-Балаховічам і старшынёй Рускага палітычнага камітэта Барысам Савінкавым аб фарміраваньні збройных атрадаў дзеля сумеснай барадзьбы супраць Чырвонай арміі. Напрыканцы верасьня паўстанцкія атрады былі аб'яднаны ў «Рускую добраахвотніцкую армію» агульнай колькасьцю ў 20 тысячау чалавек. Па дамоўленасьці паміж Савінкавым, Булак-Балаховічам і польскім генштабам на сумесна вызваленай тэрыторыі мелася стварыць буржуазна-дэмакратычную рэспубліку на чале з Савінкавым — Саюз народау (фэдэрацый). Гэтую акцыю падтрымлівалі Англія і Францыя, якія з недаверам ставіліся да фэдэралісцкай «рэч-паспаліцкай» канцэпцыі Пілсудзкага.

Булак-Балаховіч, Пятлюра й Пярмыкін вырашылі весьці самастойную барадзьбу. 12 кастрычніка быў выпрацаваны сумесны плян ваенных дзеяньняў: Булак-Балаховіч павінен прарваць мяжу Оўруч - Мазыр - Жлобін ды ісьці на Бабруйск; Пярмыкін з Пятлюрай удараць на поўдні, каб пазьней злучыцца з генералам Врангелем.»

(З запісаў Алеся Ваяра)


Армія Булак-Балаховіча, штодня папаўняючыся рускімі белагвардзейцамі, ваеннапалоннымі чырвонаармейцамі, «зялёнымі», дызертырамі і — большасцю — мясцовымі сялянамі-беларусамі, збіралася ў нейтральнай зоне ў раёне Століна - Турава, штаб месціўся ў Кажан-Гарадку.

Туды і накіраваліся слуцкія пасланцы — Радаслаў Астроўскі, Юрка Лістапад, Алесь і «вызвалены» апошнімі палкоўнік Паўлоўскі (ягоны ад'ютант працягваў дзейнічаць на Случчыне), — паспрабаваць паразумецца.

Конна ехалі амаль паўдня. Натаміліся страшэнна. Калі дарога ўвяла ў лагчынку (вясной, па ўсім відно, тут збіралася вада, і мясціна ператварылася ва ўзбалотак), з кустоў алешніку раптам выкрыкнулі:

- Гэй! Фтаяць! Кім будзяце?!

У Алеся ёкнула пад сэрцам, нібы кіпенем плюхнулі ў грудзі… Хацеў жа вінтоўку ўзяць, усё б смялей пачуваўся, — ды Астроўскі забараніў.

А Паўлоўскі, прыўзняўшыся з сядла, спешна агледзеў парыжэлы алешнік, нібы выбіраючы, якому кусту адказаць, і гучна выпаліў:

- Шлындзікаў, тваю макаўку! Цябе як абзывацца вучылі?!

Пасля хвілі маўчання з алешніку выкаціўся цыбаты дзяцюк у доўгім шынялю, з шабляй на белай папрузе, і — бегма ў лагчынку. Выспружыніўся перад палкоўнікам, залепятаў:

- На зафтаве ніякіх паруфэнняў! Вы… гэта… прабачце, вафа благародзь… Не прызнаў, - і ўсміхнуўся бяззубым ротам.

- Добра-добра… Марш назад! — Паўлоўскі падпаліў папяросу, глыбока зацягнуўся, і чацвёрка рушыла далей.

Кажан-Гарадок, невялікае мястэчка, сустрэў ціха. Толькі зрэдку з ваколіцаў далятала ўтомнае сабачае перабрэхванне. Вулка, якой ехалі, была густа засыпана апалым лісцем, пераважна кляновым і вязавым. Нізкія драўляныя хаткі цесна ляпіліся адна да адной — як лодкі на невялікім прычале-ўзбярэжку жоўта-рудога лісцёвага возера…

Штаб-кватэра генерала Булак-Балаховіча месцілася ў такой жа драўлянай хаціне (толькі на дзве паловы). Шыхт вербаў аддзяляў двор ад невялікай бруднай сажалкі, за якой — праз метраў дзвесце — ліпнуў рэдкі ў сваёй восеньскай тузе лясок.

Пасланцы, прывязаўшы коней, расселіся на доўгай лаве пад вербамі. Паўлоўскі пайшоў у хату — з дакладам.

Вярнуўся хвілін праз дзесяць, бадзёры, нібыта й не было гэтага доўгага, амаль без перадыху, пераезду.

- Генерал вас прыме. Разам і падсілкуемся. Вас паклічуць. — Паўлоўскі пачухаў паголены раніцай падбародак, падміргнуў случакам і зноў падаўся ў хату.

Клікаць іх прыбег хлопец у грубым даматканым курціку, у заношанай зімовай шапцы.

- Бацька чакае… — і няўмела прыціснуў абшарпаны прыклад вінтоўкі да нагі. — Хадземце.

Не ўстаў, а ўскочыў — першым — Алесь: - Сцёпа!.. Ці ты?! — і ажно рот раскрыў.

А Сцёпа — старэйшышы Гаўрылевічаў — сполашна ўздрыгануўся, у вочы Алесю зазірнуў, Астроўскага й Лістапада падазрона агледзеў: - Я, як бачыш…

…Да пары да часу ціхмяна сядзелі Гаўрылевічы пры маці. З'абозілі палякі ў іх кабана, праўда, пазней маркі ўзамен выдалі — за што на рынку зерня прыкупілі.

«Мона жыць, — шамкала старая Гаўрылевічыха. — Што той парсюк… Вунь пярэсты з жыватом пакутаваў, апруцянеў — і ніхто й капейчыны не даў. А так — па-людзку… Бяды тае, што сабе гадавалі…»

А бальшавікі не праз паўмесяца і першацёлку іхнюю да воза прычапілі. І дулю з макам наўзамен… Паперчыну выпісалі, а з яе адной карысці, што за хлеў схадзіць… А да ўсяго і саміх братоў вербаваць у чырвонае войска пачалі. Загад, маўляў, такі… Гаўрылевічыха толькі малодшага і здолела адбараніць: хваравіты, ды і за маці старой догляд жа патрэбен. А вось Сцяпана браць мусілі. Тады толькі й клюнула яго бяда-гора. Склаў торбу — і збег ноччу з хаты. Кабыліцу, Алесем падораную, не забыў… Лес вялікі, і пад кустом да зімы цёпла, гэта ж не кулі ў лоб чакаць… Да ўсяго послух пайшоў, што палякі зноў чырвоных гоняць. А там — і закруцілася, і павяло: з «лесавікамі» стрэўся, жыткі вольна-хмельнай глытнуў — і да смаку прыйшлася, як у пельку ўсмактала. А чаму і не: гэта ж не гной кідаць і не нэндзы маткі старой выслухоўваць, з братам таўчыся. Захацелася чаго — толькі затворам лясні… І пітва, і харчу, а далей — і дзевак гвалтам паспрабаваў. А напрыканцы лета абклалі іхнюю хеўру, што ледзь не да Белавежы дайшла — і бальшавікі, і мужчыны, што ў міліцыю сабраліся. Разбягацца мусілі. І вось, урэшце, Сцёпа да Булак-Балаховіча прыбіўся, выслужваўся, пры штабе быў — што прынесці, знайсці, падаць…

Другая палова хаты, куды ўвайшлі, была чыста вымецена. На нізкіх падаконніках вазоны стаялі, вышытыя чырвоным па беламу невялікія фіранкі скразняком на вуліцу выпіхнула — адно акно аткрытым было. Каля печы — аграменная канапа, абцягнутая чорнай скурай — «бацька» ледзь не з-пад Брэста вёз яе за сабой. На канапе скамечаная мапа. Пасярод пакоя — стол просты, ахінуты няроўна абрусам. Хлеб, вараная бульба, сала, кілбаса, цыбуліны, гляк малака, бутэлька трохкутная скраю, чаркі. Пад абразамі — зброя згрувашчана…

- Дык, кажуць, слуцакі мяне просяць… — хітравата агледзеў — ужо як селі за стол — гасцей «бацька»-генерал, маладжавы, невялікага росту, чарнява-попельныя валасы ажно ільсніліся ад нядаўняй укладкі (вадой, пэўна, змочаныя). Ап'янелым Алесю чамусь здаўся, хоць усе толькі ледзь прыгубілі з налітага.

- Пан генерал, — Астроўскі адклаў відэлец, нагу на нагу закінуў, Балаховічу ў вочы ўпіўся: — Дазволь напачатку агулам пра ўсё… Наша Случчына, як далёка вядома, — жытніца ўсяе губерніі Менскай, цяпер паралізавана. Чырвоная армія адступіла, польская ўвайшла… А тут гэтая дамова ад 12 кастрычніка… Слуцак наш абязлюдзеў, няпэўнасць адна… Рассекчы ўсе праблемы ймкнецца Нацкамітэт Случчыны. Ды, самі разумееце, у ізаляцыі з'арыентавацца цяжка. Таму… — Астроўскі азірнуўся на Юрку і Алеся, крыху зніякавеў — ці не гаворыць лішняга, і працягнуў відавочна «закругляючыся»: — …таму і выправілі нашага старшыню Нацкама ў Вільню і Варшаву па інфармацыю, а нас вось — балазе якраз палкоўніка Паўлоўскага стрэлі (і кашлянуў, убачыўшы, як бровы Балаховіча ўзняліся — пэўна ж, ужо ведаў пра «геройства» свайго пасланца)… Нас, значыць, да вас на перамовы адкамандзіравалі…

- Так-так, — Балаховіч ускочыў і зноў сеў. — Так…

- Нацкамітэт, — казаў Астроўскі, - адчувае, прызнаемся, ціск паланафілаў і антыбальшавікоў. Многія гатовы нават узначаліць збройную абарону Случчыны і спасылаюцца на неафіцыйныя запэўніванні польскіх уладаў пра дапамогу зброяй… Нацкамітэт рыхтуе дэкларацыі…

- Польскае камандаванне абяцае застацца на Случчыне пакуль не арганізуецца там свая нацыянальная ўлада, — дадаў Лістапад і зірнуў на Астроўскага. Той выцягнуў з кішэні газэту і разгарнуў: — Вось тут… — пастукаў даланёй па калонках тэксту, — надрукавана Рыжская дамова… Згодна з першым пунктам яе абодва бакі прызналі прынцып самавызначэння і незалежнасці Украіны і Беларусі. Адстаяць яго — вось наша галоўная мэта.

Балаховіч зноў устаў, уздыхнуў:

- А вы часам не былі настаўнікам? — і карычнева-шэрыя зрэнкі яго бліснулі.

- Да апошняга часу быў дырэктарам Слуцкай гімназіі… - Астроўскі здзівіўся нечаканаму пытанню.

- Я ж бачу… Бы лекцыю чытаеце… Ну добра, добра. Канешне, беларусы павінны кіраваць у сваім доме. І каб сталася так, маё войска не шкадуе ні сілаў, ні крыві… Хутка мы рушым уверх па Прыпяці. На Мазыр і Тураў. Калі слуцакі падтрымліваюць мяне — разам біцца будзем. Нашым і Слуцак стане. А там, — Балаховіч адышоў да акна, прыгладзіў даланёй і без таго добрапрычасаныя валасы, — а там і да Менску недалёка! Зрэшты, якія вашыя сілы?

- Арганізавана ўзброеная міліцыя… Яе ўзначаліў штабс-капітан Мацэля. Да слова, ён і данёс першым інфармацыю пра вашу армію. Сам генерал, казаў, беларус, і дамагаецца зямлі і волі беларусам…

- Правільна казаў. — Балаховіч зноў сядзеў насупраць гасцей і піў малако.

- Па некаторых валасцях пачалі ўжо фармаваць вайсковыя атрады. А хутка збярэцца з'езд Случчыны, і калі вы падтрымліваеце незалежніцкія памкненні нашага павету, які фактычна апынуўся ў ізаляцыі, мы дэлегаваны запрасіць на гэты з'езд і вашых прадстаўнікоў.

- Згода! Там і згарманізуем нашы дзеянні… - Балаховіч хацеў яшчэ штось сказаць, ды дзверы — шырокія, вясковыя — расчыніліся, у пакой зайшоў рослы мужчына ў цывільным.

- Станіслаў Нікадзімыч, са мной да вас ангельская місія! Толькі-толькі прыехалі, - выпаліў хутка і агледзеў гасцей.

- Добра, — Балаховіч устаў, за ім — і ўсе астатнія. — Знаёмцеся: Павел Аляксюк (і паказаў на зайшлу), старшыня Беларускага камітэта ў Варшаве… А гэта госці са Слуцку…

Вось дзе пабачыў Алексюка Алесь! Чуў многа пра яго яшчэ ў Менску, ад Гаруна. Сам з Гародні. Закончыў нават у Пецярбурзе юрыдычны факультэт. Актыўна ўдзельнічаў у пецярбургскім беларускім студэнцкім руху. У былым — карэспандэнт «Нашай Нівы». Адзін з актывістаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Уваходзіў у склад народнага сакратарыяту БНР. А калі 22 кастрычніка 1919-га Пілсудскі сваім дэкрэтам дазволіў арганізаваць беларускае нацыянальнае войска і стварыць Беларускую Вайсковую Камісію, стаў Аляксюк яе старшынёй. У снежні БВК перабралася з Вільні ў Менск, дзе заняла цэлы гатэль «Гарні». Заступнікам Алексюка тады Гаруна — як той не адмаўляўся, скардзячыся на здароўе — абралі. А межы БВК Алексюку ўраз малымі падаліся — выехаў у Варшаву «палітыку рабіць». І ўсю працу Камісіі вымушаны быў Гарун на свае плечы ўзваліць і нервы не шкадаваць (вербунковых агентаў БВК часта арыштоўвалі ў паветах, ахвотнікаў запісацца ў сваё войска палякі, здаралася, не прапускалі ў Менск). Таму калі аднойчы напачатку лета Аляксюк з'явіўся ў Менску, БВК на сваім паседжанні яму выказала недавер. Хоць і няпроста было (ён жа самім Пілсудскім прызначаны), на ягонае месца Францішка Умястоўскага ўзаконілі (адзін з былых рэдактароў першай беларускай газэты «Наша Доля»), а той, хоць і згоду даў, не прыехаў у Менск. І давялося далей у БВК старшыняваць Алесю Гаруну… Яшчэ казалі, што напартачыў Аляксюк, патраціў давераныя яму грошы БВК і змушаны быў выйсці з яе.

Словам, не лепшыя згадкі хадзілі пра Алексюка ў Менску…

- Што ж, завіце місію… — і зноў Балаховіч бліснуў вачыма. А Астроўскі, Алесь і Лістапад зразумелі, што ім трэба вызваляць генеральскія «апартаменты», хоць яшчэ амаль нічога не ўкусілі з пачастунку.

- Панове, вы ж не збягайце! Вечарам прашу ўсіх да сябе…

У сенцах сустрэлі «місію» — капітана авіяцыі Сіднэя Рэйлі і карэспандэнта газэты «Таймс» Поля Дзьюкса.

- Извините, господа, сами поннмаете — военное время… Так пока жить приходится… — выстрэньчваў перад імі Аляксюк…


Вечарам да генеральскага стала прыставілі яшчэ адзін, неразборліва закідалі ежай. І ў кампаніі паболела: побач з Алексюком сядзеў капітан Антон Самусевіч, «бацькаў» любімец.

- …Я ж ім кажу… Нават калі адмовіцеся ад дапамогі мне, не прызнаеце, як палякі хацелі… і без вас адлуп бальшавікам дам! Ангельцы і вочы выкацілі: не-не, і зброя, і амуніцыя ў выпадку згоды будзе… Хм, у выпадку згоды… — Балаховіч скрывіўся, ад яго добра патыхала выпітым.

- Замежнікі гэтыя чортавы ніколі так вось, як слуцакі, скажам, не прыйдуць і не скажуць «Давай ваяваць разам!» Усё ў іх пасля згоды…

- Мы, пан генерал, крыху не дагаварылі. Ды і так адразу ж… Мы ж не паўнамоцны дамаўляцца… Каб не палкоўнік Паўлоўскі… - Астроўскаму цяжка даваліся словы.

- Вось-вось! І свае адступ даюць… — Балаховіч усміхнуўся. А потым застыў: — Пра Паўлоўскага мне — не згадваць! Нюньцяя гэтага я выганю! - І наліў усім. — Давай за нашу волю!

Выпілі. І Алесь адчуў разняволенасць.

- Цяпер, пан генерал, у нас, можна сказаць, неафіцыйная сустрэча… — ён смела зірнуў на Балаховіча. — І карціць, адкінуўшы дыпламатыю, выказаць і тое, што… на сэрцы. — Алесь заўважыў, як генерал зморшчыўся, ажно закусваць перастаў, і — пакуль сам не астыў — апаліў: — Ваша з Савінкавым ідэя стварэння саюза народаў — гэта ж спроба аднаўлення «единой и неделимой» Расеі. Гэта і непакоіць усіх, хто за вольную Беларусь, — за якую, зрэшты, мы і выпілі зараз… — Алесь скончыў, падумаўшы яшчэ: «Як не ўспрыме гэта «бацька», але добра, што высмеліў выказаць перад ім гэта…»

А Балаховіч задумна ўстаў, абышоў вакол сталоў — і да Алеся. Рукі на плечы яму паклаў, трасянуў злёгку — і ўсміхнуўся, ажно вусны ўздрыгануліся:

- А малайцом! Маўчаў-маўчаў — ды і ляснуў… Люблю такое — прама ў вочы! А то разводзяць тут дыплама-атыю… — Балаховіч зноў наліў усім — і да Алеся: — Твой тост!

- За доўгае жыццё незалежнай Беларусі, каб заціхлі хутчэй гарматы і толькі песні нашы гучалі…

Выпілі.

- Ну вось, хоць адзін лірыкі дадаў! — абазваўся капітан Самусевіч.

- А ён жа і ёсць найперш лірык — паэт ён наш, — Астроўскі быў задаволены сваім колішнім гімназістам.

Балаховіч не прыкусваў, і яго адолела хмельная шчырасць:

- Добра гэта… Ото ж як добра! А мне, думаеце, шалёнства гэтае да сэрца? Ха! Ды не веру я ні Савінкаву, ні Рэйлю… У адно веру, — голас генерала загучаў цвёрда, упэўнена, — успыхне падчас майго наступу на Беларусі паўстанне! Не можа спаць народ! Мы створым сваю беларускую дзяржаву. Літву цэнтральную і ўсходнюю аб'яднаем… А там — жыве Вялікае княства вольнае! — Балаховіч падчапіў агурок, але, не адкусіўшы, адклаў. — Думаеце, сілы няма ў мяне? Ха! Тры пяхотныя дывізіі[8], сялянская брыгада пяхоты Іскры Лахвіцкага, Мадацьянаўскі кавалерыйскі туземны полк, полк данскіх казакоў палкоўніка Духапельнікава… Мала?! Мая асабістая сотня! Дзве батарэі! Бронецягнік! - і, адкінуўшы відэлец, вымавіў цяжка, шэптам: — Авіяэскадрылля… — потым, памаўчаўшы, цмокнуў: — Вось каб да ўсяго дзве дывізіі кавалерыі… - І нечакана бухнуў: — Капітан Самусевіч! Прызначаю цябе адказным за яе стварэнне… Заместа палкоўніка Паўлоўскага!

Не падлічыў тым вечарам уласных сілаў генерал, выпіў крышку лішняга, захмялеў… Пра подзвігі свае доўга расказваў: як браў Юдзеніча, а потым, збіўшыся, пра смерць дзядзькі свайго ў 1905-ым… Стрыечныя дзядзькавы браты належалі да рэвалюцыйнай партыі. І аднойчы — вобыск на іхняй кватэры ў Рызе… Нічога не знайшоўшы, расійскі афіцэр пачаў збіваць іх, патрабуючы паказанняў. А Ян, старэйшы брат, пісталет выхапіў — і прыстрэліў крыўдзіцеля. Схапілі праз колькі дзён усіх, да вісельні прысудзілі. Дзядзька Людвік — бедны шляхціч (як і Балаховічаў бацька, які кухарам працаваў) — на апошняе спатканне з сынамі напрасіўся. Пацалаваў абодвух і, крыкнуўшы варце «Маё жыццё за іхняе бярыце!» — упаў мёртвым… А братоў тады на катаргу ў Сыбір звезлі. І яшчэ расказаў, як тры гады адзін графскай гаспадаркай кіраваў — граф Плятэр (у яго Балаховіч за ўпраўляючага быў) збег падчас першай рэвалюцыі за мяжу. А напрыканцы на Алеся ўзырыўся, галавой пахітаў:

- Піць болей забараняю! А вось вы… чэсна мне скажыце… — гэта ўжо да Алеся і Юркі, - калі б мяне паланілі, ці вызвалілі б, як гэтага Паўлоўскага? — І, рукой матнуўшы, змоўк. Потым, калі развітвацца ўсе пачалі, ўладна, марудна вымавіў: - Хачу, каб хлопцы сёння ў маёй хаце спалі.

Ды ледзь не ўсю ноч яны і вачэй не звялі. Балаховіч ацверазеў раптам, ашаломіў: - І я ж вершы пішу! — і запеўна-манатонна прачытаў некалькі радкоў, а тады: - Знаеце, хлопцы… Заставайцеся ў маім войску! Я вам пасады добрыя падшукаю. А?..

Яны ж адразу і сказаць нічога не здолелі. Першым Алесь выціснуць штось паспрабаваў — і, як падумаў, зусім не да месца:

- Пан генерал, вяселле ў мяне вось-вось… Крыху пазней можа…

- А што вяселле! Ты не бачыў, якія ў нас вяселлі робяцца! Хоць, — Балаховіч крутнуўся, лёг на канапе — прыемна абазвалася скураная аббіўка (хлопцам жа прынеслі сяннікі), — Вялікая гэта справа — жаніцьба… Я ж сам трох жонак меў. Так-так! У 1905-м з дачкою аднаго доктара пабраўся. За сем гадоў дачку і двух сыноў нажыў. Затым з баранэсай Гертай фон Герхард, — імя гэтае з іроніяй вымавіў, - і яшчэ дзвюх дачок займеў. Малымі такімі пацешнымі былі! Трэцяя жонка яшчэ дзвюмя адарыла. Так што, браце, ёсць у каго павучыцца, — і зноў крутнуўся на канапе.

І тады хлопцы зусім высмеліліся. Штось яшчэ жыццёвае генералу распавялі, пасля чаго Юрка і агаломшыў:

- А што ў вас з бальшавікамі было? Рознае, ведаеце, плятуць…

- Ты пра Троцкага мо? — наструніўся Балаховіч, далоні пад галаву падклаў, памаўчаўшы, выдыхнуў: — Бальшавікі! Мужа сястры маёй Паўліны — у Свянцянах жыла — замардавалі! Рудзінскі, муж другой сястры, Веранікі, ад тыфусу памёр — у іхнім палоне. І Людвічынага ў Тыфлісе — ён грузінскім афіцэрам быў — расстралялі разам з сынам адзіным… І Стэфанідзінага першага мужа, аўстрыйца, у Бутырцы забілі… Брат мой Мячыслаў і я помсцім. Помсцім! Ён на Далёкім Усходзе антыбальшавіцкія атрады ўзначальвае… — Балаховіч узняўся, да стала сеў, наліў сабе поўную чарку сівухі. Адным глыкам асушыў. — А маці!.. — валасы ўзварушыў, закрыў далонню вочы. Працягваў ледзь чутна шэптам: — Маці на допыце ў ЧК летась памерла… На яе вачах чэкісты зяця катавалі…. - І ўзарваўся: — А поскудзі мне Троцкім тыцкаюць! Па адмысловым дазволе старшыні рэўваенсавета Бранштэйна-Троцкага, я свой полк фарміраваў. Свой! І ніводнага, ніводнага партработніка ў яго не дапусціў! А 7 лістапада з палком да белых перайшоў! Помсціў і буду помсціць! — лёг на канапу, да сценкі адвярнуўся — і ні слова больш, здалося, закрыўдаваў нават на гасцей сваіх: бач ты, прыняў лепш, чымся ангельцаў, а яны душу вярэдзяць! Хоць, канечне, змаўчаў генерал пра тое, як некалькі антысавецкіх сялянскіх бунтаў шаблямі ўціхамірыў…

«Хто яго ведае? Можа, і напраўду баліць душа яму за Беларусь? — падумалася Алесю. — Вось жа й з Езавітавым змог год таму паразумецца…»

А Кастуся Езавітава Алесь паважаў моцна — і як вайскоўца, і як паэта, і — урэшце — беларуса ўзорнага. Пры ягонай апецы хутка сфармаваўся Гарадзенскі беларускі полк, і камендатура беларуская з батальёнам жаўнераў, і кавалерыйская частка. Напрыканцы 1919 года з ініцыятывы Езавітава ў Коўне фармаваць сталі конніцу й артылерыйскі аддзел. Бачыць Езавітава, праўда, Алесю не выпадала пакуль, акром хіба толькі на фотаздымку. Але й цяпер усплывалі на памяць яго мяккі твар, матыльком змуленыя далікатныя вусны… А вось верх твару — нос, вочы, лоб — грозным падаўся… Светлыя ўроскід бровы, коратка й строга падстрыжаны… Канечне ж, у форме вайсковай, беларускай: круглая «канфедэратка» з белым паскам паверсе, з чэшкай «Пагоні», шынелька тонкага крою, на сходах каўняра — зіхоткія металёвыя трохкутнікі… Цвёрда падперазаны папругай…

І не толькі свае, але й замежныя лідэры верылі Езавітаву і імкнуліся весці справу з ім.

Тады ж да Езавітава і Булак-Балаховіч прымкнуў. Дачуўся, што палкоўнік ачольваў вайскова-дыпламатычную місію БНР у Латвіі і Эстоніі — і заяву перадаў.

Балаховічу даручаць невялікі ўчастак фронту. А тут — раскол Рады БНР, 2 лютага 1920-га Эстонія заключае мір з Савецкай Расіяй і мусіць распусціць усе антысавецкія фарміраванні, сярод іх — і атрад Балаховіча. Грошай не было, і тады «бацька» вырашае ехаць на Беларусь і ўжо там прыняць рашэнне… У Брэсце балахоўцы былі перафарміраваны ў аператыўную дывізію Палескай групы польскіх войскаў. А затым пачаліся і гульні з Савінкавым…

Толькі пад раніцу і прыснулі ўсе на нейкую гадзіну… А там да генерала пастукаў ад'ютант, і госці мусілі ўставаць.

На вуліцы — хмурна, слотна. Каля студні сустрэлі Сцяпана Гаўрылевіча. Кепска таму з учарашняга, азызлы ўвесь, пакамечаны пасля п'янкі.

- Вось жытка яка… Бач, дзе стрэліся, — і вочы ўсё адводзіў.

Зарана і назад выбірацца сталі. Балаховіч — зноў паважны, упэўнены. З Астроўскім аб нечым дагаворвалі (Алесь з Юркам не чулі іх, з коньмі каля варот стаялі). І тут Сцяпан прыцопаў, носам шморгнуў, крактануў:

- Ты, гэта… матцы перадай, што ў мяне ўсё добра. Хай не турбуецца… — І пайшоў, не развітаўшыся.

А за Кажан-Гарадок выехалі — дождж лінуў, нудны, халодны. Курцік Алесеў, перашыты яшчэ ў Менску з купленага на кірмашы афіцэрскага шынэлька, доўга вільгаці супраціўляўся, ды ўсё ж — дзесьці на паўдарозе — прамакаць пачаў. Здавалася, што нават праз скуру стыча восеньская прабіралася. Заехаць бы ў хату якую пагрэцца, ды вырашылі нідзе не супыняцца па дарозе… Балазе, дождж усё ж перарваўся. А далягляд хмарамі яшчэ больш зацягнула, бруднавата-шэры туман на ўзлескі ўспоўз. Як толькі не зблудзілі?..

А пасля на тыдзень скарыла Алеся хвароба. Вылежваўся дома, газэты з горада — ад «папараць-кветкаўцаў» — бацьку прыносіць прасіў.

«Беларускае слова» цалкам прачытваў. Ды і як не прачытваць — хоць бы той дзевятнаццаты нумар за 26 кастрычніка:

«…Мы з вялікай ахвотай падтрымаем Балаховіча, калі ён будзе стаяць за лозунгі незалежнасьці і непадзельнасьці Беларусі і разам з беларускім урадам будуць будаваць дзяржаву».

Артыкул крыптонімам «К. Ц». падпісаны быў, вось «К. Ц.» (Кузьма Цярэшчанка, пра гэта Алесь яшчэ з Менску знаў) слушна адзначаў у ім, што пасля таго, як Балаховіч звязаў сваё імя з Савінкавым і «іншымі непрымальнымі асобамі», ён страціў увесь давер да сябе. Непрымальнай лічыў Цярэшчанка і ягоную палітычную згоду на федэрацыю Беларусі з Польшчай.

А праз колькі нумароў тая ж газэта змясціла копіі дасланых Балаховічам і Савінкавым тэлеграмаў Пілсудскаму і Врангелю — з паведамленнем, што «Расійская Добраахвотніцкая Армія, якая вядзе барацьбу з бальшавікамі за вольнасьць усіх народаў і мір усяго сьвету, прайшла польскую дэмаркацыйную лінію й ідзе наперад вызваляць незалежную Беларусь», а таксама надрукавала тэлеграму Алексюка (cябры «Беларускага Палітычнага Камітэта») з віншаваннем да Балаховіча.

Зашчымела тады Алесю, помніцца, пад сэрцам. Гарун згадаўся, хворы, нямоглы, твар састарэлы, вочы стомленыя, выцвілыя нават… А тут газэта загалоўкам упівалася — «Ген. Балаховіч пачаў вайну за незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі». Скамячыў яе, на падлогу шпурнуў… У акне — хмары адна на адну налазяць, дождж па шыбах сячэ…

А газэты як згаварыліся. І ў свежым нумары «Беларускага слова» — вось, калі ласка, — «Балаховіч і Беларусь», на паўстаронкі. Ды, трэба сказаць, слушна ўсё ў артыкуле тым было: і пра многія ўчынкі легендарнага ўжо генерала, і пра паходжанне ягонае беларускае, і пра арганізатарскія здольнасці «дэмакрата ў душы, які й паплечнікаў сабе падбіраў падобных».

«Ды чаму ўсё ж Балаховіч ідзе з Беларускім Палітычным Камітэтам, а не з беларускім урадам БНР з Ластоўскім на чале?» — правільна дзівіўся аўтар.

Быў момант — і пра гэта ведаў Алесь, — калі Балаховіч прапанаваў сваю дапамогу ўраду Ластоўскага — яшчэ летась, пасля разгрому Юдзеніча. Так і не дамовіліся — а ўжо з лета гэтага года адносіны Ластоўскага да Балаховіча сталі выразна адмоўнымі…

І цяпер вось — хоць афіцыйныя паведамленні беларускага ўрада сталі гаварыць аб тым, што нацыянальныя арганізацыі не нясуць адказнасці за акцыі Балаховіча, які зсябраваўся з Савінкавым (не кожны свядомы беларус пагодзіцца на вырашэнне лёсу Беларусі «Российским Учредительным Собранием»), — некаторыя хацелі зрабіць з Балаховіча нацыянальнага героя, збаўцу ад камуна-бальшавізму, змагара за БНР.

Але ж адыёзных фігураў Савінкава ды Алексюка не схаваеш! І сувязі ў іх былі не выпадковыя. Апошні — сам жа на свае вочы бачыў! — ужо «місіі» ангельскія да генерала водзіць!

На газэтны подпіс зірнуў — і зноў неспадзеўка! «Сымон Р. М.» Так Рак-Міхайлоўскі падпісваўся! Не знік Сымон Аляксандравіч, першы менскі «куратар» ягоны. Толькі дзе ён зараз? Казаў, што з Менску разам з сям'ёю з'едзе… (Не ведаў, не мог тады яшчэ ведаць, што Рак-Міхайлоўскі, добры дзядзька Сымон — заўсёды акуратны, чыста выгалены, прычасаны заўсёды роўненька, увесь час у кашулі накрухмаленай, белай, гальштукі мяняць любіў — гэты дзядзька з Максімаўкі (пад Радашковічамі), добры, як выявілася, знаёмец Астроўскага, пераедзе спачатку ў Ваўкавыск, затым перабярэцца ў Гародню. У той кароткі адрэзак савецкай улады папрацуе школьным інструктарам народнай адукацыі, арганізоўвацьме школы ў Гарадзенскім павеце. А калі Гародню зноў адваююць палякі, стане сакратаром вось гэтай газэты «Беларускае слова», якая ўжо тройчы канфіскоўвалася палякамі. Выехаць у Вільню адразу не зможа — моцна пахварэюць на дызентэрыю дзеці. А праз некаторы час адродзіць Рак-Міхайлоўскі з Тарашкевічам у Вільні Беларускі нацыянальны камітэт і Таварыства беларускай школы ды, па прапанове таго ж Тарашкевіча, арганізуе ў Барунах, што на Ашмяншчыне, Беларускую настаўніцкую семінарыю і стане яе дырэктарам — так збудзецца ягоная даўняя мара самому навучыць хоць колькі беларусаў…)

У тым жа нумары «Беларускага слова» хтось бараніў Балаховіча, адводзячы абвінавачванні ў габрэйскіх пагромах. Вось так: і баяліся мяцежнага генерала, і спадзеўкі свае на яго ўскладвалі, і адмяжоўваліся, і фліртавалі з ім. А некаторыя нават верылі, што ў гэтае ліхалецце толькі апантаны «бацька» і можа выратаваць народ.

І Алесь зноў прыгадаў Гаруна — ужо моцнага, жвавага, у заліхвацкім напаўвайсковым фрэнчыку… І сорамна зрабілася — за абыякавасць сваю, нерашучасць, слабасць нават. Чаму нічога ў вочы тады Алексюку не выказаў? Чаму пра Гаруна ў хаце той не ўзгадаў?! Аляксюк жа да ўсяго ў першым нумары Гаруновага «Беларускага Шляху» рэдактарам-выдаўцом значыўся, і сябраваў напачатку нават… А цяпер грашавіты Савінкаў з расейска-імперскімі дурыкамі бліжэйшым стаў?!.

А тут яшчэ гэты бясконцы дождж, шэрань, хмурнасць у шыбе…

* * *

У Чырвоным касцёле зазванілі, і Алесь Хведаравіч знячэўку нават напалохаўся. Неўразумела навокал — як пасля сну — агледзеўся. Ні хмарнасці, ні надакучлівага ўсыпляльнага дажджу…

Касцёльныя крыжы пастарэлае і стомленае за лета сонца чысціць - нават вочы прымружыў ад нечаканай зіхатлівасці.

Доўга ўзіраўся на спешкія машыны, на людзей, што выходзілі з тралейбуса (побач быў прыпынак). З падземнага пераходу выпырхнула чародка хлапчукоў, застракаталі па-руску, — толькі нязвыклыя ўжо мацюкі па вушах разанулі.

— Ни стыда ни совести! А вот в наше время… - завохкала побач бабуля з даверху напакаваным цэлафанавым кулем, узросту, пэўна, ягонага ж.

Ён зайшоў у касцёл, памаліўся — за бацькоў, дзеда, знаёмых сваіх. Золатам пераліваліся ў мігценнях свечак іконы. На рамцы аднаго абраза - пярэвітак пазалочаных дубовых лісцікаў, драўляныя жалуды ў золаце… Мяккія светацені па абразе прабеглі — і нібыта ажылі жалуды, дубовыя лісты ўзварухнуліся… І ўзгадалася, што такія рамкі-аклады рабіў слуцкі іканапісец Вярхоўскі. Яшчэ гімназістам ведала яго Ева Манюшка, у дзявоцтве Вайніловіч, — і калі праўнук ейны Эдвард Вайніловіч храм у Менску ўзводзіць рашыўся, на Вярхоўскага, на той час ужо вядомага іканапісца і паказала..


Доўгі час, пакуль не ўсчалася вайна, Вярхоўскі і жыў у Слуцку ў доме Вайніловіча. Туды аднаго разу і завіталі да старца Ігнатоўскі з Алесем. Сівы, як лунь, але йшчэ ўвішны, Вярхоўскі ўзрадаваўся, што некаму ў такі час цікава пра мінулае пачуць. Калі расказваў, бараду ўсёчасна тузаў, а задумваўся, прыпамінаючы што-кольвек — на высокім ілбе, над пераноссем, уверх глыбокая маршчына-баразёнка ўздымалася…

- У гімназію я паступіў у 1836 року. Вакацыі ўсе разам з таварышам гімназічным Корсакам Эдмундам праводзіў у Міцэвічах, неўздалёк ад Старобіна слуцкага. Бабця Эдмунда там жыла — Ева Манюшка з Вайніловічаў. Там, у Міцэвічах, я йшчэ са Станіславам Манюшкам пазнаўся, слынным маэстрам. На той час ён яшчэ проста Стасем быў, музыкай не займаўся, усё камедыі пісаў, якія разам і йгралі. — Вярховіч гаварыў павольна, але без вялікіх пярэрваў. І голас роўны, мяккі. У ім прабіваўся лёгкі польскі акцэнт. Здавалася, расповед свой ён напамяць ведаў, як верш які: — Маці ж Станіслава Манюшкі, пані Эльжбэта з Маджарскіх, паходзіла з радзіны, якой належала знакамітая слуцкая фабрыка паясоў, слуцкая Пярсярня… А з Манюшкам мы йшчэ ракаў ды ўюноў разам лавілі!..

- А гімназія, у якой вы вучыліся, — ці не сённяшняя слуцкая гімназія? — загарэўся Алесь.

- Яна самая. Як цікавішся, раскажу. На колішняй Сенатарскай быў раней калегіюм езуітаў, а з 1630 року — кальвінская школа. Шэсць клясаў мела. У апошняй, апроч звычайных прадметаў, статыстыку выкладалі, эканомію палітычную і цывільнае права. Перада мною школу тую ў гімназію ператварылі. Малым быў, а добра помню закладзіны новага гімназічнага падмурку — тога, у якім сёння і ты вось рэпу навукі грызеш… (Алесь хацеў тады дасказаць, што закончыў ён ужо гімназію, ды перапыняць старца не асмеліўся.) Люду шмат з'ехалася. І маршалак Адам Непакойчыцкі быў… У горад кальвіны на сінод з'ехаліся. Набажэнства ў касцёле бернардынцаў было, а ўадначас і ў старым зборы — для кальвінаў. Пасля ж, перад закладам першага каменя, прамовы рабілі ксёндз Леапольд Ваноўскі і маршалак Непакойчыцкі. А пан Абалевіч, настаўнік, харошы верш, што сам склаў, прадэклямаваў… А настаўнікі добрыя ў гімназіі былі. Абалевіч літаратуры вучыў, Сеўрук матэматыцы. Браты Ваноўскія таксама выкладалі. Ксёндз Леапольд, старэйшы з іх, прэфэктам гімназіі быў, ксёндз Канстантый лаціне вучыў, малодшы, ксёндз Фэліцыян, мове грэцкай. Жылі яны ўсе разам на калегіяльным дзядзінцы… — Вярхоўскі пракульгаў да акна і ўжо адтуль працягваў: — Было, сінод кальвінскі з падтрымкі Радзівілаў не скупіўся дзеля выхаванцаў сваіх. Па сканчэнні гімназічных навук раней іх у замежныя універсытэты накіроўвалі. Кожнаму па сто дукатаў выдавалі на так званую перагрынацыю — каб курсы і казанні знакамітых вучоных слухаць маглі па ўсім свеце. Па звароце студэнты тыя, калі хацелі, ардынаваліся на пастыраў альбо свецкімі настаўнікамі станавіліся…


Першым настаўнікам быў многім слуцакам і сам старац Вярхоўскі, зіхоткі аклад якога на абразе ў Чырвоным касцёле і запаліў у Алесю Хведаравічу гэтыя згадкі. Падобным старцам пачуваўся ў сваіх гадах сам ён зараз — чалавекам з іншага, далёкага і чужога веку. Яму, як і старцу-іканапісцу калісь, як па пісанаму — і даты, і прозвішчы з імёнамі самохаць прыходзілі. А сам толькі дзівіцца не пераставаў: раней жа нават тое, што ўчора рабіў, забываў…

Старац Вярхоўскі працаваў у стьлі яшчэ добрага і прызабытага ХІХ стагоддзя — «на оптыку малёванэ» (Алесю Хведаравічу ўзгадаўся напачатку польскі тэрмін), стыл прасторавага, ілюзіяністычнага роспісу. Ягоныя аклады абразоў і фрэскі, здавалася, прыручалі прастору, злучалі рэальнае з люзорным, — спынялі час. І Алесь Хведаравіч зараз пачаў адчуваць гэта на сабе, бо ледзь не фізічна бачыў, як час спыніўся ў ім і на ім — нібы ў той фрэсцы Вярхоўскага..


Неўздалёк ад касцёла заўважыў газэтны кіёск. Патупаў да яго, агледзеў стосы перыёдыкі.

- Скажыце, — ціха мовіў, - а беларускія ёсць у вас?

- А у нас почти все белорусские… — голас з акенца.

- Не… Калі ласка беларускамоўныя.

- А-а! Вот, «ЛіМ» сегодня вышел. Один номер остался…

- Добра раскупляюць?

- Нет, мало поступает.

На ранейшае месца не пайшоў, падаўся ўглыб скверыку, у зацішак (пачаў налятаць халодны вецер). Лаўку адшукаў каля фантана з грацыёзнай скульптурай дзяўчыны, якая ўскладвала на ваду сплецены венчык. Прынамсі, так уявілася, бо фантан не дзейнічаў ужо, і вады ніякай не было…

Пачытаў газэту — і нечакана адчуў, што слабее… Падняўся праз сілу, а зямля пад ім паплыла (здалося нават, што скульптурная дзяўчына да яго нахілілася). І раптам — ажно вочы апякло! — неонавы надпіс-назва блізкай рэстарацыі: «Папараць-Кветка»…


Трэба паклапаціцца пра начоўку, і ён зноў вышкрабся — як у паўсне — на праспект Скарыны.

Аднапакаёвы нумар у гасцініцы «Мінск» (балазе, побач аказалася) адразу ж узяў. Вячэру ў пакой прынесці папрасіў — і ў ложак лёг, праз сілу распрануўся нават. І пашкадаваў: а што, калі заўтра сілаў уздзябурыць адзенне не хопіць? Што ж тады? Ногі як здранцвелі, сэрца, як голуб паштарскі ў клетцы, мітусілася-тахкацела Перад адплюшчанымі вачыма чырвона-жоўтыя кругі паплылі… І зашчымела, напялася штось у грудзях (пашкадаваў моцна, што нітрагліцэрын з кішэні пінжака не дастаў адразу — паспрабуй цяпер дацягніся).

Як з болю ў сон праваліўся, не памятаў. Глядзеў неўразумела на Чырвоны касцёл… Ноч, а вакол хоць іголкі збірай. І неба над ім белае, малочнае нават. Вежа касцёльная нашмат большай стала Зверху выгляд… так-так! Купалаву хату над Свіслаччу нагадвала! Вокны толькі чамусь без фіранак… і сцены (праз шкло відно) хтось белым афарбаваў. Дзверы самі адчыніліся — а ветру ні каліва..

Заходзь. Ці дарогу забыў? — гэта яго, дзядзькі Янкі, голас.

Хата без мэблі, толькі стул, на якім Купала сядзеў.

Павіталіся, і Купала зноў спытаў:

- Ну, як там за гэтымі сценамі, раскажы.

І тады Алесь (зноў дваццацігадовым) у акно з хаты зазірнуў: а там як снегам усё накрыта, бела, аж вачам балюча.

- Прыехаў, вось…

- Ды я і сам бачу… Няскладна ўсё ж атрымалася… — Купала таксама да акна падышоў. — Не дабраўся тады я да вас, не дабраўся… А як добра было б! Га?! Як лёс, разам прыехалі б вось… Як не — памянуў бы ў сваёй пушчы… — памаўчаў, уздыхнуў болесна: — Колькі ж і кветак, і папаратнікаў звялося… Што маўчыш, Алесю?

Думаў, што гэта да яго, Алеся, а тут другі да шчымлівасці знаёмы голас адказваць пачаў:

- Калі зацвісці паспелі — то ўжо не дарэмна. А без цвету — і такіх жа многа было і ёсць — кветкай не станеш…

І як ён гэта не заўважыў: у пакоі, акром іх, быў Гарун!

- Дзядзька Алесь!.. Вы… Як грудзі вашы?

Усміхнуўся Гарун, галавой — сівой чамусь — пахітаў:

- Эх, голубе-голубе…

- А што стаімо? Сядайце. Ногі ж не казённыя, — Купала на ложак рукой паказаў (і яго не было ж напачатку) — рыхтык як некалі ў Балаховіча Алесь бачыў, - і ў Алеся раптам ногі так замлелі, так сесці захацелася: шчэ хвіля — і вобзем бразнецца. Крануўся да ложка, а падлога з-пад ног паехала, стомна гойднуўся, як паплыў куды, і толькі галасы — тыя ж — над сабой пачуў:

- Хай пастаіць, малады ж…

- Насядзіцца йшчэ, і праўда..

Вочы адплюшчыў — сцены гатэльныя, белыя. Вечарам на іх святло з-пад чырвона-жоўтай засні падала — ці не праз яе тыя няўцямныя кругі ўваччу?

За ноч сілаў дадалося. Апрануўся без клопатаў. Пагаліўся нават. Толькі цяпер тэлевізар убачыў. Уключыў. І застыў на месцы… Прывабная дыктарка спеўна па-беларуску гаварыла. Ён услухоўваўся ў гэты спеў — нечаканы, залеўны, не разумеючы - не ловячы нават сэнсу, — услухоўваўся як у музыку… І здалося, што ўсё жыццё ён тут, і не з'язджаў нікуды (напачатку, праўда, тэлепрыймач агледзеў, думаў, мо — як у Штатах — відэякасету глядзеў, - але апроч прамавугольнай тэлескрыні нічога не знайшоў). І каб не табло гадзінніка на экране — спазніўся б на аўтобус. Кал 8.30 высвецла сабраўся пайсці. Доўга плашч шукаў (звечара аказваецца у шафу здолеў павесіць). Тэлевізар не выключыў — пашкадаваў. Не рашыўся перапыніць шчабяткую дыктарку. Так і зашчоўкнуў налакіраваныя дзверы…

Цяпер на незнаёмую вуліцу Варвашэні, адкуль — дом № 9 — у 9.30 адправіцца «Ікарус» з дзяржнумарам 20 - 94 — на Слуцак (пра тое, што з Мінску ў гэты дзень усе, хто жадае, змогуць на ім дабрацца да Семежава і там адзначыць угодкі Слуцкага чыну, даведаўся з беларускіх газэт яшчэ «за акіянам»).

Таксі — старая «Волга» — укруга аб'ехала плошчу Незалежнасці і газанула па праспекце. «Да Беларускага дома», - падумаў. А тут шыльда на масіўным шэрым будынку здалёк мльгатнула «Беларускі дзяржаўны універсітэт».


«Пакутна ён зараджаўся — і Лёсік, і Краўцоў сведчылі…»

Яшчэ як ён, Алесь, у гімназіі быў (ці не ў красавіку 1918-га), Народны сакратарыят даручыў быў Карскаму і Доўнар-Запольскаму падрыхтаваць праект арганізацыі Краёвага універсітэта. (Хоць задоўга да гэтага, як сведчыла ў сваёй нататцы «Наша Ніва» ад 15 лютага 1908 года, у Менску «займаліся справаю аб адкрыцці унівэрсітэта ў нашым краі. Разбіраюць праект, каб склікаць камісію з прэдставіцелёў усіх нашых губэрній і згаварыцца, гдзе той унівэрсітэт выгадней завесьці».) У хуткім часе ледзь не чатыры дзесяткі навукоўцаў (у асноўным выхадцаў з Беларусі) далі згоду на заняцце прафесарскіх пасадаў. Летам — арганізацыйная нарада, і Лёсік, і Краўцоў, і, расказвалі, Аляксюк запрошаны былі. Абралі арганізацыйны камітэт (пад старшынствам Доўнар-Запольскага), і фінансавую секцыю — Іваноўскага, княгіню Радзівіл, Вайніловіча. За афармленне арэнды, за праект будынка ўзяліся… А на пачатку зімы ў Менск увайшлі бальшавікі. Пра ўніверсітэт Іваноўскі, Ігнатоўскі, Тарашкевіч і іншыя ўзгадалі — засталіся ў Менску пры Саветах. Стараннямі тагачаснага камісара асветы Чарвякова была прынята пастанова пра… пажаданасць утварэння ўніверсітэта ў Менску, стварылі арганізацыйную камісію на чале з Карскім. Але першы ўрад Савецкай Беларусі Жылуновіча-Гартнага разагналі. Вясной 1919-га арыштавалі і інтэрніравалі Тарашкевіча ды Іваноўскага, а Карскаму забаранілі чытаць лекцыі ў менскім педінстытуце — да высвятлення, як прыгадваў колісь Лёсік, ягонага палітычнага крэда… Пры паляках Іваноўскі як рэктар педінстытута зноў такі намагаўся адкрыць нацыянальны ўніверсітэт — на падмурку інстытута. А восенню 1919-га польскія ўлады ягоны будынак ператварылі ў вайсковы шпіталь, частку маёмасці разрабавалі жаўнеры…

А вясной 1920-га да Алеся ў Школьную Раду прыйшла, помніцца, запіска аб працы педінстытута ад самога рэктара.


«Лічучы сваім абавязкам інфармаваць Беларускую Школьную Раду… — пісаў Вацлаў Іваноўскі — дзіва, нават выразна праступіў ягоны почырк, дробны, раўнюткі. З правільным нахілам управа! — …аб тым, што робіцца… даводзім да ведама Рады… Арганізацыя інстытуту падобна да арганізацыі Віленскага ўніверсітэту… Інстытут складаецца:

1) Курсу прыгатаваўчага на каторым дапаўняюцца навукі ў межах сярэдняй школы;

2) Астатнія два курсы… у межах 2-х першых курсаў аналёгічных да факультэту Ўнівэрсітэту;

3) Спецыяльнага курса, гдзе будуць адбывацца спэцыяльныя навукі і пэдагагічная практыка… - і белыя плямы паплылі перад ягонымі вачыма, быццам слепнуў, а потым, як ад ветру, сплылі, і зноў праступілі раўнюткія радкі з почыркам Іваноўскага (бачаныя — ужо і забыў нават калі, а зараз вось як перасфатаграфаваныя зрокам… А свайго ж напісанага — нават забываў, дзе шукаць!) Ці не таму, падумалася, што нават з нейкай міфічна-ўлегендарненай цеплынёй прыпамінаў заўсёды гэтага чалавека, выдатнага дзеяча-працаўніка Беларушчыны (Ластоўскага з ім раўняў заўсёды — як брата). А як жа інакш, ён жа, Вацлаў Іваноўскі, і слова беларускае стагоддзя ХХ-га выдрукаваў першым — газэту «Свабода»… — Што датычыць сыстэматычных курсаў, то ў першую чаргу манімся закончыць з 4 курсам і выпусціць іх Беларусамі… Нажаль, усе яны з боку беларушчыны слабаваты, дзеля чаго трэба было б правесьці сэмінарыі беларускай мовы і беларусазнаўства. На жаль, прафэсар беларускай мовы Тарашкевіч дагэтуль затрыманы ў Варшаве з справамі Беларускіх Школ. Прафэсар Ігнатоўскі зьбіраецца выехаць у Саветчыну да сваёй сямьі…

Рэктар Інстытуту — В. Іваноўскі.»


А Ігнатоўскі праз два месяцы стане заснавальнікам Беларускай камуністычнай арганізацыі, увойдзе ў створаны 16 ліпеня 1920-га Часовы ваенна-рэвалюцыйны камітэт Беларусі (ды ўдзел у ганебных Рыжскіх перамовах браць не стане). З утварэннем БССР — нарком земляробства, нарком асветы, прэзідэнт Акадэміі Навук… А тады, у 1920-м, выпраўляўся ў Саветчыну — на яго былі апошнія надзеі ў адраджэнні беларускага школьніцтва пад бальшавікамі.


Аўтобус, хоць і не выглядаў старым (нядаўна нават перафарбоўваўся), лапацеў так, што ён напачатку засумняваўся нават: ці даедзе жывым. Сціскала пад сэрцам, раптоўна млосна і горача рабілася, і тут яшчэ гэтыя здзіўленыя твары мінскіх пасажыраў… А галоўнае — у сабе, сабе ўнутраным разабрацца не мог. Скуль яны, гэтыя наплывы-ўспаміны, такія ўрэальненыя, відочныя, што аж здавалася: гэта ён, дзевятнаццацігадовы, прыехаў вось і хадзіў па даўно забытым горадзе?.. Бо зараслі былі моцна часы тыя ў памяці, і думалася, што ледзь не сном мінтрэжным праплылі над лёсам…. А тут аж ледзь не паморак набрындваў: глядзіш на вулку, а з-за вугла зусім не трамвай паўзе, а конка… Вось каб толькі не слабасць гэтая старэчая ды не здрадлівыя колікі пад сэрцам…

«Ікарус» нечакана рэзка крутнуў управа. Затармазіў і супыніўся. «ДАІ» — паспеў заўважыць вялікую шыльду на двухпавярховай будыніне.

- Прабачце, а што гэта… «ДАІ»? — нясмела спытаў у суседа, доўгавалосага хлопца («Ці не студэнт?») у джынсавай куртцы. Той узняў бровы, здзіўлена, нават запытальна ўзорыўся наяго:

- Пост, пост ДАІ… аўтаінспекцыі на выездзе з гораду…

Тым часам да дзвярэй «Ікаруса» падышлі два сяржанты з аўтаматамі. Вышэйшы, з сінімі ямінкамі на шчоках, густымі брывамі («Ці не веселуна-ўладальніка выдаюць?») ускочыў на прыступкі, марудна агледзеў пасажыраў, загаварыў з кіроўцам. Пра што — хіба пачуеш з прадапошняга сядзення (хоць і прапаноўвалі ветліва яму, загадкаваму незнаёмцу, перасесці наперад — адмовіўся, адно падзякаваў).

Сяржант павёў на «пост» кіроўцу — па дарозе той штось энергічна даказваў, спрачаўся. Услед выйшлі два пасажыры (гадоў сарака мужчына з бел-чырвона-белым значком на лацкане пінжака падаўся ўжо знаёмым). «Дзе ж гэта мог яго бачыць?»

- Ну мухаморы! Даманаліся ўсё ж… — словы хлопца-суседа. І яму няўсцерп, выскачыў з аўтобуса, закурыў.

А што здарылася? — спакойна спытаў, як той вярнуўся.

- Да тэхнічнага стану, мабыць, прыдраліся! — Хлопец трасянуў пышнымі кудзярамі. — Пэўна, устаноўку атрымалі не прапускаць да Семежава «нацыяналістаў»…

Сусед пачаў падабацца, вось толькі нейкімі напаўзагадкавымі былі ягоныя выказванні, і, каб не займаць сябе імі, ён вырашыў не лезці з роспытамі (бачыў і так, што хлопец косіцца на яго, як на прастакоўца якога).

Праз хвілінаў дваццаць у аўтобус дайшла вестка, што ўсіх іх, выбранцоў у Слуцак, прынялі за гандляроў-перакупшчыкаў, якія вырашылі «пракаціцца» па мястэчках (у маршрутным лісце іхняга кіроўцы было адзначана «Мінск - Слуцк - Чырвоная Слабада - Семежава - Грозава - Мінск»), а ў такім разе іх маюць права тры гадзіны правяраць…

Потым, калі ўжо вярнуўся кіроўца, да яго падскочыў няголены незнаёмец у спартыўных штанах і пацёртай кароткай скуранцы.

- Мусора! Меня уже с час в дежурке держат… — і пачаў гучна скардзіцца, неяк не зусім натуральна выдаючы сябе таксама за ахвяру міліцэйскай прынцыповасці. Распытаў калегу-кіроўцу і пра заробкі, на свой двойчы наракаў.

Зноў прыйшоў сяржант «з ямінкамі», перапісаў багаж, неяк загадкава зірнуў на няголенага, хоць і з акуратнай кароткай стрыжкай, зайшлу ў скуранцы.

- Ды ганіце артыста гэтага. З яго такі вадзіла, як з нас — чаўнакі! — прабасіў хтось спераду. І нязваны госць вярнуўся на пост.

«Чаўнакі? Да чаго тут старыя чаўнакі? Так жа драўляны бегунок завецца… Правільней, зваўся.» Але ў суседа ўжо не перапытваў…

Толькі праз паўгадзіны зноў завёўся-залапацеў «Ікарус» — падалося, што гучней, зласней нават, — і, набіраючы хуткасць, зашаргацеў да Слуцка.

І тут ён здаўся, прыдрамаў, а ў сне, як праз тумановую павалоку, зноў мролася-перажывалася тое далёкае, за спратамі гадоў прыхаванае…

* * *

Слуцкае паўстаньне — гэта быў пратэст народу супраць Рыжскага міру паміж Савецкай Расіяй і Польшчай…

Ня гледзячы на тое, што Слуцкае паўстаньне было задушана маскоўскімі і варшаўскімі імпэрыялістамі — яно застаецца пуцяводнай зоркай у гісторыі беларускага вызвабадзіцельна-адраджэнчага і дзяржаўна-незалежнага руху.


З «Дэкларацыі Ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі» ад 25 сакавіка 1922 года.


Ніколі, пэўна, Слуцак не быў такім разгублена-стоеным, як у тыя кастрычніцкія дні 1920-га. У Рызе ішлі расійска-польскія мірныя перамовы. З Савецкай Беларусі ў Латвію выехаў Аляксандр Чарвякоў, але бальшавіцкія дыпламаты на перамовы яго не пусцілі. Пасля падпісання Рыжскай дамовы аб перамір'і і «нейтральнай зоне» (яна і прайшла па Случчыне) яшчэ тыдзень грымеў фронт. Палякі рваліся завалодаць горадам, і нават «перастараліся» — фронт да ўсталявання перамір'я лёг на 10 - 12 вёрстаў на ўсход і паўднёвы-ўсход ад горада.

Горад ахапіла ціша, перарваўся нават гандаль, што здаваўся гарадчукам вечным. Людзі адседжваліся ў дамах, нават сабакі не высмельваліся пасля нядаўняй страляніны бегаць цэнтральнымі вуліцамі. Паўсюдна ўпэўнена гаспадарыў польскі жаўнер, начальнікам краю стаў палкоўнік Ясінскі, камандзір 10-й пяхотнай дывізіі (якая стаяла ў Слуцку, 11-я і 16-я дывізіі расцягнуліся па фронце на ўвесь павет).

У гэты час узнавіў сваю дзейнасць Нацыянальны Камітэт Случчыны. Напрыканцы кастрычніка яго старшыня Павел Жаўрыд, не атрымаўшы ад Ясінскага ніякай пэўнай інфармацыі пра будучае краю, камандзіруецца ў Вільню і Варшаву.

Праз Слуцак і вакольныя вёскі пацягнуліся купкі дэзерціраў Чырвонай арміі. Аднаго разу прайшоў нават цэлы ўзброены атрад. Галодныя, хворыя, змучаныя вайною, канца-краю якой і бачна не было, чырвонаармейцы сотнямі асядалі на Случчыне, хто прымаком, хто работнікам — гэта ўжо як шэнціла.

Сям-там, часцей па валасцях, шныпарылі белагвардзейцы, балахоўцы — агітавалі супраць бальшавікоў. Найбольш нахабныя збіралі подпісы за далучэнне пэўнай воласці да Польшчы.

Ды ўсё ж спакваля ажывалі і горад, і вёскі. Загудзеў нядзельны кірмашовы пляц, паспакайнелі, вымужнелі нават случакі: «А колькі ж гэта гнуцца ды хавацца!»

Прадзёўбнуліся ваярскія настроі, асабліва пасля з'яўлення штабс-капітана Мацэлі, які паведаміў Нацкамітэту пра арганізацыю ў Польшчы беларускага войска, пра пачатак антысавецкіх паўстанняў.

«Трэба збіраць збройную сілу!» — неаднаразова выказваўся перад сябрамі Нацкамітэта.

А намеснік старшыні малаколькаснага Камітэта Уладзімір Пракулевіч хацеў перачакаць, памяркоўна разабрацца…

І тады вырашылі абнавіць склад Нацкамітэта. 5 лістапада сабралі сход Случчыны (каля паўтысячы чалавек прыняло ўдзел, толькі — як потым крытыкавалі — поўнага валаснога прадстаўніцтва не было на ім: спехам склікалі люд з вакольных вёсак, а таксама з гарадскога кірмашу). Нацкамітэт папоўніўся, і новыя сябры прапанавалі абмеркаваць пытанні пра адносіны да Польшчы, Балаховіча, а таксама пра неабходнасць утварэння сваіх узброеных частак. Адзінства не дамагліся, і «старыкі» падалі ў адстаўку (хоць потым збіраліся асобна, далучыўшы да сябе Русака, Бусла і Асьвяцімскага, якія вярнуліся з менскай эсэраўскай канферэнцыі).

Хлопцаў як падмянілі, быццам на цэлыя галовы большымі парабіліся. Асьвяцімскі нават прычоску змяніў, «убакенбардзіўся», бародку адгадаваў (можа, васпаватасць сваю прыхоўваючы?). А перад Алесем, як сустракаліся дзе, такім франтам трымаўся! Што ты!

«Ну і што з тваіх гадовых карпенняў у Менску? Казаў жа табе: «У эсэры паступай!» Хоць бы як Стаганавічанкі зрабілі…»

І што адказаць яму было? Купала і без партыяў усялякіх Купалам застаецца. Ці, можа, пра граматнасць школьную нагадаць — яму ж, малодшаму Асьвяцімскаму, дай якую паперчыну скласці — дык жа ўсё ў памылках будзе… Хоць калі трэба было да Трафімава звярнуцца, дык Бусла з'агітавалі да Алеся: «Ты ж, братка, з ім працаваў. Падкажы…»

Зрэшты, з добрым клопатам да Трафімава выбраліся: прасілі пасадзейнічаць у амністыі дызерцірам. А іх жа тысячамі ўжо на Случчыне лічылі!

І ўзгадалася раптам (і з гэтым адчуванне прыйшло, што не спіць ён, што зноў у памараку ўспамінным блукае) ягоная сустрэча з «дызерцірам»-знаёмцам — вызваленым колісь ад Міці Бубы.

Ужо і марозікі першыя падціснулі, дык падводы моцна траскацелі па цвёрдых каляюках ды грудах (добра, што надаўмеліся з Лістападам хоць саломы прэлай пад сябе ўскінуць, а то б, як падкепваў дзед Нупрэй, «кіроўца» іхні, і бэбахі павыскоквалі б. Іх, а таксама яшчэ некалькіх сялян Рада Случчыны адкамандзіравала таго разу збіраць харч для створаных беларускіх вайсковых адзінак. Помніцца, з вялікай неахвотай выбіраўся ў дарогу, асабліва падкрыўдоўваў Юрка, хоць яго старэйшым над усімі агентамі прызначылі. Наракаў колькі разоў: «Усе людзі як людзі, вунь ці зброю рыхтуюць, ці ў выведку падаліся, а тут во табе — бабская праца!»

Канфіскацыяў, канечне ж, не праводзілі (хапіла на тое бальшавікоў ды палякаў), прымалі толькі ахвяры. А былі яны шчодрымі, штодня на склады амаль па семдзесят пудоў хлеба й да дваццаці пудоў мяса, пра іншы харч не гаворачы, прывозілі! Ледзь на пяці падводах дацёгвалі сабранае.

Дабраліся да Покаршава. Вёска багатая, вулка ўся дубамі аграмаднымі абсаджана. Як склалася ўжо, па хатах «дзядоў» выправілі: ніякавата, сарамліва ўсё ж неяк самім хадзіць было.

Ён тады, здэцца, падсядзёлак папраўляў, калі да яго нечакана звярнуліся:

- А говорят, земля большая! А выходит — и разминуться трудно!

Бровы прыхмурыў тады, наструніўся («Хто тут па-руску гаварыць можа?»), а як угледзеўся ў чалавека, калі той вуха прастрэленае пачухаў — так і ў ладкі ляснуў.

- Скуль ты тут узяўся?! Юрка, ці пазнаеш?!

Юрка, бачна было, яшчэ не ўцяміўся.

- Из одного плена в другой плен попал… — заліхвацка зазвінеў колішні чырвонаармеец і па плячы яго стукнуў: — Только отсюда, братцы, освобождать пока не надо! — І зарагатаў ледзь не на ўсю вулку.

Надакучыла салдату дым ды пыл дарожны глытаць. Паланіла яго ўдавіца покаршаўская, падсаладзіла жытку паходную — і прыстаў да яе, і во як радуецца цяпер. Плот з дубовымі шуламі нядаўна, пэўна (вунё як свежым свеціцца!), паставіў, - надоўга, відно, асталёўваўся…

- Пойду, чтоли, Марильку свою подлабуню, пускай расскупится маленько… — Зноў вуха пашкроб — і да хаты (яна побач была) рушыў — як яму з Юркам падалося, досыць нерашуча.

Ужо калі ледзь не ад'язджалі, на двары «дызерцір» з'явіўся. Пераможна да іх дацыбаў, брус сала з-пад пахі на салому выклаў. А тады і сама Марылька вытыркнулася з дзвярэй, агледзелася і — баржджэй да воза.

- Вы, гэта, яшчэ брынду во ягоную забярыце, — і вінтоўку між лёстак на калёсы ўсунула. — А да сала, думаю, цыбуліны самі знойдзеце… — і галаву з неўтаймоўнымі жаўтлявымі кудзяркамі набок схіліла, гарэзлівымі вачыма — мяккімі, шчасцем сваім нечаканым рассалоджанымі — хлопцаў абмерала і ўжо з-за веснічак дадала-зачапіла: — У нас тут, прыгледзьцеся, і ягадкі яшчэ ёсць!..

- Ну и сильная баба, огонь! — прымак-«дызерцір» правёў яшчэ ненатоленым поглядам сваю Марыльку.

- Слухай, а дзе той твой напарнік па адсідцы? — закарцела дазнацца Юрку.

- А подстрелили его поляки, в этом… Копыли загорает.

- Таксама некаму ставіць… плот? — ушпіліў Юрка.

- Х-ха, разбежался! Санотделенне там. В местечке и вся рота наша стоит.

- Што ж там за скарб такі, што цэлая рота пільнуе? — Юрка зацікавіўся пачутым.

- Ни кто там уже ни кого не пильнует… Просто ревком туда перебрался. Только вы это… В гости к нему соберетесь — про меня не сказывайте. Был Ванька на побегушках да весь выбегался…

- Што ж, хоць ніхто ў госці зваць нас не збіраецца… (Юрка задумаўся і па звычцы сваёй вусны змуліў моцна)…ды самім жа напрасіцца можна. Ахвота б толькі!

Развітваліся ледзь не як даўнія знаёмцы.

- А лучше всего на меня равняйтесь, пока ещё удовушки да девчата остались! — крыкнуў «дызерцір» на ад'езд і рыпнуў веснічкамі…


А ў абед — трэба ж, каб дзень такім багатым на нечаканкі выдаўся! — з «панам» Абрамовічам стрэліся, толькі вось у якой вёсцы — ужо не помнілася. Зрэшты, сустрэчы магло б не атрымацца, калі б не дзядок адзін, Ціхмеем што назваўся… З паўгадзіны стаяў, прыглядваў, хто што ахвяраваў войску, свае каментары даваў («Піліпіха б магла і болей грэчкі… Добрая ж была высыпала ў яе… Пэўна Хведзька Настуху і гэты год замуж аддаваць не збіраецца — столькі сала адваліў!..»), а затым і выпаліў:

- Можа і дарма гэта я за Польшчу падпісаўса?..

- За якую, дзед, Польшчу? — Алесь падумаў, што не дачуў.

- За яе, камар хай крэнду ейную лечыць, Польшчу гэтую… Прыйшлі вось агенты… А мне што? Можа, і ня горай будзе?

- Якія гэта яшчэ агенты прыйшлі?

- Ды не прыйшлі, а прыехалі. Вунё й яшчэ торкаюцца… Простыя агенты, двое, з паперкамі.

Тады Алесь расповед гэты дзедаў Юрку пераказаў. І той насцярожыўся. На воза дзеда ўссадзілі:

- То правядзі, дзеду, пакажы тых «агентаў».

А тыя ўжо ў апошняй хаце былі. Выйшлі спакойныя — і да коней, на хлопцаў і не зважалі. Юрка локцем пад бок:

- Глядзі! Гэта ж пісар Абрамовіч-Абрамоўскі!

А ў пісара і галава ад нечаканасці ў плечы ўпала. Потым усё ж сабраўся, партфелік рукой падціснуў — і ўжо бот тупаносы ў стрэмя ўткнуў, на каня хацеў прымастаколіцца, як да яго Юрка падскочыў:

- Не, пан дарагі, прабач, тут да цябе запытанейка ёсць… — і за рукаў хапіў. Напарнік Абрамовічаў побач з Алесем аказаўся, счытваючы ўспалох на вачах пісара, — і сам занепакоіўся…

- Дык што гэта за паперкі чароўныя ў вас?! Мо пакажаце?

Абрамовіч моўчкі зноў паспрабаваў на каня ўзлезці, і зноў яго Юрка асадзіў, партфель лоўка з худой рукі вырваў, пстрыкнуў замочкам… і стос «ухвал» Алесю перадаў:

- Чытай!

Складзеныя па шаблоне рознымі почыркамі, пачыналіся яны так:

«Мы, жыхары вёскі (прабел) прызнаём за нашу родзенную маці Польшчу і просім яе прыняць нас у лона сваё».

Частка «ўхвал» — з дзесятак — была запоўнена і стракатала подпісамі.

- Во як, брат ты мой, усё проста! — Алесь адарваўся ад паперак… і ад неспадзеўкі толькі рот раскрыў. За крок ад яго — стаяў Абрамовічаў напарнік з наганам напагатове, бліскучая руля зласліва зазірала ў вочы. З цяжкасцю праглынуў зашэрхлы камяк і зірнуў на Юрку — і той акамянеў, на Абрамовіча касіўся, губу падсвядома змуліў, прыкусіў нават…

А напарнік з наганам па вінтоўку, што былая ўдавіца прынесла, пацягнуўся… На адзін вомірг, каб рулю намацаць, ад Алеся адарваўся… І той маланкава руку з наганам перахапіў — і каленам пад дых «ваяру»-ахоўніку. Узвыў той, і не тое што вінтоўку, наган выпусціў.

Абрамовіч, хвілю таму паспакайнелы, зноў галаву ў плечы ўтапіў, вачыма-вірламі па хлопцах прабегся, прысеў нават.

- Што ты, гадзіна, круцішся? Не бойся, не зачаплю! — Юрка кінуў да ягоных ног пусты партфель. — Давай, Алесь, гэтых «агентаў» да Мацэлі адвязём. Хай міліцыя наша з імі разбіраецца.

- Адно хай самі за падводамі йдуць… Каням і так цяжка. — Алесь тым часам разглядваў трафейны наган.

Так і завялі «агентаў» у горад. А назаўтра ўвечары саміх палякі арыштавалі — за «агентаў» тых незаконную затрымку й пабіццё. Мацэля з хадайніцтвам Нацкамітэта дамагаўся іхняга вызвалення — жаўнер нават і да камеры не пусціў.

«Кульку ім в лэб!» — прабубніў і мацюкнуўся.

Толькі калі Жаўрыд да «начальніка» Ясінскага пайшоў, тады толькі выпусцілі…


Зямля: ўміраць не трэба

- Эх, брат, зямля: ўміраць не трэба,

Не пашкадуе табе хлеба

Якуб Колас

Калі аўтобус спыніўся й заціх, калі з яго павыходзілі ўсе «экскурсанты», паволі выбраўся і ён. Разварушыў зацеклую нагу, ад аўтобуса вырашыў далёка не адыходзіць (думаў, што не прыехалі яшчэ). А тут узняў раптам вочы — о, Божухна! Прама на яго наступаў выбеленымі калонамі вялікі дом з шыльдаю на дзвярах: «Слуцкі краязнаўчы музей». Ад неспадзеўкі вочы нават заплюшчыў.

- Што, дзед, не заходзіце? — гэта кіроўца іхні абазваўся.

- Дык гэта ўжо Слуцак?! — і ён зноў вярнуўся да аўтобуса.

- Ага..

Скажыце, а кудой мы ўехалі?.. Не праз цэнтр чаму?

- Як не праз цэнтр? Праз цэнтр, па Леніна ехалі. - І прыжмурана, нібы ўсміхаючыся, пасажыра свайго агледзеў. — А вам куды трэба было?

- Сюды… Сюды… — разгублена паківаў галавой, да прыступак музея вярнуўся, а ўвайсці не адважыўся.

Калі на другі бок вуліцы пераходзіў, зноў вачыма з кіроўцам сустрэўся.

- І напраўду… Слуцак, — прашаптаў нават крыху спалохана і няўпэўнена пасунуўся па няроўным тратуары.

«Відаць, забясплатна пад'ехаць захацеў з Мінску. Пераехаў, ці што?» — кіроўца на гэтым кінуў сачыць за «дзедам», сеў у аўтобус — і адумаўся:

- Дзед, вы ж чамадан свой забылі!

«Дзед» спакойна матнуў рукой…

Вогкі вецер раз-пораз парываўся ўзняць расхрыстаны плашч, і Алесь Хведаравіч доўга камячыў у непаслухмяных пальцах гузік, што аніяк не патрапляў у аплічку. На пакрытай луской-рабаціннем лужыне круціліся, як пласцінкі-кружэлкі, некалькі вялікіх каштанавых лістоў. Бліскалі жоўтым светлафоры. Наперадзе на высокім ганку хлебнай крамы сабраліся людзі…

Ён больш за паўвека чакаў сустрэчы са сваім родным горадам, і трэба ж… прыехаў — і не пазнаў. Спярша падумалася, што гэта нейкі спешка разбудаваны пасёлак, і яшчэ б чакаў, пакуль не выедуць нарэшце на слуцкае места… Хацеў дабрацца да кірмашовай плошчы пасярод горада, выцягнутай паабапал Варшаўкі, колісь пакрытай гладкай брукаванкай (плошчу тую і звалі местам). На ўзвышку як грыбы раслі там будкі крамнікаў-гандляроў, з другога боку высстройваліся сялянскія фурманкі. Не прабіцца было там у кірмашовыя дні: мяхі з пшаніцай, латкі з гуркамі й цыбуляю… А зяўца дасі — пірамідку кадак абернеш, пакоцяцца гучна каму-небудзь пад воз, і тады нахмураны бондар, перарваўшы расповед пра тое, як мяснік Шмоня, костку абразаючы, ледзь сабе палец не ўшаткаваў, ад душы ўедзе табе пад вуха…

На гэтай палове места, як пазней высветлілася, могілкі старадаўнія былі. Так вось і жылі случакі на касцях дзядоў сваіх панішчаных… Не бяспамяцтва чыніла такое, а войны, што горад ушчэнт выпальвалі — так, што нават ніводнага сведкі паховішчаў магільных не заставалася.

А ён — ці ні тая ж спаленая часцінка гэтае зямлі? Вось вярнуўся ў горад свой, сам ужо — дзед даўно. І памятаў, як да Семежава ягоны дзед праводзіў яго… За вароты выйшаў і працадзіў сполашна:

- Трэ ж на тое… Стаўпец трэшчыну даў… Нядобры знак, ліха на яго. — І шапку Алесеву задам наперад перакруціў. — Так ідзі. Гэта каб вярнуўся…

Дзед-дзед… Усё бачыў ты, ведаў. Нават расколаты стаўпец варотаў з табою загаварыць мог. А што ён? Вярнуцца — вярнуўся, а дзе магілы бацькоў, дзе крыж над дзедам стаіць — не ведае. Ды і месца вёскі сваёй (яна ўжо ў Слуцак улілася) не знойдзе…

Так і ёсць: галавешка, а не чалавек. І ўсе — ці не абсмалкі такія ж: ходзяць па касцёх дзядоў сваіх — і няўцям ім…

Каб ведаў тады Алесь Хведаравіч, што збярогся ў горадзе будынак ягонай гімназіі, што ў ім цяпер школа месцілася — адшукаў бы, як з жывой — пагаварыў бы…

А ці мог ведаць, што ў колішнім бернардынскім манастыры-кляштары цяпер… масласырбаза гарадская? Адбойнымі малаткамі сцены павыбівалі, з княжацкіх грабніцаў косці павыкідвалі — і халадзільнікі там паставілі…

Зрэшты, было яшчэ адно месца, якое ён не мог не адшукаць, якому ён не мог не пакланіцца, — Старое Замчышча. Малым, наслухаўшыся п'янкіх легендаў пра свой край, ён прыбягаў на гэтае ўзвышша, прыпадаў вухам да зямлі — і здавалася, што там, пад пракаветнай дзірвановай тоўшчай, варушылася, яшчэ жывое сэрца ягонае зямлі…

Ён, здавалася, забыў… Перажыў, думаў, і самога сябе тадышняга, і мінулае колішняе. Раней, было, на настаўніка свайго, Радаслава Астроўскага, наракаў, - за тое, што адышоў той ад беларускасці, ад справы сваёй былой адхрысціўся…. А затым і сам следам тым пайшоў… Ажно не! Хоць, думалася, і астыў, прыцемніў пазаўчора сваё — учорам зажыў, пазычаным, спакойным, забяспечаным…. Дзе ж там! Ягонае сёння зноў маланкаю бліснула, перуном у памяць загрукала — і з краю далёкага ў свой край прывяло, ды так апякло, так разанула… Божа літасцівы, хіба што з прыпамінаў ды згадак сваіх яму кнігу скласці, каб усе тысячы градусаў ад перуноў тых у яе ўкласці — толькі ж дзе паперы такой знайсці, каб затым выдрукаваць усё гэта: полымя ж увомірг словы зліжа!..

Ён, помніцца, стараўся запісваць пачутае ад старца Вярхоўскага. Ды дзе сёння тыя рукапісныя «манускрыпты»? Толькі асноўнае згадвалася цяпер, і ўзнаўлялася ўжо агучаным — павольным, спакойным голасам сівога старца...


Слуцкая хроніка старца Вярхоўскага

«На замкавай выспе, падперазанай стужкаю Бычка, дзе царква Святога Міколы, колісь іншая царква стаяла. Казалі, што ад перуну загарэлася была… Ураз гарадчукі малака кіслага кадкі цэлыя панавозілі — верылі ў нас, што пажар ад перуна толькі ім стушыць можна. І такі адваявалі ў вогнішча іконы і дзве сцяны царкоўныя. Дзе-нідзе іконы агнём параніліся. Дык яшчэ мяне іх аднаўляць вучылі… (Памаўчыць старац, падумае, бараду прыгладзіць, і зноў голас павольны плыве.) Пры Радзівілах Замак слуцкі моцным быў. Татары так і не змаглі скарыць яго. Усім горадам абаранялі Замак. Усе гарадчукі-месцічы на цэхі падзяляліся, кожны цэх меў свой абарончы бастыён і свой штандар. Усе як адзін, калі небяспека надыходзіла, на памосце Замка станавіліся. На ўздапамогу тры бліжэйшыя вёскі прызначаліся: Бранавічы, Варкавічы і Лучнікі (ад ваяроў-лучнікоў назву сваю апошняя і атрымала). Жыхароў тых вёсак выбранцамі звалі — бо выбіралі дужэйшых, вышэйшых, яны вызваляліся ад усіх падаткаў…

А ў 1655 року войскі маскоўскага цара пад кіраўніцтвам князя Трубяцкога атакавалі цвержу Замка, ды зубы свае аб яе і паламалі. У шале прадмесці спалілі й адышлі. Сейм затым месца на пяць гадоў ад падаткаў вызваліў, каб яно зноў у сілу ўбіралася.

Апошнім з Радзівілаў у Слуцку Дамінік, сыновіч Пане Каханку, княжыў. Сабраў, было, полк з мяшчанаў і выбранцоў і на чале яго ў кампаніі 1812 року ўдзельнічаў, за Напалеона выступаў. Ад кантузіі за мяжой памёр. Полк ягоны спрабаваў яшчэ Нясвіж ад рускіх бараніць… Тамтэйшыя жыды данеслі генералу Тучкову, што падчас вайны ў замак нясвіжскі шмат падводаў скарбу французы з Масквы прывезлі — золата, срэбра… Генерал пячаткі на замках загадаў зламаць і аддаў нясвіжскія сховы на рабунак. Два тыдні цягалі скарбы — не маскоўскія, а радзівілаўскія, — каму не лянотна было. Маскоўскага ж дабра не знайшлі ды і не маглі знайсці… Не было яго там! Генерала Тучкова пад суд аддалі, але той яшчэ да суда, па дзіўным збегу абставінаў, памёр… У 1812-м праз Слуцак прайшоў пяты корпус Напалеона — з Гародні на Магілёў і Смаленск кіраваўся. 22 ліпеня ў Слуцку стаяў…

А тады, як Случчыну маскоўцы падпарадкавалі, гэта пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе, Замак спустошылі. Йшчэ пры мне яго драўляныя вежы даруйноўвалі. У 1820-м разабралі большую — з боку касцёла бернардынцаў, дзе Случ цякла. Ацалела толькі некалькі пабудоў, у адной з якіх жыў некаторы час пан Гендэрзон, брат тайнай ложы масонаў…»


Ён неўзаметку даклэпаў на стары дзядзінец, на якім цяпер замест Замка ўзвышалася бетонная аграмадзіна Палацу культуры, і, натомлены, асеў на доўгую лаўку. Аддыхаўся. Узгорак паменшаў нашмат, паразмываўся. Трава і восенню смела зелянела, вось толькі ад рэчкі — ані следу…

Аднекуль музыка палілася, прыпеўкі… І памролася, што па прыступках ад Палацу культуры да яго батлейшчык колішні Болбут збягае, бадзёра адмерваючы ап'янелы спеў:

Я й казак, я й гуляк,
Што здабыў, то й прапіў.
А сарочку вошы зьелі
Ды і ту прапіць хацелі…

І тады ён вочы заплюшчыў, і знік Болбут…


Перад ім і Ігнатоўскім зноў старац Вярхоўскі сядзеў.

- А ці прыгадаеце, як раней Слуцак выглядаў? — гэта цяпер Ігнатоўскі спытаў.

- Чаму ж не… Апавядалі мне, ды і мапы даўнія бачыць даводзілася… Вот, скажам, у Слуцак вы з захаду Нясвіжскім трактам уязджалі б… З правага боку за Случчу пушча разлягалася. Туды на паляванні князі выбіраліся. А ў 1826-м вялікая бура пушчай пракацілася. Во-то дрэваў наваляла! І тады местачкоўцам дазволілі вывозіць вываратні. Так пушчу хутка зноў ачысцілі. Дык вось… (Старац нагу пакратаў — зацякла, пэўна). Далей тым Нясвіжскім трактам вы б у прадмесце Трайчаны ўехалі б. Назву сваю яно ад кляштару Святой Троіцы атрымала. Йшчэ там рачулка Тройча колісь цякла ў Случ… Пасярод вялікага пляцу, агароджанага разложыстымі дрэвамі, узвышалася мураваная царква Святога архід'якана Сцяпана. Купалы зіхоткія мела… Дзве вежы. У царкве — золатам абрамлены іканастас. Праваруч — труна княжны Сафіі Радзівілавай, апошняй з дому Алелькавічаў. На вечку надпіс па-беларуску быў:

«Сафія, княгіня Слуцкая і Капыльская, Альгердавага племені, прыставілася 1612 року».

Бліжэй да іканастасу, у неглыбокай мармуровай нішы — трумэнка Габруэла, закатаванага праз ў мястэчку Заблудаве. Ягонае цела, сколатае й прабітае, выслалі ў Слуцак… Народ наш ушаноўваў памяць княжны Сафіі й дзіцяці-мучаніка. У часы лютых хваробаў случакі святымі мошчамі-парэшткамі абносілі горад, молячы нябёсы аб заступніцтве…

Злева ад царквы стаяў драўляны палац для рэзідэнцыі біскупа. Пры мне біскупства перанеслі ў Менск, а ў палацы тым месціліся кіраўніцтва рускай семінарыі і бібліятэка. А за царквой, над ракою — старажытная званіца з адным вялікім і некалькімі малымі званамі. Набажэнствы ў Святой Троіцы праходзілі вельмі святочна. Голас вялікага Трайчанскага звону разліваўся далёка па рэчцы, і ягонае дабравесце дапаўнялі ўсе храмы места! А на свята Тройцы туды збіраўся люд з усяго горада й ваколіцаў. Хор царкоўны спяваў… Кірмаш ладзіўся… Будынак духоўнай семінарыі і праваслаўны манастыр і цяперака стаяць. Манастыр — праўда ж? — незвычайны, — як палац у вялікім горадзе![9]

Праз Трайчаны адзіная вулка йшла. Крыху наўзбоч ад яе праваслаўная семінарыя была. Яе навучэнцы ў местачкоўцаў кватэравалі. А як семінарыю ў Менск перанеслі, дык і Трайчаны абязлюднелі. У 1655 року ў вайну Расіі з Польшчай князь Трубяцкой, выціснуты са Слуцку, спаліў і Трайчаны, і другое прадмесце — Востраў… (Старац Вярхоўскі, бачна было, стаміўся. Папрасіў падаць яму вады. А глытнуў — сілы быццам зноў аднавіліся. Нават гаварыць хутчэй пачаў).

У горад жа дарогі вялі праз чатыры брамы: Віленскую (ці Нясвіжскую), Капыльскую, Астроўскую і Новамейсцавую. Апроч апошняй усе мураванымі былі. З вежамі, адкіднымі мастамі, якія ланцугамі на ноч падымаліся. Астроўская брама ацалела аж да 1835 року, астатнія раней паразбіралі… Сам жа горад колісь авальную форму меў. Доўгім ровам абнесены быў. Валамі землянымі ўзмоцнены, бакштамі. Недзе я змалёўваў старую мапу, то пазней, можа, і знайду, пакажу вам… Пасярод жа, на ўзвышку, — драўляны Замак ганарліва застываў, рэзідэнцыя Алелькавічаў…

Дык во-то ж увойдзем у горад праз Віленскую браму. (Старац раптам вочы заплюшчыў — нібыта ўяўляў сабе, пра што ціхмяным гасцям апавядаў). Злева — дзявочы каталіцкі кляштар Святога Іллі Прарока. За ягонай агароджай — дзве драўляныя цэрквы: летняя, большая, і зімняя… Званіца… Я часта хадзіў да цэркваў тых. З клопатаў пані Кахановічавай летнюю царкву новым іканастасам уаздобілі. На набажэнствах з дзесятак чарніц прысутнічала. Ох, багатым колісь кляштар іхні быў… Алелькавічы нічога не шкадавалі для яго! Затым жа ўрад расійскі ўсё багацце ў казну сваю забраў… У 1852 року большую царкву адцалі ўланам. А ў кляштар пазвозілі манашак-уніятак, якія па скасаванні уніі не схацелі прыняць праваслаўя. Тут яны і паміралі…

Далей па Віленскай вуліцы раскінуліся дворыкі гарадцовых мяшчанаў, пры маіх часах дужа збяднелых. А было, распавядалі, гандаль з Вільняй ды Кіевам вялі. Цяперака ж справу іхнюю Ёкшы й Шмоні ў свае рукі перахопвалі. Раней, пры Рэчы Паспалітай, ім забаранялася купляць пляцы ў некаторых частках горада. Калі ж край пад Маскву забралі, скасавалі той «прывілей». Паволі лепшыя пляцы, двары, рамёствы, цэхі, крамы ў рукі габрэяў пераходзіць пачалі. Прадаваў мешчанін цішком свой дворык, а сам падалей выязджаў, зямлёй пачынаў займацца, за плуг браўся, а то й за чарку… Яшчэ за маёй памяццю жылі нашчадкі Якімовічаў, заможных нашых мяшчан. На Каляды малым бачыў іх у доўгіх лісіных футрах з брандэбурамі, слуцкімі пасамі падперазаных, у высокіх каўпаках на галаве. Як пройдзе — аж зямля, здаецца, дрыжыць!.. Каля кляштару на Віленскай, знаць, Якімовічы жылі, і гандаль добра вялі. А праз дзесяць рокаў па свеце ледзь не пайшлі, і дом прадалі свой, і маёмасць… (Старац перарваў аповяд. Дакульгаў да старой шафы, утахторанай кнігамі, паперамі, картонкамі. Доўга шукаў штось, затым, разгублена цмокнуўшы, прысеў зручней, галавой пахітаў і зноў працягваў).

Па той жа Віленскай у партыкулярным доме быў тэатр. Выступала там, на маіх вачах шчэ, вандроўная трупа пана Клакоцкага. У адзін з сезонаў далучылася да трупы акторка адна… Стэфаніяй, здэцца, звалі. Дужа ж пекнай была! А як слічна таньчыла!.. У яе закаханымі было не толькі вучнёўства старэйшае, але й некаторыя гімназічныя настаўнікі. Вершы ёй пісалі…

І вось нарэшце мы ў рынак упіраемся. Помню яго застаўленым драўлянымі габрэйскімі крамкамі. Мяшчане ж прадавалі толькі абаранкі, пернікі, макоўнікі, талкачыкі грэчныя, гуркі ды іншую драбноціну… Йшчэ ў 1441 року кароль Казімір Ягелоньчык дараваў гораду Магдэбургскае права, а праз 200 рокаў кароль Ян Казімір яго пацвердзіў і надаў прывілей торгу на два дні ў тыдзень ды два кірмашы ў год. Пры мне на рынку былі два багатыя гандлёвыя дамы Ейны і Таўбэ. Пазней шчэ адзін адкрыўся — яго выйгралі па варшаўскай латарэі, і праз гэта называлі яго Скорабагатым… Во! Пра Ваньку ледзьва не забыў! Рускі купец Ванька наймаў на слуцкім рынку краму. Ён першы пазнаёміў случакоў з чаем і самаварамі! Дываны прывозіў, балыкі з асятрыны, футра вёз…

- А што гэта — балыкі? — Алесь упяршынь гэтае слова пачуў.

- Штось кшталту паляндвіцы нашай… Толькі з рыбы. Вой і смашная была! За дзень раскуплялі. На рынку й аптэка была… А далей, калі па той жа Віленскай трымацца, да старога Замка і дойдзем… Таемным, валадарным нечым ад яго праменіла… А на ўзвышку, бліжэй да цытадэлі — праваслаўны Сабор. Яго візантыйскі стыль не можа не зачараваць, сам Сабор не можа не ўразіць. Паглядзіце на яго здалёк — чым не старадаўні рыцар… па грудзі ў зямлі… магутныя плечы-дах сталёвай цвержай абцягнуты… зіхоткі шлем-купал на галаве… аркавыя вокны-прылбіцы… Як затрапеча вецер ліпы вакол яго — то і прымроіцца, што вось-вось сабор-рыцар узварухнецца, закрэхча — і на ногі ўстане! (Вярхоўскі зрабіў доўгую пярэрву і пачаў ужо, быццам час даганяючы, з іншага).

Самуэль Аскерка, пісар, а затым суддзя земскі, які за Яна Казіміра шведаў біў, збудаваў над Случчу, насупраць Замку, драўляны касцёл для бернардынцаў і кляштар. У 1815 року касцёл згарэў, і тады з добраахвотных складак пабудавалі ўжо мураваны касцёл… На тым жа мейсцы. А каля кляштару студня з чысцюткай вадою была. Агарод вялікі, сад, што славіўся грушамі бэрамі. Іх яшчэ бэрнардынкамі звалі, бэры ж — у скароце… Духмяныя, сакавітыя, ого! У Пецярбурзе ўдвая даражэй крымскіх ці іншых якіх каштавалі! А вывозілі садавіны са Случчыны колісь безліч — у год, бывала, на дваццаць пяць тысячаў залатых рублёў… Ага… Збіўся штось я. Гэта ж пра кляштар пачынаў… Пазней яго на казарму перарабілі… А йшчэ крыху вышэй ад рэчкі, к Замку, дзве царквы красаваліся… Уваскрасення Хрыстова і Святой Вялікамучаніцы Варвары. Шчэ далей — фара, ці рымска-каталіцкі касцёл парафіяльны… Ад храмаў тых вуліца да Астроўскай брамы вяла. Наўзбоч яе ліплі дамы гарадчукоў. Справа па ёй ацалелая царква Раства Хрыстовага стаяла. За ёй — драўляны касцёл Святога Духу. Калі мне рокаў з дваццаць пяць было… ужо пры новых маскоўскіх уладах… касцёл разабралі. І Астроўская брама пры мне існавала. Малымі на яе высокую вежу лазіць любілі… А з паўвярсты за брамай той могілкі пачыналіся. Праваслаўныя, з цэркаўкай, каталіцкія з каплічкай і кальвінска-лютаранскія… На ваколіцах, па капыльскіх і нясвіжскіх дарогах, і цяперака курганы высяцца. Лесам толькі паўросталі. Татарчукоў хавалі там. Казалі, што і пракаветныя курганішчы былі сярод іх… А за брамай прадмесце Востраў раскідвалася. Люднае колісь, вясёлае. Яго як удзельнае слуцкаму княжычу Аляксандру перадалі. Пры мне там ужо габрэйскія дамы й корчмы былі. Там і царква драўляная, яшчэ старых часоў, стаяла — Святых Канстанціна й Алены. Паблізу — дом мураваны, колісь ложа франка-масонаў. Там яны на сходкі свае тайна збіраліся… А яшчэ я не ўзгадаў пра Саборную царкву Святога Міколы Цудатворца, каля рынку… А за ёй, бліжэй да Капыльскай брамы — лютаранская кірха… Мураваную сінагогу збудаваў у Слуцку багаты купец Еўна. Апроч яе ў кварталах меншыя ціснуліся…

Калі ж край да Масквы забралі, на паўднёвай частцы горада імператар Павел І загадаў будаваць казармы для вайсковага гарнізону і астрог. Новыя пабудоўцы панаехалі… Калі ж пазней утрымліваць войска ў горадзе перасталі, у гмінах тых месціліся паліцыя, магістрат, кагал, павятовы й ніжні земскія суды, казначэйства… Астрог жа застаўся астрогам. Частка казармы да дому інвалідаў адышла, што ў войнах 1800 - 1815 рокаў пакалечыліся… Апекаваў іх капітан Шахуневіч, з літоўскіх татараў, пачцівы чалавек…

- А ці даўно ў вас татары з'явіліся? — пацікавіўся-дапытаў Ігнатоўскі.

- Ага… Татары аселі каля Слуцку тады, як і па ўсёй Літве-Беларусі. Слуцкія паўсталі з татараў-паланёнцаў. Дзеці іхнія вернымі новай Бацькаўшчыне сталі. З іх, татараў, і першыя палкі ўланаў збіралі. Слова ўлан — ад татарскага паходзіць… ох'лам, што значыць малагодак… І былі яны адважнымі, як выпадала, то й супраць аднаверцаў татараў біліся.

За вернасць і мужнасць князі нашы іх шляхецтвам адорвалі. У часіны ж мірныя яны займаліся земляробствам, коней, авечак разводзілі, скуры выраблялі.

- А цыганы ці былі на Случчыне? — зноў Ігнатоўскі абазваўся.

- Былі-былі… Толькі я йшчэ пра уланаў даскажу… У нас колісь цэлая ўланская дывізія стаяла. З чатырох палкоў складалася: польскага — мелі ягоныя ўланы гранатавыя мундзіры з малінавымі адваротамі, коні гнядыя былі, татарскага — адвароты ўжо белыя ды коні сівыя, літоўскага — аранжавыя адвароты, а коні — каштанавыя… І валынскі полк — рабыя адвароты й вараныя коні. Я так добра ведаю, бо і мой бацька ў палку літоўскім служыў. А ўзначальваў той полк палкоўнік Чачэнскі. У Слуцку жыў… Малым паняволілі яго на Каўказе, а празвалі так, бо й запраўды чачэнцам быў. Як падрос, паступіў на службу, храбра з французамі біўся… І йшчэ, помню, у палку ягоным дзяўчына афіцэрам служыла. А дысцыпліна строгая была. А коні! Як віхор, як агонь гізавалі!

На Шырокай, дзе начальнікі палкавыя жылі, і наша сям'я месцілася. Праўда, пасля Касцюшкавага паўстання павысылалі шмат добрых уланаў. Пакаралі і майго бацьку…

У 1825 року Аляксандр І праз Слуцак праязджаў. Месяц да сустрэчы той горад рыхтаваўся, усе дамы выбелілі… У ліпні было гэта. Дык начаваў, знаць, цар у доме начальніка палку ўланскага. Раніцай на літургіі ў Трайчанах быў. За ім — маршалак Непакойчыцкі з двума сынамі стаяў… З ягоным большым я ў гімназіі праз некалькі гадоў вучыцца пачаў… - Старац памаўчаў, а затым, як прачнуўшыся, зніякавела сам спытаў: - Дык пра каго вы пыталіся?

- Пра цыганоў. Ці былі яны ў Слуцку?

- Былі, сынку. Нат да места прыпісанымі. Мелі яны і караля свайго, які каля мястэчка Семежава жыў. Падчас пабору ў войска ён у Слуцак прыязджаў. У чырвоны контуш убраны, з пасам шырокім… Каўпак высокі з чырвоным верхам. Булаву ў руках насіў… Але не надта спяшалі цыганы ў рэкруты. У 1827 року бурмістра Слуцкага Плішку, пасланага цыганскі пабор праводзіць, з праламанаю галавою знайшлі…

Што йшчэ помню? За расійскім часам кіраваць Слуцкам прысланы быў першы гараднічы капітан Тычына… У 1827-м упяршынь у Слуцкіх школах увялі мову расійскую і ў ніжэйшых клясах… (Старац зрабіў пярэрву, адпачыў — і зноў абудзіўся). То я ж вам не дарасказваў пра Слуцак колішні! Пра новае мейсца забыў! Яно паўз левы бераг Случы ляжала. Да Новамейсцавай брамы ісці трэба было паўз млыны па мосце: вуліца тая прамой, як страла, была. Драўляны той мост і назву вуліцы даў — Мастовая. Абапал яе — шынкі й дамкі габрэйскія… Вуліца часта калёсьмі з'ядалася, і каляіны пяском наноў засыпаць даводзілася. Камянёў жа ў ваколіцах нашых не было, то вазілі іх здалёк. Таму і брукаванак у Слуцку толькі дзве зрабілі напачатку — Віленскую і Капыльскую вуліцы, а яшчэ і рынак уклалі… Ад Мастовай жа разліваліся Сенатарская ці Шырокая — на ёй гімназія стаіць, Юр'еўская — на ёй царква Святога Юрыя — ды Іванаўская. Юр'еўская вуліца йшла раўналегла Шырокай. На ёй і была знакамітая Пярсярня. Так звалі ў горадзе — я пэўна ўжо казаў вам пра гэта — вядомую па ўсім былым княстве і за ягонымі межамі фабрыку слуцкіх паясоў. Ткаліся яны з дарагога ядвабу, срэбра й золата… А далей, ажно да цытадэлі, што закрывала горад з усходу, шапацеў сад Радзівілаў… (Старац заціх, на вочы яго слязіна ўсплыла. Затрымцелі вусны — і раптам верш прагаварылі, - з Міцкевічаўскага «Пана Тадэвуша»…)

... пояс    зняу    з    яго    шырокі, літы
Работы слуцкай - кручаны і віты,
Золататканы з кутасамі шляк багаты,
А сподам чорна-серабрысты шоук у краты.
(Пераклад з польскай Пятра Бітэля)

(Старац агледзеў слухачоў і заспяшаўся дарасказваць). Пазней ангельска-французскія фракі нашы шляхецкія строі выціснулі, і Пярсярня спусцела. Хоць яшчэ за маёй памяццю па горадзе некалькі старых у пасах тых хадзілі… Сярод іх — і пан Барсук, адзін з уласнікаў Пярсярні слуцкай.

Запытаўся тады і Алесь у старца, і пытанне ягонае крыху нечаканым падалося:

- А што з мінулага вам найбольш у памяць запала?

- Ды ўсё патроху…. (Вярхоўскі ўсміхнуўся — і ўраз пасур'ёзнеў). Найбольш, пэўна, людзі… І пан Шаміса — сярод іх. Ён выкупіў у кляштара за казармамі й астрогам невялікі надзел. Казалі, што Шаміса з Францыі прыехаў… Нямецкі ўніверсытэт скончыў… Моў шмат якіх ведаў. Былі ў яго вялікая бібліятэка ды збор медалёў розных. Кляштару мусіў плаціць штогод па 10 рублёў. Месца ж тое раней пустым і балацяным было, дык Шаміса агарод рассадзіў, аранжарэю вялікую. Кветак розных незлічона расло ў яго ледзь не круглы год. Паўднёву частку надзела дрэвамі абсадзіў. Для асушэння зямлі сваёй сажалку выкапаў, а з пяску вынятага так званую Слімакову гару ўссыпаў. А які краявід на Трайчаны з той гары адкрываўся! Думалі, што багацце несканчонае ў Шамісы, а як памёр — выявілася, што ўсе грошы свае ён на кветкі і звёў… Шчаслівы чалавек! Ну а глыбей за ўсё ў памяці няшчасці засядаюць… Малым зусім быў, а, здараецца, ажывае ў памяці: ноччу раптам званы паўсюль загаласілі! Павыбягалі ўсе мае на вуліцу, а неўздалёк зараніца скрозь цемрыву прарываецца… Погалас мільгнуў: гарыць езуіцкі касцёл і суседні квартал! Толькі пазней даведаліся, што кальвіны, якім перадалі будынак езуіцкай бібліятэкі, даручылі сваім вучням кнігі езуіцкія й старыя школьныя сшыткі паліць. Ну, а шкаляры дзеля забавы, падпаліўшы — ноччу агністымі птушкамі з ветрам у акно й пускалі іх… Адна кніга на дах касцёльны і ўпала. Пажар увомірг усчаўся — страшэнны! А прыгожым вельмі ж касцёл той быў, з пяццю купаламі… На папялішчы ягоным пазней тры дамы ўзвялі, у якіх гімназічныя настаўнікі жылі… А яшчэ мы да цытадэлі на ўскраек горада бегаць любілі. Яна Слуцак з поўначы колісь мацавала. Чатыры бакшты, ірвы з вадою… Паміж рэчкай і цытадэляй ішла дарога, Уцечкай празваная. Цытадэлю, калі яна фартэцыяй Рэчы Паспалітай была, за кошт Радзівілаў пушкамі ўзброілі. Вялікі пограб парахавы з каменю выклалі. А пасля паўстання 1831-га паліцыя загадала пушкі тыя ў Случы затапіць… Баяліся, знаць… Лепшыя ж, некалькі й бронзавых, у Бабруйск у цвержу-замак даставілі, а таксама і ўглыб Расіі пазавозілі…


А якія людзі з краёў нашых павыходзілі! Па напісанаму ў Слуцку падручніку рыторыкі Ламаносаў вучыўся! Ян Каменскі цаніў высока педагогаў слуцкіх, запазычыў у іх шмат чаго… А Адам Плуг! А Сыракомля! А Хадакоўскі! А Янушкевіч Адольф, у Сыбір выгнаны й у «Дзядах» Міцкевічаўскіх увекавечаны! У Слуцкай духоўнай семінарыі вучыўся Павел Шпілеўскі — як на другім курсе быў, даслаў ён у Расійскую акадэмію складзены слоўнік беларускай мовы. Даследаванні затым па нашай народнай творчасці пісаў, і апавяданні таксама… А граф Бандынэлі, ён жа пісьменнік наш Альгерд Абуховіч! Які чалавек быў! Золата ў ягонай далоні мутнела! І дзесяткі іншых!..


«Зноў і зноў вяртаючыся ў тую восень 1920 года, і задумваюся, і адказу шукаю: чаму менавіта Случчына распаліла найбольшы вагонь барадзьбы за сваю волю? Так, яшчэ ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя Слуцак заставаўся адным з асяродкаў беларускага нацыянальнага жыцьця. Да 1840 года ў ім знаходзілася кіраўніцтва беларускай праваслаўнай царквы, галоўная духоўная сэмінарыя, цар-звон. Ажно да самага падпарадкаваньня Маскве Случчына адстойвала сваю самастойнасьць ад расейскай імперыі. Барадзьбу супраць апалячваньня яшчэ з XVII стагодзьдзя вяла слуцкая княгіня Соф'я Алелькаўна. Ажно з 1617 года ў Слуцку працавала гімназія — старэйшая на Беларусі. Альгерд Абуховіч вучыўся ў ёй, а затым адукоўваўся ў Жэневе, Парыжы — і ў 1863 годзе стаў паўстанцам. Паўстанцкія атрады дзейнічалі на поўначы Случчыны — менш забалочанай, лясной… Абуховіч, зьезьдзіўшы ўсю Эўропу, зразумеў, што на свёй зямлі — найлепей, — толькі вольнай зямлі. І ваяваць за яе волю прыехаў. І ў «Ваўкалаку» сваім напісаў: «Хоць галодзен — я свабодзен… На свабодзе прападу, А ў няволю — не пайду!» Дзед жа ягоны, Юзаф, шамбелян-камэргер польскага двара, быў жаўнерам пад Касьцюшкам…


А да ўсяго — легендамі перадаваліся, ад дзядоў да ўнукаў расповеды пра самастойнае Слуцкае княства..


А пры бальшавіках пачала зьнішчацца нават памяць пра ўсё гэта. Разабралі Трайчанскі манастыр — цэнтр праваслаўя на Беларусі. Старадаўнія — дарагія і рэдкія — кніжкі з манастырскай бібліятэкі пакідалі ў дамавіны, вынесьлі на бераг Случы й спалілі… Зьнішчалі й прыватныя архівы. Бібліятэка і рукапісы Абуховіча захоўваліся ў Слуцку ў доме Хведаровічаў. Дом купілі пазьней Барташэвічы. Хтось скляпаў данос, што ў Барташэвічаў ёсьць золата. Зрабілі вобыск, знайшлі шмат каштоўных карцін. Абуховічавы аркушы, сьпісаныя беларускай лацінкай, бальшавікі палічылі польскімі — падагналі балагольскую падводу й разам з бібліятэкай вывезьлі — і да сёньня невядома куды. Мо на той жа бераг Случы…

(З запісаў Алеся Ваяра).


З прачыненых дзвярэй слуцкага Палаца культуры вухнула музыка. Напалохала, стужку ўспамінную абарвала. Як колісь хлапчуком, яму няўсцерп захацелася збегчы ўніз — ад фарнага месца, дзе знаходзіўся зараз, — старым бернардынскім садам — да рэчкі. Але ў лагчыне заместа рэчкі застываў цяпер брудны раўчук, там, дзе бэры-бернардынкі раслі, - хмыз узяўся… Ды і сілы ў яго самога былі не колішнія!


Устаў цяжка, нават іскры чагось у вачах забліскаталі. Горача зрабілася, млосна. Калі паволі вярнуўся да аўтобуса, штось ногі цяжкімі сталі, і пад сэрцам як варам апякала, зноў нездаровілася сэрцу ягонаму… Убачыў, як у Вайніловічаў дом людзі ўваходзілі…


З'езд Случчыны

Паміж калонамі дома Вайніловіча, што стаяў непадалёк ад гімназіі, нацягнуты бел-чырвона-белы сцяг, і нават такі ж, як і сёння, няўрымцісты вецер не мог яго варухнуць.

Апоўдзень. Вялікая зала перапоўнена. Пасланцы ад усіх 15-ці валасцей — за сто дваццаць чалавек — расселіся ўперамешку. Гамана сціхла, як заспявалі беларускую марсельезу.

Ніхто ня дасьць самохаць волі -
Ні бог, ні цар, ні багатыр,
Даб'емся самі лепшай долі…
Дабро для ўсіх — наш правадыр!..

Спяваць, канечне, маглі не ўсе, але праз хвілю ўсе першыя рады падстройваліся пад матыў і спрабавалі падцягваць.

Затым сталі выказвацца за прэзідыум з'езда. Патрапілі ў яго і Васіль Русак (яго абралі нават старшынёй), і Павел Жаўрыд, і Пракулевіч. Сакратаром даручылі быць Уласу Дубіне. Паўлюкевіч, старшыня новага Нацыянальнага камітэта, апратэставаў такі склад, ды большасць перагаласавала за тых жа людзей.

Пад трыбунаю за доўгімі шторамі назбіралася — як вераб'ёў — дзетвары. Сталі вытурваць малых — ды дзе там! Аднаго адцягнеш да дзвярэй, а двое тым часам уплішчацца. Так змірыліся і з малалетнім «прадстаўніцтвам».

З дазволу старшыні першым на трыбуну ўзышоў Павел Жаўрыд — у модным чорным паліто, з тонкім белым шалікам. Тэатральна дастаў з левай кішэні паперчыну, узняў над галавою.

- Шаноўныя дэлегаты! Мушу напачатку паведаміць аб тым, што я, Павел Жаўрыд, урадам Беларускай Народнай Рэспублікі, яе Радай, назначаны камісарам Случчыны. Вось дэкрэт, які дазвольце зачытаць…

Гучныя воплескі ўадначас і адказам Жаўрыду былі, і спантанным выяўленнем падтрымкі і падпарадкавання ўраду БНР.

Пачаліся выступленні дэлегатаў. Найбольш уціснулася ў памяць прамова селяніна з вёскі Набушава Цімы Плішкі.

- Вось мы тут многа балакалі пра жыццё… — Ён зрабіў паўзу, ляпнуў па прымусоленай кішэні кабаціка (так рабіў, калі хваляваўся.) — А мне, прызнацца, думаецца: не ў тым дзела, што кабыла бела, а што воза не бярэ… — І задаволена ўсміхнуўся, датлумачыўшы: — Канешне, дэкрэты вашы патрэбны, ды толькі ж самім… рукамі сваімі… парупіцца трэба. — І зноў па кішэні далонню правёў, як правяраў там штось. — Мы страна маленькая, самі ўправімса з усім… Ні трэба нам вялікіх ды чужых палітыканаў Вітэ! Бо ж калі і належыць плаціць падаткі, то яно лепш свайму начальству, свайму правіцяльству. А то ж бо са сваімі раквізіцыямі й развёрсткамі хлявы ўсе нашы паразвёрствалі! Суседзі называюцца! — Раптам позіркам двух палякаў-вайскоўцаў, прадстаўнікоў палкоўніка Ясінскага, выхапіў, збіўся. — Дык вот… Зямлі, кажу, хопіць нам. І на чужое ратоў не раззяўляем… Вота сустрэўса я сёння тутака, у горадзе, з адступленцам адным ці дзезярцірам… Дык казаў той, што ў іх там, за Смаленшчынай, як палякі былі іх зноў адваявалі… то тады й паны пазвярталіся. А маёнткі ж іхнія — фьюць! — парабавалі, свае ж парабавалі… А ў нас жа, браткі, вось з Вясеі з'ехаў быў у васемнаццатым пан. Дык што ж вы думаеце — па звароце ўсё, як і кінуў, атрымаў… - І Ціма зноў усміхнуўся блазнавата. — Хіба што мае пчолы трошка мёду з ягоных ліпаў назбіралі… То ж я ўсё, браткі, да чаго вяду? Трэ нам воза свайго ўсім разам цягнуць. — Ціма колькі разоў кіўнуў галавою і паклэпаў да свайго месца, там пот з ілба выцер, суседу ціха прашаптаў: — Во ліха, ажно ўзагрэўса, гаворачы, — кабат пакратаў (даўно ўжо насіў яго, нават летам не знімаючы; жонка ўжо некалькі разоў наноў сукняй перацягвала ягоную аўчынку, не вытрымлівала тканіна, рвалася, абцёпвалася па краях, першай, канешне, кішэнька нашытая аддзіралася, а аўчынка хоць бы хны, вось што значыць — самому вырабіць, кіслатою не спаліць…). — Ды хай сабе… Ад цяплосці, кажуць, не баляць косці…

І яшчэ выбіўся з усіх выступ палкоўніка Язэпа Булак-Балаховіча, «бацькавага» брата. Якіх толькі гораў залатых не абяцаў, якія планы вымалёўваў! І капітан Антон Самусевіч у зале быў (конны полк арганізоўваць меціў). Ды не клалася Балахоўская карта на Случчыну. З'ездам кіравалі эсэры (той жа Русак), а законным яны прызнавалі толькі Ковенскі ўрад БНР на чале з Ластоўскім. Апошні аб'явіў Балаховіча ворагам беларускага народа…

І яшчэ… Паводле апошняга дарэвалюцыйнага перапісу ў Слуцку жыло 3,6 % палякаў, 7,7 % расейцаў, 16,8 — беларусаў і 71,4 габрэяў[10]. А кожнага латочніка і крамніка слуцкага дрыжыкі бралі пры адной згадцы пра Балаховіча… Беларусаў жа ён насцярожваў тым, што то да маскоўцаў, то да палякаў (як цяпер) занадта хінуўся.

І адхілілі на з'ездзе случакі прапановы Язэпа Булак-Балаховіча аб дапамозе «бацькавай»…

А пад канец дня група Паўлюкевіча і Мацэлі (са сваім праектам аўтаноміі Случчыны ў межах Польшчы яны так і не высмеліліся выткнуцца) стала агітаваць супраць прэзідыума з'езда.

- Далоў бальшавікоў са сцэны!

- Паспыталі ўжо іхніх казак!

- Далоў… - бухнула колькі вокрыкаў.

Вечарам палякі арыштавалі старэйшага Асьвяцімскага. Зноў даручылі Жаўрыду дамагацца ягонага вызвалення. Праз дзве гадзіны Асьвяцімскі ўжо быў у доме Вайніловіча. Расказваў, што яго вось-вось павінны былі пад канвоем вывесці са Слуцка…

Назаўтра (працу пачалі зранку) прагучалі прамовы пра бессэнсоўнасць ваеннай акцыі, якая, маўляў, мусіць прывесці толькі да кровапраліцця і рабавання краю.

Бусел (нельга было не адзначыць, што за гэтыя год-два ён з бесклапотнага неўтаймоўнага Клекатуна перарос у гаваруна памяркоўнага, самавітага) паспрабаваў назначыць «залатую сярэдзіну»:

- Думаю, ні трэба нам у крайнасці кідацца. Правільна, з ражном на мядзведзя йсці — ці разумна? Але ж калі ён хату тваю па бервяну раскідваць стане?! Дык вось да чаго звярынец гэты я вам гараджу — войска сваё збіраць нам трэба. І калі давядзецца бальшавікам Слуцак заняць — у той жа дзень правесці ў горадзе вайсковы парад…

Зала зашапталася, затым гул узняўся. Гэты наіўны праект нечакана падтрымаў Паўлюкевіч.

- Мы за народную міліцыю, моцную, дзеяздольную. Толькі — правільна! — моцу сваю трэба прадэманстраваць, а не выкарыстоўваць у бойках…

Тады ж аб'явілася новая дэлегацыя ад Булак-Балаховіча. Разагрэтыя пасланцы адразу ж на сцэну ўскочылі (боты, пэўна — так задумана было) ад пылу дарожнага не абцерлі яшчэ. Прэзідыум запярэчыў: «Трэба запісацца ў чаргу, як і ўсім».

Тыя — прама да з'езда з просьбай тэрміновага выступу.

Парадак дня перарваўся. Сход, калі даведаўся, што гэта дэлегацыя ад Балаховіча, нечакана выбухнуў авацыямі… Даклад Астроўскага (ён і другі раз выправіўся да «бацькі») слухалі ўважліва: Балаховіч беларус паходжаннем і духам, ідзе з лозунгам незалежнай Беларусі («Зямлю і волю сялянству!»), войска яго вялікае… Самусевіч паведаміў аб тым, што Балаховіч даручыў яму фармаваць на Случчыне полк, што ўжо і «асігноўка» вылучана. Доўга зачытвалі пракламацыі й дэкларацыі Балаховіча, Савінкава і Беларускага Палітычнага Камітэта.

- Ды добра, добра!.. — перарваў нецярплівы голас (ці не Плішкі?). - Вы скажыця лепш, колькі людзей у вашага вайскаводцы?

- Народная добраахвотніцкая армія Балаховіча сёння налічвае шэсцьдзесят тысячаў чалавек. Усе добра ўзброены, з багатай амуніцыяй.

- А арцялер'я?..

- Ёсць! Ёсць, дзядзька, і «арцялер'я», і конніца. Браняпоезд нават ёсць.

Сход загуў, а задаволены Самусевіч распавёў пра саюз Балаховіча з Расійскім Палітычным Камітэтам Савінкава і беларускім урадам — Беларускім Палітычным Камітэтам на чале з Адамовічам і Алексюком.

«Вот табе й на! — кальнула тады Алеся. — Вось і ўсплыў Аляксюк! Ды яшчэ й кім! І яму давяраць Случчыну? Пасля таго, што адбылося ў Вайсковай Камісіі?..»

Алесь хацеў папрасіць слова, але на сцэну ўзышоў Жаўрыд. Счакаў, пакуль усталявалася цішыня, і пачаў гаварыць спакойным, мядзяным голасам:

- Урадам БНР, Найвышэйшай Радай, я прызначаны камісарам на ўсю Случчыну. І ўся ўлада належыць тут толькі ўраду БНР. І ўзброеныя сілы, якія сфармуюцца на тэрыторыі нашага павета, падпарадкоўвацца будуць толькі Беларускай Народнай Рэспубліцы. — Жаўрыд агледзеў залу: слухаюць уважліва, зацікаўлена. — І нам не патрэбна дапамога ні Балаховіча, ні Савінкава, ні Алексюка, жуліка, які проста спекулюе беларускім пытаннем!

Як ні дзіўна, сход ізноў выбухнуў гучнымі авацыямі.

«Вось табе і «няграматны» Жаўрыд, які й па-беларуску з цяжкасцю гаварыў!.. Як урэзаў! Ну малайчына…», — Алесь, узбуджаны, пляскаў ажно да болю ў далонях.

Разгарэліся спрэчкі: усё ж прызнаць Случчыну часткай БНР ці абвясціць яе незалежнай рэспублікай (за апошняе выказваліся нават палякі, якія хацелі мець перад Расіяй нават два «буферы» — БНР (ці БССР) і «Слуцкую рэспубліку»).

Склалі два тэксты рэзалюцыяў сходу — Жаўрыда і Паўлюкевіча. Ніводная большасці галасоў не атрымала, сабраўшы амаль па палове прыхільнікаў. Тады вырашылі проста рэзалюцыі тыя злучыць.

Зачытаў канчатковы тэкст Васіль Русак:


«Першы Беларускі Зьезд Случчыны, скліканы ў ліку 107 асобаў, вітае Раду Беларускае Народнае Рэспублікі і заяўляе, што ўсе свае сілы аддасьць на адбудову Бацькаўшчыны… Зьезд катэгарычна пратэстуе супраць заняцьця нашае Бацькаўшчыны чужацкімі і самазванчымі савецкімі ўладамі.

Хай жыве Вольная, Незалежная Беларуская Народная Рэспубліка ў яе этнаграфічных межах!»


З'езд абраў Раду Случчыны, якой даверыў усю ўладу, а таксама права фармавання войска. У Раду ўвайшло 17 асобаў: Жаўрыд, Паўлюкевіч, Мацэля, Дубіна, Русак, Раковіч, Радзюк, Сасноўскі, Біруковіч, Лістапад, Анцыповіч, Пракулевіч, Рабы, Кабычкін, Калпак, Мяшочак і Неронскі. Кандыдатамі сталі Бусел і Урбановіч.

Выказаліся і за неадкладную падрыхтоўку збройнага змагання. Вечарам некалькі дэлегатаў раз'ехаліся па вёсках у Грозаўскую, Грэскую, Нараўскую, Раманаўскую, Чапліцкую, Быстрыцкую, Старобінскую, Вызнянскую, Капыльскую, Цімкавіцкую і іншыя воласці — агучваць мабілізацыю.

Назаўтра Рада абрала прэзідыум. У яго ўвайшлі Паўлюкевіч, Жаўрыд, Мацэля, Русак, Біруковіч, Сасноўскі і Пракулевіч. Апошні стаў старшынём Рады. А яшчэ праз два дні Рада выдала дэкларацыю (складалі ўсе разам, запісваў начыста Русак):


«У мамэнт самавызначэньня ўсіх народаў і змаганьня іх за сваю самастойнасьць і свабоду, Беларуская Рада Случчыны, выконваючы волю сялянства, паслаўшага яе і даверыўшага ёй абарону незалежнасьці нашай Бацькаўшчыны Беларусі, заяўляе ўсяму сьвету аб асноўных дамаганьнях беларускага сялянства:

1. Беларусь павінна быць вольнай, незалежнай рэспублікай у яе этнаграфічных межах.

2. Абвяшчаючы аб гэтым і зьяўляючыся выразіцелькай волі народу, Слуцкая Рада дэкляруе цьвёрда стаяць за незалежнасьць роднае Беларусі і бараніць інтарэсы сялянства ад гвалту з боку чужаземных захопнікаў.

3. У выпадку патрэбы, Слуцкая Рада будзе бараніцца нават сілаю аружжа, нягледзячы на лічбавую перавагу ворага.

Мы верым, што наша справа ёсьць справа праўдзівая, а праўда заўсёды закрасуе!»


У павеце ўжо не верылі ў магчымасць аднаўлення польскай улады. Страшнай падавалася случакам і ўлада савецкая… З усходу не толькі горкі дым бежанцы й дызерціры, што йшлі праз вёскі й мястэчкі, даносілі… Злосны восеньскі вецер і жар вялікага полымя нёс цераз прыціхлыя палеткі й лясы — і цень бяды ад попелу ягонага… Сялянства душылася ў харчразвёрстках, скрушныя звесткі даходзілі аб пагалоўнай мабілізацыі й расстрэлах «отказннков». І случакі пачыналі бараніцца стыхійна. А тут яшчэ Мацэля, начальнік народнай міліцыі, праінфармаваў Нацыянальны камітэт аб шматлікіх паўстаннях на Меншчыне супраць Саветаў — пад Барысавам, Лагойскам, Плешчаніцамі[11].

І мора народнага гневу разлілося нарэшце па ўсім краі — захлынула і вёскі, і горад…

* * *

Сустрэліся яны ў Беларускім доме. Ядвігін Ш. зайшоў напачатку ў рэдакцыю «Беларусі» — да Лёсіка, свайго зяця. Там жа і дачку за карэктураю заспеў. Ад нечаканасці Ванда пусціла слязу, а затым пачала дакараць бацьку:

- Як жа так? На месяцы знік… Ні слыху, ні дыху! Усяго перадумалі. Час жа які! Схуднеў вунь, барада адна…

- Ну-ну… Нічога. Не цяжэй, чымся вам тут… А ты што гэта, зяцю любы, дзеўкі маёй не шкадуеш? Вечар амаль, а на працы сядзіцё…

- То ж вас чакалі! Нібыта й адчувалі… Ды й з газэтаю, па-праўдзе, дастаецца… Але з такое нагоды — канец і рабоце. Хадземце на пачостку!

А ў калідоры з Купалам сустрэліся і на вячэру да сябе павялі. Вячэра ж да ночы зацягнулася: было пра што пагаварыць даўнім знаёмцам-сябрам. Больш Ядвігін Ш. расказваў. Не знік на месяцы ён, а, як і ўсе, «Беларуссю займаўся». Пра Балаховіча доўга гаварыў.

- На сёння я — сябра Беларускага Палітычнага Камітэта, якому Балаховіч перадаў уладу на вызваленых тэрыторыях… — Гэта, бадай, найбольш з усяго сказанага ім уразіла і здзівіла.

І тады Купала спытаў:

- Ты, братка, адтуль бліжэй быў… Што там у Слуцку робіцца?

- У Слуцку цяпер Беларусь адраджаецца! — і Ядвігін Ш. адклаў відэлец, так і не паеўшы за размовамі як след. — З'езд правялі. Пра далучэнне Случчыны да БНР абвясцілі. Войска сваё цяпер збіраюць. Во як! — Прыхінуўся бліжэй да стала і мовіў ужо цішэй: — Больш таго скажу вам… Даручана мне самому ў Слуцак наведацца. Думаецца, супраціў беларускі аб'ядноўваць трэба.

- А ці ўдасца гэта? — Лёсік, бачна было, не падкупіўся на цесцяву апантанасць. — Ластоўскага з Балаховічам аніякая сіла й супраціў не звяжуць. Хоць урад першага яшчэ 27 кастрычніка звярнуўся да краінаў Балтыі з ідэяй Чарнаморска-Балтыйскага саюза і падкрэсліў пэўна, што не спыніць барацьбы за незалежнасць. А гэта ж, па-сутнасці, фактычна аб'яўленне вайны і Польшчы, і Савецкай Расіі!

- Хто яго ведае… Але ж і паасобку дабра ня будзе, — Ядвігін Ш. прызадумаўся, відно, не чуў яшчэ пра ход Ластоўскага.

- А калі ты ў Слуцак збіраешся? — Купала штось надумаў: выдавалі вочы.

- Заўтра.

- Мяне з сабою возьмеш? — і падміргнуў Ядвігіну Ш., праз невялікую пярэрву, ловячы неўразуменне гаспадароў, дадаў: — Сяброў наведаць хочацца. Ды і ліст яны даслалі нядаўна ўзрушлівы…

А потым прыбег Янка Кастравіцкі, Каганцоў сын. Заходзіў да Купалы (Луцэвічы апекавалі хлопца, часта да сябе запрашалі), пачакаў з паўгадзіны, а тады Купаліха занепакоілася: дзе ж гэта поначы яе Янка знік? І тады Янка малодшы і напрасіўся Купалу пашукаць. Паўгорада аббегаў — і вось знайшоў такі.

Малодшаму Кастравіцкаму і Ядвігін Ш. узрадаваўся, не паверыў напачатку, што сын Каруся Каганца ўжо такім вялікі стаў.

- Дажыў бы бацька — во б радасці яму было! — не ўтрымаўся, абняў Янку.

Правялі гасцей, а сон не браў. Першым Ядвігін Ш. азваўся:

- Як думаеш, — гэта да Лёсіка, — сур'ёзна Купала ў Слуцак намерыўся?

- Ён і дагэтуль часта случакоў згадваў. А што? — Лёсік пачаў адчуваць штось нядобрае.

- Дурань біты я, вось што! Там жа вайна! У войска запісваюцца… Пад Капылём роту бальшавікоў паланілі. Ахвяры ёсць… А я ў тое пажарышча — Купалу вязі!..

- А самі?!.

- Я што… З мяне ўзяткі ўжо гладкі. А ён пісаць павінен, а не страляць. Пісаць!.. — Памаўчаў, а калі ўжо змора да падушкі хінуць пачала, сказаў — як адрэзаў: — Ён застанецца ў Менску!

Прачнуўся Ядвігін Ш. зранку, на вокнах яшчэ змрок лістападаўскі й не думаў ападаць. Разбудзіў Язэпа, збірацца стаў. Паднялася спешна і Ванда.

- Знацца, так. Я раптам вырашыў ехаць у Вільню… Так скажаш Купалу. Сам жа на Случчыну паўсталую ягонай паездкі не дапусці! Са скуры выўюньвайся — а не дапусці. Калі не палякі дарогай затрымаюць, дык бальшавікі схопяць. І — не пра яго кажучы — як дызерціра якога стрэльнуць. Купалісе ў вуха ўвядзі пра ахвоту Янкаву. Прыпалохай. Хай і яна пільнуе… Хто ж у нас застанецца, калі Купалы ня будзе?!

Праз паўгадзіны развітваліся. Вандзе вырашылі пра Слуцак не расказваць.

- А самі ж як праберацеся? — знайшоў момант, калі засталіся сам насам, запытаць Лёсік.

- То ў мяне ж дакуманты і для адных, і для другіх ёсьцека! Добрыя дакуманты, хоць і робленыя… — Ядвігін Ш. абняў зяця, гарэзна ўсміхнуўся, крыху прыхаваўшы хваравітыя ацёкі пад вачыма, прайшоў да дачкі — і, моцна прыхінаючы да грудзей, пацалаваў…


«…Пра Ядвігіна Ш. — Антона Лявіцкага — напісана шмат. Аднак нават калі сабраць усе да каліва публікацыі — не вымалюецца постаць гэтага чалавека:

постаць пісьменьніка, які ад першых твораў па-польску ўзрос да пачынальніка беларускай прозы, да аўтара вядомых зборнікаў апавяданьняў «Бярозка» й «Васількі», аўтара першага беларускага рамана «Золата»;

постаць настаўніка беларускага руху, які сам вучыўся ў доме Дуніна-Марцінкевіча а затым дапамагаў парадамі Янку Купалу (Карпілаўка Ядвігіна Ш. была побач з Вязынкай), напісаў першую рэцэнзію на ягоную «Жалейку»; падчас рэвалюцыяў накіроўваў у сваю Карпілаўку беларускіх дзяцей-сірот; апекаваў і нас, колішніх слуцкіх гімназістаў;

постаць змагара, які — не скараючыся хваробам — ад барадзьбы словам перайшоў да збройнай барадзьбы;

постаць працаўніка беларускага друкаванага слова; быў сакратаром, загадчыкам літаратурнага адзьдзела «Нашай Нівы», тэхнічным рэдактарам «Сахі» Аляксандра Ўласава і Цёткавай «Лучынкі»;

постаць гаротніка, якому лёс ад часу студэнцтва дакляраваў адно цяжкасьці і супраціў (за ўдзел у хваляваньнях моладзі ў 1890 годзе Антона Лявіцкага, студэнта медыцынскага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта, кінулі ў Бутыркі, і — як «злоснага» — у адзіночку); пасьля адсідкі й выключэньня з універсітэта прыехаў у Карпілаўку — праз некалькі дзён памёр бацька, згарэў бацькоўскі дом; жаніўся, аптэкарыў у Радашковічах, ачольваў радашковіцкую краму, напісаў драму — і «прагарэў» на крамніцтве, захварэў, а пастаноўку драмы — забаранілі; пасьля Слуцкага чыну й падзелу Беларусі — лекаваўся, падзарабляў літаратурным рэдактарствам у выданьнях Паўла Алексюка а ў 1922 годзе памёр — у тузе і нястачы…

Але найбольш і знаёмы мне, і блізкі Ядвігін Ш. сваёй постацьцю шукальніка. Гэта ён першым з беларускіх творцаў задумаўся над гэтым неадчэпным «Чаму?». Чаму прыгнёт, чаму галыдзьба, чаму нацыянальны нігілізм-бяспамяцтва?.. І хварэў ён найперш гэтым запытаньнем, і яно яго, урэшце, і ўвяло ў магілу… А да таго — падштурхнула саракагадовага Ядвігіна Ш. да чорнай п'янкі (падчас працы ў «Нашай Ніве»), гэта яно павяло ў траўні 1910 года ў пяцьсоткіламэтровую вандроўку па Беларусі, а на схіле веку паклікала ў ваяры за незалежнасьць краіны і люду.

Як пісьменьнік алегарычны, прытчавы, Ядвігін Ш. ужо ў першай працы — перакладзе з рускай апавяданьня Гаршына «Сыгнал» (пераклад зрабіў у Бутырскай турме) — спрарочыў сабе лёс. Ён, як і герой «Сыгнала» Сямён (які афарбаваў сваёй крывёй хусьцінку і пабег насустрач пасажырскаму цягніку, каб папярэдзіць трагедыю-аварыю), сваёй крывёй намагаўся-высільваўся папярэдзіць трагедыю-скрушэньне беларускага народа, напрыканцы жыцьця стаў партызанам-ваяром, — каб Беларусь не рынулася пад аткос гісторыі…»

(З запісаў Алеся Ваяра).

* * *

8 лістапада войска Булак-Балаховіча рушыла ў наступ і прарвала абарону 16-й Чырвонай арміі. Ззаду ўжо быў Пінск, дзе ўдалося паланіць дзве з паловай тысячы чырвонаармейцаў і захапіць багатыя трафеі. У руках неўтаймоўнага генерала былі ўжо Мазыр і Калінкавічы, Рэчыца…

У Мазыры генерал-бацька абвясціў пра стварэнне Беларускай народнай арміі і склаў свой «урад БНР» на чале з Мечыславам Адамовічам. Ягоным намеснікам і міністрам замежных спраў назначаўся Павел Аляксюк. А дагэтуль, у Тураве, 7 лістапада, Булак-Балаховіч урачыста перадаў вызваленую ад бальшавікоў тэрыторыю Беларускаму Палітычнаму Камітэту, створанаму на пачатку кастрычніка ў Варшаве, камітэту, у склад якога ўваходзілі Аляксюк, Адамовіч, Міткевіч, Ядвігін Ш. ды іншыя. З прапановы гэтага ж камітэта Булак-Балаховіч абвясціў сябе начальнікам беларускай дзяржавы і выдаў некалькі «загадаў»: аб'явіў пра роспуск урадаў БНР (Ластоўскага ў Коўне, Луцкевіча ў Варшаве) і савецкага ў Менску. Атаман-бацька «падпісаў» незалежнасць Беларусі, а сябе прызначыў галоўнакамандуючым усімі беларускімі збройнымі сіламі. Да ягонага ўраду далучыліся Язэп Сянкевіч — міністрам фінансаў, гандлю й прамысловасці, палкоўнік Бяляеў — вайсковым міністрам, і Радаслаў Астроўскі, які стаў міністрам асветы.

Частка Балаховічавага войска накіравалася на Оўруч і Чарнобыль, асноўная ж група ўкліньвалася ў землі Беларусі. «Начальнік беларускай дзяржавы», насуперак Савінкаву, не падтрымаў «вызваленчы паход на Маскву» і склаў з сябе паўнамоцтвы вайскаводцы Рускай добраахвотніцкай арміі — перадаў іх свайму брату палкоўніку Язэпу Булак-Балаховічу (які неўзабаве стаў генералам). За тыдзень з добраахвотнікаў сфарміраваўся Сялянскі партызанскі аддзел…

Разам з заліхвацкай славаю атамана-генерала каціўся па краі й ліхі почут. Па мястэчках адно й казалі, што пра габрэйскія пагромы балахоўцаў. «Бацька» станавіўся звычайным бандытам?

Але ж чым тады растлумачыць існаванне ў войску Балаховіча цэлага «гэбрайскага швадрону» паручніка Цэйтліна? Ці тое, што ў Тураве «бацька» перадаў цывільную ўладу габрэйскай абшчыне? Ці не вешалі ўсіх блох на генерала? А мо й увагі ягонай на дзействы ўсіх падначаленых не хапала…[12]

Але ж сведчылі й іншае…

Невялічкая вёска на Мазырскім шляху. Зрабаваная, панішчаная — бо на вачах усіх, хто са стрэльбамі праходзіў. Бестурботная дзятва высыпала з двароў падзівіцца на калоны вайскоўцаў… Балаховіч паперадзе — і не можа не бачыць хлапечых апухлых з голаду жыватоў… Як і пякучых позіркаў мацярок — з-за платоў, шыбаў… Паклікаў да сябе дзеда, што сонна сядзеў на прызбе, саскочыў з каня.

- Голад, кажаш, бацька… То трымайце падарунак мой атаманскі! — пайшоў да спешаных коннікаў, сустрэўся вачыма з Гаўрылевічам: — Нутка!.. — і кабылу ягоную за аброць тузануў… Падвёў да дзеда. — Жывога дам, то ні ў жызні на мяса не пусціце. Да вясны зберажэце, каб араць… То я сам, — і наган з кабуры павольна выцягнуў, рулю да кабылінага вуха прыставіў — і нечакана адступіў… Прама ў душу ягоную, падалося, прапякліся кабыліны вочы — глыбокія, разумныя. І тады Балаховіч абышоў кругом, крутнуў галавой: — Нічога сабе! Дзе гэта ты, Гаўрылевіч, лашыцу такую адхапіў?! — І прыстрэліць для вяскоўцаў загадаў ардынарцу іншага каняку.

А праз дзень кабылу ў Гаўрылевіча ўсё ж адабраў — сабе прыхаваў…

* * *

Няйначай на хутары быў хтось чужы. І меркавалі яны — Сцёпа Гаўрылевічаў і вольны бяззубы казак Шлындзікаў — так не толькі па заходзістым сабачым брэху: на вуліцу, бачылі, ніхто з хутаран не выкоўзваўся. Са старога дзікага вішанніку на мяжы агародаў яны яшчэ крыху паназіралі за панадворкам і, прыгінаючыся да ўзаранай і прамерзлай зямлі, подбежкам кінуліся да хлявоў.

Аддзел самазванага бацькі Хведашчэні, кіруючыся ў Слуцак, запыніўся ў кіламетрах пяці ад гэтага ляснога хутара. Іх жа, збройных залётнікаў, выправілі «разгледзець шлях». (Гаўрылевіч выкраў у Балаховіча свайго каня і ноччу збег. «На мой век бацькаў хопіць!» — думаў, калі праз тыдзень далучыўся да Хведашчэні). Перціся ў няблізкі свет, зразумела, не было ахвоты, ды вось насцярожыў хлапец — карову ў лагчынцы хаваў. Ён і сказаў, што па ваколіцы чырвонаармейцы з падводаю шастаюць, харч бяруць. Нічога не паробіш — мусілі праверыць хутар.

Так і ёсць! Войкала баба, хтось, як у бубен, лаяўся…

Прапаўзлі бліжэй — да плота, на якім чакаў зімы высушаны бульбоўнік. Каля варот — падвода, конь за вушульца прывязаны. Двое вайскоўцаў якісь мех на падводу ўскінулі — і зноў у двор.

- Заткни, баба, псину, а не то пристрелю! — а сабака яшчэ большы лямант усчаў.

- То ж, хлопчыкі, на пасеў… Што ж у зямлю кідаць будзем? — не чула яго старая. — Можа, яечак адных до?..

- Вось і стрэліся, сучары! — прашаптаў Сцёпа і як кіпенем Шлындзікаву ў вушы плюхнуў: — Твой цыбаты, каторы з вядром. Страляем разам…

Шлындзікаў даўкі камяк глынуў, на Сцёпу ўталопіўся:

- Ды ты… А фто, як іх тут не два?

- Па двое ездзяць! І да нас такія во госці заляталі… Цэлься, кажу! — і акуратна дула свайго карабіна між шчакецін прасунуў…

Два перуны ляснулі амаль уадначас. Гаўрылевічава ахвяра вухнула на змецены падворак. Пацэліў і Шлындзікаў — ягонага цыбатага, старшага групы асобнага пададзьдзела 27-й чырвонаармейскай дывізіі, прыціснула да парэпанай сцяны хлява, потым ногі паддаліся, і ён паволі пачаў апаўзаць, яшчэ імкнучыся прытрымацца за вінтоўку (вядро з яйкамі адразу выпусціў).

Нібы зарвала ўраз сабаку, абхапіла голаў баба й азірнулася, зляканая.

Яны толькі ўзняліся з-за плота, як невысокая постаць мітнулася паўз хату да каня, ірванула ляйчыну.

- Рукі ў гору, а то стрэлю! — бухнуў Гаўрылевіч («І трэ ж, Шлындзікаў меў рацыю…»)

Ляйчына аслабла.

- Ходзь сюды!

- Не страляйце толькі… У мяне вінтоўкі няма… — голас тонкі, як дзіцячы. За варотамі паказаўся і сапраўды амаль хлопец — невялікі, хударлявы, але ўсё ж у форме.

- Ваякі, - працадзіў Гаўрылевіч і плюнуў.

І тут зноў бухнуў стрэл. Гаўрылевіч і Шлындзікаў гохнуліся на жываты.

Хрып ірвануўся з грудзей цыбатага чырвонаармейца, ён памкнуўся прыўзняцца ды выпусціў вінтоўку, зноў прыціснуўся да сцяны.

- Трымай малога! — Гаўрылевіч пачэпаў ужо да цыбатага, адкінуў нагой ягоную вінтоўку — і тут адчуў, як штось цёплае прыліпала да шыі. Мацнуў даланёй: кроў.

- Падла! Шчаку рассёк… Гэта ж шнар на ўсё жыццё! — Што сталася са Сцёпам, Шлындзікаў зразумець не мог. Узлюціўся, раз'ятрыўся, аж плечы закалаціліся.

З усяе моцы тыцнуў прыкладам па галаве беспачуццёваму чырвонаармейцу. І тут за вядро зачапіўся, на зямлю пабітыя яйкі пацяклі.

- А-а! Яец захацеў?! То зараз я цябе накармлю!!!

Далей усё як у сне было. Нож з халявы бота выхапіў — і да знежывельца… Штаны садраў і, мацюкаючыся, як нажоўкай рэзаць стаў, толькі локаць востры туд-сюд хадзіў…

Баба нема запішчала й у хату кінулася… Шлындзікаў рот раскрыў — а вымавіць не змог нічога, як уледзянеў язык…

- Вось, жарэце! — Гаўрылевіч выкуліў з вядра рэшту бітых яек, яшчэ раз тыцнуў нажом і адрэзанае ў вядро ўкінуў. Вядро на воз паставіў — і застыламу хлопцу: - Адвязі сваім камісарам! Скажы, што прадразвёрстку па яйках у гэтым хутары здалі!

Але хлопец не варушыўся нават, толькі сполашна ўзрывалася ніжняя губа.

- Вязі, кажу! А то й твае адрэжу… — Гаўрылевіч скінуў з вушульца лейцы, і калі хлопец-чырвонаармеец, не гледзячы на дарогу, здранцвела пасунуўся за канём, прыклаў далонь да параненай шчакі — кроў не сунімалася…

* * *

Слуцак прыціх зноў — не насцярожана ўжо, а чакаючы, чакаючы першага кроку Рады. Загадам № 1 стала забарона вывазу за межы Случчыны зерня і жывёлы, першай пастановай — абвяшчэнне пра нацыяналізацыю ўсіх лясоў краю (нагляд за імі ўскладаўся на валасныя Рады).

Рада Случчыны расколвалася на дзве часткі. Паўлюкевіч, Мацэля і Біруковіч настойвалі, спасылаючыся на недахоп грошай, зброі і амуніцыі, на прызнанні Балаховіча і запросінах яго ў Слуцак. Наскокі тыя, праўда, крыху прыціхлі пасля таго, як газэты паведамілі пра паразу-разгром у Крыме Врангеля.

Жаўрыд працягваў весці перамовы з палкоўнікам Ясінскім і не мог не адчуваць змены ў настроях палякаў — усё ж з'езд не апраўдаў іхніх спадзевак, бо выявіў не толькі антыбальшавіцкі, але і незалежніцкі характар. Некалькі разоў спрабаваў арганізаваць для Балаховіча конны полк Самусевіч. І сам генерал імкнуўся падпарадкаваць сабе маладую Слуцкую брыгаду і ўзначаліць рух слуцакоў — які цудоўны плацдарм для паходу на Менск адкрыўся б!

А 23 лістапада палякі і наогул пакінулі Слуцак, папярэдзіўшы Раду толькі за суткі перад гэтым. Горад застаўся сам-насам са сваім адчуваннем блізкай бяды…

Трэба было дбаць пра абарону. Група Паўлюкевіча - Самусевіча (апошні зноў пачаў фармаваць конны полк) схілялі да партызаншчыны, астатнія прапанавалі сабраць рэгулярныя войскі.

Праз колькі гадоў пазней, ужо на чужыне, Алесю добра разумелася, што адмовіўшыся ад польскай пратэктарацыі, не далучаючы да сваіх шэрагаў Балаховіча, іхні збройны чын непазбежна вёў да паразы. Гэтага не маглі не разумець яшчэ тады, у лістападзе, вопытныя вайскоўцы-камандзіры. На той час ужо не існавала антыбальшавіцкага фронту: Расію з Польшчай замірыла Рыжская дамова; Врангель быў разбіты, даходзілі чуткі пра хуткае інтэрнаванне Пярмыкіна, Пятлюры і Балаховіча… Але ці памысна было змераць розумам і гнеў, і намеры абуджанага слуцака-селяніна, і апантаныя парыванні колішняга гімназіста ці беларускага інтэлігента?! Паўстанне — адказам на гэта стала.

Нечакана ў горадзе з'явіўся авангард балахоўцаў, 17 вершнікаў. Па кварталах усчалася паніка: некаторыя чакалі пагромаў. Вандроўны атрад выправодзілі, даўшы «адкупнога» колькі тысячаў. А вечарам, як па дамове, па той жа вуліцы ўехаў атаман Хведашчэня са сваёю бандай. Сярод яе ваякаў — і Сцёпа Гаўрылевічаў (Доўга давялося пераконваць аднавяскоўца ў тым, што не «камандзір Менскага аддзела Народнай добраахвотніцкай арміі» ягоны новы «бацька», а бандыт з вузкай дарогі).

Праз два дні і Хведашчэню з горада вывелі (Гаўрылевіч, дачуўшыся, што арганізуюць сваё войска, застаўся дома). А банда Хведашчэнява ў Вызне пагром усчала, аднаго равіна ледзь не павесілі…

Вось тады Найвышэйшая Рада БНР і камандзіравала на дапамогу ў Слуцак штабс-капітана Беларускай Вайсковай Камісіі Антона Борыка. Напачатку ён сабраў 30 хлопцаў для вучобы ў Варшаўскай школе падхарунжых (для будучага беларускага войска), а потым выклікаў і некалькі афіцэраў Вайсковай Камісіі для ўзмацнення слуцкага руху.

(«Жывым бы Гарун быў — сустрэліся б з ім зараз у Слуцку… Пэўна ж, не мог бы ён ад сваёй Вайсковай Камісіі не прыехаць», — горка думалася тады Алесю).

І вось — з-за непадрыхтаванасці да абароны — усе вырашылі адыходзіць на захад краю, да Семежава, а на 25-ае лістапада абвясцілі добраахвотны запіс у Слуцкую брыгаду стральцоў.

Перад адыходам склалі (ён, Алесь, з Русаком) «дыпламатычную ноту» Савецкай Расіі, з подпісамі ўсіх сябраў Рады, перадалі яе расійскім прадстаўнікам пры 10-й польскай дывізіі. «Нота» вяшчала аб тым, што паўнапраўны з'езд Случчыны выбраў Раду, якой і даручыў усю ўладу ў горадзе. Рада выказвалася супраць агрэсіўных намераў Чырвонай арміі заняць Случчыну і звярталася да дэмакратыі ўсяго свету з рашучым пратэстам супраць падзелу незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі…

* * *

Мокрай восеньскай цемраддзю да слуцкага касцёла бернардынцаў няспешка пад'ехалі шэсць вершнікаў. Служба не вялася, галоўныя дзверы былі замкнуты, але ўсе спешыліся і, марудна азіраючыся па баках, пацёпалі да службовай бакоўкі.

- Эта… Ахраняць нужна бы… — нясмела абазваўся першы, з доўгімі рукамі, урослай у плечы галавой.

- Борзов, останься, — прабасіў чалавек у кароткай скуранцы, сціснутай дзягай, шчоўкнуў кабурою й выцягнуў наган. — Давай!

Даўгарукі ціха ўвайшоў на невысокі ганак і падрагаў у дзверы.

У бакоўцы ніхто не абазваўся. Той, хто ў скуранцы, паспрабаваў націснуць на дзверы, але тыя былі зашчапнуты знутры.

- А дед точно там?

- Там, а гдзе ж ешчо… Месец ужэ майстрачыт, і жывёт тут, — шэптам на шэпт адказаў даўгарукі і пастукаў мацней.

- Іду-іду! — пачулася ў бакоўцы. — Хто там?

- Ды гэта я, пан Вярхоўскі, справавод канцылярскі… Абрамовіч. Памятаеце такога? — і галава яго, накрытая змятай канфедэраткай, выцягнулася з тулава. — Пусцеце перахавацца… — і запнуўся, адчуўшы спіною дула нагана. — Бальшавікі ледзь не злавілі…

Дзверы прачыніліся, і тады за іх рубец хапіліся дзве шырокія далоні і моцна піхнулі… Трое ўскочылі ў бакоўку і скруцілі старца Вярхоўскага, — толькі нядоўгае шорханне — і зноў ціха.

- Ну а тебя особо приглашать? — незадаволена бухнуў хтось з-за дзвярэй. Гэта да яго, Абрамовіча, які застыў было на ганку. Ён уздыхнуў і праценяваў у крыху асветлены пакойчык, ціха прычыніўшы за сабою дзверы…

Лёс ашукаў Абрамовіча. Палякі з усім майном дружна выехалі з горада, нават і не ўзгадаўшы пра свайго пісарчука. Плявалі на ягоны след і абуджаныя случакі. А тут яшчэ ліха нанесла гэтых вось… Выведка чырвоных ці што? Хтось, пэўна, навёў на яго… Вось і рабі дабро людзям, пакрывай… «Контра!» — і ледзь не прыстрэлілі. Вось і давялося пра жоўтага д'ябла ўспомніць. «Так і так, — выўюньвацца стаў, - дзеля вас пры паляках… Каб супраціў улады Саветаў быў, то на Захад і збег бы. А то ж, бачыце, застаўся… А каб веры далі, справай дакажу. Рабоча-сялянскаму войску, ведаю, грошы патрэбны, каб, як вы тут казалі, контру розную біць, то я й падкажу, дзе на гэта крыху экспрапрыіраваць…» Сам жа яшчэ з месяц таму вычуў, што на касцёльныя слуцкія роспісы варшаўскія ксяндзы (вось бы і да іх дабрацца!) пазалочаных блях ахвяравалі. Паўтары кілаграмы! А майстраваць старац Вярхоўскі ўзяўся. Апошняя, казаў, як дасць Бог, праца.

Вось і прывёў цяпер да яго гасцей нечаканых…

- Дед, мы, как понимаешь, не на исповедь, — няўрымсцілася зайшлу ў скуранцы. — Ты нам отдаёшь золотишко варшавское, и мы прощаемся! - І раптам натыркнуўся на спакойны погляд старца, зніякавеў нават, каб не маўчаць, да падначаленых буркнуў: — Что стали? Ищите!

Сам падышоў да стала, мякка асвечанага газніцай. Агледзеўся. Абраз невялікі ўзяў, па раме рукою правёў — а на ёй ценькая стужка з вычаканенымі сонцакветамі і бліснула ганарліва-жоўтым. Усміхнуўся здаволена, адарваў на адзін яшчэ толькі цвічок прымацаваную стужку — і да старца:

- Где остальное?

- Што я, чалавеча, сказаць табе магу… Не маё ж яно. — А спакой старцаў злаваць ужо «чалавечу» пачынаў.

- Чьё же?!

- Богава.

- Ха! У него этова добра хватат, — і абраз на стол кінуў, і ўраз штось няўлоўна-турботнае, здалося, палахлівае ў вачах старцавых адчуў. Зноў хітравата ўсміхнуўся, чмокнуў гучна — і раптам шкельца з газніцы зняў, кнот пабольшыў — і абраз драўляны да агеньчыка прыставіў: - А дощечка то суха-ая… — І ажно аблізнуўся ад знаходлівасці сваёй.

- У шуфлядзе пазалота… Не чапай ікону!

- Ну вот, а то упирается… Держи, — і абраз, пакрыты языкамі чорнай копаці, старцу ў рукі сунуў. Вярхоўскі толькі яго да грудзей прыхінуў, як стрэл ляснуў. Неўразумела на газніцу зірнуў, потым вочы скамянелі, і ён пачаў асоўвацца, імкнучыся адной рукою за сцяну, што нечакана хістацца стала, хапіцца, другую ж яшчэ мацней абраз да сябе прытуляў…

Абрамовіч ад сполаху зноў загарэўся, пот на ілбе ўраз высыпаў. Руку ўзняў, каб сцерці, ды незнарок шапку збіў, апечынамі даўнімі на лысіне бліснуў. Неяк зніякавела нагнуўся, падняў шапку і ўжо ёю пот выцерці захацеў — і сцепануўся ў сполаху: прама ў яго глядзелі глыбокія вочы старца, і ў паўзмроку, бачна было, штось гаварылі ягоныя вусны. Абрамовіч азірнуўся на людзей з наганамі — а тым і клопату не было да іх: похапна совалі ў вялікія кішэні пазалочаныя пласціны, соўгалі шуфлядамі… І тады ён прысеў перад старцам, схіліў галаву — што ж той шэпча ўжо занежывелымі вуснамі? Але шаптаў старац разборліва — словы з Бібліі: - Знаю дзеі твае, і жалобу, і галечу, — але ж ты багаты… Ня бойся нічога, што пераадолець наканавана… Будзь верным да скону, і дам табе вянок жыцця… — і змоўк.

Торапка забраўшы пазалоту, рабаўнікі высыпалі на вуліцу. І тут у Абрамовіча зноў рукі задрыжэлі: ягонага каня да сядла свайго гэты… у скуранцы… прывязваў за аброць…

- То… эта… мне ітці можна? — і голас свой не пазнаў.

«Папрасіць каня каб аддалі, ці не чапаць лепей?» — пра сябе падумаў.

- А?.. — як не пачуў чалавек у скуранцы.

- То мне ітці можна?

- Да-да, топай!

Абрамовіч паціху падаўся ўзад, а як толькі павярнуўся, за ім новы стрэл шлёпнуў… Як бы хто ў спіну піхнуў. Ногі падламаліся…

А потым тупат конскі пачуў, і падумаў яшчэ горка: «Як атрымалася гадка… Знойдуць раніцай — палічаць, што і я рабаваў касцёл. Згарэў бы ён з гэтым горадам…»

А далей штось уваччу ўспыхнула балюча — і ўсё.

* * *

Ад Слуцка да Семежава — з дваццаць пяць кіламетраў. Па дарозе ў аўтобусе разгаварыўся з хлопцам-суседам. Сам случак, з Грэзаку. Вучыцца на філфаку. Вершы піша!

- А вы з эміграцыі? — зусім нечакана агаломшыў малады зямляк і цёзка.

- Па чым пазнаў?

- Ды гаворыце крыху не так… Інаогул загадкавыя некія…

І тады ён усміхнуўся, мякка паківаў галавою — і задумаўся. Узіраўся ў мільгатлівыя прысады, невядомыя ўжо вёскі, што выплывалі ў замутнёных вокнах аўтобуса, — а самому ўзбег на вочы сан'юкскі дом, садзік за ім, які трыццаць гадоў выпешчваў сваімі рукамі… Дзіўна ўсё ж зроблены чалавек. Вось і ён — кінуў-рынуў усё, збег перад апошняй хвіляю на радзімую зямлю, і вяртацца не думаў (білет наўмысна ў адзін толькі бок купляў), а аказалася — прыкіпеў усё ж і да кута далёкага… Не так, каб як вось да гэтае прыкутае першымі прымаразкамі зямлі, дзе і бацькі, і прадзеды, і таварышы, і каханая засталіся… Шкадоба нейкая тужлівая загаварыла ў ім.

«Збег, і нават не падзякаваў і дому, і саду, і ваколіцы, і небу за дзесяцігоддзі жыцця…»


Аціхлае Семежава.

Лісце на некаторых дрэвах трымалася яшчэ наўздзіў моцна. Ці не праз тое, што ўсё лета і частку восені лілі дажджы, а цяпло ўсталявалася толькі ў верасні? Гэта Алесь паспеў яму расказаць, а яшчэ і аб тым, што бульба на Случчыне ўжо трэці год вымакае…

Другая палова дня — змрочная, хмарная. Крыху марозна зноў стала. Мерзлі рукі, але пакідаць дыпламат у аўтобусе, каб займець мажлівасць схаваць рукі ў кішэні плашча, Алесь Хведаравіч не захацеў. У яго, як і ў дзеда калісь, усёчасна мерзлі рукі. Помніцца, і летам той па звычцы далоні да грубкі туліў — пагрэць хацеў. І злаваў нават на гэта. А бацька пра сэрца яму тады штось казаў… Вось і ён узгадаў колькі гадоў таму тыя бацькавы словы: як занепакоіла сэрца — і рукі сталі стыць… І пакутаваў, пісаць не мог. Ні прымочкі, ні масажы, ні лекі не дапамагалі.

А тут нечакана і снег зацерушыў. На ўзгорак за вёскай мільёны белых матылёў пачало садзіцца, на траву, яшчэ там-сям зеленаватую. І пакуль гуртам менчукі крыж за вёскаю ўсталёўвалі, пабялела ўсё навокал, і неба пасвятлела, павышэла. І здалося, што на ўзгорку хтось проста мяхі мучныя выбіў — вось пыл белы і асеў на зямлю… І на дрэвы як ваціны хтось накідаў. А лісце трымалася, — і змарожанае, і снегам мокрым абцяжаранае, — трымалася да апошняга — не раўнуючы, як успаміны ягоныя…


Іхняму ўсвачанаму на восень вяселлю заспяваць-загуляць не было суджана. На пачатку верасня захварэла на моцную жаўтуху Люда. У бальніцу да яе не пускалі, лісты да яе праз бацьку перадаваў. А якія былі лісты! Вось бы хоць адзін адшукаць — аскепак кахання іхняга, упаэчаных пачуццяў… А сясцёркі йнакш не называлі пры бацьку Люду, як «нявестачка ваша»…

Адлежвалася Люда доўга. Дачуўшыся аб арганізацыі Слуцкага палка, з сястрою (ужо як дома была) надумала сцяг вышыць. З якім гонарам Алесь з Лістападам перадавалі яго першаму камандзіру палка! Пасярод залацістага поля — чырвоны шчыт з белаю «Пагоняй», па краях сцяга — надпіс:

 «ПЕРШЫ СЛУЦКІ ПОЛК СТРАЛЬЦОЎ БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКІ».

Пад гэты сцяг у Семежава і сабраўся Слуцкі полк. Узначаліў яго капітан Анцыповіч. Апошнія часткі пакідалі Слуцак 24 лістапада. І Стаўка, і Рада таксама прыехалі ў Семежава. За тры дні ў «Слуцкае войска» запісалася каля дзвюх тысячаў добраахвотнікаў, а люд усё збіраўся й збіраўся — хто верхам на сваім кані, хто на падводзе, хто — пешшу прыходзіў, каторыя стрэльбы мелі — дома іх не пакінулі… З хатулямі, па зімоваму апранутыя — у доўгіх кажухах, у цёплых паддзёўках. Пачалі фармаваць і кавалерыйскі атрад, і палкавы абоз.

Збірацца пад Семежавам збройныя часткі пачалі яшчэ з сярэдзіны кастрычніка. Першыя аддзелы сыходзіліся ў Грозаве, дзе мабілізацыю абвясціў прапаршчык Пётра Бабарэка (родам са Старыцы, што непадалёк ад Грозава). За тыдзень сабралася амаль пяцьсот чалавек. Раніцай 10 кастрычніка выйшлі па загадзе з Грозава. Па дарозе да іх далучыліся паўтары сотні стральцоў з Грэскае воласці, сабраных афіцэрам царскага войска Міколам Віткам з вёскі Праходы. Начавалі ў Цімкавічах. Разышліся па хатах, па сенавалах — балазе йшчэ не дужа холадна было. Жылка з стрыечным братам (іхняе Падлессе за дзесяць кіламетраў ад Грозава ляжала), забраўшы дзядзькаву-бацькаву стрэльбу — адну на дваіх — таксама на мабілізацыю збеглі. Падчас запісу пазнаёміліся з Юркам Харытончыкам — іхнім аднагодкам. Разам трымацца дамовіліся (а стрэльба адна на траіх стала). Разам і ў цімкавіцкай хаце спаць палеглі — у гаспадароў Раманоўскіх. Павячэралі, што было: бульбы з груздамі смажанымі, а як спаць клаліся, у пакой да іх гаспадароў хлопец зайшоў, Мікола. Пра падзеі распытваў, лоб свой высокі моршчыў. Нейкую тужлівую зайздрасць у ягоных вачах лавілі госці, напятую турботу… І паснулі разам на падлозе, на матрацах разасланых…

«Ну і пераплёў сваім вязьмом год той жыціны-жыцці людскія! — дзівіўся Алесь. — Цяжка ж, пэўна, бачыць было Міколу Раманоўскаму, як аднагодкі ягоныя з ягонай хаты ваяваць ішлі, шчымліва таго ранку выпраўляць было іх, — а самому дома заставацца. Пагаварыць жа ён, Мікола Раманоўскі — Кузьма Чорны — з Жылкам ужо толькі праз шэсць гадоў зможа — у Менску, і разам літаратурнае згуртаванне «Узвышша» апекаваць стануць… І Адам Бабарэка з імі будзе. А вось тады… Але ж ці разыходзіліся шляхі іхнія? Не. Не! І былы настаўнік, сакратар валаснога рэўкома ў Цімкавічах, а затым справавод Слуцкага вайсковага камісарыяту — Кузьма Чорны папярэджваў «ухіленцаў» ад мабілізацыі ў Чырвонае войска пра карныя аблавы! І гэта ж ён выратаваў два дзесяткі параненых пад Цімкавічамі слуцакоў, сярод іх — і бацьку Алесевага, начальніка брыгаднага шпіталя, які не пакінуў параненых!.. Чырвоная конніца нечакана з тылу наляцела, і шпіталь, што на ўскрайку Цімкавіч месціўся, адбіла ад асноўных палкавых сілаў. А Чорны-Раманоўскі параненых лесам на колішнія касавіцы перавёў. У стагах нязвезеных і перахаваліся, пакуль Цімкавічы зноў ад бальшавікоў не адбілі… А з Жылкам не пайшоў тады ў Семежава — ці не таму, што цяжкія ўзгадкі пад ногі кідаліся, дарогу засцілі? Бацькі ж ягоныя ў маёнтку Боркі (пад Грэскам) парабкавалі, і не ў каго-небудзь, а ў Вайніловіча, у Слуцкім доме якога і Нацыянальны Камітэт, і Рада месціліся… І на палякаў, да ўсяго, крыўда закіпала — гэта ж яны Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю закрылі, у якую з такімі высілкамі ён быў паступіў… А цяпер іх вінтоўку — як чуў — браць? І Чорны тады дарогаю Ігнатоўскага і Бабарэкі пайсці вырашыў.»

Далейшы запіс у Слуцкую брыгаду вымушаны былі перапыніць: не хапала ўсім зброі («вольных» налічвалася каля трохсот вінтовак і два кулямёты, ды ўсе былі няспраўнымі).

І здарылася нечаканае… На семежаўскі мабілізацыйны пункт прыйшоў Міця Буба, паспакайнелы, рашучы (пра гэта пазней Васіль Русак, на той час куратар вербунковага адзьдзела, расказваў).

- Пішыце мяне ў войска!

- А што ты ў ім рабіць хочаш?

- Злыдняў біць!

- Якіх?

- Каторыя старца Вярхоўскага застрэлілі…

- А пра тое, што ў Семежаве запіс праводзіцца, ад каго дачуўся?

- У абвестцы ў Слуцку прачытаў.

- Дык ты й чытаць навучыўся?

- Старац Вярхоўскі літары паказаў… Яшчэ мы з ім разам прошчу аднаўлялі…

Зірнуў Русак на ягоныя магутныя далоні-капачы і ўраз ажывіўся.

- Пачакай крышку, братачка, — і да камандзіра палка пабег. Вярнуўся ўзрушаным, радасным, абняў Міцю і выпаліў: — Слухай, даручана нам майстэрню па наладзе сапсаванай зброі закласці… Ці возьмешся?

- Чаму б не.

- А накавальню пяленгаваць не развучыўся?

- Ня смейся…

Так Міця Буба стаў палкавым кавалём. І нарадавацца на яго не маглі: і вінтоўку даробіць, і каня падкуе. І сам змяніўся, ажыў нібыта, усміхацца пачаў, заспяваў нават… А аднаго разу Русака перастрэў:

- А ты ж мяне ў паперу не ўпісаў…

- Якую паперу?

- Усіх ты алоўкам перапісваў і подпіс ставіць прасіў!

- А… — Узняў у сподзіве Русак бровы, пачухаў за вухам — і з кішэні аркушык дастаў, прытуліў да дзвярэй. — То як цябе запісваць?

- Гэта… — Міця зніякавела адклаў малаток, неяк разгублена і спалохана стаў выціраць аб нагавіцы далоні, паветра напоўніцу ў грудзі набраў… - Жалязовіч!

Русака як токам працяла. Усміхнуўся, далонь кавалёву ў сваёй сціснуў, патрос:

- Малайчына, браце, малайчына! На вось, падпішыся…

Міця крэмзнуў штось няўмела там, куды паказваў палец Русака, і бадзёра зноў малаток узняў — і так па ўжо астылай загатоўцы мянтоліць пачаў, што з яе ажно іскры пырснулі…


Незвычайна сонечны ранак. Апаў мароз, хоць і пашчыпваў яшчэ за вушы. Доўгія шыхты абодвух палкоў брыгады ўціскаліся ў невялікі семежаўскі рынак і цягнуліся па шырокай вуліцы. Неяк тужліва-ўзрушна і ўадначас велічна на душы. І не ў аднаго яго — тое ж казалі і вочы сяброў. Усё ж правільна зрабіў Русак, што сабраў «папараць-кветаўцаў» супольна: «Разам не толькі бацьку лацьвей біць!»

Ды і больш упэўнена каля яго пачувалася хлопцам: як-ніяк тры гады ў царскай арміі ўнтэр-афіцэрам праслужыў, і на Першым усебеларускім кангрэсе ўдзел браў, і на з'ездзе Случчыны старшыняваў — хоць усяго на нейкіх чатыры гады й старэйшы.

Іх адзьдзел стаяў на тэрыторыі рынку, акурат пасяродку — побач з палкавым сцягам. Алесю й Лістападу трымаць і ахоўваць яго даручылі, і Алесь моцна сціскаў сцягавае дрэўка — нібыта руку Людзіну.

«Ну й малайцы дзяўчаты нашы!» — думаў.

І Бусел поруч стаяў (пасур'ёзнеў яшчэ больш, паспакайнеў — не Клекатун ужо, не!), хлопцы з колішніх «пяцёрак». Сярод іх — і Юрка Харытончык, надзейны і сведамы сябар. Па гадах роўня Русаку, нарадзіўся ён непадалёк ад Грозава. З восені да вясны хадзіў у школу, летам пасвіў кароў. Пасля смерці бацькі сам вёў гаспадарку. У васемнаццаць гадоў застаўся поўным сіратой — з дзвюмя малодшымі сёстрамі. У 1915-м забралі ў войска, прайшоў вучобу і стаў зводным у рангу капрала. У снежні 1917-га, пасля дэмабілізацыі, вярнуўся дамоў, з сабою прывёз… кулямёт, тры вінтоўкі і рэвальвер. Зброю аддаў у «пяцёрку». Вясной 1919 года зноў патрапіў пад мабілізацыю — ужо бальшавіцкую. З селавым прыгаворам (сірата, апякуе дзвюх меншых сясцёр, трымае гаспадарку, мусіць быць вызваленым ад войска) з'явіўся ў Слуцак да камісара Лебедзя.

- Трэба йсці бараніць свабоду, бо йнакш прыйдуць белыя дзянікінцы, — быў адказ камісара.

І тады й выпаліў упарта Юрка:

- Не пайду — датуль, пакуль апошніх гаспадароў не пабяруць!

- Ах, то ты шабатажнічаеш! — ускіпеў Лебедзь, рэвальвер выхапіў. - Арыштаваць!

Але мабілізаваныя не дазволілі ўчыніць гэта з сіратою. Юрка падаўся на гарадскі рынак, а там якраз — мітынг супраць бальшавіцкага вайсковага пабору.

- Далоў камуну! Хай жыве вольная Беларусь! — крычалі ў натоўп абураныя юнакі. Абудзіліся й сяляне. Аглоблі ў рукі пабралі (у некаторых і зброя была) — і пабілі чырвоных міліцыянтаў. Непакорцаў утаймавалі толькі два панцырных аўтамабілі, што спешка прыкацілі на рынкавую плошчу…

Пасля гэтага па вёсках пачалі наведвацца карныя аддзелы — вышуквалі «дэзерціраў» і «контраў». У Папоўцах у чэрвені двух хлопцаў злавілі й расстралялі. Абураныя мужчыны ў лес пачалі сыходзіць, у партызанку.

А ў канцы ліпеня палякі ў краі запанавалі. Юрка вярнуўся ў вёску, — а ў хляве ні каровы, ні свіней, — усё ў абоз чырвоны пабралі. Дзякуй Богу, сёстры ў суседзяў перахаваліся…

А з тыдзень таму Юрка Харытончык далучыць да іхняга ланцуга папрасіў і Ўладзю Жылку з братам. І яны побач узбуджана выструньваліся…

Загаварылі прамоўцы — пра становішча ў краі, пра тое, што бальшавікі ў Слуцку ўжо раскашуюць і да іх збіраюцца.

У Семежава прыехалі сябра Найвышэйшай Рады БНР (добра вядомы Алесю яшчэ па Менску) Кузьма Цярэшчанка, новы старшыня БВК Андрэй Якубецкі. Суправаджаў іх начальнік штаба брыгады Антон Борык.

Зрабіў даклад і Цярэшчанка, адзначыў вялікі розгалас пачатай случакамі справы, крануўся апісання слуцкага чыну ў газэтах — у прыватнасці, у гарадзенскім «Беларускім слове» (а пазней ад Якубецкага Алесь пачуе і пра апошнія дні Гаруна: у БВК прыйшоў урадавы ліст з кракаўскага вайсковага шпіталя — вестка пра Гарунову смерць. БВК пастанавіла дэлегаваць некага ў Кракаў, каб даведацца пра абставіны смерці песняра й змагара, адшукаць ягоную магілку. Ехаць напрасілася Паўліна Мядзёлка — ейны муж, Тамаш Грыб, эмігрантам жыў у Лодзі. Па звароце Мядзёлка і расказала, што Гарунова магілка — на пахаванні польскіх жаўнераў, на ёй толькі просты драўляны крыж з таблічкаю ўсяго на два словы: «Аляксандр Прушынскі»).

І Русак тады слова казаў, хораша казаў:

- …У Рызе ангельскія й французскія арбітры польска-савецкага канфлікту вырашылі мяжу па рэчцы Лані пазначыць. Зноў новы шнар на целе Бацькаўшчыны нашай будзе! Гэта яшчэ адзін нам напамінак, што лепшую долю сваю мы толькі самі здабыць можам. На чыёсь заступніцтва — няма надзеі! Адраклася ад нас і Польшча, не падтрымала справаю Беларускую Народную Рэспубліку, на некалькі месяцаў раней за саму незалежную Польшчу абвешчаную… Не дадуць паслабкі й бальшавікі — бачыце, як сквапна кінуліся яны займаць пакінутыя землі. Але ж мы ўжо, самі бачыце, сіла! І мы йшчэ паглядзім, хто каго!..

І Русак заспяваў «Ад веку мы спалі», паўслупка цягнуў адзін, а далей - нібыта апамятаўшыся, песню падхапілі дзесяткі іншых галасоў, сотні — і ўзнеслі-акрылілі над асыпаным сонцам мястэчкам.

А пазней і парад адбыўся: люднай вулкай адмаршыраваў узвод «бэвэкоўцаў», заместа пагонаў у якіх былі бела-чырвона-белыя нашыўкі. Расчулены Цярэшчанка, казалі, плакаў…

Назаўтра, 26 лістапада, вырашана было выступаць супраць бальшавікоў. А вечарам «папараць-кветаўцы» (іхні аддзел увайшоў у 2-гі батальён Грозаўскага палка пад камандаваннем штабс-капітана Мацэлі, Алесевага «бліжэйшага» земляка, — Мацэля нарадзіўся ў Малой Млынцы Цароўскай воласці) сабраліся ў адной хаце — і ноч не маглі заснуць. І чакалі змагання — а яно ўсё ж нечаканым падбіралася. І ўсё ўяўным, прытрызненым падавалася, нібыта гульню хлопцы нейкую ўсчынялі…

Тады ж Алесь упершыню загаварыў з Жылкам:

- Гэта ж ты вершы пішаш?

Крыху здзівіўся той, усміхнуўся:

- Спрабую…

- То дай Божа ўсім такія спробы! Гэта ж да цябе Лістапад з Буслом прыязджалі? Гэта ж тваё ў «Беларусі» надрукавана было? — І Алесь гучна - на ўсю хату — задэкламаваў, і бачыў, як сцяліся, баючыся варухнуцца, хлопцы:

Пад штандар бел-чырвона-белы
Гартуйся, раць, адважна, смела
Адважных, храбрых ваякоў!..

Калі ён скончыў чытаць, маўчанне колькі хвілінаў пульсавала ў хаце, за жывое кранулі радкі гэтага ціхмянага хлопца, душу ўсю ўзварушылі. З той хвілі не толькі яны, але — з іх расказаў — і ўсе ў батальёне моцна палюбілі Жылку, павагаю ахінулі.

А ён таго вечара нясмела падзякаваў Алесю, што «Покліч» ягоны запомніў, руку паціснуў — далікатны, невялікага росту, хударлявы, вочы наболеныя, стомленыя…


Боек даўні цяг…

За Бацькаўшчыны волю й бедны свой народ,
супроць нязьлічаных чырвоных катаў
іх горстачка, адрокшыся сямьі і родных хатаў,
 падняліся і рушылі ў крывавы карагод…

(З песні інтэрнаваных стральцоў Слуцкай брыгады.)


Ягонае пачуццё незвычайнай гульні разбілася з першым стрэлам…

Ранак — нібыта падмянілі: хмурна, золка, ветрана. З усходняй роўнядзі небасхілу як аграмадныя плыты сунуліся шэра-брудныя хмары, нізка завісалі над галавою, нібыта зачапіўшыся за дзіды векавух-елак.

Батальён залёг, чакаючы праходу Сіняўскім трактам частак 8-й дывізіі Чырвонай арміі, аб чым неаднакроць перадавала выведка.

Напачатку на дарозе ўзніклі цёмныя крэскі, затым сталі расці й ператварацца ў вершнікаў. Гэта была конная застава.

- Чырвоныя! — зашапталі раптоўна шарагоўцы.

- Цішэй… Страляць толькі па маёй камандзе, — хваляваўся, бачна было, і камандзір Мацэля.

Коннікі — ужо ў метрах сарака, і нарэшце пляснула кароткае «Плі!» Цішыня ўзарвалася. Конь пад першым вершнікам даў свечку… Заляскалі-аглушылі новыя стрэлы, а Алесь тады нечакана зніякавеў, палец на курку нібыта скамянеў, не слухаўся.

«Стрэліць — у жывога…» — апякла млосная няпэўнасць, увушшу зазвінела, і адразу ж стала шкада сапсаванага патрона…

Застава, пакінуўшы на дарозе з дзесятак забітых і параненых, сыпанула назад.

- На другую пазіцыю — бяго-ом!!!

Шарагоўцы ўсхапіліся й кінуліся за Мацэлем. А той спланаваў правільна: як толькі ягоны звяз залёг перад невялікім кустоўем — метраў з пяцьсот паперадзе з'явіліся два бальшавіцкія ланцугі і паўколам кіраваліся да трох прыдарожных дубоў, з-пад якіх і сустрэлі свінцом заставу.

«Такі арыенцір, — думаў Мацэля, — не можа не кінуцца ў вочы».

На гэты раз случакі пачалі страляць ледзь не з тылу. І зноў Алесь не мог ажывіць свой палец, хоць перад ім усё бліжэй і бліжэй торкаліся ў прамерзлую зямлю гарачыя кулі. Застагнаў праваруч шараговец і прыпаў тварам да сшэрхлай травы, сціх. Алесь крануў яго рукою — маўчыць. Паспрабаваў перакуліць — і ўскрыкнуў у сполаху… Лоб чалавека быў разбіты, сподзіў і пакута на скрываўленым твары…

І тады ўнутры яго як штось абарвалася, лопнула. Ён схапіў вінтоўку, злавіў у проразі цэліка наступоўца, роўнага гадамі з забітым суседам, і паспрабаваў сцішыць дыханне. А сэрца, як на тое, моцна штурхала-білася ў грудзі, перашкаджала цэліцца. І ён наноў адшукаў таго ж чырвонаармейца, да болю прыкусіў губу — і стрэліў… Чырвонаармеец як натыркнуўся на штось нябачнае, паспрабаваў зрабіць яшчэ крок — і ўпаў на самым схоне дарогі…


Гэта была першая перамога. Ён нават не ўсвядоміў, як аціх бой. Узняў да неба заледзянелыя вочы: цяжкія плыты-хмары зніклі, усё роўна як панеслі ў свет убачаную бяду. І неба ўраз паглыбела, павышэла, як хтосьці зняў з яго даўкую хмарную запавесу. І раптам зацерушыў снег, мяккі, бялюткі — невядома адкуль…

Акрыленыя першым поспехам, случакі нешырокім фронтам — Грозаўскі полк злева, Слуцкі справа — пайшлі ў наступ. Значныя баі прагрымелі каля вёсак Садавічы, Быстрыца, Дошнава, Вызна, Лютавічы. Раслі не толькі страты, але й уменне, і мужнасць, і вера.

Яна і прывяла брыгаду зноў да Слуцка, дзе адбыўся жорсткі бой. Бальшавіцкі батальён быў разбіты, і абаронцы занялі горад. На іхні бок дзесяткамі пачалі пераходзіць чырвонаармейцы-беларусы — перад гэтым па іхніх частках распаўсюдзілі ўлёткі-агіткі.

Праз дзень у Слуцку сустрэліся з узводам, адкамандзіраваным БВК. Узначальваў яго Макар Краўцоў.

Уся гісторыя чыну — ад спісаў добраахвотнікаў да апісання баёў — адлюстроўвалася ў штодзённых загадах па штабе брыгады й палкавых паведамленнях. Але ж дзе цяпер тыя архівы?.. А вось з самых далёкіх закуткоў памяці не-не, дый выплывае ці то згадка, ці то цэлая карціна — і ажывае перад вачыма…


Антон Сокал-Кутылоўскі

Як і чакаць можна было, Юрка Лістапад не забыў на пакінутую чырвонаармейскую «капыльскую» роту, насядаў на Жаўрыда:

- Там жа столькі зброі, а ў нас тры вінтоўкі на пяцёх, а яшчэ ж людзі збіраюцца…

- Дык што, яны табе так задарам і выкладуць усё? — толькі ўсміхаўся Жаўрыд.

- Урэшце ж, і сілаю адабраць можна, — не адступаў Юрка.

- Урэшце-зрэшце… Ты упэўнены, што там і запраўдна рота тая стаіць? — Жаўрыд быў непадступным.

- Якая размова тут… Фронт жа трэба пераходзіць, — занепакоіўся быў і капітан Чайка, камандзір Слуцкага палка.

На тым на колькі дзён разышліся. І раптам — перанімае каля складоў Жаўрыд:

- Ну, браце, выслалі выведку. Пацвердзяць звесткі твае — збірайся ў паход…

Не схлусіў тады Марылін прымак — стаяла ў Капылі рота чырвонаармейцаў, стомленых, адарваных ад сваіх злучэнняў.

Сталі рыхтаваць напад, ды напачатку — неспадзеўка. Капітан Павел Чайка аказаўся здраднікам. Праз знаёмага селяніна — дзеда гадоў пад семдзесят, выправіў ліст да «маскоўцаў» на той бок фронту, а ў лісце — апісаў пабудову і ўсе недахопы Слуцкай брыгады, апісаў падрабязна, дакладна (каму ж, як не яму, знаць было пра тыя недахопы?). Калі ж Рада прызначала камандзірам Чайку, капітан Сокал-Кутылоўскі выказваўся супраць, бо добра ведаў гэтага чалавека… Яшчэ напачатку 1919 года два месяцы папрацаваў Сокал-Кутылоўскі ў Слуцку пры Ваенным камісарыяце павятовым інструктарам агульнага вайсковага навучання. Чайка ж пры тым камісарыяце ваенным кіраўніком быў і выдаваў сябе за прыхільніка савецкай улады. І калі Сокал-Кутылоўскі прапанаваў яму кідаць бальшавіцкі камісарыят і падавацца за мяжу, Чайка падазрона адмовіўся, а пазней з падтрымкі слуцкага ваеннага камісара Лебедзя яго, Сокал-Кутылоўскага, злавіць і пад суд аддаць меціў.

Загад Рады Сокал-Кутылоўскі выконваць мусіў — ехаць у вёску Лютавічы па Чайку і выклікаць яго ў Слуцак. Алесь тады разам выбрацца падахвоціўся (усё ж не дужа блізкая дарога — ледзь не пад самую Вызну). Мінулі, помніцца, работніцкую Івань, пракаветнае Селішча, языкатыя Прыдзіркі, балацяное Жабчава, прысадзістыя Садовічы, а ў Лютовічах (стаіліся адразу ж за глыбакаватай Волкай) Алесь і высмеліўся:

- Бачыце, як назва выбіваецца… Не слуцкая яна нейкая… Лютая!

Прамаўчыць на гэта Сокал-Кутылоўскі, усміхнецца толькі журботна, затоена…

А здрядніцкі ліст Чайка колішняму начальніку — Лебедзю — перадаваў. І прыпісы пачуццёвыя зрабіў пра сваё «расчарованне» слуцкім супрацівам. Прапаноўваў Лебедзю тэрмінова выступіць супраць случакоў… Ды, дзякаваць Богу, прыфрантавы патруль дзеда-пасланца затрымаў і ліст той ад Чайкі перахапіў. Здрадніка арыштавалі й перадалі ў контрвыведку. Па палку погалас прабег. Жаўнеры нядаўняму камандзіру смяротнага пакарання вымагалі. Бачачы гэта, начальнік контрвыведкі паручнік Мірановіч (добры сябар Чайкі) дапамог арыштанту збегчы.

Назаўтра тэрмінова сабралася Рада Случчыны і пастанавіла арыштаваць камандзіра брыгады капітана Анцыповіча — «за халодныя адносіны да вайсковых тайнаў» — і паручніка Мірановіча.

А праз паўтара месяца асобы адзьдзел ЧК пры Рэўваенсавеце 16-й арміі па пастанове бальшавіцкай тройкі асобага адзьдзела ад 7 студзеня 1921 года прыгаварыў Чайку да расстрэлу — «за измену Советской власти»…

Рада Случчыны прызначыла камандзірам брыгады Антона Сокал-Кутылоўскага, беларуса-двараніна, былога царскага афіцэра, за храбрасць узнагароджанага салдацкім Георгіеўскім Крыжам.

Ледзь не жывою легендаю быў для слуцкіх шарагоўцаў Сокал-капітан (так звалі яны між сабою Антона Андрэевіча). Паважалі як роднага бацьку, і слова грубага ад яго ніколі не чулі. Добрым быў капітан, чуйным, мяккім нават, — усё роўна як зусім не для вайны народжаны. А войны, між тым, здаўна роду ягонаму чынілі пераслед.

Нарадзіўся Антон Андрэевіч у 1892 годзе ў маёнтку Чырвоная Горка над Ланню — у Лунінецкім павеце. Там і скончыў гімназію, семінарыю, вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце…

Вайна выпісала і лёсы Кутылоўскіх, па жывому, бывала, рэзала. Антону ж з усіх сямейнікаў найбольш ад яе дасталося…

Аднойчы, дабіраючыся з Лунінца ў Пецярбург, затрымаўся ён у Панявежы — горадзе свайго колішняга шкалярства. Прыехаў цёмначы, а назаўтра прачнуўся ў гасцініцы і здзіўлена стаў азіраць з акна другога паверха галоўную вуліцу горада: крамы ўсе зачынены, вокны дамоў занавешаны, на колькі можна было ахапіць позіркам — пуста, гарадчукі быццам усе раптам з'ехалі куды. Сышоў уніз, запытаў у намярнога, чаму гэта горад вымерлым выглядае…

— Халера ў горадзе. І вам нельга выбірацца адсюль, пакуль не знімуць каранціна…

Што ж, давялося вяртацца ў свой нумар. Пад абед людзі ў чорных масках пранеслі пакрытага чорным сукном нябожчыка. І зноў — нікога. А праз паўгадзіны — дзяўчына вуліцу перабегла і раптам, як спатыкнуўшыся, схапілася за жывот, упала — акурат перад уваходам у гатэль… Ужо колькі хвілінаў яна сціскалася ад болю, а ніхто не з'яўляўся. І тады да бедалагі збег Антон.

— Памажы…це… — праз стогн высіліла дзяўчына.

Як у морыўным сне: падхапіў яе на рукі і прынёс у свой нумар, паклаў на ложак. А далей — што? Прыпомніў, як чытаў колісь — пра тое, як адзін падарожнік у экватарыяльнай Афрыцы лячыў свайго сябра ад халеры. Зняў з дзяўчыны ўсё адзенне і абкруціў мокрым прасцірадлам. Мігам — у аптэку, па воцат. Нацёр ім гарачае цела дзяўчыны. Затым абрус воцатам змачыў і ўжо ім абгарнуў хворую. Два разы на дзень даваў выпіць моцнае гарачае гарбаты, змешанай з салодкім чырвоным віном.

Два дні і дзве ночы праседзеў каля дзяўчыны, а потым тая пачала папраўляцца, усміхацца нават…

На сёмы дзень пайшлі да яе бацькоў. Дзверы і вокны дома забіты дошкамі.

«Халера і маці, і бацьку забрала», — уздыхалі суседзі. А ў Ядзвігі Кіркілы — так звалі дзяўчыну — нікога са сваякоў у горадзе не было. Адзіны старэйшы брат Эдуард вучыўся ў Пецярбурзе ў ваенна-медыцынскай акадэміі.

Нічога не заставалася, як адвезці Ядзвігу ў Пецярбург да брата (пра яе далейшую вучобу ў Панявежскай жаночай гімназіі давялося забыць). Але без сродкаў на жыццё застаўся і брат Эдуард…

Антон пачаў сам рыхтаваць Ядзю, каб тая магла вытрымаць экзамены — хацела стаць настаўніцай. І грашыма памагаў.

Пра ўсё напісаў бацькам, і тыя наказалі прывезці Ядзю да іх, у Чырвоную Горку. Выбраліся на летнія вакацыі.

Сямейнікі адразу ж палюбілі прыгожую і сціплую дзяўчыну, увосень з жалем адпускалі яе ў Пецярбург.

Праз тры гады Ядзя паспяхова здала экзамены і атрымала пасаду настаўніцы ў літоўскім горадзе Папангене, куды і выехала ўлетку 1914-га. Праз колькі месяцаў Антон меўся дабрацца да Ядзі — каб разам вярнуцца да бацькоў і там справіць вяселле.

А ў ліпені пачалася вайна. Папанген захапілі немцы, Ядзя апынулася ў акупацыі, а Антона прызвалі ў рускае войска…

У палку іх было чацвёра — маладых афіцэраў-сябрукоў. Нельга сказаць, што ўсе яны мелі аднолькавыя рахункі з жыццём. Дваццацітрохгадовы паручнік Рудамёткін, сын купца-мільянера, вучыўся ў Маскоўскім універсітэце, а цяпер камандаваў першай ротай. Шчыры і жыццярадасны хлопец. Дваццацігадовы падпаручнік Верашчэцін, сын чыноўніка сярэдняй рукі, паспеў толькі скончыць гімназію. Бестурботны, праўдзівы, меў звычку захапляцца ўсім. Самым сталым з іхняй чацвёркі быў дваццацівасьмігадовы камандзір трэцяй роты штабс-капітан Мікалай Дзёмін.

Летам 1917-га полк перакінулі на фронт. Ведаючы, што без ахвяраў не абыдзецца, Антон Сокал-Кутылоўскі зноў вырашыў кінуць выклік лёсу: насыпаў у фуражку жменю скручаных паперак, на некаторых напісаў «СМЕРЦЬ»… І сталі сябры гадаць, што каму выпадзе. Без жартаў, сцішана разабралі паперкі, моўчкі разгарнулі… «Смерць» аднаму Рудамёткіну дасталася. Напаўжартам адспявалі яму «вечную памяць» і разышліся. Але ў жарт не перарасло іхняе гаданне. Як падмянілі з таго часу Рудамёткіна: задуменным стаў, весялосці — ані знаку, ад сяброў адвярнуўся.

7 ліпеня пачалася артылерыйская падрыхтоўка да наступу. Іхні полк павінен быў прарываць першае ўмацаванне лініі праціўніка. Рудамёткін бег поруч з Антонам… Ціўкнула, як заблукалае птушанё, перад імі разрыўная куля, і Рудамёткін спыніўся, схапіўся за правы бок, зірнуў спакойна на Антона, усміхнуўся нацята — і ўпаў перад насыпам нямецкага акопа. Там навек і застаўся — нельга ніяк было вынесці таварыша з поля бою…

Пасля гэтага Антон нават у карты гуляць перастаў, пра «гаданне» і падумаць баяўся, — прэферанс толькі раскласці зрэдку дазваляў сабе. Праўда, аднаго разу чорт усё ж зблытаў яго — і рызыкнуў у «дзевятку», ці «жалезку», перакінуцца. Тады Антона ўжо ў сувязь перавялі. Ад'ютант палка даручыў адвезці ў штаб дывізіі пакет з загадам. Адказ чакалі раніцай. Зайшоў перабыць у афіцэрскі клуб — а там чалавек з чатырнаццаць рэжуцца ў карты, на грошы (акурат пенсіён атрымалі). Ну і падсеў да іх Антон. І — трэба ж! — якую б карту ні адкрываў — кожная выйгравала. Усе кішэні павыварочвалі, у ардынарцаў сваіх апошняе забралі… Сярод ночы гульня закончылася — усё да драбніцы прайгралі гаспадары. Развітваючыся, Антон увесь выйгрыш — штось каля дваццаці тысяч! — паклаў на стол, прапанаваў кожнаму забраць сваё. Аднак трэба ведаць афіцэрскі гонар! Пакрыўдзіліся на яго нават, хоць у саміх — сем'і без грошай засталіся. Перад ад'ездам Антон усе грошы штабному ад'ютанту перадаў пад паквітаванне і папрасіў раздаць усім начным «ахвярам». Ледзь не па ўсёй дывізіі чутка пра іхнюю гульбу пайшла…

Толькі восенню 1919-га дабраўся Антон у літоўскі Папанген. І радасна, і турботна сустрэла яго Ядзя:

- Каб жа на паўмесяца раней ты аб'явіўся… — і ледзь прашаптаць здолела: — Праз тыдзень мне пад шлюб ісці…

У той жа дзень Антон ад'язджаў у Вільню. Ядзя прыбегла развітвацца.

- Варочайся хутчэй з пярсцёнкамі заручальнымі! Тваёй буду…

Ды не вярнуўся Антон, не стаў у яе адбіраць новага шчасця. Вайну кленучы, праз колькі дзён ліст Ядзі напісаў, у якім жадаў ёй моцнага шчасця…

Праз год ажаніўся з Аляксандрай Ясінскай, бацькі якой мелі ў Менску тры каменныя дамы. І зноў яго вайна паклікала… І не мог без бою скарыцца Антон свайму лёсу, падаўся ў паўстанцы да суседзяў сваёй Лунінеччыны…


У Капыль выступілі звечара, каб за ноч паспець акружыць мястэчка і атакаваць ужо завідна. Першымі па вуліцах прагізавалі коннікі. З хатаў пачалі выскокваць чырвонаармейцы — у адных сподніках. Усчаліся няўцямныя стрэлы… Непаразуменне, гармідар вакол. Аніяк не маглі разабрацца, хто ж гэта на іх вырашыў напасці.

- Балаховцы, что ли? Чёрт их реж! — хаваючыся за сценку студні (стаяла пасярод вулкі), праціраў вочы мужчына з азызлым тварам.

- Да не… Те атамановцы ночью бы всех порезали… — уставіў шараговец (на выгляд ужо дзед), які залёг побач, з другога боку студні.

Усё роўна як пачуў іх камандзір слуцкі, капітан Сокал-Кутылоўскі, - у пярэрве паміж стралянінай загадаў узняць сцяг брыгады.

І яшчэ больш зніякавелі бальшавікі — адкуль у слуцакоў вайсковыя адзінкі?!

Наступоўцы спакойна выпхнулі чырвоных з цэнтра, пачалі шчыльней акружаць. Двойка ад студні так нікуды і не перабегла — адчуваў камандзір, што пастка наўкол. Папстрыкваў з нагана, лаяўся на старога шарагоўца:

- Да стреляй ты, черт тебя!.. — злавіў у цэліку нязграбную постаць, зноў пстрыкнуў — і постаць, бачыў, віхнулася назад (твар чалавека разгледзець паспеў нават, загарэлы, маршчыністы)…

- Один… — Камандзір злосна дзмухнуў у рулю нагана, зноў крыкнуў на шарагоўца: — Дёмин, растуды твою мать! Чего ж… — і асёкся раптоўна, торкнуўся тварам у падмерзлую зямлю, — а на сподняй кашулі плямка — з далонь — зачырванела. І нечакана дзіўнае зацішша абрынулася на вулку, як і не здарылася там нічога. Потым адзіночны стрэл, яшчэ адзін — з боку наступоўцаў.

- Ты, снайпер хренов! — нарэшце азваўся Дзёмін. — Чё палишь? Я те шо… немчура аль поляк какой?! — спакойна прыставіў да студні вінтоўку, з якой так і не стрэліў сёння (рукі моцныя яшчэ, вялікія, як капачы) — і ва ўвесь рост узняўся…

Пасля гэтага і здалася «капыльская» рота. Зброю ўсю сабралі — каля сотні ствалоў; амуніцыю, канцылярыю ворагі нядаўнія нават разам на падводы грузілі.

- …А мне на ухо командир орет всё… Стреляй да стреляй! А я то вижу — не немцы, не поляки… Как стрелять то, — вуркатаў Дзёмін, — ведь свои почти!

Плішка, якога Дзёмін (амаль роўня па гадах) ахрысціў нядаўна «снайперам», пачаў таксама апраўдвацца:

- А я ж то, думаеш, прыцэльна? Ды я каб ты сам не высунуўся і не падпёк каго… — Закурыў — і да Дзёміна: - Сам то скуль будзеш?

- Омский я, с Коноплянки… А тут думаю, — зноў на сваё перакінуўся, — как стрелять то в вас… Да и в такую земельку кровь лить грешно даже! Жирнющая то какая! Чай сами от хат недавно оторвались? И как стрелять?..

Як у яблычка пацэліў Дзёмін з Канаплянкі — адрываліся сяляне ад хатаў, і першы з іх — «снайпер» Ціма Плішка. Яшчэ з месяц назад каб хто сказаў яму, што ў свае шэсцьдзесят будзе ваяваць — у вочы б плюнуў. Жыў сабе невылазна ў недалёкім ад Слуцку Набушаве, пчол (яшчэ ад дзеда засталіся) разводзіў — Алесь з Лістападам колісь падчас «інспекцыі» сваёй да настаўніка Пашкевіча бачылі ў садзе ягоныя вуллі: не якія там калоды, а «шляхетныя» вуллі з рамамі (іх даданаўскімі звалі).

Характар Плішка меў адметны… Днямі на пчол глядзець мог. Кульне, бывала, чарку, жонку вакол хаты паганяе — і да вуллёў, зноў аціхае, на пчол вызарыцца. Але суседзі перш не гэтаму дзівіліся (дзяцей, маўляў, няма, дык іншую забаву знайшоў), — а як гэта ён, невысокі, высахлы, сваю Люську адольвае — аж, бывае, енькачыць тая. Каб не ленавалася жонка, не тое што сама паганяць гаспадара свайго змагла б — за пояс завязала б! А пчолы і таго больш паважалі Ціму — дзіўна, але ўжо і забыўся ён, калі ўпякеліла хоць адна. Рой абіраюць ці латкі дастаюць удвох з жонкай — хоць і сеткай тая прыкрываецца, так зрэжуць, што тыдзень азызлая, як порхаўка, ходзіць. А Ціму і без сетак хоць бы хны, голымі рукамі пчол зграбае…

І ніколі Ціма не пускаў жонку на торг мёдам. Сам выбіраўся ў Слуцак — як на свята якое. І апратку чысцейшую падбіраў, вынядзельваўся (Толькі кабаціка свайго на аўчынцы ні зімою, ні летам не знімаў.

«Ад цяплосці не баляць косці!», — на кепікі «Можа й спіш у ім, і ў лазню ходзіш?» адказваў). Нібы падрастаў, нахвальваючы на кірмашы свой мёд.

«Гэта ж вам не рэдзьку вырасціць! Тут прыродным трэба быць…»

І бралі мёд той, і таксама хвалілі — дзіва што: не проста ж быў мёд-зборніца; кожны гатунак — у асобнасці (у залежнасці ад пары года): ліповы, верасковы, грэчны…

А потым не да мёду людзям стала. Не ўсім, канечне… Пацягнуліся вёскай чырвоныя адступленцы — і патрава за патравай у гаспадарцы Цімавай. Жаўнеры польскія аб'явіліся — і яны ад салодкага адмовіцца не маглі. Напачатку Ціма нават спаў у садзе, каб смялей было — напашэве стрэльбу (таксама дзедаву) трымаў. Скарыстаць яе — не скарыстаў, канечне… А начаваў каля вулляў чаго? Ды каб набрыдзі соты не трушчылі, пчол не душылі. Скокне хто крадма ў сад, а ў Цімы (ведама ж — не адкруцішся) стары мёд пад рукою, зацвярдзелы: «На, чалавеча, не турбуй пчол, не кратай вулей…»

А то паспрабаваў вуллі ў лес вывозіць, хаваць — ды і там дапікалі…

На тыдзень стала зацішна. Прамінула, падумаў Ціма, ліха — і вуллі зноў у сад пазвозіў. А гэта, як аказалася, акурат па іхняй вёсцы лінія фронту прайшла. І аднойчы, як палякі паспрабавалі пасунуцца крыху наперад, завухкала за вясковымі агародамі, загрукатала, а пазней за Цімавай хатай як лясне перуном!.. Выскачыў зляканы гаспадар — і ледзь не самлеў: пылу хмара зверху, а пад ёй, пасярод саду, — аграмадная яміна, раструшчаныя камлі яблынь з яе тырчаць, ад большасці вуллёў і следу нават не засталося… Так і асеў Ціма, быццам сам снарадам заблудным падбіты…

І як падмянілі пасля гэтага Ціму, куды былая схільнасць да адзіноцтва дзелася? Завітаў да Пашкевічаў (па суседстве жылі), Рыгора, малодшага Янкавага брата, выклікаў:

— Помніцца, неяк з гарадскога камітэту да нас начальнік нейкі прыязджаў, у войска слуцкае запісваў… Дык мо падкажаш, як цяперака туды залічыцца? — І, ловячы суседава здзіўленне, дадаў: — Ты ж, пагаворвалі, сябар тога начальніка. То й падкажаш мо?..

«Начальнікам» тым быў Антон Борык, а пасябраваць адным з малодшых Пашкевічаў давялося яму ў 1919 годзе — на нямецкай зямлі. Борык — былы капітан царскай арміі — быў кіраўніком ваеннай місіі БНР у Берліне, а Пашкевіч… ваеннапалонным у лагеры «Зольтау» ў Гановеры, каля самага мора (беларусы яго, афіцэра, старэйшым усяе зямляцкай грамады абралі).

Антон Борык кіраваў, да ўсяго, берлінскай канторай «Сіндыката Сапегі для Еўропы й Азіі», які распачаў работу ў 1920 годзе на Беларусі (яго заснаваў інжынер-лётчык, беларускі князь Станіслаў Леў Сапега). Сіндыкат меў сваіх прадстаўнікоў у розных краінах. Антон Борык запрашаў на працу свядомых інтэрнаваных беларусаў, выпісваў ім беларускія газэты, а карыстаўся пячаткай з выявай «Пагоні». Берлінская кантора сіндыката займалася фінансавымі і гандлёвымі пытаннямі, а таксама кансультавала ў юрыспрудэнцыі (магла нават прапанаваць дэтэктыва).

За інтэрнаванымі ў Нямеччыне салдатамі былой царскай арміі вялося сапраўднае паляванне. Міжнародная камісія ў Берліне намагалася сфармаваць з іх супрацьбальшавіцкае войска. Не драмалі й бальшавікі — маючы грошы і агітатараў, схілялі палонных на свой бок. Вось кіраўнік Беларускай ваеннай місіі ў Берліне Антон Борык з падтрымкі міністра ўнутраных спраў БНР (а ім стаў на той час Кузьма Цярэшчанка) і высільваўся, каб палонных беларусаў не адаслалі куды-небудзь у дзянікінскую ці Чырвоную армію. Быў закладзены «адзьдзел збліжэння палоненых беларусаў у Нямеччыне з родным краем» (Беларусаў на чужыне сабралася каля пяці тысячаў). А непасрэднае знаёмства Борыка і Пашкевіча адбылося пасля таго, як у прадстаўніцтве місіі атрымалі ліст з лагера «Зольтау» — просьбу накіраваць іхнюю дружыну на фронт у беларускае войска.

«Усе як адзін станем, а Родну Беларусь дастанем!» — запэўнівалі інтэрнаваныя.

Не мог пасля гэтага Борык не прыехаць у лагер! А пасля абодва знаёмцы і на Случчыну разам дабіраліся, гасцяваў Борык у Набушаве ў Пашкевічаў. І атайбаваўся ў тых краях — яго прызначылі начальнікам штабу Слуцкай брыгады. Пра гэтае «начальства» і ўзгадаў Рыгору Пашкевічу Плішка Ціма…


…- А дзе ж стралец той, каторы нашага снайпера… такім-та абазваў? — узгадаў раптам капітан Сокал-Кутылоўскі. — Гэта ж і яму падзякаваць трэба, і з ягонай дапамогі так проста ўсё вырашылася…

А калі Дзёміна адшукалі і прывялі да камандзіра — і твар, і постаць знаёмымі капітану падаліся.

- Дзёмін, кажаце?.. А сын у вас ёсць? — Сокал-Кутылоўскі злёгку прымружыў павекі.

- Да… А что? — занепакоіўся стары.

- Мікалай. У шаснаццатым прызвалі…

- Точно…

- Штабс-капітанам быў. Казанскі інстытут скончыў. Настаўнікам збіраўся стаць?

- Да-да… — Дзёмін-старэйшы нават язык ад нечаканасці высалапіў.

— В Казани тетка его жила. Она побогаче, своих детей не было, вот и пристроила в институт…

І тады слуцкі капітан моцна абняў старога Дзёміна:

- Служыў я колісь з вашым сынам, бацька!

- А где он?! — у старога раптам пачырванелі вочы, вусны задрыжэлі.

- Пра гэта я ў вас спытаць збіраўся… Ня ведаю… — і Сокал-Кутылоўскі яшчэ раз абняў зніякавелага Дзёміна.

* * *

Слуцак падаўся згвалчаным — бруд, бітае шкло на вуліцах, смецце… І на жыхароў сполах найшоў — у вокны глядзець баяцца. Але праз дзень пачалі ажываць. Загаманілі дворыкі…

Полк начаваў у ягонай Цароўцы. На ўездах выставілі каравулы. Да сябе ў хату Алесь запрасіў Бусла, Жылку, Харытончыка, яшчэ колькі хлопцаў і, канешне ж, Лістапада — ён ужо амаль братам родным стаў.

У двор заходзілі цёмначы — пад ногі з гыркатам кінуўся адвязаны Рыжык ды, абнюшкаўшы, замянцеліў хвастом.

Дзед абрадаваўся, маці адразу ў слёзы… Затым устрапянулася, зніякавела:

- Вой, а чым гэта пакарміць вас? — і да печы, высыпала з чыгунка на стол адваранкі — бульбы неабіранай, у міску смятаны плёхнула: — Памачайце во, а я зараз яешню спяку… — І нібыта ўжо апраўдваючыся: — Абшалёсталі ўсё раквізіччыкі…

Пасля падсела бліжэй (дзед ад прыпечку не адыходзіў), усміхнулася, на іх гледзячы.

- Не турбуйцеся, цётка, дома ўсё смачна, не ад'есціся… — бадзёрыўся Бусел.

- Ды ўжо ж асмакоўвайцеся, чым ёсць… І калі ж гэта, дзеткі, усё ўціхне? Жыткі ж аніякай… Лацьвей цяперака бязлюднікам — як той Буба — жыць у зямлянцы, і ні чуць, і ні бачыць нічога…

- Ну чаго разгорнілася так? І горшае бывае! А ён жа не выскрабак (гэта пра Алеся), не адно кніжкі чытаць яму… Вунь як да неба скочыў! — падаў голас і дзед.

- Праўда, мама… Ты не турбуйся так… Штодня мы амаль і з бацькам бачымся. А пра Бубу ты ўспомніла — дык і ён жа ў брыгаду прыйшоў! Цяпер і яго кавальскія рукі патрэбны.

- Дык ужо ж глядзіце там… — маці, адчуў, вось-вось зноў заплача…

А пад раніцу і бацька прыехаў. Перадрамаў з гадзіну — і зноў у дарогу зазбіраўся. Пры брыгадзе дзейнічаў медыцынскі адзьдзел. Раненых большала, і патрэбна было клапаціцца пра шпіталь і абслугу. Непярэліўкі і з медыкаментамі…

Заспеўшы сына з Лістападам у мыцельніку, абняў абодвух — і агаломшыў:

- У медычкі да нас і Люда з Марыяй запісаліся… Як я ні ўгаворваў, не перадумалі. Што рабіць — я й ні ведаю нават…


На месцы гарадскога рынку яны чакалі агульнага збору, спрабавалі жартаваць, грэліся каля наспех скіданага агеньчыка — балазе дошак ад разбітых лаў і сталоў было ўдосталь. Хмурна наўкола, волка. Ужо колькі разоў спрабаваў зацерушыць снег.

І раптам:

- Дзядзька Антон, ці вы гэта?!

Трое мужчын — як па камандзе — сталі. Адзін з іх, ніжэйшы ростам, у густой барадзе, звёў бровы і прастуджана прахрыпеў:

- Жылка, убрыкні цябе кама-а-ар! І ты тут! Дай я цябе пацалую…

Бачна было, мужчыны (сярод іх Алесь пазнаў начштаба Борыка) некуды спяшаліся. Жылкаў знаёмец — Ядвігін Ш. - разгублена агледзеў усіх хлопцаў, зніякавела пахітаў галавой:

— Трымайцеся… Бог дасць, пабачымся! — А ўжо адышоўшы ад вогнішча, хапіў Борыка за рукаво: — Паслухай, браце… Гэта ж паэт наш малады… Хворы ён. Ды і ўсе — дзеці яшчэ. Яны што — пад кулі йдуць? Памаракаваць трэба… — і азірнуўся змрочны, наструнены.


А брыгада ў той дзень рушыла наперад. Амаль не сустракаючы супраціву, за колькі дзён дайшлі да Урэчча. Тым шляхам — старадаўняй Варшаўкай, паўз Вясею, Набушава — і амаль такой жа парою год назад Алесь ужо ездзіў тут. Цяпер жа, здавалася, шлях нібыта пашырэў, прысады быццам расступіліся.

Ціма Плішка, якому пашэнціла апынуцца ў сваёй вёсцы, раздаў шарагоўцам увесь свой зберажоны мёд, а сам праз дзень, каля Урэчча патрапіўшы пад кулямётны агонь, загінуў у першым батальённым шэрагу.

Пасля адваёвы Урэчча палкі разышліся: Слуцкі лясамі кіраваў далей — на Пагост і Старобін, а грозаўцы падаліся на поўнач, у свой край — на Покаршаў і Вераб'ёва.

Там іх і стрэлі новыя бальшавіцкія сілы, спешна папоўненыя аддзеламі добраахвотнікаў і кітайцаў-наёмнікаў. На фронт супраць мяцежнага палка кінулі цэлую дывізію…

Толькі і Алесь, і Жылка, і Лістапад, і іншыя хлопцы ў тых баях удзелу не ўзялі (і, як ужо думалася пазней, спрычыніўся да гэтага начштаба Борык, а першым чынам — «дзядзька Антон», Ядвігін Ш.).

Пагоршылася забеспячэнне брыгады харчам. Запасаў на трохразовую «пачонстку» не хапала, і пастановаю рады стварылі штат інструктараў, абавязкам якіх і стала здабыццё прадуктаў. Хлопцаў, па праўдзе, «хапіла» ўсяго на два дні.

«Што мы, зломкі якія? Гэта ж і дзяды, і бабы здолеюць: ездзі па вёсках і ахвяраванні збірай».

А некаторым і ў вочы глядзець сорамна было, асабліва пасля таго, як выйшла «раскладка»: пэўным вёскам здаваць па 2-3 «галавы» жывёлы. І скуру назад варочаць, і рэквізіцыйныя квіткі выпісваць… На трэці дзень «на хлеб» выпрасіліся. У многіх пакінутых маёнтках пазаставалася збожжа. Вось і пачалі малаціць і муку здабываць. Малацілі палонныя і перабежчыкі (іх больш сотні назбіралася да гэтага часу). Налічылася б больш, ды беларусаў адразу ж на свабоду адпускалі. (Пазней палонных, па дамове з польскім ваенным ведамствам, накіроўвалі ў лагеры на захад). Частка палонных-беларусаў зноў прыбівалася да брыгады і, гуртуючыся самачынна і асобна, таксама брала ўдзел у баях. Камуністам і камісарам Чырвонай арміі пагражаў расстрэл — пасля выраку ваеннага суда (у складзе старшыні, пракурора, абаронцы і некалькіх прадстаўнікоў камсаставу й ніжніх чыноў) або загаду камандзіра брыгады.

Але й за здабыццём хлебу нудзіліся хлопцы і, пэўна, збеглі б у свой полк, каб не нечаканае новае даручэнне.

Пад Грозавам усчаліся жорсткія баі. Магутная бальшавіцкая 16-я армія вырашыла ачысціць «нейтральную зону» ад «нечаканых» абаронцаў. Польскія ўлады на тое пагадзіліся, груба парушыўшы свае дамовы з беларусамі.

Змену ў ваенна-палітычных варунках адразу ж адчуў Булак-Балаховіч. Случакі мусілі ці загінуць, ці шукаць падтрымкі ад Беларускага Палітычнага Камітэта. Фіктыўна інтэрнаваны, пазбаўлены сваёй «народнай арміі», Булак-Балаховіч меў багатыя ваенныя склады і ўсё яшчэ спадзяваўся стаць на чале Слуцкай брыгады. Дарэмна перадаць зброю ён адмовіўся. Тымчасам і ў радзе, і ў штабе брыгады пачаліся хістанні. Выспелі новыя перамовы, на якія напачатку выправіўся Мацэля, а за ардынарцаў запрасіў Алеся й Лістапада (пэўна, чуў, што яны ўжо «гасцявалі» ў «бацькі»).

…Тыя ўспаміны толькі слаба цепліліся ў ягонай памяці, як тумановым вэлюмам акрыты былі. Зрэшты, і насамрэч туман — халодны, зімны — наваліўся тога ранку на іх. І Лунінец, куды нарэшце дабраліся яны, як у малацэ патанаў, - так і не разгледзелі места. А з Балаховічам таго разу не пабачыліся — быў у ад'ездзе.

…Хата ў цэнтры мястэчка, але неяк усё ж наводшыбе. Ціскануў мароз, і за дарогу — выбраліся ноччу — зледзянелі. Адразу ж, як прывязалі коней, іх запрасілі ў хату. Падскочыў асілкаваты хлопец і, як даведаўся, што госці са Слуцкай брыгады, забубніў:

- Я ад'ютант генерала Густалес. Дазвольце правяду…

Хата з прысенкам, на адзін вялікі пакой. Пэўна, некалі ўсё ж была падзелена на дзве часткі — падлога сшывалася на палове, і па ёй, відно, і йшла сцяна (бо навошта ж было такога рубца сярод хаты рабіць?). Тры нізкія акны. Круглы стол у куце… Канапы чорнай — няма…

- Слуцакі, рэж вас камары! — голас з прастуджанай хрыпцой, знаёмы ўжо.

«Дык гэта ж Ядвігін Ш.!»

Парукаліся.

- Атаман Дзяргач, — назваўся другі засядайца — у цёплым кабаціку ён выглядаў на карэннага палешука: чорная густая з кучаравінкай барада, цвёрдыя вусы, густыя бровы, цёмныя — але добрыя — вочы (якія адно выдавалі ў ім яшчэ маладога чалавека), бульбаваты нос, змуленыя вусны, абветраныя шчокі…

На стале — папера, алоўкі, скрэсленая карта.

- А па руках мо й кроў ня бегае! Сядайце да грубкі, грэйцеся, — гэта зноў Ядвігін Ш., прыставіў да грубкі — як снег белай — лаву, сам да стала вярнуўся. Пра што вялі гаворку Дзяргач з Мацэлем, Алесь не прыслухоўваўся і ўзгадаць не мог.

- А я атамана Дзергача ведаю ўжо, — абнечаканіў Лістапад. — У красавіку ў Слуцку ён пачынаў вербаваць у беларускае войска ад імя Беларускай вайсковай камісіі. Нацкам наш не падтрымаў тады яго. Але ягонымі пачынаннямі і быў адкрыты вербунковы пункт пад бел-чырвона-белым сцягам. Асвяцімскі рупіўся. Ну ты ж пра гэта ведаеш…

«І насамрэч знаёмы твар Дзергача… Ну, а я ж дзе мог яго бачыць?..» — няўрымсцілася і Алесю.

І толькі калі праз паўгадзіны ў хату яшчэ адзін чалавек увайшоў — высокі, прыгожа апрануты, з гальштукам, даўгаваты роўны нос, добрыя шэрыя вочы пад нізкімі брывамі; зняў шапку — валасы далікатна прычэсаны, маладая лысіна раз'ядала прабор, вусы доўгай хвалькай на канцах ускідваліся ўверх — Алесю як праяснілася…

- Сябар штабу Грач, — сам адрэкамендаваўся зайшла.

«Як Грач? Гэта ж Ксяневіч!..»

Яшчэ з Гаруном бачыў яго Алесь. «Ну пэўна!» А яшчэ й атамана гэтага… Адамовіч прозвішча ягонае…

«Ну дык гэта ж іхнія «псеўданімы» партызанскія!» — Алесю стала ніякавата за сваю нездагадлівасць.

«Канешне, бачыў іх — і Ксяневіча, і Адамовіча! Абодва ў рэзерве БВК ў Менску служылі!»

Адамовіч з падтрымкі бацькі — старшыні Беларускага палітычнага камітэта, таксама Вячаслава — і Ядвігіна Ш., сябра камітэта, заснаваў арганізацыю «Зялёны Дуб». Зрэшты, гэтая ідэя выспела яшчэ ў БВК — аб'яднаць дзейнасць партызанскіх атрадаў на тэрыторыі Беларусі. Адступленне Балаховіча толькі паскорыла згуртаванне «Зялёнага Дуба». У лістападзе быў створаны Галоўны штаб. У яго ўвайшлі разам з атаманам Дзергачом, Грачом таксама і Ядвігін Ш., старшы ад'ютант Корч (ён жа Мікола Крывашэін), капітан Фёдараў і яшчэ некалькі надзейных сяброў).

Дзяргач-Адамовіч патрапіў у партызаны наўпрост з БВК, Грач-Ксяневіч жа напачатку паслужыў у польскім войску, затым — у гусарскім палку Балаховіча, на браняпоездзе «Балаховец», які цяпер стаяў у Лунінцы.

А тым часам давяршаўся разгром войска генерала Балаховіча, «бацькавы» атрады, зразумела ж, не маглі супрацьстаяць Чырвонай арміі. 20 лістапада яна адбіла Балаховічаву «сталіцу» Мазыр і адціснула балахоўцаў на польскі бок.

На самога ж генерала ўсчаліся нападкі. Не хацеў дараваць яму служэння незалежнай Беларусі Савінкаў. Узлючаны «начальнік» Рускай добраахвотніцкай арміі кідаў у агонь кіпы дастаўленых яму агентурай балахоўскіх улётак, ледзь не пырскаў слінай:

- Батька выискался! Стенька Разин прямо… «Беларускі народзе! Пасля многапакутных вякоў няволі і здзеку збліжаецца найвялікшы гістарычны момант у нашым гаротным жыцці. Адбудова дарагой нашай Бацькаўшчыны, адраджэнне… Дык гей, беларускі народзе, пад штандар нашага правадыра бацькі Булак-Балаховіча. Адзавісь на магутны кліч сыноў сваёй Бацькаўшчыны. Ачнісь, Беларусь…» Будитель, мать твою…

Балаховіча сталі бэсціць і савецкія, і польскія, і расійскія эмігранцкія газэты. Супраць яго пачаліся судовыя працэсы… Збіў спанталыку польскі генштаб Савінкаў — знішчыў шэраг дакумэнтаў аб дзейнасці Балаховіча, нарабіў пасквіляў. А неўзабаве і сам будзе разбіты Тухачэўскім…

А гэтая скампраметацыя ў габрэйскіх пагромах — таксама ці не ад Савінкава першага пачалася. Сам жа Балаховіч пра гэта адзначаў — у лісце да Пілсудскага пісаў аб тым, што Савінкаў і яго людзі здрадзілі яму, збеглі ў Польшчу ці да бальшавікоў, а цяпер палкоўнікі Паўлаў і Паўлоўскі пад ягоным — Балаховіча — імем зганяюць злосць на беларускіх габрэях…

Папсавалі Балаховічу рэпутацыю ў «жыдоўскім пытанні» і ўкраінскія «госці», — яшчэ ў 1919-м, калі бальшавікі абклалі армію Сымона Пятлюры, Балаховіч дазволіў некаторым яе сечавікам быць на сваёй палескай тэрыторыі. Калі ж дакаціліся погаласы пра гвалты і рабункі пятлюраўцаў, генерал загадаў Пятлюру вывесці свае аддзелы назад на Украіну. Толькі ценю на ўсё ўкраінскае войска кідаць праз тое аніяк нельга! Адданыя патрыёты Украіны палеглі пад Кіевам ці засталіся ваяваць, адыходзілі-хаваліся зазвычай «хістанцы», а ім адно б душа ў целе…

Самога ж Сымона Пятлюру і чыннікам беларускага руху назваць павінны.

«Беларусы ды іхняе нацыянальнае пытанне» — так, напрыклад, называлася адна з ягоных рэцэнзій.

Больш таго — сталым супрацоўнікам часопіса «Украинская жизнь», які да расійскіх рэвалюцый выдаваў у Маскве Пятлюра, быў Максім Багдановіч, яго артыкул «Краса і сіла» ды іншыя да друку… рыхтаваў Пятлюра!

…Але далёка аднесла ўзгадкі ягоныя пра «Зялёны Дуб»… Гэтае згуртаванне — яго афіцыйная назва Сялянская партыя Зялёнага Дуба — была для Балаховіча, як на сёння думаецца, адзіным злучвом з беларускім супрацівам, і ўзрастала не без «бацькавага» куратарства: «хрысцілі» ў свет зеленадубцаў лідэры Беларускага палітычнага камітэта, і партыйныя дакумэнты дапамагалі афармляць, і пячаткі рабілі, і склад штаба, і яго функцыі разам узгаднялі. Да ўсяго ж з «Зялёным Дубам» скрыжаваўся лёс і яшчэ аднаго случака — Радаслава Астроўскага. Займаючы на той час пасаду кіраўніка Пінскага адзьдзела польска-амерыканскага камітэта дапамогі дзецям, былы дырэктар Слуцкай гімназіі і ўжо таксама ў былым міністр асветы, «расстараўся» для партызанаў тытуню і хлеба.

…Зноў усё неяк блытана, спешна ўсплывае. Толькі ж напачатку не пра тое ўзгадаць мецілася, штось яркае… А, вось!

Гэта ўжо назаўтра, калі яны з Лістападам рыхтавалі да ад'езду коней, да штаба ліха прыгужаваў вершнік, кінуў ім павады — пакрыўдзіў, помніцца, за прыслужнікаў злічыў… І зноў штось знаёмае Алесю тады ў ім — у белым кажушку — убачылася, і зноў не адразу праяснілася. І калі абедалі затым разам — вачэй не зводзіў, штось непрыемнае ў душы шкрэблася. А той, у кажушку (не скінуў яго і за сталом), хутка ежу глытаў, жаваў моцнымі зубамі… Выцер вусны сурвэткай, як пра штось вырашанае ўжо сказаў:

- Значыць, суткі на дарогу. А там я з вынікам ганца дашлю — рошыце, што далей рабіць, купляць што перш…

- Дай то Бог, — Драч паківаў галавой. А Ядвігін Ш. перастрэў зацікаўлены Алесеў позірк, улучыў момант — і на вуха: - Вось пана Асінскага да Варшавы пасылаем. Магдалена Радзівіл золатам падтрымаць вырашыла…

- А хто гэты пан? — нарэшце, думалася Алесю, ён разгадаецца.

- Скарбнік наш. Па фінансах… Ад Балаховіча прыехаў.

Ды толькі мацней штось няўлоўна-неспакойнае, турботнае застукала ў скроні. А калі пан Асінскі пашкроб бараду, Алесь паспрабаваў яго ўявіць паголеным — і ледзьва не ўскочыў! У вушах зашумела… Паспяшыў выбрацца з-за стала, а Асінскі — як учуў што — кальнуў вострымі зрэнкамі. І зноў загаварыў пра сваё. Алесь, прызнацца, усё ж разгубіўся напачатку. Доўга шукаў рукаў свайго паношанага кажушка, зашпільваць не стаў, на лаву — так з учарашняга каля грубкі і стаяла — асунуўся. І толькі калі адчуў пад рукою прыклад сваёй абразанкі, даведзенай да ладу Жалязовічам, крыху супакоіўся, выхопліваў назіркам Асінскага — і чакаў, як той рукі з-пад стала ўзніме (кабура ў тога — паспеў заўважыць — была на дзязе пад кажушком).

«Штось падазрона ён на мяне зіркае… Можа, дарма першым узняўся…»

Але марудзіць і адступацца было позна. Як толькі Асінскі зноў пашкроб бараду, Алесь і бухнуў:

- А вы, пан Асінскі, часам у нас у Слуцку не гасцявалі?

Усе зірнулі на Алеся, Мацэля нават схмурыўся — што гэта так запанібрацкі… Асінскі ж адхінуўся ад стала, скрывіў вусны. Алесь жа — сваё:

- Толькі тады, пры бальшавіках яшчэ, вы Красніцкім былі! І не на кані, а на аўто раз'язджалі… На ім і драпанулі.

І тады ўсе зніякавелі, і Лістапад («Юрка тады ў Менску быў, не можа гэтага ведаць…»), і Мацэля («І яго ў Слуцку на той час не было»). А Асінскага — добра ўбачыў! — як токам працяла, хоць праз вомірг намагаўся быць спакойным:

- Блытаеш, хлопча…

- Не блытаю, былы таварыш камісар! Шнар свой ад вуха да рота барадой даўно хаваеш?

Тут ужо ўсе адхінуліся ад стала. А рука былога «камісара» паволі папаўзла пад стол… І тут Алесь ускочыў:

- Рукі! - і нацэліў на ліхвяра абразанку. А той нечакана зароў нема, стол абярнуў — і да дзвярэй… І ўжо рэвальвер выхапіў… Лістапад скраю як сядзеў — толькі й паспеў, агоўтаўшыся, падставіць нагу. Таго й хапіла. Красніцкі-Асінскі бразнуўся вобзем, а калі тузануўся крутнуца й узняць рэвальвер, — на ім ужо сядзеў Алесь…

- Ну, гніда саплівая, я табе яшчэ за паклёп душу выму! — як і ні ён быццам збегчы хвілю таму ймкнуўся. — Абняславіць… Ды я кроў сваю ліў, як ты ў штаны мачыўся!

- І ў вяскоўцаў нашых апошнюю кроху адбіраў! — па-праўдзе, не ахладнеў яшчэ і Алесь, хоць і разумеў, што трэба растлумачыць усё спакойна. — Мала было? І да князёўскіх грошай памазаўся?!

Выкрыты, абяззброены, звязенены, Красніцкі-Асінскі пачаў звар'яцела апраўдвацца:

- Ды я ж асобы памочнік Багуцкага… Ён паляк! Мы з ім выконвалі важную місію Польшчы!..

- Знаем мы тваю місію… — гэта нечакана Ядвігін Ш. абазваўся, зноў падсеў да перакуленага стала, жалезную лыжку прыклаў да ілба. — Трэба ж, бугай, галаву сталом ледзь не разбіў!

А праводзячы да коней, абняў і Алеся, і Юрку:

- Ну, бадні вас камар, мала-айцы. Дальбог, малайцы! Беражыцеся там… — а Мацэлю адвёў убок — і зноў нешта цвёрда яму наказваў.


«Мяне й Юрку Лістапада зноў на ахову харчовых складоў паставілі, а Жылку накіравалі за Макарам Краўцовыім у Слонім — наладжваць справу з брыгадным друкам.

А зеленадубцы пачалі пасыілаць нам зброю, атрыманую праз палякаў ад балахоўскх атрадаў. Перадавалі з браняпоезда выібуховыія рэчы. Штабам камплектаваліся атрады па 20 - 25 жаўнераў і выпраўляліся да Сіняўкі й Семежава. На чале аднаго з аб'яднаных атрадаў пад Старобінам дзейнічаў і сам Дзяргач…

А набыць сваю друкарню рада Случчыны хацела яшчэ летам. Цяпер жа прапанавана было карыстацца друкарняй БВК. Вырашылі ўсталяваць яе ў Слоніме і заканспіраваць, каб не выклікаць пратэстаў Савецкай Расіі: другім пунктам Рыжскай дамовы Польшча абавязалася не падтрымліваць арганізацыі, якія вядуць збройную барацьбу з Саветамі. Пытаньне з друкарняй узгадняць адкамандзіравалі перш Макара Краўцова. Зьвестак ад яго не даходзіла, а дэкларацыі й улёткі неабходна было размножыць. Зрабіць гэта і належала Уладзімеру Жылку.

Напачатку, праўда, ён закрыўдаваў нават:

— Чаму я? Хібая горшы шараговец? З гэтым жа кожны справіцца… — хоць ой як цяжка будзень вайсковы даваўся хвораму хлопцу! І толькі калі хтось з шарагоўцаў пачаў даводзіць, што на курок націскаць — не вялікая навука, а вось літару да літары ўціснуць — гэта ня кожны зможа, — згадзіўся, хоць нездавальненьне ў вачах і пакінуў…

Так з Жылкавай лёгкай рукі й была аддрукавана за ўлётку «Пагоня» Максіма Багдановіча. А калі пачалося адступленьне, адозвы й новыя ўлёткі даводзілася памнажаць на звычайным гектографе…»

(З запісаў Алеся Ваяра).

* * *

Усё глыбей і глыбей укручваў яго ў свае нетры абуджаны вір памяці, усё мацней у абдоймах сваіх сціскаў, свет навакольны засцячы: як не хацеў-намагаўся штось з рэчаіснасці ахапіць і вычуць — усё праз хвілю запавольвалася, туманілася. І зноў, як зрэдзьчас на ягоныя фларыдскія Дзяды, збіраліся цяпер перад ім забытыя, думалася, постаці; ажывалі — у руху, колеру, гуках — даўно прамінулыя дзеі. Яму ажно немарасцева рабілася — ці не памарак памутнёнасці абрынуўся нечакана? А згадкі, прыпаміны ўсёй свядомасцю авалодваць пачыналі, нават чуць пераставаў, як нямела чагось левая рука, сэрца знібела і штось даўка-ўчэпістае пад ім, сэрцам спрацаваным, узрастала. Усё часцей уяўляцца пачынала, што — вось ён, стары й амаль нямоглы, праваліўся ў прогу таго бязмежнага 1920 года і выбрацца з яго і не жадае, і не можа; што гэта ён не калісьці, а яшчэ заўтра вернецца з Лістападам і Мацэлем ад Балаховіча і стане сведкам раздраю паміж штабам брыгады і радай. Так, Мацэлю з Беларускім Палітычным Камітэтам абвінавацяць ледзь не ў спробе захопу чыну ў свае рукі, нагадаюць і ўцёкі Чайкі. Брыгадную контрвыведку абзавуць ледзь не штабам Балаховіча… На канспіратыўным сходзе рада пастанаўляе арыштаваць былога камандзіра брыгады Анцыповіча… і ўвесь штаб. З даручэннем Пракулевіча да батальённага Каўпака выправіліся Русак і Бусел, каб тэрмінова «ў імя выратавання Рэспублікі» накіраваць пад камандаванне рады восемдзесят жаўнераў. Каб не агаляць фронт, камандзір батальёна адкамандзіраваў толькі палову.

Кудысь надоўга знікаў Жаўрыд, Русак захварэў на тыф…

А раніцай 4 снежня адбыўся пераварот. Анцыповіча «перавялі» ў шарагоўцы, многіх пазбавілі пасад. Разлад прайшоўся й па былых «папараць-кветаўцах»: ён, Лістапад — Русак, Бусел…


«Улетку 1922 года Юрка Лістапад вярнуўся ў БССР. Выкладаў на пэдкурсах у Слуцку. У 1924-м у яго і Марыі Стагановіч нарадзілася дачка Нінка… А праз год Юрку асудзілі за антысавецкую дзейнасьць. На ўсю рэспубліку прагучаў г. зв. «лістападаускі» працэс. Шэф бальшавіцка-беларускай «ахранкі» Язэп Апанскі ўзначальваў у 1920-м асобы адзьдзел той самай 16-й арміі, што зьнішчала Слуцкі чын, а затым граміў «нацдэмаўскія вульлі» ў Інбелкульце. Той жа Апанскі ў 1925-м падпісаў ордэр на вобыск у кватэры Якуба Коласа — самога ж пісьменьніка забралі на допыт у ГПУ. Апанскі асабіста завербаваў Мядзёлку. Ён жа распачаў і перасьлед «лістападаўцаў» — маладых слуцкіх настаўнікаў і вучняў. (У жніўні 1925 года па слуцкіх вёсках Селішча, Еўлічы, Дарасіно, Пагост зьявіліся абвесткі з антыбальшавіцкімі й антырасейскімі заклікамі.) Амніставаны, Юрка зарабляў «вольным» перакладчыкам. Зноў быў арыштаваны — і зноў вызвалены. Расстраляны, ГПУ 5 ліпеня 1938 года.

Васіля Русака ў 1945-м у Празе арыштаваў «Смерш». Асудзілі на 10 гадоў лагеру, дзе і згінуў.

Сяргея Бусла лёс завёў быў у Прагу. НКУС арыштаваў яго ў Вільні. І — як у бездань кануў…»

(З запісаў Алеся Ваяра).


Дні вайны — новыя смерці. Апаліла вестка пра паланенне бальшавікамі слуцкіх выведчыкаў — ім паадразалі насы і вушы і вазілі, бедалагаў, на паказ па вёсках. Пасля гэтага і слуцакі пе расталі адпускаць палонных. Пастановай ваенна-палявога суда расстралялі васемнаццаць камуністаў і камісараў (сярод іх — увесь вызненскі рэўком), зямля на той час ужо моцна ўмерзла, і іхнія целы перад адыходам нават не аддалі зямлі.

Давялося асудзіць на смерць і двух бандытаў, што былі ў брыгадным конным аддзеле — Мірончыка з Ячава і яшчэ кагось з Шацкае воласці (прозвішча не прыпаміналася). Аднае начы яны ўкралі ў Новых Макранах дзесяць коней, шмат бялізны, сала — і на раніцу не пайшлі ў наступ. Пра рабунак стала вядома ў штабе, абодвух заарыштавалі і ў глінішчах за Грыцэвічамі (у вёсцы стаяў штаб) публічна расстралялі.

А разлад у брыгадзе толькі падахвоціў бальшавікоў. На разгром «мецяжу» дадаткова з сібірскіх франтоў перакінулі 27-ю Омскую дывізію, частку якой склалі чырвоныя кітайскія добраахвотнікі, ашуканыя савецкай прапагандай. Фронт напяўся й лопнуў…

7 снежня пачалося адступленне з Семежава. Штодня — жорсткія баі. Сотні параненых. Бацька ягоны, слуцкі лекар, не спаў начамі, перавозіў параненых у шпіталі Клецку і Нясвіжу. Зноў баі — каля Раманава й Капыля. Вопытныя чырвонаармейцы колькі разоў намагаліся акружыць брыгаду, але камбрыг Сокал-Кутылоўскі своечасова «загінаў» флангі й пазбягаў пятлі. Па лініі Вызна - Кажушкі - Ляднава - Савічы крыху затрымаліся — і зноў адступілі на захад. Тады і…

Божа, як ні высільваўся Алесь доўгія гады гнаць ад сябе нават прыгадкі пра той страшны дзень, шматкроць сціраў са сваёй памяці, і здавалася нават, што ўжо, нарэшце, і адбалеў, адпакутаваў дарэшты імі - а яно зноў, як крыж ягоны, узвальвалася на цела і пад сэрцам шчымела, і свядомасць ірвала. І не ўцячы ад яго — ні ў краі чужым, ні тут - на зямлі, якая тое ў сябе прыняла…

Шпіталь бацькаў адарваўся ад брыгады, адкалолі яго нападаўцы — і ўсіх нямоглых, беспрытомных (з дзесяткі два) у стадоле ляснога хутара, абсталяванага пад шпіталь, і пастралялі.

Бацьку рукі звязалі, а трох «сясцёрак» — сярод іх і Люду! (як дзіцё сваё апякаў яе бацька, ад сябе не адпускаў!) — пацягнулі ў хлеў, на сена. Застагнаў бацька, вартавога свайго з ног збіў, на кітайца, ад якога Люда вырывалася, наваліўся, пальцамі хоць і звязаных рук за горла ўхапіў (пра гэта потым Алесю адна з ацалелых «сясцёрак» пераказвала)…

- Бяжы, дачухна!!!

Грымнуў стрэл. Збіты кітаец вінтоўку ўпусціў — з-пад знежывелага бацькі выбірацца пачаў… Тут і іншыя апамяталіся. А Люда хапіла кітайцаву вінтоўку — і лязом штыха навекі сэрца сваё дзявочае астудзіла… А яно — маладое, неўтаймоўнае, не схацела адразу рвацца: штурхане балюча ў грудзі раз-другі — і прыцішыцца, з новай сілаю збіраючыся. Затым зноў так, зноў. Наўсколенцы прыпала, да сябровак памкнецца — і зноў сэрца аціхне… І вочы — зеленаватыя зорачкі — ужо невідушчыя, у павалоцы небнай, — як здзіўленне таілі… А потым і ўпала на тыя зболеныя грудзі, руку да галавы ўскінуўшы-падламаўшы — як касу сваю папраўляючы…


Адчуў раптам, што зямля наўкруг пайшла, млосна зрабілася, горача. Баючыся ўпасці, паволі пашомкаў да чыёйсь лаўкі каля плоту.

- Вам не блага? Давайце дапамагу. — Сусед па аўтобусе. І добра, бо мог бы й не дайсці, абсароміўся б толькі…

Сеў, падзякаваў, а сэрца зноў пачало знібець.

- Можа, лекаў якіх? — зноў хлопец нясмела занепакоіўся.

- Дзякуй, ёсць…

Пасля нітрагліцэрыну ажыівіўся:

- Дзякуй, хлопча… А то размяк нешта…

Пачаўся мітынг. Большасцю выступленні — прачулыя, палкія. І каб лепей чуць прамоўцаў, ён падціснуўся бліжэй да грамады. А ў свядомасці зноў колішняе выбліснула - быццам спяшаючыся, давершваючы…


На апошнім тыдні слуцкага фронту лёс звёў яго з вяліжскім хлопцам Антосем Гарынем. Гарыня — колішні гімназіст, на год ці два толькі старэйшым быў.

Наогул, кожную ціхую хвілю Алесь сам-насам праводзіць пасля смерці бацькі й Люды імкнуўся, нават ад сяброў, каб не надакучалі хоць і жаданай спогаддзю, адасабляўся. А тут — песня, тужлівая, павольная, пякучая:

Ой, на той на Мядзвежай Гары
Падмывае Дзвіна тры крыжы.
А пад імі ляжаць асначы -
Ой, тутэйшыя ўсе дзяцюкі…

За жывое зачапіла песня, не ўтрымаўся, пайшоў паслухаць. Спявак малады яшчэ, а твар маршчыністы, састарэлы, валасы як мукою падбелены… Скончыў — і ў вочы ягоныя, слёзнай павалокай зацягнутыя, гледзячы, мовіў:

- Так, браток, усе мы асначы-бурлакі долі сваёй…

Сям'ю ягоную — маці, бацьку, старэйшага брата знішчыў камдэз[13]. І адзін ён з Гарыняў ацалеў у вяліжскім антыбальшавіцкім паўстанні. Расказваць не любіў пра гэта, але не-не, дый згадае штось, выцісне. У лістападзе 1918-га на Віцебшчыне пачалі мабілізаваць сялян у Чырвонае войска. У Вяліжы іх некалькі сотняў назбіралася, павятовая казарма ўсіх не змяшчала. Раскватаравалі па прыватніках. А тут почут — заўтра на фронт кінуць, супраць чэхаславакаў. Частка сабралася на Рынкавую плошчу перад павятовым выканкамам:

- Ня хочам зноў кроў ліць!

- Нашы маткі й дзеці з голаду пухнуць, а мы вас мусім абараняць?!

- Няхай камісары за Леніна з Троцкім ваююць!!!

Зашыліся па закутках камуністы й камсамольцы, а калі паўстанцы пакінулі горад, бальшавікі абвясцілі ў павеце ваенны стан. Выканкам стаў рэўкамам. З Вяліжа ў Віцебскае ГубЧК затым тэлеграма паляцела:

«У Вяліжскім павеце ўзбунтавалася разагітаванае папамі кулаччо. У горадзе забіты начальнік ЧК таварыш Мусаеў. Усе мы змагаемся з мяцежнікамі, але спяшайцеся на дапамогу».

А мабілізаваных, якія паварочаліся дамоў, залічылі ў дэзерціры. Іх і вышукваў камітэт па барацьбе з дэзерцірамі.

Мужчыны зноў у горад кінуліся (помсцячы за родных, Зміцер Лаймінг, Гарынеў сябар, і заб'е тады начальніка ЧК). Толькі ў нямногіх трохлінейкі былі, бралі і сякеры, вілы, косы… Пад Семічоўскім борам кінуліся на кулямёты, палова на аснежаным верасе навечна засталася… Ды і што маглі яны зрабіць супраць узброенай роты ЧК? Лаймінга хацелі захапіць у палон. Сын багатага ўладальніка маёнтка, ён вызначаўся неймавернай сілай — разгінаў падковы, мог перахрысціцца двухпудовай гірай. Быў закаханы ў адну гімназістку, а ў каханні так і не прызнаўся ёй.

«Мне лягчэй яе на руках з Вяліжа ў Віцебск занесці…»

І вось у бары ўтрох на яго наскочылі, хацелі жыўцом затрымаць, а ён лёгка параскідваў іх — ды ад прыкладу не ўвіхнуўся… Зацягнулі ў ЧК, вобзем кінулі: «Уставай, сабака!»

А ў тога кроў у венах ускіпела — яго, нашчадка тэўтонскіх рыцараў, чый прадзед, генерал, абараняў у 1812-м Баграціёнавы флешы, чый дзед, палкоўнік, загінуў за веру ў Бацькаўшчыну на Грынвіцкіх рэдутах пад Плеўнай, чый бацька, ротмістар Тэкінскага коннага палка, у баі пад Равай-Рускай у 1916-м злёг — сабакам называць?!

Схапіў Лаймінг чэкіста — і ў акно. Мусаеў разам з рамай на брукаванку й гохнуўся. А асілку ў спіну кулі ўпіліся — ахова падбегла…

Гарыня ж, той ноччу абмінуўшы вяліжскія кардоны, далучыўся да невялікага паўстанцкага аддзела, паўтары гады служыў у Балаховіча (пра «атаманства» балахоўскае нагадваў і зараз жоўты аколыш на ягонай шапцы), а да іх, у слуцкую брыгаду, патрапіў з «Зялёнага Дуба».

А праз што на памяць узбег Антось Гарыня? Ну як жа — у апошнім баі Антось поруч з ім, Алесем, быў…

Грозаўскі полк прыкрываў агнём пераход на польскі бок рэшты войска… Мароз… Снег камяччом паваліў. Варожая артылерыя рвала ўмёрзлую зямлю. А затым сціхла ўсё — адарваліся.

Дайшлі да Прыпяці. Рэчка яшчэ плыткая, не замерзла. На беразе плыты ляжаць — хто, для каго іх тут сцягнуў? А пераплываць стануць — вось тут і нагадае Алесь суседу Сцёпу Гаўрылевічу (разам адыходзіць на чужыну давядзецца), нашчадку плытагона, і клейны, і пасы бацькавы…

Гарматы-трохдзюймоўкі цягнуць далей не здолелі — закапалі на пясчаным узгорку, каля дуба, — каб адшукаць, калі што… Засталіся адны стральцы й кулямётчыкі.

Дапялі й на другі бераг Лані, абселіся па цёмных хатах, абагрэліся. Хтось бегуноў выслаць падказаў у выведку, — і як у ваду глядзеў…

Бягуць яны праз хвілін дваццаць:

- Чырво-оныя!!!

Усе з хатаў. У ланцуг за вёскай — якраз на зручным узвышку — залеглі. Кулямётчык з «максімам» заняў правы фланг, двое з «люісам» — левы.

Зноў ціша, як перад навальніцай. А тады й перуны над галовамі ляснулі — загрукатала артылерыя.

А як чырвоныя набеглі, кулямёт толькі справа сакатаў. Вось тады Алесь з Антосем да «люіса» і кінуліся (бліжэй за ўсіх былі). Аднаго з кулямётчыкаў прыкідала шэрхлымі грудамі, другі стагнаў, скурчыўшыся — заціскаў рукою акрываўлены жывот…

Антось хутка адкінуў забяспечнік — і ўжо ў іх затарахцела. Алесь сачыў за стужкай, а калі за спіною ўбачыў постаць у расхрыстаным шынялі — позна нават крыкнуць было. Выбух ледзь не ў кроку ад іх, неба скаланулася раптам — і знікаць, як плавіцца, пачало…


Асвядоміўся толькі за рэчкай: наспех перабінтаваная голаў, насілкі… А з чатырох соцень шарагоўцаў на дарозе — толькі дзесяткі. Бальшавікі ўсіх, каго ў палон паспелі захапіць, адразу ж на могілках на другім ускрайку вёскі і пастралялі. Дабілі б і яго, каб не Борык. На плечы ўзваліў і аснежанымі садамі — да леса.

Мароз браўся. Чуў, як пад нагамі выратоўца снег храбусцеў — бадзёра, жыва. Нібыта — адчулася — і ягоныя пяткі казытаў, - патрэскваў, як наэлектрызаваны… І так роспачна стала, так горычна… Так жыць захацелася!..

І быў апошні прывал, і на ім Сокал-Кутылоўскі раскрыліў сцяг брыгады, пакляўся зберагчы яго. Тады ж ацалелая група падзялілася — частка вырашыла вяртацца. У ёй — і Рыгор Пашкевіч, які, моцна абняўшы Борыка, мовіў (і словы тыя прароча й балюча доўгія гады на чужой зямлі абуджаліся-звінелі ў Алесю):

- Не, дружа дарагі… Паспытаў я ўжо чужыны ўдосталь. Дамоў рушу, а там — Бог бацькам. — І ўжо бадзёрай: — Я ж нават і кабылку сваю адшукаў! І як тут апынулася?! Яшчэ палякі адабралі, а яна, калі да лесу беглі, - за мною… Пазнала мяне, ты верыш?.. — і павёў паказваць Каштанку…


«Сокал-Кутылоўскі ажно да 1931 года перахоўваў сьцяг Слуцкай брыгады, пакуль падчас вобыску яго не адабрала польская паліцыя. У 1921 - 1939 гадах жыў у Заходняй Беларусі. Служыў у царкве і настаўнічаў. Працаваў на будоўлі ў Баранавічах. У чэрвені 1941 года арыштаваны НКУС. Сямью рэпрэсавалі. Пачалася вайна з Нямеччынай — яго вызвалілі. Бярэ ўдзел у ІІ Усебеларускім кангрэсе (дзе мы з ім і сустрэліся). Падчас Другой Сусветнай Вайны меў напачатку званьне маёра і камандаваў ІІІ-м батальёнам Беларускай краёвай абароны. У яго батальён запісалі і мяне.

З авангардам беларускіх злучэньняў прарываліся ў амэрыканскую зону Нямеччыны. Прарыў зьдзейснілі пасьпяхова, ды амэрыканцы Сокала-Кутылоўскага і некаторых іншых беларускіх вайскоўцаў выдалі Чырвонай арміі, пераапрануўшы іх у «нейтральную» форму. Палкоўнік (на той час атрымау новае званьне) Сокал-Кутылоўскі зьняць з сябе форму беларускага афіцэра адмовіўся. Яго арыштаваў «Смерш». Амаль праз тры гады допытаў палкоўніка асудзілі на 25 гадоў зняволеньня. Паклёпнікі пачалі нагаворваць пра створанае яму райскае жыцьцё…

У лістападзе 1957-га амніставаны. Хворым (балелі ногі) прыязджае напачатку ў Ганцавічы да стрыечнай сястры Веры. Затым некаторы час жыве ў Наваградку ў сына. Дамагаецца выезду ў Польшчу, да жонкі Аляксандры Канстанцінаўны і дачкі Тані. У 1959 годзе зьяўляецца ліст, нібыта напісаны Сокал-Кутылоўскім, пра тое, што ніякага антыбальшавіцкага паўстаньня на Случчыне не было. Выходзіць некалькі артыкулаў на той жа тэмат, падпісаных тым жа прозьвішчам…

Апошнія гады Кутылоўскія жылі ў нястачы (грошы ад сына Леаніда з СССР не даходзілі). У 1980-м правёў у апошні шлях жонку, а праз тры восені на 91-м годзе жыцьця памёр і сам — ад «рака» і незалечнага болю па Радзіме. Пахаваны ў польскім горадзе Шчэцін.»

(З запісаў Алеся Ваяра).

* * *

Калі брыгада пачала разыходзіцца, каваль Жалязовіч, не зважаючы на перасцярогі, падаўся ў Слуцак. Зіму ў кузні ў Лучніках адстукаў, выкоўваў вялікі крыж — за самога большы… Карункамі рознымі — як мог — уаздобіў. А як снег растаў, вясна ў шыбку кузні святлом пастукала — павесіў скураную торбу на шыю (сякерка, малаток, пілка, струганак у ёй), на плечы крыж той жалезны ўзваліў — і пайшоў, пайшоў у лес за Прошчыцамі, расшукаў прошчу, паказаную старцам Вярхоўскім. На паляне, на ўзвышку, дзе крынічка выбівалася йшчэ, — крыж укапаў. А праз тыдзень там і каплічка вырасла — сваімі рукамі склаў.

І почут пра яе па навакольных вёсках пабег. Пайшлі да прошчы людзі… Жанкі да крыжа абразок дамацавалі, абрусам яго абвязалі… Памоляцца, пастаяць, вады крынічнае набяруць — і дамоў. І Жалязовічу весялей жыць стала: то хлеба, то бульбіну, то й сала скрыль прынясуць.

Праз паўгода на паляну прыехаў старшыня сельсавета з памагатым. Насцёгалі да каплічкі сушняку — і падпалілі… Доўга сырыя бярвёны не паддаваліся…. А тут і Жалязовіч набег — дзесь па лесе хадзіў. Пачаў раскідваць сушняк — старшынёў памагаты за каршэнь паспрабаваў адцягнуць. Але ж не на таго патрапіў! Выхапіў каваль з-за пояса сваю сякерку… Ды тут ужо старшыня не прамарудзіў… Колькі разоў чуў Жалязовіч, як свінцовыя восвы ўпіваліся ў спіну, зноў да ахопленай агнём каплічкі спрабаваў памкнуцца…

Цела ягонае старшыня сельсавета з памагатым у агонь потым кінулі…

А крыж адвезлі за паўкіламетра ды ў кустах і схавалі. А праз год прошчыцкія жанкі збіраючы ягады адшукалі яго — і на спапялёнай прошчы наноў паставілі…


Да вясны Алесь ачомаўся, боль у галаве й звон надакучны аціхлі — і падаўся тады зноў з лёсам спрачацца. Тут, у лагеры, тых, хто паспеў перайсці «дэмаркацыйку», назбіралася з тысячу. Астатніх данішчыла Чырвоная армія — да дзвюх ранейшых дывізій на падмогу перакінулі й 4-ы Варшаўскі полк ды каўказскія атрады. Яны патрапілі і ў «нейтральную» зону — Адольф Іофэ, які падпісваў Рыжскую дамову, дамогся права савецкім войскам увайсці ў «нейтралку» на 77 гадзін «для очистки зоны от бандитизма» (пазней і сам Адольф Абрамавіч «ачысціцца»… самагубствам).

Мацэля агітаваў за далучэнне да Балаховіча. У лагер і сам «бацька» прыязджаў — выдаў амаль кожнаму па камплекце бялізны, па пляшцы гарэлкі… Арганізавалі запіс добраахвотнікаў у атрады Балаховіча. Сярод першых у спіс і Алесь патрапіў. (Тых жа, хто да «бацькі» йсці не пажадаў, перавялі з Палесся ў Беласток, пад апеку БВК і Найвышэйшай рады).

Месяцы з два, сустрэўшыся з Дзеркачом, прабыў у «Зялёным Дубе», а затым пацягнула бліжэй да дома. У Блёўчыцах, на поўнач ад Семежава, збіраўся партызанскі атрад. Яго, Алеся, абралі галоўным. На знішчэнне «бандытаў» наляцеў карны атрад Цыганкова — мужчын катавалі без разбору, гвалцілі дзяўчат і жанчын. Штодня да «алесяўцаў» (гэтак ад ягонага імя і празваўся атрад) ішлі пасланцы, прасілі ратунку. І вырашылі яны — жменька маладых смельчакоў-нескаронцаў — ці самім загінуць, ці ката Цыганкова знішчыць. А на тое й атрад ягоны ў недалёкай вёсцы атайбаваўся… Загулялі, падпілі — і ў вока не кінулася, што зранку на поле з баронамі й плугамі жанкі цягнуліся, а падвечар — мужчыны вярталіся. А ноччу й астатнія партызаны атачылі вёску. А трэцяй гадзіне забахкалі абразанкі, застракатаў кулямёт, перасільваючы разлівістае «гу-урра-а!»… Сонныя чэкістыя пачалі адстрэльвацца, ды ў пустую. Крык, мацюканне, стогны…

Мала хто ацалеў тады з карнага атрада.

Ну, а далей… Далей была няволя, два гады астрогу, адкуль з Божай ласкі ўцёк і прыехаў у Менск — да свайго земляка, сябра яшчэ па колішніх «папараць-кветаўскіх» пяцёрках Рыгора Мурашкі, які, пайшоўшы сцяжынай Чорнага і Бабарэкі, пабыў інструктарам Слуцкага павятовага ваенрэўкома, паслужыў у войску, затым «апасадзіўся» ў сталіцы — і ў ЦК кампартыі Беларусі, і ў беларускім НКУС. А сяброўству колішняму не здрадзіў… Доўга гаварылі, балюча ўспаміналі — і Слуцак, і Бязверхавічы Рыгоравы, што ў чатырох кіламетрах ад ягонай Цароўкі. І паспрыяў Мурашка, а з ім і Ігнатоўскі — пераслед на Алеся здолелі прыпыніць і — больш таго! — уладкавалі на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне Вышэйнага педагагічнага інстытута! У 1930-м ён быў ужо настаўнікам у Радашковічах, — там, дзе колісь Ядвігін Ш. аптэкарыў… Напрыканцы 1941-га, зноў жа з Мурашкавай падказкі, стаў працаваць у «акупацыйнай» «Беларускай газэце», затым зноў настаўнічаў, прызначаўся інспектарам школ (а Мурашка пайшоў у падполле, партызаніў, - загінуў падчас прарыву партызанскай блакады на Лагойшчыне).

Перад вайною ў будынку слуцкай раённай міліцыі тыднямі грукацеў рухавік, зняты з МТСаўскага трактара — глушыў крыкі пакутнікаў — сялянаў, работнікаў памежнага (да верасня 1939 года) горада. Трупы закатаваных вывозілі ў яр пад Амговічы — за Вясею, Набушава… Па начах збіраліся там ваўкі, днём зляталася груганнё…

Пасля вайны Алеся прытуліла Аўстрыя. Пяць беларускіх пачатковых школак адкрыў ён там… Пачаў выдаваць кнігі. Пажыў і ў Францыі, пакуль нарэшце не перабраўся за акіян…


«Божа, вар'яцеючы доўгімі амэрыканскімі начамі, я маліў Цябе захіліць ад нядолі выгнанца, загаіць боль расстаньня майго з Бацькаўшчынай, і з прахам родзічаў, і з сабой самім — ранейшым. І Ты, здалося, пачуў маю літанію, і даў мне працу, даў сямейны спакой. А хвароба — не залекавалася… Яна наноў паліць маю кроў, труціць яе ўсё тымі ж запытаньнямі: чаму, за што? І жонка не лічылася з болем маім, і сын — мой сын! — болю майго ня чуе.

Божа, ці ня досыць выпрабаваньняў?

Маліць Цябе чужой мовай не магу, а маю тут, на чужыне, можа ня чуеш, не разумееш? Можа, і насамрэч — дамоў, да Цябе свайго, туды, дзе шукалі Цябе, гаварылі з Табой і прадзед мой, і дзед, і бацька? То чакай, я еду, тольк знайдзі адказ!..»

(З запісаў Алеся Ваяра).


Абудзіўся, калі пачуў верш — чыталі звонкім, спеўным голасам. І чытаў… ягоны знаёмец, малады сябар-цёзка — Алесь. І верш, і чытэц усхвалявалі — нібы гэта сам ён, той, далёкі, тут, на зямлі семежаўскай - і не з вінтоўкай, а з вершам…

І тады самому выказацца ўсхацелася — толькі не вершам, паўтараючы маладога Алеся, а болем сваім, страхам сваім, жыццём — у прозе сказаць.

І трымаў — апошнім! — ён слова сваё:

— Людцы, сябры ў народзе пакутным, беларускім! — І зніякавеў, счакаў. Змуліў парэпаныя маршчынамі вусны, праяснёныя блакітныя зрэнкі зноў затуманіліся. Наляцеў вецер — і разбрындаў яго рэдкія сівыя валасы, на доўгія веі ўзбеглі пякучыя слязіны… Думкі раіліся ў галаве, пачуцці ўзвірылі, а прамаўляцца не хацелі… І тады зноў дапамагла адроджаная памяць: — Гляджу на вас, на зямельку нашу, а быццам з паднябесся голас Купалаў ліецца… І сам пясняр сёння гаворыць прамовай сваёй:

«Хай вас, Браты Беларусы, не палохае цяперашні бурны час. Агнём і жалезам куецца моц гарт, доля й воля народная… Зямля, засеена касьцямі сыноў беларускіх, будзе вечна належаць да ўнукаў беларускіх… Хай толькі асьвеціць вас адна вялікая думка — аддаць усё для сваёй Бацькаўшчыны, нават жыцьцё, калі яна вас да гэтага пакліча».

Я шмат пажыў, а нідзе мацнейшага не пачуў… - Зрабіў пярэрву, агледзеў прысутных — і сустрэўся з засяроджана-замагнічаным Алесевым позіркам. — І яшчэ… Вось і век наш заканчваецца. А ў новы панесці вы павінны цвёрдае перакананне, што для Бацькаўшчыны найгалоўным будзе жыццё ваша, жыцці ўсіх свядомых сыноў і дачок яе… Вось згадка якраз пра тое ж… Слуцкія паўстанцы — пра гэта, пэўна, мала хто з вас ведае — для сваіх патрэбаў выкарыстоўвалі старыя запасы расейскіх марак, але рабілі на іх наддрукоўку — лацінкай: «Надзвычайная Рада Случчыны». А пазней ужо Задзіночанне беларускай моладзі ў Амэрыцы выдала да саракавых угодкаў чыну сваю марку: выява юнака з бел-чырвона-белым сцягам і светаччу. А тэкст да яе гучаў так:

«Яны памерлі, каб жыла Бацькаўшчына — жывіце вы, каб Бацькаўшчына не памерла! Памажыце замацаваць гісторыю Слуцкага паўстання… Пашырайце праўду аб Беларусі!» — Пад сэрцам здрадліва замуляла, голас пачаў дрыжэць. — А новае стагоддзе, тысячагоддзе павінны стацца часам памяці, памяці мірнай, плённай… Я, сведка ўсіх войнаў старога стагоддзя, мару перадаць вам адно: мір … Жывіце, каб Бацькаўшчына не памерла!

Гэтым ён сказаў усё. Выказаўся, і нарэшце адчуў заспакаенне, якога ніводны твор, ніводная кніга яму не давала. І, здалося, ён нават палегчаў, нават боль адступіў у мінулае, старое… І адно акрыленае пачуццё: ён зрабіў усё… Як «усё»?!

Люд паступова пачаў разыходзіцца. Частка пацягнулася да аўтобуса і ён нават спалохаўся, што не паспее дагнаць свайго земляка-цёзку. Ды не, стаіць той, задуменны, узрушаны.

- Унучак… Я й пачаць як ня ведаю… — Уздыхнуў, у вочы блакітныя зазірнуў. — Падарыць, словам, рэч табе адну хачу, на справу адну ўгаварыць… Прысядзем давай… — Адкрыў чамаданік, разгарнуў паперы. — Ты мне, будзь ласкаў, прозвішча сваё назаві…

- Ганаровіч.

Асцярожна ўпісаў яго ў нейкі тэкст на адной паперчыне, адклаў пад левую далонь — каб вецер не ўзняў. Затым яшчэ ў адной — меншай — распісаўся…

- Вось табе… Гэта - тэстамант. — Перадаў спешка, зніякавела — А гэта чэк… — Не прамінуў заўважыць, як і хлопец напяўся, разгубіўся. — Я з-за акіяну ехаў сюды, а назад зямля наша слуцкая адпускаць ужо ня хоча… Там, у Сан'юку, штат Фларыда… дом мой застаўся, архіў багаты. Можна шмат яшчэ чаго дарабіць… Як ахвота табе, маладому, — паедзь, зірні. Музей беларускае культуры закласці ў доме можна ці выдавецтва якое… А грошай на пачатак хопіць… Мову ж ты, казаў, ведаеш, і сэрца ў цябе, бачу, нашае. Абы ахвота… Там і тэлефоны сяброў. Яны дапамогуць з афармленнямі… - Бачыў, што хлопец штось яму мовіць хоча, але перапыніў, пальца да вуснаў паднёс. — Падумай, а я йшчэ з полем пагавару.

Яны былі акурат на ўскрайку вёскі. І ён, аберуч паціснуўшы хлопцаву руку, паволі, не зважаючы на папераджльны сігнал кіроўцы аўтобуса, паклэпаў за прысады, да неперааранага перад зімою іржышча. Горычна ўкленчыў, ахапіў рукамі намерзлую зямлю. І пачуў, як з паднябесся зусім нечакана пачала набліжацца-расці жывая салаўіная песня.

І яго ўзяло ў свае абдоймы роднае слуцкае поле — альфу і амегу слаўнай і трагічнай гісторыі тых даўніх уж, о вясновых гадоў, таго далёкага лістападаўскагамесяца.

Яе першага і апошняга сведку.

Яе пачатак і канец…

* * *

Не, Алесю Хведаравічу не пашчасціла вось так прыгожа памерці… «Хуткая» адвезла яго ў Слуцак. Алесь Ганаровіч датэлефанаваўся ў Менск у амбасаду ЗША. Адтуль звязаліся з еўрапейскім прадстаўніцтвам карпарацыі «Кантыненталь» (на якую дваццаць гадоў працаваў Алесь Хведаравіч), яна выправіла ў Слуцак верталёт — каб перавезці спадара Яцкевіча ў Варшаўскую клініку… Пасля інсульта Алесь Хведаравіч перастаў хадзіць. Ягоны сын Міхаіл, вядомы ў ЗША фізік, не пажадаў даглядаць бацьку — і накіраваў яго ў старэчы дом, дзе праз тыдзень Алесь Хведаравіч і сустрэў сваю смерць.

Жменьку слуцкай зямлі на ягоную магілу павёз Алесь Ганаровіч…


1995 - 1999


Кніга другая. ХТО ВОЛІ ПРАГНЕ

Мінулага баіцца той, хто не ўпэўнены ў сваім сённяшнім і заўтрашнім дні.

Якуб Колас

* * *

Гасцяванне тысяча дзевяцьсот сорак чацвёртага чэрвеня ад Раства Хрыстовага ў горадзе кожны заўважаў па-рознаму: пацішэлі, напяліся немцы, на рынку знікла малако, на цагляныя разваліны і крушні друзу бесклапотна ўзбеглі чубкі лебяды й асочышча, злосная талачэча загула на вакзале, у катэдральным касцёле змяніўся, святар…

Пляц Волі патанаў у сонцы. Лёгкая хмурынка завісла была над касцёльнай званіцаю — і знікла, нібыта расталад Скразняк, слабы, няўпэўнены — ад рэчкі, праз прогу каля Святадухаўскай царквы…

…Езавітаў развітваўся з Радзімай не ўпяршынь. Напачатку былі расстанні ўзнёсла-юнацкія, калі пасля летніх вакацыяў мусіў ехаць у няветлы Дзвінск, дзе ў крэпасці служыў афіцэрам бацька. Затым — змушаны ад'езд у 1918-м разам з Радаю ў Вільню. І вось — адыход сённяшні…

Паволі перайшоў на другі бок пляца, у царкве запаліў тры свечкі, прачытаў «Войча наш» — і зусім не па-вайсковаму прашомкаў да выхаду. Прысеў на шурпаты валун (ці не з якога-кольвек падмурка?), запаліў горкую папяросіну, азірнуў на царкву — і ейны франтон з дзвюма вежамі-званіцамі ўявіліся нябеснай брамай, пракаветным уваходам з учора ў заўтра..


Частка I


Яраслаўскія сустрэчы

Вецер дзьмуў з рэчкі — вогкі, сіверны. У гарадскіх кварталах ён разбягаўся скразнякамі, гарэзіў абарванымі-абсыпанымі лістамі, гнаў-кружляў, змятаў іх у дворыкі й расцярушваў пад калёсы фурманак.

Такога шматлюдства Яраслаўль ужо даўно не бачыў. Напачатку ў горад штодня конна дабіраліся па некалькі сем'яў і незаўважна спыняліся ў пастаялых дварах. За лета ўсё было занятым, і гружаныя небагатым хатнім скарбам вазы грукацелі гарадскімі брукаванкамі далей на ўсход. Чым больш прасоўваўся фронт, тым больш люду пералівалася праз горад. Сотні паязджанаў абжывалі закінутыя ў тупіках вагоны, запаўнялі вакзалы.

Калі летам 1915 года запалыхала ў вайне Беларусь і штаб Заходняга фронта размесціўся ў Менску, у паязджанства падаліся і беларусы. Некалькі берасцейцаў Максім сустрэў пазаўчора на рынку — спрабавалі абмяняць вырабленыя аўчыны на штось з'естнае, а вось зараз — нечаканае знаёмства з менскім аднагодкам…

Напачатку на Стрэлцы, дзе месціўся Дзямідаўскі ліцэй, яго спыніла абвязаная ў цёплую хусту жанчына і боязна спытала:

- Падкажыця, як то на ваш крэмель выйсьці? Ублудзіла ето я… — чорныя смаляныя бровы, а пад імі — натомленыя вочы, і твар, хоць і не маршчыністы, але старэтны, збялелы.

У Максіма зайшлося сэрца: «І яна ці не з нашых мясцін!?»

- Прама па вуліцы, а як рэчка заверне, то і вам направа трэба. Праз метраў дзвесце і ўбачыце гарадскі крэмль…

- Дзякуй, а то, знаяце, ад сваіх адбілася… Хаця б без мяне не рушылі… - жанчына перакінула ў другую руку пакрытую мехам карзіну і цяжка пасунулася на другі бок вуліцы.

- Давайце дапамагу данесці! — Максім дагнаў жанчыну, а тая раптам асела, выпусціла карзіну (яна кульнулася, і па брукаванцы пакацілася некалькі бульбін), застагнала й хапілася за жывот.

- Што з вамі?.. — Максім зніякавеў, нагнуўся падбіраць бульбіны, а жанчына прытулілася да слупа, патужылася ўзняцца — і не змагла.

- Чакайце, я зараз… зараз. Вам трэба да доктара… — Максім кінуўся за ліцэйскі будынак, дзе хвілю таму бачыў рамізніка, а калі з ім пад'ехаў да жанчыны, каля яе і ўвіхаўся той хлопец…

- Во, добра, а то я хацеў зваць каго бегчы… — голас яго быў звонкім. Нястрыжаныя валасы выбрындваліся з-пад шапкі, сам схуднелы, але рухавы, дужы.

Жанчыну моўчкі адвезлі ў шпіталь — там у жніўні адкрылі бежанскі прытулак, і толькі тады разгаварыліся.

- А я бачу… ратаваць жанчыну трэба, а нікагуткі, як на тое… і сам горада не ведаю… Цябе як завуць? — і агледзеў Максіма: курчавыя валасы, цёмныя вочы, вусны з гарачай чырванню. — Форма шкалярская, гаворыш нібыта па-нашаму… Хоць у нашым інстытуце, здэцца, не бачыліся…

…Тыдзень таму ў Яраслаўль эвакуяваўся Менскі настаўніцкі інстытут (яго будынак заняў шпіталь), і ў горадзе на Волзе пабольшала на пяцьдзесят тры студэнты з Беларусі.

Хлопца звалі Стась. Ягоныя бацькі — Новікі — жылі на Полаччыне, а ў Менску паўдома мела ягоная бяздзетная цётка, — вось і «выпрасіла» яго да сябе. З інстытутам Стась і патрапіў у Яраслаўль. Не паверыў нават, што і ягоны новы сябар нарадзіўся ў Менску…

Гаварылі тады пра ўсё: вайну, вучобу. Максім прызнаўся, што зусім не цягне яго да той юрыдычнай навукі, якую мусіць здабываць у ліцэі — ахвотна і сам заняўся б настаўніцтвам, літаратурай.

Яны дайшлі да тога месца, дзе сустрэліся, і спыніліся.

- Дык гэта Волга? — запытаў стоена Стась.

- Не… Каторасль. Яна ўпадае ў Волгу… — Вось-вось пачне цямнець, а Максіму не хочацца развітвацца з земляком. — То што мы так без мэты сноўдаем? Хадзем да мяне. Тут недалёка, на Ільінскай.

Павячэралі, і Максім павёў Стася ў свой пакой — і не мог не заўважыць, як у сябра засвяціліся вочы, калі свечка высвеціла ў шафе карэньчыкі акуратна састаўленых кніжак.

- Ого? Дык тут жа не юрыспрудэнцыя! — Стась з цікаўнасцю перагортваў кнігі Багушэвіча, Купалы, Пушкіна, Фета. — А мой збор, праўда, не такі багаты, застаўся ў цёткі…

- А ці такая там была? — Максім дастаў з шуфляды свой «Вянок» і падаў Стасю.

- Такую толькі ў інстытуцкай бібліятэцы браў…

- Ну вось хай і папоўніць твой збор.

- Так?! Дзякуй… А табе што… Багдановіч не падабаецца ці яшчэ экземпляр маеш? — госць крыху збянтэжыўся.

- То я ж не Нарцыс, каб сам сабе падабацца!

Стась ледзь не выпусціў свечку, доўга не пераставаў дзівіцца:

- Ты — аўтар «Вянка»?! Ты — Багдановіч? Маці Боская, і трэба ж так сустрэцца!

На ўгаворы пераначаваць Стась не пагадзіўся — «Будзе непакоіцца Ігнатоўскі, наш настаўнік і куратар».

«Кватаравалі» менскія інстытутаўцы пакуль у памяшканні гарадскога вучылішча. Назаўтра Максім браўся пазнаёміць землякоў з горадам, звазіць у Яраслаўскі крэмль, дзе знайшлі асобнік «Слова аб палку Ігаравым», паказаць Волгу, а Стасю, канешне ж, няўрымсцілася пазнаёміць Максіма з менскімі студэнтамі…

6 кастрычніка 1915 года ў Менскім настаўніцкім інстытуце аднавіліся заняткі. Максім Багдановіч штодня сустракаўся са студэнтамі-землякамі, часта чытаў ім вершы. Разам былі і на экскурсіях, якія арганізоўваў Усевалад Ігнатоўскі. Наведалі ў Кастраме Іпацьеўскі манастыр, у якім знаходзілася ўсыпальніца Гадуновых, у Дзям'янаўскай царкве доўга разглядвалі карціну Сярова і Каровіна «Хаджэнне Хрыста па водах». Другая вандроўка — на млын Вахрамеева.

Сяброўскай талакой дапамагалі паязджанам-беларусам: бежанцаў у горадзе з кожным днём большала. Жыццё не лягчэла. Студэнты і самі не мелі цёплай адзежы, іхнія кватэры ацяпляліся кепска. Інстытут мог даць толькі бясплатную гарачую гарбату… На стыпендыю ў чужым горадзе пражыць было немагчыма, і многія навучэнцы пачалі вяртацца на Беларусь.

Нечакана Максім захварэў на тыф і да снежня пралежаў у ложку, а калі сустрэўся са Стасем, той і распавёў аб тым, што трыццаць тры студэнты іхняга інстытута мусяць ісці ў войска.

- А ты? — Максім не чакаў расстання.

- І я. Не выпадае пакуль, як бачыш, аддацца настаўніцтву. Я нядаўна атрымаў ліст ад сябра Кастуся Езавітава, студэнта Віцебскага настаўніцкага інстытута. Ягоны дзед з бабуляй жылі ў маёй вёсцы, то ён да іх летам прыязджаў. Разам мы і ў настаўнікі падацца вырашылі… Дык вось і ён напісаў, што думае перайсці з інстытута ў вайсковае вучылішча.

- Толькі б ведаць, за што ваяваць, — уздыхнуў Максім.

- Гэта праўда…


У верасні 1916 года Максім Багдановіч закончыў юрыдычны ліцэй і павінен быў, як і іншыя студэнты-дзямідаўцы, прызывацца на вайсковую службу — але позвы не атрымаў. А на пачатку кастрычніка ў вагоне трэцяй клясы разам з салдатамі, сялянамі і рамеснікамі ехаў з Яраслаўля ў Менск — на апошняе спатканне з Радзімай.


«Беларуская Хатка»

Пасля абеда 1 лістапада 1916 года мінскі губернатар князь Друцкі-Сакальнінскі быў у сваім кабінеце. У пяць вокнаў прасілася ненадакучлівае прытомленае сонца, і захацелася пастаяць на балконіку, які звісаў над ціхім унутраным дворыкам. Але губернатар толькі паўглядаўся, як вецер шкуматаў — і як толькі дабраўся ў гэты зацішак? — голае голле.

«Яшчэ, глядзі, падстыну», — падумаў і прашомкаў па невыразных чырвона-зялёных кветках кіліма да вакна, што вызірвала на Саборны пляц і таксама мела далікатны балкон пад сабою.

Адхінуў запавеску: ціха наўкол, нібыта за сотні вёрстаў і няма вайны… Рабацініцца здалёк выгін Свіслачы, стайка гімназістаў выпырхнула з дворыка на Траецкім… Прыпаліў трубку, пыхнуў густым дымам і прысеў у кутні фатэль. Забомкала Ратуша — і праз хвілю ў высокія лакіраваныя дзверы пастукалі.

- Виктор Аристархович, позволите? — у кабінет праціснулася выгаленая галава памочніка.

- Давай-давай… Что там?

- Как всегда — канцелярня, — памочнік па-вайсковаму пракрочыў да стала, паклаў злева ад пазалочанай ручкі ў ракаўцы-трымальніку тры скураныя папкі, выструніўся. — Соизволите о чём-либо распорядиться?

- Ступай пока.

Губернатар лена выбіў трубку, прысеў да стала — зробленага з пінскага грабу ў нямецкіх майстроў, - падсунуў бліжэй прынесеныя папкі, раскрыў ніжнюю, злёгку кашлянуў і, змуліўшы вусны пад «мікалаеўскімі» вусамі, пачаў чытаць…


Белорусское общество 

помощи жертвам войны 


Его Сиятельству 

Господину Минскому Губернатору


Минский отдел

Минск, Захарьевская, 24

октября 31 дня


Комитет… возбудил перед Вашим Сиятельством ходатайство от 19 октября текушего года за № 110 о разрешении ему однодневного сбора в городе… на 6 ноября сего года. Ныне комитет осведомился о предложенном… в ближайшее время по инициативе Вашего Сиятельства аналогичном сборе в пользу детей… Комитет постановил отложить намеченный им на 6 ноября кружечный сбор, дабы тем содействовать наибольшему успеху сбора устраиваемого Вашим Сиятельством…


Губернатар уздыхнуў, пашкроб-узняў левую брывіну.


Вместе с тем комитет честь имеет обратиться к Вашему Сиятельству с ходатайством разрешить ему на 4 декабря текушего года устройство однодневного кружечного сбора… В случае ненастной погоды комитет просит разрешить перенести сбор на ближайший праздничный день.


«Да-с, погода вскоре испортится», — падумаў, узяў тонка навостраны сіні аловак і над уплеценым старанным почыркам тэкстам надпісаў: «Запросить полицию, что это за общество, кто члены и вообще как оно работает».

Адклаў прашэнне і пачаў вывучаць іншыя…


Не дачакаўшыся адказу, у «Беларускай Хатцы» 28 лістапада склалі і другую «чалабітную». Як і першую, пісаў яе Багдановіч:


На пополнение средств Минского отдела… комитет предполагает 4-го декабря текущего года в помещении Минской губернской земской управы устроить публичную лекцию на тему: «Беларускае адраджэнне».

Ввиду вышеизложенного комитет отдела имеет честь просить Вас разрешить устройство лекции, которая будет изложена по-белорусски Максимом Адамовичем Богдановичем…


І толькі 18 снежня, праз паўмесяца пасля гэтага, губернатар (лекцыю не дазволілі) атрымаў паліцэйскае данясенне пра Менскі камітэт Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, яго сябрах, якія «ни в чём предосудительном не были замечены», — пасля чаго тым жа сінім алоўкам дапісаў на першай просьбе: «Отложить до возбуждения нового ходат. о сборе».

Максім Багдановіч кватараваў у Змітрака Бядулі на Мала-Георгіеўскай. Дзень праводзіў на службе ў земстве, куды ўладкаваўся з дапамогі Рамана Скірмунта, вечар — у Пушкінскай бібліятэцы ці «Беларускай Хатцы». На адной з вечарын прачытаў свой верш «Пагоня»…

Камітэт дапамогі пацярпелым ад вайны яшчэ ў ліпені 1916 года вывез пяцьдзесят дзяцей (пераважна сірот) у Карпілаўку, маёнтак Ядвігіна Ш., што быў у трыццаці вёрстах ад Менска. Сродкі на іх утрыманне заканчваліся, Таццянінскі камітэт адмовіў у далейшай субсідыі і прапанаваў забраць дзяцей у свой прытулак. З адной умовай — дзеці будуць вучыцца асобна па-беларуску і настаўніцы ў іх застануцца ранейшыя: дачка Ядвігіна Ш. Ванда Лявіцкая і яе памочніца Ядзя Раткевіч — таццянінцы вымушаны былі пагадзіцца.

З Карпілаўкі неабходна было перавезці дзяцей у Ратамку. Пра гэта і гаварылі ў пятніцу вечарам у сталоўцы «Беларускай Хаткі». Дні прыйшлі кароткія, халодныя. Ахвоціліся ехаць Ядвігін Ш. і Людвіка Сівіцкая (дачка загадчыцы сталоўкі).

- І я паеду, — нечакана выбухнуў Максім Багдановіч. Усе і ахнулі:

- Што вы кажаце! У такі холад трыццаць кіламетраў фурманкай! І не думайце! — і так было бачна, што Максім згасаў на вачах. А ён зазлаваў нават:

- Што я, маленькі?! Волі сваёй не маю? Сказаў паеду — і паеду…

І зноў пачалі яму пярэчыць. Адмоўчваўся адзін Галубок, затым знік на гадзіну… Яго й зачакаліся ўжо. А вярнуўся ўзбадзёраным, з аграмадным кажухом пад пахай.

- Маеце, дзядзька Максім… Паедзеце!


…Па дарозе гаварылі. Адкрыўся і Максім:

- Я пагадзіўся ўжо са сваёй хваробай і з тым, што жыць мне засталося не шмат, але мне цяжка, што не магу мець сям'і… А я так люблю дзяцей! І толькі марыць магу пра сваю дачушку… — Ён змоўк, і ніхто не высмеліўся загаварыць за ім. Ядвігін Ш. узгадаў, пэўна, як Максім прынёс у «Хатку» з паўпуда заробленага на службе цукру і папрасіў перадаць яго дзецям, — сам жа адмаўляўся піць падсалоджаную гарбату…

- Ведаеце… — зноў загаварыў Максім. — Адным з першых маіх вершаў — пачынаў пісаць я па-руску — была калыханка! Я аддаў яе ў друк, і ўсе, хто яе чытаў, думалі, што яе склала жанчына, якая мела сваё дзіця…


Праз некаторы час у Ратамцы адбылася нечаканая сустрэча — прытулак візітавала сястра Льва Талстога. Вырашылі падрыхтаваць агульны спектакль. Беларуская школка спланавала сваю праграму — сцэнічны абразок, дэкламацыі, хор. З Менска на сустрэчу прыехалі Максім Багдановіч, Аркадзь Смоліч, сёстры Змітрака Бядулі (абедзьве прыгожа спявалі) і Людвіка Сівіцкая. Выступалі ў народных строях. У белай вышыванай кашулі, падперазанай паяском, Максім выглядаў незвычайна ўзрушаным і вясёлым.

Усё закончылася позна, цягніка на Менск не было, і давялося праседзець ноч у школе (спаць не было дзе). Школа беларускіх дзетак месцілася ў летнім халодным дамку, вучыцелькі мелі асобны пакойчык з жалезнай печкай. Як не прасілі Багдановіча перабыць ноч у ім (Смоліч выехаў у Менск, не дачакаўшыся канца вечарыны), — не згаджаўся.

- Там і так цесна, — і сядзеў маркотна ў халоднай клясе.

- Мы не збіраемся спаць. Гаворым… Хадзем да нас, — колькі разоў угаворвалі дзяўчаты, на што Максім не стрымаўся:

- Не. Я рызыкую сваім здароўем, але не буду рызыкаваць вашым. Мая хвароба заразлівая. Вы ж гэта ведаеце…


Талакою сустрэлі ў «Беларускай Хатцы» Новы 1917 год, які распачынаўся халодным і снежным. Дадаліся ў Максіма і хваляванні за брата Лёву — ён пакінуў Маскоўскі універсітэт і запісаўся ў дзеючую армію. Заходні фронт набліжаўся да Менска, і дзесьці ў яго ўзрывах, стрэлах, атаках жыў і брат, як жылі і Сцёпа Новік, і ягоны сябар Кастусь Езавітаў, і тысячы іхніх суайчыннікаў. І тысячы — ужо не жылі…


Лібавенскія ліпы

Вясной 1917 года на ўсіх франтах расійскага войска пачаліся хваляванні. Афіцэры былі ў няпэўнасці, стомленыя салдаты з неахвотай падпарадкоўваліся загадам. Паўсюдна ўзнікалі вайсковыя нацыянальныя камітэты і арганізацыі. На Паўночным фронце 12-й арміі 8 траўня першы гурток беларусаў-армейцаў арганізаваў унтэр-афіцэр Язэп Мамонька. Каля Дзвінска ў 14-й арміі згуртаваў беларусаў паручык Кастусь Езавітаў. На Заходнім фронце дапамагалі беларусам аб'яднацца старшы унтэр-афіцэр Сымон Рак-Міхайлоўскі і падпаручык Ігнат Дварчанін. Сярод піцерскіх вайскоўцаў-беларусаў дзейнічаў Аляксандр Чарвякоў…

У траўні хваляванні дакаціліся і да маракоў Балтыйскага флота. Порт Лібавы — невялікі, ціхі, як і сам горад. У той травеньскі дзень ён, звыклы да штормаў Балтыкі, нечакана патануў у мядзіста-залатых гірляндах — у Лібаве расцвілі ліпы. Яны шчыльна апляталі ўзбярэжную вулку, а вышэй, у цэнтры, закрывалі сваімі багатымі шатамі і гарадскія двары, і Свянціцкі кірмаш (гандляры ў ліпавай зацені не маглі загараць — і сваёй белай скурай моцна адрозніваліся ад бронзаватварых рыбакоў).

Лібаву[14] здаўна звалі горадам ліпаў… Толькі яго жыхароў мёдна-хмельная заквець ужо не дзівіла, гарадчукі звыкліся з гэтай прыгажосцю і — здавалася — не заўважалі яе.

А вось паглядзець на крэйсер, што нечакана падплыў да горада, збегліся глядзець і малыя, і дарослыя. Аграмадны «Петръ Первый», люструючыся лускою кармавой брані, доўга пыхкаў з усіх трох труб дымам, затым павярнуў да берага бортам — і загрукацеў якарам. Праз дзень глядзець на «Пятра» бегалі адны дзеці, а праз тыдзень у Лібаве звыкліся і з людзьмі ў матроскай форме.

І вось аднойчы на «Пятра» прыйшоў загад: выйсці ў баявы рэйд.

- Дык што… У камбузе хоць сталы грызі! Скора пацукоў жраць будзем! — не стрымаўся хтось з матросаў.

- Отставить разговорчики! — злосны голас афіцэра.

- Палундра!

- Братва, усе на збор! Бі ў склянкі!

Зніякавелы вахценны выцягнуў шыю, зірнуў на рубку, — і ўсё ж зварухнуў рынду — медны карабельны звон…

Праз некалькі хвілін чалавек з дзвесце збегліся на сярэднюю палубу.

- Матросы! — голас прамоўцы, таксама ў матроскай форме, хрыплы, прастуджаны. — Не слухайце вы чужых камандзіраў! Годзе! Наслухаліся! Нам жа не кажуць усяе праўды! Хопіць абараняць няведама што… Ці не чакаюць вас дома маткі, жонкі, нявесты? — матрос змоўк: убачыў, што на палубу ідуць новыя матросы, і вырашыў пачакаць.

- Хто там балэкае? — пыталі з апошніх шэрагаў.

- Ды наш Мікалайка…

Матроса Васіля Муху празвалі Мікалайкам не без дай прычыны: шляхотныя вусы з залацінкаю, што, закругляючыся, наплывалі на шчокі, русявы чуб з наравістымі закруткамі, ганарлівыя бровы, вострыя вочы з каштанікамі-зрэнкамі, авал твару, нос — усё нібыта спісанае з апошняга расійскага самадзержца Мікалая! А як, бывала, у парадную форму выфранціцца і на бераг сойдзе — гарадчукі ўслед азіраюцца і пальцамі торкаюць…

- Вось і я пісьмо з дому атрымаў, - зноў гаварыў Муха. — Маці хварэе. Бацька стары ўжо, зямлю абрабляць няма каму… — Уважліва агледзеў матросаў. — Прысягу мы цару давалі, а Керанскаму падпарадкоўвацца не абавязваліся!..

Нечакана над палубай гохнулі два стрэлы. Купка афіцэраў ціснулася да сярэдзіны палубы, у мічмана ў руцэ быў рэвальвер.

- Прекратить саботаж!

- Матросы, гайда па хатах! — выкрыкнуў Муха. — Калі ваяваць — то за свой куток!

- Правільна! — загудзелі матросы.

Мічман, хударлявы, невысокі, наставіў рулю рэвальвера на Муху:

- Матрос, вы орестованы! Следуйте к рубке.

- Хапай мічмана! — выкрыкнулі з натоўпу. Матросы пачалі адціскаць камандзіраў, а з імі і мічмана з Мухам, да борта. Афіцэрская каманда радзела на вачах. Мічман мацней сціснуў рэвальвер, а ў ягоных вачах, нават крыху нечакана для сябе, Муха заўважыў нерашучасць.

- Гаспадзін афіцэр, — Муха «памякчэў», вочы бліснулі хітрынкай. — Вінават я, не гневайцеся так… Вінават… — і ўбачыў, як знікла насцярожанасць у ягонага «канваіра». Мічман хітнуў галавой:

- Иди-иди… Все равно отвечать будешь, — і апусціў рэвальвер.

А Муха гэтага толькі й чакаў — схапіў ашаломленага мічмана, выкруціў рэвальвер:

- Вінават, што раней зрабіць гэтага не даўмеўся! — і, прыўзняўшы (праўда, з цяжкасцю) мічмана, перакінуў яго за борт.

Матросы выбухнулі вокрыкамі й смехам:

- Так яго, вада ўжо цёплая, не замерзне!


На другі дзень дзевяноста арганізаваных Васілём Мухам беларусаў з крэйсера «Петръ Первый» пехам выйшлі да Рыгі, каб адтуль чыгункай дабірацца на Радзіму. Трое сутак разам з імі пыліла дарогу і рота матросаў-украінцаў…


Першы ўсебеларускі кангрэс

Гэта было ў Менску ў год 1917-ы ў месяцы снежні яго пятага дня. Заля, ложы, балконы і нават частка праходаў Гарадскога тэатра занялі тысяча васемсот семдзесят два дэлегаты, з якіх права пастанаўляльнага голасу мелі тысяча сто шэсцьдзесят сем…

Кангрэс адкрыўся ўрачыста. На ўваходзе стаяла варта Першага беларускага палка, сцэна і сцены — ва ўбранні бел-чырвона-белых сцягоў, на трыбуне — герб «Пагоня».

У арганізацыйным прэзідыуме кангрэса — прэзідыум Вялікай беларускай рады на чале з Аркадзем Смолічам і Язэпам Варонкам, прэзідыум Беларускай цэнтральнай рады на чале з Сымонам Рак-Міхайлоўскім, прадстаўнікі беларускіх арганізацый з Віцебска, Магілёва, Піцера, Масквы, Кіева, Адэсы.

За прэзідыумам на сцэне — хор Тэраўскага, папоўнены артыстамі Першага беларускага таварыства драмы і камедыі (пад кіраўніцтвам Ждановіча і Фальскага) і хорам Хаўрусу беларускай моладзі. Усе — у прыгожых нацыянальных строях.

Адкрыў кангрэс Сымон Рак-Міхайлоўскі. Пасля ягонай кароткай прамовы залю надоўга ўскалыхнулі воплескі… Хор заспяваў «Ад веку мы спалі, і нас разбудзілі…» Хто знаў словы — пачаў падпяваць.

Цэлы дзень зачытвалі прывітальныя словы і агалошвалі наказы, дадзеныя дэлегатам іхнімі мясцовымі арганізацыямі і групамі. Увечары быў канцэрт хору Тэраўскага і пастаноўка драмы Уладзіслава Галубка «Апошняе спатканне».

На другі дзень кангрэс распачаў працу ў будынку Дваранскага сходу, які месціўся насупраць тэатра і меў вялікую залю для агульных сходаў і шмат меншых — для працы камісій і секцый кангрэса.

«Аснову» дэлегатаў складалі сябры Беларускай сацыялістычнай грамады, якая змагла «прыхіліць» да сябе большасць дэлегатаў. На кангрэсе ўтварылася тры фракцыі: Беларускай сацыялістычнай грамады, беспартыйных і фракцыя «левага цячэння». Сябры кожнай фракцыі сядзелі разам і разам галасавалі. Для больш прадуктыўнай працы склаліся дванаццаць асобных секцыяў: дзяржаўнага будаўніцтва, аграрная, асветы і культуры, вайсковая, фінансавая, мясцовых самаўрадаў, краёвай гаспадаркі, заканадаўства і агульнага права, народнага здароўя, сацыяльнай апекі, рээвакуацыі ўцекачоў і адбудовы краю. Некаторыя секцыі падзяляліся на камісіі. Найбольш камісій было створана пры секцыі асветы і культуры — ажно дзесяць: камісія вышэйшай школы (пад старшынствам прафесара-акадэміка Яўхіма Карскага яна распрацоўвала статут і навучальны план Беларускага універсітэта ў Менску), сярэдняй і пачатковай школы, прафесійнай асветы, дашкольнага выхавання, юнацкага спорта, тэатральная, музейная, фальклорная і іншыя.

На сходах секцый і камісій мелі права прысутнічаць усе дэлегаты кангрэса. Найбольш іх збіралася ў секцыі дзяржаўнага будаўніцтва. Вызначыліся чатыры платформы будучага дзяржаўнага ладу Беларусі: незалежніцкі, абласнікоў, аўтанамістаў і асімілятарскі.

Прэзідыумы кожнай фракцыі, секцыі і камісіі (кожны меў па тры сябры: старшыню, ягонага намесніка і сакратара) і прэзідыум кангрэса — усіх сто пяць чалавек — склалі кіруючы орган, які назвалі Радай старшыняў Першага ўсебеларускага кангрэса. Склад Рады старшыняў зацвердзіў пленум кангрэса. Так стварыўся першы беларускі перадпарламент…


Калі прадстаўнікі ўсіх груп кангрэса — пасля спрэчак, крыку, паправак, дапрацовак — выйшлі з «дарадчага» пакоя Дваранскага сходу, дзе праводзілі нараду аб тым, як стос рэзалюцый звесці ў адну, — каб падаць на агульнае зацвярджэнне, мінула гадзіна ночы з 17 на 18 снежня. Заля сцішылася. Прызначылі фракцыйных аратараў, каб па пунктах патлумачваць агульную рэзалюцыю. Затым старшыня кангрэса Іван Серада двойчы зачытаў яе канчатковы тэкст і прапанаваў галасаваць асобна па ўсіх пятнаццаці пунктах.

Пісар голасна пачаў агучваць першы пункт — і нечакана ўлавіў незразумелую турботу на тварах дэлегатаў. Заля напружылася, каля выхаду ўсчалася мітусня.

Да стала прэзідыума падыходзяць двое ў шэрых салдацкіх шынялях. Першы, у новай шапцы з доўгім брылём, з доўгімі чорнымі вусамі, - начальнік менскага гарнізона і тымчасовы «генерал-ад-рэвалюцыі» Крывашэін; следам за ім — у стаўбунаватай шапцы з нейкага рыжага футра — народны камісар унутраных спраў Заходняй вобласці і фронта «генерал-ад-земсаюза» Рэзаўскі. За імі падклэпаў і стаў злева ад стала прэзідыума трэці нечаканы зайшла — у зімовай белаватай шапцы, кароткім ні то фрэнчы, ні то шынэльку, з шашкаю і наганам, выгалены, чырвонатвары, — камандзір «Першага рэвалюцыйнага палка імя Мінскага савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў» таварыш Рамнёў.

Рэзаўскі штось ціха прагаварыў да прэзідыума і скінуў шапку. Іван Серада запатрабаваў ад яго дакумэнтаў. Рэзаўскі пачаў размахваць перад ім правай рукой (левай прыціскаў партфель і шапку), а Крывашэін, бліскаючы з-пад доўгага брыля вачыма, сіпліва — нібыта з прабітага горла — закрычаў:

- Я начальник горнизона!..

Заля яшчэ больш замітусілася. Хтось абураўся і выказваў пратэст, хтось — найперш на галёрцы — не дачуў…

Серада супакойвае прысутных і дае слова «начальніку гарнізона». Крывашэін зноў сіпіць, але яго словы ўжо даходзяць і да галёркі: - …под видом мягких лайковых перчаток, под видом мягкой пуховой постели… контрреволюционеры…

Дэлегаты, што сядзяць бліжэй да трыбуны, заўважаюць, што выступоўца пляце п'яную ахінею…

Загучалі выкрыкі з залы:

- Знімі шапку!

- Не ў хляве ж…

Крывашэін паволі ўзнімае руку да брыля… На лоб ападаюць чорныя доўгія валасы. Ён прыціскае іх даланёй і мармыча да Серады:

- Призываю президиум к… пор-рядку…

Нездавальненне кранулася і твара наркома Рэзаўскага:

- Лишите его слова! — а Рамнёву загадвае ўвесці ў залю салдат свайго рэвалюцыйнага палка, пасля чаго агаломшвае: — Я распускаю съезд!

Рамнёў праціскаецца скрозь шыхты жаўнераў-беларусаў, сялян і ўдзельнікаў кангрэса — да прэзідыума, каб арыштаваць яго сябраў. За ім — салдаты.

Дэлегаты загаманілі, завалтузіліся. Некаторыя з сялян паразыходзіліся па кутах, а частка разам з жаўнерамі шчыльнай сцяной перакрыла Рамнёву дарогу да прэзідыума. Адзін селянін нават узлез на стул — і пачаў абсыпаць бальшавікоў праклёнамі і паказваць свае далоні:

- Я таксама савет сялянскіх дэпутатаў!

Яго ніхто не зачапіў, але ніхто і не паслухаў…

З дзесятак сялян пачалі прасіць, каб іх выпусцілі з залы:

- Мы не разумеем, што робіцца! Мы ж не вінаваты…

Крывашэін, які апынуўся ўжо каля дзвярэй, пацягвае іх за рукавы:

- Проходите… Проходите!

Салдаты з вінтоўкамі напагатове вывелі арыштаваны прэзідыум. Пачуўся спеў «Марсельезы». З другога боку заспявалі «Ад веку мы спалі…». Дэлегаты загрукаталі стуламі — увомірг у зале выраслі барыкады. Усе стоўпіліся, з'ядналіся: і левыя, і правыя, і фракцыі, і групы.

Хутка абралі новы прэзідыум, які абвяшчае пратэст.

- Что дальше? — Рамнёў крыху зніякавеў. Рэзаўскі ж не супыняўся:

- Товарищи большевики! Я прошу вас выйти нз зала[15].

Але бальшавікі-беларусы пратэстуюць…

- Арестовать вон того кудлатого! — загадвае Крывашэін, паказваючы на старшыю новага прэзідыума.

Распачынаецца атака на барыкаду. Чутны крыкі, грукат стулаў, лаянка. Рамнёў — паперадзе. Каго могуць — хапаюць і выпіхваюць за дзверы.

У складзе новага прэзідыума — жанчына. Яна б'е Крывашэіна па твары. Хтось штурхае Макара Краўцова на Крывашэіна — і той хістаецца, хапае Краўцова за руку:

- Проходите…

Пачынала днець. На вуліцы сабралася з дваццаць коннікаў. Стаялі два браневікі з кулямётамі.

Па Падгорнай вуліцы дэлегаты накіраваліся за арыштаванымі да Камерцыйнай школы — цяпер там месціўся штаб Савета народных камісараў.

Кастусь Езавітаў зірнуў на гадзіннік — было пяць раніцы[16].

«Контррэвалюцыянеры» ішлі па вуліцы і спявалі рэвалюцыйныя песні…


Зямля пад лёдам

Яшчэ ўвечары была адліга, а ноччу падмарозіла, пасыпаў снег — і не сунімаўся й раніцай. Па сумётах шырокай Захараўскай ісці цяжка, а тут - і студзеньскі вецер ледзь не збіваў з ног, мёў белае пухавінне да бліжэйшага валка-сумёта, пераскокваў віхурай праз яго — і зноў заграбаў снежную пацяруху.

На ўзгорку побач з Юбілейным домам сыйшла з рэек конка. Людзі неахвотна выходзілі з вагона, хтось спрабаваў лаяцца.

- Далей не паедзем! Замёты. — Стары вазніца пачаў рассыпоньваць коней. — Рэек нават не відно…

Езавітаў пакрочыў шпарчэй. Тры разы абганялі рамізнікі на санях — вось каму ў такі час заробак!

У «Беларускую Хатку» ён прыйшоў першым.

- Калі ласка, пане Кастусь, да печкі, грэйцеся, — запрасіла старэйшая Сівіцкая.

- Баіцёся, што мая барада не растане? — Езавітаў усміхнуўся, ацёпаў з шапкі і каўняра снег, распрануўся, каля люстэрка прыгладзіў бараду: — А што, нашых «калядоўшчыкаў» яшчэ няма?

- І ня дзіва. Так мяце, што і ўблукаць можна…

Праз хвілін дзесяць з'явіліся Раман Скірмунт, Язэп Варонка, Рак-Міхайлоўскі. Апошнімі прыйшлі Аркадзь Смоліч і Ядвігін Ш.

- Вы, браткі, не думайце, што гэта я заспаў, - Ядвігін Ш. падштурхнуў Смоліча, усміхнуўся. — Я гэта во касалапу праз гурбы перацягваў…

У сталоўцы паставілі самавар, зачынілі дзверы — і ўраз усе пасур'ёзнелі. Паседжанне пачаў Скірмунт:

- Ну што ж, спадары, да справы. Перш-наперш, як і дамаўляліся, неабходна вызначыцца з усімі ранейшымі беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі…

- Так, сфармуляваць іх адносіны да Рады. — Варонка расклаў паперы — зрыхтаваўся пісаць.

- А што тут думаць? Усе датулешнія арганізацыі трэба лічыць улітымі ў Раду, — прапанова Ядвігіна Ш. Яе ахвотна падтрымалі.

- Асобна мусім гаварыць пра фінансы, якіх… — Варонка ўздыхнуў, адклаў асадку: — Першае паступленне, праўда, маем. Пазаўчора Бабруйская павятовая ўправа дала камітэту тры тысячы рублёў, паставіўшы варункам, што грошы гэтыя павінны пайсці на скліканне другога ўсебеларускага кангрэса… А яшчэ сябры з украінскага генеральнага сакратарыяту пагадзіліся зрабіць дваццацітысячную пазыку[17].

- А як з Беларускай вайсковай радаю? — спытаў Езавітаў. -Мэтазгодна было б надаць ёй асобны статус і акрэсліць яе непасрэдныя мэты. І акрэсліць найхутчэй…

- А мэты тут відочныя — падрыхтоўка да здабыцця ўлады ў краі. - Рак-Міхайлоўскі выглядаў хоць і стомленым, але рашучым.

- Толькі так! Самі ж пераканаліся, што сіле супрацьстаяць можна толькі сілай. Таму найперш, маеце рацыю, трэба пачаць фармаванне свайго войска, а дзеля гэтага сцягваць у Менск вайсковыя адзінкі, скамплектаваныя з беларусаў. — Варонка агледзеў прысутных і штось пачаў спешка запісваць.

Абудзіўся Смоліч, прыгладзіў, раскладваючы ў прабор, непадатлівыя валасы, паслабіў гальштук — і прапанаваў:

- Бальшавікі збіраюць Чырвоную армію. Не сакрэт, што агітатараў у іх — не раўняць з намі. І каб выйграць час, чаму б не павесці з імі перамовы пра стварэнне… Беларускай нацыянальнай чырвонай арміі? Скажам, са штабам Заходняй арміі, з тым жа галоўным «вайскаводцам» Крыленкам[18].

- У нашым становішчы мы мусім распрацоўваць усё магчымае. — Рак-Міхайлоўскі задумаўся. — І хоць у поспех прапанаванага верыцца слаба, паспрабаваць трэба… Як і звязацца з прадстаўнікамі іншых вайсковых арганізацыяў: у Менску ж нелегальна дзейнічаюць Украінская вайсковая рада Заходняга фронту і Татарскі вайсковы камітэт. І яшчэ… Рада павінна мець у сваім падпарадкаванні мабільную адзінку — тут, у Менску. Па маіх звестках, можна дамагчыся пераводу ў горад 289-га рэзервовага пяхотнага палка, які на семдзесят працэнтаў складзены з беларусаў.

- А касцяк, як і планавалі — збіраць у Бабруйску? — голас Езавітава загучаў басавіта.

- Так.

- І не забыць паведаміць пра гэта ў Кіеў Алексюку. Хай і той пастараецца, — нагадаў Ядвігін Ш., і ўсе разам пачалі складаць тэкст адозвы, у якой Рада Усебеларускага кангрэса абвяшчала сябе адзіным паўнапраўным носьбітам улады на Беларусі.

Напрыканцы Варонка з Езавітавым напісалі і тэлеграмы — каб адразу іх і разаслаць:


«Смоленск… через чиновника Поклазон к Вронскому.

Необходимо отдать распоряжение 2-3 военным начальникам, чтобы они в срочном порядке направили людей в Бобруйск, обсервационный пункт. Там нужна 1000 белорусов. Спешить. Результат ждём.»


«Гомель, воинскому начальнику.

Всех прибывших к вам белорусов направляйте в крепость Бобруйск обсервационный пункт».


«Киев. Белвойскрада, Алексюку.

В Бобруйск немедленно направьте две тысячи людей. Спешите…»


…- Ну што ж, сябры, пажадаем адзін аднаму, каб хутчэй вясна ў наш край прыходзіла — і стаў ён нарэшце адзінай Беларускай Хатай! — падагульніў Язэп Варонка.

Папіўшы гарбаты, пачалі разыходзіцца.


Час замарудзіўся. Выканаўчы камітэт Рады Першага ўсебеларускага кангрэса не меў неабходных фінансаў, праз гэта не ўсе яго сябры маглі нават затрымацца ў Менску. Пяць дзён Варонка працаваў адзін — без сну і адпачынку, — і набыў сабе першыя сівыя валасы…

Беларускую вайсковую раду бальшавікі чамусьці не зліквідавалі — яна працавала легальна ў доме № 2 на Паліцэйскай вуліцы, з вакна якога (на другім паверсе) ганарова звісаў бел-чырвона-белы сцяг. Легальнае існаванне Беларускай вайсковай рады давала магчымасць і вольнае працы Выканаўчага камітэта. Адной з фінансавых «выгодаў» вайсковай рады (акром памяшкання) было бясплатнае харчаванне ў адной з арганізацыяў Гарадскога саюза, пакуль яшчэ не зліквідаванага бальшавікамі. Гарадскія арганізацыі горада імкнуліся падтрымліваць адна адну — і пры Гарадскім саюзе сталавалася і частка Выканкама Рады Першага ўсебеларускага кангрэса…


Езавітаву пасля сходу ў «Беларускай Хатцы» даручылі разаслаць тэлеграмы. Снег суняўся, і да дзвярэй тэлеграфа вяла яго ўжо расчышчаная сцежка. Барадаты дворнік, апіраючыся на драўляную лапату, курыў і здаволена мружыўся — на вуліцу вызірвала далёкае сонца.

Каля апарата Бадо — прыгожая чарнявая дзяўчына. Езавітаў прывітаўся, і яна манерна ўсміхнулася:

- Адну хвілінку, хай пройдуць папярэднія паведамленні…

І тады толькі Езавітаў заўважыў дзецюка ў вайсковай форме, з выцертым скураным партфелем: дзяцюк энергічна падхапіўся, забраў праз вакенца нейкую паперку — і адышоў.

- Будзьце ласкавы, вось гэта — Беларускай вайсковай радзе ў Кіеў, гэта — у Гомель і Смаленск… — Езавітаў злавіў здзіўлены позірк дзецюка, павярнуўся: той неўразумела ўталопіўся ў партфель, штось пераклаў, шчоўкнуў замочкам і падаўся да дзвярэй.

У дадатак Езавітаў паслаў падобныя тэлеграмы беларускім вайсковым радам у Адэсу і Віцебск.

А назаўтра Варонка расказаў яму, што на той жа самай пошце сустрэўся з Ландарам — гаварылі ў суседніх кабінках «простым провадам»: ён — з Кіевам, Ландар — з Масквою.

А той дзяцюк з партфелем, што дзівіўся беларускім тэлеграмам, быў ад'ютантам «главкомзапа» Мяснікова…


Праз адзінаццаць дзён — нечаканы ўдар. Загадам начальніка Мінскага ЧК Разацкага ноччу з 31 студзеня на 1 лютага былі арыштаваны сябры Рады Першага ўсебеларускага кангрэса і Беларускай вайсковай рады. Сярод іх — Мамонька, Захарка і Езавітаў…


…Пра рэзервовы 289-ы пяхотны полк Менскага гарнізона Кастусь Езавітаў даведаўся ад свайго сябра Стася Новіка — аднаго з палкавых афіцэраў. Праз некалькі дзён пасля сходкі ў «Беларускай Хатцы» полк чыгункай дабраўся да Менска, дзе Беларуская вайсковая рада пачала яго перафармаванне. Найперш пазбаўляліся «чужароднікаў». Стась прапанаваў («як доказ вернасці») перанесці на кватэру Беларускай вайсковай рады васемнаццаць кулямётаў, вінтоўкі й скрынкі з ручнымі гранатамі. Аднак адбылося непланаванае: праз сваіх агентаў бальшавікі дазналіся пра «мяцежны» полк і загадам па фронце накіравалі яго ў Арол на… ахову чыгункі. Частка салдат не падпарадкавалася загаду: «Мы беларусы, а таму хочам служыць на бацькаўшчыне. Нікуды не паедзем!»

Пасля такой заявы адразу ж палку перапынілі выдачу правіянту. Сродкаў на яго ўтрыманне Беларуская вайсковая рада не мела — нават на некалькі дзён, якіх было б дастаткова для здабыцця ўлады ў горадзе.

«Пры такой слабасці бальшавікоў пераварот можа адбыцца за адну ноч!» — запэўніваў Варонку Езавітаў (яны і працавалі, і жылі побач — у памяшканні Беларускай вайсковай рады).

Рада і палкавыя дэлегаты вырашылі дэмабілізаваць полк — каб зліквідаваць яго і як сілу бальшавікоў. Усе салдаты-патрыёты раз'язджаліся дамоў з дакумэнтамі Беларускай вайсковай рады. Стась Новік захацеў застацца пры Радзе.

План збройнага паўстання «замарожваўся»…

Вечарам 31 студзеня Беларускую вайсковую раду атачылі салдаты і матросы (пазней высветлілася, што іх — пасля забойства генерала Духоніна — спешка перакінулі з Магілёва). Не стукаючыся, трое ўвайшлі ў пакой.

- Кто из вас старший по званию? — голас зайшлы ў чорнай скуранцы.

Беларусы — Варонка, Езавітаў, Макар Краўцоў, Смоліч, Захарка — пераглянуліся.

- Старшыня ў ад'ездзе. Я — ягоны намеснік. — Езавітаў узняўся з-за стала і наблізіўся да няпрошаных гасцей. — Што вам патрэбна?

- У нас — ордер, — чалавек у скуранцы выцягнуў з унутранай кішэні складзеную напалам паперчыну.

Езавітаў нахмурыўся, нетаропка ўзяў і пачаў чытаць.


«Советъ Рабочихъ и Солдатскихъ Депутатовъ гор. Минска. Отделъ по борьбе съ контрреволюцией и спекуляциями. 31 января 1918 г. № 39.


Товарищу Ярошевичу.


Ордер


Предписывается Вам отправиться въ Белорусскую Войсковую Раду, домъ 12, кв.10, по Полицейской улице, для производства обыска и ореста всехъ лицъ, там находящихся, въ том числе и посыльнаго мальчика Афанасия.


Председатель Л. Резауский.

Секретарь Э. Баренс».


Твар Езавітава заставаўся спакойным. Беларусы пачалі перамаўляцца. Апанас, малодшы стрыечны брат Стася Новіка, які летась стаў сіратой і якога прытуліла Беларуская вайсковая рада (самога Стася Новіка на той час адкамандзіравалі ў Бабруйск), яшчэ не ўразумеў, што здарылася, і працягваў гартаць падшыўку старых газэт.

Езавітаў паклаў ордэр на стол і няўлоўна зірнуў у вакно: у змроку перад уваходам у дом шарэлі постаці вайскоўцаў, бліскалі вочкі цыгарэт…

- Дык, значыцца, змагаецеся… са спекуляцыяй? — прачытаў ордэр і Варонка — і заўважыў, як чалавек у скуранцы ўзвёў курок рэвальвера.

Езавітава ж, здавалася, нічога не магло ўсхваляваць:

- Пасыльнага сярод нас няма, ды і астатнія… — ён зірнуў на Варонку, хітнуў галавой. — Астатнія — не сябры Вайсковай рады. Яны, таварыш Ярашэвіч, — Езавітаў развёў рукамі, - сябры Сацыялістычнай грамады…

І гэта спрацавала. У «сацыялістых» Варонкі, Краўцова-Касьцевіча і Смоліча былі сябраўскія білеты Беларускай сацыялістычнай грамады.

Ярашэвіч доўга ўзіраўся ў білеты, а затым уздыхнуў і выпаліў:

- Свободны. Троим остальным следовать за мной.

У Захаркі, сакратара Беларускай вайсковай рады, «сацыялістага» пасведчання не было, як не было яго і ў Апанаса…

На сходах паміж паверхамі таксама стаялі вайскоўцы…


Гэта было яго першае зняволенне. Езавітаў рыхтаваўся і да такога, але ж як з Апанасам? Вось, думаў, і прыгледзеў за малым…

З дакумэнтаў пры вобыску чэкісты забралі не многа — і таму адразу ж пачалі допыты (арыштаваных трымалі на гаўптвахце). Першым выклікалі Езавітава.

- Где председатель вашей Войсковой рады?

- Ад'ехаў, мне не далажыўшы, куды…

- Как работала ваша организация? С кем связаны? Чего добивались?

Дапытвалі і Захарку, і Апанаса. Спрабавалі запалохваць:

- Не расскажете всего — пойдете в расход.

Ды Апанас і ведаць нічога не ведаў, а Езавітаў з Захаркам яшчэ па дарозе ў турму змаглі дамовіцца аб маўчанні…


Старшыня ж Беларускай вайсковай рады Сымон Рак-Міхайлоўскі разам з Аляксандрам Цвікевічам былі дэлегаваны ў Брэст-Бярэсце — на мірныя расійска-нямецкія перамовы. Выправілі і Івана Сераду, ды той няведама чаго застаўся ў Менску. Дэлегаты-беларусы мелі з сабою зацверджаную 19 студзеня Выканаўчым камітэтам Рады дэкларацыю, адзін з пунктаў якой патрабаваў аднаўлення зруйнаванай вайной гаспадаркі краю коштам міжнароднага фонду ваяваўшых дзяржаў.

Рак-Міхайлоўскі й Цвікевіч перад Баранавічамі перайшлі лінію фронта і сустрэліся з кіраўніцтвам нямецкай вайсковай часткі. Беларускім дэлегатам падрыхтавалі ўжо вагон, каб накіраваць чыгункай у Бярэсце, як нечакана з'явіліся два разгубленыя афіцэры-немцы:

- Просім паноў прабачыць, але мы зрабілі тэлефоннае запытанне… Візы на праезд даць вам не зможам, паколькі кіраўнік расейскай дэлегацыі запатрабаваў нікога больш не прапускаць.

Тым кіраўніком быў Троцкі-Бранштэйн, які аніякай Беларусі не прызнаваў і сам намагаўся прадстаўляць «Заходні край».

- Едзем да суседзяў! — Рак-Міхайлоўскі быў непахісным.

Праз некалькі дзён ён з Цвікевічам былі ў Кіеве і гутарылі з сябрамі Генеральнага сакратарыта, які па-сяброўску ставіўся да беларускай Рады. Цэнтральная ўкраінская рада паспела выдаць чацвёрты Універсал, абвясціць Украіну незалежнай народнай рэспублікай, а Генеральны сакратарыят (украінскі ўрад) аб'явіў вайну бальшавікам — як прадстаўнікам маскоўскага імперыялізму.

На перамовы ў Бярэсце быў выпраўлены спадар Галубовіч. Пад выглядам кансультантаў украінскай дэлегацыі накіраваліся туды і Рак-Міхайлоўскі з Цвікевічам.

- У свой горад прарываемся, як бандыты, — уздыхалі дарогай.

Вуліцы ціхага Бярэсця былі закуты лёдам — шпацыраваць па слізгоце асмельваўся не кожны. Раніцай 10 лютага Рак-Міхайлоўскі сустрэўся з сакратаром нямецкага міністра замежных спраў Кюльманам. І зноў высветлілася, што беларуская дэлегацыя атрымаць мандат на перамовы не можа: яна накіравана не беларускім урадам, а Выканкамам Усебеларускага кангрэса.

- А ці мала якіх кангрэсаў і сходаў адбылося ў Расіі пасля рэвалюцыі… - Кюльман развёў рукамі.

- Па-першае, мы з вамі — на Беларусі, а не ў Расіі… - Рак-Міхайлоўскі нерваваўся, устаў і апёк міністравага сакратара рашучым позіркам. — Па-другое… Што б сказалі нямецкія пасланцы, калі б на падобных перамовах… — ён намагаўся хутчэй падбіраць словы чужой мовы, — скажам, між расейцамі і французамі… дзесьці ў Падздаме… яны не атрымалі мандата?

- Пан рызыкуе мяне моцна абразіць! — выкрыкнуў Кюльман, таксама ўсхапіўся з месца, затым, стрымаўшыся, сказаў ужо мякчэй: — Прашу прабачыць, больш часу не маю…

У Бярэсці Рак-Міхайлоўскі з Цвікевічам і даведаліся, што ў вялікай перамоўнай зале з састаўленымі ў два рады сталамі, акуратна закладзенымі паперай (побач з кожнай папкай — замежны пісьмовы прыбор), у адказ на прамову нямецкага генерала Гофмана Троцкі абнечаканіў усіх:

- Расійскі бок міру не падпіша, але і ваяваць далей не будзе!

Пасля гэтага мірныя перамовы перарваліся…


Вялікі люты

Немцы распачалі хуткаі наступ, за дзень займаючы па некалькі беларускіх гарадоў. Расійскі фронт разваліўся.

На той час, калі на сценах менскіх дамоў расклейваліся адозвы аб тым, што Савецкая ўлада застаецца ў горадзе, бальшавікі спешка складвалі свой набытак у машыны — адна за адной яны ад'язджалі да чыгуначнага вакзала.

Зрання 10 лютага ў «Беларускай Хатцы» сабраліся прадстаўнікі Выканаўчага камітэта і Беларускай вайсковай рады. Узбуджана ціснулі руку Езавітаву — яго «тройцы» ўдалося збегчы з турмы (у ахове трапілася некалькі беларусаў). Апанаса завялі на кватэру да Ядвігіна Ш., Захарка захварэў, - як раптам у «Хатку» забег узрушаны матрос Васіль Муха (ён з яшчэ пятнаццацю таварышамі з крэйсера «Петръ Первый» далучыліся да палка беларускага гарнізона).

- Камісары пакуюцца ў цягнік! — бухнуў, не прывітаўшыся.

Навіна — нечаканая. Езавітаў, Краўцоў і Мамонька адразу ж выправіліся ў адну з менскіх казармаў — пасля ўзбуджанай прамовы Мамонькі ўзбунтаваліся два бальшавіцкія батальёны. Камітэт той вайсковай часткі выслаў варту, каб арыштаваць «сабатажнікаў», але салдаты раззброілі варту і арыштавалі сам камітэт. Муха застаўся ў казарме беларускім «прадстаўніком».

Калі вярталіся да «Беларускай Хаткі», за спіною пачулася вуркатанне матора, а затым — глухі грукат. Азірнуліся: самаход з салдатамі імчаў па Захараўскай, па кабіне таўклі прыкладамі, крычалі… А з Захараўскага завулка нязграбна выпаўзаў насустрач другі самаход… Шкло кабін заледзянела… І раптам — скрып, стук… Самаходы сутыкнуліся, пад колы аднаго з іх (што вёз салдат) пацякла вада, раз'ядаючы лапік снегу… Усчалася лаянка. Большасць салдат, злосных і хмурых, пацягнуліся далей пешкі — да вакзала.

Тут-сюд па горадзе чуліся стрэлы. Пад вечар страляць пачалі часцей: здавалася, кожны жыхар горада намагаўся выпхнуцца за брамку і колькі разоў гохнуць угору са свайго самапала… На вуліцах завязваліся дробныя сутычкі.


Праз дзень у Менску быў сфармаваны асобны батальён, які падпарадкоўваўся Беларускай вайсковай радзе. 18 лютага частка батальёна акружыла Губернатарскі дом, які яшчэ дзень таму займаў Савет народных камісараў, частка накіравалася да гатэля «Еўропа», дзе месцілася штаб-кватэра галоўнага камісара «Заходняй вобласці» Ландэра.

- Узгадайце яму і пра разгон кангрэса! — Варонка моцна абняў Езавітава. — Ягоны ж быў загад…


… - Товарищ комиссар! Дальше оставаться небезопасно! — да Ландэра ўваліўся камендант выканкама Савета народных камісараў Пятроў, узмакрэлы, з пухлінамі пад вачыма. — Дом губернатора окружён…

- И куда?.. — Ландэр, здавалася, яшчэ не паспеў усвядоміць свайго становішча.

- Собирайте, что можно, и давайте за мной, на станцию.

Яны толькі-толькі паспелі чорным ходам выціснуцца з гатэля, як на прыступках галоўнага ўвахода з'явіліся жаўнеры, паперадзе якіх быў палкоўнік Езавітаў…


Калі камісарскі цягнік рыхтаваўся да адпраўкі, узбунтаваліся рабочыя-чыгуначнікі. Машыніст Домскі першым убег у дэпо і забасіў:

- Драпаюць, а хто ж нам за тры месяцы пенсію заплоціць?!

- І праўда…

- Не пушчаць іх!

Чыгуначнікі кінуліся да саставаў:

- Нікуды цягнік не кранецца!

- Давай галоўнага!

Ландэр выйсці на сустрэчу адмовіўся. Супакоіць рабочых паспрабаваў камісар унутраных спраў:

- Товарищи! Я, комиссар Резовской, призываю вас проявить революционную сознательность! Деньги вам будут выданы позже…

- Рэзаўской, ты нам цяпер давай, а то так урэжам!..

Салдатам нават загадалі выкаціць дзве пушкі. Адну нацэлілі на дэпо, другую — на рабочых, але тое яшчэ больш узлюціла…

Спрэчкі доўжыліся да ночы. Частка чыгуначнікаў разышлася, і тады трое салдат Ярашэвіча (каторы арыштоўваў Беларускую вайсковую раду) захапілі Домскага і яшчэ аднаго машыніста і, пагражаючы зброяй, змусілі вывесці цягнік з горада. Раззлаваныя машыністы знарок не зменшылі хуткасць на павароце — і састаў сыйшоў з рэек, некалькі вагонаў перакулілася. Домскі з таварышам паспелі саскочыць у ноч, у снег[19]

Хто ацалеў з «камісарскага цягніка», дабіраліся да Барысава пешкі. Ранкам 20 лютага з Беларускай вайсковай рады ў Воршу накіравалі тэлеграму — ротмістру беларускага эскадрона кавалерыі Якубеню: «Арыштаваць па дарозе народных камісараў, што ўцяклі з Менску».

Бальшавікі тэлеграму перахапілі — і арыштавалі самога ротмістра…

Менск на некалькі дзён стаў вольным. «Камісары» ад'язджалі далей — у Смаленск. Апошні баяздольны бальшавіцкі атрад быў разбіты пад Асіповічамі. Немцы захапілі Маладэчна — і ішлі на Менск з двух бакоў. З Бабруйска сунуліся часткі польскага корпуса. «Гонар» менскага савета — Першы рэвалюцыйны полк, сфармаваны ў кастрычніку 1917-га з «палітычных», арыштаваных пры Керанскім злачынцаў, удзельнічаў цяпер у аблозе Кіева. Праз колькі месяцаў салдаты гэтага палка ўварвуцца ў кіеўскі шпіталь, з якога, як падасца ім, нехта страляў, і выкінуць у вакно параненага ў сваім першым баі дзесь пад Горадняй Льва Багдановіча, які не захацеў зняць з сябе форму афіцэра царскай арміі…


19 лютага Выканаўчы камітэт Усебеларускага кангрэса выдаў загад пад № 1:


Выканаўчы камітэт Савета Ўсебеларускага кангрэса ўзяў уладу ў свае рукі.

Для наладжаньня парадку ў гор. Менску назначаны Камэндант с. Езавітаў.

Прапануецца салдатам, якія знаходзяцца ў гор. Менску, і ўсяму начальніцтву трымаць самы строгі парадак.

Усім арганізацыям, якія ўзялі на сябе ахову асобных частак гораду, зварачацца да Камэнданта: Пляц Волі, дом б. Губарнатара.

Гор. Менск-Беларускі.


Язэп Мамонька зачытаў загад з балкона былога Губернатарскага дома.

І беларускі камендант пачаў дзейнічаць. У 9.20 вечара быў заняты Дом губернатара, знята чужая варта, а на балконах і на Пляцы Волі выстаўлены кулямёты. Цэнтральная тэлефонная станцыя народнага камісарыята пераназвалася цэнтральнай тэлефоннай станцыяй Беларускай рады. У 9.25 Езавітаву паведамілі пра заняцце гатэля Еўропа, дзе знаходзіўся штаб Чырвонай арміі і штаб змагання з контррэвалюцыяй — ЧК. Захапілі вялікую колькасць вінтовак, кулямётаў і патронаў, а яшчэ праз некалькі хвілін падалі весткі пра захоп будынка «Губернатарскага прысуцтва» і вайсковага арсенала. На Пляц Волі прыехала першае аўто — з паведамленнем аб здабыцці гарадскога гаража. У 10 гадзін вечара камендатура Езавітава перабралася з прыватнага дому ў Дом губернатара. На Пляцы Волі да Выканаўчага камітэта перайшлі ўсе будынкі. У 10.15 па горадзе раз'ехаліся патрульныя аўтамабілі, з якіх гарадчукам паведамлялі аб пераходзе ўлады да Выканкама Рады Першага ўсебеларускага кангрэса.

А 11-ай вечара беларускай уладзе паспрабавалі супраціўляцца аддзелы польскага легіёна Доўбар-Мусніцкага, царскага генерала, якому Керанскі дазволіў фармаваць нацыянальнае польскае войска з палякаў-вайскоўцаў царскай арміі. Польшча была пад нямецкай акупацыяй, і генерал базаваў свае аддзелы на Беларусі… Да 2 гадзінаў ночы супроцьстаянне польскага легіёна было зліквідавана, а горад ачысцілі ад выпадковых частак, што спрабавалі на некаторых вуліцах наладзіць пагромы.

Ранкам у 4 гадзіны Менск супакоіўся. Езавітаў — узрушаны, не адчуваючы стомы, выйшаў на Пляц Волі, азірнуўся наўкол і на поўныя грудзі ўдыхнуў свежага марознага паветра. Вецер крануўся валасоў, і ён узняў галаву — над пляцам з балкона Губернатарскага (у былым) дома лёгка і свабодна крылялі два бел-чырвона-белыя сцягі…

Праз сем месяцаў у кастрычніцкім нумары часопіса «Варта» Езавітаў надрукуе свае ўспаміны, і ў тых абзацах застанецца і перажытае-адчучае вось зараз:

«Лёгкі перадсвітальны ветрык ласкава варушыў палотнішчы двух нашых нацыянальных сьцягоў, што разьвяваліся на бальконе дому губернатара. У сьветлым змроку, на велізарным палотнішчы аднаго зь іх, я прачытаў лёзунг, за якім ішлі ўсе нашыя жаўнеры: «Няхай жыве Вольная Беларусь!» На другім палотнішчы — маленькім і сьціплым, ледзь віднелася значна магутнае, сьмелае, гатовае на самаадрачэньне й самаахвярнасьць, — чым жылі й дзеля чаго ўсё прыносілі ў ахвяру сябры Беларускае Цэнтральнае Вайсковае Рады: «За родны Край, за Вольную Беларусь!».

На другі дзень Выканаўчы камітэт, адпрацаваўшы ўсю ноч, скончыў сваё паседжанне ў доме № 10 на Садовай вуліцы (на кватэры Гутмана) прыняццем першай Устаўной граматы да народаў Беларусі. Позна ўвечары ейны тэкст быў памножаны ў вядомай (па выданні беларускіх кніг) друкарні Грынблята, уладальнікамі якой быў калісьці Іёкель Дворжэц. Адначасна на Скобелеўскай на кватэры Аляксандра Уласава і Ядвігіна Ш. сабралася Вайсковая рада.

- Справа беларускага нацыянальнага войска павінна вырашацца сёння, — Езавітаў быў усхваляваным. — Асновай менскага гарнізону становіцца зборны батальён частак бальшавіцкага войска, які колькі дзён таму перайшоў на наш бок. Узрадавала і Беларуская вучнёўская грамада, гурток нашай моладзі, які, стыхійна ўзброіўшыся, на чале са знаёмым нам Апанасам Новікам папоўніў, так бы мовіць, беларускую гвардыю…

- Так, я й сёння, як сюды йшоў, бачыў іх, — сказаў Макар Краўцоў. - Атачылі новую рэзідэнцыю Выканаўчага камітэта ў Губернатарскім доме… У некаторых нават па дзве вінтоўкі на плячах было… А тут — адкуль толькі ўзяўся! — самаход з польскімі жаўнерамі. Тармазнуў на пляцы, паўзіраліся на хлопцаў палякі — і далей пагазавалі. Што й казаць — верныя старажы!

- Яно то добра, ды… Ты б, Макар, паапекаваўся за імі. Не для вайны яны йшчэ як-ніяк… — затурбаваўся Ядвігін Ш.

Абмеркавалі бліжэйшыя планы, і Ядвігін Ш. усміхнуўся і кіўнуў Мамоньку:

- То ты, Язэп, раскажы ўсё ж нам, як партфель у Рэзаўскага адабраў!

Усміхнуўся і Мамонька:

- Губернатарскі дом камісары вызвалілі неўзаметку — і зніклі. Я з хлопцамі, значыцца, у кабінет камісара ўнутраных спраў… Шыльда яшчэ засталася… А там рэзрух, анікога. А на стале — партфель сімпатычны. Раскрылі — а там чыстыя блянкеты замежных пашпартоў, пратаколы, выпіскі. Ну не бегчы ж мне за гаспадаром, каб аддаць…


Тымі ж кароткімі днямі склаўся і беларускі ўрад. Выканаўчы камітэт, папоўнены кааптацыяй у яго склад сябраў Цэнтральнай беларускай вайсковай рады і некаторымі прадстаўнікамі нацыянальных меншасцяў, стаў першым беларускім «міністэрыюмам» — кабінетам міністраў. Новы дзяржаўны орган вырашылі назваць Народным сакратарыятам. Ягоным старшынёй застаўся Язэп Варонка. «Міністэрыюм» склалі пятнаццаць «народных сакратароў», сярод іх — Аркадзь Смоліч (сакратар земляробства) і Кастусь Езавітаў (сакратар вайсковых спраў). Паведамленне ад Народнага сакратарыята аб пачатку выканання ім сваіх абавязкаў 21 лютага распаўсюдзілі тэлеграфам — з пазнакай «Усім, усім, усім».

У той жа дзень была аддрукавана першая пастанова Народнага сакратарыята Беларусі:


Находящиеся на территори Белоруссии казенныя имущества, учреждения, капиталы и ценности в нихъ находящиеся и составлящия народную собственность, объявляются достояниемъ народовъ Белоруссии и переходятъ въ ведение и распоряжение Народнаго Секретариата БЕЛОРУССИИ. 


Временный Председатель… И. ВОРОНКО.

Управляющий Делами Л. ЗАЯЦЪ.


Тадышні будынак Губернатарскага дома на былым Верхнім рынку, на сённяшнім Пляцы Волі нагадваў, здаралася, кірмашовыя сутарэнні: невядома адкуль зносіліся сюды скрыні шакалады, цукар, шынялі, у вялікай колькасці вайсковыя дзягі, кулямёты. Перад прыступкамі стаялі нават два навюткія матацыклы…

- Хутка дом так закладуць, што й ня выйдзем, — засяродзіў старшынёву ўвагу на гэты гармідар Макар Краўцоў, а Варонка адно развёў рукамі:

- У расейскую рэвалюцыю Чхэідзэ ў Таўрыдскім палацы быў завалены яшчэ больш — туды нават акрываўленыя галовы рэзанай жывёлы звозілі, так што, выходзячы, ён і праз іх мусіў перадзыгаць…


Тут, у былым кабінеце губернатара (ён быў пазначаны дзесятым нумарам), а цяпер старшыні беларускага Народнага сакратарыята, узбуджаны памочнік гарадскога каменданта Васіль Муха адшукаў Езавітава і, не аддыхаўшыся, заспяшыў:

- У арсенале грабёж! Палякі цягаюць на вазы зброю…

- Дык там жа Гайдук! — не ўцяміў Езавітаў.

- Гайдук не пярэчыць…

- Давай хутчэй — у двары самаход!

- А можна з вамі? — не стрываў Макар Краўцоў.

- Хадзем…

Перад арсеналам — менскім складам зброі — і насамрэч стаяла некалькі падводаў, ужо амаль цалкам нагружаных вінтоўкамі і патроннымі скрынкамі.

- Хто старэйшы? — па-польску, саскокваючы з самахода, грозна выкрыкнуў Езавітаў. Жаўнер, што трымаў каня першай падводы, ураз абмяк і няпэўна кіўнуў на склад. Насустрач выбег Гайдук і «старэйшы».

- Я камендант горада палкоўнік Езавітаў. Уладай Народнага сакратарыята Беларусі загадваю перанесці зброю назад. Краўцоў, Муха, ахову — у арсенал!

З кузава самахода пасаскоквалі жаўнеры першага беларускага палка — чалавек з трыццаць. Са складовай вартай сабралася поўных два ўзводы. Перад такою сілай палякі мусілі скарыцца.

- Што ж, пададзімся пазычаць у бальшавікоў, - адгаворваліся, носячы зброю назад…

Езавітаў строга агледзеў Гайдука (той паспеў начапіць навюткія пагоны штабс-капітана), уздыхнуў нездаволена:

- Табе, як сябру Вайсковай рады, перш-наперш не пра пагоны, а пра скарб радны думаць належыць!


Польскіх жаўнераў у горадзе большала. Легіянеры генерала Мусніцкага ноччу паралізавалі беларускія добраахвотніцкія пасты перад будынкам пошты, забралі трынаццаць мільёнаў рублёў, разрабавалі касы штаба міліцыі, некаторыя харчовыя склады, паранілі міліцыянера і жаўнера — і, дачуўшыся пра ўваход у горад нямецкіх войскаў, заціхлі.

Вечарам Езавітаў падпісаў новы загад:


Приказ № 3 по гарнизону города Менска.

22 февраля 1918 года.


1. Немцами занят Менск. Предлагаю гражданам воздерживаться от каких бы то было враждебных выступлений и сохранять полную лояльность…


Далей загадам усе вайсковыя часткі, што знаходзіліся ў горадзе, — акром польскага корпуса і нямецкіх частак, — аб'яўляліся беларускімі, а іх маёмасць і склады — уласнасцю беларускага народа. Асобна адзначаліся незаконныя польскія канфіскацыі:


5. Реквизиции, которые сделал польский корпус, прекратить. Всё реквизированное должно быть упорядочено, описано и представлено в белорусскую комендатуру для санкции.

6. А также, кто не имеет ордеров от белорусского коменданта на реквизицию, будет задерживаться, как мародер…


Першы нямецкі вайсковы аддзел на вакзале вітаў-сустракаў — са сваёй прыватнай ініцыятывы — Раман Скірмунт. «Памочнікам» пры ім быў Павел Аляксюк. З тыдзень таму з прапановы Езавітава яго выключылі з Вайсковай рады, але пры кааптацыі Аляксюк патрапіў у пашыраны склад Выканаўчага камітэта — і адразу ж прапанаваў уключыць у выканкам… усю Раду польскую зямлі мінскай. У той жа дзень Алексюка выключылі і з Выканаўчага камітэта…


Раніцай 25 лютага Пляц Волі патанаў у тумане. Мокры шэры снег ліпнуў да ботаў, ападаючы з колаў гармат (з аграмаднымі — метраў на тры — стваламі), забіваўся на восі, раставаў, зноў патрапляў на колы і бруднымі камякамі пырскаў на штаны жаўнераў, - па два на гармату, адкінуўшы карабіны за спіны, мусілі падпіхваць жалезныя цяжэрыны, падсабляючы мокрым натомленым коням.

Немцы рыхтаваліся да парада. Яны спакойна прайшлі па Захараўскай, не здзівіліся (здалося, нат не заўважылі) вайскоўцам беларускага палка — аддзелу коннікаў са стрэльбамі за плячыма.

Некалькі кайзераўскіх калонаў вышыхціліся перад Губернатарскім домам, афіцэры коратка адрапартавалі худому вусачу ў зіхоткім шлеме з вострай пікаю ўверсе і заліхвацка, чвакаючы лёгкімі — хоць і да каленяў — скуранымі ботамі па раскіслым снезе, прамаршыравалі да сваіх узводаў. З Губернатарскага дома выйшлі яшчэ тры афіцэры… Мінулай ноччу з яго нямецкі камендант выселіў Народны сакратарыят і канфіскаваў ягоную касу - каля 300000 рублёў, большай часткай у думскіх білетах. Варонка са Скірмунтам і Езавітавым раніцай наведалі капітана фон Пільца — і ўся канфіскацыя была аддадзена назад. Немцы не распусцілі беларускага ўрада, але ізалявалі яго ад усялякіх сувязяў з правінцыяй. І Народны сакратарыят вырашыў разам з Гарадскою думаю і Менскай губернатарскай земскай управай склікаць у сакавіку агульны сход.

Вусач кіўнуў аднаму з іх, з залатым пенснэ на вострым носе (як потым высветлілася, нямецкаму каменданту горада), «пенснэ» коратка гергетнуў штось свайму даўгалыгу-ад'ютанту — і той торапка ўбег у Губернатарскі дом і праз хвілю з'явіўся на балконе, на якім ужо тыдзень лунаў вялікі бел-чырвона-белы сцяг. Як толькі даўгалыгі ад'ютант пачаў адрываць сцягавае дрэўца, на балкон выбег Апанас Новік — і каршуком да немца:

- Ня руш!

Даўгалыгі напачатку нават зніякавеў. З пляца — усё было навідавоку — дакаціліся вокрыкі, хтось з жаўнераў тыкаў на іх пальцам… Даўгалыгі зноў ірвануў сцяг, і тады Апанас наскочыў на яго і хапіў за рукі…

Спадужнікі былі няроўных сілаў, і яшчэ праз хвілю Апанаса ўжо цягнулі да задняга выхада Губернатарскага дома.

Сцяг сарвалі і скінулі на снег[20].

- А з гэтага малога можа атрымацца добры салдат, — нібы сам сабе пратараторыў нямецкі камендант, лена працёр шкельца свайго пенснэ і выкрыкнуў да худога вусача: — Пачынайце парад!


Беларускі Дом

9 сакавіка Выканаўчы камітэт выдаў Другую Устаноўчую грамату, якая акрэсліла асноўныя пункты канстытуцыі краю і абвесціла Беларусь Народнай Рэспублікай. Выканаўчы камітэт уключыў у свой склад гарадскія і земскія органы самакіравання — і, узросшы да сямідзесяці аднаго сябры, ператварыўся ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, першы нацыянальны парламент.

Але БНР афіцыйным Берлінам не была прызнана — вельмі ж вялікімі былі тыя «барышы», што дзяліліся паміж ім і Масквой… Беларусь засталася задаткам пад ваенную кантрыбуцыю, якую мусіла выплочваць Савецкая Расія. Не дыпламатнічалі немцы і з палякамі: корпус Доўбар-Мусніцкага пасля абароны фронта ўздоўж Дняпра — калі стаў непатрэбным — быў раззброены.

Незакончаная вайна кроіла зямлю Беларусі: апрача лініі расійска-нямецкага фронта, што падзяляла краіну на дзве няроўныя часткі — усходнюю і заходнюю (немцы ўтрымлівалі лінію «імперыялістычнага» фронта), утварыўся новы нямецка-бальшавіцкі з лініяй каля Воршы. Па дамове немцаў з украінцамі і літоўцамі некаторыя беларускія паветы перайшлі да Украіны і Літвы. У Менску не ведалі, што рабілася ў Вільні, да Вільні даходзілі супярэчлівыя навіны пра падзеі ў Менску…


Толькі прачнуліся, як у дзверы падрагаў Апанас Новік, — пасля хадайніцтва Рады яго вызвалілі з-пад арышту. Адкрыў Езавітаў (некаторы час ён кватараваў у Ядвігіна Ш.).

— Дзядзька Кастусь! З Вільні дэлегаты прыехалі. У памяшканні Рады ўсе збіраюцца…

— А хто прыехаў? — пацікавіўся Ядвігін Ш.

Апанас зніякавела ціскануў плячыма:

— Я й не запомніў… Браты там двое… Яшчэ некалькі дзядзькоў з вусамі…

— Браты двое? То мо Луцкевічы? — Ядвігін Ш. пачаў апранацца. — Ты, Апанаска, пакуль мы збіраемся, там во пірага з малаком пакаштуй.

— Вы б паляжалі яшчэ, — Езавітаў ведаў, што гаспадар не адгробся ад прасгудьі.

— Ды што там! — толькі адмахнуўся той.

Амаль адразу пашэнціла спыніць рамізніка, і праз некалькі хвілінаў яны ўжо былі каля дома № 43 на Захараўскай, дзе цяпер месцілася Рада і Народны сакратарыят, — каля былога Юбілейнага дома.

— Эх, Кастусь! — Ядвігін Ш. затрымаўся перад уваходам. — Здаецца, толькі ўчора было: і Вільня, і «Наша Ніва», і тыя ж Луцкевічы, а ўжо такі кус жыцця з'едзены…

— А вы верце, што ўсё смачнейшае — наперадзе! — звёў на гумар Езавітаў. — Хадземце.


Віленскія беларусы на канферэнцыі 25 студзеня 1918 года абралі Віленскую беларускую раду, якая адразу ж пачала дамагацца ад нямецкіх уладаў дазволу на прыезд сваёй дэлегацыі ў Менск. На дазвол спатрэбіўся… месяц — канферэнцыя не апраўдала спадзевак акупантаў. У дэлегацыю з Віленшчыны ўвайшлі Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Ластоўскі, Янка Станкевіч, Язэп Туркевіч, віленскі работнік, і Дамінік Сямашка, віленскі брандмайстар. Выехалі адразу ж, як атрымалі прапускі — не зважаючы, што ў люты мароз трэба было праседзець у неацепленых вагонах дваццаць чатыры гадзіны — і нават кіпеню нельга было адшукаць па ўсёй дарозе. Іван Луцкевіч, да ўсяго, быў хворым на сухоты, кашляў крывёй…


…- Дык што там у вас з літоўска-беларускай дзяржавай атрымалася? — перапыніў Станкевіча Ядвігін Ш.

- Тарыба, як толькі немцы пацвердзілі літоўскую незалежнасць, ад гэтае ідэі адмовілася…

Сумнае маўчанне пасля слоў Антона Луцкевіча перарваў Варонка:

- То ці не да лепшага? Калі былое супольнае Вялікае княства не вярнуць, то ці не час абвясціць пра народзіны свайго?

- Вось дзеля гэтага мы ў Менск і дабіраліся! — узбадзёрыўся Іван Луцкевіч. — Трэба збіраць Раду…


Пасля сустрэчы абодва Луцкевічы паехалі на гарадскія могілкі. У студзені ў Менску памерла маці — а змаглі даехаць у горад толькі зараз…

Ластоўскага Ядвігін Ш. запрасіў да сябе. З Езавітавым утрох вырашылі прайсціся пешкі.

- Хоць горад маладавясновы разгледжу, — узрадаваўся Ластоўскі.

- Я, Вацлаве, цябе даўно такім маўклівым не бачыў… - насцярожыўся Ядвігін Ш.

- Ды я болей слухаў. А дома з Луцкевічамі крыху быў паспрачаўся… Супраць я тога саюзу з Літвою адразу выступаў. Яны не ўзгадалі сёння… Як аказалася, за мною праўда была.

- Дык чаго ж ты там у Вільні дамагаўся? — Ядвігін Ш. спыніўся, агледзеў шапку прыдарожнага каштана (які, здавалася, так і меціў выпхнуцца на тракт), памацаў ажывелую пупаўку.

Ластоўскі таксама падышоў да каштана, пастукаў даланёю па вільготным камлі:

- А я вось як і ён — за незалежнасць…

- А калі й залежнасць, то ад сонца вясновага, а не ад сякеры дворніка… — усміхнуўся Езавітаў.

- Цябе, Кастусь, нібыта й не на вайскоўца вучылі, а на Сакрата! — усміхнуўся на тое і Ластоўскі.

- Ну, а што, пане Ядвігін, пачытаць мне дасі цікавага? — папрасіў, калі ўжо былі на кватэры, Ластоўскі.

- Бач, каб шчэ й цікавага… Ведаеш, нешта праз свае хваробы даўно нічога путнага не складваў. Ёсць, праўда, адна задума… Як аспакайнеюся, трэба будзе запісаць.

- То раскажы хоць, пра што там насачыняў?

- Ды й не насачыняў нават, а так, прыкмеціў… Як народу зусім няўсцерп жыць стала. І вось сабраўся аднаго разу люд, каб лягчэй пачувацца, вырашыў зжыць са свету ўсіх злодзеяў. Параіліся і пастанавілі разам выгадаваць волата, каб здалеў тых ворагаў. Выбралі нікому датуль незнаёмае дзіця і пачалі ўсім светам карміць і пяленгаваць. Расце дзіцё — а жыццё не лягчэе: усё больш і больш выкармак просіць, і мусяць не толькі сваё апошняе яму аддаваць, але і ў пазыкі палезці… Нарэшце вырас іхні волат-асілак — да неба! Узрадаваўся народ, сабраўся на сход — і загудзеў яму пра ўсе свае беды. Каціўся гэты стогн па зямлі, а ў гару не шыбаў — дзе б яго пачуў народны выбранец; а той, спаглядаючы з вышы ўніз, ня мог дагледзець потам і крывёю злітай зямлі, на каторай варушыліся яго маленькія кармільцы…[21]

- Ты гэта каго ў прытчу ўплёў? Ці не Леніна якога? — падзівіўся Ластоўскі.

- Чаму?.. Не яго аднаго.

- То не адкладвай, сядай — і запісвай. Рэч вартая!

Паседжанне пазачарговай Рады БНР пачалося ўвечары 24 сакавіка. Адкрыў яго старшыня Іван Серада (той самы, які не асмеліўся падацца з Рак-Міхайлоўскім і Цвікевічам на перамовы ў Бярэсце).

- Шаноўнае спадарства! — Серада напачатку нават хваляваўся. — Нашае паседжанне наведалі прадстаўнікі Віленскай беларускай рады…

Гасцей віталі апладысментамі. Серада й не ведаў, што адзін з віленскіх пасланцоў — Дамінік Сямашка — на гэтае паседжанне не прыйшоў: дазнаўся, што немцы коса глядзяць на Раду — і ўбаяўся за сваё «высокае» становішча начальніка віленскай пажарнай дружыны…

- А цяпер, — працягваў Серада, — першым з прамовай выступіць Язэп Варонка.

Варонка спешка ўзышоў да трыбуны і бадзёра агледзеў запоўненую залу:

- Сябры… Не вам мне казаць, якую ролю ў гісторыі краіны адыграла наша крывіцкая калыбка Вільня. Таму сёння шаноўныя віленчукі ні на хвілю не павінны пачувацца гасцямі… - ён зрабіў паўзу і пачаў больш гучна: — Беларусы! Сёння ў нас Пасха! Сёння зноў яднаюцца духоўна Вільня і Менск — душа і цела. Сёння ўваскрос беларус, уваскрашаецца нашая бацькаўшчына!

Езавітаў агледзеў правы край залы, дзе сядзелі прадстаўнікі земства, настроенага (як ведаў) супраць беларускай самастойнасці. «Малайчына, Язэп, — падумаў. — Трэба напачатку прыціснуць іх эмацыйна. Бач, нат не варухнуцца…»

Пасля Варонкі грунтоўны даклад пра дзейнасць беларускіх арганізацый Віленшчыны і Горадзеншчыны зрабіў Антон Луцкевіч, доўга і падрабязна адказваў на пытанні.

- Ёсць прапанова… — Варонка пачакаў, пакуль Луцкевіч сядзе на сваё месца, — …ушанаваць хвілінай маўчання памяць памерлай у Вільні адной з заснавальніц Беларускай сацыялістычнай грамады паэтэсы Алаізы Пашкевіч-Цёткі.

Калі радаўцы селі, ад фракцыі Беларускай сацыялістычнай грамады на абмеркаванне была вынесена прапанова абвясціць незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Правая частка залы неўразумела загудзела…

- Цішэй, спадары, цішэй! — апамятаваўся Серада. — З дакладам мае выступіць старшыня фракцыі Беларускай сацыялістычнай грамады Аркадзь Смоліч.

Смоліч засяродзіўся найперш на акрэсленні становішча Беларусі і тых прычынаў, што патрабавалі неадкладнага абвяшчэння незалежнасці краіны.

Барацьба на сесіі абвастрылася. Пасля перапынку спрэчкі па дакладзе доўжыліся ажно дзесяць гадзінаў. Выступіла дваццаць шэсць аратараў…

- Рада республики не может прокламировать незавнсимость Белоруссии, — выкрыкваў прадстаўнік земстваў і гарадоў Злобін, — потому что нарушит этим волю первого всебелорусского съезда, в одном нз пунктов резолюции которого говорилось ясно о неотторжимости Белоруссии от Российской Федеративной Демократической Республики!

- Гэта той Злобін, закінуты да нас прыфрантавым адзьдзелам Усерасійскага земскага саюза, які месяц таму, напрошваючыся ў выканаўчы камітэт, рассцілаўся з нейкім бясконцым дакладам пра палітыку Доўбар-Мусніцкага ў Бабруйску, напіраючы праз меру на тое, што ён, эсэр Злобін, заўзяты паланафіл, — шаптаў тым часам на вуха Ластоўскаму Езавітаў.

- Па-першае… — Варонка рашуча ахапіў краі-канты трыбуны (у перапынку да трыбуны прымацавалі чырвона-белую «Пагоню»). — Аніякае ж Расійскай Федэратыўнай Дэмакратычнай Рэспублікі зараз не існуе! Па-другое: у Бярэсці Расія, хоць і бальшавіцкая, спакойна аддала наш край немцам і гэтым першая «отторгла» Беларусь. І, нарэшце, можа вы, спадар Злобін, заклікаючы так няўхільна шанаваць ранейшыя законы, адкажаце нам, на падставе якога пункта расійскае канстытуцыі ў Расіі скінулі цара?!.

У зале нібыта ляснуў пярун. Стала зразумела, што шаля «дэбатных» вагаў схілілася на бок незалежнікаў.

У эмацыйнай прамове за незалежнасць Беларусі выказаўся і сябра Аб'яднанай габрэйскай сацыялістычнай партыі Мац, аднак, выслухаўшы пярэчанні сваіх таварышаў (Гутмана і Мар'ясіна), мусіў агаварыцца, што — як чалавек партыйна-дысцыплінаваны — будзе галасаваць супраць…

Перад самым галасаваннем два разы Злобін дамагаўся пяціхвілінных пярэрваў «для кансультацый», намагаючыся, пэўна, схіліць на свой бок некалькіх грамадоўцаў.

Нарэшце — адказная хвіліна. Галасаванне… і большасць выказваецца за незалежнасць Беларусі і прыняцце прапанаванай Беларускай сацыялістычнай грамадой рэзалюцыі (рэзалюцыя прадстаўнікоў земства прапаноўвала толькі скасаваць Берасцейскую дамову): «Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвяшчае Рэспубліку незалежнай, пра што выдае адпаведную Устаўную грамату».

Сябры Рады, вылучаныя яшчэ Першым усебеларускім кангрэсам, галасавалі за рэзалюцыю аднагалосна.

Земская група — усе дзевяць чалавек — дэманстратыўна пакінулі залю. Прадстаўнікі Аб'яднанай габрэйскай партыі, ЕСДРП «Поалей-Тион» і сацыялісты-рэвалюцыянеры пры галасаванні ўстрымаліся.

Абнечаканіў усіх Гутман:

- Мы пагаджаемся выказацца за незалежнасць, калі следам за гэтай рэзалюцыяй будзе прынята пастанова аб федэрацыі з Расіяй.

У адказ нехта рассмяяўся…

Пераможцы доўга не хацелі выходзіць з залі. Да Ядвігіна Ш., Варонкі і Езавітава падсеў узбуджаны Язэп Лёсік, пацёр чырвоныя ад бяссоннай начы вочы:

- Віншую, браткі… - і пачаў ціснуць ім рукі. — Гэта ж так важна! Канешне, мы слабыя, і паміж моцнымі Расіяй і Польшчай мусім выбіраць чыйсьці бок. І, калі выбіраць, то лепей польскі: Польшча сама перажыла нацыянальную няволю… Ды і паланізацыя нам не так моцна пагражае. Так што віншую…

Было шэсць гадзінаў раніцы. Зірнуўшы на першыя слабенькія водсветы ў вокнах, Варонка падрахаваў:

- Нарадзілася святло новай Беларусі!

Выключылі электрычныя лямпачкі, і Іван Луцкевіч дадаў:

- А старое святло згасла…


У дванаццаць гадзін пад старшынствам Варонкі адбылося новае паседжанне Рады, на якім па пунктах зацвярджалі тэкст Трэцяй устаўной граматы:


…Цяпер мы, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай незалежнасьці, якое гвалтам накінулі расейскія цары на наш вольны і незалежны край. Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнаю і вольнаю дзяржавай…

…Абвяшчаючы аб незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада яе пакладае свае надзеі на тое, што ўсе любячыя волю народы дапамогуць беларускаму народу ў поўнай меры зьдзейсьніць яго палітычна-дзяржаўныя ідэалы


Вясна ўбіралася ў сілу, а некаторыя, здавалася, не паспявалі гэтага заўважаць. Не выключэнне — і Кастусь Езавітаў. Ды і не дзіва: часу толькі-толькі хапала на кабінетна-службовыя клопаты — зраніцы, усемажлівыя перамовы — пасля абеду, выезды-інспектаванні — вечарам, газэты і складанне дакумэнтаў — ноччу. А тут яшчэ няспынныя палітычныя змены…


Пасля некалькіх «ператасовак» у Радзе — выхаду прадстаўнікоў земстваў і папаўнення «Народным прадстаўніцтвам» Скірмунта (пры гэтым Скірмунта змусілі адмовіцца ад свайго маёнтка) — ачольваць Раду пачаў Серада.

Варонка мусіў стрымліваць наступ Скірмунта, які заставаўся вядомым грамадскім і палітычным дзеячом. Старэйшыя беларусы яшчэ помнілі ягонага бацьку, Аляксандра, які — разам з Эдвардам Вайніловічам — на імперскіх абшарах адстойваў інтарэсы беларускіх землеўладальнікаў і быў ініцыятарам звароту менскай шляхты да Мікалая ІІ — з просьбай аднавіць забароненыя пасля паўстання 1863 года дваранскія сходы. Раман Скірмунт прадаўжаў бацькаву справу не толькі ў гаспадарцы. Восенню 1905 года ён прапанаваў аб'яднацца ў адну партыю шляхце беларуска-літоўскага паходжання, распрацаваў і партыйную праграму, якая прапаноўвала паступовае ўвядзенне палітычных свабодаў, роўнасць грамадзянаў перад законамі і магчымасць атрымліваць адукацыю на роднай мове, — пачатковая адукацыя мелася стаць бясплатнай; дабрабыт малазямельных і беззямельных сялян меркавалася палепшыць з дзяржаўнай дапамогі. Як сябра Менскага сельскагаспадарчага таварыства ён шматкроць прапаноўваў шукаць паразумення з сялянамі. Калі ж Раман Скірмунт стаў дэпутатам Думы, яго абралі сябрам аграрнай камісіі. З 1906 года на Скірмунта накінуліся з абвінавачваннямі польскія эндэкі.

«Раман Скірмунт не ўважае сябе за паляка, — абураўся іхні кіраўнік на старонках «Дзённіка Літоўскага». — У гутарцы са мною ён заявіў, што ён беларус, які адно ўзгадаваны ў польскай культуры…»

Скірмунт актыўна абараняўся, параўноўваючы польскіх эндэкаў з «истинно русскими патриотами». Да палітыкі далучалася і звычайная зайздрасць: у верасні 1906 года віленскі біскуп Роп падчас візітацыі касцёлаў Горадзенскай губерні, парушыўшы праграму, заехаў у пінскі маёнтак Скірмунта Парэчча і гасцяваў там. Піншчына на той час славілася сваімі балотамі. Продкамі пінчукоў лічылі старадаўніх драўлян, і на пачатку XX стагоддзя яны мала чым адрозніваліся ад сваіх папярэднікаў часоў Уладзіміра — калі тыя плацілі падаткі венікамі… Адрозніваліся яны і сваёй гаворкай. Раман Скірмунт напіша граматыку «пінскай гаворкі»…

У Скірмунта было шмат нядобразычліўцаў — найперш зайздроснікаў, таму Скірмунт і не патрапіў у другую Думу і не быў абраны віцэ-старшынёй Менскага сельскагаспадарчага таварыства. А праз некалькі гадоў крэўнае пачуццё «тутэйшасці» перарасло ў Рамана Скірмунта ў нацыянальнае, што адным з першых адзначыў яшчэ Максім Багдановіч — яшчэ ў 1917-м.

Калі менскі адзьдзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, які аб'ядноўваў некалькі дзесяткаў беларускіх інтэлігентаў, службоўцаў, духоўных асоб (сярод іх былі і пісьменнікі Ядвігін Ш., Андрэй Зязюля, Змітрок Бядуля, а таксама і Максім Багдановіч), ператварыўся ў асветніцкую і культурніцкую арганізацыю, яе старшынёй — з прапановы Багдановіча — абралі Скірмунта. Пасля лютаўскай рэвалюцыі адзьдзел абвясціў сябе нацыянальным камітэтам. Аляксюк увайшоў у Выканкам грамадскай бяспекі Менска — неафіцыйны орган «агульнарасійскага» Часовага ўрада. Правялі мітынгі ў Менску і Бабруйску — з прамовамі па-беларуску, а ў сакавіку 1917-га арганізавалі з'езд беларускіх нацыянальных арганізацыяў, які і сфармаваў Беларускі Нацыянальны Камітэт (як юрысты ў яго ўвайшлі Шантыр і Аляксюк). Старшынёй зноў абралі Скірмунта, які ачольліў дэлегацыю да Часовага ўрада ў Піцер… І каб не рэвалюцыя кастрычніцкая, каб не войны — хто ведае, як усё сталася б і што місія тая прынесла б… А можа, і паўстала б яшчэ тады незалежная Беларусь — паперадзе і Польшчы, і Украіны?..


Пасля паседжання Рады БНР пачалі драбіцца партыі: з Грамады адкалолася група Тамаша Грыба і стварыла Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў; «неэсэры» Варонка разам з Езавітавым заснавалі партыю сацыялістаў-федэралістаў — пасля спатычкі Скірмунта з Варонкам з-за прэм'ерства. Некалькі дзён Скірмунт усё ж пабыў старшынёй Народнага сакратарыята, але Варонка ягонаму кабінету перадаць справы адмовіўся. Пасля «дваяўрадства» Сакратарыят і ўзначаліў «кампрамісны» Іван Серада. Штаб-кватэра Рады і Народнага сакратарыята тады і была перанесена ў Юбілейны дом на Захараўскай вуліцы — прыгожы трохпавярховы палац з вытанчанымі купалкамі-вежкамі, а дом быў пераназваны Беларускім…


У Кіеў да нямецкага амбасадара (Германія прызнала незалежнасць Украіны) накіравалі пасланцоў Рады — з просьбаю прызнаць незалежнасць і Беларускай Народнай Рэспублікі, дапамагчы ў стварэнні беларускага войска для ўсталявання ўлады на тэрыторыі і савецкай часткі Беларусі. Беларуская місія вярнулася без жаданага выніку. Паслалі ў Берлін тры граматы рэйхсканцлеру. У Народны сакратарыят прыйшоў адказ: Берлін разглядае Беларусь часткай савецкай Расіі і па Берасцейскай дамове вырашыць пытанне аб незалежнасці краю без удзелу ўрада Леніна не можа…

Езавітаў пачаў заўважаць, што прадстаўнікі нямецкага вайсковага камандавання больш лаяльна ставіліся да Менскага беларускага народнага прадстаўніцтва, якое — па-сутнасці — з'яўлялася партыяй Скірмунта. Сакратаром Прадстаўніцтва быў Аляксюк, а сябрамі — мяшчане Менска. Кватэра Прадстаўніцтва (з зіхоткай шыльдаю на дзвярах па-беларуску і па-нямецку) месцілася на Серпухаўскай вуліцы — неўздалёк ад Беларускага дома, і часта можна было бачыць нямецкіх вайскоўцаў, што заходзілі ці выходзілі з Прастаўніцтва Скірмунта.

Да «партыі Скірмунта» далучыліся Аляксандр Уласаў, ксёндз Гадлеўскі, а таксама былы царскі «генерал-ад-інфантэрыі» Кандратовіч, былы сябра Беларускай вайсковай рады, выключаны з яе за «буржуазнасць».

І тады Езавітаў вырашыў дзейнічаць праз камандаванне нямецкай арміі. Наказаў быў раней Варонку (той ведаў нямецкую мову) дамагчыся прыйма генералам Фалькэнгаўэнам, каб абгаварыць арганізацыю тэрытарыяльнай улады, — і яшчэ 27 сакавіка выйшла дэкларацыя, якой прызнаваліся ўсе краёвыя беларускія структуры ўлады.

А назаўтра нечакана прыбег нямецкі пасыльны:

- Кто ест Вор'онко?

- Я, — наструніўся старшыня.

- Зовьёт вас к себья гер генерал…

Праз гадзіну зніякавелы Варонка вярнуўся ад Фалькэнгаўэна.

- Што здарылася? — устурбаваўся Езавітаў.

- Я ніколі не бачыў, як генералы кіпяць ад злосці… - Варонка адкрыў фортку, сеў каля вакна, закурыў. Адбітак стомленасці ляжаў на ягоным твары - заўсёды сур'ёзным. За апошнія тыдні Варонка заўважна схуднеў, пад вачыма вымалёўваліся цёмныя яміны. Здалося, нават пабольшалі-натапырыліся вушы, а свабодна пашыты пінжак стаў як завялікім. — Пад Барысавам на нямецкі атрад напалі ўзброеныя сяляне. Яшчэ адзін стрэл «бандытаў», — заявіў Фалькэнгаўэн, — і ўсе мясцовыя беларускія рады будуць распушчаны…

- То што, у нас з'явіліся партызаны? — адно здзівіўся Езавітаў.

- Не верыць генералу няма прычыны.

Почут пра беларускіх сялян-паўстанцаў хутка пайшоў па Народным сакратарыяце. Вечарам да Езавітава завітаў Аляксюк:

- Ведаеш, гэтыя партызаны могуць усё сапсаваць… Тэрмінова да іх трэба адкамандзіраваць каго-небудзь з нашых людзей, каб супакоіць і патлумачыць сітуацыю.

- А ці не правільней і надалей арганізоўваць іх? Чым не народнае войска? — Езавітаў уважліва ўгледзеўся ў Алексюка.

- Ды ты што?! Жартуеш? — той шчыра здзівіўся. — Немцы ж жартаваць не будуць! Барысаўскіх сялян трэба супакоіць, і гэта не толькі мая думка…

- Што ж… — Езавітаў задумаўся. — Заўтра ад Вайсковай рады вышлем туды свайго інструктара…

Развіталіся. Езавітаў паклікаў да сябе Васіля Муху.

- Гэта ты казаў, што заседзеўся ўжо ў кіслым горадзе?

- Я. А што?

Езавітаў падрабязна расказаў Муху пра барысаўскіх сялян-паўстанцаў.

- Ну, брат, малайцы! — не ўтрымаўся той.

- Канешне ж малайцы! Толькі партызанам нашым дапамога патрэбна… Я й вырашыў прасіць цябе дабрацца да іх. Вось толькі лясы — гэта не Балтыка… — усміхнуўся. — Але каб ты там зрабіў тое ж, што й на сваім крэйсеры.

- З'арганізаваць сялян?

- Так.

- Калі можна ісці?

- Ды хоць зараз! — Езавітаў дастаў з шуфляды аркуш цвёрдай паперы, абмакнуў пёрка — і акуратна вывеў:


Даведка

Муху Васілю Аляксандравічу, інструктару Беларускай вайсковай рады, дадзена ў Менску 28 сакавіка 1918 года. Усім павятовым і валасным уладам просьба спрьяць у ягонай дзейнасьці.

Народны сакратар вайсковых спраў БНР

Кастусь Езавітаў.


Прыціснуў да подпіса пячатку, перачытаў — і перадаў Муху:

- Вучыць цябе не трэба. Адно глядзі — асцярожна там… — і моцна паціснуў руку.


20 красавіка быў апублікаваны «Часовы наказ мясцовым беларускім радам», які вызначаў правілы выбараў у вёсках, валасцях, гарадах, раёнах і губернях дзяржаўных органаў БНР і перадачы ім ад нямецкіх акупацыйных адміністрацыяў некаторых паўнамоцтваў. Рада дамаглася пэўнай самастойнасці ў пытаннях гандлю, прамысловасці і адукацыі.

Па просьбе «Народнага прадстаўніцтва» 25 красавіка Рада зноў сабралася на закрытае паседжанне.

- Спадары, у мяне — дэкларацыя другога з'езда Саветаў заходняй вобласці «К белорусским рабочим и крестьянам», — Скірмунт спрабаваў гаварыць па-беларуску, і гэта ў яго атрымлівалася, адно выдаваў «паляшуцкі» акцэнт. — Хтосьці ў Смаленску з падкідкі маскоўскіх бальшавікоў, якія нядаўна кінулі гэтых рабочых і сялян, бярэцца вучыць, лье бруд… Я вам зачытаю…


«Второй съезд Советов Западной области… — Скірмунт кашлянуў. - …заявляет всему миру, что белорусские пролетарии не отделяют себя от Великой федеративной Советской Социалистической Республики…»


- Нічога сабе! А хто ж у Бярэсці палову Беларусі «аддзяліў»?! — не стрымаўся Лёсік і зморшчыў свой высокі лоб. — Так дагаварыцца! І хутка ж яны забылі менскіх чыгуначнікаў! Ці яны не беларускія пралетарыі?


«Съезд клеймит, — чытаў далей Скірмунт, — своим презрением позорные замыслы и действия буржуазных наймитов, членов белорусской Рады и заявляет, что белорусская Рада представляет собой группу самозванцев, а не народных представителей…»


- Гэта ж яны як пра саміх сябе… — нечакана ўсміхнуўся Варонка.


«…враги советской социалистической власти соединились вместе с ненавистными для рабочих и крестьян предателями революции — меньшевиками и правыми эсерами — для закабаления белорусских тружеников…»


- Вось так! — Скірмунт паклаў тэкст дэкларацыі на стол. — Нібыта й не выдавалася другая Устаўная грамата аб тым, што ў рубяжах БНР касуецца права прыватнае ўласнасці на зямлю — я ад свайго маёнтка адмовіўся! — і перадаецца без выкупу тым, хто на ёй працуе, і найбольшы васьмігадзінны рабочы дзень… То я да чаго ўсё гэта… Нам трэба больш рашуча гнуць сваё. І вучыцца ў сваіх сяброў-суседзяў. Бачыце, як яны да кайзера паставіліся? І калі ласка — і Украіну, і Польшчу, і Літву прызналі незалежнымі! А нам, каб у вобласць не ператварыцца, патрэбна войска… — Скірмунт памаўчаў, зрабіў тактычную пярэрву — і скончыў: — Словам, улічваючы сённяшнюю абстаноўку, мы прапануем звярнуцца па падтрымку да кайзера Вільгельма… Найперш паслаць яму тэлеграму.

З прапановай згадзіліся не ўсе. За пасылку тэлеграмы напрыканцы паседжання выказаліся трыццаць пяць сябраў Рады. Яе тэкст падпісалі старшыня Рады Іван Серада, старшыня Народнага сакратарыята Язэп Варонка, сябры Рады Раман Скірмунт, Павел Аляксюк, Пётра Крэчэўскі, Антон Аўсянік і Язэп Лёсік.

- Ад хворага расейскага цела трэба трымацца як мага далей, — сказаў Лёсік, падпісваючыся.

Чацвёра падалі галасы супраць такога кроку і чацвёра ўстрымаліся. Сярод апошніх быў і Кастусь Езавітаў.

Нечакана з месца ўскочыў Тамаш Грыб:

- Як удзельнік Вялікай расійскай рэвалюцыі я, народны сакратар земляробства… — ён моцна хваляваўся, — выступаю супраць такой тэлеграмы нямецкаму манарху ад імя ўсяго беларускага народа і лічу здрадай рэвалюцыйнаму сацыялізму ўваходжанне ў саюз з манархам… і аддаваць у апеку імперыялістычнай буржуазіі Нямеччыны наш шматмільённы працоўны сялянскі народ… Я выходжу са складу Народнага сакратарыята!

Праз некаторы час склаў свае паўнамоцтвы і Народны сакратарыят. Акупацыйныя ўлады хацелі бачыць ягоным кіраўніком Рамана Скірмунта, а той — на паседжанні Сакратарыята 9 траўня — выказаўся аб тым, што будзе працаваць у цесным звязку з немцамі і заявіў пра адмову ад аграрнай праграмы, сцверджанай Першай Устаўной граматай. Праз месяц пастановай Скірмунта на Беларусі былі скасаваны ўсе дэкрэты Леніна і да прыняцця законаў БНР дзяржаўныя ўстановы мусілі прытрымлівацца законаў «часовага былога Расійскай рэспублікі ўрада Керанскага».

Скірмунт ачоліў Народны сакратарыят, а ўжо разыходзіліся чуткі, што патрэбен новы старшыня…

Езавітаў ужо не памятаў, хто першым прапанаваў ім сфатаграфавацца… Насупраць дома Ядвігіна Ш. працавала «Майстэрня Гольдцана»…

- Ша, што ж мы будзем тут ціснуцца? — фатограф вывеў усіх у травеньскі зялёны дворык.

Ён і расставіў усіх ранжырна: злева і справа — Аркадзь Смоліч (народны сакратар асветы) і Лявон Заяц (загадчык справамі), крыху меншыя Пятро Крэчэўскі (народны сакратар кантролю) і Антон Аўсянік (сябра народнага сакратарыята), паміж імі — ён, «самы багаты ростам» таварыш старшыні і народны сакратар вайсковых спраў Кастусь Езавітаў. Алесь Бурбіс (консул БНР у Маскве), Іван Серада (народны сакратар гаспадаркі), Язэп Варонка (старшыня Сакратарыята і народны сакратар міжнародных справаў), Васіль Захарка (дзяржаўны казначэй) сядзелі. Езавітаў, Серада і Заяц — у вайсковай форме. Над галовамі — шата маладой вішні, каля ног — дыван з маладых рамонкаў…

- Чакайце, яшчэ раз здыму — такія ж важныя людзі… - фатограф пераставіў апарат, пацмокаўшы, зірнуў на сонца (ці правільна «кладзецца» на ягоных «кліентаў») і схаваў галаву пад шэрай выцвілай тканінай… На тыя «важныя людзі» Езавітаў і Крэчэўскі (стаялі побач) не маглі не ўсміхнуцца — іхнія ўсмешкі і засталіся ўвекавечанымі на фотакартках, якіх кожнаму Гольдцан зрабіў па тры — тры фотавыявы першага ўрада БНР.

А ў складзе новага Народнага сакратарыята «фотаранжыра» не было. Складваецца новае пісьмо нямецкаму кайзеру з яшчэ адной просьбай афіцыйна прызнаць незалежнасць Беларусі і даць магчымасць беларускаму ўраду «выконваць свае функцыі дзяржаўнага будаўніцтва і кіравання». У той жа дзень накіравалі пісьмо і прэзідэнту Паўночна-Амерыканскіх Штатаў, нейтральным і ваюючым краінам — з заклікам «выратаваць безабаронную Беларусь ад разгрому і яшчэ да адыходу нямецкага войска забяспечыць краіне знешнюю недатыкальнасць і ўнутраную бяспеку перадачай у рукі Рады ўсёй паўнаты грамадзянскай улады ў краі».

Скірмунт ад'ехаў у Берлін, Сакратарыят узначаліў Серада…


Госць з Вільні

Калі травеньскім адвячоркам Езавітаў прыйшоў да Ядвігіна Ш., у тога за сталом сядзеў госць.

- Кастусь, знаёмся! — заўважыў, што гаспадар рады госцю. — Наш пашанотны драматург Францішак Аляхновіч. Яшчэ з Буйніцкім у 1910-м спектакаль ставіў!

Парукаўся, агледзеў госця. Высокі лоб з ледзь улоўнымі яшчэ залысінамі, прамы «дужы» нос, змуленыя вусны… У тое першае знаёмства Езавітаў параўнаў Францішка Аляхновіча з… добрым ваўком.

- А ён жа не з пустымі рукамі да нас ішоў з Вільні, - не супыняўся Ядвігін Ш., штурхнуў у плячук госця. — Падпішы і Кастусю, ён у нас таксама заядлы кніжнік.

Аляхновіч усміхнуўся, дастаў з прыстаўленага да стала чамаданіка тоненькую брашуру, надпісаў, падаў Езавітаву і патлумачыў:

- Інсцэніроўку я зрабіў, толькі ж гэта яшчэ паўсправы — без пастаноўкі Няміра гэты — не жывы…

Езавітаў прачытаў загаловак: «Бутрым Няміра: Інсцэніраваная легенда В. Ластоўскага «Каменная труна». Вільня, 1918» і падзівіўся:

- Дык вы і насамрэч з Вільні?

- З яе.

- А як дабраліся да нас? Цягніком?

- Нагамі. Па вёсках, праз фронт. Праўда, і язык дапамагаў…

- Ты не глядзі… Гэта я яго тут выхранціў. Ён жа босым, у зрэб'і быў… Восем дзён, казаў, клэпаў, - весялеў Ядвігін Ш., - У яго ў Менску маці жыве, на Даўгабродскай, каля Вайсковых могілак — то ж не ісці было такім да маці…

Удвох і правялі Аляхновіча на Даўгабродскую, і назад сунуліся.

- Ну то што тамака ў свеце чутно? — так Ядвігін Ш. заўсёды пытаў пра клопаты Сакратарыята і Рады.

- Вось вы ўчора перад хатай палівалі кветкі… - пачаў нечакана Езавітаў. — Але да таго дождж быў…

- Дык ён жа адно пыл прыбіў, а да каранёў не дастаў.

- Вось і мне падаецца, што не заўсёды і мы дастаём да каранёў… Народу ж яшчэ не раскатурхалі, толькі пыл прыбіваем.

- Во як крутнуў!

- Нашыя ідэі нацыянальнага адраджэння трэ б было глыбей у народныя масы несці. Толькі тады й кветкі цвілі б…


З ініцыятывы Кастуся Езавітава было створана Беларускае культурна-асветніцкае таварыства «Бацькаўшчына» (яго статут зацвердзілі 17 жніўня 1918 года). Таварыства пачало фінансаваць драматургічную трупу Аляхновіча, якая вечарамі ладзіла свае пастаноўкі ў «Беларускай Хатцы». Езавітаў стаў «другім урадавым дырэктарам» Беларускага тэатра і інспектарам Першых настаўніцкіх курсаў — на якія запісаў усіх маладых стральцоў беларускага палка (які так і не дамогся легалізацыі).

«Навука ў нашым войску ніколі не перашкодзіць», — адказаў на здзіўленыя погляды некаторых.

Настаўнікамі станавіліся і палітыкі: Язэп Варонка чытаў лекцыі па гісторыі Беларусі, Аркадзь Смоліч — па геаграфіі, Тамаш Грыб — па беларускай мове і літаратуры.

У Менск вярнуўся і Менскі настаўніцкі інстытут. Перад гэтым Усевалад Ігнатоўскі, якога абралі старшынёй савета інстытута, у красавіку з'ездзіў у Маскву ў Цэнтральны камісарыят народнай асветы — пахадайнічаць пра зварот сваёй навучальнай установы на Беларусь і яго фінансаванне, — студэнты ледзь не галадалі. У крэдытах Ігнатоўскаму адмовілі, як і з дазволам на пераезд на Радзіму, адно прапанавалі перабрацца бліжэй да Масквы. Настаўніцкі савет інстытута накіраваў Ігнатоўскага да нямецкіх уладаў. І нечакана камандуючы 10-й нямецкай арміі даў дазвол на рээвакуацыю. 19 верасня цягнік з настаўнікамі, студэнтамі і небагатай інстытуцкай маёмасцю спыніўся ў Менску. Пра размяшчэнне і фінансаванне Менскага настаўніцкага інстытута таксама клапаціўся і Езавітаў. Нямецкія ўлады пачалі плаціць заробак інстытуцкім выкладчыкам, а студэнтам дапамагалі харчам. Аднойчы Стась Новік, памочнік Езавітава, прывёз у студэнцкі інтэрнат шэсцьдзесят пар чаравікаў, таксама атрыманых ад немцаў…

З нечаканай для брата ахвотай распачынаў у інстытуце вучобу і Апанас Новік…


Рада народных міністраў: Менск - Вільня

Рада і Народны сакратарыят пад старшынствам Серады пачыналі перамовы з украінскім урадам гетмана Скарападскага. Варонка і Езавітаў спрабавалі пярэчыць:

- Гетман — рускі белагвардзеец, яго не падтрымліваюць украінскія нацыянальныя колы. І калі ўжо шукаць пагаднення — дык найперш з імі…

- Давайце мацаваць сувязі з Дырэкторыяй Віннічэнкі…

Але да іхніх пярэчанняў не прыслухаліся. Дэлегацыю ў Кіеў узначаліў Антон Аўсянік. За тыдзень пасля ад'езду адбыліся аграмадныя змены: калі беларуская дэлегацыя ішла на прыймо да Скарападскага, ужо было вядома пра адстаўку кайзера Вільгельма і рэвалюцыю ў Нямеччыне. Украінскі гетман быў гэтым настолькі абнечаканены, што — спанталычаны — зблытаў беларускіх пасланцоў з нейкімі памешчыкамі з… Бесарабіі. Вось і давялося узгадаць словы Варонкі і Езавітава — і шукаць паразумення з Віннічэнкам. Праўда, Антон Луцкевіч «перастараўся» — заручыўся падтрымкай і кіраўніка савецкай дэлегацыі ў Кіеве Хрысціяна Ракоўскага…

8 кастрычніка Народны сакратарыят пачаў менавацца Радай народных міністраў. Антон Луцкевіч стаў адначасна і прэм'ер-міністрам, і міністрам замежных спраў. Аркадзя Смоліча абралі міністрам земляробства, Аляксандра Цвікевіча — міністрам юстыцыі, Вацлава Іваноўскага, доктара навук — яшчэ ў 1908 годзе ў Мюнхене абараніў доктарскую дысертацыю па хіміі, - міністрам прасветы, Тамаша Грыба — міністрам унутраных спраў. Васіль Захарка застаўся галоўным фінансістам. Язэп Варонка стаў міністрам па справах нацыянальнасцяў. Яму, Кастусю Езавітаву, месца ў новым кабінеце не знайшлося, — ваеннымі справамі пачаў кіраваць палкоўнік Яўгеній Ладноў.

Параіўшыся са Скірмунтам, сябра Рады генерал Кандратовіч меў гутарку з нямецкім генералам Фалькэнгайнам:

- У самы кароткі тэрмін можна стварыць баявое ядро з дваццаці тысячаў чалавек, а затым папаўняць яго. Віленскія банкіры і памешчыкі гатовы выдаткаваць на барацьбу з бальшавікамі грошы. Ці не зможаце вы падтрымаць будучую групоўку зброяй?

Ды нямецкі генерал нібыта й не зразумеў сказанага. У ягоных вачах ужо не заўважалася былых бадзёрых агеньчыкаў:

- Калі ў полі зроку нашых войскаў, - выціснуў стомлена, — з'явяцца якія б не былі ўзброеныя сілы — ведайце, мы нацэлім на іх свае кулямёты. А вось ахвотнікам выехаць за граніцу, каб там выступаць супраць бальшавікоў, я прапускі магу выпісаць…

3 снежня частка Рады і ўрад БНР накіраваліся ў Вільню…


«Зялёнаатрадаўцы» Лукаша Сяменіка

Толькі абышоўшы некалькі валасцей Барысаўшчыны, Васіль Муха зразумеў складанасць сваёй задачы — ніхто не ведаў, дзе сустрэцца з «зялёнымі» (так сяляне называлі партызан). І вось на нейкім закінутым хутары гаспадар — сухі маршчыністы дзед з густой шчэццю сівых валасоў на барадзе — пусціў яго пераначаваць і за сталом, абіраючы звараную бульбіну, стуліўшы бровы, падазрона запытаў:

- А сам хто, чалавеча, будзеш?

- Пры цары служыў матросам, — проста пачаў Муха.

- Гэта на карабелях плаваў?

- Плаваў. А вось зараз разам з іншымі вайскоўцамі вырашыў сваю армію стварыць, беларускую.

- А нашы «зялёныя» табе навошта?

- То ж як? Каб разам згуртавацца і ворагаў сваіх пагнаць.

- Ну а чым жа ты ганяць збіраесса?

Муха зірнуў у хітраватыя дзедавы вочы, усміхнуўся:

- У Менску збіраецца полк, кавалерыя ёсць, гарматы… — Але бачыў, што дзед не змяніўся ў твары, і тады толькі знайшоўся: — Ну а я асабіста пакуль маю з сабой вось гэта… — дастаў з кішэні курціка рэвальвер і паклаў каля чыгунка з бульбай. І гэта ўрэшце падзейнічала на дзеда:

- Вось гэта я разумею! — зашамкаў бяззуба. — Ты, чалавеча, ідзі нараніцы ў Траянаўку, там і запытай, як сустрэцца з Лукашам Сяменікам. Скажы, што Ўлас з Крывога хутара паслаў.

Праз дзень Васіль Муха быў у атрадзе «зялёных»…

На той час погалас пра паўстанцкі аддзел Лукаша Сяменіка разышоўся па суседніх Менскай, Магілёўскай і Віцебскай губернях (па абмылцы некаторыя называлі камандзіра «зялёных» Семенюком).

«Пайду да Семенюка!» — вырашалі некаторыя пакрыўджаныя нямецкімі салдатамі мужыкі.

 А партызаны баяліся правакатараў — таму й мусілі прыхоўвацца.

У Траянаўцы Халопеніцкай воласці жыў бацька Лукаша — стары Сяменік, сярэдні гаспадар на шасці дзесяцінах зямлі. Калі воласць занялі немцы і пачалі чыніць здзек з мясцовага люду, траянаўцы ўзбунтаваліся, забілі двух салдат, — што на кані прыехалі ў вёску па харч і шомпалам зрэзалі Сяменікавых суседзяў, - і збеглі ў лес. Тайком па ўсёй воласці для іх пачалі збіраць зброю…

Генерал Фалькэнгайн як у ваду глядзеў: на пачатку жніўня ягонаму войску давялося «паварочваць кулямёты». Партызанскі аддзел «зялёных» — амаль паўтары сотні паўстанцаў — пад кіраўніцтвам Лукаша Сяменіка на невялікай плошчы ад вёскі Сянно да вёскі Пупелічы ў Лісічынскай, Халопеніцкай і Зачысценскай валасцях пачалі атакаваць нямецкую частку - і адсунулі яе на шэсць кіламетраў, «параўняўшы» мяжу паміж нямецкім і бальшавіцкім фронтам (названыя воласці выступалі на ім клінам).

Вечарам адбілі першую варожую контратаку, і поспех акрыліў паўстанцаў. Раніцай немцы пайшлі ў наступ зноў.

Зладжана сакаталі на флангах два трафейныя кулямёты, прыцэльна гохкалі са старога акопа вінтоўкі — як раптам зямлю ўскаланулі два выбухі, за імі яшчэ, яшчэ… Калі ўсё аціхла й асеў пыл — зноў на полі, але ўжо нашмат бліжэй, паўсталі шэрыя постаці ў шынялях. Адзываўся ўжо адзін правы кулямёт.

- Васіль! — крыкнуў Сяменік Муху. — Агледзь, што там з кулямётам! — ведаў, што Васіль — ці не адзін з атрада — умее гэтыя жалязакі давесці да ладу.

Муха памкнуўся было на левы фланг, як ззаду нечакана затраскатала… Вызірнуў з акопа — з паўкіламетра ад іх па свежым іржышчы сунуліся два панцырнікі (у страляніне гуку матораў не было чуваць — адно колкую траскатню іхніх кулямётаў).

- Лукаш! Могуць акружыць! — а Лукаш, сціскаючы акрываўлены плячук, крывіўся ад болю…

- То ж бальшавікі панцырнікі на нас з задоў пусцілі! — закрычаў хтось зблізу.

Муха агледзеўся: справа, там, дзе не сціхаў іхні кулямёт, падціскаў поле невялікі лапік кустоўя, за ім — метраў праз сто — пачыналася выратавальная стужка лесу…

- Хлопцы! Адыходзьма ў лес! — і Муха дапамог узняцца Сяменіку — і разам з ім, прыгінаючыся, дабеглі да канца траншэі. Напярэсткі кінуліся немцы, але па іх залескатаў кулямёт — селянін Мікіта з Лукашавай Траяноўкі прыкрываў адыход атрада.

Толькі схаваліся — кулямёт заціх.

- Можа, Мікіта паўзе да нас? — Васіль вызірнуў з кустоўя — і акамянеў: на месцы, дзе стаяў іх кулямёт, вуркатаў панцырнік…

Хто ацалеў — падаліся ўглыб кустоўя. Перад Васілём хітнулася шэрая сцень, і ён стрэліў у яе. Немец, не выпускаючы з рук вінтоўкі, паваліўся ў траву. Следам за ім забегчы ў кустоўе ніхто не рызыкаваў. Васіль падпоўз да немца — той быў яшчэ жывы; хрыпла ўздрыгвалі акрываўленыя грудзі, ашклянелыя зрэнкі сполашна азіралі партызана.

Каля леса, куды адыходзілі рэшткі атрада, затраскатаў другі панцырнік.

- Такі паспеў… - выціснуў Васіль, схіліўся да параненага і адшпіліў ад ягонай дзягі доўгую шэрую гранату.

- Ніхт… Ніхт… — сцяўся немец.

- Ды не дрыгайся… Жыві. — Васіль усунуў у кішэні гранату і свой рэвальвер, схапіў немцаву вінтоўку — і пабег за таварышамі.

Ад узлеску па непакрытым кустоўем лапіку іржышча павольна сунуўся панцырнік. З башні, як дзюба, вытыркала руля кулямёта — і траскацела па кустоўі, па полі, дзе ўжо забітымі ляжалі чацвёра паўстанцаў.

Муха аддаў вінтоўку хлопцу-партызану, які трымаўся побач Сяменіка, па-заліхвацку падміргнуў абодвум — і, прыгінаючыся, што было сілы гізануў па іржышчы. Некалькі секунд яго не заўважалі, а затым стальная башня рэзка павярнулася, і каля самых ног Васіля пырснулі кулі. Ён упаў, колькі разоў крутнуўся й сцішыўся. Перастаў траскацець і панцырнік. Васіль, да болю прыкусіўшы губу, уціскаючыся ў пляснівае ад расы іржышча, колячы-абдзіраючы твар, папоўз далей — жоўтая галава гублялася ў жытніх цырбунах. Набягалі блізка хвалі свінцовых восваў, - ён сцішваўся, зноў поўз некалькі метраў…

Замлела нага, цёплым і ліпкім пачаў запаўняцца бот. Павольна выцягнуў з кішэні гранату, скамянеў. Кулямётная дзюба намагалася ўжо зачапіць каго-небудзь у кустоўі — у панцэрніку, пэўна, ужо думалі, што нейкага вар'ята з жоўтай галавой няма на гэтым свеце… Як раптам тая галава адарвалася ад іржышча, і не паспела башня зноў павярнуцца, як пад ёй ляснуў выбух — і чарапаха-панцэрнік стаў.

Васіль бадзёра свіснуў таварышам і, накульгваючы, пачыкільдаў да ўзлеску. За ім сыпанулі яшчэ некалькі дзесяткаў ацалелых «сяменікаўцаў»…

Немцы, зганяючы злосць, вечарам спалілі дзве вёскі ў Халопеніцкай і Зачысценскай валасцях — Слабодку і Пупелічы — і расстралялі некалькі падазроных «бандытаў»… [22]

* * *

Езавітаў не паехаў у Вільню ў тым «эмігранцкім» цягніку. У горадзе заставаўся звяз маладых беларускіх стральцоў Стася Новіка і змешаная рота, сабраная яшчэ Васілём Мухам. Іх вельмі цяжка было адгаварыць ад выступу супраць бальшавікоў. Урэшце, падпарадкаваўшыся ягонаму загаду, па заснежанай дарозе пехам дабіраліся да Воршы — далей ад смерці: 10 снежня Менск занялі часткі Чырвонай арміі. У Воршы яшчэ суткі чакалі цягніка на Вільню…

Помняцца апошнія хвіліны перад ад'ездам. Рэшткі колішняга беларускага палка вышыхціліся перад трыма таварнымі вагонамі. Ён бачыў расчуленыя пачырванелыя ад холаду твары, лавіў зніякавелыя позіркі маладзейшых — і не мог не падтрымаць:

— Сябры! Няхай не бянтэжыць вас гэты змушаны адыход. Тое, што мы з вамі апынуліся ў гэтым старажытным горадзе — сімвалічна. Болей чатырохсот гадоў таму тут каля рэчкі Крапіўна слаўны сын нашага народа гетман Вялікага княства Літоўскага Канстанцін Астрожскі са сваім войскам перамог утрая большае маскоўскае і ўратаваў краіну ад панавання чужынцаў. То будзьма і мы годнымі сваіх мужных прашчураў! Верце, прыйдзе часіна і нашых перамог!

Пра свайго славутага цёзку Астрожскага Езавітаў упершыню дачуўся ад Вацлава Ластоўскага. Доўга распытваў пра яго таксама Усевалада Ігнатоўскага — і на сёння ведаў, здавалася, усё, што толькі дайшло да іхняга стагоддзя: у 37 гадоў Астрожскі ўжо меў чын найвышэйшага гетмана Вялікага княства Літоўскага, ён шэсцьдзесят тры разы святкаваў перамогі ў бітвах з крымскімі татарамі і маскоўцамі, яго ведалі па ўсёй Еўропе — называлі Ромулам і другім Ганібалам, а ягонай перамозе пад Воршай прысвяцілі спецыяльны «лісток навінаў», які выдалі ў Нюрнбергу…

А яшчэ ўзорам мужнасці і адданасці Бацькаўшчыне Езавітаў часта называў знакамітага беларускага патрыёта і культурнага дзеяча ХVІ стагоддзя гетмана Рыгора Хадкевіча. У сваім маёнтку Заблудаве пад Беластокам ён заклаў беларускую друкарню, дзе Пятро Мсціславец коштам гетмана друкаваў беларускія царкоўныя кнігі — «Евангелле Учыцельнае» (1568 - 1569) і «Псалтыр» з «Часаслоўцам» (1570). Гетман Хадкевіч быў і вядомым вайскаводцам: у 1578 годзе ён, камандуючы беларускім-літоўскім войскам, заваяваў Дынабург — цяпер ягоны, Езавітава, родны горад Дзвінск.

Езавітаў адчуваў, як да маладых стральцоў пачала падкрадвацца горыч расстання, і раптам узгадаў сваё сталенне, свой Дзвінск, свае першыя ростані…

Напачатку — шасціклясная Дзвінская вучэльня, ейны гурток, які выдаваў рукапісныя часопісы «Пуга» на беларускай мове і «Бич» — на рускай. І штодзённа — кнігі, у якіх найбольш захаплялі апісанні далёкіх падарожжаў… А яшчэ любіў маляваць, збіраць рэпрадукцыі карцін, — асабліва ўражвалі работы акадэміка Багданава-Бельскага «На парозе школы» і «У хворага настаўніка». А затым спрэчка з бацькам, які хацеў бачыць свайго сына афіцэрам, экзамены на тытул настаўніка пачатковых школ, праца — з 1911 года — у Ліксьненскай школцы Дзвінскага павета, беларуска-латгальскае насельніцтва якога знаходзілася пад моцным уплывам польскага памешчыка Плятэр-Зіберга і польскіх шавіністычных ксяндзоў. І ён смела «ішоў у народ»… А да ўсяго — музыка. У школе стаяла фартэпьяна, была добрая скрыпка. І так — два гады. А потым — новая вучоба ў Віцебскім настаўніцкім інстытуце і датэрміновыя экзамены восенню 1915-га. А ў лютым 1916 года ўжо быў залічаны юнкерам у Паўлаўскае вайсковае вучылішча ў Піцеры.

А як жа інакш? Гэта была справа гонару: бацька на фронце, тры малодшыя браты — у Полацкім кадэцкім корпусе. А ён? Ён ужо ў першыя дні вайны падаваў прашэнне аб дазволе пайсці на фронт добраахвотнікам, але інстытуцкае кіраўніцтва дазволу не дало: Езавітаў быў стыпендыянтам, і пры сыходзе з інстытута мусіў бы адразу сплаціць усю атрыманую дагэтуль суму.

Напісаў бацьку, а той адказаў, што вельмі рады бачыць сына студэнтам…

«Для бацькаўшчыны, — пісаў, - дастаткова і маіх двух раненняў і моцнай кантузіі».

Хоць сам вяртаўся на фронт і, прадчуваючы горшае, усе абавязкі па сям'і ўскладваў на старэйшага Кастуся. А разам з тым лістом бацька паслаў пісьмо кіраўніцтву інстытута з просьбай «прытрымаць» ягонага сына… Таму Кастусь і мусіў шукаць кампраміса — прасіць аб здачы экзаменаў экстэрнам.

За паўгода ён скончыў паскораны курс вайсковай вучэльні. Жыццё ў вайсковым асяроддзі і бацькава служба далі шмат навыкаў, пра якія і сам не падазраваў. Кожны месяц у вучэльні Езавітава пераводзілі ў вышэйшы чын: у малодшага партупей-юнкера, у старшага партупей-юнкера, у фельдфебеля і, нарэшце, прапаршчыка. Спецыяльным загадам яго пакінулі ў вучэльні памочнікам афіцэраў-выхавальнікаў, і толькі пасля падачы рапарта праз год Езавітаў патрапіў на фронт — у 151-ы пяхотны Пяцігорскі полк, які стаяў пад Дзвінскам, складваўся часткова з беларусаў (і які ён выбраў сам). Пачаў з падпаручыка, стаў камандзірам роты, часова камандаваў батальёнам, атрымаў чын паручыка, быў прадстаўлены ў штабс-капітаны і да ўзнагарод. Затым — ад'ютант палка і арганізатар пры палку батальёна смерці… У кастрычніку 1917-га салдаты і афіцэры-беларусы накіравалі Езавітава дэлегатам на з'езд воінаў-беларусаў, які сабраўся ў Віцебску. З'езд абраў Езавітава ў свой прэзідыум, у Камітэт вайскоўцаў-беларусаў Паўночнага фронта — і дэлегаваў у Цэнтральную вайсковую раду ў Менск…

…Цягнік рэзка крануўся з месца, і яму падалося, што ўнутры штось нечакана парвалася…

Гэта было яго чацвёртае развітанне з Радзімай, але такое балючае — першае.


Напрыканцы 1918 года ўсе беларускія вайсковыя злучэнні ў Вільні пачалі наноў аб'ядноўвацца ў Беларускі полк. Яго асновай сталі жаўнеры, якія прыехалі разам з палкоўнікам Езавітавым.

Старажытная Вільня стаілася ў няпэўнасці. Віленчукі ж, наадварот, як абудзіліся ад сну: штодня мітынгі, сходы, дэлегацыі. Ствараліся новыя партыі, лігі, аб'яднанні, саветы. Штодня з газэт і ўлётак: хадэкі, сацыял-дэмакраты, эсэры, народнікі, немцы, палякі, літоўцы, беларусы, габрэі… А да ўсяго — страйкі-забастоўкі і арышты. Адно спакойна пазірала на ўсё гэта старадаўняя вежа на Замкавай гары ў цэнтры горада, дзе Вілейка ўлівалася ў Віллю, а часам здавалася — і драмала, бо ўжо некалькі гадоў не палохалі вежу варварскія стрэлы царскай расійскай гарматы (раней штодня а 12-й гадзіне яна гохкала на ўвесь горад).

Рада БНР і Беларускі полк у Вільні надоўга не затрымаліся. Сустрэлі Новы год, 1 студзеня адсвяткавалі адкрыццё беларускай гімназіі — і вымушаны былі пакідаць горад: даходзілі чуткі пра імклівы наступ Чырвонай арміі. Немцы перадалі ўладу ў краі палякам. Вакзал быў аблеплены загадамі новага вайсковага камандавання: усе «ваеннаабавязаныя» павінны з'явіцца на мабілізацыю і запісацца ў польскае войска, каб «бараніць бацькаўшчыну».

Беларускі полк без прыгодаў у старых, затое з плацкартай вагонах выехаў у Горадню, а 5 студзеня ў Вільню з боем увайшлі першыя два палкі Чырвонай арміі.


Начальнік Беластока

Міністэрства беларускіх спраў, якое толькі пачало працу пры літоўскім урадзе, таксама мусіла пакінуць Вільню і перабрацца ў Горадню. Паміж Віленскай беларускай радай і літоўскай Тарыбай яшчэ ў лістападзе 1918 года было заключана пагадненне аб тым, што беларускія горадзенскія землі з Беластокам і Бельскам на правах аўтаноміі ўвойдуць у Літоўскае Гаспадарства, дзяржаўнай мовай створанай аўтаноміі будзе беларуская, усталюецца беларуская школьная інспекцыя, беларускім прадстаўнікам у Тарыбе будзе прапанавана чвэрць месцаў, а ў літоўскім урадзе створыцца асобнае міністэрства.

Шэсць сябраў Віленскай беларускай рады — Ластоўскі, Луцкевіч, Станкевіч, ксёндз Талочка, Фалькевіч і Сямашка — 27 лістапада ўвайшлі ў склад Тарыбы — літоўскай дзяржаўнай рады, а былы старшыня Рады Першага ўсебеларускага кангрэса Язэп Варонка з 1 снежня 1918 года стаў міністрам беларускіх спраў літоўскага ўрада.

Міністэрства беларускіх спраў прапаноўвала сваіх кандыдатаў на пасады павятовых і гарадскіх камісараў у Горадзеншчыне, а таксама прадстаўнікоў міністэрстваў народнай асветы, справядлівасці, земляробства, дзржаўнай маёмасці, прызначала сваіх суддзяў, следчых, ляснічых, школьных інспектараў. Напачатку яно не мела ў Вільні свайго будынка і месцілася ў «Новай Устэрыі» на Вялікай вуліцы, затым пераехала на Юр'еўскі праспект — і заняло асобны пакой у будынку літоўскай Тарыбы. Міністэрства беларускіх спраў распачало і перамовы аб стварэнні ў Вільні беларускага войска. Віцэ-міністрам краёвай абароны Літвы стаў запрошаны з Менска генерал Кандратовіч (міністрам быў сам літоўскі прэм'ер Вальдэмарыс).

З-пад Дзвінска і Менска на Вільню пачалі наступ бальшавікі, і Кандратовіч разам з кабінетам Вальдэмарыса папрасіў адстаўкі. Другі кабінет міністраў, які ўзначаліў Шылінгас, напрыканцы снежня эвакуяваўся ў Коўна, а міністэрства беларускіх спраў пастановай ад 19 снежня пераехала ў Горадню. Ад пачатку студзеня 1919-га да канца красавіка яно мусіла прадстаўляць у краі і ўвесь ўрад Літоўскага Гаспадарства, — паколькі не было зносінаў з Коўнам, — і бараніць беларускія паветы ад наездаў польскіх жаўнераў.

Былі тэрмінова прызначаны беларускія камісары ў Беласток, Саколку, Белавеж, Бельск, Дзятлава, Крынкі, Плянты і Ліду (у Ваўкавыск і Ашмяны камісарамі накіравалі літоўцаў).

Камісарам — «начальнікам горада» — з Горадні выехаў у Беласток Кастусь Езавітаў.


Яго зачараваў гэты старадаўні памежны горад — чыгуначны вузел пяці дарог ва ўсе бакі свету, цэнтр прамысловай вытворчасці сукна, скуры, лесу — на шасці з паловай сотнях фабрык працавалі каля дзесяці тысячаў работнікаў. Дні праходзілі ў гарадскіх клопатах, а вечары й ночы Езавітаў праводзіў у бібліятэцы, што месцілася неўздалёк ад ягонага камісарыята, з другога боку Ратушы з заўсёдна дакладным гадзіннікам, дзвюма зялёнымі купалкамі-стрэшкамі (адна большая, другая — зверху — меншая, — на ёй узвышаўся крыж).

Езавітаў пачаў вывучаць гісторыю Беластока. І ўжо на самым пачатку — неспадзеўка: праз год гораду споўніцца 600 гадоў! Заснаванне Беластоку ў 1320 годзе прыпісвалася князю Гедыміну, у часы якога над прытокам Супраслі — рэчкай Белай — была толькі маленечкая вёска. Беласток пачаў хутка развівацца. Напачатку ён дастаўся земскаму чыноўніку беларусу Весялоўскаму. Пры Яне-Казіміры, польскім і беларускім-літоўскім каралі, места было падорана ваяводзе Стэфану Чарнэцкаму — за заслугі ў вайне са шведамі. Ад Чарнэцкага Беласток у спадчыну перайшоў да Браніцкага, які ў 1749 годзе ад караля Аўгуста ІІІ-га дамогся для Беластока гарадскіх правоў. Браніцкія пабудавалі ў горадзе вялікі мастацкі палац, які — як пачалі гаварыць і пісаць паўсюд — па прыгажосці на той час не ўступаў знакамітаму Версалю. Напрыканцы ХVIII стагоддзя да самай смерці ў Беластоку жыла сястра караля Станіслава-Аўгуста Тышкевічовая, якая таксама спрыяла росквіту горада.

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Беласток адышоў да Прусаў і быў выкуплены з прыватнага валодання. У 1807 годзе пасля заключэння ў Тыльзеце міру горад далучыла да сябе Расія. З 1808 года ён стаў цэнтрам Беластоцкай вобласці, якую скасавалі ў 1842-ім — і Беласток пачалі лічыць павятовым горадам Горадзенскай губерні. Цэнтрам павета ён быў ажно да 1915 года, пасля чаго — пры нямецкай уладзе — стаў галоўным горадам Упраўлення Беласток-Горадня…


Здаралася, Езавітаў выходзіў з бібліятэкі, а на Ратушы гадзіннік адбіваў сем разоў. На сон часу не заставалася, і начальнік горада паволі накіроўваўся да белай царквы і касцёла з вострай гатычнай вежкай над франтонам (царква і касцёл месціліся насупраць Ратушы), ішоў, бадзёра ловячы марозныя подыхі ветру, да рынка (ён яшчэ не пачынаў працы) і, сустракаючы заспаных дворнікаў, якія адкідвалі з тратуараў начны снег, вяртаўся — ужо шпарчэй — назад у свой кабінет…

Прамысловасць у горадзе развівалася паспяхова і не патрабавала асаблівых высілкаў камісарыята, і Езавітаў імкнуўся найперш актывізаваць у горадзе культурнае жыццё. Пачалася распрацоўка мерапрыемстваў па святкаванні 600-годдзя Беластока — з удзелам грамадскіх дзеячоў, харавых і драматычных гурткоў (Езавітаў хацеў запрасіць трупу Францішка Аляхновіча). Па школках прайшлі гістарычныя чытанні — у гонар 170-годдзя ад часу надання Беластоку гарадскіх правоў. Беласточчына, здавалася, абуджалася ад няпэўнасці.

А ў лютым 1919-га у горад увайшлі жаўнеры легіёнаў Пілсудскага. Езавітаў мусіў пакінуць горад. Па даручэнні міністэрства беларускіх спраў ён прыняў ад камісара Іваноўскага Плянтова-Шчучынскі павет, а праз два месяцы вярнуўся ў Горадню.

* * *

Першыя дні ў Горадні Езавітаў, пакуль не знайшоў сабе кватэры, начаваў у вайсковай казарме — разам з братамі Новікамі.

- Дык што ж гэта будзе? — часта не браў сон Стася.

- Усё паправіцца, вось толькі б з сіламі сабрацца… — малодшаму Апанасу не пазычаць упэўненасці.

- А вы пра ЛітБелССР чулі? Цяперака ажно дзве дзяржавы-спарышы паўсталі — Літоўскае Гаспадарства і гэта вось ЛітБел… — не маўчалася Стасю.

- А бальшавікоў раней і адна Заходняя вобласць задавальняла, — адказваў Апанас. — Яе ж лягчэй потым да Расіі прыляпіць было б…

- Тут, хлопцы, — не ўтрываў і Езавітаў, - як у марыянетачным тэатры разыграна. Самі ж бачыце: 1 студзеня абвесцілі БССР, а ўжо 16-га ЦК бальшавіцкай партыі на чале з Леніным вырашыла адкарнаць ад яе Смаленскую, Віцебскую і Магілёўскую губерні. І засталося ў той БССР толькі часткі Менскай і Горадзенскай…

- А беларускія камуністыя й ня пікнулі на гэта — лісліва ў рот Леніну і глядзелі! — паківаў галавой Стась.

- Так. А затым і зусім той БССР не стала… — працягваў Езавітаў. — А як неахвотна Масква нават тую абкарнаную рэспубліку прызнавала?! Усерасійскі ЦМК пастанову пра прызнанне БССР абнародаваў толькі на Усебеларускім з'ездзе саветаў 2 лютага, і тады ж, з падачы Свярдлова, і вырашылі стварыць Літоўска-Беларускую ССР.

- Дык што гэта… Масква прызнала БССР як дзяржаву ўсяго на… некалькі гадзін — і зляпіла новую? — здзівіўся Апанас.

- Так.

- А праз месяц пасля свайго абвяшчэння Жылуновічаўская БССР страціла нават права на аўтаномнасць, — падрахаваў Стась.

- А што ў сённяшняй ЛітБеліі засталося? Кавалкі Віленшчыны, Меншчыны і Ковеншчыны?

- Бо амаль уся Літва засталася пад юрыспрудэнцыяй незалежнага дэмакратычнага ўрада, — канстатаваў далей Езавітаў. — А ў кіраўніцтва ЛітБеліі з беларусаў патрапіў адзін Чарвякоў. Вы можа й не чулі аб тым, што пасля ўжо ўзгаданага Усебеларускага з'езда саветаў бальшавікі арыштавалі ледзь не ўвесь урад былой БССР — і Жылуновіча, і Дылу, і Шантыра…

- Дагуляліся. — Стась цмокнуў — і ўсе замаўчалі.


На пачатку 1919 года ў занятым бальшавікамі Менску былі закрыты створаныя пры немцах навучальныя ўстановы, перасталі выходзіць беларускія газэты. Начальнікам гарадскога гарнізона стаў добравядомы Крывашэін, Ландэр застаўся ў Маскве — стаў камісарам дзяржаўнага кантролю.

Яшчэ ў снежні на першым мітынгу шчыраваў камісар Бэрсан. Выступаючы на Пляцы Волі перад чырвонаармейцамі, не прамінаў выкрыкваць, трасучы вастраватым кулаком:

- Смерць тарыбам і радам!

Напачатку салдаты не зважалі на сутулаватага акулярыка ў шэрым паліто, скураной — не па марозе — шапцы, — ён павольна праціснуўся паміж няроўнымі шыхтамі памятых шынеляў, падсунуўся да трыбуны, счакаў, уважліва слухаючы, канца прамовы Бэрсана — і жвава скочыў на прыступку драўлянага ўзвышэння:

- Таварышы! Я, сябра беларускай Рады, вітаючы сённяшні ваш прыход, ганаруся, што ўрэшце нямецкага акупанта выгналі з нашага краю. У Радзе я быў толькі таму, каб карыстацца ёю як трыбунаю і наагул ведаць, што ў ёй робіцца. Сёння…

- Гані пана з Рады!

- Вон падбрэхіча!

Крыкі чырвонаармейцаў, здалося, аглушылі акулярыка. Ён паціснуў плячыма, паспрабаваў яшчэ штось выкрыкнуць, але ўбачыў перад сабою настаўлены зіхоткі штых…

- Злазь, а не — здыму! — чырвонаармеец жартаваць не збіраўся.

Вялы акулярык злез з прыспупак, зноў неўразумела паціснуў плячыма і павольна паклэпаў з Пляца Волі — уніз да моста над Свіслаччу..

Хоць урад Жылуновіча абвясціў быў Раду БНР без абароны законаў, у Менску засталіся шмат яе сябраў. Алесь Гарун, Язэп Лёсік, Іван Серада, Сымон Рак-Міхайлоўскі і Вацлаў Іваноўскі напачатку займалі нават немалыя пасады. Але былі і арышты — праўда, бальшавікі не ўсвядомілі яшчэ, каго і за што садзяць: Мамоньку арыштавалі як расійскага эсэра, Іваноўскага і Трэпку — як… палякаў (бо брат першага — Юры — быў на той час у Варшаве польскім міністрам, а бацька другога збіраў для вывазу ў Польшчу беларускія старадаўнія рэчы і лічыўся старшынёй нейкай польскай арганізацыі). Арыштавалі і Сераду — ды праз суткі вызвалілі.

Колішні камандуючы Заходнім фронтам Аляксандр Мяснікоў, не дамогшыся сабе ўлады на Беларусі (бо стварылася ЛітБелССР), паспрабаваў асталявацца ў Вільні, куды навіны з Менска амаль не патраплялі…


Камендант Горадні

Пасля пераезду з Вільні ў Горадню фармаванне беларускага палка замарудзілася. Выправіў становішча Кастусь Езавітаў, якога Рада прызначыла камандзірам Горадзенскага гарнізона. Праз два тыдні з падтрымкі Антанты ён атрымаў зброю і першую фінансавую дапамогу на ўвесь полк. Да Езавітава ў Горадзенскую камендатуру пачалі наведвацца прадстаўнікі замежных місій. Падчас прыезду адной з іх, антантаўскай, усе разам — Езавітаў, французскі і амерыканскі афіцэры — сфатаграфаваліся перад дзвярыма камендатуры, — у шыкоўным адкрытым самаходзе…

Кастусь Езавітаў не толькі ўзначальваў беларускі полк, але і выконваў абавязкі міністра беларускіх спраў (міністр Варонка часта выязджаў у Коўну і на правінцыі), кіраваў арганізаваным у Горадні культурна-асветным таварыствам «Бацькаўшчына» і выдаваў беларускую газэту з такой жа назвай.

У сакавіку 1919 года намаганнямі Езавітава ўтварыліся не толькі беларускі полк і батальён жаўнераў пры беларускай камендатуры, але і кавалерыйская частка. Далейшае фармаванне беларускага войска з ініцыятывы Езавітава распачалі ў Коўне — праз месяц і там узніклі-склаліся пяхотны (пад ачолам Станіслава Новіка) і артылерыйскі аддзелы, а таксама атрад кавалерыі.


18 красавіка начальнік Горадзенскага гарнізона ў беларускай камендатуры сустрэўся з прадстаўнікамі літоўскай і французскай місій.

«Працоўны абед» расцягнуўся на некалькі гадзін. Галоўная прапанова была выказана літоўскімі прадстаўнікамі. Першым агучыў яе доктар Шаўліс, былы амбасадар Літвы ў Берліне:

— Вы, панове, ведаеце аб тым, што Польшча вядзе наступ на бальшавіцкую Расію. Папярэдне ўсе мы выказаліся за неабходнасць напрамую распытаць польскае кіраўніцтва пра яго палітыку ў адносінах да нашых дзяржаў — Літвы і Беларусі. З французскага боку падтрымаць нас у перамовах пагадзіўся пан палкоўнік Рэбоул.

- Гэта вельмі важна, паколькі Польшча мусіць выступаць ледзь не марыянеткай Антанты, — дадаў былы міністр абароны Літвы палкоўнік Велікас. — І таму пачынаць адстойваць сваю незалежнасць і непадзельнасць перад ёй мы павінны ўжо зараз — калі вызваленне толькі чакаецца.

Езавітаў, які таксама атрымаў ад беларускага ўрада ў Коўне наказ ехаць у Варшаву, бачыў, што аніякіх разыходжанняў у падыходах літоўцаў і беларусаў не было, але ўсё ж вырашыў удакладніць:

- А калі Польшча запатрабуе адначаснай мабілізацыі на незанятых бальшавікамі частках Літвы і Беларусі?

- Можам на гэта пагадзіцца толькі з адной умовай — кожнае войска дзейнічае на тэрыторыі сваёй краіны. — Доктар Шаўліс, пэўна, абдумаў ужо і такую перспектыву.

- А вы не выключаеце магчымасці падпісання праз некаторы час паміж Польшчай і Расіяй нейкай дамовы? — Езавітаў вырашыў «узважыць» усе варыянты.

- Маеце на ўвазе падзел «франтавых» раёнаў? — уважліва зірнуў на беларускага палкоўніка Шаўліс. — Тады ўжо сёння мы павінны нагадаць Пілсудскаму пра магчымасць канфедэрацыі Літвы і Беларусі. Прыклад аўтаномнай беларускай Горадзеншчыны ў складзе Літвы яго павінен насцярожыць…

У Варшаву вырашылі ехаць неадкладна. Дэлегаты аб'яднанай літоўска-беларуска-французскай місіі выйшлі сфатаграфавацца на балкон беларускай камендатуры. Езавітаў, сябра дэлегацыі ў Варшаву, стаў злева, побач з ім — камендант Горадні падпалкоўнік Дзямідаў, далей — сябры дэлегацыі: доктар Шаўліс, палкоўнік Велікас, палкоўнік-colonnel (вусач у навюткай форме) Рэбоул, беларускі вайсковы аташэ пры французскай місіі ротмістр Рыхтэр. За Езавітавым — яго плац-ад'ютант Апанас Новік. Пасярод балкона вялікі шчыт з надпісам «Упраўленьне вайсковага начальніка Гродзенскага вокругу. Камэндант г. Гродно» і герб «Пагоня» — пад сцягамі: нацыянальным літоўскім (жоўта-зялёна-чырвоным), дзяржаўным Літоўскага Гаспадарства (чырвоным з белай «Пагоняй»), беларускім бел-чырвона-белым, знізу — французскі і ангельскі сцягі (фотаздымак потым надрукуе газэта «Беларускае Жыцьцё»).

У Польшчы ж — назаўтра яна адваюе ў Чырвонай арміі Вільню, — як выявілася, у знешне-палітычных пытаннях не было згоды. «Эндэкі» (нацыянал-дэмакраты) прапаведавалі ў адносінах да Беларусі і Літвы захопніцкія планы. Левыя ж дэмакраты запэўнівалі ў падтрымцы суседзяў. Пазіцыю апошніх 22 красавіка (на другі дзень пасля звароту Езавітава ў Горадню) выказаў у адозве да жыхароў былога Вялікага княства Літоўскага сам Пілсудскі:


«…Стан беларускай няволі, які я, нарадзіўшыся на гэтай няшчаснай зямлі, добра ведаю, павінен нарэшце быць знішчаны і ўжо раз і назаўсёды ў гэтай быццам праз Бога забытай старонцы павінна запанаваць свабода і права вольнай нічым не звязанай гутаркі аб сваіх патрэбах…»


Такое не магло не ўразіць, не магло не натхніць, не магло не падкупіць…

…І як гром з пасвятлелага неба — польскі загад аб раззбраенні Першага беларускага палка. Уноч 28 красавіка палякі занялі Горадню, напалі на полк і інтэрнавалі яго — амаль усіх салдатаў і афіцэраў раззброілі і вывезлі ў лагер на тэрыторыю Польшчы. На вызваленых ад бальшавікоў землях абвяшчалася мабілізацыя ў польскую армію.

Гэтыя весткі сустрэлі Езавітава перад Горадняй, пасля ад'езду місіі з Варшавы. Міністэрства беларускіх спраў мусіла пераязджаць у Коўну і мець з Горадняй толькі нелегальныя сувязі. Праз некалькі дзён Езавітаў быў у Вільні, каб на месцы разабрацца ў палітыцы беларускіх «прапольскіх» дзеячоў, якіх ачольваў Павел Аляксюк — і пачынаў усё часцей выказвацца супраць «пралітоўца» Варонкі…


4 красавіка быў абраны прэзідэнт Літоўскага Гаспадарства Антон Смэтона, у Тарыбу замест Івана Луцкевіча і Янкі Станкевіча ўвайшлі новыя беларусы — Корчыцкі і Бялецкі. На чале кабінета міністраў 12 красавіка стаў Слежэвіч. Паміж беларускімі прадстаўнікамі Тарыбы і беларускімі арганізацыямі пачаліся перамовы аб тым, каб Язэп Варонка больш не ўваходзіў у літоўскі ўрад — міністрам беларускіх спраў прапаноўвалі стаць Вацлаву Ластоўскаму (які незадоўга перад тым пакінуў сваю пасаду беларускага аташэ пры літоўскай амбасадзе ў Берліне) ці Пятру Крэчэўскаму.

Перамовы да згоды не прывялі, і Варонка застаўся міністрам.


Зялёнае войска

Яшчэ восенню — пасля адыходу немцаў — сяляне Халопеніцкай воласці абралі Лукаша Сяменіка ваенным камісарам. Але ж у першы дзень усталявання ў краі «савецкай» улады бальшавікі арыштавалі яго і пасадзілі ў барысаўскую турму, адкуль праз паўмесяца перавялі ў Менск. Сяляне пачалі збіраць сходы і накіроўваць у Менск пасланцоў з рэзалюцыямі ў абарону свайго героя. Рукапісныя «пастановы» да разгляду прымалі, але на ніводную не адказалі, - і Сяменік заставаўся за кратамі. Ды аднойчы начальніку турмы надакучылі хадакі:

- Навошта яны гэтага атаманчыка сюды з Барысава прыперлі? Тут і ад сваіх не прадыхнуць. У сябе хай у распыл і пусцяць… — І загадаў адвезці Сяменіка назад. Загадаў неасцярожна пры «хадаку», і вестка тая ўжо на другі дзень прыйшла ў Халопенічы…

27 траўня аўто «чразвычайкі» злосна гыркала, трапляючы на карэнні, што, як змеі, выпаўзалі на дарогу — нібыта пагрэцца на вясновым сонцы. На кузаве — двое з вінтоўкамі і звязаны Сяменік, у кабіне немаладога ўжо веку шафёр, абапал — лес, разлапісты, густы.

Аўто, гыркнуўшы цішэй, прытармазіла і спынілася. На дарозе — воз з бярвёнамі. Дзед у світцы і аблавушцы сцёбае каняку — тая сіліцца й ціснецца назад, хамут ледзь не налазіць на вушы…

- Дзед, давай у бок са сваёй калымагай! — не ўцерпеў канваір.

- Куды ж, дзеткі, у бок… Кола вунь… па атосу ў гразь ускочыла! І адкуль тут гэтая яміна?

Канваіры пераглянуліся: нідзе не дзецца, дарога вузкая, не аб'ехаць. Маладзейшы, закінуўшы вінтоўку за плечы, саскочыў з кузава і пацёгся да каня.

- А ты б яшчэ больш наклаў… - бубнеў, піхаючы воз. — На халяву так скора і пуп развяжацца.

- То хто ж думаў, што ў гэту яміну скочу, хай яна не дачакае!

Сяменіку раптам голас старога падаўся знаёмым. Вызірнуў з-за кабіны — так і ёсць: дзед Улас з Крывога хутара!

- Ся-ядзець! — выкрыкнуў канваір на кузаве і прыціснуў вінтоўку.

І тут бухнуў стрэл, другі… Асунуўся пад воз канваір, а другі сполашна ўскінуў вінтоўку, ды ў тую хвілю на яго наскочыў Сяменік і што сілы тыцнуў плечуком. Канваір перакаўзнуўся цераз драўляны борт і гохнуўся на зямлю. Паспрабаваў ускочыць — і трэці стрэл…

З лесу выйшлі двое — колішнія «зялёнаатрадаўцы».

- Злазь, Лукаш… Далей машына не паедзе, — празвінеў адзін з іх. Моцна абняліся. Дзед Улас, спіхнуўшы аблавушку набок, бяззуба ўсміхаўся Лукашу:

- А не распаўнеў ты на казённым харчы…

- Ды ўжо зараз ад'ядацца буду. — У адказ усміхнуўся і Сяменік. — А я то думаю, як гэта дзед такі воз адзін навярнуў!

І раптам дзед спахмурнеў, тыцнуў пальцам у кабіну… Аберуч абшчаперыўшы руль, спалохана лыпаў вачыма шафёр.

- Анутка вылазь са сваёй бярлогі, - на яго наставілі вінтоўкі.

Шафёр павольна адкрыў дзверцу, выпхнуўся з кабіны і прысеў на шырокую падножку.

- Ты глядзі, а мог бы каго-небудзь з нас і падсмаліць! — Сяменік — ужо развязенены — выцягнуў з кабіны вінтоўку. — А-а?

- То я ж не стралец, а вазец… — Шафёр уздыхнуў і палез па папяросу.

Хутка абярнулі воз. Дзед Улас штурхануў Сяменіка і зноў кіўнуў на шафёра (той так і сядзеў на падножцы — курыў):

- А што з ім?

Сяменік пачухаў патыліцу, стукнуў даланёй па лёстках воза:

- Разварочвай, чалавеча, сваю жалезную каняжыну дый едзь назад з мірам.

А той лена павярнуў да яго галаву, зіркнуў з-пад густых броваў:

- А ты думаеш, што мяне там сустрэнуць з хлебам-соллю?

Сяменік змуліў вусны, задумаўся.

- У Менску ў цябе хто-небудзь ёсць?

- Ёсць… Кот, дый той надоечы да сяброўкі згарцаваў.

- А сам што рабіць думаеш?

- Я б… — шафёр зняў кепку, стукнуў ёю па калене. — Мне застаецца адно: змяніць жалезнага каня на жывога…

- Гэта што… — Сяменік здзівіўся. — З намі падацца хочаш?

- Хачу.

Сяменік агледзеў таварышаў.

- Хлопцы, а вы ці не зноў у зялёныя падацца сабраліся?

Тыя паціснулі плячыма:

- Дык сам жа бачыш: цёпла стала, зелянее ўсё наўкол…

- Што ж, калі так, то паехалі, - ажывіўся Сяменік, падышоў да шафёра: — А цябе, чалавеча, як твой кот называе?

- Ды цёзкі мы…

- З катом? — зарагатаў Сяменік.

- З табой, — усміхнуўся нарэшце і шафёр.

Пакуль мужыкі капалі магілку, каб пахаваць канваіраў, Лукаш-другі схаваў у лесе сваю жалезную канячыну — і вярнуўся з каністрай.

- Бензіна зліў. Пашкадаваў кідаць — хоць на газніцы спатрэбіцца…


Партызанскі атрад Сяменіка адрадзіўся наноў. Да ранейшых ацалелых паўстанцаў падаліся ў лес тыя, хто не хацеў ісці ў Чырвоную армію — па ўсіх валасцях была аб'яўлена мабілізацыя. Праз паўмесяца «сяменікаўцы» пачалі нападаць на чырвонаармейскія часткі, здабывалі зброю — і агітавалі новых стральцоў у сваё «зялёнае» войска.

У ліпені партызаны захапілі Халопеніцкую, Красналуцкую і Зачысценскую воласці, забралі ўсю бальшавіцкую маёмасць — між іншага шмат тэлеграфных апаратаў.

- Хай будуць, мо на што выменяем, — маракавалі мужыкі.

І тады бальшавікі напалохаліся ўсур'ёз. Каб «партызанства» не перакінулася на суседнія раёны, у Барысаў накіравалі некалькі чырвонаармейскіх рот, і «зялёнае» войска мусіла адысці ўглыб лясоў…


У траўні 1919 года галоўнакамандуючым Літоўскай арміяй прызначылі генерала Жукоўскага, пры спрыянні якога яшчэ зімой у Коўне фармаваліся беларускія вайсковыя часткі. 31 траўня ў Коўну пад бел-чырвона-белым сцягам увайшоў Першы беларускі швадрон пад ачолам афіцэра Глінскага — змог такі, пакінуўшы частку сваёй маёмасці ў Горадні, прабіцца з польскага лагеру да беларускага прадстаўніцтва.

Беларускія часткі разам з літоўскімі рыхтаваліся заняць пазіцыі на бальшавіцка-польскім фронце…


Беларускае жыццё

У палове траўня 1919 года ў Варшаве стварылася Польска-беларускае таварыства, старшынёй якога абралі Міраслава Абэцэрскага. Сябрамі таварыства сталі Павел Аляксюк, Раман Скірмунт, Браніслаў Тарашкевіч і Эдвард Вайніловіч. Штоаўторак вечарамі яны «ладзілі» гутаркі і дыскусіі, запрашаючы на іх усіх ахвотнікаў — нават давалі абвесткі пра час і месца сустрэчаў у беларускія і польскія газэты.

А 25 траўня па прапанове Алексюка адбыўся сход беларусаў — жыхароў Вільні. Аляксюк на той час лічыўся старшынёй Цэнтральнай беларускай рады Горадзеншчыны і, як выказваўся сам, прыехаў з Варшавы з мэтай параіцца з Віленскай радай наконт беларускай палітыцы.

На сходзе (і на ім ён быў старшынёй) Аляксюк трымаўся ўпэўнена, самавіта. За нейкіх паўгода (пасля сустрэчаў у Менску) ён, падавалася Езавітаву, нашмат змяніўся: хоць і тыя ж чорныя вусы і бровы, доўгі з гарбінкай нос, доўгія вушы, але вочы — у нейкай смузе-павалоцы заклапочанасці, па галаве пачыналі распаўзацца залысіны…

За день працы сход абраў Беларускі нацыянальны камітэт і прыняў тры рэзалюцыі: аб незалежнасці і непадзельнасці Беларусі, аб фармаванні беларускага войска і аб безадкладным вызваленні арыштаваных палякамі «німаведама за што» беларусаў.

А праз два тыдні — 9 чэрвеня — сабраўся новы з'езд — беларусаў Віленшчыны і Горадзеншчыны. Час быў напружаным: Антанта пагаджалася прызнаць «калчакоўскую» Расію, калі толькі Калчак пагодзіцца на аўтаномнасць Літвы, Украіны і Беларусі. Усяго толькі аўтаномнасць! Многія ў той дзень — і Варонка (як літоўскі міністр беларускіх спраў), і Езавітаў, і Аляхновіч, і Кахановіч (маршалак Віленскай беларускай рады і дырэктар Першай віленскай беларускай гімназіі) — выказваліся супраць магчымага далучэння тых краін да Расіі. Але першым да трыбуны выйшаў (сядзеў у прэзідыуме) Аляксюк — і зноў настойліва загаварыў напачатку пра неабходнасць утварэння беларускага войска…

Старшынёй Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Горадзеншчыны стаў Клаўдыюш Дуж-Душэўскі, просты і шчыры чалавек, «поўны» незалежнік. На з'ездзе быў без гальштука, добрыя вочы хаваліся пад доўгімі вейкамі, а вусам, здавалася, не хапала месца паміж бульбаватым носам і вуснамі — тонкімі і доўгімі, - праз што твар уяўляўся багатым на ўсмешку…


Вечарам Езавітаў не мог супакоіцца. Зноў — перакладанні з пустога ў парожняе, а што да справы… Ён вінаваціў і самога сябе: чаго ў выступленні не сказаў пра гэта… Як пры «польскай апецы» можна стварыць беларускае нацыянальнае войска, калі тыя ж палякі паўтары месяцы таму інтэрнавалі-раззброілі першы беларускі полк? На што спадзяецца Аляксюк? Што за дзіцячыя гульні?

Надгастрыў аловак, выклаў з папкі зеленаваты аркуш паперы, зверху — замест назвы — паставіў пытальнік, а пад ім пачаў густа пісаць:


«…Калчакаўская Расея для нас ня меншы вораг, чымсі была царская, Керанская ці бальшавіцкая… Прылучаныя да Расеі мы ня будзем магчы ня толькі думаць аб самабытнасьці, але ня будзем магчы рабіць ніякай культурнай работы і мора Маскоўшчыны залье, і, прынамсі, аб усходняй праваслаўнай Беларусі, можна сказаць, што яна праз колькі гадоў ушчэнт абмаскаліцца.

Але сход вынес яшчэ адну важную пастанову: ён сказаў аб канечнай патрэбе ўтварэньня беларускага нацыянальнага войска. Толькі гэта трохі неяк дзіўна было сказана. Не было сказана, як гэтае войска будзе зроблена? На кім, на якой рэальнай сіле трэба абапірацца каб атрымаць дзеля гэтага падмогу? Ня было сказана, хто вораг нам, хто не.

Гісторыя не паўтараецца <…> Нельга ўпускаць моманту, нельга праспаць вялікую хвіліну, паўтараючы быццам праз сон «непадзельнасьць», «незалежнасьць», а нічога не рабіць, каб стварыць тую рэальную сілу, якая дасьць магчымасьць правесьці ў жыцьцё гэты сьвяты ідэал».


Гісторыя не паўтараецца?..


Раніцай Езавітаў быў на кватэры Аляхновіча, які рэдагаваў у Вільні газэту «Беларускае Жыцьцё». Уважліва прачытаўшы чыставік сябравага рукапіса, Аляхновіч цмокнуў:

- Стаўлю на першую старонку. У першы ж нумар. Варта! — і, збіраючыся рыхтаваць гарбату, сунуў Езавітаву «Известия»: — А ты пакуль вось гэта чытні… як тут наш абмаскалены армянін і былы прапаршчык Мяснікоў спавядаецца…

- А дзе ён зараз?

- Меўся асталявацца ў Вільні пры бальшавіках, ды пасварыўся — пэўна, штось не падзяліўшы з Іофэ і Міцкевічам-Капшукасам, за што яго адкамандзіравалі на калчакаўскі фронт…

Зацемка Мяснікова ў маскоўскіх «Известиях» здзівіла Езавітава найперш «нахрапістасцю» — яе аўтар пераконваў: палякі захапілі Вільню толькі таму, што ён не паспеў арганізаваць у горадзе ЧК-«чразвычайкі»…

- Ты знарок мне раніцай гэту брыду падсунуў? — не стрываў Езавітаў. А Аляхновіч, ставячы на стол два кубкі чабаровай гарбаты, таксама, усміхаючыся, паспрабаваў абурыцца:

- То ж не мне аднаму гэтым вочы таміць!


1761-дзённая Сусветная вайна адыходзіла ў нябыт. У віленскіх Базыльянскіх мурах на Вострабрамскай (дом № 9), з якіх яшчэ перад прыходам немцаў эвакуявалася літоўская духоўная семінарыя, працавала беларуская гімназія (дзейнічалі два падрыхтоўчыя і сем вышэйшых клясаў). У тым жа гімназічным будынку месціліся і Беларуская рада, і Беларускае выдавецкае таварыства.

Напрыканцы чэрвеня 1919 года бурмістр Вільні паслаў усім кіраўнікам адзьдзелаў Магістрата і гарадскіх устаноў паведамленне аб тым, што ўсе дакумэнты і просьбы, якія падаюцца на імя Магістрата, могуць пісацца «ў якой-будзь з мясцовых моваў (польскай, беларускай, літоўскай, жыдоўскай). Расейская і нямецкая мовы не прызнаюцца краёвымі, і дзеля гэтага ані просьбы, ані ніякая карэспандэнцыя па-расейску або па-нямецку не прыймаецца».

Перахварэўшы вясной на беспрацоўе, летам Вільня ўбіралася ў сілу. Тэхнічная секцыя пры Магістраце падрыхтавала праект, паводле якога тысячы ахвотнікаў прапаноўваўся занятак. Былі запланаваны зямельныя работы па «ўрэгуляванні» вуліц у Звярынцы і на Салтанішках, улады выказваліся за правядзенне новай вуліцы, якая мелася злучыць Пагулянку з Юнкерскім завулкам. Планаваліся «рэгуляцыі» берагоў Віліі — ад Антокальскага моста да шпіталю Святога Якуба (на ўсё Магістрат запатрабаваў у генеральнага камісара паўтара мільёна марак).

У горадзе заклалі фабрыку бетона, з якога пачалі рабіць тратуары, — драўляныя ўшчэнт знасіліся. Домаўласнікаў абавязвалі класці бетон і ў сваіх панадворках. Цэмент на фабрыку прывозілі чыгункай з Польшчы, жвіру ж хапала і свайго.

Вырашылі пракласці ў горадзе і вадаправод. Матэрыялаў на ўсё пакуль не хапала. У Бернардынскім садзе на Буфаловай капалі вадаёмы. Пад Віленскай і Нямецкай пачалі рабіць мураваны сток для каналізацыі — спатрэбілася 120 000 вялікай цэглы…

Не хапала рэльсаў, каб чыгункай вазіць на гарадскія работы зямлю і матэрыялы — і даўмеліся выкарыстоўваць «нямецкія»: немцы, калі падчас вайны высякалі ў краі лясы (і перавозілі да сябе), пакінулі сотні кіламетраў рэльсаў і шмат вагонаў, - і яны цяпер спатрэбіліся віленчукам.

Адкрыліся танныя страўні-сталоўкі — па горадзе тулялася шмат жабракоў, сярод іх часта патрапляліся дзеці… Запрацавала хуткая дапамога — за месяц адзначалі па 120 выездаў «карэткі». Зменшылася колькасць захворванняў на плямісты тыф. Пачысцелі двары — Магістрат штрафаваў неахайных домаўладальнікаў.

Пачалі дзейнічаць віленскія банкі, ды ўсёроўна на рагу Завальнай і Рудніцкай раніцамі гудзела «чорная гелда», дзе «піжоны» ў кепках і модных сплюснутых капелюшах, з гальштукамі і без мянялі валюту. Іхнія вокрыкі часта перабівала тарахценне па брукаванцы сялянскіх вазоў…

У ліпені камісар Віленскага вокругу пан Недзялкоўскі сваім загадам устанавіў новы курс грошай: 100 царскіх рублёў прыроўнівалася да 200 думскіх ці 115 «остмарак» (столькі каштавала бутэлька гарэлкі з «прыкускай»).

Пасля гэтага зніклі цэннікі на таварах, у крамах запатрабавалі толькі царскія рублі — разрахунак на пфенігі рабіць не маглі, бо не хапала «драбязы». Кошт хлеба маркамі ўзрос неадпаведна да змены курса рубля, у некаторых гандляроў тое, што прадавалася ў марках, стала — у тых жа лічбах — прадавацца за «цяжэйшыя» царскія рублі…

Віленскія газэты пра «грашовы» загад пісалі:


«Камісар вокругу ня мае права даваць загад… Усялякія датычна грошаў загады маюць гэтак вялізарнае значэньне, што могуць іх рэгуляваць толькі агульнадзяржаўныя органы… Думаем, што апавяшчэньне п. Камісарам Вокругу выйшла з якогась непаразуменьня і чакаем, што хутка яно будзе адменена».


Аніякіх «адменаў» не было, адно камісар вокругу дазволіў віленскім габрэям гандляваць і ў нядзелі…

На Вялікай Пагулянцы запрацавала «Беларуская кааператыва». Магістрат увёў па горадзе падаткі на нерухомасць, рэстарацыі і гасцініцы, а таксама на… коней, веласіпеды і сабак. Ад кожнага веласіпеда — 15 рублёў і 2 рублі 50 капеек за «значок», за кожнага сабаку — 10 рублёў і 50 капеек за «значок», за каня — 80 рублёў у год.

13 ліпеня адкрыўся тэлеграф і для цывільных, рыхтавалася да адкрыцця фабрыка мармелада — падобная да той, што была ў часе нямецкай акупацыі. У Антокальскім лесе адвялі месца пад вайсковыя могілкі…

У ліпені патаннелі харчовыя прадукты. Фунт хлеба прадавалі за 3-4 рублі, мяса — за 7-8, сала — 11-12, масла — 14-15,5 (у чэвені гэта каштавала адпаведна 5г6, 10-12, 13-16, 16-18 рублёў. Кварту малака ў чэрвені куплялі ў Вільні за 2,5-3 рублі, дзесятак яек — за 12-18 рублёў, а ў ліпені плацілі адпаведна па 2 і 10 рублёў..

Вільня, здавалася, зноў паверыла ў сваю шляхетнасць — і бадзёра ўбіралася ў пахкую ліпнёвую квецень.

Новаабраны старшыня Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Горадзеншчыны Клаўдыюш Дуж-Душэўскі[23] яшчэ ў чэрвені выехаў у Варшаву — каб паклапаціцца пра арыштаваных польскімі ўладамі беларусаў і азнаёміцца з поглядам дзеячоў левага накірунку ў польскім Сойме. Ён сустрэўся з прадстаўнікамі Польскай партыі сацыялістычнай (ППС) і «Польскім стронніцтвом людовым», якія шчыра падтрымалі ідэю існавання незалежнай беларускай дзяржавы і абяцалі спрыяць беларусам. Добразычліва глядзелі на справу адраджэння сваёй усходняй краіны-суседкі і некаторыя іншыя партыі Гуртка народных паслоў Сойму (разам з ім ППС і Народны гурток работнікаў мелі ў Сойме 180 галасоў).

Быў Клаўдыюш Дуж-Душэўскі і на аўдыенцыі ў Начальніка Польскай Дзяржавы Язэпа Пілсудскага. У выбарах у Віленскую гарадскую раду маглі ўдзельнічаць толькі тыя, хто валодаў польскай мовай. Пра гэтае нераўнапраўе і загаварыў напачатку Дуж-Душэўскі — Пілсудскі загадаў абмежаванне зліквідаваць. А вось пра арганізацыю беларускага войска Начальнік Польскай Дзяржавы тады не сказаў нічога пэўнага.


Польскія войскі ўжо занялі Маладэчна і Вілейку і працягвалі наступ на Менск, з якім, як і з усёй усходняй Беларуссю, ужо два месяцы не было зносінаў. На літоўска-беларускім фронце Чырвоную армію адкінулі ад рэчкі Мядзёлка. Атрады генерала Макжэцкага занялі Ганцавічы…

Бачачы, што польскія войскі ўсутыч падыходзяць да Менску, бальшавікі вялікімі сіламі контратакавалі пад Маладэчнам і Вілейкай — з падтрымкай артылерыі, двух бронецягнікоў і некалькіх аэрапланаў, - і зноў былі вымушаны адысці. Не зважаючы на вялікія страты, праз некалькі дзён Чырвоная армія распачала новы наступ з паўночнага ўсходу ад Радашковіч і Вілейкі. Штодня праз Смаленск і Полацак на беларускі фронт бальшавікі перавозілі па пяць тысячаў салдат — перакідвалі з Уральскага фронта (Калчак чырвонай сталіцы ўжо не пагражаў). Камісары змаглі б сабраць пад Менскам і большае войска, калі б не поспехі Дзянікіна…

— Калі палякі злучацца з Дзянікіным — бальшавікам загуба, — гаварыў Аляхновічу Езавітаў. — Будзе адрэзана Украіна! Бальшавікі адчуваюць гэта, і таму так люта б'юцца за Менск…


Падчас наступу польскага войска на Менск на Украіне адбыўся палітычны пераварот. Перарваліся ўсе стасункі паміж Пятлюрай і ўкраінцамі ва ўсходняй Галіччыне. Яшчэ ад 29 чэрвеня закрылася граніца. Пятлюра ўмацоўваўся ва ўладзе і вёў барацьбу з бальшавікамі, галіцкія ж атрады падтрымлівалі з Чырвонай арміяй добрыя стасункі.

Даходзілі жорсткія весткі і з Расіі. Цывільным асобам забаранялася карыстаца чыгункай (маглі бесперашкодна пераязджаць адно вайскоўцы ці чыгуначнікі — па службовых патрэбах). Жахлівыя навіны перадавалі паланёныя чырвонаармейцы і польская выведка: бальшавікі мабілізавалі дзесяць тысячаў дзяцей (сярод іх і сірот, «беспризорников») капаць акопы перад Петраградам. У самой «калысцы рэвалюцыі» за адмову ісці на фронт у апошні час бальшавікі расстралялі семсот сорак рабочых (з іх дзвесце дванаццаць з Пуцілаўскіх фабрык).

Палонныя сведчылі і аб тым, што ў першыя шэрагі Чырвонай арміі ставіліся рабочыя, а за імі — кітайцы ці латышы, — назіраць, каб не было дызерціраў…

У паўночнай частцы Каспійскага мора бальшавікі затрымалі параход, на якім быў генерал Алмазаў — ад Дзянікіна плыў з весткамі да Калчака. Афіцэры знішчылі ўсе дакумэнты, а генерал паспеў застрэліцца.

У Гданьску апусцілі якары тры амерыканскія тарпеданосцы…


Не аціхалі баі і на Палессі. Бальшавікам ледзь не штодня падыходзіла дапамога — піцерскія матросы ці кітайскія атрады, ды ўсё ж часткі польскага генерала Лістоўскага занялі Лунінец, важны чыгуначны пункт.


Пранук з Альшаншчыны

Як і заўсёды зранку — Езавітаў пісаў, калі лёгка скрыпнулі прыступкі і некалькі разоў бадзёра азваўся званочак над дзвярыма.

- Заходзьце. — Езавітаў адклаў асадку. Дзверы расчыніліся.

- То заходзь, калі пускаюць… — па голасе пазнаў Смоліча. Першым нясмела пераступіў парог хлопец гадоў дваццаці, у саматканых кашулі і нагавіцах, узварушыў копку валасоў; з-пад выцвілых за паўлета броў Езавітава пачалі вывучаць блакітныя вочы. — Смялей, смялей, — падштурхнуў хлопца Смоліч, прычыніў дзверы. — Дабрыдзень гаспадару. Нешта не відно цябе апошнім часам стала… Што новага маеш?

Госці прыселі на канапу.

- Дык усе ж навіны ў вас, больш таго — і моладзь! — Езавітаў ужо ведаў, што з 26 ліпеня запрацавалі Беларускія настаўніцкія курсы (напачатку меліся адкрыцца ў Горадні, ды ўсё ж іх перанеслі ў Вільню). Выкладалі ж на курсах беларускую мову Янка Станкевіч, беларускую літаратуру Максім Гарэцкі, гісторыю Беларусі Міхаіл Кахановіч, педагогіку Браніслаў Тарашкевіч. Аркадзь Смоліч вучыў геаграфіі…

- Яно то так. Толькі ж гэтая моладзь ужо і нас павучыць можа. З адным з іх я вось і хачу цябе пазнаёміць — Пранук Баброўскі, паспеў і ліха сербануць, і выявіцца… у Вільні нядаўна. Мы яго захацелі на курсы ўладкаваць, а ён… — Смоліч зірнуў на Пранука, усміхнуўся. — Ды не чырваней ты, я ж кепскага не кажу… Ён, значыць: «Вучыцца не хачу, хачу палякаў ваяваць!»

Езавітаў здзівіўся, наструніўся:

- Хай Пранук сам раскажа, можа ўсё ж ён больш пра сябе знае… — і незаўважна для хлопца падміргнуў Смолічу.

- Яшчэ вясной бацька ўзяў ад пані Важынскай у маёнтку Укропішкі адзінаццаць мархоў зямлі, - Прануку, па ўсім, і самому карцела выказацца. — Прыкупілі сямян і засеялі мы з ім той надзел. А летам пані Важынская памерла, маёнтак перайшоў да ейнай дачкі Радзевічовай. У канцы чэрвеня з'явіўся ва Укропішкі пан Францішак Перапечка і, выдаючы сябе ўласнікам маёнтка, зажадаў змены варункаў арэнды… Каб заместа грошай яму аддалі траціну ўраджаю! Бацька падаў у суд у Ашмяны…

- Дык Укропішкі — на Ашмяншчыне? — перапыніў Езавітаў.

- Так… Значыць, затым пачалі мы, не зважаючы на грозьбы Перапечкі, убіраць поле. А тут ён, Перапечка, заявіўся, з жандармам Будкевічам, які арыштаваў бацьку і павёз у Ашмяны. Пасадзілі яго ў турму пры паліцыі, а назаўтра пан рэвіровы на допыце заявіў, што арыштавалі бацьку па выраку камісара павета — за тое, што не пагадзіўся на ўмовы Перапечкі.

«А калі і цяпер не скорышся, — прыкрыкнуў, - то — або штраф у дзесяць тысёнц марак, або тры месяцы турмы!»

Пад прымусам бацька падпісаў умову Перапечкі, а ўжо дома склаў ліст да камісара Віленскага вокруга пана Недзялкоўскага…

- Аркадзь, а ці не той гэта інжынер Перапечка, каторы з ксяндзом Гурскім ездзіў «дэлегацыяй» ад усяго павета да Пілсудскага — прасіць далучэння да Польшчы? — падзівіўся Езавітаў.

- Той! Ды ў Бэльвэдэры тады мала верылі ў тое, што іхні голас быў голасам усяго Ашмянскага павета… Але ж ты, Пранук, не дагаварыў галоўнага!

- А што дагаворваць… — хлопец спахмурнеў. — Сустрэў затым я тога Перапечку… А ён крывіцца: «Ну што, падцерлі вам нос?» Тут я й не стрываў…

- Ну…

- Ну і смэльнуў гаду ў нос…

- Вось, — бухнуў Смоліч, — а затым збег. Мы яго на курсы, каб прыхаваць, а ён: «У войска хачу!»

Езавітаў уздыхнуў, задумаўся.

- А бацьку кінуў жандарам?

- Не, — з-пад ілба зірнуў Пранук. — Ён да сваякоў у суседні павет падаўся, і рэчаў крыху перавёз.

- А маці?

- Маці два гады як памерла…

- Што ж, сябрук Пранук, давядзецца табе ўсё ж колькі часу дзядзьку Аркадзя на лекцыях паслухаць… Так спакайней. А затым, калі хочаш, пераправім цябе ў Рыгу ці Коўну. Пажыць гэты час можаш і ў мяне, месца хопіць…


Падмацаваныя рэзервовымі аддзеламі, палякі зноў прарвалі фронт і з 4 на 5 жніўня занялі Слуцак. Адбіўшы некалькі контратак, захапілі Клецк, Нясвіж і Мір. Атакі распачаліся ў накірунку Койданава і Менска, які высланая на Смалявічы кавалерыя адрэзала ад Барысава. Пасля шостай гадзіны раніцы 8 жніўня ў пятніцу злучэнні Чырвонай арміі пачалі адступленне, а ў дзесяць вечара польскія жаўнеры ўвайшлі ў Менск…


…А справы на беларускім нацыянальным фронце не абнадзейвалі: Цэнтральную беларускую раду Віленшчыны і Горадзеншчыны ахапіў крызіс. Яе сябры пачалі прапаведаваць адрозныя ідэі наконт будучыні беларускай дзяржавы. 16 ліпеня старшыня рады Дуж-Душэўскі склаў свае паўнамоцтвы. За старшыню прэзідыум рады абраў кандыдата філалогіі Браніслава Тарашкевіча (праз некаторы час выбары мусіў пацвердзіць агульны сход рады).

Браніслаў Тарашкевіч з дэлегацыяй выехаў у Варшаву — на перамовы з польскім урадам. Галоўным клопатам дэлегацыі мелася стаць пытанне аб стварэнні беларускага войска.

Тарашкевіч перадаў Пілсудскаму заяву:


«<…>Асновай нашай працы ёсьць утварэньне незалежнай і непадзельнай Беларускай Дзяржавы. <…> Беларускі народ… мае права існаваць самастойна, і <…> не зрэалізаваць ідэю незалежнасьці беларускага народу было б гістарычнай абмылкай, якую людзі ў будучыні быць можа былі б прымушаны адкупіць ракой крыві. <…> Мы верым, што <…> нашы братнія народы пададуць рукі, каб разам памагаць сабе і згодна жыць у будучыні».


Падпісалі заяву Тарашкевіч і — як сябры дэлегацыі — Аляксюк, Кахановіч і Кушнеў.

Адбылася сустрэча віленскай дэлегацыі з Беларускім камітэтам у Варшаве, прэзідыум якога складалі архітэктар Лявон Дубейкоўскі, паэт Гальяш Леўчык, Язэп Арбуз і іншыя. Камітэт працаваў на Навагродзкай вуліцы ў доме № 58 (кватэра 11). Тарашкевіча найбольш уразіла тое, што ў Беларускім камітэце ў Варшаве можна было набыць усе беларускія кніжкі і чытаць усе беларускія газэты…

Праз некалькі дзён Пілсудскі зноў прыняў дэлегацыю Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Горадзеншчыны на чале з Тарашкевічам, які азнаёміў Начальніка Польскай Дзяржавы з новай дэкларацыяй (якую, пэўна, за гэты час і «распрацоўвала» дэлегацыя):


«<…>Прызнаньне беларускага народу правоў на незалежнае быцьцё і падтрыманьне польскай дэмакратыяй для абодвух народаў прынясе толькі карысьць, бо паложыць цьвёрды фундамэнт для будучага згоднага жыцьця і прыязнага збліжэньня. <…> Рада зварачаецца да Вашае Міласьці з просьбаю падтрымаць стварэньне збройнае сілы, як вядомага знаку імкненьня беларускага народу да вольнага і незалежнага жыцьця.

З свае стараны Рада лічыць магчымым тварэньне беларускага войска на такіх асновах:

1. Беларуская Рада Віленшчыны і Горадзеншчыны выдзяляе Вайсковую Камісію з месцам быцьця пры Галоўным Камандаваньні Польскага Войска. <…>

2. Камісія кіруе нацыянальным гадаваньнем беларускага войска і канцэнтруе ўсялякую працу, што датычна падмогі беларускаму салдату беларускім грамадзянствам.

3. Беларуская Вайсковая Камісія разам з Галоўнаю Польскаю Камандаю ўстанаўляе форму Беларускага Войска.

4. Беларуская Вайсковая Камісія безадкладна назначае камісію дзеля апрацаваньня статутаў службы. <…>

5. Беларускае Войска можа ваяваць толькі на беларускім фроньце і ня можа быць выводзена з тэрыторыі Беларусі».


Падпісалі дэкларацыю старшыня рады Тарашкевіч і яе сакратар Сянкевіч.

«Дай то Бог нашым цяляткам воўка з'есці, - сказаў пасля прачытання гэтай дэкларацыі Езавітаў — у рэдакцыі «Беларускага Жыцьця», калі Аляхновіч рыхтаваў дакумэнт да публікацыі. — Уражанне, што нашы пасланцы самі яшчэ не вераць у тое, чаго дамагаюцца… Беларускае войска — то з маленькай, то з вялікай у іхнім тэксце скача…»

Сам жа ён не верыў у поспех распачатай ад імя Цэнтральнай рады Віленшчыны і Горадзеншчыны справы — не мог забыць, не мог дараваць раззбраенне і інтэрнаванне (па-сутнасці — паланенне) з вялікімі цяжкасцямі сфармаванага ім Першага беларускага палка…

Пілсудскі ж з уважлівасцю выслухаў дэкларацыю (яе зачытваў Тарашкевіч), затым пачаў казаць пра свае клопаты і распытваць пра жыццё на Віленшчыне. Напрыканцы сустрэчы (аўдыенцыя доўжылася сорак хвілін) узрушана запэўніў беларусаў:

— Прыкладу ўсе сілы, каб здаволіць усе думкі беларускага народа аб незалежным існаванні. З ідэй сваёй адозвы да народаў Вялікага княства Літоўскага не сыйду ніколі і буду абараняць іх пры ўсялякіх варунках. — І затым, калі пасланцы ўсталі, каб развітацца, дадаў-запэўніў: — Што тычыцца войска — зараз дам мясцовым вайсковым уладам загад, каб згаварыліся з Беларускаю радай і заняліся арганізаваннем беларускай збройнай сілы…

Для беларускай дэлегацыі Польска-беларускім камітэтам быў наладжаны абед у гатэлі «Еўрапейскі», на якім прысутнічалі і некаторыя сябры польскага Сойму. Тарашкевіч выступіў з прамовай.

Праз два дні 1 жніўня дэлегацыя вярнулася ў Вільню. У Варшаве застаўся адзін Тарашкевіч — заняцца, як казаў, доляй ваякаў-беларусаў, што апынуліся ў Варшаве — «каб уцягнуць іх у работу пры арганізацыі беларускага войска».


З самае раніцы 1 жніўня на віленскім вакзале збіраўся натоўп — чакалі прыезду ў горад Начальніка Польскай Дзяржавы і Галоўнага камандуючага польскім войскам Язэпа Пілсудскага. Вільня — вымеценая і вычышчаная — рыхтавалася прыняць пашанотнага госця. Паўсюдна гірлянды кветак, сцягі…

Цягнік спазніўся і марудна ўпоўз, пыхкаючы парай, на разагрэты сонцам вакзал а палове другой дня. Пілсудскага закідалі кветкамі, затым на легкавіку без варты ён паехаў у біскупскі палац, дзе яму падрыхтавалі рэзідэнцыю.


Турма на Лукішках

Ліпеньскай раніцай па дарозе ў Лукішскі астрог (выбраліся адведаць арыштаваных таварышаў: Мадэста Яцкевіча, сакратара Беларускага нацыянальнага камітэта, якога схапілі за раздачу палонным газэты «Беларуская Думка», і сябра Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Горадзеншчыны Тамаша Грыба, арыштаванага на вакзале — збіраўся ехаць у Горадню) Аляхновіч расказваў Езавітаву горкі анекдот.

— Жанчына ў царкве кажа бацюшку:

«А мой жа мяне нядаўна так пабіў, што ледзьва да вас дайшла… Так пабіў!..» — «И каким же это образом?» — пацікавіўся бацюшка. — «Каб жа абразом… — цмокнула жанчына. — Палкаю, гад, біў!»

Завярнулі на Феліцыянскую, як раптам насустрач — кабета з хатульком на руцэ, у доўгай квяцістай хустцы:

— Паночкі, нарайце, да каго тут можна з жалобай падысці?

— А ў якой справе? — стуліў бровы Аляхновіч.

— Пабілі нас, паночкі. Бізунамі… Жандары пабілі… - Да іх нясмела падсунуліся яшчэ дзве — амаль у такіх жа хустках, доўгіх — да пят — спадніцах.

— Адкуль вы? Бадай, не віленскія? — пацікавіўся ў жанок Езавітаў.

— Ды з-пад Гальшанаў… Пан Чапскі прыслаў па астаткі нашага дабытку. Мы прасілі, каб злітасцівіўся, не ўсё забіраў… А яны нас бізунамі…

— Мы чулі, - перапыніла сяброўку тая, што падышла першай, — што ў Вільні быў пан Пілсудскі і казаў бараніць бедных… — Яна падціснула вузельчык хусткі. — Дык мы й ідзём прасіць паратунку. Зусім ужо гоніць нас рэвіровы, гоніць пан, жандар, а ў камісара гальшанскага адно графы на ўме, паліцыянт жа ад яго нас выгнаў — вось мы і насмеліліся ў Вільню…

Падрабязна патлумачылі гаротніцам, як дайсці ў Магістрат, параілі затым расказаць пра сваіх мясцовых панкоў у Беларускай радзе, пажадалі поспеху — і сумна папляліся далей.

— А пра гэта ў показках не гаворыцца? — Езавітава Аляхновіч такім калюча-гнеўным не бачыў.

— Такое, — выціснуў, памаўчаўшы, — і ў рамане выказаць цяжка…

У Лукішскі астрог Аляхновіч з Езавітавым — як сябры камісіі па вызваленні вязняў-беларусаў — патрапілі з дазволу пана гарадскога камісара. У трох карпусах сярод трохсот чатырох арыштантаў большасць была беларусаў. Аляхновіч падрабязна распытваў дзяжурнага пра адзіночкі і «групоўкі», папрасіў напачатку правесці ў «цэнтралку», куды вязні патрапляюць пасля следства — і дзе ўмовы найгоршыя.

— Слухай, а табе б па гэтым замку толькі экскурсіі вадзіць! — Падзівіўся Езавітаў. — Праз што такая абазнанасць: адзіночкі, цэнтралка?..

Аляхновіч усміхнуўся, прыцішыў крок, і, калі дзяжурны крыху прайшоў наперад, патлумачыў:

— Я ж тут ажно дзевяць месяцаў прабыў!

…Езавітаў думаў, што ўжо ўсё ведаў пра сябра — яшчэ ў першую сустрэчу ў Менску на кватэры Ядвігіна Ш. Аляхновіч многа расказаў пра сябе: і пра дзеда-шляхцюка, які меў гаспадарку пад Радашковічамі, добра маляваў і граў на скрыпцы, і пра ягоны пераезд — пасля таго, як «прамаляваў» усю маёмасць — у Вільню, і пра бацьку Караля, які іграў у Віленскіх тэатрах; і пра маці, якая мусіла працаваць швачкай; і пра сваю вучобу — у віленскіх рускай гімназіі (з якой пасля шасці клясаў быў выключаны) і тэхнічным вучылішчы (якое праз год кінуў сам)… Пасля заканчэння Варшаўскай драматычнай школы — праца ў польскім тэатры, пасля — Вільня, рэпарцёрства ў газэтах і рэдагаванне гумарыстычнага тыднёвіка «Перкунас»…

…- За адзін з артыкулаў у «Перкунасе» мяне паклікалі ў суд — адразу па трох артыкулах! — дарасказваў цяпер — у Лукішках — Аляхновіч. — «За кощунство, стремление к свержению существующего строя, за оскорбление царствующей особы в печати» ды «за возложение хулы на бесплотные силы небесные»… Вось і мусіў я не ў суд ісці, а эмігрыраваць у Аўстрыю. А дачуўся, што — гэта ў 1913-м было — у звязку з трохсотгоддзем дому Раманавых аб'явілі амністыю, — назад вярнуўся. І загрымеў: не ўсе мае «пункты» абвінавачвання падпадалі пад тую амністыю! І цапнулі мяне… — некалькі хвілін прайшлі моўчкі, і калі дзяжурны адамкнуў краты-вароты вузкага цёмнага калідора, Аляхновіч, прапускаючы Езавітава наперад, дадаў: — Вось у гэтай цэнтралцы я «На Антокалі», п'есу-першынца, і напісаў…

З жахам даведаліся, што няволіліся ў Лукішках і сорак юнакоў з Дзісеншчыны, якія ўцяклі ад бальшавіцкай мабілізацыі, перайшлі дэмаркацыйную лінію — і патрапілі за польскія краты. У адной з камер сядзелі дзве дзяўчыны…

Вязні расказвалі, што атрымліваюць палову фунта хлеба ўдзень, а за два месяцы ім ні разу не мянялі бялізны…

Камісія па вызваленні вязняў-беларусаў арганізавала збор ахвяраванняў для арыштаваных. Па яе хадайніцтву справу арыштаваных беларусаў разглядала Надзвычайная камісія — у ліпені і жніўні двойчы на тыдзень яна праводзіла свае паседжанні. Выйшлі на свабоду сто восемдзесят вязняў, а турэмныя ўлады паведамлялі пра змены нормаў харчу. Для незанятых працай вязняў яна склала 1 фунт хлеба, для тых, хто «лёгка працуе» — 1,5 фунта, хто мае цяжкую працу — 2 фунты. Акром таго ўсім выдавалася снеданне і вячэра, а таксама «зупа» на абед.

Можа, пасля тога наведвання Лукішак Кастусь Езавітаў і пачне сваю кнігу «Беларусы і палякі. Дакумэнты і факты з гісторыі акупацыі Беларусі палякамі ў 1918 - 1919 гадох»?


З Пекла — у Радасць?

2 жніўня, чакаючы пачатку паседжання Цэнтральнай рады Віленшчыны і Горадзеншчыны, Аляхновіч узбуджана расказваў пра пазаўчарашні (даведаўся са спазненнем) сход Расійскага праваслаўнага камітэта. На даклад ягонага старшыні аб становішчы расіян у Вільні генеральны камісар пан Асмалоўскі адказаў, што расійскае насельніцтва Віленшчыны не можа разлічваць на матэрыяльную падмогу ўрада, але абяцаў пастарацца зрабіць для ўсіх ахвочых прапускі… на выезд у Расею.

- Такія заявы я чуў ужо з месяц таму. І вось тады некаторыя з расійцаў пачалі заяўляць сябе беларусамі! — не супакойваўся Аляхновіч. — Больш таго — пачалі ўлазіць у нашыя арганізацыі і нават уваходзіць у прэзідыумы. Гэтыя новыя «беларусы» гаварыць па-беларуску, вядома, не ўмеюць, адно заяўляюць аб сваіх добрых хаценнях вучыцца нашай мовы, а пакуль што, кажуць, не паспелі…

- То што ж тут кепскага? — адразу не зразумеў сябравага абурэння Езавітаў.

- Х-ха! Руку блуднаму падаць заўсёды трэба… Але ж трэба быць і асцярожнымі, трэба сцерагчыся ваўкоў, што апранаюцца ў беларускую скуру, ваўкоў, якія могуць апаганіць тыя нашы арганізацыі, куды яны ўшчаміліся…

Беларуская рада пачала сваю працу паведамленнем старшыні Браніслава Тарашкевіча і выбарамі Вайсковай камісіі, якой, як сказаў старшыня, рада даручыць увайсці ў кантакт з адпаведнай уладай у справе фармавання беларускага войска. У Беларускую вайсковую камісію ўвайшлі Павел Аляксюк, Янка Станкевіч, Аляксандр Галавінскі, Францішак Кушаль і Бондар Нарушэвіч, кандыдатам — Леў Зубец.

Напрыканцы паседжання разглядалі школьныя і культурніцкія справы. Францішку Аляхновічу рада даручыла арганізацыю беларускага тэатра…


…Якой п'есы гэта была рэпетыцыя — ён ужо не помніў. Помніў ахутаную змрокам залу, два пражэктары, што зверху асвятлялі невялікую сцэну, невыразныя — пэўна ж, на скорую руку зробленыя — дэкарацыі. Перад сцэнай — Аляхновіч, рэжысёр:

- Так-так, а цяпер, хлопцы, вы знікаеце за гэтым шчытом-дрэвамі… А Наталка… — ён стукае па далоні затухлай люлькай. — А Наталка выходзіць — павольна — вось адсюль… — Сам ускоквае на сцэну і паказвае, кудой ісці акторцы. — Святло сюды, на сярэдзіну… — Апускае галаву і заўважае ў зале адзінокага гледача. — Спявай, Наталка, а я з залы паслухаю. — Заліхвацкі саскоквае са сцэны і садзіцца побач з Езавітавым. — Вось гэта правільна! — і пыхкае халоднай люлькай. — Не пабыўшы на рэпетыцыі, спектакля не пасмакуеш.

Езавітаў хацеў пацвердзіць, але тут заспявала акторка — і ён застыў, баючыся нават міргнуць: яна сарамліва і грацыёзна, як палахлівая лань, ступала па сцэне. Голас, пяшчотны, мяккі, наплываў з пералівамі, зачароўваў…

Аляхновіч заўважыў перамены з сябрам:

- Гэта нашая будучая зорка! — усміхнуўся і схаваў люльку ў кішэню пінжака.

Наталля скончыла спяваць, а Езавітаў, як і не чуўшы Аляхновіча, спытаў:

- Хто гэта?

- Наша будучая зорка, — паўтарыў Аляхновіч. — Наталля Якота. Старэйшая дачка бацькоў-беднякоў. Скончыла семінарыю, беларускія настаўніцкія курсы. Настаўнічала ў Сакольскім павеце. А калі ў сілу ўвабраліся палякі — іхні інспектар хацеў прызначыць яе выкладчыцай польскай мовы. Яна адмовілася і з месяц галадала, пакуль вось да нас не патрапіла… — А потым яшчэ раз хітравата агледзеў Езавітава і спытаў: — Можа, пазнаёміць?

І Езавітаў нібыта прачнуўся:

— Зрабі ласку!


Вільня рыхтавалася да новых зменаў — у назвах сваіх прамянёў-вуліц. Магістрат прыняў адпаведнае рашэнне ў сярэдзіне ліпеня. Беларускі нацыянальны камітэт прасіў гарадскія ўлады пераназваць Малую Пагулянку ад Віленскай да Зактэтнага леса на праспект або вуліцу доктара Францішка Скарыны, а былую Андрэеўскую (Аўгусціянскую) на Мамонічаўскую[24] вуліцу, і — да ўсяго, — «каб на табліцах з найменнямі вуліц на другім мейсцы былі памешчаны назовы вуліц у беларускай мове рускімі літэрамі».

Больш месяца віленскі Магістрат апрацоўваў прапановы па пераназове вуліц і аддаў матэрыялы на зацвярджэнне камісару горада. Арэнбургская, Бухарская, Каўказская, Полацкая, Суздальская, Цараградская ператварыліся адпаведна ў Сміглава-Рыдза, Слізкую, Славацкага, тракт Баторага, Кракаўскую, Слуцкую; Віцебскі завулак стаў Свянцянскім, Сербская — Касцюшкі, Юрская — Міцкевіча, Булгарская — Сыракомлі, Гогаля — Крашэўскага, Радунская — Пілсудскага; Біскупская пераўтварылася ў Мокрую, Жыдоўская ў Школьную, Карная ў Пустую, Суздальскі завулак — у Сляпую, Пекла — у… Радасці. На былой Фабрычнай з'явілася шыльда «вул. Ф. Скарыны», а на былой Яснай — «вул. Мамонічаў»… Толькі віленчукі яшчэ доўга будуць блытаць новыя назовы са старымі, адчуваючы, што іхні горад нечакана ўдвая пабольшаў…

Беларускі нацыянальны камітэт пастанавіў прасіць у каталіцкага біскупа адкрыцця ў Віленскай духоўнай семінарыі катэдры беларускай мовы, літаратуры, гісторыі і геаграфіі Беларусі, а таксама таго, каб у віленскіх касцёлах з казаннямі і чытаннем Евангелля па-польску былі зацверджаны казанні і чытанні і па-беларуску — асабліва ў час прыходу багамольцаў з Кальварыі і Вострай Брамы — бальшынёй беларусаў — у Вострабрамскім і Боніфратэрскім касцёлах.


8 жніўня менчукоў разбудзіла страшэнная кананада. А шостай раніцы на ўскрайку горада ўсчалася кулямётная страляніна, якая паступова перакацілася на гарадскія вуліцы. Пасыпаліся шрапнелі, цэнтр горада скаланулі гарматныя выбухі, затым да Віленскага вакзала прагізавала кавалерыя. І раптам усё аціхла — чырвонаармейцы выйшлі з Менска.

А чацвёртай дня гараджане пачалі выходзіць на вуліцы і з цікавасцю разглядаць польскіх жаўнераў…

Першыя дні Менск здаваўся пусткай — замкнутыя крамы, бітыя вітрыны. Перад адступленнем чырвонаармейцы вывозілі хто што хацеў і мог: крэслы, шафы, канапы… Чыгуначнікі зноў намагаліся не даць цягнікоў — іх «угаварылі» кулямётамі.

Ніхто не ведаў курсу грошай, і гандляры пачалі браць «на вока», канешне ж, не ў чужую карысць. Хлеб каштаваў у Менску 5 рублёў на царскія, а сала — 12-20. За 15 царскіх рублёў можна было паабедаць у таннай сталоўцы (праўда, калі мець з сабой хлеб). Махляры нажываліся на «бальшавіцкіх» грошах, абдурваючы рабочых. Падарожаў хлеб, і спекулянты намерыліся вывозіць муку з Вільні, - кошт на хлеб узрос і там. Уладам давялося забараняць спекуляцыю, а на станцыях Ліды і Баранавічаў рыхтаваць два цягнікі з прадуктамі для Менска (балазе ўраджай на Беларусі быў добры).


Магілы на Камароўцы, Койданаўскім тракце, у Лошыцы…

Яшчэ пасля здачы палякам Маладэчна ў Менску ўзлюцілася гарадское ЧК, якое мела 1800 агентаў. Падзеленая на пяцёркі, «чрэзвычайка» магла зрабіць за ноч да тысячы вобыскаў. Некалькі дзён у горадзе «абшуквалі» тых, хто меў хоць нейкае дачыненне да «польскасці» ці «беларускасці». Менчукі, ратуючыся, пачалі ўцякаць у прыгарадныя мястэчкі — далей ад чыгункі, дзе не было ні камісараў, ні чырвоных атрадаў. Многіх арыштоўвалі. «Камітэт абароны» Менска, каб «узмацніць тыл», прыняў нават пастанову аб узмацненні тэрора.

…Праз месяц пасля заняцця горада польскім войскам з ініцыятывы амерыканскай місіі ў Варшаве была створана міжнародная камісія па вывучэнні бальшавіцкіх злачынстваў у Менску. У ейны склад увайшлі кабета-палкоўнік амерыканскай арміі (яе прозвішча не дайшло да нашых дзён), доктар Рогаўскі, доктар Міраслаў Абэцэрскі[25], старшыня Польска-беларускага таварыства, і сябра польскага суда Мурзіч. За некалькі дзён камісіяй было выяўлена і эксгуміравана шэсцьдзесят магілаў — у кожнай па пяць-шэсць трупаў, траплялася і па трыццаць… У многіх ахвяраў — рукі звязаны дротам. На сямі целах не было ні знакаў ад куль, ні ад катаванняў: бедалаг закапалі жывымі… Астатніх расстрэльвалі. Большасць — цывільныя людзі, толькі ў адным паховішчы знайшлі трох польскіх уланаў.

Сведкі (дочкі лесніка, на чыёй тэрыторыі выявілі магілу) казалі, што месяц таму тыя ўланы прыязджалі да іх у леснічоўку, а затым былі схоплены чырвонаармейцамі.

У адной з магіл адкапалі труп менскага адваката Елеца, сваяка Антона Луцкевіча, — яго пахавалі жывым. Твар абгніў, і пазналі адваката па шлюбным пярсцёнку, на якім меўся надпіс… Каштоўнасцяў у ахвяр не забіралі: ці не было недахопу, ці не хапала часу…

Знаходзілі трупы, звязаныя па некалькі. Усіх закопвалі неглыбока, і некаторыя трупы выграбалі сабакі і надгрызалі… У магіле на Койданаўскім тракце адкапалі дваццаць шэсць трупаў — ва ўсіх паламаны рукі і ногі…

Падобныя магілы выявілі на Камароўцы ў лесе Ваньковіча і каля Лошыцы (маёнтак Любаньскага), — тры вярсты ад Менска[26].

Многія магілы дапамаглі адшукаць гараджане і сяляне, міжвольныя сведкі забойстваў. Жанчына з прылошыцкага хутара раніцай збірала грыбы. Раптам — гыркатанне самахода. Яна з дарогі — пад яліну, прыцішылася. А самаход, як на тое, тармазнуў побач. З кузава выскачылі тры вайскоўцы, паселі неўздалёк. Закурылі, загаварылі. А раніца ў ліпеньскім лесе росная, звонкая, рэха далёка коціцца!

— А я, — узгадвала жанчына, — і дыхаць перастала… А мужык адзін… зарыштаваныя на кузаве сядзелі… і кажа ім хрыпотна: «Не мучайце больш, забівайце!..»

А той, у хворме, што бліжэй сядзеў, усміхнуўся крыва й бухнуў: «Паспееце!»

Дакурылі яны, значыць, цыгаркі свае і мужыкоў тых — чацвёра было — па адным і пастралялі… Перад гэтым яшчэ рыдлёўкі далі, каб магілу сабе выкапалі. Як першы стрэл ляснуў, у мяне, здалося, штось і абарвалася ўнутры. Хацела наўцёкі кінуцца, ды ўсё ж стрымалася… І ногі як ватныя… А то і мяне б…

«Чрэзвычайнікі» забівалі сваіх ахвяраў не толькі ў прыгарадных урочышчах і лясах — некаторых стралялі ў лёху ЧК на Петрапаўлаўскай вуліцы, дзе і сядзелі арыштаваныя — і праз сценку чулі стрэлы і крыкі…


Пра ўсё гэта з беларусаў адным з першых даведаўся напрыканцы жніўня 1919-га Францішак Аляхновіч — на той час ён ужо быў у Менску: наладжваў дзейнасць сваёй тэатральнай трупы. У Менску пачала друкавацца і ягоная газэта «Беларускае Жыцьцё», у адзінаццатым нумары якой — за 31 жніўня — і будзе змешчаны матэрыял пра бальшавіцкія злачынствы. Засведчаць іх і два жудасныя фотаздымкі пад публікацыяй: на першым — раскапаная ў Камароўскім лесе магіла, каля трупаў ахвяр — сябры камісіі па вывучэнні бальшавіцкіх злачынстваў (Рогаўскі, Абэцэрскі, Мурзіч і жанчына-палкоўнік), на другім — дзесяткі эксгумаваных трупаў з магілы каля Койданаўскага тракта. Яшчэ не абгніла вопратка, некаторыя ахвяры босыя, побач з магілай — тры танклявыя бярозкі, а за імі — раўнюткае поле з акуратна састаўленымі ланцугамі бабак — жыта 1919 года паспелі ўжо зжаць…[27]

* * *

У Менск пачынаюць з'язджацца беларускія дзеячы і сябры Рады. Першымі вярнуліся Язэп Лёсік, Аркадзь Смоліч і Сымон Рак-Міхайлоўскі. Радных Забродскага і Карача бальшавікі арыштавалі і вывезлі ў Маскву — як беларускіх эсэраў. Іваноўскага і Трэпку ўтрымлівалі закладнікамі ў Смаленску…

Боль па ахвярах ліхалецця гучаў і ў публікацыях менскай беларускай газэты «Звон», якая пачала выдавацца напрыканцы лета, калі бальшавікі пакінулі горад («Звон» стаў спадкаемцам «Вольнай Беларусі», закрытай у лістападзе 1918-га бальшавікамі). У першым нумары «Звона» ад 25 жніўня 1919 года, рэдактарам якога быў Янка Купала, у рэдакцыйнай «перадавіцы» «Нашае заданьне» адназначна канстатавалася:


«Мы ані на момант не забудземся, што наша старонка-Беларусь — зруйнована вайною і крывавым панаваннеы маскоўскіх бальшавікоў. Мы ведаем, што калі што захавалася ад вайны, тое не ўтрымалася ад маскоўскіх бальшавіцкіх грабежнікаў».


Шмат спадзяванняў звязвалі са «Звонам» і Купала, і яго «дарадца» Язэп Лёсік, які затым стане рэдагаваць газэту (напрыканцы 1919 года яе пераназавуць «Беларуссю»), «Звонам» хацелі абудзіць свой агаломшаны варожымі набегамі народ — і высільваліся, і гарэлі гэтым:


«Мы будзем даводзіць свайму гаратліваму народу, што не пазбудзецца ён ліха ніколі, калі не адбудуе свае ўласнае Беларускае дзяржавы, свайго роднага Беларускага гаспадарства. Толькі тады, калі народ наш не захоча жыць нікім іншым, а толькі Беларусам з сваею роднай мовай і культурай, — толькі тады ён возьме сваю долю ў свае рукі і здабудзе сабе тое, чаго дамагаецца і што патрэбна для вольнага і культурнага жыцьця».


Не «прытанцоўваў» «Звон» Купалы і Лёсіка і перад Польшчай. У памянёным ужо артыкуле пісалася:


«Што тычыцца нашых адносін да Польшчы, то мы зьвяртаемся да польскай дэмакратыі з гэткімі словамі: колісь, за часоў быўшага Вялікага Князьства Беларуска-Літоўскага, нашы продкі памаглі вашым продкам збавіцца ад нямецкай крыжацкай навалы <…>, але калі Польшча перастала паважаць нашы дзяржаўныя і культурна-нацыянальныя патрэбы, то гэта прывяло і да згубы і доўгалетняго палону і вас. <…> Беларусь павінна быць Беларусьсю, а не «ўсходняю зямлёю»».


10 жніўня з прысутных у Менску сябраў Рады БНР (якую, як паведамляў № 11 «Беларускага Жыцьця», узначальваў на той час Язэп Лёсік) і прадстаўнікоў іншых арганізацыяў, што існавалі да бальшавікоў (Культурна-навуковага таварыства, Хрысціянска-дэмакратычнай злучнасці, Настаўніцкага беларускага хаўруса, Першага беларускага таварыства драмы і камедыі ды іншых) склалі Часовы беларускі нацыянальны камітэт. Яго старшынёй абралі Аляксандра Прушынскага-Гаруна. У той жа дзень дэлегацыя камітэта ў складзе Радзевіча, Бонч-Асмалоўскага, Ігнатоўскага і Крэпскага наведала генерала Шэптыцкага і намесніка польскага генеральнага камісара пана Рачкевіча — гаварылі аб патрэбах беларусаў.

Бургамістрам Менска назначылі ў мінулым сябра гарадской управы Доўнар-Запольскага (у вызваленых ад бальшавікоў гарадах польскія ўлады адразу ж уводзілі цывільнае праўленне).

Па горадзе з'явіліся абвесткі аб тым, што ў зале Юбілейнага дома «збіраюцца чытаць лекцыі па беларускай мове для ўсіх, хто запішацца». Арганізацыю курсаў даручылі Лёсіку.

Кастуся Езавітава тымі днямі сустракалі… у Коўне.

* * *

Вечарам напрыканцы жніўня, развітаўшыся з Наталляй Якотай (дамовіліся, што й яна перабярэцца ў Коўну, вось толькі адведае ў Менску сваю адзіную цётку, — маці Наталлі памерла ў Сусветную вайну), Езавітаў разам з Прануком Баброўскім спяшаў на апошні «літоўскі» цягнік. Аляхновіча, як той не напрошваўся на праводзіны, угаварылі застацца дома, — з 20 ліпеня па вуліцах Вільні можна было хадзіць толькі да дванаццаці гадзінаў, а шлях ад ягонай кватэры да вакзала — няблізкі.

- Як гэта Горадзеншчына да Літвы адышла? — дарогай пацікавіўся Пранук.

- А каб ад такіх, як твой Перапечка, бараніцца, яна аўтаноміяй і далучылася да Літвы.

- А праўда, што літоўцы з палякамі ваююць?

- Ідуць такія чуткі. Ды назаўтра самі пабачым, не спяшай…

Праз некалькі дзён Кастусь Езавітаў узначаліў агульную канцылярыю міністэрства беларускіх спраў пры ўрадзе Літоўскага Гаспадарства. Гэты ўрад асігнаваў на патрэбы міністэрства беларускіх спраў у чэрвені 20 000, у ліпені — 27 000, у жніўні — 28 000 аўксінаў. Канцылярыя Езавітава забяспечвала дзейнасць усяго міністэрства ў юрыдычных і фінансава-бухгалтарскіх пытаннях, мела зносіны з дзяржаўным кантролем Літоўскага Гаспадарства. Як было запісана ў «Часовым палажэнні аб Міністэрстве беларускіх спраў урада Літоўскага Гаспадарства», «агульная канцылярыя міністэрства трымае ў сябе таксама ўсе справы, датычачыя міжнародавай палітыкі літоўскага ўраду, назначэньня беларускіх аташэ ў пазамежныя амбасады, консульствы ці місіі».

Езавітаў як начальнік канцылярыі меў склад службоўцаў і перакладчыкаў. Пранук Баброўскі застацца пры канцылярыі не схацеў — і напрасіўся ў беларускую роту Сцяпана Новіка.

* * *

9 жніўня ў віленскім біскупскім палацы Пілсудскі прыняў дэлегацыю Беларускай рады Віленшчыны і Горадзеншчыны на чале з Алексюком. Начальніка Польскай дзяржавы віншавалі з перамогамі, гаварылі аб матэрыяльнай дапамозе беларускаму праваслаўнаму духавенству, адбудове беларускай нацыянальнай школы, пра беларускае войска, — і зноў Пілсудскі шчыра абяцаў паспрыяць ва ўсіх пачынаннях. Беларуская дэлегацыя была запрошана на вячэру.

У гэты час у складзе польскіх рэзервовых частак на фронт перакінулі і ўзвод вайскоўцаў-беларусаў, вызваленых праз намаганні Тарашкевіча з Люблінскага лагера. Прайшоў почут, што з яго распачнецца фармаванне беларускай арміі.

Васіль Муха, нядаўна прызначаны Беларускай вайсковай камісіяй камандзірам тога ўзвода, нечакана прапанаваў штабу генерала Шэптыцкага сваю аперацыю: злучыўшыся з беларускімі партызанамі (пад Барысавам дзейнічаў атрад Лукаша Сяменіка), акружыць некалькі чырвонаармейскіх частак…

У сярэдзіне жніўня Сяменікаўцы, добра ведаючы мясцовасць, завялі 3-ці польскі ўланскі полк у тыл бальшавікоў, і калі наступ пачаўся адначасна і на фронце, «абойдзеныя» чырвонаармейцы мусілі спешка пакідаць Барысаў. У яго ваколіцах было палонена каля дзвюх тысячаў салдат, захоплена 168 кулямётаў, 4 гарматы, 10 цягнікоў і 3 панцэрнікі. Толькі сяменікаўцаў і ўзвод Мухі чакала расчараванне: нічога з трафеяў ім не дазволілі пакінуць сабе. Адно Муху павысілі ў званні…

Польскія войскі пайшлі ўслед Чырвонай арміі на Бабруйск і Шацк.

У жніўні на беларускіх дзеячоў абрынуліся арышты: вядомага гісторыка протаіерэя Корчынскага вывезлі ў Варшаўскі вастрог — за тое, што выступаў супраць здзеку жаўнераў з беларусаў; доктара Бялецкага затрымалі ў Горадні, сябру Рады БНР, рэдактара газэты «Родны Край» Тамаша Грыба дасюль трымалі ў віленскіх Лукішках (дзе яго, хворага і галоднага, карміла габрэйская бедната). Арыштаванымі польскімі ўладамі былі загадчык спраў Беларускай горадзенскай управы Бояў, старшыня гэтай управы Курлоў, яе сябры Якавюк і Аўдзеевіч, прадстаўнік міністэрства фінансаў Марозаў, афіцэры беларускага палка Паўчар, Бутовіч і іншыя.

Такія дзеянні схілялі міністэрства беларускіх спраў яшчэ актыўней з'ядноўвацца з уладай незалежнага Літоўскага Гаспадарства, якое таксама адчувала ўціск мацнейшых «антантаўскай» Польшчы і «чырвонаармейскай» Расіі — і, выступаючы супраць іх, мусіла шукаць падтрымкі і ў насельніцтва непадлеглых акупацыі беларускіх паветаў, і ў беларускіх вайсковых частак.

З 24 па 31 жніўня беларуская рота пад камандаваннем афіцэра Міхайлоўскага ўдзельнічала ў бесперапынных баях на паўночным фронце і мела страты. Ля вёскі Цагельня леглі смерцю адважных афіцэр Юрый Пліско, малодшыя падафіцэры Вайцяхоўскі і Раманаў, дзесяткі жаўнераў. Многія былі паранены ў штыхавой барацьбе. З 23 на 24 жніўня вялікі атрад польскіх легіянераў атакаваў Першы беларускі швадрон Глінскага ў мястэску Лейпуны на беразе Нёмана і змусіў яго адступіць. У баі загінулі малодшыя афіцэры Сцяпан Новік, Аляксандр Фэлькэрзам і дванаццаць жаўнераў. Многія з беларускіх салдат былі прадстаўлены да ўзнагарод…


У сярэдзіне жніўня Язэп Варонка і Кастусь Езавітаў склалі «Пратэст урадам Злучаных Штатаў Паўночнай Амерыкі, Велікабрытаніі, Французскай Рэспублікі і іншых дзяржаў Антанты»:


«Аўгустоўскі павет былой Сувалскай губ. з волі Антанты адданы ва ўладарства Польскай Рэчы Паспалітай…

Уся тэрыторыя Беларусі становіцца цяперака разьдзеленай на двое: паміж бальшавіцкай маскоўскай арміяй Льва Троцкага і польскімі легіонамі Пілсудзкага…

У гэтыя дні, калі знаёмая ўсім беларуская часьць Літоўскага Гаспадарства, як то паветы: Берасьцейскі, Бельскі, Пружанскі, Белавежскі, Кобрынскі, Беластоцкі, Слонімскі, Сакольскі, Ваўкавыскі, Горадзенскі, Лідскі, Віленскі, Ашмянскі, Дзятлаўскі, Наваградскі стогнуць у цяжкім ярме польскай няволі, калі глохне голас жывога чалавека у спакойных з даўных часоў беларускіх вёсках і мястэчках, калі зарасьлі ўжэ лопухам сцежкі й запячатаныя цэрквы і зачынены беларускія школкі, калі ўсё культурнае і сьвядомае ў краі валакуць у паліцэйскія каморы <…>, - тутака «абкругляюцца» граніцы польскага тэрору, зьдзеку і ў дапамогу палякам у іх барацьбе з бальшавікамі на ўсходзе ці, што яшчэ горш, з нашымі братамі ўкраінцамі на поўдню, — да «Вялікай Польшчы» далучаныя ласыя кавалкі на захадзе…

Разаружаны беларускі полк у Горадні трымаюць зачыненым у горадзе, не даючы нікому права выезду…

Зыходзячы з такога цяжкага палажэньня, у якім знаходзіцца цяпер беларускае насяленьне памянёных вышэй паветаў, <…> імем безпраўнага і зьнясіленага беларускага народу пратэстуем проці той занядбаласьці, якую дапускаюць апякуючыся Польшчай і прызнаючыя яе дзяржаўную незалежнасьць Вялікія Дзяржавы <…>, аддаючы на расправу польскім гайдамакам залітую кроўю, спаленую і галодную беларускую зямлю.

…многамільённы беларускі сялянскі народ мае такое ж права на ўвагу і справядлівыя да яго адносіны, як і народы Арменіі, Сэрбіі і Бельгіі і <…> ніякія прынцыпы крыві і жалеза… не прымусяць беларускі народ прызнаць права польскага панства на беларускую зямлю.

Гэдзь, за Нораў!..»


17 жніўня Язэп Варонка падпісаў і абнародаваў «Пратэст…», ён жа асобным лістом папрасіў прэзідэнта Вальдэмарыса «давесці да ведама місій Антанты, якія знаходзяцца ў Коўні, і па радыётэлеграфу ў Парыж» пра польскія здзекі з мясцовых жыхароў.

Пасля гэтага ў Вільні і Горадні запрацавала спецыяльная камісія па разглядзе падобных скаргаў. Некаторых беларусаў вызвалілі з турмаў, большасць жа беларускіх дзеячоў заставаліся пад арыштам. Польскія ўлады запэўнівалі камісію ў тым, што арыштаваныя — насамрэч расійскія шпіёны, якія працуюць на бальшавікоў.

А напрыканцы жніўня 1919 года выйшла з друку кніга Кастуся Езавітава «Беларусы і палякі», у якой сцвярджалася, што беларусам з палякамі «не па дарозе», і падавалася шмат дакумэнтаў аб польскіх гвалтах у Заходняй Беларусі. Кніга мела вялікі попыт і перадрукоўвалася ў амерыканскіх эмігранцкіх — расійскіх і беларускіх — газэтах; яе выдалі ў перакладах на многія мовы свету. Натхнёны Езавітаў пачаў працу над новай дакумэнтальнай працай — «Беларусь ад Керанскага да Пілсудскага»…


«Каб дзеці нас не пракліналі»

Верасень 1919 года у статрыццацівасьмітысячную Вільню прыйшоў багатым — кірмашовыя лавы ажно трашчалі ад яблык, ігруш, бульбы. Нават старажылы не маглі прыпомніць, калі ў горад прывозілася столькі таннага збожжа…

Абуджалася пасля леташняй спякоты і грамадскае жыццё: з верасня тройчы ў тыдзень пачала выходзіць газэта «Незалежная Беларусь». У «Беларускай кнігарні» на Завальнай вуліцы з'явілася новая кніга Аляхновіча — п'еса «ў двух актах са спевамі» «Дзядзька Якуб».


Францішак Аляхновіч на пачатку верасня займаўся газэтнымі клопатамі. «Беларускае Жыцьцё» з № 12 пачалі друкаваць кірыліцай, бо — як тлумачылася на першай старонцы газэты — польскае войска вызваліла усходнія землі Беларусі, дзе гэтыя літары ведаюць больш.

У той жа дзень — 7 верасня — Аляхновіч з друкарні (вярнуўся з Менска, каб дарабіць незакончанае) ішоў на выбары ў віленскі Магістрат. Сёмы нумар меў і беларускі выбарны спіс. Галасавалі папярэдне раздадзенымі карткамі: на іх трэба было напісаць нумар спісу, затым, паказаўшы пашпарт, атрымаць канвэрту, пакласці ў яе картку і аддаць старшыні, які канвэрту ўкідаў у скрынку…

На прыступках Магістрата сустрэў Апанаса Новіка (ужо другі год той вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі) з купкай сяброў-гімназістаў.

- Вы што, вераб'і, ці не агітаваць сабраліся? — пацікавіўся Аляхновіч. — То далей адсуньцеся: за пяцьдзесят сажняў ад выбарнага памяшкання агітаваць забаронена.

Але хлопцы сумна паапускалі галовы.

- Дык што здарылася? — не мог даўмецца Аляхновіч. — Галасаваць хочаце, а без пашпартоў не пускаюць?

- Мы, дзядзька Францішак, не на выбары… — першым забурчаў Апанас. — Мы пратэставаць хочам.

- Во як! — Аляхновіч спахмурнеў. — А нагода?

- Палякі хочуць закрыць беларускую гімназію ў Будславе.

- Хто сказаў?

- Нашы інспектары ўчора казалі…

Па-праўдзе, нечаканай для Аляхновіча гэтая чутка не стала. Тыдзень таму ў Горадні ўлады выселілі са свайго будынка беларускую школу. І вось зараз — чарга іншых?..

Будслаўская гімназія запраектавалася яшчэ ў ліпені 1917 года, аб яе адкрыцці пачаў рупіцца Эдвард Будзька, які сам нарадзіўся і пачынаў вучыцца ў Будславе. Будзьку ведалі і як колішняга сябра выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца», актыўнага карэспандэнта «Нашай Нівы», які за нацыянальнае выступленне на мітынгу нават сядзеў у астрозе, ведалі і як аўтара пецярбургскай газэты «Дзянніца», і як удзельніка Першага усебеларускага кангрэса, сябра Рады БНР. Будзька даводзіўся родзічам (хоць і далёкім) Паўліне Мядзёлцы і ў 1908 годзе ажаніўся на ейнай сяброўцы Валерыі. У родным мястэчку Будзька склікаў быў сход, на якім пастанавілі адкрыць у Будславе беларускую гімназію (а будслаўцы гаварылі па-беларуску і, хоць былі каталікамі, палякамі сябе не ўважалі), і забраць — на той час, пакуль не займеюць асобны будынак — памяшканне валасной управы і пачаць ахвяроўваць грошы на аплату настаўнікаў. Будзька тады ўзначаліў гімназічны апякунскі камітэт і звярнуўся да Лявона Вітана-Дубейкоўскага, знаёмага яшчэ па рэдакцыі «Нашай Нівы», які скончыў Французскую акадэмію архітэктуры, — каб распрацаваў план двухпавярховага будынка гімназіі. На Зосінскай вуліцы вылучылі пляц зямлі. Непадалёк ад Будслава быў лес пана Аскеркі, які сяляне і вазілі на пабудову…

Будзька выехаў у Вільню, каб зарэгістраваць гімназію. У рэгістрацыйным адзьдзеле ў той дзень першым чакаў чаргі сур'ёзна-хмуры мужчына ў цёмным касцюме, пры гальштуку. Сакратар-справавод пачала збіраць дакумэнты… І трэба ж так сысціся: незнаёмец таксама рэгістраваў беларускую гімназію — у Слуцку!

- Можна падумаць, што адно беларускія школы і засноўваюцца ў нас! — не ўтрываў Будзька. Незнаёмец не без здзіўлення агледзеў яго, усміхнуўся:

- Думаю, вы супраць не паўстанеце…

- Ды не! Я ж сам з такім клопатам з Будслава прыехаў…

Радаслаў Астроўскі, які арганізаваў у Слуцку беларускую гімназію (а да гэтага выкладаў у Менскім настаўніцкім інстытуце) і прыехаў яе «ўзаконіць», дачакаўся, пакуль сакратарка пераправерыла паперы і ў Будзькі, - і разам з ім падаліся на вакзал, падсілкаваліся ў чыгуначнай сталоўцы, нават замовілі з нагоды сустрэчы па шклянцы віна, а вечарам адным цягніком выехалі з Вільні…

Перад Калядамі ў Будслаўскай гімназіі пачаліся заняткі (на дзень раней адкрыліся дзверы беларускай гімназіі ў Слуцку). Пан Пянткоўскі, калі стаў бурмістрам, раскватараваў у гімназіі нямецкіх салдат, але праз некалькі дзён тыя самохаць вызвалілі яе. Пасля намаганняў Цэнтральнай беларускай рады нямецкія акупацыйныя ўлады выдалі Будслаўскай гімназіі з Менскага казначэйства грашовую дапамогу. Нямецкія афіцэры нават выкладалі ў гімназіі нямецкую мову, давалі вучням сшыткі, алоўкі… Гімназісты пад кіраўніцтвам Будзькі пачалі выдаваць часопіс «Сьветач». Склаўся свой аркестр, драматычны, танцавальны, харавы і літаратурны гурткі.

Працавала гімназія і пры бальшавіках. А восенню, калі ў Будслаў прыйшлі палякі, Будзька змушаны быў, каб пазбегнуць пакарання за скарыстанне лесу пана Аскеркі, з'ехаць у Вільню, а затым — у Коўну, Дзвінск…

І вось цяпер ад імя нібыта гімназічнага домаўласніка Аскеркі бурмістр пан Пянткоўскі пачаў вытурваць гімназістаў і настаўнікаў са свайго будынка — каб размясціць там польскую школу. Апякунскі камітэт гімназіі пагадзіўся за свае сродкі наняць для польскай школы іншы будынак, але Пянткоўскі на тое не пагадзіўся. А новапрызначаны школьны інспектар Венслаўскі загадаў беларускую гімназію наогул закрыць.

- Будслаў, - сказаў ён, — малое мястэчка, каб тут была беларуская гімназія. Тут нават польскай гімназіі няма…

А ў Будслаўскай гімназіі працавалі два падрыхтоўчыя клясы, два першыя і — па адным — другі, трэці і чацвёрты. Вучыліся не толькі дзеці местачкоўцаў, але і з будслаўскіх ваколіцаў — больш трохсот гімназістаў…

Праз тыдзень у «Беларускае Жыцьцё» на імя Аляхновіча прыйдзе дублікат ліста з подпісамі пяціста жыхароў Будслава:


«…Дзеля таго, што народ наш толькі беларускі, якой бы ён веры ня быў, <…> дзеля таго, што нашай хатняй мовай зьяўляецца мова беларуская — спыненьне чыннасьці і працы нашай гімназіі, каторая была сьветлым праменьнем у нашым кароткім жыцьці, ёсьць для нас вельмі цяжкім горам.

Просім Цэнтральную беларускую раду <…> ужыць усіх спосабаў, каб нашы дзеці ў будучыні нас не пракліналі…».


З 12 па 16 верасня адбываліся паседжанні Беларускай цэнтральнай рады Віленшчыны і Горадзеншчыны. Рада папоўнілася новымі прадстаўнікамі ад беларускіх віленскіх і краёвых арганізацый. Старшынёй рады застаўся Тарашкевіч, віцэ-старшынямі — Кахановіч і Карабач, сакратарамі — Ластоўскі і Ярэміч, старшынёй Вайсковай камісіі — Аляксюк. Галоўную ўвагу з'акцэнтавалі на школьнай справе. Польскія ўлады адкрывалі ў краі толькі польскія школы, са ста высланых радай на вёскі беларускіх настаўнікаў дагэтуль яшчэ ніводзін не быў зарэгістраваны!

Усіх уразіла выступленне на першым паседжанні настаўніцы з Ашмяншчыны:

- На мясцох павятовыя інспектары, — абуралася яна, — і чуць ані пра якія беларускія школкі ня хочуць! Яны прызначаюць настаўнікамі толькі тых, хто скончыў польскія курсы.

«Хочаце, — насміхаюцца, — едзьце ў сваю Беларусь, калі яна недзе ёсць»…

Школьная рада пры Беларускай цэнтральнай радзе Віленшчыны і Горадзеншчыны накіравала ў адзьдзел асветы просьбу падтрымаць Будслаўскую гімназію, але атрымала адмоўны адказ віленскага школьнага інспектара і дазвол на адкрыццё ў Будславе адно школы.

Не скараючыся абставінам, рада дамаглася ўсё ж — 22 верасня — адкрыцця ў Вільні новых беларускіх настаўніцкіх курсаў.


«… і Кветка-Папараць яшчэ нам зацвіце!»

Аляхновіча мацуюць сустрэчы з Янкам Купалам, Алесем Гаруном, Змітраком Бядулем (якія былі і чытачамі «Беларускага Жыцьця», і яго аўтарамі (друкавалі свае вершы), Язэпам Лёсікам, — дзядзькам Якуба Коласа, — які выявіў ужо сябе не толькі значным беларускім грамадскім дзеячом, навукоўцам-моваведам (падрыхтаваў некалькі падручнікаў для школ), але і празаікам, публіцыстам — усе гэтыя менскія знаёмцы групаваліся вакол «Звона». Аляхновіч прачытваў «Звон» з цікавасцю. Асабліва хвалявалі матэрыялы аб запланаваным Пілсудскім «самавызначэнні»-плебісцыце ў краі. Лёсік у № 5 «Звону» на гэты конт выказваўся проста выдатна:


«Плебісцыт — гэта ёсьць запытаньне да ўсяго народу пэўнага краю: за каго ён сябе лічыць і як мае будаваць сваё жыцьцё, або, лепей сказаць, як ён хоча жыць, з кім ён мае кампанаваць ці да каго далучыцца, або хоча жыць сам сабою, незалежна ад нікога. Калі на плебісцыту людзі скажуць, што яны — палякі, то іх зямлю далучаць да Польшчы, а калі скажуць, што яны — расейцы, або маскалі, то іх аддадуць Расіі. Кожны з нас ведае, што «прымацкі хлеб батрацкі». Дык вось дзеля таго, каб не аддалі нас да каго-небудзь у прымы, дык народ наш павінен сказаць, што ён не паляк і не маскаль, або расіец (рускі), а Беларус.

…Але не можа быць нічога горшага на сьвеце, калі народ наш… назаве сябе расійцам і калі яго далучаць да Маскоўшчыны. Маскоўшчына — вінавайца ўсяго нашага гора, усёй нашай гістарычнай пакуты. Гэта дзякуючы ёй старонка наша на працягу соткі гадоў была полем вайны для расійцаў са швэдам, французам, а потым немцам. Мы ўжо ня кажам, што Масква ніколі не паважала і паважаць ня будзе нашай нацыянальнай душы, нашай мовы, нашай культуры і лічыць нас за асобы народ».


Менскія газэты пісалі і аб тым, што загадам Магістрата ўнармавалі грашовы курс у горадзе: 100 ўсходніх марак прыроўніваліся да 100 царскіх ці 287, 71 думскіх рублёў (на чорнай біржы за 100 марак плацілі 250 думскіх). Польскія ўлады вылучылі беспрацоўным менскім чыгуначнікам мільён рублёў…

Але такія інфармацыі ўспрымаліся Аляхновічам без цікавасці. Штось няпэўнае, тужліва-падазронае заварушылася гэтымі вераснёвымі днямі ў ягонай душы. Усё часцей узгадваўся Езавітаў, ягоныя словы:


«Бясплатны сыр кладуць толькі ў пасткі… Сваім супрацівам беларускаму нацыянальнаму руху палякі зрабілі непапраўную памылку — гэта ўзлюціла супраць іх тысячы беларусаў. Пасля нападу на беларускі полк у Горадні я, як беларускі афіцэр, лічу здрадай супрацоўніцтва з імі…»


Тады, на пачатку лета, Аляхновіч лічыў такія выказванні праявамі максімалізму, нават вайсковай фанабэрыі, зараз жа сябравы словы ўспрымаліся зусім па-іншаму…

Не бадзёрылася Аляхновічу, таму, можа, і пісаліся ў той час не вясёлыя, хоць і аптымістычныя, радкі — верша «Родны край», надрукаванага ў № 14 «Беларускага Жыцьця»?

…І хоць з-за аблокаў пахмурна сьвеціць сонца
і шчасьця-радасьці ня знойдзеш тут нідзе, —
загляне Доля йшчэ і ў нашае ваконца
і Кветка-Папараць яшчэ нам зацьвіце!..


Новая місія

У верасні ў Коўне пад рэдакцыяй Язэпа Варонкі выйшаў першы нумар месячніка міністэрства беларускіх спраў Літоўскага Гаспадарства «Часопісь». Распачаць выданне свайго друкаванага органа першым прапанаваў Езавітаў. Напачатку свае дакумэнты і абвесткі міністэрства друкавала ў асобным адзьдзеле віленскага «Гомана» (які закрылі напрыканцы снежня 1918 года), затым у горадзенскім часопісе культурна-асветніцкага таварыства «Бацькаўшчына», закладзенага Езавітавым (сакавік-красавік 1919 года). Пры паляках жа закрыліся разам з імі і «Родны Край» (Горадня), і «Беларуская Думка» (Вільня)…

- Праз колькі часу мы так і самі не ўзгадаем, што рабілі. Усе дакумэнты міністэрства трэба друкаваць — каб і люд бачыў, і самі потым знайсці маглі, - даводзіў неаднойчы Езавітаў. — А то як з дакумэнтамі Усебеларускага кангрэса будзе: пабралі па партфелях — і што пагубілі, што час панішчыў…

- Недарма, відно, ты вечарамі штаны ў Віцебскім аддзяленні археалагічнага інстытута праседжваў, - усміхаўся на гэта Варонка. — Як запраўдны архівіст — кошт дакумэнтам ведаеш!

Усміхаўся, і такі дамогся выдання сваёй «Часопісі». Хоць і няпроста было. Знайшлі грошы — а друкарні выдаваць не браліся… У Літве не было беларускіх кірылічных шрыфтоў. Падахвоцілася ўрэшце ковенская друкарня Бака і Манкесу. Напачатку друкары мусілі «выкручвацца» саматужна — замест э ставілі ў наборах перакручанае е — , замест ц — «дагары нагамі» h — , у замяняла і ў — ажно пакуль спадар Бак не даслаў з Нямеччыны неабходныя шрыфты…

Рэдакцыя «Часопісі» месцілася ў будынку міністэрства беларускіх спраў на вуліцы Міцкевіча — у доме № 13-а, двухпавярховым, перад вокнамі якога — маладыя ліпы, над паддашкам уваходу, пад вакном другога паверха, — бел-чырвона-белы сцяг.

На вокладцы першага нумара пад подпісам «Падарожжа надзвычайнай літоўска-беларускай місіі ў Варшаву» змясцілі фотаздымак сябраў місіі (у іх складзе — і Кастусь Езавітаў) на балконе горадзенскага беларускага гарнізона.

…А Езавітаў тым часам рыхтаваўся да новай ваенна-палітычнай місіі. Яшчэ 5 верасня ў Коўне ён атрымаў дыпламатычны пашпарт пад № 116. Па-беларуску, французску і нямецку ў ім было адзначана:


«Мы, Урад Беларускай Народнай Рэспублікі, іменем Беларускага Народу просімо ўсе ваенныя і цывільныя ўстановы чужаземных Дзяржаў і загадываемо ўсім прыслухаючым нам ваенным і цывільным уласьцям, каму гэты пашпарт будзе паказаны, дазволіць свабодны праезд нашаму начальніку Вайскова-палітычнай місіі ў Латвіі і Эстоніі палкоўніку Канстанціну Езавітаву і даваць яму ў патрэбе ўсялякую дапамогу».


Дэлегаты місіі ўжо былі прызначаны, а Езавітаў марудзіў з ад'ездам. Варонка разумеў: чакае звароту з Менска сваёй Наталкі… Толькі ж каб ведаў, чаго давядзецца прычакаць, — тады ж, як даваў пашпарт, і выправіў бы…

Наталля Якота, як і намервалася, адведала цётку і напрыканцы жніўня чыгункай выехала з Менска ў Коўну. Праз паўсотні кіламетраў — паміж станцыямі Заслаўе і Радашковічы — стрэлачнік накіраваў цягнік на папсаваны мост, пятнаццаць вагонаў вухнулі пад аткос. Каля сотні пасажыраў былі паранены, дваццаць тры — сярод іх і Наталля — загінулі…


«Часопісь», не рассакрэчваючы дэлегацыю Езавітава, пра ад'езд ваенна-палітычнай місіі інфармацыі не змесціць, надрукуе толькі наступнае:


«29 верасьня Кастусь Езавітаў пакінуў пасаду Начальніка канцылярыі Міністэрства беларускіх спраў з асабістых прычын і выехаў з Коўны, адводзімы таварышамі па працы».


Штабс-капітан беларускай арміі

Падчас пераезду рэдакцыі «Беларускага Жыцьця» на Свята-Міхальскі завулак у Аляхновіча ўкралі партфель з дакумэнтамі. Рэдактар мусіў даваць у панядзелак 6 кастрычніка ў сваёй газэце абвестку:


«Страціўся малы чорны партфель з пашпартам і рознымі дакумэнтамі на імя Ф. Аляхновіча. Хто яго знайшоў, няхай прынясе ў Рэдакцыю «Беларускага Жыцьця» толькі ўсе дакумэнты і квіткі, а за фатыгу атрымае 10 руб.»


У рэдакцыю падкінулі, наадварот, пусты партфель…


У Цэнтральнай беларускай радзе Віленшчыны і Горадзеншчыны ад Беларускай вайсковай камісіі з Менска прыйшла тэлеграма:


«Загад аб фармаваньні арміі падпісаны ў чацьвер. Пасылаем найглыбейшае прывітаньне ў гістарычную часіну пачатку тварэньня збройнай сілы, каторая будзе бараніць Бацькаўшчыну».


- Пэўна, у Менску Пілсудскага лепш улагодзілі, чымся тут, у Вільні, - прыцмокнуў Аляхновіч, правячы штось у газэтных гранках.

- Маеш на ўвазе ягоны прыезд у верасні? — у рэдакцыю да яго завітаў Ластоўскі, каротка падстрыжаны (што яшчэ больш адкрывала маладыя залысіны). Сівізна ўжо кранулася і пухматых броў, і курчавай бародкі. Як заўсёды — у накрахмаленай кашулі, з тонкім гальштукам, — цяпер у сінія палосы.

- Так… — і Аляхновіч сам спытаў: — Ці праўда, што Іваноўскага бальшавікі вызвалілі з турмы?

- То ён ужо ў Менску!

І раптам у дзверы ўпэўнена пастукалі. Зайшоў малады і статны вайсковец, казырнуў:

- Штабс-капітан Францішак Кушаль, намеснік старшыні Беларускай вайсковай камісіі. Маю гонар, спадары, пазнаёміць вашу рэдакцыю з адозвай БВК і дэкрэтам галоўнакамандуючага Польскай Дзяржавы…

Аляхновіч і Ластоўскі параскрывалі раты — штабс-капітан быў у навюткай вайсковай форме з беларускай нацыянальнай сімволікай!

- Зробце ласку…

- Во толькі пра БВК і ўзгадвалі…

- Вось, — Кушаль падышоў да стала, выклаў з папкі на стол паперы.

— Гэта дэкрэт Пілсудскага, якім камандзірам беларускай арміі прызначаецца запрапанаваны БВК палкоўнік Канапацкі, а месцам фармавання нашага войска абраны Слонім.

Аляхновіч і Ластоўскі хутка чыталі дакумэнты — раз-пораз, не стрымліваючыся, азіраючы афіцэрскую форму.

У дэкрэце Пілсудскага значылася:


«Дзеля арганізацыйнай і прыгатаваўчай работы назначаю Беларускую Вайсковую Камісію, якая ў паразуменьні з Камісарыятам Усходніх Земляў <…> будзе арганізоўваць беларускае войска:

1) даючы адпаведныя наказы палкоўніку Канапацкаму і

2) утвараючы адпаведныя падкамісіі.

У склад Камісіі ўваходзяць: палкоўнік Канапацкі, п. Рак-Міхайлоўскі, штабс-капітан Кушаль, палкоўнік Якубоўскі, п.п. Мурашка, Аўсянік, Прушынскі (Гарун) і штабс-капітан Якубоўскі.

Месцам працы Камісіі назначаю Менск».


А гэта — з адозвы БВК:


«Дзеля таго, што ў хуткім часе мае фармавацца беларуская армія, прапануецца афіцэрам, ваенным чыноўнікам і дактаром-беларусам зарэгістравацца. <…> Старшыня Вайсковай камісіі П. Аляксюк. Сябра камісіі А. Аўсянік».


- Спадзяюся, вы неадкладна пазнаёміце сваіх чытачоў з гэтым… — Кушаль паднёс далонь пад казырок.

Аляхновіч спалохаўся, што нечаканы зайшла знікне, і паспяшыў распытаць:

- Гэтая форма… на вас — беларуская?

- Так, — Кушаль задаволена ўсміхнуўся. — Спраектавана і зацверджана і вайсковая форма. Пашыта, праўда, толькі першая партыя.

- І ўся такая? — дапытаў Ластоўскі.

- Што ж, — Кушаль падкруціў вус, — можа й пра гэта варта напісаць… Фасон шапкі, як бачыце, — ангельскі, колер шэры, у штабных і тэхнічных аддзелаў канты чырвоныя, у пяхоты — чорныя, у кавалерыі — белыя…

- Чакайце… Зараз буду запісваць! — перапыніў афіцэра Аляхновіч, абмакнуў пёрка. — Ну…

- Аколышак шапкі ў штабе аксамітны чорны, у пяхоты шэры, у кавалерыі — блакітны. На ім ва ўсіх нашыты бел-чырвона-белы паясок, пасярод яго — у вянку «Пагоня». Ва ўсіх шапках афіцэраў пад казырком — срэбны пераплецены шнурок… — У кароткіх паўзах у расказе штабс-капітана Кушаля было чуваць спешкае шапаценне пёрка: Аляхновіч старанна запісваў пачутае. — Мундзір фасону «фрэнч», з чырвонымі кантамі-лампасамі ў штабе, з чорнымі ў пяхоты і белымі ў кавалерыі. Апроч таго, у кавалерыі блакітны каўнер і манжэты. Эпалет з той жа сукні, на ім ва ўсіх на чырвоным полі вышыта срэбная «Пагоня». У афіцэраў на каўняры срэбная пятля, у жаўнераў — бел-чырвона-белыя нашыўкі, а на іх — срэбныя нашытыя паяскі дзеля азначэння рангаў. Афіцэрская ж ранга абазначаецца толькі срэбнымі нашыўкамі на рукавах… На гузіках ва ўсіх «Пагоня»… — Кушаль памаўчаў і падагульніў:

— Здаецца, нічога не прамінуў…

- Можа, пяхоце варта было б канты зялёнымі зрабіць, а то неяк ужо ўсё шэра… — заўважыў Аляхновіч.

- Зялёнымі? — Кушаль уважліва зірнуў на гаспадара пакоя. — Яно б летам і зручна, а вось зімой, на снезе… Не, будзе дэмаскаваць!

Аляхновіч, калі развіталіся з Кушалем, яшчэ раз перачытаў атрыманыя дакумэнты, адклаў іх для пасылкі ў набор, начыста перапісаў зацемку пра форму беларускай нацыянальнай арміі і, падумаўшы, пад ёй у два радкі размашыста дадаў: «Хай жа пад беларускім мундзірам ня знойдзецца ніводнага не па-беларуску бьючагося сэрца!»

Усе матэрыялы з'явяцца ў № 19 «Беларускага Жыцьця», які аддрукуюць у суботу 11 лістапада 1919 года…


Ці ёсць у гаданнях праўда?

Цягнік моцна хістала: пэўна, звечара пачаў наганяць адставанні. Лескаталі, як енчылі, на рэйкавых стыках калёсы, сустрэчны вецер урываўся ў апушчаную фортку, сушыў прахалодай і няпэўнасцю.

- Пану не спіцца? — па-руску запытала жанчына.

Азірнуўся: цыганка ў шырокай квяцістай сукенцы, што ледзь месцілася ў праходзе між купэ і сценкай вагона; на маладой шыі ў некалькі столак — вялікія пацеркі з бурштыну, доўгія зіхоткія завушніцы… Агледзела ўважліва, вочы пад доўгімі веямі — як светлякі, з карычневым водбліскам.

- Бачу, пан смуткуе… — і сама спахмурнела, дохгія падмаляваныя бровы выгнуліся; крутнула галавой, перакінуўшы тугую касу на другое плячо. — Усё бачу наперадзе… Дарога твая далёкая, але са зваротам… І канец яе дома… — Цыганка памаўчала, яшчэ раз зірнула — як апякла — у вочы. — Дзіўна, бачу пана на белым кані ў генеральскім мундзіры…

Нахмурыўся ўжо Езавітаў: «Ці ёсць у гаданнях праўда?»

Падбег вымазаны ў павідла крываногі хлапчук, пачаў тузаць цыганку за спадніцу, штось прасіць.

- Джа дацір, сыгэ! Джа-джа…[28] — і яна нібы агоўталася, паківала галавой. — Вось і ўсё. А боль твой залечыцца… Ты ж яшчэ малады, прыгожы… Дзевак шмат вакол будзе! — зноў абнечаканіла-здзівіла.

Езавітаў дастаў кашалёк, каб аплаціць «варажбу», але цыганка павольна пахітала галавой і, прыемна ўсміхнуўшыся, крутнулася і пацокала доўгімі абцасамі…

Ён заснуў адразу — нібыта супакоены цыганчыным позіркам. Вагон хістала яшчэ больш, а яму трызнілася, што гойдаецца на хвалях Дзвіны… Потым, малым хлапчуком, бяжыць поймай рэчкі. Цёпла. Трава казыча босыя ступакі, і раптам — ажно жоўта ад кветак, маладых вясновых дубровак-ведзьміных ножак… Яму захацелася нарваць з іх букет — а кветкі не паддаваліся… У далонях заставаліся толькі адны пялёсткі.

- Бачыш, як моцна трымае іхнія карані ведзьма! — напалоханы голас Наталлі. Ён — хлапчук, а яна чамусьці дарослая, у той самай сукенцы, у якой убачыў яе на Аляхновічавым спектаклі…

Хапіў за сцябліну мацней, пацягнуў — а з зямлі за тоўстым коранем сунецца рука — ні то цыганкі, ні то якойсьці старой…

Ад жаху абудзіўся… Доўга ляжаў, а пад раніцу — шкло вакна абцягнулася хмурым блакітам — выйшаў у пусты калідор і зноў апусціў фортку, каб удыхнуць прахалоды.

* * *

У Коўне — новыя змены. 2 кастрычніка кабінет Слежэвіча, які склаўся пасля Вальдэмарысавага, падаў у адстаўку, — праз няўдачы ў замежнай палітыцы і кепскае фінансавае становішча ў краі. У новым кабінеце Гальваноўскага міністрам беларускіх спраў застаўся Варонка. Праз дзесяць дзён на агульным паседжанні ўрада Літоўскага Гаспадарства Варонка зачытаў заяву:

- Паны міністры! Лічу патрэбным сказаць вам… — Зрабіў паўзу, агледзеў урадоўцаў. — Ад папярэдніх кабінетаў засталося многа няскончаных спраў, датычачых беларуска-літоўскіх адносін і ўмоў… Беларуская тэрыторыя занята ворагам, усё, што было адважнейшага з нашай інтэлігенцыі — сядзіць у польскіх турмах у Варшаве, у Вільні, у Горадні, у Беластоку. Сябры Тарыбы — беларусы — таксама там жа ўжо болей трох месяцаў. Беларускае войска ў Горадні аддадзена на здзек праз неагляднасць старога кабінета. Які лёс салдатаў і афіцэраў-беларусаў, за што яны церпяць? Тутака ніводзін міністр краёвай абароны не парупіўся выдаць закон аб беларускіх частках літоўскай арміі. Беларуская школа — загінула, ідзе паланізацыя беларусаў па ўсёй акупацыі… Гэта ўсё прапаную новаму кабінету мець на ўвазе, каб памылкі мінуўшчыны запраўды далі нам магчымасць працаваць разам у адбудове нашага супольнага Гаспадарства. Прэтэнзіі ж мае няхай стануць у праграме маёй з вамі цяжкай працы[29].


А тым часам на «занятай ворагам тэрыторыі» абуджалася нацыянальнае жыццё, сэрцам якога стаў менскі Часовы беларускі нацыянальны камітэт. Друкаваным органам камітэта зрабілі газэту «Звон», якую 21 кастрычніка пераназвалі «Беларуссю». Колькі дзён да таго для ўсіх менскіх газэт скасавалі папярэднюю цэнзуру. 25 кастрычніка Другія беларускія настаўніцкія курсы скончылі 233 слухачы. Дырэктарам Настаўніцкага інстытута ў Менску зацвердзілі Вацлава Іваноўскага, настаўнікамі, сярод іншых, — інжынера-электрыка Трэпку і прыват-дацэнта Пецярбургскага універсітэта Тарашкевіча. Рыхтавалася да склікання сесія Рады БНР, а 28 кастрычніка адбыўся сход ЧБНК, на якім назначылі двух прадстаўнікоў у Галоўны камітэт па выбарам Гарадской рады — замест Міцкевіча і Пуроўскага «пастанавілі прасіць стаць памянёнымі прадстаўнікамі» Алеся Гаруна і Аркадзя Смоліча; Лёсіка і Фарботку зацвердзілі прадстаўнікамі Школьнай рады пры Настаўніцкім інстытуце…

Толькі ў Коўне менскаму абуджэнню не давалі веры. Язэп Варонка непахісна нагадваў у «Паштовай скрыні» кастрычніцкага нумара «Часопісі» Луцкевічу-Навіне і, канешне ж, і ягоным «прапольскім» аднадумцам:


«Антону Навіне. Напамінаю вам, што рэзалюцыя Першага Усебеларускага кангрэсу ў Менску (5-18 снежня 1917 г.) адносна да палякаў была такая: «Каб абараніць народнае багацьце і абясьпечыць край, Урад павінен прыняць меры аб вывадзе польскіх легіёнаў з межаў Беларусі ці расфарміраваньні іх у самы кароткі срок»…


«Мы ўсе яшчэ ў няяснай мгле»

Езавітаў жа Варонкаўскую непахіснасць ужо не падзяляў. Папрацаваўшы ў Коўне, ён выказваў — дыпламатычна — шмат нязгодаў і літоўскім урадоўцам, асабліва ў замаруджванні фармавання беларускага войска, — і, урэшце, перад ад’ездам у Латвію папрасіў адстаўкі з літоўскай арміі.

«Літоўскі бок пакуль не выканаў падпісаных Віленскай беларускай радай і Тарыбай дамоў, - сказаў ён на развітанне міністру краёвай абароны Літоўскага Гаспадарства. — Спадзяюся, што ўсё ж вы паправіце становішча»…

А сам — ужо ў Рызе — не без добрых спадзевак назіраў за фармаваннем беларускага войска ў Менску Беларускай вайсковай камісіяй, якую пачаў ачольваць Алесь Гарун. Беларускія газэты знаёмілі з новымі адозвамі:


«…Моладзеж, наша краса і надзея!

Завём цябе ў беларускае войска! Бацькаўшчына наша заве сваіх верных сыноў…»


Праўда, не маглі не насцярожваць выпады некаторых польскіх шавіністычных выданняў. «Gazeta Warszawska» пісала:


«…Няма гэткай дзяржавы на свеце, якая б дазволіла на сваёй тэрыторыі клікаць ахвочых у чужыя арміі. Чаму і дзеля чаго ў нас робіцца інакш? Дык жа ўсходнія землі, хаця фармальна яшчэ не прылучаны да Польскай Дзяржавы, але далі ўжо шмат доказаў, што гэтага далучэння чакаюць ад Польшчы…»


Вось так… Беларусь — усходняя тэрыторыя Польшчы, а беларускае войска — чужое…

Не зважаючы на палітычныя рознагалоссі, супроцьстаяння ў творчых і грамадскіх стасунках — не было. Здвоены нумар «Часопісі» за лістапад-снежань (№ 3-4) «пралітовец» Язэп Варонка адкрываў вершамі «прапольскага» Алеся Гаруна «Трохлінейка-магазынка» і «Паходная» — і на паўстаронкі падаваў фотаздымак паэта: з бадзёра ўзнятымі ў акуратнай прычосцы валасамі, у кашулі народнага крою з высокім каўняром, з бел-чырвона-белым значком на лацкане пінжака.

Вершы Алеся Гаруна разыходзіліся на той час і са старонак сябраўскай «Беларусі» (з ейным рэдактарам — Лёсікам — іх аўтар пазнаёміўся яшчэ ў сібірскай высылцы), і на балонках Аляхновічавага «Беларускага Жыцьця» (рэдакцыя якога, перабраўшыся з Вільні ў Менск, заняла пакой у доме № 5 на Архірэйскім завулку).

У Гаруновых вершах пульсавалі матывы ваяцкасці, і болі, і неспакою, і смутку, і ўпэўненасці:

…Будзем мы ваяваць
Для народу,
Бараніці наш край
І свабоду…
…Мусім народ абудзіці,
Голасна мусім пазваць:
Гэй, хто работнік? Хадзіце
Новы ўсім лад будаваць!
…Але, ну так, але, але, —
Мы ўсе яшчэ ў няяснай мгле,
Наперад глянуць, — далі там
Няма, здаецца, жаднай нам…
Глядзі: ідзём мы не адны, —
Шукаць дабра для стараны, —
За намі рушылі яны —
Зямлі радзімае сыны!

12 кастрычніка 1919 года Пілсудскі даў згоду на скліканне Рады БНР. Антон Луцкевіч пасля сустрэчаў з Начальнікам Польскай Дзяржавы ў Варшаве прыехаў у Менск. Большасць «старых» сябраў Рады вырашыла не прызнаваць новыя мандаты віленскіх эсэраў, «мабілізаваных» Вацлавам Ластоўскім.

- Новых сябраў Рады павінна зацвердзіць мандатная камісія. Толькі тады яны змогуць удзельнічаць на паседжанні, - выказваўся і старшыня прэзідыума Рады Язэп Лёсік.

- Я меўся зрабіць справаздачу аб сваёй палітычнай дзейнасці за мяжой… — Антон Луцкевіч, было заўважна, хваляваўся. — І зрабіць гэта магу толькі на закрытым паседжанні Рады, без пастаронніх на галёрцы…

У адказ пачулася некалькі пярэчанняў.

- Тады я, — Луцкевіч азірнуўся на прэзідыум, — пакіну паседжанне…

Прэзідыум, акрамя Пётры Крэчэўскага, і частка Рады перайшлі пасля гэтага на кватэру Аляксандра Уласава. Большасць прысутных на паседжанні засталася ў зале Беларускага-Юбілейнага дома і, працягнуўшы працу сесіі, абвясціла сябе Народнай радай БНР. У прэзідыум абралі Крэчэўскага — старшынёй, Захарку, Мамоньку і іншых. Прэм'ер-міністрам прызначылі Ластоўскага.

14 снежня Народная рада БНР пацвердзіла вернасць Трэцяй устаўной грамаце аб абвяшчэнні поўнай незалежнасці Беларусі і, выказаўшы пратэст супраць польскага гаспадарання, прыняла праграму ўсенароднай партызанскай барацьбы супраць акупантаў.

На кватэры ж Уласава тады, 12 кастрычніка, заслухалі даклад Антона Луцкевіча і вырашылі часткова перадаць паўнамоцтвы Рады абранай там жа Найвышэйшай радзе — прэм'ерміністру Луцкевічу, Іваноўскаму, Лёсіку, Серадзе, Рак-Міхайлоўскаму, Уласаву і Цярэшчанку.

Дачуўшыся пра «мяцежны» сход Народнай рады, палякі «за ўзурпаванне не належачых паўнамоцтваў» распусцілі Народную раду БНР, а некаторых сябраў яе прэзідыума разам з Ластоўскім кінулі ў турму.

Луцкевіч з Цвікевічам зноў выехалі ў Варшаву — і атрымалі аўдыенцыю ў Пілсудскага. Наконт «менскіх» падзеяў пэўнай пазіцыі той не выказаў, нават абнечаканіў:

— Мае адносіны да Беларусі будуць абумоўлены тым, што стане з Літвой і Украінай. — Затым памаўчаў, падправіў вус, бліснуў карычневымі зрэнкамі. — А наогул, я вас не разумею… Хочаце атрымаць уладу - ну і бярыце! Не хочаце — не перашкаджайце іншым…


Асобны атрад БНР

У лістападзе 1919 года па даручэнні кіраўніцтва БНР Кастусь Езавітаў сустрэўся са Станіславам Булак-Балаховічам і запрасіў яго на службу ў беларускую армію.

Ён быў знаёмы з генералам яшчэ з Першай сусветнай, калі Булак-Балаховіч са сваім узводам дзейнічаў у ваколіцах Дзвінска, дзе стаяў і вайсковы аддзел Езавітава. Неаднаразова даходзілі чуткі пра геройства Балаховічавага «атрада смерці» (байцы насілі з сабой ампулы з ядам): ягоны кавалерыйскі ўзвод прарваўся быў у нямецкі тыл, захапіў палкавы абоз, дзесятак палонных і палкавую касу; сярод белага дня дваццаць добраахвотнікаў на чале з Булак-Балаховічам заатакавалі і захапілі апорны пункт нямецкага войска — падчас агульнага пастраення, калі зачытваўся загад. Булак-Балаховіч пасля таго стаў падпаручнікам і атрымаў узнагароды за адвагу. На агульнай «пачостцы» і сустрэліся тады Езавітаў і Булак-Балаховіч. Затым, пасля рэвалюцый, з дазвола старшыні Рэўваенсавета Троцкага Булак-Балаховіч сфармаваў полк, які вялікай карысці Чырвонай арміі не прынёс. Дачуўшыся, што бальшавікі падчас паездкі ў Петраград хочуць яго арыштаваць, Булак-Балаховіч аддаў свой мундзір ардынарцу татарыну Кубу Гасенчу і выправіў яго замест сябе…

У лістападзе 1918 года балахоўцы ўліліся ў Белую армію. У лютым 1919-га паўтаратысячны полк Булак-Балаховіча захапіў Гдоў, з падвалаў ЧК вызваліў каля пяцісот вязняў, а затым абараняў ад бальшавікоў Пскоў. Да балахоўцаў перайшоў стралковы полк чырвонаармейцаў, за што камандуючы Паўночна-заходняй арміі Юдзеніч прысвоіў Булак-Балаховічу званне генерал-маёра і прызначыў яго камандзірам свайго 2-га корпуса, — аб чым пазней і пашкадаваў.

Булак-Балаховіч займеў у Пскове поўную ўладу і выступіў супраць манархісцкай групоўкі Радзянкі. Юдзеніч падтрымаў Радзянку — і выслаў у пскоў карны атрад на чале з Пярмыкіным. Пярмыкін, былы памочнік Булак-Балаховіча, паступіў годна: перад тым, як увайсці ў горад, ён паслаў былому камандзіру ліст:


«Я прашу цябе аб адным, як бацьку, які любіць салдата, што ты прымеш меры, каб нашыя малодшыя браты менш пралілі патрэбнай для нашай Радзімы крыві».


Булак-Балаховіч аддаў загад устрымацца ад супраціву. Атрад Пярмыкіна арыштаваў штаб «мяцежнага» корпуса. Булак-Балаховіч з некалькімі дзесяткамі сваіх салдат з дапамогай Пярмыкіна перабраўся на заходні бераг ракі Вялікай — у штаб 2-й Эстонскай дывізіі…


Калі Булак-Балаховіч пачуў ад Езавітава пра стварэнне Беларускай арміі, пастараўся прыхаваць свой сподзіў — адно варухнуліся бровы над глыбокімі сашклянелымі вачыма. Нечакана пачаў гаварыць зусім пра іншае — пра Фінскі заліў з ягоным няўстойлівым надвор'ем, а скончыў запытаннем:

- Дык дзе ж гэта мы з панам бачыліся?..

А госць выглядаў запамінальна. Напачатку кастрычніка падчас нападу пранямецкага белагвардзейскага генерала Бермондта-Авалава на Рыгу на Тэатральнай плошчы Езавітава параніла ў твар асколкам артылерыйскага снарада. Рана нязначная, але шнар за месяц паспеў толькі зарубцавацца…

І давялося Езавітаву згадваць падрабязнасці сумеснай службы пад Дзвінскам і почуты пра геройствы балахоўцаў… Генерал адразу ж памякчэў:

- Я ж беларус, і ў маім атрадзе многа беларусаў. Ідэя барацьбы за незалежную Бацькаўшчыну мне радней, чым удзел у пачынаннях Юдзеніча!

- Калі згода ёсць, давай засведчым яе дакумэнтальна… — прапанаваў Езавітаў.

Пасярод аркуша паперы Булак-Балаховіч размашыста вывеў:


«Старшыні Рады Народных Міністраў БНР.

Зьяўляючыся грамадзянінам БНР, лічу патрэбным, каб маё войска было скарыстана для абароны цэльнасьці і недзялімасьці маёй Бацькаўшчыны, а таму прапаную майму ўраду залічыць мяне і мой атрад на беларускую службу.

Генерал-маёр Булак-Балаховіч».


Перадаў заяву Езавітаву — і не стрымаўся:

- Палкоўнік, дзе гэта цябе пагладзіла?

Езавітаў крануў пасечаную шчаку, усміхнуўся:

- Адзін шалёны белагвардзеец…

Пра паспяховыя перамовы Езавітаў паведаміў адразу ж, і праз некалькі дзён для канчатковага вырашэння спраў у Эстонію прыехаў надзвычайны амбасадар БНР Клаўдыюш Дуж-Душэўскі.

Юдзеніч не выказаўся супраць дэмаршу Булак-Балаховіча, але адпускаць са сваёй арміі дзейсны і моцны атрад не хацеў. Свае конны полк і пяхотныя часткі Булак-Балаховіч адвёў з фронта на поўдзень Чудскага возера, у горад Ізборск. Артылерыйскую ж батарэю Юдзеніч паспеў затрымаць.

Булак-Балаховіч выбухнуў гневам. Сам адабраў сотню адданых салдат і з дзесятак афіцэраў, увайшоў у Рэвель[30], арыштаваў Юдзеніча і вывез яго за горад. З вока на вока паміж генераламі адбылася гутарка — і Юдзеніч падпісаў загад і аб звальненні батарэі.

Балаховічава атрылерыя таксама перамясцілася пад Ізборск. Новы атрад заняў лапік фронта паміж эстонскімі і латвійскімі арміямі і меў задачу прайсці на лінію Апочка - Невель - Себеж - Полацак - Дрыса, каб стварыць ураду БНР тэрыторыю, на якой можна б было пачаць барацьбу за незалежнасць Беларусі і ад РСФСР, і ад Польшчы.

Атраду Булак-Балаховіча не хапала зброі і абмундзіравання. У порце Рэвеля стаяла ангельская эскадра, якая падтрымлівала эстонцаў і Юдзеніча ў барацьбе з бальшавікамі. Езавітаў ведаў, што аператыўна знайсці сродкі на ўтрыманне атрада Булак-Балаховіча ўрад БНР не зможа. Выйсце прапанаваў сам генерал:

- А ты перамоўся з ангельцамі. Ім жа ўсё роўна, каму плаціць…

І — як на тое — нечаканае знаёмства з ангельскімі прадстаўнікамі ў эстонскім штабе. Камандзір ангельскай эскадры выслухаў Езавітава стрымана, але перад развітаннем запрасіў праз дзень на свой крэйсер — для дэталёвых перамоў.

На аўдыенцыю выбраліся зранку — Езавітаў, Булак-Балаховіч і перакладчык. З Фінскага заліва дзьмула стынню й сіверам. Да абмерзлага берага шэрыя хвалі прыбівалі парэпаныя крыгі, бязлітасна крышылі іх аб каменныя наступы і ўмацаванні. А ўдалечы марскі вецер злосна трос хвалевыя ўзгрыўкі, пеніў і рваў іх.

Над крэйсерам лунаў флагманскі штандар. Значыць, камандзір эскадры — на крэйсеры, зазначыў Езавітаў і прапусціў першым на трап Булак-Балаховіча. Дошкі, як не абчышчалі матросы, пакрываліся наледдзю, і генерал пачынаў пазлоўвацца — паслізнуўшыся, ледзь не паваліўся.

- Набудуюць гмахаў і ганарацца… Бранепоезд — во дзе моц!

Езавітава ж крэйсер уразіў. Люструючыся бранёй, жалезны айсберг — як не білі яго хвалі — нават не варухнуўся, — здавалася, зросся з нябачным дном ці проста ўмёрз у глыбіню…

Вахценны афіцэр правёў гасцей да камандзірскай каюты, перад якой іх і сустрэў камандзір эскадры. Разгаварыліся напачатку пра агульныя клопаты. Камандзіра некалькі разоў турбаваў памочнік. Затым падалі каву з ромам, і госці перайшлі да сутнаснага. Найбольшы сподзіў абудзіла ў ангельцаў паведамленне Езавітава аб тым, што беларусаў — шаснаццаць мільёнаў. Выявілася, што ангельцы анічога пра Беларусь не ведалі, і прадбачлівы Езавітаў пакінуў ім брашуру Доўнар-Запольскага «Асновы дзяржаўнасці Беларусі», выдадзеную на французскай і нямецкай мовах[31].

Камандзір эскадры выглядаў бадзёрым:

- Што ж, пан палкоўнік… — Ён гаварыў толькі з Езавітавым — як з шэфам ваенна-дыпламатычнай місіі БНР, а на генерала Булак-Балаховіча, здавалася, не зважаў — і той, колькі разоў да гэтага беспаспяхова паспрабаваўшы завесці гаворку, пачынаў нават злавацца.

— Я гарантую вам сваё спрыянне і абяцаю сёння ж перадаць вашы прапановы майму ўраду. А як звязацца з беларускім урадам?

Езавітаў прадыктаваў яму адрас пражскай місіі БНР, патлумачыўшы вымушаны выезд беларускага ўрада акупацыяй краіны.

Калі зноў ішлі доўгім намерзлым трапам, можна было чуць бухценне Булак-Балаховіча:

- Запацучацца ў каюты… Іх бы ў акопы! І ўсё ж крэйсер — сіла… Бач, адных гармат колькі…

А Езавітаву, гледзячы на матросаў у цёплых скураных курціках, узгадаўся Муха — «Дзе ж ён цяпер? І што з тым атрадам Сяменніка?..»

Назаўтра, 9 студзеня, Езавітаў разаслаў усім прадстаўнікам Рады БНР пры ўрадах вядучых дзяржаў і кіраўніку рэгістрацыйна-пашпартнага адзьдзела ў Лібаве сакрэтныя тэлеграмы:


«<…> Беларусь не павінна заставацца ў сфэры французскага ўплыву і павінна перайсьці ў сфэру ўплыву ангельскага ці амэрыканскага. <…> Беларусь — найбольш выгадны плацдарм для наступу на бальшавіцкую Маскву. <…> яна яшчэ ня думае мірыцца з бальшавікамі, а яе мяжа ў 280 кілямэтрах ад Масквы. <…> Беларусь — краіна індывідуальнай гаспадаркі па эўрапейскім узоры, а таму рэзка адрозьніваецца ад вялікарускай абшчыны, якая пачынаецца на ўсход ад межаў Беларусі. <…> Калі ў адносінах да многіх нацыянальнасьцяў прымяняўся прынцып прызнаньня de fakto, то Беларусь павінна быць адразу і перш за ўсё прызнана de jure».


Аднак у грашовых субсідыях першым корпусу Булак-Балаховіча дапамагло эстонскае ваеннае камандаванне. Яно згадзілася выплочваць грошы і дастаўляць прадукты да тога часу, пакуль гэта не зможа зрабіць кіраўніцтва БНР. Паміж эстонскім штабам, Езавітавым і Дуж-Душэўскім была падпісана дамова аб тым, што вылучаная Булак-Балаховічу сума будзе лічыцца пазыкай Беларусі.

Езавітаў і Дуж-Душэўскі пасля гэтага выехалі ў Рыгу і праз некалькі дзён вырашылі даведацца аб выніках перамоў паміж ангельцамі і беларускай місіяй у Празе. Але прадстаўнік рыжскай ангельскай місіі палкоўнік Талент адмовіўся прыняць Езавітава…

Прычыны такіх паводзінаў беларускаму палкоўніку адкрыюцца толькі летам — калі да яго ў штаб прыедзе міністр беларускіх спраў у Літве Язэп Варонка.

- Ты навошта даў ангельцам адрас прадстаўніцтва ў Празе, а не ў Берліне? — спытаў ён Езавітава падчас абеда і горка ўсміхнуўся.

- Такія былі ягоныя ж указанні… А што? — насцярожыўся Езавітаў.

- То што… не чуў яшчэ пра той скандал з Вяршыніным? Місія Вяршыніна месцілася ў Празе на добрай вуліцы, у добрым доме з прыгожым пад'ездам. Кватэра невялікая, два пакоі з кухняй. Там і прымалі гасцей… І вось ангельская амбасада ў Празе атрымала тэрміновую тэлеграму: звязацца з беларускай місіяй і пачаць перамовы. Прадстаўнік амбасады на аўто і выехаў на Венскую, 4, дзе кватараваў Вяршынін. Перад уваходам — шыльда па-французску і чэшску. Ангелец узышоў на ганак, а насустрач яму Вяршыніха з трапкай… Памыла падлогу ў пакоях і цяпер хацела «акультурыць» ганак. Ангелец прайшоў у першы пакой: кухня з «ачагом», на «місію» не падобна… У другім думаў сустрэць служку, каб абвясціў пра ягоны прыход… А там — сціплы кабінецік з пісьмовым сталом, паліцамі, кніжкамі… І ўсё, больш няма куды ісці! А следам за ангельцам Вяршыніха з трапкай. Усчала лямант: «няпрошаны» госць натаптаў гразі, збаёдаў ейную работу… Ангелец у яе пра беларускага дыпламата пытаецца, а тая (мовы не разумела) на пол тыкае і яшчэ большы гвалт усчыняе… Адпаведны даклад і пайшоў у Англію… Ангельцы як анекдот пераказалі французам. А ковенскія французы — мне. — Варонка ўбачыў, як нахмурыўся і скамянеў сябар. — Што скіснуў, ты ж не вінен у тым. А з французамі мы адно пасмяяліся… Ёсць дамова накіраваць ангельцаў у наш Берлінскі цэнтр.

- Ты ж ведаеш, што яны свой адрас засакрэцілі. Хоць чаго хавацца — Matzstrasse, 21. Так? — Езавітаў двума пальцамі пацёр лоб (так рабіў, калі хваляваўся), уздыхнуў: — Значыць, тупік?

- Ну… чаго так адназначна… Пабачым.


2 лютага Эстонія падпісала з Расіяй мірную дамову і мусіла расфармаваць усе антыбальшавіцкія злучэнні, сярод іх — і Асобны атрад БНР у Прыбалтыцы пад камандаваннем Булак-Балаховіча. Генерал пачаў дасылаць Езавітаву цыдулкі з адзіным запытаннем «Што новага?» А добрых навін у Езавітава не было, і Булак-Балаховіч пачаў злавацца і піць. Спрыяў таму і польскі ваенны аташэ, які «выпадкова» пазнаёміўся з генералам — і пачаў пераманьваць яго на свой бок: адразу ж прапанаваў аванс, падахвочваў узначаліць беларускія атрады, што ствараліся ў Менску. Ад яго ж Булак-Балаховіч дачуўся пра непаразуменні паміж беларусамі за мяжой і Белнацкамам у Менску і запрасіў у свайго прадстаўніка пры місіі БНР у Латвіі падпалкоўніка Мінгрэльскага тлумачэнняў.

«У Рызе пасля вызвалення з польскай турмы жыве кіраўнік беларускага ўрада Вацлаў Ластоўскі, які пацвердзіў, што ў Менску замежных беларускіх дзеячоў лічаць здраднікамі», — паведаміў Мінгрэльскі.

8 лютага Езавітаў мусіў рабіць «апераджальны ўдар» — пісаць ліст Пілсудскаму:


«Пане Галоўнакамандуючы! Як Вам, пэўне, вядома, у складзе Эстонскай арміі вёў барацьбу з бальшавікамі Асобны атрад БНР пад кіраўніцтвам генерал-маёра Булак-Балаховіча. Замірэньне эстаў з бальшавікамі прымушае Асобны атрад знаходзіцца ў спакоі ў той момант, калі яшчэ не ўся наша Бацькаўшчына-Беларусь ачышчана ад бальшавікоў.

Каб не аставацца без баявой працы, Асобны атрад зьвярнуўся да мяне з просьбай перавесьці яго на Беларусь.

<…> прашу, па моцы загаду Вашага аб фармаваньні Беларускага войска на Беларусі, прадаставіць Асобнаму атраду БНР кавалак фронту на левым флангу Польскай арміі і ўзлажыць на польскае інтэнданцтва павіннасьць адпускаць усё яму патрэбнае. Канчатковыя ўмовы па гэтьім пытаньні маюць быць зроблены паміж Вамі, Галоўнакамандуючым Беларускімі войскамі палкоўнікам Канапацкім і Урадам БНР, якім я, адначасна з гэтым, пішу належныя рапарты…».


Калі эшалоны з атрадам Булак-Балаховіча спыняцца ў Бярэсці, Менск зноў зойме Чырвоная армія. Польскае вайсковае кіраўніцтва вылучыць атраду ўчастак фронта на Палессі і прапануе распачаць арганізацыю новых беларускіх аддзелаў…


«Мы к волі йдзем»

Яны нечакана сустрэліся на Пляцы Волі — на ўзвышку, перад касцёлам. Янка Купала — у доўгім паліто, мяккай аблавушцы — узіраўся ў высокія званіцы, мружыў павекі, - з зіхоткіх купалкоў мякка ападалі матылькі-сняжынкі. Жылка, заўважыўшы Купалу, не адважыўся яго патурбаваць — і азваўся толькі тады, калі Купала падаўся да пухматых елак, яшчэ ад Калядаў выстаўленых перад уваходам у касцёл:

- Добры дзень, дзядзька Янка!

- Уладзік? — Купала абрадаваўся. — Што гэта знік некуды — ні чуваць, ні відаць было?

- На Случчыне ў родзічаў папраўляўся…

- А на Новы год, значыцца, да бацькоў прыехаў? — Купала спытаў асцярожна — ведаў, што хлопец «папраўляўся» ад сухотаў.

- Ды з тыдзень ужо ў Менску. Хутка зноў паеду…

- І вершаў з сабой мех прывёз?

- Мех не мех, а некалькі маю.

Купала ўсміхнуўся, кіўнуў галавой:

- Цудоўна! То, можа, складзеш «кумпанію» ў шпацыры?

- Ахвотна!

Дзень таму мароз апаў, недалёка было і да адлігі. Мяккі снег амаль на пядзю накрыў пляц, пасля святаў яго яшчэ не ўтапталі…

- Ну і як там слуцакі жывуць? — пацікавіўся Купала.

- Жывуць. — Жылка наструніўся, пасур'ёзнеў. — Абуджаюцца, асабліва моладзь.

- Ты пра «Папараць-Кветку»?

Жылка ад нечаканасці нават стаў, здзіўлена зазірнуў Купалу ў вочы:

- То вы ўсё й самі ведаеце?!

Пра існаванне на Случчыне культурна-асветніцкага таварыства «Папараць-Кветка» Купала — і насамрэч — даведаўся ўжо даўно, і паспяшыў патлумачыць:

- Хлопцы са Слуцку яшчэ летась да мяне прыязджалі… Вершаў для сваёй часопісі папрасілі.

- «Нашай Каляіны»?

- Так. Ці выходзіць яна далей?

- На трэцім нумары палякі перапынілі…

Яны ад Ратушы дайшлі да рэчкі і няспешка вярнуліся. У скверыку заўважылі старога лерніка — жоўтыя даўно не мытыя валасы былі сцягнуты чорнай стужкай, аблезлая шапка з заечага футра ляжала перад ім на снезе, з яе нясмела вызірвалі — як птушаняты з гнязда — некалькі скамечаных пяцірублёвак.

- Змёрз, бацька? — Купала болесна агледзеў жабрака і паклаў у шапку царскую дзесятку.

Лернік прашамкаў штось незразумелае, пакруціў сляпымі мутнымі зрэнкамі і зайграў — таксама штось няпэўнае.

- Даражэнькі, а ты што-небудзь нашае сыграй, — перапыніў яго Купала.

Лернік неўразумела нахмурыўся і, узняўшы галаву (напэўна, уяўляў Купалу высокім), спытаў:

- Што… што сыграць?

- Ціскані «Лявоніху», хай пляц парадуецца!

- Не… Не. Гэта не тое.

- Як не тое?.. — Купала аніяк не чакаў такога адказа. — А іграць яе ўмееш?

Лернік нервова кіўнуў галавой:

— Умею, толькі ж не сённяшняя яна…

- Як не сённяшняя?! — яшчэ больш загарэўся Купала. — Зайграй сёння, і хай усе слухаюць!

Але лернік як застыў…

Тады Купала дастаў яшчэ грошай — паперкі бадзёра захрабусцелі — і паклаў на снег. Лернік нагнуўся, абмацаў іх сінімі парэпанымі рукамі, падняў адну, павадзіў пальцамі, здзівіўся:

- Пяцісоценка… царская?

Ён абстукаў свае заброджаныя снегам і граззю нагавіцы, паклаў пяцісоценку ў зашмальцаваную кішэню, ускінуў леру, утуліў у плечы галаву — і раптам па скверы паплыла, закружыла неўтаймоўная «Лявоніха»…

Яны выйшлі на Захараўскую.

- Вось так, Уладзік, нават лернікі ў нас тутэйшымі сталі, сённяшнімі… — Купала стаў хмурым.

- Гэта ж лернікі сляпыя. — Жылка зрабіў асаблівы націск на апошняе слова.

Купала ўздыхнуў і перад тым, як разысціся, запрасіў Жылку на новую пастаноўку п'есы Аляхновіча:

- Паслязаўтра, дзевятага. А то зноў з'едзеш на сваю Случчыну… Да сустрэчы ў тэатры? — і спытаў, і развітаўся…

Беларускія спектаклі ў менскім гарадскім тэатры пачалі ставіць з 26 снежня па пятніцах — у іншыя дні будынак займалі польскія трупы. Таму і дырэктар Беларускага тэатра Францішак Аляхновіч, і яго адміністратар Язэп Фарботка, не дамогшыся для пастановак дадатковых дзён, планавалі рабіць чыгункай выезды ў правінцыю.

9 студзеня ігралі аперэту Аляхновіча «На Антокалі». Жылка прыйшоў адным з першых — жыў непадалёк ад тэатра, каля Пляца Волі. Зала запоўнілася, мусіў «аддаць» і месца, занятае Купалу — спектакль пачаўся, а Купалы не было. З цікавасцю прагледзеў дзве дзеі, а ён так і не з'явіўся…

У той дзень, 9 студзеня, Купала занядужаў. Выклікалі шпітальную карэтку, і дактары выявілі запаленне сляпой кішкі. Тэрмінова зрабілі аперацыю — вычысцілі гной. Тыдзень неадлучна ў шпіталі з Купалам была жонка Уладзіслава Францаўна.

Напрыканцы студзеня, адведваючы Купалу, у палаце Жылка сустрэў Аляхновіча.

- Знаёмцеся! — абрадаваўся Купала. — Бач як, Уладзік, выйшла, — я ж яшчэ дзевятага хацеў цябе гэтай барадзе прадставіць… Жылка Уладзімер, наш малады паэта. — Купала кіўнуў рукой, запрасіў сесці на ложак.

- А што ў маладога паэта можна пачытаць? — Аляхновіч узняўся, паціснуў кволую Жылкаву руку і падставіў свой табурэт бліжэй.

- А што… — Купала выцягнуў з-пад падушкі скрутак газэт, зморшчыўся — напэўна, рана яшчэ не загаілася і кожны рух выклікаў боль, — адшукаў «Беларусь» і падаў Аляхновічу: — Глянь, як хлопец пачынае!

Аляхновіч разгарнуў газэту, пасур'ёзнеў… Прачытаў — і здзіўлена зірнуў на Жылку:

- І гэта што… твой першы верш?!

- З друкаваных — першы. — Жылка крыху збянтэжыўся.

Аляхновіч прачытаў яшчэ раз:

Покліч
Пад штандар бел-чырвона-белы
Гуртуйся, раць, адважна, сьмела
Адважных, храбрых ваякоў!
***
Пад штандар кожны здатны, гожы,
Досьць нас наезьнікам варожым
Трымаць ў прыгоне, беднаце,
Сьмяяцца нашай цемнаце,
Багацьце краю нішчыць, пляжыць —
Чужынцу годзе намі княжыць
І карыстацца з нашых плеч!..
Мы к волі йдзем — з дарогі прэч!..

- і гучна бухнуў: — Малайчына! Гэта ж — звон! Гэта ж — стрэл! А я нешта прагледзеў… Які гэта нумар? — згарнуў газэту, прачытаў уголас: — Дваццаць пятае студзеня, нядзеля… То гэта ж апошні нумар, я й не паспеў прачытаць… — і крыху памаўчаўшы: — Бач, Лёсік і тут мяне апярэдзіў! — Усміхнуўся. — Давай, дарагі мой, свае вершы і ў маё «Беларускае Жыцьцё».

Затым загаварылі пра жыццё гарадское. Купала пацікавіўся:

- А дзе цяпер Луцкевіч?

- Кажуць, у Варшаве, — Аляхновіч адказваў без ахвоты.


У чарговым — трэцім — нумары «Беларускага Жыцьця», якое ў Менску Аляхновічу дапамагаў выдаваць Змітрок Бядуля (значыўся літаратурным кіраўніком), 9 лютага 1920 года на адзінаццатай старонцы з'явіўся лірычны верш Уладзімера Жылкі «Я кахаў»…

З Бядулем Жылка быў знаёмы яшчэ й дагэтуль. І часта заходзіў у рэдакцыю «Беларускага Жыцьця» — ажно пакуль зноў не ад'ехаў на Случчыну. З сабой акром сваіх першых вершаваных публікацый ён вёз нумар «Беларускага Жыцьця» з допісам пра «Папараць-Кветку»:


«Случчына. Беларускі гурток «Папараць-Кветка» зьяўляецца падпораю ўсіх беларускіх арганізацыяў у Слуцку. Павятовы стараста павядоміў школьную раду Случчыны, што адпушчаны грошы на беларускія вучыцельскія курсы ў Слуцку.

Па розных школах Случчыны заложаны і добра працуюць болей 10 беларускіх школ. Закладаюцца па вёсках розныя культурна-прасьветныя гурткі і чытальні. Шкода толькі, што вельмі трудна дастаюцца беларускія кніжкі і часопісі…

Сялянства з прыхільнасьцю сустракае весткі аб беларускім руху, толькі чуецца недахват нашай літаратуры.

Не малую дапамогу ў нацыянальнай справе робіць бацюшка саборнай царквы ў Слуцку Шаміціла. З амбону ён сялянам між іншым гаворыць: «Як зоркі ў небе ў цёмную ноч сьвецяць і паказваюць дарогу зблудзіўшаму чалавеку, так для вас гэтые зоркі ёсьць — беларускія культурна-прасьветныя арганізацыі. Прыглядайцеся к ім, і яны пакажуць вам шлях к лепшаму жыцьцю».

Дай нам, Божа, як найболей гэткіх бацюшкаў!».


Бядуля, атрымаўшы ад Жылкі рукапіс, пахваліў.

- Адно подпісу не хапае, — заўважыў. — Ставім?

- Ведаеце, я нядаўна ліста са Случчыны атрымаў. Гэта — не мая інфармацыя, — запярэчыў Жылка.

- Пісаў жа ты… — Бядуля задумаўся, узяў аловак. — А то давай паставім псеўданім… Хоць бы такі… - і акуратна падпісаў знізу: «Падарожны». — Згода?

- Згода!

* * *

Польскія войскі разам з латышскімі аддзеламі занялі Дзвінск і па правым беразе Дзвіны працягвалі наступ на Чырвоную армію.

На Украіне зноў пачало фармавацца нацыянальнае войска.

Эстонія заключыла з Савецкім урадам мірную дамову.

Калчак і Дзянікін былі разбіты.

Антанта адмяніла блакаду і пачала тавараабмен з Расіяй — праз бальшавіцкія кааператывы.

Мірную прапазіцыю ад Савецкага ўрада атрымала і польскае міністэрства замежных спраў.

Незалежнасць Грузіі, Арменіі і Азербайджана пацвердзілі краіны Антанты…

Пасля паспяховай дыпламатычнай паездкі Кастуся Езавітава ў Фінляндыю незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі прызнаў фінскі прэзідэнт (да гэтага Езавітаў абмяняўся давернымі граматамі з прадстаўнікамі Эстоніі і Латвіі).

Нечакана спыніўся рух на менскай чыгунцы. У горадзе зноў пачаліся перабоі з харчам. Некаторыя тавары былі таннейшымі, чым у Варшаве, і скорыя купцы пачалі іх вывозіць. Сахарыну і мёд можна было купіць толькі за царскія грошы.

Менская біржа канстатавала падзенне польскай маркі ў адносінах да царскай валюты (за 100 марак куплялі 62 - 65 царскіх рублёў). Моцна «патаннелі» «думскія» білеты, «керанкі» і савецкія грошы. Вялікім попытам карысталіся царскія «пяцісоценкі», нямецкія маркі і наогул уся замежная валюта.

На горад абрынулася эпідэмія тыфусу і воспы-гішпанкі (ад яе памёр вядомы менскі адвакат і грамадскі дзеяч Антон Шабуня, швагер Антона Луцкевіча).

Падаражэлі дровы, і многія вымушаны былі сядзець у халодных дамах. Менскія ваколіцы апанавалі шайкі бандытаў…

У лютым 1920 года выйшлі з друку літаратурна-гістарычны нарыс Язэпа Фарботкі «Беларусь у песьнях» (96 старонак), «Праграмы Беларускай ніжэйшай пачатковай школы» і драма ў трох актах Францішка Аляхновіча «Цені» (48 старонак).


«Багатыя лірычнай сымболікай і драматычнасьцю, — пісала пра «Цені» «Беларускае Жыцьцё» 11 сакавіка, — выдадзены вельмі няўдачна. Нават на цяперашні час дарагоўлі выйшло ўжо занадта лубочна. І гэта — вялікая памылка выдавецтва».


З кожным тыднем узмацняла голас польская «эндекцыя». Аляхновіча гэта пачало непакоіць наноў.


«Польская эндэкцыя (нацыянал-дэмакраты), — пісаў ён у артыкуле «Мы і яны», — далей зьяўляюцца нашым ворагам, ня бачучы або ня хочучы бачыць нашага нацыянальнага і культурнага адраджэньня. У сваёй сьлепаце яна ня бачыць, што дзесяць-мільённы беларускі народ ёсьць адно цэлае, <…> яна хоча прылучыць заходнюю каталіцкую частку Беларусі і ўшчэнт яе спалёнізаваць, а ўсходнюю — Бог з ёю! — аддаць савецкай ці манархічнай Расіі. <…> Польская ж дэмакратыя разумее справу інакш… Адрадзіўшыся, беларускі народ будзе <…> жывым плотам, які дасьць Польшчы заслону ад аднаго з страшных яе ворагаў — Маскоўшчыны».


Бальшавікі зноў запатрабавалі ў Польшчы міру, і свядомыя беларусы насцярожыліся: што будзе далей?..

Пасля сустрэчы з Пілсудскім Антон Луцкевіч паспрабаваў выехаць у Парыж, але атрымаў ад польскага міністэрства замежных спраў адмову ў зваротнай візе. Прэм'ер Найвышэйшай рады паслаў польскаму ўраду і ўсім акрэдытаваным у Варшаве паслам пратэст і 28 лютага 1920 года падаў у адстаўку. Аляксандр Цвікевіч з Варшавы паехаў у Коўну, дзе ўвайшоў ва ўрад Ластоўскага. Ластоўскага пасля больш як месячнай адсідкі ў польскай турме дэпартавалі за межы Беларусі. Ён спыніўся ў Рызе — і польскі ўрад ультыматыўна запатрабаваў высылкі Ластоўскага і з Латвіі. Так у Коўне, дзе сабраўся ўрад БНР, апынуўся і прэм'ерміністр Народнай рады, якога мацней дэпартацый і арыштаў апякла пачутая ад Цвікевіча вестка: падчас вобыскаў у студзені з ягонага хатняга збору зніклі дваццаць чатыры «пергаміны» ХV - ХVII стагоддзяў, шмат архіўных дакумэнтаў, Турава-Пінскі летапіс XI стагоддзя…

Калі Пілсудскі зноў наведаў Вільню, з ім на сустрэчу выехаў Вацлаў Іваноўскі. З Пілсудскім ён меў даўнія сувязі: яшчэ з 90-х гадоў з цяперашнім Начальнікам Польскай Дзяржавы супрацоўнічаў брат Іваноўскага, вядомы дзеяч ППС. Падчас аўдыенцыі доўга гутарылі пра магчымы падзел, звязаны з замірэннем паміж Польшчай і Савецкай Расіяй.

«Польшча запатрабуе права на самавызначэнне народаў, якія вызваліліся з-пад расійскага ярма», — запэўніў тады Іваноўскага Пілсудскі.

Беларускаму настаўніцкаму інстытуту, які ачольваў Іваноўскі, была вылучана грашовая дапамога, а ў Менску распачалося новае фармаванне двух батальёнаў беларускага войска.

З розных бакоў пайшлі чуткі, што ў Эстоніі знаходзіцца чатырохтысячны атрад генерала Булак-Балаховіча, узмоцнены кавалерыяй і артылерыяй. На паседжанні 22 студзеня Рада народных міністраў, заслухаўшы справаздачу кіраўніка ваенна-дыпламатычнай місіі Езавітава аб дамовах з Булак-Балаховічам, прыняла атрад генерала ў склад арміі БНР…


Віленскія ўспаміны

Ад'язджаючы на Случчыну, Жылка пакінуў у рэдакцыі «Беларускага Жыцьця» адрас сваіх родзічаў у Падлессі, куды ў сярэдзіне сакавіка і прыйшлі два апошнія нумары газэты і сумесны ліст ад Аляхновіча і Бядулі:


«Дасылаем у панаў скіт гэтыя часопісы нашага менскага жыцьця, віншуем з хуткім сьвятам 25-га сьвятога сакавіка і чакаем да сябе — з навінамі і «Поклічамі» і прызнаньнямі ў каханьнях…»


Нумары «Беларускага Жыцьця» за 29 лютага (№ 5 (27)) і 11 сакавіка (№ 6 (28)) пазнаёмілі з новымі вершамі «Сон» і «А ты сіраціна» Янкі Купалы, «Гэніем» і «Да матулі» таксама добрага знаёмцы Макара Краўцова, з апавяданнем «Юлька», артыкулам «Хараство ў народнай творчасці» і вершамі ў прозе «Віленскія ўспаміны» Змітрака Бядулі. газэта, падумаў Жылка, з палітычна-інфармацыйнай ператвараецца ў літаратурна-мастацкую, сціплая калонка «Што чуваць у палітыцы» ціснулася на апошняй старонцы. Насцярожыла адно тое, што ў газэты знікла ранейшая пазнака — «Друкуецца раз у тыдзень»…

Найбольш уразілі Жылку Бядулевы «Віленскія ўспаміны». Яны натхнілі на напісанне цэлага паэтычнага цыкла «Вершы аб Вільні»[32].

…О Вільня, крывіцкая Мека!
О места, — ўсё цуд, хараство!
Дзяржаўная думнасьць павекаў,
Узьнята рашуча брыво…

У Вільні нечакана з'явіўся палкоўнік Ладноў. Сустракаючыся з Луцкевічам, які на той час быў у Вільні, расказаў, што меў важныя гутаркі са старшынёй Варшаўскага беларускага камітэта Дубейкоўскім і папрасіў сабраць усіх найбольш актыўных віленскіх беларусаў. На Вострабрамскую прыйшлі Антон Луцкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Міхал Кахановіч і Максім Гарэцкі.

— Працуючы з Ластоўскім, — расказваў Ладноў, - і ягоным урадам, я раскрыў, што яно з'яўляецца польскай агентурай… — Затым зачытаў перахопленае нейкім чынам пісьмо Мамонькі ў Берлін, у якім раілася рашуча патрабаваць у немцаў грошай, пагражаючы ім, што (калі будзе адмова) Беларусь «паверне аглоблі на Польшчу». — Францыя, а з ёй і Польшча, — не пераставаў агаломшваць Ладноў, - падтрымліваюць незалежніцкія памкненні беларусаў, але дзейнасць урада Ластоўскага перашкаджае паразуменню. У краі з чэсных беларусаў трэба стварыць заканспіраваны дзяржаўны камітэт, якому я гарантую дапамогу Францыі і Польшчы ў барацьбе за незалежнасць Беларусі…

Запэўніванні Ладнова ўразілі прысутных. Разам склалі пратакол аб стварэнні «Дзяржаўнага камітэта». У мэтах канспірацыі захоўваць пратакол даручылі Гарэцкаму.

Назаўтра Ладноў зноў выехаў у Варшаву, адкуль і абяцаў інфармаваць аб сваёй далейшай дзейнасці. А праз колькі ў Вільню дайшлі не менш «сенсацыйныя» звесткі: завербаваны французскай выведкай палкоўнік Ладноў быў пасланы выкарыстаць віленскія беларускія сілы і, у прыватнасці, атрад генерала Булак-Балаховіча для ўзброенай акцыі супраць Савецкай Расіі. Пасля гэтага пратакол «Дзяржаўнага камітэта» спалілі, а само тайнае «таварыства» ліквідавалася…

* * *

У Рызе Кастусю Езавітаву наладзілі ўрачыстую сустрэчу. 17 траўня 1920 года ўрад БНР «за выдатную працу на карысць Беларускай Народнай Рэспублікі, выкананую за граніцай» прысвоіў яму званне генерал-маёра. Новыя пагоны ўручыў Езавітаву прэм'ерміністр Ластоўскі.

12 ліпеня Літва падпісала з Савецкай Расіяй мірную дамову — і атрымала «расійскую» тэрыторыю з Вільняй, Горадняй, Браславам, Лідай, Паставамі. Вацлаў Ластоўскі мусіў пацвердзіць права Літвы на гэтыя землі, запатрабаваўшы канчатковага вырашэння іхняга лёсу на мясцовых плебісцытах. Праз месяц — 11 жніўня — з Саветамі падпісала пагадненне Латвія — і памежныя Дзвінскі, Люцынскі і Рэжыцкі паветы з 50 тысячамі беларусаў (згодна перапісу) без згоды Беларусі адышлі да Латвіі. Дзве літоўскія дывізіі (усё войска рэспублікі) па запатрабаванні Масквы мусілі ваяваць разам з Чырвонай арміяй супраць Польшчы, усе антыбальшавіцкія арганізацыі ў Літве і Латвіі падпадалі пад забарону.

Мусіла спыніць дзейнасць і Беларуская ваенна-дыпламатычная місія Езавітава…

Імкнучыся прааналізаваць сітуацыю, Езавітаў цікавіўся лёсам таварышаў, прагавіта перачытваў усе — якія патрапляліся — газэты. Разбіўшы Дзянікінскую армію, бальшавікі рушылі на Каўказ… Чырвоная армія заняла Азербайджан з горадам Баку. Пачаліся перамовы паміж Савецкай Расіяй і Арменіяй… Чырвонаармейскія часткі напалі на персіцкі порт Энзелі на Каспійскім моры, разбілі ангельскі гарнізон і рушылі на сталіцу Персіі Тэгеран. Дывізія персіцкіх казакоў і жандармерыя перайшлі да бальшавікоў. Персіцкі шах мусіў пакінуць сталіцу і ўцякаць у Багдад да ангельцаў… Паміж польскім урадам Скульскага і ўкраінскім урадам Лявіцкага заключана дамова, па якой Польшча прызнавала незалежнасць Украіны. Адначасна з гэтым польскія войскі занялі Валынь, Кіеўшчыну і частку Падоліі, выціскаючы адтуль бальшавікоў. На Украіне атаман Пятлюра пачаў фармаванне ўкраінскіх войскаў…

У Вільню — яшчэ да перадачы яе Літве — прыязджаў Вацлаў Іваноўскі, сустракаўся з прадстаўнікамі польскай улады і апрацоўваў статут аўтаномнай беларускай школы. Статут зацвердзілі, але сілу займеў ён не на ўсёй акупаванай тэрыторыі Беларусі, а толькі на Меншчыне.

Езавітаў ведаў, што з мая 1920 года ў Менску выходзіў часопіс «Рунь», рэдагаваў які Янка Купала, а выдаўцом быў Вацлаў Іваноўскі… Іншыя чуткі з Менска не весялілі: у ліпені ў Беларускай вайсковай камісіі распачаўся крызіс, у поўным складзе са старшынёй Паўлам Алексюком камісія пайшла ў адстаўку. Палякі з гэтым не пагадзіліся, і з Вільні на разгляд справы ў Менск выехаў Умястоўскі.

Максім Гарэцкі ў ліпені і жніўні 1920-га выкладаў у Вільні на польскіх настаўніцкіх курсах: чытаў лекцыі па беларускай мове і літаратуры (Цэнтральная школьная рада ў Менску дамаглася дазволу чытаць беларусазнаўства і польскім настаўнікам). З шасцідзесяці слухачоў віленскіх польскіх настаўніцкіх курсаў да Гарэцкага запісалася сорак.

У старым (за чэрвень) польскім «Работніку» Езавітаў нечакана натрапіў на выказванне амбасадара польскага Сойма Недзялкоўскага пасля ягонай сустрэчы з літоўскім міністрам замежных спраў прафесарам Вальдэмарысам. Недзялкоўскі пераказваў словы Вальдэмарыса:


«У руху беларускім працуюць альбо ўкрытыя палякі, альбо ўкрытыя расейцы. Праўдзівыя беларусы — гэта Варонка, Сямашка і цэлая іх група; яны даўно выракліся Менска, Вільню ж і Горадню лічаць складовай часткай Літвы… Літоўцы скарэй выракуцца Вільні, як выкажуць згоду на федэрацыю з Польшчай. Вільня павінна быць літоўскай. Так званае самаазначэнне збанкратавана канчаткова… Мы — літоўцы — атрымаем Вільню, бо так будзе хацець Антанта, галоўным чынам Англія. У падтрымцы Вялікай Брытаніі мы ўпэўнены. Калі б усё-ткі і гэта не збылося — будзем чакаць, калі Польшча, уціснутая паміж расейцамі і немцамі, не здолее ўжо бараніць старой літоўскай сталіцы. Тады праб'е наш час».


Але Вальдэмарыс не ўвайшоў у новы літоўскі кабінет міністраў Грыніуса. Міністрам беларускіх спраў пасля Варонкі стаў Сямашка.


…Чырвоная армія прарвала польскі фронт на Украіне. Сканцэнтраваўшы ў накірунку Чарнобыля вялікія сілы, бальшавікі пераправіліся праз Днепр паміж Прыпяццю і Цецеравам і з дапамогай конніцы Будзённага зайшлі ў тыл польскім войскам. Пакідаючы Кіеў, палякі ўзарвалі знакамітыя масты на Дняпры.

…Атрад Булак-Балаховіча пад Пугачовам разбіў 67-ы полк арміі Будзённага, прарваў фронт і 26 верасня захапіў Пінск, паланіўшы штаб 4-ай арміі. Аб'яднаўшыся з польскімі часткамі, магутная сіла пакацілася на ўсход. З поўдня на бальшавікоў ціснулі войскі барона Врангеля — і Масква вымушана была затурбавацца. Ленін даслаў у ЦК партыі дэрэктыву аб неабходнасці падпісання з ворагамі ў найкароткі тэрмін мірнага дагавора.

Гэта і было зроблена 12 кастрычніка 1920 года. Савецкая Расія і Савецкая Украіна змовіліся з Польшчай спыніць ваенныя дзеянні праз 24 гадзіны 18 кастрычніка, за што Польшчы перайшлі заходнія вобласці Украіны і Беларусі — не зважаючы на нязгоду іх нацыянальных дзеячоў (у народаў жа даўно ўжо ніхто згоды не пытаў)…


Частка II


Між сутокаў Дзвіны

Як ураджэнец Дзвінска, Кастусь Езавітаў прыняў латвійскае грамадзянства і прыехаў у свой родны горад.

Буйны прамысловы і чыгуначны цэнтр, Дзвінск пасля войнаў выглядаў разбураным мястэчкам. Многія жыхары падаліся на працу ў Рыгу, некаторыя (хто займеў запас грошай) пачалі абжываць дзвінскія ваколіцы — на «Новай Забудове» ўскочылі з дзесятак кволых дамкоў.

Вакол Дзвінска і Люцына жылі латышы і беларусы, бліжэй да мяжы з Беларуссю — адны беларусы. Па дадзеных афіцыйнай статыстыкі ў 1921 годзе ў Латвіі налічвалася мільён дзвесце тысячаў латышоў, дзевяноста тысячаў рускіх, каля сямідзесяці тысячаў беларусаў і пяцідзесяці тысячаў палякаў. Амаль палова беларусаў былі каталіцкага веравызнання. Бальшыня займалася земляробствам, некаторыя працавалі на чыгунцы і фабрыках. Праваслаўных беларусаў бацюшкі пераконвалі ў тым, што яны — рускія, ксяндзы залічвалі сваю паству ў палякі, - хоць тая мала што разумела па-польску…

Пры Кацярыне II Латгалія была далучана да Расіі. Дзвіншчына, Віцебшчына, Полаччына і Магілёўшчына аб'ядноўваліся ў Беларускае Намесніцтва з сваімі Епіскапіяй і Навучальным вокругам. У 1831 годзе Беларускі навучальны вокруг заснаваў у Дзвінску першую ў краі гімназію. Мікалай I павёў выразна русіфікатарскую палітыку, скасаваў беларускае генерал-губернатарства, Епіскапію, Навучальны вокруг і забараніў выкарыстоўваць беларускую мову ў друку і ў школах. На пачатку стагоддзя свядомых беларусаў у Латгаліі можна было пералічыць па сем'ях: Эпімах-Шыпілы, Гаўроўскія…

Вайна і расейскія рэвалюцыі абудзілі многія паняволеныя народы. Яшчэ ў верасні 1917-га ў Дзвінску быў скліканы Беларускі вайсковы з'езд 5-ай арміі (не без высілкаў Езавітава) і створаны Гарадскі беларускі нацыцянальны камітэт. І — войны…

Езавітаў зноў быў у сваім родным горадзе. Пазнаваў — і не пазнаваў яго. Шукаў згадак дзяцінства — і не знаходзіў. Схадзіў на стары цвінтар да матчынай магілы (бацька навечна застаўся на зямлі Валыншчыны). Ад братоў — ужо год аніякага почуту. У родным доме жыла незнаёмая сям'я з малымі дзецьмі…

І сам не ведаў, як у горычным продуме заблукаў за старыя сцены замка, да аціхлай Дзвіны. Трава на берагах яшчэ зелянела, а лісты кустоўя жухлі і ападалі. Падалося, што толькі адна рэчка за гэтыя гады не змянілася — засталася такой жа спакойнай, незалежнай…

Яшчэ ў старажытнасці стаўшы адгалінаваннем знакамітага шляху з варагаў у грэкі, не страціла Дзвіна сваёй велічы і цяпер: роўнай стужкай акаймоўвала свой горад, а дзесьці там, вышэй Віцебска, узрывалася ў Вярхоўскім парозе і вызмейвалася ў сутоках. А на іх была багатай: Усвяча, Каспля, Обаль, Лучоса, Палата, Ушача, Дрыса, Дзісна… І спакон веку лілася і спяшала ў сінюю Балтыку.

Вось там, за замкавай поймай, на пачатку красавіка пачынаўся на Дзвіне крыгаход. Яны, хлапчукі-аднагодкі, не маглі тады не памерацца мужнасцю: гойсалі з крыгі на крыгу, пераплывалі на іх нават на другі бераг. І не думалі, што ўсё можа скончыцца і трагічна — шамнуў жа ён аднойчы, паслізнуўшыся, па самую шыю ў халадзенную ваду, балазе яшчэ — недалёка ад берага… А летам — акрамя некалькіх месяцаў, праведзеных у родзічаў на Полаччыне, плёскаўся ён з сябрамі ў гэтых мяккіх водах і разам з усімі насіў дамоў і шчупакоў, і карасёў, і стронгу, а аднаго разу патрапіўся вялікі — ледзь здолеў выцягнуць! — судак…


Трэцяя вясна

25 сакавіка 1921 года Рада БНР выдала адозву:


«Усім жыхарам Беларусі.

Народзе беларускі! Доўга і цяжка бароўся ты за сваю зямлю і волю. Палілі твае вёскі, грабілі дабро, гнаілі ў турмах, катавалі і разстрэльвалі тваіх лепшых сыноў польскія паны-абшарнікі і маскоўскія наезднікі-камуністы. <…>

Сёмы год на тваёй зямлі йдзе безупынная барацьба, ужо мусі няма ніводнай пядзі зямлі, не палітай тваёй крывёю. Ты моцна стаў і стаіш за сваю незалежнасьць і сваю беларускую ўладу.

Тры разы ўжо маскоўцы, немцы і палякі хацелі разьдзяліць тваю зямлю, але жыў дух беларускага народу, ідэя незалежнасьці і непадзельнасьці запануе над усім і не дасьць ворагам падзяліць нас. Прэч усіх, хто хоча дзяліць чужое дабро без гаспадара. Ты гаспадар на Беларусі…

Чэкай распараджэньня свайго Ураду, які хутка павінен вывясьці цябе з няволі — гуртуйцеся і чэкайце. Цеснымі брацкімі радамі пойдзем вызваляць сваю Бацькаўшчыну, калі гэта будзе трэба. Праўда за намі, сваю зямлю не аддамо нікому. Лепш згінуць, чым быць батраком чужынца.

Прэзыдыум Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Коўна.»


25 сакавіка (а яно патрапіла на пятніцу) зранку ў віленскай царкве Свята-Троіцкага манастыра адбылося набажэнства ў гонар трохгоддзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Царква была перапоўнена: беларуская інтэлігенцыя, моладзь, сяляне ў шэрых світках, некалькі вайскоўцаў у шынялях. А вечарам у вялікай зале Базыльянскіх муроў правялі ўрачыстае паседжанне Беларускага нацыянальнага камітэта. На ім прысутнічалі і прадстаўнікі розных беларускіх арганізацый, а таксама ганаровыя госці. Паседжанне адкрыў Антон Луцкевіч. За ім прамаўлялі Адам Станкевіч, Аркадзь Смоліч і іншыя.

А 29 сакавіка ў Боніфратэрскім касцёле служылі імшу, святыя песні выконвалі па-беларуску. Ксёндз Станкевіч прамаўляў з амбоны казанне. У зале драматычнага гуртка сабраліся дзеці з беларускіх прытулкаў і школ — спявалі, дэкламавалі вершы. Вечарам старшакляснікі ставілі спектакль — Аляхновічавага «Бутрыма Няміру».

Беларуская моладзь Вільні выдала першы нумар літаратурнага часопіса «Маладое Жыцьцё» (адрас рэдакцыі — Вострабрамская, 9 — быў і адрасам беларускай гімназіі).


Святкаванні дня незалежнасці прайшлі ў розных кутках чужыны, куды лёс параскідваў беларусаў. 25 сакавіка ў Лодзі інтэрнаваны Першы батальён стральцоў зранку ганарова вышыхціўся каля казармаў. Сфатаграфаваліся на памяць. А 12-ай паручнік Макар Краўцоў зачытаў гадзінны рэферат пра гісторыю абвяшчэння БНР.

Штось, падавалася, мянялася і ў адносінах «чужыны» да Беларусі і яе паняволеных суседак.

«З усіх народаў, якія пасля расейскай рэвалюцыі сарваліся да незалежнага жыцьця, Беларусь атрымала найменш», — прызнаваўся № 74 польскага «Работніка» за 1921 год.

«Дапаможам вызваліць народы Беларусі і Украіны», — такім артыкульным загалоўкам пачыналася старонка 578-га нумара французскай газэты «Le moniteur du commerce»...


На трохгоддзе абвяшчэння незалежнасці БНР у Дзвінску стварылася (ці — правільней — адрадзілася ў трэці раз) культурна-асветніцкае таварыства «Бацькаўшчына». Яго старшынёй стаў настаўнік Ян Харлап, намеснікам — Езавітаў (улады з недаверам ставіліся да ягонай палітычна-культурнай дзейнасці, і таму «хросны бацька» «Бацькаўшчыны» мусіў «прыхавацца» на другім «плане»[33]. Летам адзьдзелы таварыства заклаліся ў Люцыне, Краслаўцы і Старой Слабадзе.

18 красавіка Кастусь Езавітаў напісаў знаёмаму яшчэ па Вільні Міхалу Кахановічу, аднаму з кіраўнікоў Беларускай цэнтральнай школьнай рады, колішняму старшыні Віленскай беларускай рады і дырэктару Віленскай беларускай гімназіі ліст:


«Высокапаважаны Міхаіл Сілуанавіч! Вельмі прашу не адмовіць дапамагчы мне арганізаваць у Латгаліі беларускую школу[34]. Справа стаіць такім чынам: беларусаў тутака зарэгістравалася больш 50 000 (па латвійскім перапісе). Усе яны карыстаюцца або расейскай, або польскай школай. Міністэрства прасветы і земствы ідуць на спатканьне думкам аб утварэньні беларускай школы, але хочуць, каб адчыненьне яе ішло не зьверху, а зьнізу, на пажаданьне жыхарства. Я ўжо гутарыў з настаўнікамі. Згаджаюцца, але просяць курсаў, літаратуры і падручнікаў. Каб былі падручнікі, дык некаторыя школы ўжо бперайшлі на іх…».


А летам, каб забяспечыць беларускія школы сваімі настаўнікамі, «Бацькаўшчына» арганізавала шасцітыднёвыя настаўніцкія курсы, на якіх беларусазнаўства выкладалі Кастусь Езавітаў і Ігнат Дварчанін (які прыехаў з Вільні). Чыталі лекцыі і па гісторыі, і па геаграфіі Беларусі, і па беларускай літаратуры. На заклік Езавітава выкладаць у Дзвінску адгукнуліся і Эдвард Будзька, і Паўліна Мядзёлка, і Андрэй Якубецкі.

На курсы запісаліся сорак тры слухачы, з іх дваццаць (лепшых) атрымалі атэстаты настаўнікаў і былі накіраваны ў новыя беларускія школкі Прыдруйскай і Пустынскай валасцей Дзвінскага павета — такіх школак у новым навучальным годзе адкрылася шаснаццаць.

Поспехамі ў Дзвінску радаваліся і ў Вільні.


«У Беларускім адраджэньні можна адчыніць новую ружовую старонку, — пісалі беларускія газэты. — Дзьвінск са шпаркасьцю маланкі пачынае ўставаць ад векавога сну. Вучыцельскія курсы, якія адразу былі пад вялікім сумняваньнем, набіраюць вялікае сілы. Штодня прыбывае і прыбывае людзей. Кожны дзень прыходзіцца мяняць салю. Цяпер ходзяць блізу 70 чалавек… Залажылася драматычная трупа, чуць ня 30 чалавек… Залажыўся моцны хор…».


Цені

Алесь Чарвякоў выходзіў на працу а сёмай раніцы. Каля дома яго і сустрэў Францішак Аляхновіч.

- О-о! Бацька нашай сцэны! Здароў будзь, — першым прывітаўся Чарвякоў. — Маеш што?

- Прыйшоў вось да бацькі ЦВК[35] прасіцца…

- Пра што?

- З'ехаць хачу з Менска.

- А што здарылася? — Чарвякоў адвёў Аляхновіча ад вокнаў дома — туды, дзе пачынаўся яшчэ голы пасля зімы парк.

- Цесна мне стала… Тут і таварыша Ждановіча дастаткова. — Аляхновіч хітравата прымружыў вочы.

- А сур'ёзна? — нахмурыў лоб Чарвякоў.

- А сур'ёзна — не магу…

Чарвякоў уздыхнуў, прайшоў углыб парка — за ім і Аляхновіч. Затым, пэўна, штось вырашыў, спыніўся:

- Значыць, сабраўся ў Вільню… Сям'я там?

- Там.

- Пасля абеда прыйдзеш да мяне… Што-небудзь скумекаю. Па ўсім, твае «Птушку шчасця» і «Цені» без цябе ставіць будуць…

У той дзень Чарвякоў выпісаў Аляхновічу камандзіроўку ў Радашковічы — «наладжваць тэатральную справу на раёне».

Аляхновіч напачатку завітаў на мігаўскі двор Уласава.

Дзень цёплы — і дзверы з сенцаў у хату адкрыты насцеж. Пасярод пакоя самаробны стол. На стулах — Уласаў з жонкай. Аляксандра Паўлаўна торапка круціла ручку швейнай машынкі. Аляксандр Мікітавіч сядзеў насупраць жонкі, штось пісаў у тоўстым сшытку. Малыя — Дзіма й Алег — таксама былі пры занятку: адзін пілаваў дошку, другі біў па ёй малатком…

Аляхновіч нават зніякавеў: не хацелася перарываць сямейную ідылію. Гаспадыня перапыніла работу, паправіла на плячах хусціну, пазнала Аляхновіча — і ўсміхнулася.

- Вось гэта госць! — узрадаваўся і Уласаў — з аграмаднай копкай чорных вусоў, падстрыжаны «пад нуль», у шырокім зрэбным касцюме. Агледзеў Аляхновіча (з чамаданікам, цёплае паліто, зіхоткія чаравікі). - Давай бліжэй, і табе месца хопіць, — і паказаў на лаву. — Куды гэта так выхранціўся? Во каму дома не сядзіцца!

- Так-так, дома добра… — выдыхнуў Аляхновіч і стомлена сеў. — Ды яшчэ з такімі памочнікамі! - і кіўнуў на малых.

- Зразумеў… - Уласаў бліснуў шкельцамі пенснэ. — Сабраўся ляцець…

Аляксандра Паўлаўна схавала машынку, пачала збіраць на стол пачастунак:

- Во, як і ведалі… З абедам прыпазніліся. А што гэтым часам у Менску чутно?

- Калі вы пра харч — усе крамы адчынены, ды ў іх адно хлеб, квас і «сітро»… — Аляхновіч памаўчаў і сказаў да Уласава: — А на Камароўцы ЧК зноў страляе… А ў вас?

- А ў нас бальшавікі пакуль толькі збожжа забіраюць…

Ноччу Аляхновіч нелегальна перайшоў пад Радашковічамі мяжу — дзе гэта лацвей было зрабіць, падказаў Уласаў.

- Трымайцеся там… — сказаў ён, выпраўляючы госця. — Нешта будзе… А дарогай — на вось, прачытаеш… — і запіхнуў Аляхновічу ў кішэнь складзеную старонку газэты.

Яе Аляхновіч разгарнуў ужо ў «Польшчы», калі перайшоў мяжу, — газэта (назвы на адарванай старонцы не было) перадрукоўвала Мемарыял Найвышэйшай рады БНР польскаму ўраду:


«<…> у імя <…> будучыні і каб паправіць старыя абмылкі і завязаць з Беларускім народам вузлы прыязьні, Найвышэйшая рада Беларускай Народнай Рэспублікі зварочваецца да Ураду Найясьнейшай Рэчыпаспалітай Польскай з просьбай зрабіць вось якія пастановы:

1. Прызнаць незалежнасьць Беларусі ў яе этнаграфічных граніцах і ў цеснай эканамічнай сувязі з суседнімі дзяржавамі, якія ўтварыліся з былой Расейскае імперыі.

2. Форму дзяржаўнага ладу, а таксама дзяржаўную і палітычную сувязь з суседзямі разрашыць Беларускі Устаноўчы Сход, які будзе скліканы тым часовым Урадам Беларускай Народнай Рэспублікі.

3. Усялякіе акупацыйные войскі павінны быць выведзены з беларускай тэрыторыі, а ў пераходным часе пратэктарат над Беларусьсю павінна ўзяць з рукі Лігі Народаў адна з дзяржаў, незаінтэрасаваных у Беларусі тэрытарыяльна.

Апрача гэтых асноўных пунктаў Найвышэйшая рада БНР просіць прыняць свайго прадстаўніка ў склад польскай дэлегацыі на мірные перагаворы з Савецкай Расеяй».


Пад Мемарыялам стаялі прозвішчы прадстаўнікоў Найвышэйшай рады Іваноўскага, Цярэшчанкі і Дубейкоўскага. Аляхновіч захавае тэкст Мемарыяла і праз некалькі тыдняў перадрукуе яго ў № 2 свайго новага часопіса «Беларускі Звон» ад 3 красавіка 1921 года. Аднак перамагла «эндэцкая» палітыка і ейны сцяганосец Грабскі. Незалежнасць падзеленай Беларусі так і засталася «папяровай»…


«Злосны» выкладчык

На пачатку сакавіка ў Вільні Аляхновіч сустрэўся з Тарашкевічам — абгаварыць навіны і, асобна, перадаць «галубіную пошту» ад Уласавай пляменніцы Веры (а ўжо ведаў, што Браніслаў з Верай даўно знаюцца).

Тарашкевіч жа нечакана агаломшыў:

- О! Добра, што цябе ўбачыў… Ты вельмі патрэбны. Будзеш вучыць польскай мове і літаратуры ў нашай гімназіі.

- Як гэта? Я ж не патраплю. Мову яшчэ так-сяк… А літаратуру?

- Выйсця няма. Ранейшая настаўніца з'ехала ў Коўну. Нікога не падабраць: не пачатак жа года… Словам, ідзі да Кахановіча, пагавары з ім.

Аніякіх планаў Аляхновіч яшчэ не паспеў скласці, і капейчына ад настаўніцкага заробка не стала б лішняй. Але ж і настаўнікам быць ніхто не вучыў…

А Кахановіч — дырэктар Віленскай беларускай гімназіі — яшчэ больш азадачыў:

- Вучні слаба ведаюць польскую мову, а польскія школьныя ўлады патрабуюць заканчэння курса навучання па агульнай для ўсёй Польшчы праграме. Інакш усе гімназісты застануцца ў сваіх клясах на другі год. Выручай!

Часу ж на падрыхтоўку лекцый не было. Аляхновіч пастараўся выбраць найбольш кідкія і цікавыя матэрыялы з гісторыі польскай літаратуры і «бліснуць» імі перад аўдыторыяй — каб, крый Божа, не рассакрэцілі такога «прафесара». Адно добра: да заканчэння школьнага года заставалася некалькі тыдняў…

Першая лекцыя — у восьмай клясе. Абазначыў тэму: «Вільня і пачаткі польскага рамантызма». Аляхновічу яна падалася найцікавейшай: у Вільні, у тых жа Базыльянскіх мурах, адбываліся сцэны Міцкевічаўскіх «Дзядоў»… Лекцыю заканспектаваў, у партфель склаў кнігі — каб зачытваць цытаты, перад сабой на стале паклаў гадзіннік — каб «укласціся» ў сорак пяць хвілін… Стараўся — як ні на кожным сваім спектаклі. Адгаварыў з палову лекцыі, паспрабаваў выклікаць у сваіх чытачоў смех — і толькі нудныя міны…

Мароз прабег па скуры. «Няўжо яны расшыфравалі мяне?! Няўжо такія відочныя мае недахопы?!»

Нарэшце — званок. І Аляхновіч насмеліўся на шчырасць:

- Ці ўсё было зразумела?

Маўчанне.

- Мо хто з вас мае нейкія запытанні?

У адказ — выбух смеху.

Зніякавелы, збянтэжаны, Аляхновіч сеў і, чырванеючы, нясмела запытаў у дзяўчатак з першага раду:

- Што здарылася?

Тыя разам і пратараторылі:

- Выбачайце, пане вучыцель, але мы нічога не зразумелі…

- Як?

- Мы не разумеем па-польску…

Папярэдніца Аляхновіча усім — не зважаючы на паспяховасць — ставіла пяцёркі. Аляхновіч жа, разважыўшы, пачаў «разбаўляць» пяцёркі чацвёркамі: не ўсе ж вучацца аднолькава.

І вось аднойчы на яго кватэру прыйшлі дзве гімназісткі восьмай клясы — гадоў па васемнаццаць.

- Калі ласка… Сядайце… — Аляхновіча, папраўдзе, іхні візіт крыху здзівіў.

Адна намагалася штось сказаць, а другая нечакана заплакала… Прычына — настаўнік паставіў ёй сёння чацвёрку, а ўсім — пяцёркі…

І мусіў Аляхновіч прасіць у дзяўчат прабачэння, частаваць іх цукеркамі і лікёрам.

- Не гневайцеся, — на развітанне шляхотна пацалаваў ім ручкі…

А на экзаменах яго зноў перастрэў Тарашкевіч:

- Ну, як жа там?

- Зусім кепска… Нават мовы польскай не ведаюць… — Аляхновіч казаў, як было.

- Якое выйсце? — Тарашкевіча гэта не надта занепакоіла.

- Адно… З тваёй згоды пастаўлю ўсім пяцёркі, - Аляхновіч па-блазенску прымружыў вока.

Больш на выкладчыка Аляхновіча аніхто крыўды не меў…


Праз паўтары тыдні пасля свайго настаўніцкага дэбюта Аляхновіч пачаў збіраць матэрыял для свайго новага літаратурна-грамадскага часопіса «Беларускі Звон» — яго першы нумар выйшаў 22 сакавіка 1921 года. Выкладчыцкі клопат разбаўляўся выдавецка-рэдактарскім — і меў, трэба думаць, лепшы плён.

««Звон» згуртаваў каля сябе лепшыя беларускія публіцыстычныя і літаратурныя сілы. Орган гэты зьяўляецца цяпер у Віленшчыне праўдзівым выявіцелям беларускай грамадзкай апініі», — напіша пазней пра часопісь Францішка Аляхновіча ковенскі «Беларускі Сьцяг».


Маладое жыццё

Уладзімера Жылку, камісара БНР, прызначылі на працу ў Віленскі паўстанцкі камітэт (дзе ён мусіў дзейнічаць поруч са сваім знаёмцам па Слуцкім чыне цёзкам Пракулевічам). Паўстанцкі камітэт рыхтаваў выступленні супраць польскіх улад, пад ачолам якіх чыніліся здзекі на акупаваных беларускіх абласцях.

Ранкам Жылка агледзеў рэшткі абарончых замкавых муроў з параненымі вежамі, доўга стаяў каля куста маладога бэзу пад Гедымінавай гарой. Летуценілася пра штось няўлоўнае і вабнае, самі сабой пачыналіся складвацца вершы — лёгкія, нібыта счытаныя з пергамінаў старых патрэсканых вежаў…

Мы любім даўнія паданьні,
Быліцы сівых песьняроў.
Няхітры іх апавяданьні
Аб справах мінулых вякоў…
Але нам будуць ўсё ж мілейшы
Часы, калі з нізін, балот
З надзеяй ў шчаснасьць дзён сьвятлейшых
Устане ўзбуджаны народ…

Прысеў на друз замкавай сцяны, агледзеў прыціхлы зранку горад, затым — Гедымінаву гару, пакрытую маладым вясновым зяленівам…

Наўкола роў, травой парослы і шырокі,
За ім астача сьцен зруйнованых замковых…
Тут князь калісьці жыў багаты, ганаровы,
І слава-чутка йшла аб ім у сьвет далёкі.
Цяпер жа сумна мур глядзіцца адзінокі,
Ў праходах вецер рве, здзьмухае пыл вяковы,
Ўначы стагнаньнямі і плачам страшаць совы,
І кажаны лятуць на дзень ў цьвілыя лёхі…

Праз гадзіну ён выбраўся на Вострабрамскую. У рэдакцыі «Нашай Думкі» — нечаканая сустрэча. За стосам газэт, закасаўшы рукавы (пінжак накінуты наапашкі), узвышаўся Макар Краўцоў…

- Жылка! Няўжо ты?! — ад здзіўлення ажно прыўстаў. — Даўно ў Вільні?

- Першы дзень.

- А як дабраўся?

- Ды без прыгод. Гуртам, кажуць, і бацьку лацвей біць, не тое што перахітрыць Пілсудскага… — і ён зморана, хоць і вымагаўся ўсміхнуцца, сеў на прыстаўлены да рэдактарскага стала табурэт…

З Польшчы на Віленшчыну яны дабіраліся ўтрох: Жылка, Міхась Каберац і Юльян Сасноўскі — усе ўдзельнікі леташняга Слуцкага чыну. Макар Краўцоў прыехаў у Вільню раней, і вось цяпер, як расказаў, Максім Гарэцкі перадаваў яму рэдактарства «Нашай Думкі», якая, аднавіўшыся, выходзіла з пачатку 1921 года.

Прагаварылі з паўгадзіны. Напрыканцы, ужо развітваючыся, Жылка дастаў з кішэні некалькі напалам складзеных аркушаў — вершаваныя радкі на іх былі ўпісаны каліграфічным прапісным почыркам.

- Я гэта… вось колькі вершаў прапанаваць рэдакцыі хацеў бы, — асцярожна паклаў на стол і намерыўся развітацца, як дзверы рэдакцыйнага пакоя расчыніліся і ўвайшоў Максім Гарэцкі: бадзёры, у шырокім касцюме з яркім гальштукам; нават раннія залысіны пасавалі ягонай шляхотнай паставе.

- Знаёмся: Уладзімер Жылка, — Макар Краўцоў выйшаў з-за стала. — Вершы нам прывёз. Можа, глянеш? — Краўцоў Гарэцкага быў «старэй» на тры гады, і намагаўся трымацца «стала».

- То ж аўтар ёсць, хай і прадэклямуе нам. — Гарэцкі прысеў да вакна, ускінуў нагу на нагу — і зрыхтаваўся слухаць. Жылка не чакаў такога ходу, крыху зніякавеў, сторапу прачытаў два вершы і сціх. Гарэцкі одумна пахітаў галавой, адзначыў у вершах «маладога паэта» (на сем гадоў маладзейшага) некаторыя шурпатасці і… забракаваў іх[36].


У Вільні Жылку падтрымалі Антон Луцкевіч і Францішак Аляхновіч. З'явіліся і новыя сябры сярод гімназістаў, не зніклі і колішнія — Сасноўскі (пачаў вучыцца ў беларускай гімназіі) і Каберац. Восенню ў Вільні адкрылася восем пачатковых беларускіх школ. У адной з іх пачала працаваць настаўніцай Наталля Арсеннева (таксама маладая паэтка, вершы якой — яшчэ гімназісткі — былі ўхвалены ейным настаўнікам Гарэцкім). Кіраўніком той школы прызначылі Міхася Кабераца.


Пара акрыленасці не ведае крыўдаў… Не меў іх і Жылка, хоць і быў крыўдлівым, хоць і ўспрымаў нядобразычлівасць балюча, хваравіта, — як і ўсе сухотнікі. Нядаўна ён прачытаў нумар «Нашай Думкі» ад 25 сакавіка — і быў уражаны артыкулам А. Мсьціслаўскага «Думкі і развагі з прычыны свята незалежнасці». Пад такім псеўданімам пісаў Максім Гарэцкі — і Жылка ведаў пра гэта. Некалькі разоў перачытваў ён «Думкі і развагі»…


«Незалежнасьць — гэта ёсьць вянец усім нашым імкненьням. Гэта ёсьць той ідэал, тое пуцяводнае сьвятло, да спраўджаньня якога скірована дзеяльнасьць кожнага грамадзяніна… Якое бы райскае жыцьцё ні дэкляравалі нам маскоўцы, палякі ці навет ліцьвіны, мы — прапашчыя, няшчасныя людзі датуль, пакуль не зрэалізуем <…> свайго незалежнага гаспадарства… Пад Польшчаю ці пад Маскоўшчынай мы памром нацыянальнай сьмерцю і пойдзем гноем пад красаваньне чужое культуры <…>. Пад маскоўскім панаваньнем мы якраз рызыкуем страціць сваю душу <…>. Маскоўскія камуністы гвалтам накінулі нам так званую «дыктатуру пралетарыята», хаця Беларусь ня можа прыняць ня толькі яе нягоднае фікцыі <…>, бо ня можа быць «дыктатуры пралетарыята» па маскоўскаму рэцэпту ў той старонцы, дзе калі й мысьліма якая дыктатура, дык толькі дыктатура сялянства <…>. І вось адзіны вывад з усяго сказанага, адзіны правільны адказ: Незалежнасьць бацькаўшчыны!».


Жылка прачытаў ужо аповесць Гарэцкага «Дзве душы» (кніжку, якая выйшла ў Вільні яшчэ ў 1919 годзе, даў яму Макар Краўцоў) і цяпер пачынаў задумвацца аб тым, што душа балюча дваілася не толькі ў галоўнага героя аповесці Ігната Абдзіраловіча, але — і ў самога аўтара, самога Максіма Гарэцкага… У памяці высвеціліся Бядулевы выцінкі з менскай «Звезды» за 1919 год з артыкулам «Крах самостийности», пазначаны крыптанімам П. Б.

- А хто гэты «П. Б.»? — спытаў тады Жылка.

- Панскі Бізун… Ён жа — Максім Гарэцкі, аўтар зборніка апавяданняў «Рунь», — паківаў галавою Бядуля…

А ў тым артыкуле два гады таму Гарэцкім выкладаліся зусім адрозныя думкі:


«Самостийность — это самая уродливая форма, в какую может вылиться возрождение <…>. Теперь жертвовать великими идеями коммунизма во имя возрождения в понимании самостийников — преступление перед тем же возрождаемым пролетариатом <…>. Наше крестьянство <…> должно смело ндти за свим коммунистическим строем, единственным истинным возрождателем».


«Як двума рознымі людзьмі пісалася… — дзівіўся Жылка. — За два гады — чым не дваенне душаў?..»

А затым ён даслаў у «Нашу Думку» свае новыя вершы — «Мы любім даўнія паданні…» і «Замчышча», якія пачалі абуджацца яшчэ падчас наведвання старадаўніх муроў віленскага замка, а да іх — заместа ліста — даклаў вершаванае пасланне:

Вельмі шаноўны пан Рэдактар[37]!
Дару Вас крэйзаньнем сваім.
А гэта досі важны фактар —
Павінны Вы згадзіцца з тым.
<…>
Ды ўсё ж хацеў бы мець надзею
(Мо шчырасьць гэтка пану ўперш),
Што добры будзе пан судзьдзёю
І не асудзіць гэты верш.
А прачытаўшы ўважна тыя,
Што я пры гэтым дадаю,
І прысудзіўшы: «Не благія»,
Ў газэту зьмесьціць іх сваю.
<…>
Калі ж што лішняе сказаў,
Хай мне даруецца абмылка.
Затым з пашанай застаюсь
Ўладзімер, сын Адамаў, Жылка,
Па волі лёсу беларус.

І прычакаў новае расчараванне: два надрукаваныя вершы (у нумарах ад 6 і 14 траўня) настолькі пераправілі, што «жывога», свайго ў іх паэт прачытаў няшмат… А таму падчас новай сустрэчы з Макарам Краўцовым не мог стрымацца — даведаўся, што якраз ён і «правіў»:

— Чаму ж ты ўжо сам і не падпісаўся пад вершамі?!

Але натхнялі Жылку публікацыі ў Аляхновічавым «Беларускім Звоне», а таксама ў «Маладым Жыцьці» — новым беларускім віленскім выданні, дзе актыўна друкаваліся Наталля Арсеннева і Уладзімер Дбоўка.

«Маладое Жыцьцё» рэцэнзавалі і хвалілі.


«Часопісь робіць надзвычай прыемнае і сымпатычнае ўражаньне ўласьцівым моладзі размахам і верай», — пісаў пра яго ковенскі «Беларускі Сьцяг».


Віленскае беларускае студэнцтва з новага года пачне выдаваць і «Наш Шлях», які таксама абудзіць надзеі ў сваіх чытачоў і рэцэнзентаў.


«Рознародны і багаты зьмест часопісі, новыя імёны маладых прадстаўнікоў, а яшчэ болей новыя, сьвежыя, сьмелыя думкі акрыляюць чытача надзеяй і верай у нашу сьветлую будучыну. «Наш Шлях» загаварыў да сваіх чытачоў дзе трэба здаровай прозай: «Хто ня бьець, таго бьюць», а дзе — чыстай паэзыяй і здаровым маладым рамантызмам, сьвядомай сваіх сіл і мэт моладзі. Паміж маладых аўтараў — С. Радзіміч і С. Дрыгуновіч - зарысовываюцца як сільныя немалога таленту публіцысты з вельмі цэнным ухілам да аналітыкі. Пяром Ф. Маркотнага кіруе душа цьвёрдага грамадзяніна і запраўднага гаспадара краю. Вершы Арсеньевае — гэта істотна кветкі паэзыі…».


Абедзьве выцінкі пісаліся ў Коўне Вацлавам Ластоўскім.


Напрыканцы траўня 1921 года польскія ўлады закрыюць «Нашу Думку»…

* * *

З кожным месяцам аддалялася краіна ад вясны сваёй незалежнасці, і азіраючы пазначаны шнарамі новых межаў і франтоў ды таўрышчамі магілаў пакутны трохгадовы — ад сакавіка 1918-га — адрэзак-шлях, паразумення мусілі шукаць нават самыя злосныя апаненты і непрыяцелі, якім наканавана было ісці пад сцягам беларускасці.

Створаная летам 1921 года Рада Беларускай нацыянальнай сувязі прапанавала правесці ў Празе Нацыянальную канферэнцыю і выдала абвешчанне:


«Да ведама беларускага грамадзянства, усіх беларускіх партыяў, арганізацыяў і груп.

Надышоў момэнт, калі прадстаўніком беларускай нацыянальнай думкі трэба аб'яднаць свае зусільля ў напрамку забесьпячэньня бліжэйшай будучыні Бацькаўшчыны. <…> У першую чаргу трэба высьвятліць унутранае і міжнароднае становішча Беларусі.

<…> Усе беларускія партыі, арганізацыі і групы, знайходзячыяся як у краі, так і па-за межамі яго — у Эўропе, Амэрыцы, заклікаюцца прыслаць на <…> нараду сваіх прадстаўнікоў.

Тым арганізацыям, якія ня маюць адпаведных коштаў, выдаткі на падарожжы іх дэлегатаў будуць вернуты прэзыдыумам Нарады».


Пажар у Горадні

Усё большы супраціў выклікала ў беларускім насельніцтве польская палітыка. Шырылася дзейнасць антыпольскага Паўстанцкага камітэта. Ягоным сувязным Пракулевіч накіраваў у Горадню Тамаша Бабровіча, які колісь, заступіўшыся за бацьку, мусіў пакінуць родную Ашмяншчыну. У Горадні Бабровіч павінен быў фармаваць звяз незадаволеных «крэсавым» жыццём.

Позна вечарам напрыканцы ліпеня маўклівы рамізнік вёз Тамаша на Рыбны рынак, дзе за невялікую плату можна было на некаторы час займець прытулак. Толькі выехалі з вузкай вулкі, як вочы насцярожыла кармазынавая павалока над далёкімі драўлянымі хаткамі.

З гарадскога ўзвышка пракалоў цішыню турботны звон, праз некалькі хвілін іх падводу прыціснуў да краю брукаванкі пажарны абоз…

А павалока пачынала ўжо здалёк пыхкаць палымянымі водсветамі. З двароў выпырхвалі напалоханыя гарадчукі і беглі на святло. Хтось даўмеўся захапіць вядро… Жанкі ўсчалі лямант, турботныя крыкі чуліся па ўсёй вуліцы.

Бабровіч прыўзняўся: і вочы апалілі тлустыя каўняры полымя над некалькімі хатамі. Калі пад'ехалі бліжэй, пажар люціўся напоўніцу. Жаўнеры і добраахвотнікі аблівалі вадой пакуль ацалелыя будыніны. Праца марудзілася: пажарныя «кішкі» былі кароткімі, а некаторыя нават не падыходзілі да кранаў. І — гармідар, лаянка, траскаценне і шугавей полымя… раптам — дзесь зусім побач:

- Ратуйце, людцы добрыя! У хаце парадзіха, выйсці не можа! Агонь ужо ў сенцах!.. І вынесці не магу…

Бабровіч азірнуўся: у шабашным карагодзе ценяў укленчыла старая, па ўсім — ці парадзіхава маці, ці павіталка…

- Дзе хата? — старую, каб апрытомілася, давялося моцна ўстрасянуць.

Некалькі хвіляў — і ён ужо ў агародчыку. Прыбудоўка, якую старая назвала сенцамі, ужо абвальвалася, і Бабаровіч ускочыў у хату праз вакно — раму лізаў агонь, шкло вывалілася… Задыхаючыся дымам і абпальваючы грудзі, слепнучы ад слёз і яркаты агня, Бабровіч ледзь не вобмацкам знайшоў ложак, узняў знежывелую парадзіху, данёс да вакна і толькі паспеў асцярожна, каб не выцяць жывот, перахіліць-ссунуць яе, як штось бліснула ўваччу ўжо не чырвона-кармазынавым, а едка-жоўтым — і яго схавала пад сабой ахопленая агнём сцяна невядомай горадзенскай хаты…

Той ноччу пажар забраў некалькі соцен дамоў каля Рыбнага рынка, і калі ў горадзе з'явілася падмога з Беластока, ён дакаціўся ажно да муроў Магістрата…

* * *

Збегшы з бальшавіцкай Беларусі, Францішак Аляхновіч не знаходзіў супакою і ў Вільні. Дзействы польскіх эндэкаў мала ў чым розніліся ад камісараўскіх… І ўсё часцей ён узгадваў Езавітава, ягоныя папярэджанні. Меў той рацыю. Латвія — вунь, другі раз звяртаецца з просьбай прыняць яе ў Лігу Нацыяў…

І французскія газэты пачалі ўзгадваць Беларусь і Украіну… І паўстала тады перад Аляхновічам постаць, якая сімвалізавала яму палітычную і вайсковую Францыю, — постаць Напалеона. У «Беларускім Звоне» 8 траўня 1921 года з'явіўся артыкул Аляхновіча «У Напалеонаўскую гадаўшчыну», дзе праводзіліся паралелі і з сучаснасцю:


«…Сто гадоў назад памёр Напалеон. Але засталася вялікнасьць яго думак і дзеі. Застаўся ўспамін аб Ім, — аб Ім, каторы нёс волю падняволеным і з мячом у руцэ нёс з Захаду на Усход вялікія здабычы Рэвалюцыі».


Ды выглядала на тое, што Захад з Усходам даўмеліся ўжо дамовіцца, і сённяшнія напалеоны спакойна сядзелі ў сваіх палацах…


З Янам Райнісам

На пачатку жніўня 1921 года рыжабароды фурман па надзіва роўнай гравейцы вёз Езавітава з Рыгі ў Маяры. Лецішчы патаналі ў зеляніне садоў, і каб не папярэдняе апісанне брамкі з драўлянымі лебедзямі, доўга давялося б шукаць Райнісаў домік — не было нават у каго спытаць, бо ўсе пахаваліся ад спёкі.

У вакно вызірнуў гаспадар, усміхнуўся і праз хвілю сустракаў Езавітава на абвітай павоямі верандзе.

- Добры дзень, добры дзень! — імпэтна заварушылася бялявая бародка. — Заходзьце. — Райніс запрасіў у хату і фурмана: — А чаго пячыся? Тут хоць які цень…

Зайшлі ў гасцёўню. Гаспадар спачатку пачаставаў сваімі настойкамі, а толькі потым пацікавіўся:

- Паведамлялі мне з Рыгі, што ў вас да мяне клопаты?

- Так, Яніс Крыш'янавіч. Беларусы хочуць прасіць у вас падтрымкі… — загаварыў Езавітаў. — Наша таварыства «Бацькаўшчына» заклала ўжо дваццаць школ. Хочам адкрываць новыя. А для кіраўніцтва і арганізацыі беларускага школьніцтва неабходна стварыць спецыяльны адзьдзел пры міністэрстве асветы. Гэтага і дамагаецца Цэнтральнае праўленне «Бацькаўшчыны» і шукае, найперш, вашай падтрымкі — і як вядомага паэта, і драматурга, і як лідэра латвійскай сацыял-дэмакратыі, і як дэпутата Устаноўчага Сойма.

- А што… — Райніс прыціснуў даланёй бародку, задумаўся. — З міністрам Дауге я пагавару… Складзём зварот у Кабінет… А чаму б і не?! — Затым доўга распытваў пра Беларусь, беларусаў Латвіі.

Езавітава дзівіла, што Райніс ведаў не толькі пра беларускі нацыянальны супраціў бальшавікам, у прыватнасці — пра Слуцкі збройны чын, але і пра ўзаемаадносіны беларускіх дзеячоў.

- Ці праўда, што Антон Луцкевіч назваў Ластоўскага бандытам, а літоўцаў — заклятымі ворагамі? Чым займаецца Народная рада БНР і ўрад Ластоўскага ў Каўнасе-Коўні? — некаторыя з ягоных пытанняў.

Езавітаў мусіў даверыцца:

- Рыжская дамова ад 18 сакавіка па жывому парэзала Беларусь на часткі… - ён зірнуў на свайго фурмана — той нават паспеў задрамаць на мяккім фатэлі — і працягнуў смялей: — У абедзьвюх частках Беларусі пачалася падрыхтоўка паўстанняў. Аднак карныя органы арыштавалі эсэраўскае ЦК — а эсэры кіруюць уздымам — і ўвесь менскі камітэт партыі, сотні партыйных актывістаў… Пасля гэтага галоўная роля ў арганізацыі супраціву і перайшла да дзеячоў у Заходняй Беларусі і эміграцыі, перайшла да Ластоўскага…

Калі развітваліся, Райніс завёў гасцей у сад і натрос ім яблыкаў…

А 18 жніўня на адрас «Бацькаўшчыны» ад яго прыйшоў ліст, у якім паведамлялася аб першых кроках па ўтварэнні беларускага адзьдзела пры міністэрстве асветы. Райніс яшчэ раз запэўніваў:


«Вы ў мяне заўсёды знойдзеце ў добрых справах добрага абаронцу».


Пра ўсе падрабязнасці распачатага нацыянальнага вызвольнага руху Езавітаў расказаць не мог нават Райнісу — і не таму, што не хацеў даверыцца, — не хацеў уводзіць і Райніса, і сваіх сяброў у непатрэбную рызыку. З месяц таму не без удзела ўрада эсэра Ластоўскага і яго, Езавітава, спрыяння быў створаны Цэнтральны беларускі паўстанцкі камітэт на чале з Уладзімерам Пракулевічам, былым старшынёй Рады Случчыны, пад кіраўніцтвам якой і выбухнуў летась антыбальшавіцкі чын. Пракулевіч быў сябрам прэзідыума Віленскага нацыянальнага камітэта і сябрам замежнага ЦК партыі беларускіх эсэраў. У маі 1921 нават арыштоўваўся польскімі ўладамі.

Галоўны штаб беларускіх партызанаў узначаліў падпалкоўнік Успенскі, былы камандзір Ваўкавыскага беларускага батальёна. Партызанскія атрады пачалі фармавацца на Горадзеншчыне. А на верасень у Празе была запланавана канферэнцыя беларускіх палітычных арганізацый, якая і мусіла вызначыць адносіны беларускага руху да Рыжскай дамовы і далейшую палітыку ў стасунках з Масквой і Варшавай…


Чаканыя нечаканасці

У Дзвінску Езавітава чакаў прыемны сюрпрыз. Раніцай зайшоў на кватэру «Бацькаўшчыны», а Ян Харлап замест роспытаў выпаліў:

- Тут цябе ўжо колькі дзён твой таварыш дамагаецца… Жыць не мае дзе, дык я яго ў нас, у бібліятэцы «прапісаў», — і ўсміхнуўся. — Схадзі павітайся, а тады пра паездку раскажаш…

Толькі адкрыў шкляныя дзверы ў бібліятэку, а насустрач — Васіль Муха:

- Нарэшце ты адшукаўся, пан генерал!

…Год Муха правёў у атрадзе Сяменіка. Расказваў, што палякі выдавалі толькі харч, а ў зношанай вопратцы, казалі, у лесе ня сорамна… Нястачы прывялі да хваробаў. Восенню палову атрада — і самога камандзіра, і Муху — зрэзаў тыф. Хворых адвезлі ў мястэчка Смалявічы. Пасля гэтага атраду Сяменіка польскія ўлады выдалі абмундзіраванне, пенсію і, дазволіўшы пашыраць свой аддзел, даручылі самае пякельнае — выведку на фронце.

Муха паказаў нават фотакартку выведчыкаў: дзевяць партызанаў — у шынялях, світках, падперазаных дзягамі, у зімовых шапках-«стаўбурках», за плячыма — вінтоўкі. Паперадзе Лукаш Сяменік — невысокі, у доўгім шынялі з каўняром з чорнага футра, на дзязе — кабура з наганам і марскі корцік (падарунак Мухі), доўгая шабля ў похве, чорная шапка бокам насунута на макаўку галавы, высокі ў маршчынах лоб. За Сяменікам — сам Муха.

- Чакай, недзе я ўжо гэтую гвардыю бачыў… - Езавітаў аддаў фотакартку. — Ну так, пад артыкулам пра Сяменіка ў Аляхновічавым «Беларускім Жыцьці»![38] Так што не думай, — і Езавітаў прыязна ўсміхнуўся, — ведаем мы сваіх герояў…


Так, часам можа падацца, што жыццё чалавечае сплятаецца з нечаканасцяў. Хто знае, хто з кім спаткаецца, што на што набяжыць?..

На асвечанай яшчэ не ашчадным вераснёвым сонцам Прывакзальнай вуліцы Коўна лёсіла сустрэцца Цішку Гартнаму і Паўліне Мядзёлцы.

- Дзядзька Цішка, ці ты гэта? — першай азвалася Мядзёлка. — Якім ветрам да нас?!

Гартны здзіўлена зморшчыўся — і прамовіў ціха, усміхаючыся:

- Ды не да вас, а цераз вас… — прымружыў адно вока і ўважліва агледзеў Мядзёлку: — А паненка ўсё харашэе…

- Я ўжо год як пані. — Мядзёлка адкінула з брыва завіты кудзярок (тут, на Прывакзальнай, яна нядаўна выйшла з цырульні).

- Ну?.. — Гартны зноў зморшчыўся. Насамрэч, ён ужо ведаў пра шлюб Мядзёлкі з Тамашом Грыбам, як і пра колішні арышт абодвух польскай дэфензівай, але чамусь яму хацелася пра гэта «забыцца».

- Так-так… А што там у вас у Менску новага? Як нашы? — зашчабятала Мядзёлка. — Я ж анічогаткі не чула. Давай пап'ём кавы ды пагаворым. Ці надоўга ў Коўну?

- Вечарам еду.

- То тым больш хадзем!

У кавярні на той жа Прывакзальнай было моцна накурана. Гартны хмурыўся, неахвотна адказваў на Мядзёльчыны пытанні, выціраў спацелы лоб, а потым цмокнуў і адкрыў вакно, правёў вачыма сялянскую фурманку, што нарабіла на вуліцы грукату, затым сеў і спытаў сам:

- А як пані Мядзёлцы жывецца?

- Пакуль, цьфу-цьфу, ад ліха ціха…

- А муж… Твой Грыб як?

- Тамаш у Лодзі. І я б там была, каб не збегла па падробленых дакумэнтах… — Мядзёлка, заўважыў Гартны, зусім не хацела кавы — крышку прыгубіла і адставіла філіжанку.

- А як не сакрэт, куды васпан збіраецца вечарам ехаць?

- У Берлін, — Гартны мовіў гучна, упэўнена, а Мядзёлка як не дачула — запытальна ўгледзелася яму ў вочы, не стрымалася:

- Во як! Там, кажуць, цуд, Эўропа! — і ўздыхнула: — А мы вось тут седзімо і пра свет толькі па часопісах ведаем…

І тут Гартнага нібыта працяла электрычным токам — узняў галаву, наструніўся:

- Хочаш у Берлін… на працу?

Мядзёлка, агаломшаная, адхіснулася да спінкі стула, але здолела стрымацца, адказала, як здалося, нават пакрыўджана:

- Пан няўдала жартуе…

- Чаму жартую? — насупіўся Гартны, зняў пенснэ і паклаў у кішэнь пінжака. — Мяне накіравалі ў працяглую ўрадавую камандзіроўку ў Нямеччыну. Па замове Савецкага ўрада будзем там друкаваць беларускія падручнікі. То й запрашаю на працу пад маім кіраўніцтвам… — памаўчаў, змуліў вусны, — карэктарам ці стыльрэдактарам… — уважліва паглядзеў на Мядзёлку, падрахаваў: — Толькі ведаць трэба зараз: едзеш ці не?

Мядзёлка прыўзняла адно брыво, крыху схіліла галаву, прашаптала:

- А калі выбірацца?

- Можна сёння… Можна праз колькі дзён.

Мядзёлка памаўчала, колькі разоў адпіла кавы, пакратала неўтаймоўны кудзярок і раптам бадзёра выдыхнула:

- Еду!

Хмуры Гартны ўсміхнуўся, «вось так», — выціснуў і замовіў бутэльку віна:

- Адзначым нашу згоду!

А калі праз паўгадзіны яны выйшлі з кавярні, пачаў расказваць аб тым, што лічыць Ковеншчыну амаль роднай, бо тут некалі амаль з год працаваў гарбаром…


А вось таго, што 20 верасня 1922 года Мядзёлка выбралася з Латвіі на адным караблі з Езавітавым, нечаканасцю не назавеш: абодва пра гэта дамовіліся яшчэ падчас ліставання. Па «інтэрвенцыі» Езавітава Мядзёлцы непатрэбна была латвійская віза…

…Яна першы раз ехала морам. Падоўгу заседжвалася на палубе — і не адпускала Езавітава.

«Ахоўвай мяне, мой генерал… А раптам хто мяне ўкрадзе. Ці замерзну…»

І смяялася, і падоўгу шчабятала пра ўсё і пра нічога, і насамрэч падавалася Езавітаву летуценнай дзеўчынёткай, і яму станавілася добра побач з ёй, спакойна, бестурботна; седзячы насупраць, ён, злёгку прымружваючы павекі, узіраўся ў яе вочы — глыбокія, з няскорнай таемнасцю-чарнявасцю, заўважаў, як Мядзёлка — нібыта выпадкова — нерухоміла позірк на ім, а адварочваўся — і зноў бачыў яе вусны, шыю пад тонкім шалікам… і сам сабе здаваўся яшчэ маладым, летуценным.

Мядзёлка доўга ўсхвалявана любавалася хараством Паланзы, а потым нечакана (яна наогул стала для Езавітава ў гэтыя васемнаццаць гадзін падарожжа да Берліна, а затым дарогі праз Дрэздэн і Пешын увасабленнем нечаканасці) апаліла:

- А што чуў мой генерал пра сувязь Мядзёлкі з Купалам?

Езавітаў звёў бровы — і толькі ўсміхнуўся.

«Навошта яна правакуе? Ці адкрываецца? Канешне ж, не мог не чуць — і яна ведае — пра колішнюю Купалаву неабыякавасць да Мядзёлкі».

І адказаў не без гуллівасці:

- Чуў… як пра сувязь мастака і акторкі, якая спрыяла ўвасабленню Купалавай «Паўлінкі»…

- І ўсё? — Мядзёлка нібыта зніякавела. Паправіла шалік — і загаварыла пра іншае: — А скора мы прыедзем да немцаў?

- Напачатку будзе Кёнінгсберг… А затым ноч, а за ёй — Берлін.

У Кёнінгсбергу іхні карабель затрымаўся на доўгую гадзіну, а вечарам перад сваёй каютай Мядзёлка перастрэла Езавітава і, адчыняючы дзверы, адвярнуўшыся ад яго, запытала:

- Пан генерал будзе пільнаваць мяне і ноччу?

Прызнацца, Езавітаў за дзень звыкся са спадарожніцай, вывучыў яе, часам здавалася, нават мог здагадацца, пра што тая скажа, — і да гэтага запытання ўжо рыхтаваўся…

- Калі спатрэбіцца, я збяру каля гэтых дзвярэй усіх матросаў Балтыкі, каб яны ахоўвалі нашу чароўную Паўлінку… — і дадаў-падрахаваў: — Пра што я і абяцаў Тамашу… — і ўсё ж не стрымаўся, апусціў вочы. — Так што зычу ёй бестурботнага сну… — гжэчна хітнуў галавой і пакрочыў да свайго калідорнага закутка…

У Берліне, каб перасесці на пражскі цягнік, ім спатрэбіліся суткі. Езавітаў замаўляў білеты (зноў злаваўся на сваё слабое веданне «дойчу»), а Мядзёлка за той час паспела адшукаць кватэру, дзе спыніўся Гартны, абгаварыць пытанні з працаўладкаваннем і… адпрасіцца на тыдзень — «дзеля знаёмства з краем» (пра тое, што едзе на беларускую канферэнцыю ў Прагу, вядома ж, свайму новаму шэфу не сказала).

І была зноў іхняя дарога — па яшчэ не зачаўрэлай даліне Эльбы, сціснутай з абодвух бакоў высокімі — як падавалася ім — гарамі. Мядзёлка прыхіналася да вакна, ледзь не ўскоквала, заўважаючы на шчытах скалаў старадаўнія замкі, летуценіла-гарэзіла — і зноў абнечаканіла:

- А пан генерал хацеў бы жыць вось у такім палацы, на ўзвышку, над рэчкай… — і схілілася наўзлокаткі на купэйны столік, зірнула яму ў вочы, — …са мной?

Езавітаў напачатку ўзіраўся ў далёкі замак над стромай, затым змуліў вусны — патрапляючы паўтарыць выраз Мядзёльчынага твара:

- Нават калі б я сказаў «не», ты б мне не паверыла…

- То што ж генералу замінае?..

- У такіх замках князі жылі са сваімі князёўнамі… - Ён устаў і, упершыню паклаўшы руку на яе плячо, сказаў цішэй: — Я абяцаў Тамашу, свайму таварышу, аберагаць цябе да Прагі… Аберагаць — і толькі… І гэта я зраблю. — Ён выйшаў з купэ і накіраваўся ў вагон-рэстарацыю, дзе з бутэлькай партвейна ўраджаю 1916 года праседзеў усю ноч — пакуль у сутонні не паказаліся лясы Чэхіі…


Нацыянальная канферэнцыя

На беларускую нацыянальную канферэнцыю, якая распачала працу ў Празе 26 верасня 1921 года, было дэлегіравана васемнаццаць беларускіх эсэраў (Мікола Шыла, Тамаш Грыб, Язэп Мамонька, Васіль Русак, Лявон Заяц і іншыя), шэсць сацыялістаў-федэралістаў, пяць народных сацыялістаў і пяць сацыял-дэмакратаў. Сабраліся ў вялікай зале з высачэннай столлю, сцены да паловы пакрывала лакіраваная вагонка, сталы стаялі ў тры рады, паверх іх — белыя настольнікі…

У прэзідыуме — Крэчаўскі, Захарка і Чарапук; Ластоўскі, Цвікевіч, Грыб і Мамонька — у першым радзе, за імі — Езавітаў, Пракулевіч, Дуж-Душэўскі, Мядзёлка…

Прынялі рэзалюцыю аб Слуцкім чыне, назваўшы яго гераічнай старонкай у гісторыі беларускага народа. Канферэнцыя не прызнала Рыжскай мірнай дамовы і, пацвердзіўшы Устаўную грамату ад 25 сакавіка 1918 года, заклікала ўсе беларускія партыі да барацьбы за адраджэнне нацыянальнай незалежнасці Беларусі. Адбылася сутычка Алексюка з Цвікевічам, старшынёй канферэнцыі. Двойчы Цвікевіч спыняў Алексюка, які выступаў з прапановай згодніцтва з польскімі ўладамі — і ўрэшце пазбавіў яго слова, заявіў:

- Калі ў нас будуць толькі арыентацыі, а не будзе свайго дзяржаўнага стрыжня, нас перамогуць і зробяць рабамі…

Абмяркоўваліся і адносіны да Булак-Балаховіча. Езавітаў зрабіў падрабязны даклад пра ягоную дзейнасць і працытаваў нават некалькі рэляцый генералавага прадстаўніка падпалкоўніка Мінгрэльскага, якія накіроўваліся «саюзнікам», — пра забойствы габрэяў, - і прапанаваў наступную рэзалюцыю (папярэдне ўзгадніўшы яе з Ластоўскім):


«1. Балаховіч не мае аніякай падтрымкі з боку беларускіх нацыянальных і палітычных арганізацый;

2. звязаўшы сваё імя з беларускім вызвольным рухам, ён не ачысціў сябе ад ганебных абвінавачванняў у габрэйскіх пагромах;

3. ён самачынна аб'явіў сябе галоўнакамандуючым беларускімі збройнымі сіламі і

4. выдаваў акты дзяржаўнага значэння.

Прымаючы ўсё гэта пад увагу, канферэнцыя лічыць Балаховіча, — да таго часу, пакуль ён не апраўдае сябе перад беларускай грамадскасцю, — узурпатарам і авантурыстам».


- І яшчэ… — Езавітаў адклаў паперы. — Рада беларускай нацыянальнай сувязі правільна зразумела, што нашае драбленне — толькі на карысць нядобразычліўцам, наша расцярушанасць не можа больш доўжыцца, не можна нам распаўзацца і далей ва ўсе бакі… Хочацца верыць, што мы яшчэ не зусім расклеіліся, што агульнаю мовай могуць гаварыць розныя нашы палітычныя партыі і групоўкі. Фактычнае і юрыдычнае становішча нашага сярмяжнага народу назваць інакш, як нацыянальным беспрасвеццем, нельга, стан заселенай беларусамі зямлі нельга лічыць інакшым, як трагічным. Польшча, якая нядаўна сама ўваскрэсла да жыцця з падобнага становішча, патрапіла заключыць у Рызе з Савецкай Расіяй — у тым ліку і куртатай Савецкай Беларуссю — мір, загарнула ў свае межы не адзін мільён беларусаў і маўчыць аб іхнім праўным становішчы, калі не лічыць глухога пункта прынятай Дзяржаўным Соймам Канстытуцыі — аб правох нацыянальных меншасцяў. А аб ягонай рэалізацыі, праўда, нічога добрага не чуваць. Тысячы беларусаў падпалі пад новы суседскі тэрор, сотні арыштаваны і кінуты на здзекі… Адгароджана ад нас гранічнай сцяной і Савецкая Беларусь. Гульня на маскоўскі капыл беларусаў-бальшавікоў у рэспубліку з пяцёх паветаў Меншчыны, а столькі і ўвайшло ў БССР, — здзек з беларускага народу і ягоных правоў на нацыянальнае жыццё. І, урэшце, лёс Віленшчыны вырашаецца без нашага ўдзелу…

Ад імя Найвышэйшай рады БНР прамаўляў Лявон Дубяйкоўскі — і таксама па-іншаму ўжо асвятляў супрацоўніцтва з Польшчай.

На канферэнцыі прынялі сакрэтную рэзалюцыю — аб распачатым акупантамі тэроры на беларусаў, арганізацыі беларускіх паўстанцкіх аддзелаў і пашырэнні партызанскага руху. Былі пацверджаны паўнамоцтвы Цэнтральнага беларускага паўстанцкага камітэта пад старшынствам Уладзімера Пракулевіча.

Перад заканчэннем працы ўдзельнікі канферэнцыі ўсклалі вянок на магілу чэшскіх герояў. Пра іх Езавітаву па дарозе ўзрушана распавёў Тамаш Грыб:

- Яны змагаліся за волю. Загінула сорак шэсць юнакоў. Паміралі ўсе моўчкі, толькі адзін азваўся: «Pozdrawcie ode mnie moje krasne Cecky»» — «Прывітанне ад мяне маёй слаўнай Чэхіі».

Другі не стаў чакаць ката і сам зацягнуў на сваёй шыі пятлю. Пад адным парвалася вяроўка, і яго меліся памілаваць, але ён стаў да сваіх таварышаў і выкрыкнуў: «Nie chce milosti!»— «Не хачу літасці!»…

Каля помніка былі палымяныя ўзнёслыя прамовы — і беларусаў, і іхніх чэшскіх сяброў…


Новая Эўропа

Краіны «новай» Эўропы абуджаліся да паўнапраўнага жыцця. Латвія папрасіла прыняць яе ў Лігу Народаў. Пасля няўдачы народнага руху на Украіне агенты ўрада Пятлюры пачалі арганізацыю новага паўстання супраць савецкай улады. У Курдыстане абвесцілі аўтаномны курдскі ўрад. Паміж курдамі і персамі адбыліся крывавыя спатычкі…

Яшчэ летам югаславянская скупшчына прыняла дзяржаўную канстытуцыю, па якой пачынала жыць новая серба-харвацка-славенская дзяржава, што паўстала пасля Версальскага міру. Асновай гэтай дзяржавы стала каралеўства Сербія, якое існавала яшчэ да вайны. Харваты і славенцы былі пад прыгнётам Аўстрыі і толькі пасля разгрому аўстрыйскіх і нямецкіх арміяў змаглі аб'яднацца з Сербіяй.

Аляхновіча вельмі ўразіў такі палітычны крок. 19 жніўня 1921 года на першай старонцы свайго «Беларускага Звона» ён падаў артыкул «Канстытуцыя Югаславіі», у якім пісаў:


«<…> Не перашкодзіла гэтаму аб'яднаньню ні тое, што Харваты і Славенцы жылі доўгі час пад чужацкім аўстрыяцка-нямецкім культурным уплывам і ўціскам, ні тое нават, што Харваты і Славенцы пераважна каталікі, а Сэрбы — праваслаўныя. Наадварот, — усе тры народы зьліліся ў адзін жывы арганізм, адну дзяржаву, зразумеўшы, што лепш паступіцца на карысьць агулу, прыватнымі інтарэсамі, ніж дабіцца на час поўнай незалежнасьці і потым не ўтрымаць яе сваімі слабымі паадзіночнымі рукамі…»


Тут Аляхновіч, канечне ж, не мог не думаць і не намякаць і на Літву, Латвію, Украіну і Беларусь: аб'ядналіся б вось так і яны на пэўны час дзеля агульнага змагання за незалежнасць — не былі б зараз па-жывому разрэзаны мацнейшымі Польшчай і Расіяй…


«Сэрбскі народ, геройска вынесшы на сабе ўвесь цяжар барацьбы з аўстра-гэрманцамі за незалежнасьць, па праву карыстаецца гэгэмоніяй у новай дзяржаве, гэгэмоніяй не ў сэнсе ўціску Харватаў і Славенцаў, а ў сэнсе наданьня маладой дзяржаве сілы і цьвёрдасьці «царства Душана»…»


Аўтарам прынятай канстытуцыі быў старшыня сербскага ўрада, лідэр партыі радыкалаў, вядомы на Балканах чалавек — спадар Пашыч. На ягонае жыццё пасля прысягі рэгента сербскага стальца Аляксандра на вернасць канстытуцыі зрабілі замах — ужо трэці на працягу двух апошніх гадоў. Пашыч застаўся жывым.

Францішак Аляхновіч у сваім артыкуле апавядаў далей:


«Хто, якой партыі ці арганізацыі быў чалавек, кінуўшы бомбу, сказаць ня лёгка, бо тэлеграф абвінавачвае камуністаў, а польскія газэты (Rzeczpospolita) — элементы, нездаволеныя канстытуцыяй. Аднак, з пэўнасьцю можна сказаць, што ворагам новай сэрбскай дзяржавы і констытуцыі, хто б яны ні былі, ня ўдасца іх шкодная праца, бо Югаславія пабудавана на цьвёрдым грунце сваяцтва і згоды блізкіх па крыві народаў, вызваліўшыхся дарогаю ўпартай барацьбы з-пад чужацкай няволі і самахвоць аб'яднаўшыхся ў югаславянскую дзяржаву.

Мы, беларусы, ад душы жадаем Югаславіі шчасьця і росквіту».


Летам Аляхновіч разам з тэатральнай трупай выязджаў у «правінцыі» — Вілейку, Ашмяны, Маладэчна, — ставіў спектаклі. На свае вочы пабачыў «крэсавыя» рэаліі — і не мог не канстатаваць у перадавіцы «Беларускага Звона» і такое:


«Цяпер ужо ясна толькі адно, што ад сьляпое арыентацыі ў бок Польшчы час памог вылячыцца ўсяму беларускаму грамадзтву».


А вось палітыку маладой Югаславіі разумець пераставаў.


«Югаславянскія войскі пасоўваюцца ў глыб паўночнае Альбаніі», - падаваў ён інфармацыю без якіх-кольвек каментароў у тым жа нумары газэты…

* * *

1 кастрычніка Паўліна Мядзёлка была ў Берліне і ледзь не патанула ў чатырохмільённым горадзе — на трыццаць вёрстаў ушыркі, з цягнікамі, трамваямі, аўтобусамі — на мастах над галавой, на вуліцах, пад зямлёй у тунэлях… Яна атрымала тры тысячы марак пенсіі ў месяц, з якой траціла на пражыццё палову — на астатнія паўтары тысячы вырашыла прыкупляць сукенак, чаравікаў, іншых рэчаў, якімі былі перапоўнены берлінскія крамы…


Пасля вяртання Езавітава з Прагі яго сустрэлі радаснай навіной: 1 кастрычніка пры міністэрстве асветы Латвіі заснаваны асобны беларускі адзьдзел. Праз некалькі дзён кіраўніком адзьдзела зацвердзяць Сяргея Сахарава, дырэктара рускай гімназіі ў Люцыне, рупліўца і беларускай справы — ён узначальваў мясцовы адзьдзел «Бацькаўшчыны» і быў надзейным сябрам Езавітава (Сахараў нарадзіўся ў Полацку, пра які часта заводзіў гутаркі з ім і Езавітаў, - здавалася, што тыя летнія месяцы, праведзеныя Езавітавым на Полаччыне, заставаліся ўжо ў іншым, мройным жыцці).

Пад кіраўніцтвам беларускага адзьдзела запрацавалі шаснаццаць базавых беларускіх школ. Пачалася статыстычная апрацоўка інфармацыі аб дзецях беларусаў, якія вучыліся ў іншых школах. 1 студзеня 1922 года быў зацверджаны штат беларускага адзьдзела пры міністэрстве асветы Латвіі з чатырох супрацоўнікаў — кіраўніка, інспектара асноўных школ (ім стаў Езавітаў), справавода і машыніста-карэспандэнта.

А навіны з суседняй Літвы Езавітава абнадзейваць не маглі… Пры дэпартаменце асветы Сярэдняй Літвы, створанай з аглядкай на Польшчу генералам Жэлігоўскім, быў ліквідаваны беларускі адзьдзел, які ачольваў рэферэнт Браніслаў Тарашкевіч. Напрыканцы 1921 года з ініцыятывы польскіх уладаў Сярэдняй Літвы ў Вільні абіраўся сойм, на якім планавалася вырашыць далейшы лёс Віленшчыны. Рада міністраў БНР на чале з Ластоўскім (Найвышэйшая рада Луцкевіча падала ў адстаўку) 6 снежня наконт абвешчаных выбараў прыняла пастанову:


«Бяручы пад увагу:

1) што тэрыторыя т. зв. Сярэдняй Літвы штучна выразана з цэлага краю і не становіць самастойнага арганізму;

2) што выбары ў сойм маюць адбыцца пад польскай акупацыяй і пад націскам акупацыйнай улады, і

3) што актыўныя беларускія сілы гэтаю ўладай загнаны ў турмы, канцэнтрацыйныя лагеры і на эміграцыю за кардонам, а тыя, што засталіся ў краі, тэрарызаваны, — пастанаўляецца: выбары ў Віленскі сойм актыўна байкатаваць».


Разам з беларусамі ўдзельнічаць у выбарах у Віленскі сойм адмовіліся літоўцы і габрэі.

Езавітаў уважліва чытаў газэты, якія даходзілі ў Латвію з Віленшчыны, з асаблівай цікавасцю — канешне ж, Аляхновічаў «Беларускі Звон». Першы яго нумар новага, 1922-га, года нечакана нагадаў пра даўняга знаёмца:


«Польскай арыентацыі самым лёкайскім чынам трымаўся (й вядома, што трымаецца яшчэ) адзін толькі п. Аляксюк з кучкаю нанятых ім людзей. Тактыка гэтага ягамосьця ў кірунку да Польшчы пераходзіць межы ўсялякае прыстойнасьці: як бы дзякуючы Польшчы за тое, што чаўпецца яе адміністрацыяй на «крэсах всходніх», п. Аляксюк з запалам польскага эндэка выступае за прылучэньне да Польшчы спрэчнае Віленскай зямлі, якую самі палякі лічаць усё ж такі Літвою, хоць і «Сьродковай».

За гэтую непрыстойную для беларусаў пазіцыю польскага эндэка Аляксюк атрымоўвае ўсяго толькі такія-сякія кошты на закладаньне розных «цэнтральных» камітэтаў сваіх «краёвых» арганізацый».


І аўтар допіса, схаваны пад крыптанімам К. М., быў знаёмы — Макар Краўцоў. А вось што тычылася Алексюкоўскіх «каштарысаў» — аб гэтым Езавітаў меў ад Ластоўскага іншую інфармацыю: яны вызначаліся мільёнамі марак і выдаткоўваліся не толькі на «камітэты», але і на выданне сваіх газэт — «Jednasci» і «Раніцы»[39].

Скупыя ж навіны з Савецкай Беларусі пачыналі абнадзейваць: бальшавіцкія газэты (якія, праўда, больш паведамлялі аб тым, колькі дзе-небудзь напілавана для апалу дроў і колькі паступіла харчовага падатку) пісалі і пра культурную працу. Беларускія школы не зачыняліся, як у Польшчы, а — наадварот — пры ўрадавай падтрымцы паўставалі новыя. Некаторыя нумары «Савецкай Беларусі», якія Езавітаў змог прагледзець, інфармавалі пра пашырэнне тэатральнага руху ў правінцыі, пра адкрыццё ў Менску Беларускага дзяржаўнага універсітэта і асігнаванне вялікіх коштаў на выданне беларускіх школьных падручнікаў. І ў той час, калі ў Заходняй Беларусі ішла гвалтоўная паланізацыя, а ва Усходняй (яе раёны заставаліся прылучанымі да Расіі) русіфікацыя, хоць і абкарнаная савецкая, але ўсё ж беларуская рэспубліка пачынала выконваць ролю нацыянальнага асяродка-метраполіі.

Дайшоў почут і аб тым, што 9 лістапада 1921 года ў Чыкага адбыўся шматлюдны беларускі мітынг, які прыняў рэзалюцыю супраць палітыкі польскіх імперыялістаў на беларускіх землях. Старшыняваў на мітынгу нехта Іван Жук.

А 19 снежня старшыня міністраў БНР Ластоўскі і міністр замежных спраў Цвікевіч былі запрошаны прадстаўніком кантрольнай камісіі Лігі Народаў панам Шардыні і мелі з ім гутарку аб «Віленскай справе»…

Як вайскоўца, Езавітава не маглі не зацікавіць і падзеі ў Карэліі. Там на пачатку студзеня 1922 года выбухнула антыбальшавіцкае паўстанне. Быў знішчаны чырвонаармейскі полк. 5 студзеня ў Карэлію накіравалі яшчэ 5000 вайскоўцаў. Бальшавіцкія часці пачалі наступ на Пэркіярві. Савецкі ўрад аб'явіў па ўсёй Карэліі ваеннае становішча. Паўстанцы мусілі пакінуць горад Порайэрвэ. Эстонскія арганізацыі пачалі дапамагаць карэльскім паўстанцам, праз што эстонскі амбасадар у Маскве атрымаў ад савецкага ўрада ноту пратэста. Эстонская прэса выказвала спагаду карэльскім змагарам… Чырвоная армія перайшла ў наступ па ўсім фронце і адціснула атрады праціўніка да Міргрыярві — на сорак кіламетраў углыб фінляндскай тэрыторыі, разбіўшы фінляндскі пагранічны звяз. Фінляндыя выступіла з пратэстам супраць заняцця бальшавікамі Міргрыярві. Фінляндскі прадстаўнік у Маскве раіў свайму ўраду перарваць з Савецкай Расіяй дыпламатычныя адносіны. Бальшавіцкія ж афіцыйныя паведамленні былі такога кшталту:


«Нашыя войскі занялі Порсо-возера. Праціўнік адышоў да граніцы Фінляндыі. У аддзеле з 500 бандытаў было толькі 60 карэльцаў; павадырствавалі фінскія афіцэры».


А паўстанне ў Карэліі нечакана з новай сілай успыхнула ў тылах Чырвонай арміі — на некалькі дзён была адрэзана Мурманская чыгунка…


Берлінскі карнавал

Навагоднім вечарам а палове дванаццатай, калі ўвесь Берлін скаланаўся ў выбухах петардаў і выкрыках «Neu Jahr!», калі з упрыгожаных балконаў дзеці і дарослыя пускалі ракеты і запальвалі бенгальскія агні, рымскія свечкі, перакідваліся серпанцінамі й «чортавымі коламі», — калі ўвесь горад быў асветлены, быццам днём, на кватэру да Паўліны Мядзёлкі нечакана завітаў Цішка Гартны, скінуў на ложак паліто, паставіў на стол партфель, выцягнуў з яго доўгую бутэльку каньяка, некалькі пакункаў пачастункаў:

- Прыйшоў павіншаваць Паўлінку, — і кальнуў ужо хмельным позіркам. — А то ад самой Паўлінкі аніяк не дачакаешся…

Мядзёлка выставіла келішкі, села да стала — насупраць Гартнага. Той наліў па поўных, пераставіў стул бліжэй да Мядзёлкі:

— То за нас! — і паспрабаваў абняць Мядзёлку. Тая адхінулася, бліснулі злоснымі агеньчыкамі вочы:

- Дзядзька Цішка, што гэта так па-карнавальнаму?!

Гартны насупіўся, таксама пачаў прызлоўваць:

- Ды які я табе дзядзька, я ж усяго на нейкіх шэсць гадоў старэй…

І тады Мядзёлка пачала з іншага:

- А як здароўе Надзеі Сцяпанаўны? — ведала, што жонка Гартнага была цяжарнай.

Гартны не адказаў, яшчэ больш насупіўся.

Крыху выпілі, і калі Гартны зноў паспрабаваў заляцацца, Мядзёлка зноў астудзіла яго:

- Прашу прабачыць, але мне сённячы не здаровіцца… Інфлюенцыю схапіла… Ды і час позні. Буду ўжо спаць класціся.

Гартны злосна ўздзябурыў паліто, сунуў пад руку партфель — і стаў, не наважваючыся развітацца.

- Дзякуй за віншаванне, за пачастунак. Перадавайце прывітанне Надзеі Сцяпанаўне… — паспяшыла Мядзёлка.

«Не любіш ты яе, бачу, — падумала. — Таксама ж работніцай выдавецтва была… там, у Піцеры, куды і цябе Эпімах-Шыпіла быў прыстроіў у 1915-м…»

Гартны зноў кальнуў злосным позіркам, уздзеў на нос пенснэ і — не развітаўшыся — спешна выйшаў.

Ноччу Мядзёлцы снілася маці — сварылася за тое, што дачка разышлася з Тамашом…

* * *

10 студзеня 1922 года ў Дзвінску адкрыліся Беларускія аднагадовыя настаўніцкія курсы. Кіраваць імі пачаў Кастусь Езавітаў. Запісалася на курсы пяцьдзесят чалавек, прынялі сорак (з іх паспяхова скончылі дваццаць пяць). Слухачам выкладалі беларускую мову і літаратуру, гісторыю і геаграфію, псіхалогію, логіку, педагогіку, дыдактыку, методыку, латышскую і рускую мовы, матэматыку, прародазнаўства, спевы і маляванне, школьную гігіену, правазнаўства, школьную гімнастыку, кааперацыю і ручную працу… У дзень слухачы курсаў мелі па шэсць лекцыяў.

Заснаванне беларускага адзьдзела пры міністэрстве асветы Латвіі выклікала пратэст «вялікарускай» фракцыі Устаноўчага Сойма. Пачалося сапраўднае змаганне з беларускім адраджэннем у Латвіі, якое перакінулася ў воласці і стала здабыткам прэсы. Дайшло да таго, што беларускіх настаўнікаў абвінавацілі ў палітычнай дзейнасці, выклікалі на допыты ў Дзвінскі палітычны адзьдзел, а ў самога старшыні «Бацькаўшчыны» і кіраўніка настаўніцкіх курсаў Езавітава зрабілі вобыск. Аніякіх адміністрацыйных наступстваў гэтыя захады для беларускіх настаўнікаў не мелі, затое беларускаму сялянству справа беларушчыны пачынала здавацца незаконнай і злачыннай, — спрыялі гэтаму і варожыя нашэпты…


Беларусы ёсць!

На тым паседжанні латвійскага Устаноўчага Сойма як кансультант прысутнічаў Езавітаў. Заслухалі даклад фінансава-бюджэтнай камісіі аб каштарысе беларускага адзьдзела міністэрства асветы, які раўняўся 1 845 160 латвійскіх рублёў. Яго і прапанавана было зацвердзіць. Але дэпутат Кемп павольна дасунуўся да трыбуны і прапанаваў наогул скасаваць названы каштарыс і ліквідаваць беларускі адзьдзел. Яго падтрымаў і прадстаўнік рускай фракцыі дэпутат Прэснякоў:

— Беларусаў няма… Яны — здэнацыяналізаваны элемент. Ва Устаноўчым Сойме гэтыя беларусы, лік якіх — каля шасцідзесяці тысяч, не прадстаўлены, а калі б такі народ сапраўды існаваў, то ў парламенце былі б яго прадстаўнікі!..

І тут да трыбуны падышоў лідар левых сацыял-дэмакратаў Ян Райніс, горычна ўздыхнуў. Паківаў галавою і агледзеў залу.

— Мне ведамы імкненні беларусаў да нацыянальнага адраджэння, ведамы народныя імкненні і народныя ідэалы, — ён зрабіў паўзу і ўзмоцніў голас: — Беларусь — такі ж край, як і Латвія, і нацыянальныя правы беларускай меншасці ў Латгаліі такія ж, як і кожнага іншага народа. Гісторыя, этнаграфія і статыстыка сведчаць, што беларусы ў Латгаліі ёсць! І латышскі народ, сам нядаўна атрымаўшы сваё вызваленне, не павінен адмовіць у свабодзе іншым народам!

Пачалося галасаванне… За асігнаванне на беларускі адзьдзел міністэрства асветы выказаліся ўсе — акром шасці дэпутатаў.

Пярэчанні ў Сойме хутка сталі вядомы грамадскасці, і старшыня Нацыянальнай дэмакратычнай сувязі рускіх грамадзян дэпутат Бочагаў мусіў выступіць з наступнай заявай:


«Нашаму звязу сорамна перад усім светам за свайго прадстаўніка ў Сойме дэпутата Прэснякова. Мушу зазначыць, што ён выказваў сваю прыватную думку… Мы самі існуем толькі дзякуючы прынцыпу самаазначэння народнасцяў і не можам пайсці і не пойдзем за тымі, хто намагаецца знішчыць духоўнае жыццё беларусаў».


Езавітаў не замарудзіў пазнаёміць з поспехамі іншыя беларускія дыяспары. Ад Ластоўскага яшчэ раней прыйшлі звесткі аб тым, што ў Коўне рыхтуюцца да выдання свайго часопіса — і Езавітаў даслаў на адрас рэдакцыі — Сенатарская, 8 — допіс, пазначыўшы яго сваім псеўданімам — Кастусёнак:


«… На ўтрыманьне Беларускага Адзьдзелу, 2-х Беларускіх Гімназіяў і Вучыцельскіх Курсаў адпушчана 2 200 000 латвійскіх рублёў.

Беларускія пачатковыя школы Рэспублікі ўтрымліваюцца з коштаў мейсцовых Земстваў і самаўрадаў.

Сельска-Гаспадарчая Школа ўтрымліваецца коштам Таварыства «Бацькаўшчына» і дапамогамі ад Міністэрства Земляробства, якое адпускае Таварыству на гэту справу да 200 000 рублёў у год.

Адносіны Латвійскага Грамадзянства і Ураду да беларусаў — добрыя. Як яскравы прыклад гэтага можа сьведчыць той факт, што, калі пры абгаварываньні бюджэту Беларускага Адзьдзелу адзін з Латгальскіх клерыкалаў, дэпутат Кэмп, унёс прапазыцыю выкрэсьліць крэдыты на Беларускі Адзьдзел, дык на яго з абурэньням абрушыліся дэпутаты ўсіх фракцыяў, і прапазыцыя яго была рашуча ўсім Устаноўчым Соймам адкінута. Сказаныя пры гэтым некаторымі дэпутатамі ў нашу абарону прамовы гэтулькі для нас цікавы і важны па свайму зьместу, што Таварыства «Бацькаўшчына» пастанавіла выдрукаваць іх асобнаю кніжкай. Асабліва цікавы і грунтоўны прамовы: Гр. Райніса, які прачытаў Сойму цэлую гадзінную лекцыю па беларускаму пытаньню, Гр. Сэйль — Таварыш Міністра Прасьветы, і расейскага дэпутата Гр. А. Бочагова».


Напрыканцы 1921 - 1922 школьнага года пад загадам беларускага адзьдзела знаходзілася ўжо сорак шэсць беларускіх школ — з 3500 вучнямі, а таксама аднагадовыя настаўніцкія курсы. Вяліся актыўныя захады па арганізацыі ў Дзвінску Першай беларускай урадавай гімназіі.


…Гэта была клопатная, цяжкая, а разам з тым — і ўдзячная праца на ніве беларускага вучнёўства. Сваім вучням Езавітаў запамінаўся не толькі таленавітым настаўнікам. Ён быў аўтарытэтам ва ўсім, давер і павагу да яго выказвалі ўсе. Высокі, дужы, з цёмнаю копкай валасоў, поўным тварам, пранікліва-шэрымі вачыма, Езавітаў быў усеагульным любімцам беларускага школьніцтва. Строгі, мог спакусіцца і на лагоду, жарт. Хадзіў раўнамерным вайсковым крокам, праз што і атрымаў мянушку «Браняпоезд».

- Чаго вы горбіцеся, крывіцеся, быццам увесь цяжар на хрыбтах цягаеце?! — часта пакрыкваў на вучняў. — Няхай палякі ці маскалі так ходзяць, а не беларусы. Не забывайцеся, што ўвесь свет глядзіць на нас, беларусаў. Выпрастайцеся, бо вы сыны і дачкі вялікага народа!

- Ведаем, Канстанцін Барысавіч… Выпростваемся…


Нейтральная зона

Раніцай на кватэру Ластоўскага прыйшоў Цвікевіч.

- Нашы віленчукі начавалі ў Коўне! — бухнуў, ледзь толькі прывітаўшыся.

- Як? — агаломшаны гаспадар зморшчыў лоб. — А чаго да нас не зайшлі?! Я не ведаў…

- Не ведаў бы й я, каб не Дуж-Душэўскі…

Весткі пра тое, што ў Вільні арыштавалі трыццаць тры беларускіх дзеячоў, даляцелі да Коўна ўжо на другі дзень. Ноччу з 19 на 20 студзеня польскія ўлады зрабілі вобыскі ў Беларускім нацыянальным камітэце, у Беларускай гімназіі, Беларускай цэнтральнай школьнай радзе, Беларускай кнігарні, Беларускім музычна-драматычным гуртку, гуртку студэнтаў-беларусаў універсітэта Сцяпана Баторага, Праваслаўнай духоўнай семінарыі, рэдакцыях газэт «Беларускі Звон» і «Беларускія Ведамасьці» (пачала выходзіць пад рэдакцыяй Максіма Гарэцкага). Пад раніцу былі арыштаваны сябра прэзідыума і сакратар Беларускага нацыянальнага камітэта Віленшчыны, былы камандзір паўстанцкіх аддзелаў на Случчыне і сябра некалі пакліканай Пілсудскім Беларускай вайсковай камісіі Андрэй Якубецкі, былы сакратар Рады Случчыны, сябра прэзідыуму БНК Уладзімір Пракулевіч, сябры БНК Фабіян Ярэміч, Аляксандр Карабач, Максім Гарэцкі, Леапольд Родзевіч, старшыня Беларускага музычна-драматычнага гуртка Валэйша, некалькі настаўнікаў і настаўніц, якія начавалі ў будынку Беларускай школьнай рады…

Вобыскі не аціхлі і раніцай. Быў будні дзень, вучні і выкладчыкі сыходзіліся ў гімназію. Паліцыя прапускала ўсіх, але назад ужо не выпускала нікога — нават дзяцей. Заняткі перапыніліся — некаторых настаўнікаў арыштавалі ў гімназічных клясах.

Старшыня БНК Іван Краскоўскі з сябрай камітэта Трэпкам дамагаліся ў польскіх уладаў тэрміновага вызвалення хаця б гімназістаў, аднак старшыня польскага ўрада Сярэдняй Літвы Мэйштовіч не захацеў іх прыняць. Дапамаглі звароты ў пракуратуру і абурэнне незаконным гвалтам віленчукоў — а другой гадзіне дня гімназістаў вызвалілі з-пад арышту. Астатніх беларусаў — каля трох дзесяткаў — кінулі ў Лукішскую турму і не дапускалі на сустрэчы з імі родных.

23 студзеня пасля вобыску арыштавалі і Краскоўскага, а ў дырэктара Беларускай гімназіі запатрабавалі падпіску аб нявыездзе.

Падобны гвалт праводзіўся і сярод літоўцаў…

Два тыдні арыштаваных не вадзілі на допыты, а затым, сабраўшы іх з Лукішскіх адзіночак, зачыталі абвінавачанне ў «прыналежнасці да партыі камуністаў і арганізацыі тайных баявых дружын з мэтаю замаху на дзяржаўную ўладу» і з 4 на 5 лютага вывезлі з Вільні ў нейтральную зону паміж польскім і літоўскім фронтам — перад Коўнам.


Сыпаў снег, і Ластоўскі не адразу пазнаў у чалавеку, што нерухома сядзеў перад невялікім ковенскім гатэлем — у заснежаным паліто з настаўленым каўняром, глыбокай шапцы — Гарэцкага.

- Максім?! — ні то спытаў, ні то падзівіўся. Падышоў бліжэй, сеў побач — не згроб з лаўкі нават тоўстага снежнага кіліма. — Ну то здароў, браце… Што ж гэта да мяне не прыйшлі?

Гарэцкі сподзіўна агледзеў Ластоўскага, кіўнуў чагось галавой, зляпіў снежку, сціснуў у руцэ:

- Бач, як яно сталася…

- Магло б і горай быць, балазе жывыя ўсе, на волі.

- Ды штойта за воля гэта — як сабака бязбудны… Ні працы, ні занятку.

- Пра гэта не бядуй, працы табе яшчэ больш, чым у Вільні, знойдзем. — Ластоўскі асцепаў з сябравага паліто снег. — Хоць бы ў Дзвінск, да Езавітава — там цяпер вялікае школьніцтва збіраецца!

Але Гарэцкі не адказаў — толькі зноў апатычна кіўнуў галавой.

- Ты, бачу, сам тут у снежку замёрз. — Ластоўскі ўстаў, падштурхнуў і Гарэцкага: — Вядзі да астатніх… Дзе вы тут атаймаваліся? — ён ужо ведаў, што Гарэцкі, Краскоўскі і Пракулевіч, каб з'эканоміць грошай — хто знае, як яно станецца? — аплацілі адзін пакой і трымаліся разам.

Яны зналіся яшчэ ад часу «Нашай Нівы». Ластоўскі рэдагаваў і спрыяў выданню першага зборніка апавяданняў Гарэцкага «Рунь». Былі і спрэчкі, і непаразуменні, ледзь не крыўды: калі рэдактар «Руні» спрабаваў «прапалоць» тэкст апавяданняў і замяніць некалькі слоўцаў з роднай аўтару Мсціслаўшчыны. Ды ўсё ж першай рэцэнзіяй — ухвальнай рэцэнзіяй — на выдадзены ў 1914 годзе зборнік «Рунь» была рэцэнзія Ластоўскага! Ластоўскі часта наведваў Гарэцкага, калі той пасля ранення на фронце лячыўся ў віленскім шпіталі — у тым жа, 1914-м. А пасля таго, як па прапанове Кнорына Гарэцкі пачаў супрацоўнічаць з бальшавіцкай «Звездой» (якая выдавалася ў Смаленску, а потым у Менску), паміж імі прабегла чорная котка. Гарэцкі пісаў артыкулы кшталту «Крах самостийности», а Ластоўскі гэтую самастойнасць высільваўся ўрэчаісніць.

Цяпер жа яны зноў былі па адзін бок барыкадаў…

На прыступках перад уваходам у гатэль Гарэцкі прыпыніўся, і калі Ластоўскі зноў запытальна азірнуўся, не стрымаўся:

— Жонка цяжарная ў Вільні засталася, і дачка, Галька, малая, толькі хадзіць пачала… У сакавіку год будзе…

Праз некалькі дзён «віленская троіца» накіруецца ў Дзвінск, дзе яе і сустрэне Езавітаў. Івану Краскоўскаму даручаць арганізацыю беларускай гімназіі, - да яго прыедзе жонка і дачка. Максім Гарэцкі з Дзвінска праз тры месяцы вернецца ў Вільню. 15 ліпеня ў яго народзіцца сын Леанід. Уладзімір Пракулевіч, займеўшы сабе надзейнага й імпэтнага памочніка — Васіля Муху, прадоўжыць стварэнне паўстанцкага «зялёнага» звяза…

Якраз перад тым Муха вернецца з Ліды, куды адкамандзіроўваў яго Езавітаў, і раскажа аб тым, што пасля трохмесячнай пярэрвы зноў пачала выходзіць «Вольная Літва» — газэта нацыянальных меншасцяў Літвы, якую — як і раней — рэдагаваў Язэп Варонка, раскажа і аб тым, што новы камандзір Першага беларускага палка ў Літве маёр Розманас загадам запатрабаваў, каб усе вайскоўцы палка па службе і ва ўсіх перапісках ужывалі толькі беларускую мову.


Зімой Мядзёлка пачала атрымліваць ліст за лістом ад Юзафа Дамброва, былога следчага акруговага суда ў Горадні («І адкуль толькі, - дзівілася, — расшукаў мой адрас?»), які колісь спрыяў ейнаму вызваленню з польскай турмы і быў закаханы ў яе. Юзаф зваў да сябе ў Горадню…

А Мядзёлка на Каляды ў лісце да свайго брата Зыгмуся, даючы парады наконт калекцыянавання марак, раіла напісаць Езавітаву — у Рыгу, на Нікалаеўскую вуліцу, 20 — і папрасіць у яго адраса якога-небудзь беларускага хлопца з Латвіі, які б хацеў весці перапіску і абменьвацца паштовымі маркамі.

«Толькі ня пішы, што я цябе навучыла! Скажы, што адрэс яго вычытаў у беларускай газэце. Падпішыся выразна…» — павучала Мядзёлка брата, хоць так імкнучыся… нагадаць Езавітаву пра сябе.

І хоць разумела, што найлепш ёй будзе ў Горадні з Юзафам, які меў там адвакацкую практыку, а сэрца прасілася ў Латвію. 18 ліпеня 1922 года ў ейным «Працоўным спісе» з'явіўся новы запіс:


«Прызначана выкладчыцай беларускай мовы і літаратуры ў Беларускай дзяржаўнай гімназіі і на беларускіх курсах у Дзвінску»…


Супраць высылкі з Вільні беларусаў і літоўцаў запратэставалі не толькі беларусы і літоўцы, але і польскія левыя партыі. У перыёдыцы з'явіліся пратэсты розных арганізацый, адным з першых — пратэст агульнага схода габрэйскіх літаратараў і журналістаў ад 2 лютага.

Варшаўскі ўрад мусіў прызнаць дзеянні кіраўніцтва Сярэдняй Літвы недапушчальнымі. Польскі дэлегат у Вільні Тупальскі, дырэктар Дэпартамента ўнутраных спраў Сянкевіч і пракурор Пржылускі падалі ў адстаўку.

Але… прайшлі выбары ў Віленскі сойм, і 20 лютага яго дэлегаты выказаліся за далучэнне Сярэдняй Літвы да Польшчы. Не мог паўплываць на развіццё падзей і новы польскі міністр замежных спраў Скірмунт, які змяніў Сапегу.

Пра беларускія справы пачалі актыўна пісаць замежныя газэты. Чэшская «Tribuna» ад 5 сакавіка 1922 года (№ 55) паведамляла:


«Скірмунт, прыйшоўшы на змену Сапегу, быў таксама перакананы ў шкоднай польскай палітыцы, але не меў уплыву на развіццё падзей — выбары ў Віленскі сойм 8 студзеня 1922 г. Віленская ганьба саслужыла кепскую службу палякам за граніцай, і польскі ўрад імкнецца прыкрыць яе тым, што дае статут аб аўтаноміі… Ковенскі літоўскі ўрад пратэстуе… Англія і Францыя выказаліся супраць далучэння… Пілсудскі знаходзіцца ў цяжкім становішчы…»


Польскія і бальшавіцкія ж газэты «гарнулі» кожная ў свой бок. «Rzeczpospolita» ад 8 сакавіка 1922 года:


«…Беларусь, адарваная ад Польшчы, падпадзе пад Маскву і страціць сваю правінцыйную асобнасць, бо дух Масквы не ёсць духам, які шануе народныя асобнасці. Беларусь у звязку з Польшчай выдасць многа знакамітых палякаў, але застанецца Беларуссю і заўсёды будзе мець магчымасць самастойнага развіцця, калі толькі будзе мець духовыя сілы дзеля гэтага. Умацаванне польскага прадстаўніцтва на Беларусі важна не толькі для Польшчы, але і для Беларусаў, якія яшчэ аб гэтым не ведаюць…»


А бэсэсэраўская рускамоўная «Звезда» таго часу пераконвала ў іншым:


«…віленскія беларускія нацыяналісты, гэтыя балтуны і пустамолы, гэтыя людзі без стырна і без ветразей, што аніяк не могуць павярнуць сваёй калянай галавы на ўсход, якія даўно прадалі сваю «бацькаўшчыну», і яны палезуць у польскую арыентацыю, пабрыдуць за панам Алексюком, а тыя, хто не захоча гэтага зрабіць, а гэткіх будзе вельмі мала, — не па сваёй волі «пойдут искать по свете, где оскорбленному есть чувства уголок».


З агня — у полымя

Па календары яшчэ мусіла паўнапраўна панаваць зіма, але днём пачынала адліжыць, і каля вокнаў апошняга паверха Юбілейнага-Беларускага дома раслі аграмадныя ледзяшы. Пад абед яны ўжо не маглі стрымаць свой цяжар — адрываліся і з гохкатам біліся аб выступ падмурка.

У рэдакцыі на той час сабраліся амаль усе супрацоўнікі: Янка Купала, рэдактар літаратурна-мастацкага часопісу «Вольны Сьцяг», Язэп Лёсік, Змітрок Бядуля — сябры рэдкалегіі.

Чарговы нумар быў амаль падрыхтаваны. А палове першай дзверы расчыніліся і, колка бліснуўшы шкельцамі пенснэ, у пакой увайшоў Цішка Гартны, скупа прывітаўся, зняў паліто, шапку — паклаў на падаконне, сеў каля Купалы, падсунуўшы да ног партфель (свежыя матэрыялы газэты «Савецкая Беларусь», рэдакцыю якой узначальваў, заўсёды насіў з сабой), — і наструнена агледзеў прысутных.

Бядуля скрыпнуў услончыкам, на якім сядзеў, павярнуўся да госця і не без весялінкі пачаў з пытання:

- Што, Зміцер, прынёс нам новага?

- Новага? — Гартны нібыта абудзіўся. — Але, прынёс… — Зняў пенснэ, хацеў працерці запацелыя шкельцы, але не знайшоў у кішэні насоўкі і зноў паднёс да вачэй (так і глядзеў праз затуманеныя лінзы): — Навіна вось якая… — Голас выдаваў усхваляванасць. — На гэтыя часопісы, што вы друкуеце, больш грошай адпускаць не будуць…

Усе доўга маўчалі — ажно пакуль з паддашка зноў не адарваўся і з гохкатам не разбіўся лядзяш.

- Друкарні яшчэ аплоцяць работу за апошнія нумары, а далейшае выданне іх спыняецца… — датлумачыў Гартны.

І зноў ніхто не прамовіў у адказ.

- Пачнуць выдавацца іншыя часопісы, савецкія. — Гартны бубніў у нос. — А вам трэба пераключыцца на новы стыль работы… І яшчэ скажу: справы нашы пачынаюць ускладняцца…

- Ты толкам раскажы, адкуль навіны прынёс, а не загадкі строй, — не стрымаўся Лёсік і адкінуў стары часопіс, які гэты час перагортваў.

- Пастанавілі так у Агітпропе[40]. Заміж «Вольнага Сьцяга» будзе выдавацца часопіс «Полымя Рэвалюцыі»…

- Дык гэта вы ўжо там усё ў сваім Агітпропе абмазгавалі? — выкрыкнуў Лёсік. — Выглядае, што так усё й будзе. Але ж часопісы засноўваюцца на дзесяткі, соткі гадоў, а рэвалюцыю ж вы гэтак доўга рабіць не будзеце! Прайшла ж яна! Дык якое — «Полымя Рэвалюцыі»?! І за мяжой яго браць у такой шапцы не будуць… Каб хоць «Полымя»…

Гартны перапыніў Лёсіка — пачаў доўга гугнявіць пра тое, што рэвалюцыя не спынена, пераскочыў на звычайную прапаганду

«Сусветная рэвалюцыя… пабудова камунізму… полымя раздуем на ўвесь свет…»

- А я на гэта гляджу інакш, — Гартнаму не даў дагаварыць Купала. — Ні «Полымя Рэвалюцыі», ні «Полымя» без «рэвалюцыі» зместу нашай дзейнасці не выяўляюць. Не задавальняе мяне і назоў часопіса, які я рэдагую. Нам такі назоў трэба, каб — запраўды як сцяг — справу нашу вянчаў… І мне здаецца, — Купала крыху памаўчаў, - што найлепшым назовам будзе «Адраджэнне».

Лёсік устаў, прайшоў да вакна:

- Гэта хлапчукоўства… Ніхто дазволу на гэта не дасць.

- А што тут надзвычайнага? — абараняўся Купала. Яго падтрымаў і Бядуля:

- Браткі, паслухайце. «Адраджэнне» — назоў рэвалюцыйны, і па часе, і зместам беларускі. Я б яшчэ заместа «Пралетарыі ўсіх краёў, злучайцеся!» лозунгам да яго даў: «Адраджэння зара над народам блісне!»

Уявіце, як гучацьме! І Заходнюю Беларусь мы гэтым узрушым!

Гартны наструніўся зноў. Дастаў з партфеля тоўсты чырвоны блакнот і пачаў шпарка штось запісваць. Было бачна, што Бядуля з «Адраджэння зарой» — цытатай з яго, Гартнага, — патрапіў глыбока…


Голыя галіны

У лютым у Вільні захварэў Ядвігін Ш. І так сталася: толькі новаабраны сойм выказаўся за далучэнне Вільні да Польшчы — зусім занядужаў і лёг у літоўскую паліклініку. Ядвігін Ш. быў у апошні час літаратурным супрацоўнікам у Алексюка (не зважаючы на ягоныя палітычныя выкрунтасы)[41].

Адарваны ад сваякоў (дачка і зяць, Язэп Лёсік, засталіся ў Менску), пакінуты Алексюком, Ядвігін Ш. апынуўся без сродкаў на існаванне — большасць віленскіх сяброў выслалі з горада. Аплаціць лячэнне дапамаглі Аляхновіч і Луцкевіч. Штодня да яго ў паліклініку наведваўся Жылка — і бачыў, як спакваля пісьменніка з'ядала хвароба.

У той дзень Ядвігін Ш. быў вясёлым, шмат гаварыў, распытваў Жылку — аб усім, пачынаючы з нечаканай адлігі да коштаў на хлеб.

- Ведаеш, верабей, апошнім часам амаль не чытаю, — горычна паскардзіўся ён. — Прачытай што-небудзь сваё.

Жылка ціха прагаварыў яму свой верш «Туман»:

Навіс пасьцілкаю туман,
З імглы сатканы густа-густа,
Заслаў лес, поле і курган,
Паўзе да хат, як смоўж той тлусты.
І, быццам цяжкі грэх жыцьця,
На сэрца шэрай лёг жудою,
І яснасьць дум і пачуцьця
Прыкрыў, халодны, ён сабою.

Ядвігін Ш. уздыхнуў і замружыў вочы. Жылка ўжо намерыўся пайсці.

«Хай адпачне», — падумаў і ўзняўся, а Ядвігін Ш. нечакана абудзіўся, перапыніў:

- Друкаваў верш ужо?

- У «Беларускім Звоне».

- У Аляхновіча? Добра. Трымайся гэтага чалавека, ён не здрадзіць… — зноў памаўчаў і ўжо з высілкам дадаў: — А сэрца ў цябе маладое, яно перажыве туман… Досыць ужо мы ў ім нажыліся… — кіўнуў галавой і ўсміхнуўся на развітанне.


Вечарам Ядвігіна Ш. не стала. Жылка быў апошнім, хто бачыў яго жывым. Праз некалькі дзён чарговы «Беларускі Звон» надрукуе напісаны Жылкам прачулы артыкул-некралог:


«24 лютага ў Вільні памёр, на пяцьдзесят шостым годзе жыцьця, адзін з слаўнейшых беларускіх пісьменьнікаў — Антон Лявіцкі, творы якога друкаваліся пад псэўдонімам Ядвігін Ш. <…> Успамінаюцца яго хаўтуры. За возам з труной ціха йшла грамада людзей. Дзень быў шэры і ветраны. Пад нагамі рыхлы, набухшы, як мокры цукар, сьнег. Зьвінелі і шпарка беглі па вуліцах ручаі… А калі апускалі ў яму труну, вецер рваў і кудлачыў валасы сабраўшыхся і грозна трос голымі галінамі дрэваў…»


Раніцай пасля набажэнства ў касцёле Святога Мікалая, якое правёў ксёндз Бобіч — скончыўшы прамовай аб дзейнасці нябожчыка, — жалобная працэсія накіравалася да могілак Роса: паперадзе — дзеці віленскага беларускага прытулку і вучні беларускай гімназіі, за імі — беларускія студэнты з бел-чырвона-белымі стужкамі; за дамавінай — дзесяткі беларускіх інтэлігентаў, сялян…

На могілках ад імя Таварыства беларускай школы прамаўляў Аркадзь Смоліч, ад імя моладзі — студэнт Абрамовіч, ад беларускіх пісьменнікаў — Францішак Аляхновіч.


У сярэдзіне сакавіка да Езавітава прыйшла новая скрушная навіна: у Менску ад разрыву сэрца памёр Кузьма Цярэшчанка…

З Цярэшчанкам ён пазнаёміўся тады, калі той увайшоў у Віленскую беларускую раду і спрыяў арганізацыі міністэрства беларускіх спраў пры літоўскім урадзе. Па накіраванні міністэрства Цярэшчанку як павятовага камісара накіравалі ў Ваўкавыск, дзе за некалькі месяцаў ён стварыў моцную нацыянальную арганізацыю, — палякі змаглі разваліць яе толькі гвалтам і тэрорам.

А нарадзіўся і гадаваўся Цярэшчанка ў Рослаўскім павеце на Смаленшчыне. Бацька, заможны селянін, аддаў сына ў навуку. Кузьма скончыў у Пскове сярэднюю земляробчую школу, затым — Вышэйшыя сельскагаспадарчыя курсы ў Петраградзе. І працаваў напачатку па спецыяльнасці — аграномам. Супрацоўнічаў з расійскай партыяй эсэраў. У 1917 годзе ён — ужо ў пскоўскай беларускай арганізацыі. Напрыканцы 1918-га прыехаў у Вільню і — чалавек актыўны, да ўсяго — добры і шляхетны, — пачаў арганізоўваць віленскіх беларускіх эсэраў…

Напачатку 1919 года Антон Луцкевіч запрасіў Цярэшчанку ў склад свайго ўрада — і прызначыў кіраўніком арганізацыйнай працы ў краі. Восенню, пасля правядзення з'езда Віленшчыны і Горадзеншчыны, Цярэшчанка пераехаў у Менск, дзе яго абралі старшынёй Цэнтральнага беларускага нацыянальнага камітэта. Пасля расколу Рады БНР ён стаў сябрам Найвышэйшай рады — і выйшаў з партыі беларускіх эсэраў, не пагадзіўшыся з ейнай тактыкай.

Рэалізуючы сваё даўняе летуценне, Цярэшчанка на пачатку 1920 года заснаваў Беларускі саюз сельскай гаспадаркі — верыў, што такі саюз паспрыяе эканамічнаму адраджэнню края…

З Менска выехаў разам з Беларускай вайсковай камісіяй. Бачачы, што надзеі на падтрымку з боку Польшчы не спраўджваюцца, ён вёў перамовы з латвійскімі беларускімі арганізацыямі, каб разам ратаваць нацыянальную справу. Восень 1920-га — на Случчыне, удзельнік слуцкага антыбальшавіцкага змагання. З гонарам і шчасцем пісаў Цярэшчанка з фронта Езавітаву аб першым народным беларускім войску, якое давялося ўбачыць: аб першай брыгадзе слуцкіх стральцоў, якая некалькі тыдняў змагалася на адваяванай тэрыторыі Слуцкага павета. Але летуценні былі разбіты, брыгада знішчана, надзея на дапамогу Польшчы — растала…

Кузьма Цярэшчанка пакінуў палітыку, арганізаваў беларускую сельскагаспадарчую школу, пашыраў дзейнасць Саюза сельскай гаспадаркі на Віленшчыне, але мала што атрымлівалася. І ён пачаў ідэалізаваць Савецкую Беларусь, перабраўся ў Менск…

І вось — скрушная навіна пра смерць, як паведамлялі — на паседжанні «нейкага з'езда».


Змагарна наперад

Ці можа што-небудзь стрымаць вясну, сцішыць яе сакавітыя подыхі, перапыніць яе пракаветны поступ?

1922-ая вясна ад Нараджэння Хрыстовага абудзіла ў Ластоўскім-палітыку барацьбіта-паэта. Угодкі абвяшчэння незалежнасці БНР ён вітаў вершам-поклічам — сваім паэтычным дэбютам:

Наперад, змагарна наперад!
Да волі цярэбячы троп, —
Штодзённа ўскіпаем мы гневам
І помсту шлюбуем па гроб!
…Праметну заборчасьць, падзелы
І зьдзекі, і крыўды, і пот —
Бярэсьце і Рыгу ў дзень судны,
Ў дзень помсты спамяне народ!
Наездчык, — крыўдзіцель-грабіцель, —
Спакойны стурбуем твой сон:
Пасокаю чорнай тваёю
Наш родны угноім загон!

На імя Ластоўскага ў Коўна прыйшло пісьмо ад Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Ціхана, у якім старшыні Рады міністраў БНР паведамлялася аб тым, што Вышэйшае царкоўнае ўпраўленне пастанавіла дазволіць Беларускім Епархіям карыстацца беларускай мовай.

«Прызываю бласлаўленне Божае і на Вашу працу і на працу ўсяго Урада Беларускай Народнай Рэспублікі», — пісаў Ластоўскаму праваслаўны патрыярх.

У сакавіку Ластоўскі падпісаў «Дэкларацыю ўрада БНР на чацвёртую гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларусі»:


«Доўгія сталецьці зьдзекаваліся і гнятлі нас чужынцы — рабавалі, абдзіралі, запрагалі ў ярмо. Крывёй нашай прасякла беларуская зямля, сьлязьмі прагорклі нашы воды. І ўбачылі, зразумелі і пераканаліся лепшыя сыны нашай многапакутнай бацькаўшчыны, што ня будзе жыць лепей беларускі гаротны народ да таго часу, пакуль ён ня стане гаспадаром у сваёй роднай старонцы, ня будзе жыць лепей датуль, пакуль ён будзе хадзіць у ярме, а чужынцы будуць панаваць над ім <…>.

…найбольш яскрава выявілася імкненьне беларускага народу да волі і незалежнасьці пад час паўстаньня ў Случчыне ў лістападзе і сьнежні 1920 году.

Слуцкае паўстаньне — гэта быў пратэст народу супраць Рыжскага міру паміж Савецкай Расіяй і Польшчай, каторыя выходзячы з прызнаньня права народаў на самаазначэньне, прызналі, у пункце першым таго ж Рыжскага дагавору, незалежнасьць Беларусі, а пасьля — незалежную Беларусь паміж сябе падзялілі, разарвалі на часьці жывы народны арганізм.

Ня гледзячы на тое, што Слуцкае паўстаньне было задушана з двох бакоў, гэта ё — маскоўскімі і варшаўскімі імпэрыялістамі — яно застаецца пуцяводнай зоркай у гісторыі беларускага вызвабадзіцельна-адраджэнчага і дзяржаўна-незалежнага руху. <…>

Ніхай жыве вольная, незалежная і непадзельная Беларусь!

Урад Беларускай Народнай Рэспублікі.

25 сакавіка 1922 году».


Вясна крочыла і па вуліцах Менска, і таксама — з вершамі і з непакорай.

22 сакавіка на ўрачыстым паседжанні ў гонар Янкі Купалы ва універсітэце ў будынку медыцынскага факультэта (былой габрэйскай рэальнай вучэльні) на Магазіннай вуліцы[42] ў халоднай зале, дзе лунала прадчуванне ўгодкаў абвяшчэння незалежнасці БНР, прамаўлялі напачатку рэктар Уладзімір Пічэта, Аляксандр Вазнясенскі. Далі слова Купалу, і ён — у заношанай бекешы няпэўнага колера з жаўтавата-шэрым каўняром — ціха, амаль без жэстыкуляцыі пачаў чытаць свой верш-споведзь «Перад будучыняй»:

Стаім мы перад будучыняй нашай
І ўсё варожым, сочым ейны ход…
Ці ўскрэсьнем мы з душой, упаўшай, зьвяўшай,
Каб выйсьці ў сьвет, як нейкі здольны род…

Напісаў гэты верш Купала 24 студзеня, адразу, як даведаўся пра арышты віленскіх беларусаў — і як у пастцы ўяўлялася яму краіна і народ: і тут, і там чаўрэлі надзеі…

Заціснуты, задушаны, як мышы
Пад жорсткім венікам, з усіх бакоў,
Шукаем, як сьляпыя, не згубіўшы
Таго свайго, што наша ад вякоў.
…Цябе чакаем, будучыні нейкай,
Што прыйдзеш, недзе ўсіх нас павядзеш,
І гінем марна пад чужой апекай,
Адбіўшыся ад родных вехаў, меж.

І зноў, як і два гады таму, бачыў Купала ў сваім краі хцівых паганцаў, бачыў за сваім сталом «блізкіх» і «далёкіх» чужынцаў:

А хтось далёкі ці хтось, можа, блізкі
Засеў за наш бяседны, сытны стол
І кідае, як з ласкі, нам агрызкі,
А мы к зямлі з падзякай гнёмся ўпол.
Аграбленыя з гонару й кашулі,
З свайго прыпыну выгнаныя вон,
Мы дзякуем, што торбы апранулі
На нас ды з нашых нітак-валакон…

А тых, хто не схацеў чапляць на шыю торбу, ламалі і ў Вільні, і ў Менску…

Цішка Гартны ўсё ж дамогся ў Агітпропе выхаду новага літаратурнага часопіса «Адраджэньне». Летам 1922 года ён і з'явіўся — але яшчэ ў друкарні загадалі павыразаць з яго некаторыя старонкі: верш Купалы «Перад будучыняй» і рэцэнзію Лёсіка. А затым зліквідавалі і ўвесь тыраж.

Праз тыдзень пасля гэтага на Захараўскай — цяпер ужо Савецкай — Купала нечакана сустрэў Гартнага, спыніў і не прывітаўшыся агаломшыў:

- Ну то з якім полымем цябе наноў чакаць?!

- Ты, Янка, не наскоквай… — Гартны выглядаў стомленым. — Гэта з Масквы прыйшоў ліст аб тым, што «Адраджэнне» — назоў буржуазны і антырэвалюцыйны. Я ж дамогся быў назваць так!.. Дзень у Агітпропе праседзеў!

Купала змуліў вусны — і не стрымаўся:

- Ды ты хоць у іхняй жопе сядзі, а не ў Агітпропе! Помніш, як у Смаленску скакаў перад абвяшчэннем Бэсэсэрыі? Ты ж на гэтае адраджэнне яшчэ тады яму выкапаў! Сагналі з паўсотні салдат-беларусаў, камісарамі — ад латышоў да палякаў — разбавілі: і БССР абвесцілі! Хто з Беларусі вас тады пасылаў?! А тым, хто пярэчыць пачынаў, рот закрывалі!

- Каму закрывалі? — узняў Гартны чорныя бровы.

- Забыў, як сам да Палуты Бадуновай, якая пратэставала… пра ўжо створаную Беларускую Народную Рэспубліку гаварыла, ледзь не біцца лез?! Вось і маем, што маем… — Купала памаўчаў, матнуў рукой і, крыху адышоўшы, дадаў: — А ты служы. Служы панам верна, яны ў адказ перднуць…

Вясной па Меншчыне пракацілася хваля новых арыштаў сярод інтэлігенцыі. Зняволілі — за пашырэнне беларускага руху — каля трыццаці чалавек, некаторых засудзілі на цяжкія работы, некаторых трымалі ў сутарэннях ГПУ — «Госполитуправления», якое стала прадаўжальніцай спраў ЧК. Без суда расстралялі Ганну Бруевіч, Петухоўскага, іншых, прозвішчы якіх — як і целы — схаваў нябыт…


Вайна на Беларусі не перапынялася. Рэспубліка-буфер спешна ўмацоўвалася бальшавікамі: уздоўж ракі Случ на адлегласці пяць вёрстаў ад поймы ўстанавілі драцяныя загароды; Слуцак — «памежны» горад — умацавалі дзвюма лініямі акопаў, акопы вырылі таксама і каля вёсак Ісерна, Нежаўка, ад новага моста перад вёскай Цароўка лінія акопаў ішла да шасэйнай станцыі Сенніца, адтуль — да Сёмкава Гарадка. На «польскай» мяжы на ўскрайку Філіпавіч (дваццаць вёрстаў на захад ад Слуцка) збудавалі каменныя дзоты. Акопы і драцяныя загародкі рабілі і вакол Менска: іх першая лінія ішла ўздоўж граніцы — у трох вярстах ад станцыі Радашковічы, другая — праз Сёмкаў Гарадок і Ракаў, трэцяя — на вярсту ад Менска; ад Дзвіны і далей па граніцы — па лініі Арэхаўка - Ілля - Радашковічы — таксама пралеглі акопы; пад інструктажам нямецкіх спецыялістаў умацоўваліся гарады Барысаў, Ігумен і Бабруйск; на Беразіне, Пцічы і Дняпры папраўлялі масты, уздоўж Беразіны вырылі акопы і ўзвялі драцяныя загароды…

А ў сакавіку 1922 года з кавалерыйскай дывізіі Катоўскага дэзерціравалі шэсцьсот чалавек. Паўстанцкая група забрала на станцыі Талочына са складоў прадукты. 8 красавіка з'явілася ў Барысаве, адкуль накіравалася да Бабруйска, знянацку захапіла горад і забрала са складоў інтэндатуры зброю і правіянт. 12 красавіка мяцежныя кавалерысты ўвайшлі ў Слуцак.

Праз дзень, нібыта апамятаваўшыся, бальшавікі выслалі ім наўздагон два браневікі, з якімі каля вёскі Беляны паўстанцы распачалі бой — і адступілі. Браневікі пайшлі следам — і загразлі ў балоце каля ракі Лакнея. 26 красавіка кавалерысты зрабілі напад на двор Пагост, забілі камуніста-ўпраўляючага, пастралялі жывёлу, а коней забралі з сабой. Ноччу была чутна страляніна каля Старобіна. Баі пачаліся і пад Петрыкавам. З Мазыра супраць паўстанцаў выступіў 52-і стралковы полк і 27 красавіка ўступіў у бой непадалёк ад вёскі Дунцы…

На чацвёртыя ўгодкі БНР з бальшавіцкай Масквы даслаў у Вільню верш «Малітва ўцекача» дваццацідвухгадовы Уладзімер Дубоўка — мужнае апісанне сваёй панішчанай радзімы, на якой ладзяць «зьлёт груганы», сірвенту-гімн[43], замову-літанію — каб хутчэй надышоў той час, «калі рука акуецца стальлю» («Малітву ўцекача» ўпершыню надрукаваў «Беларускі Звон») Аляхновіча:

Ты дэкляруеш мне долю і волю? Мне на чужой старане трэ' палацы? Ты мне гаворыш, што зьлёт груганоў зьнішчыў мой край, сьмерць гняздо там зьвіла?..
Бедны ён? Пушчы? Балоты? Каменьні? Стогнець народ пад пятой Жыцьця — ката? — Годзе! Чакаю я толькі той дзень, стальлю калі акуецца рука!
Вецер! Мой вольны браточак ты, вецер! Крыльля мне!.. Крыльля свае ты пазычыш!? — Я паляту, паляту… Хай жыве край сасонак, кляноў і лазы!..
Дам тым вадзіцы, што бьюцца за шчасьце, тых пракляну, што нам Юдамі сталі… Прыйдзе наш час, веру — прыйдзе наш час!
Вецер! Мой любы! — Чакаюць там нас…
Масква. 23 - ІІІ - 22

2 красавіка 1922 года ў Маскве беларуская суполка ладзіла вечарыну памяці Алеся Гаруна. Уладзімер Дубоўка прачытаў на ёй свой верш, прысвечаны паэту і грамадзніну:

Ад крывіцкіх балотаў да тундраў Сыбіру,
Ад аковаў душы да цяжкіх ланцугоў, -
Ты пяяў несупынна, званіў сваёй лірай,
Заклікаў нас на родныя гоні, дамоў…

А Маскоўскі савет народных дэпутатаў абвясціў з 13 сакавіка агульную вайсковую мабілізацыю. Як напісала бальшавіцкая «Правда», Саветы ў выпадку благіх вынікаў міжнароднай Генуэзскай канферэнцыі вымушаны будуць ці згінуць пад націскам сусветнага капітала, ці скарыстаць рэвалюцыю ў адносінах да сваіх суседзяў…


Скамарохаўцы

Першы партызанскі прыстанак, першы «зялёны» штаб.

На невялікай палянцы з паўмесяца таму наспех выкапалі зямлянку, — балазе вясна на Горадзеншчыну прыйшла рана, і мароз яшчэ напрыканцы лютага адступіў. Пад навесам з хваёвых галін — сплецены з крушынніка стол. У лагчыне, каля нястомнай крыніцы — «кухня» (вогнішча, чорны кацёл на грабавых патырчаках). А вакол — на дзесяткі вёрстаў — пагудасты бацька-лес.

Калі Васіля Муху праводзілі да гэтага месца на сустрэчу з атаманам Скамарохам, няўрымсты алешыны і бярозы ўжо густа зеляніліся лісцем, адно цяжка прачыналіся да жыцця парэпаныя часам дубы, — і былому матросу ўявілася раптам, што ён плыве па бясконцым зялёным моры…

Муха чакаў сустрэчы з барадатым дзецюком у доўгім кабаце, з нажом-пікай за поясам, а да яго выйшаў чыста выгалены мужчына ў вайсковым фрэнчы, з новай похвай на дзязе (з расшпіленага вечка блішчэў рэвальвер).

— Дзень добры! — прывітаўся і, усміхнуўшыся, назваўся: — Атаман Скамарох… А вы, знаць, пасланец Муха?

Гэта і быў той легендарны «бацька», які за месяц аб'яднаў усіх паўстанцаў Горадзеншчыны. У былым — правінцыйны артыст (адсюль і псеўданім — Скамарох). Паведамленні пра ягоную дзейнасць усё часцей даходзілі да Коўны, а 30 сакавіка 1922 года вестку ад Скамароха атрымалі і ў Варшаве. На першай старонцы паслання было выведзена:

«УЛЬТЫМАТУМ паўстанцкага штаба Начальніку Польскай Дзяржавы Пілсудскаму», а далей — на трох наступных — значылася:


«Начальніку Польскай Дзяржавы Пану Пілсудзкаму ў Варшаве.

Копія Старшыні Лігі Нацый у Жэневе.

Ад акружнога атамана беларускіх партызанаў грамадзяніна Гэрмана Скамароха.

Беларусь.

Чынны Конспіратыўны Штаб.


УЛЬТЫМАТЫЎНЫЯ ВЫМАГАНЬНЯ.


З прычыны разкрыцьця польскімі ўладамі нашай беларускай вайсковай арганізацыі, якая пастанавіла сабе мэтай высвабадзіць Беларусь ад векавога гвалту і ўціску і цяперашняй окупацыі, - значэ не сэкрат, што зьяўляемося ворагамі польскай окупацыйнай ўлады ў Беларускім краю, але нічуць ня ворагамі польскай улады ў Варшаве.

Мы ўпоўнамочаны ад пятнадцаці тысяч партызанаў і ўсяго селянства паветаў Беластоцкага, Бельскага, Бераст-Літоўскага, Ваўкавыскага, Пружанскага і др. Зьвярнуцца да Вас, Пан Пілсудскі, і праз Вас да ўсяго Польскага Народу аб прызнаньні нашых ніжэйпісаных вымаганьняў, а найменна:

1) У імя справядлівых чалавечых правоў адмовіцца ад прэтэнзій на Беларусь і прызнаць яе права на самаазначэньня як нацыі.

2) Неадложна спыніць жорсткія рэпрэсыі ў стасунку да ўсіх беларусаў, а такжа перастаць апечатываць праваслаўныя храмы, арэшты сьвяшчэньнікаў, обыскі, біцьцё палітычных дзеячоў у нашых турмах і прызнаць недатычнасьць да ўсяго беларускага.

3) Неадложна звольніць з турмаў усіх арэштаваных палітычных беларусаў <…>.

4) Неадложна спыніць высеканьне лясоў <…>.

5) Неадложна прыгатаваць для эвакуацыі польскія вайсковыя часткі, жандарскія атрады, сыскныя адзьдзелы і паліцыю.

6) Дзяржаўныя ўстановы і іх маемасьць павінны быць поўнасьцю перададзены, а такжа і народныя банкі Беларускага краю, як уласнасьць Беларускага Народу.

<…>

Мы ня хочам пагражаць Вам, а папераджаем, што непрызнаньне нашых справядлівых дамаганьняў пацягне за сабой страшныя вынікі. Мы прымусім загаварыць аб сабе ўвесь сьвет. Мы прыймем самыя страшныя і самыя зьніштажаючыя спосабы і дзеля таго, што з рэгулярнай арміяй змагацца нам цяжка ў адкрытай бітве, то мы застасуем наша адкрыцьце.

Вы закрычыце аб нашым зьверстве і негуманнасьці, але мы лапатнікі-селяне выдумных зьдзекаў ня ведаем, а зробім тое, што мы ўзналі… Тады вы ацэніця нашы галовы даражэй, чым па 50 000 мар., як гэта цэніця цяпер.

<…>

Мы верым, што дабьёмся вызваленьня і што сваёй перамогай умацуем наш нацыанальны сьцяг над нашай свабоднай Народнай Дэмакратычнай Беларускай Рэспублікай.

Мы верым, тшо ўся здаровадумаючая Польшча і ўвесь сьвет на нашай старане справядлівасьці, дык мы будзем чакаць мірнага развязаньня нашых вымаганьняў, якімі Вы нас уцешыця праз польскую, расійскую і замежную прэсу. Апошні дзень тэрміну дзевятнадцатага красавіка ст. стылю. Калі-ж прэса будзе маўчаць, гэта будзе знакам змаганьня за вызваленьне Беларускага Народу з-пад польскага гвалту.

<…>

Атаман Горадзеншчыны Г. Скамарох.х

Вып. Аб. Н-ка Штабу Беларускіх партызанаў Палкоўнік (подпіс).

Ад'ютант (подпіс).

30 сакавіка 1922 г.» [44]


Праз два дні пасля сустрэчы са «штабам» Скамароха Муха ўдзельнічаў у паходзе «зялёных» на станцыю Чэхі, дзе сканцэнтраваліся перад перасылкай некалькі аддзелаў польскіх жаўнераў. Палякаў выціснулі са станцыі, некалькі дзесяткаў паланілі і абяззброілі.

Паколькі на ўльтыматум аніякага адказа не было, Муха, агледзеўшы захоплены на станцыі тэлеграфічны апарат, прапанаваў накіраваць у Варшаву і тэлеграму. Ейны тэкст партызаны складалі разам:


«Варшава.

Начальніку Польскай Дзяржавы п. Пілсудскаму.

Гэтым пытаем Вас, пане Пілсудзкі, чым тлумачыцца неатрыманьне адповедзі на наш ультыматум, пасланый 30 сакавіка бягучага году. Дзеля гэтага яшчэ раз напамінаем аб нашым ультыматуме, каторы кажэ: каб польская ўлада прызнала беларускую дзяржаву <…> і прыняла сваю окупацыйную ўладу з нашага краю. У здарэньні адмовы або нежаданьня адпаведаць на нашы вымаганьні папераджаем, што прыймем пагалоўнае зьніштажэньне паліцыі, жандармэрыі, польскай арміі і ўсёй шляхты».


У траўні да паўстанцаў Скамароха далучыўся атрад Чорта, пра які хадзіў почут як пра частку арганізаванага беларускага войска. Атрад Чорта рабіў напады ў ваколіцах Беластока, Гайнаўкі, Белавежы, рассылаў польскім уладам пагрозы. У сакавіку Чорт (так празвалі Івана Чыжыка, сябру вайсковага аддзела камісарыята Беластока, які колісь з'арганізаваў і ачольваў Езавітаў) перапыніў цягнік з польскімі міністрамі, якія ехалі з Варшавы ў Вільню на ўрачыстасці «далучэння» Сярэдняй Літвы да Польшчы. Атраду Чорта прыпісвалі і падпал аграмадных складоў драўніны, вывезенай да чыгункі — каб пасля адправіць у Англію.

Адказам на ўльтыматумы «зялёных» сталі новыя рэпрэсіі. 6 траўня разам з дзевятнаццаццю партызанамі арыштавалі жонку Скамароха Альжбету Шыманюк. Для атамана — Муха бачыў — гэта стала страшэннай трагедыяй. Выправілі ў Беласток, дзе пад вартай трымалі арыштаваных, пасланцоў, але даведацца пра вынікі следства яны не здолелі — адно прывезлі ў штаб «Dziennik Grodzienski»» ад 28 траўня, які надрукаваў справаздачу аб вайскова-палявым судзе і сведчанні пра атаманаву жонку: «…дама інтэлігентная, адукаваная і гарачая беларуская патрыётка; на допытах трымаецца вельмі незалежна і з гумарам…»


Вакол Генуэзскай канферэнцыі

Тым часам італьянскі ўрад праз расійскую эканамічную дэлегацыю перадаў Леніну запрашэнне на фінансава-эканамічную канферэнцыю ў Геную, якая мусіла адбыцца ў красавіку-траўні 1922 года. Урад БНР прыняў адносна Генуэзскай канферэнцыі мемарандум:


«…змаганьне Польшчы і цяперашняй Сав. Расіі адбываецца за панаваньне над Беларусьсю…».


У красавіку ў Коўне пад апякунствам Вацлава Ластоўскага выйшаў у свет новы беларускі штомесячнік «Беларускі Сьцяг». Ягоным рэдактарам-выдаўцом стаў Клаўдыюш Дуж-Душэўскі. Канферэнцыі ў Генуі ў першым нумары часопіса быў прысвечаны артыкул Аляксандра Цвікевіча «Беларусь перад Генуэзскай Канферэнцыяй». «Ці павінны прадстаўнікі Беларусі ехаць у Геную?» — пытаў аўтар артыкула. — На той «канцэрт, што мае разыграцца», дзе брацьме ўдзел «рэвалюцыйны Сфінкс — Савецкая Расія»? — і намагаўся пераканаць у тым, што кожная магчымасць пры змаганні за незалежную бацькаўшчыну павінна быць выкарыстана.

Пазвалі вас на пір піроў,
Пазвалі вас за волю стаць,
І далі ўладу путы рваць,
І далі ўладу біць цароў -
Зрабілі з вас гаспадароў.
<…>
Чатыры годы крок у крок
Тварыць вы йшлі і кроў лілі
Сваю, чужую па зямлі…
Расьлі магілы… зваў прарок…
Рос вашай моцы бляск і мрок.
<…>
Вы ўладары… Яшчэ жар-цьвет
Бунтарскіх дум у вас ня згас:
Эўропа кліча ў госьці вас:
Пад рогат піравых пабед
Саветы кліча на «савет».

А ў траўні 1922 года ў Леніна адбыўся першы апаплектычны ўдар — правадыр страціў мову, была паралізавана правая рука. Газэты пісалі аб тым, што на лета Ленін збіраецца выехаць у Лівадзію, дзе будзе жыць і адпачываць у былых… царскіх палацах.

У Геную замест Леніна паехаў міністр замежных спраў РСФСР Чычэрын.

На канферэнцыю, якая мусіла вырашаць і пытанне аб палітычным упарадкаванні ўсходняй Эўропы, выслаў сваю дэлегацыю і ўрад БНР — у Італію, каб паставіць на абмеркаванне і беларускае пытанне, накіраваліся прэм'ер-міністр Ластоўскі і міністр замежных спраў Цвікевіч. 3 траўня дэлегацыю БНР прыняў старшыня Генуэзскай канферэнцыі, якому і быў перададзены мемарандум з просьбай абмеркаваць пытанне аб прызнанні незалежнасці БНР і скасаванні Рыжскай дамовы. Аднак гэта выклікала жорсткі супраціў савецкай дэлегацыі — і абмеркавання не было.

Ластоўскі з Цвікевічам мелі гутаркі з сябрамі італьянскага парламента, дэпутатамі ад сялян, — ад якіх атрымалі запэўненне ў падтрымцы дамагання самастойнасці беларускіх сялян. Перад выездам у Коўна Ластоўскі паслаў дэпутату Скотці тэлеграму:


«Прадстаўнікі Сялянскай Беларусі, ад'язджаючы з Генуі, засылаюць Вам, заснаўцу сялянскай еднасьці, прывітаньне і пажаданьне хутчэйшага арганізаваньня моцнага сялянскага інтэрнацыяналу, у якім беларускі народ прыме ўдзел усёй сваёй дванаццацімільённай масай».


Гэта была адна са спробаў інтэрнацыяналы камуна-савецкія перамагчы-перасіліць інтэрнацыяналам сялянскім. І яна — ці не важнейшае, чаго дамагліся беларусы на Генуэзскай канферэнцыі…


«Свабоды дзень крывёй купіць»

Кроў не пераставала ліцца на беларускай зямлі. Знясіленыя бяспраўем і здзекамі, сяляне з усходу і захаду Беларусі ўсё часцей пакідалі свае гаспадаркі, падаваліся ў лясы і стваралі «зялёныя» атрады — каб са зброяй адстойваць свае правы. З вясны 1922 года распачаўся стыхійны антыбальшавіцкі і антыпольскі партызанскі рух.

Сялянскія выступленні жорстка караліся ўладамі. 6 траўня два палкі рэгулярнага польскага войска, жандармерыя і паліцыя акружылі частку Белавежскай пушчы, дзе месціўся беларускі партызанскі штаб, і паланілі дзевятнаццаць партызанаў. Пашэнціла Васілю Муху і групе «скамарохаўцаў», якая з тыдзень таму выбралася на Горадзеншчыну…

24 траўня ў Беластоку адбыўся суд. Сялян, якія верылі ў тое, што беларусы павінны быць народам незалежным, а край іхні — дзяржавай «самаістай», выраклі да растрэла — пяцёх, аднаго — да пажыццёвай катаргі, рэшту — да дзесяцігадовага зняволення.

У другім нумары «Беларускага Сьцяга» ў артыкуле «Над свежай магілай» Вацлаў Ластоўскі падаваў новыя звесткі пра белавежскіх паўстанцаў:


«…Абаронца тэлеграфаваў Начальніку Польскай Дзяржавы Пілсудзкаму, просячы ўласкаўленьня для засуджаных. Пілсудзкі «ўласкавіў» толькі аднаго П. Нічыпарчука, з увагі на яго моладасьць (19 гадоў)».

Вось і ўся ласка тога, хто збіраўся змагацца «за нашу і вашу волю»»…


Пад тым жалобным артыкулам у «Беларускім Сьцягу» быў выдрукаваны і верш Ластоўскага — узнёслы рэквіем у памяць барацьбітоў за народную волю, ягоны другі паэтычны выступ:

Благаслаўлён сын,
які за Маці чэсьць
гатоў да бітвы стаць нябарна:
свабоды дзень для
ўсіх сваёй крывёй
купіць ахвярна…
Благаслаўлён будзь, каторы
адплату кроўную дасьць за кроў
і ворага прымусіць
імя Беларусі
чціць…
Хай прыйдзе ён, як Бог,
адзет у помсты тучу:
пад громаў гук, маланак блеск,
пад славы песьнь пявучу!

…А сёмай гадзіне ўвечары ў сераду 24 траўня ў Беластоку па брукаванцы вуліцы Сянкевіча тарахцела ў накірунку да Палескай станцыі шырокая калымага, а на ёй — пяць суспеш збітых з негабляваных дошак трун-скрынак. За калымагай зморана крочылі ўзброеныя жандары. Паглядзець на жудаснае відовішча з рэстарацый і крамак выходзілі гарадчукі.

- Гэта расстраляных сёння бандытаў вязуць… — мовіў даўгавязы дзяцюк з кароткімі вусамі.

- Якія бандыты? Яны ж свайго дамагаліся… — ціха абурылася жанчына ў вылінялай вясковай хустцы, яшчэ раз зірнула ўслед працэсіі і схавалася ў дворык.

Аднаго з паўстанцаў-партызан — Тамаша Баброўскага, які цудам выжыў пасля пажару ў Горадні і, толькі ачуняўшы ад апёкаў, напрасіўся на новае заданне — забілі апошнім і адразу ж уклалі ў дамавіну. Куля разарвала Тамашу сэрца; кроў праз шчыліны ў дошках — якраз калі калымага праязджала перад крамнымі лаўкамі — пачала капаць-сцякаць на брукаванку.

- О Матка Боска! Кроў! — піскнула нейкая кабета і закрыла даланёй вочы…

На другі дзень у беластоцкай «Свободной мысли» відаводца карнай працэсіі пісаў:


«Каму і навошта трэба было дэманстраваць гэтае жудаснае відовішча на многалюднай вуліцы, сярод белага дня… Кроў — заўсёды кроў. Яна п'яніць, як відно, яна аглушае, яна палохае, яна расхіствае натоўп. І не трэба паказваць яе дарэмна».


Праз некалькі дзён польская паліцыя схапіла раённага атамана паўстанцаў Тамашука, які дзейнічаў пад псеўданімам Андрэй Пятрэнка. Прыкладамі яму пераламалі некалькі рэбраў, затым прывязалі пад калені палку і білі па пятах — пакуль не пачало адставаць ад касцей цела… Абвязвалі праколатым цвікамі й шпількамі поясам і білі па ім, клалі на раскаленае жалеза.

- Гіну, але мае браты-беларусы… — сабраў усе сілы і выкрыкнуў Тамашук, — …прагоняць вас са сваёй зямлі і ўбачаць незалежную Бацькаўшчыну!

Гэта пачулі не толькі жаўнеры, але й іншыя палоненыя партызаны.

- Убачаць, атаман! — адказаў Тамашуку селянін з разбітым носам. Адзін з сепачоў падскочыў і адсек яму вуха.

- Каб менш слухаў! — злосна рыкнуў…

Арышты пашыраліся. Да Скамароха прыйшла яшчэ адна жудасная вестка: схапілі бацьку — Дзям'яна Шыманюка. Скамарох сабраўся ісці дамоў — ратаваць бацьку.

«Яны ж мяне шукаюць», — абураўся.

Ледзь адгаварылі яго: ці выправіць гэтым што?

Пасланцом у ягоную вёску Грабавец напрасіўся Васіль Муха — каб даведацца пра ўсё на месцы. Вяскоўцы стоена распавядалі, як білі Дзям'яна Шыманюка:


«Галава ўся ў ранах была, ногі страшэнна пакалечылі — паламалі на пятах косці…»


Калі ж 19 чэрвеня выпушчаныя з турмы Дзям'ян разам з нявесткай дабраліся да Грабаўца, суседзі, гледзячы на іх, плакалі: Барбара была ўся ў сіняках, пераламаная рука падвязана да шыі шнурком… Дзям'ян жа пазіраў наўкол і ўсміхаўся — не стрываўшы пакутаў, дзед звар'яцеў.

Ад Скамароха прыхаваць такое было немагчыма. Атаман хацеў застрэліцца — не далі сябры…


Адна бяда, як вядома, не ідзе — другую за сабой вядзе… Францішак Аляхновіч мусіў у турботным артыкуле для травеньскага нумара «Беларускага Звона» — «Беларусаў вывозяць з бацькаўшчыны» — пісаць:


«Нядаўна ў сваім м. Мігаўцы Радашкоўскай гміны… - і міжволі ўзгадваць мігаўскі дворык Уласава, зараз, пэўна, у зеляніне, у садовай квецені… дзесь і сыны-падшыванцы Уласава па двары гойсаюць… — арыштаваны і вывезены ў канцэнтрацыйны лагер углыб Польшчы стары беларускі дзеяч Аляксандр Уласаў. Абвінавачваюць яго ў Савінкаўскай, нібы то, рабоце, хоць у той самы час запраўднага савінкаўца, які жыў у аколіцах Радашковіч, п. Гаінкевіча толькі папрасілі выехаць. Беларускія колы вельмі ўзрушаны такой бязпраўнасьцю і лічаць гэта за новы спосаб з боку польскага ўраду пазбавіць беларускі народ яго інтэлігенцыі».


Уласаў праз некторы час нейкім цудам — апынуўшыся на волі — зможа атрымаць у польскіх уладаў дазвол на… адкрыццё ў Радашковічах беларускай гімназіі. Яе дырэктарам прызначаць вядомага беларуса — ксяндза Абрантовіча.


…Аляхновічу зноў мроіліся маляўнічыя лясныя ўзгоркі пад Радашковічамі. Ён любіў той край — з хваёвымі ўзлескамі, з рэчкамі й лугамі, - вясною ў духмяна-п'янкай лотаці. А да ўсяго куток той меў… вёску, якая паўтарала ягонае прозвішча! Вёску Аляхновічы! Некалькі разоў ён быў там, гасцяваў у хаце, што стаяла найбліжэй да Вілейскага тракта — у гаспадара Ракіты. Пакінуў таму — «на ўсялякую прыгоду» — свой віленскі адрас, і раптам — з тыдзень назад — атрымаў ад Ракітавага сына няўмела складзены доўгі ліст… З польскага войска вярнуўся ў свой маёнтак Зыгмантова пан Гідрусь, але ваяцкі дух не выветрыўся з яго. Ноччу напаткаў начлежнікаў — двух аляхновічаўцаў, Ракіту з суседам, — і, штось гыркнуўшы, стрэліў у іх з рэвальвера. Забіў Ракітавага суседа, пагражаў і самому Ракіце — за тое, што нібыта коні былі навязаны на ягоным, Гідрусёвым, дзірване… Раніцай Гідруся забрала паліцыя, а праз тры дні ён зноў быў на свабодзе: змог апраўдацца, распавёўшы аб тым, што яго хацелі забіць канапасы, а ён адно бараніўся. Гідруся выпусцілі з пастарунка, а схапілі замест яго нявіннага Ракіту…


З лістом з Аляхновічаў да Аляхновіча прыйшло паведамленне з Латвіі ад Езавітава — аб тым, што ў Люцынскім павеце працуе ўжо 31 беларуская школа. Сябар перадаваў — для «Беларускага Звона» — падрабязныя статыстычныя дадзеныя за 1921 / 1922 навучальны год: лік беларускіх настаўнікаў - 72, лік вучняў: дашкольных клясаў - 739, І клясы - 772, ІІ - 541, ІІІ - 244, IV - 81, V - 13, VI - 0, разам - 2390, з іх беларусаў - 2094, каталікоў - 681, праваслаўных - 1390, хлопцаў - 1362, дзяўчат - 1028.

Езавітаў пісаў:


«Сялянства надта зруйнавана вайною і рэквізіцыямі бальшавіцкіх улад і да гэтага часу яшчэ не змагло ўмацавацца <…> многія сямейкі сядзелі ўсю зіму без ботаў і вопратак у хатах. Лютая зіма і вялікі сьнег ня мала перашкаджалі школьнай працы <…>.

Вестка аб адчыненьні Беларускай Гімназіі ў Дзвінску вельмі ўзрадавала люцынскіх беларусаў, і яны пастанавілі звярнуцца да Міністэрства Прасьветы Латвіі аб адчыненьні Беларускай Гімназіі і ў Люцыну. Люцынскі адзьдзел Таварыства «Бацькаўшчына» атрымаў ужо запэўненьне ў тым, што Беларуская Гімназія будзе адчынена ў Люцыну».


У жніўні 1922 года ў Люцыне закончацца курсы беларусазнаўства для настаўнікаў беларускіх школ, якія вяла Паўліна Мядзёлка. Адбылася ўрачыстая вечарына. Распачынаўся і рамонт будынка беларускай урадавай гімназіі ў Дзвінску. Беларускі адзьдзел міністэрства асветы Латвіі асігнаваў на гэта 300 000 рублёў.


Алтар незалежнасці

У Коўну да старшыні ўрада БНР Ластоўскага рознымі шляхамі прыходзіла з Горадзеншчыны і Віленшчыны інфармацыя пра здзекі польскіх уладаў з безабаронных жыхароў-беларусаў.

Паводле Версальскай дамовы (дадатковага пратакола да яе 93-га параграфа), падпісанай 28 чэрвеня 1919 года Польшчай і дзяржавамі Антанты (Францыяй, Англіяй, Італіяй, Японіяй і Злучанымі Штатамі Паўночнай Амерыкі), беларусам — як нацыянальнай меншасці — гарантаваліся абарона жыцця, свабода веравызнання, абрадаў, ужыванне роднай мовы ў судах, навучанне ў роднай мове, арганізацыя грамадскіх і дабрачынных устаноў, а таксама прыватных школаў.

У дзевятым пункце дамовы дадатка абгаворваліся пэўныя палёгкі: каб у гарадах і вёсках, дзе жывуць кампактна нацменшасці, навучанне ішло ў роднай мове, а розныя нацыянальныя ўстановы мелі аднолькавыя правы карыстацца дзяржаўным бюджэтам.

«Кожны закон, кожнае распараджэнне, кожная ўрадавая дзейнасць у Польшчы, якія пойдуць супраць пералічаных прынцыповых пастаноў, не будуць мець сілы», — сцвярджалася ў дамове.

Нагляд за яе выкананнем ўскладаўся на Лігу Нацыяў, створаную згодна з той жа дамовай.

Гарантавала свабоднае развіццё культуры, мовы і арганізацыяў нацыянальных меншасцяў у Польшчы і Рыжская дамова. Урэшце, у прынятай Устаноўчым соймам 20 сакавіка 1921 года польскай канстытуцыі амаль усе тыя правы нацменшасцяў былі паўтораны і сталі ўнутраным законам Польшчы.

Ластоўскі меў у сваім зборы тэкст той канстытуцыі. Вось, калі ласка, артыкул 95:


«…Польская Рэчпаспалітая гарантуе на сваім абшары поўную ахову жыцця, свабоды і маёмасці ўсім, без розніцы паходжання, нацыянальнасці, мовы, расы або рэлігіі».


Ці артыкул 105-ы — пра свабоду прэсы і роўнае права выданням карыстацца паслугамі пошты… Ці 108-ы і 109-ы — на права сходаў, закладанне сваіх арганізацый, ахову мовы… Ці 110-ы, 111-ы артыкулы!

А што ж насамрэч?!

Насамрэч Ластоўскі складваў абвінаваўчы мартыралог — з пазнакай імён і прозвішчаў ахвяр, іхніх вёсак (па кожнай воласці), дзён пакаранняў. І чым больш такіх паведамленняў — тым цяжэйшым і нервовым станавіўся ягоны — Ластоўскага — почырк:


«1) 6 ліпня г.г. у в. Новая Дзеражня Арлянскай воласьці Лідзкага павету быў паддадзен страшэнным тартурам Даніла Кавалеўскі, 17 гадоў, за тое, што жонцы польскага сержанта-каланіста, каторая насьмехалася над беларусамі, сказаў: «Палякоў са сваёй зямлі мы ўсіх прагонім».

2) 6 ліпня ў м. Арля Лідзкага павету капраль паліцыі Зюк, садзіст па натуры, зьбівае беларусаў за іх нацыянальныя пераконаньня. Гэтак ён пабіў сялян: Гузеня і Язэпа Шэршаня. Улада «карае» садыста тым, што пераводзіць яго з аднаго пункту ў другі.

3) 6 ліпня ў в. Прыцяма Арлянскай вол. Па загаду павятовай судова-сьледчай улады арэштаваны беларускі вучыцель Іван Дрозд, школу якога польскі школьны інструктар Кавальчэўскі і паліцыя выгналі на вуліцу <…>.

4) 12 ліпня ў в. Кукры Жалудоцкай вол. Лідзкага павету адміністрацыя двара Саваўшчына абвінаваціла сялян у перахове зброі, толькі за тое, што вяскоўцы з голымі рукамі адабралі сваю скацежу <...>. Многа сялян пабітых да паўсьмерці, трое арэштаваны і па сягоньня томяцца ў турме.

5) 12 ліпня ў в. Стукалы Арлянскай воласьці Лідзкага пав. быў арэштаваны і зьбіты стараста, абвінавачаны ў тым, што не арэштаваў трох беларусаў-новабранцаў, якія адмовіліся ад службы ў польскім войску.

<…>

8) 17 ліпня ў в. Процьма Арлянскай воласьці Лідзкага павету паліцэйскі капраль Качаноўскі ў прысутнасьці павятовай палявой жандармерыі пасьля страшэнных зьдзекаў зьбіў нагайкай хворую старушку 68 гадоў, матку беларускага вучыцеля Івана Дразда Марыю Дрозд за тое, што яна не магла сказаць, дзе знаходзіцца яе сын, які перад гэтым… уцёк з-пад арэшту.

<…>

11) 28 ліпня ў в. Бондары Азёрскай воласьці Горадзенскага павету зьбілі грамадзяніна Чараха. Зьвязаўшы рукі, падвешывалі на кол і білі да ўтраты прытомнасьці.

12) 28 ліпня у в. Канюхі зьбілі 55-летняга старца Чаплюка. Білі малаткамі па пятах. У вёсках Канюхі, Бондары, Кашубінцы зьбіты пагалоўна ўсе сяляне.

13) 29 ліпня польскія міліцыянеры зьбілі на сьмерць жыхара в. Вешкан Язэпа Станчыка <…>.

15) 30 ліпня зьбіты жыхар в. Капенішкі Баляслаў Кутас. Пасьля сьмерці зьдзерлі палякі з яго ўсю адзежу да нага. Родныя забітага прасілі аддаць ім цела, — палякі ім адмовілі і закапалі без хрысьціянскага абраду.

16) 4 жніўня у в. Мастэйкі арэштаваны грам. Якуб Тумалевіч і Іван Балевіч. Пры арэшце білі і калолі шылам.

<…>

20) 6 жніўня ў грам. Ігната Тамулевіча выкапалі ўсю бульбу і зьбілі гаспадара за тое, што ён, бытцым, быў у Літве. <…>»


Падобны крык, падобны стогн даносіўся і з-пад Беластока, Бярэсця, Пружан, Ваўкавыска, Слоніма, Вілейкі…

Тымчасам «Gazeta Bielostocka» (№ 149) надрукавала артыкул, у якім дзівілася з таго, што на вуліцах Беластока нямаведама адкуль з'явіліся вар'яты — тымчасам як многім у горадзе было вядома: з мясцовай турмы выпусцілі больш дзесяці беларускіх сялян, запасочаных у прыналежнасці да паўстанцаў, - якія не вытрымалі катаванняў…


Сучасныя Робін-Гуды

Але здзекі адно распальвалі ў сялян прагу помсты…

14 чэрвеня польскі ўрад дамовіўся з ангельскай прамысловай кампаніяй аб продажы Белавежскай пушчы. Ангельцы абавязаліся на працягу дваццаці гадоў «эксплуатаваць» Белавежу, плацячы Польшчы пэўную суму за кожны «штандарт» распілаванага матэрыяла ангельскай валютай. У карыстанне ангельцаў пераходзілі ўсе існуючыя на тэрыторыі пушчы будынкі і каля пяцісот кіламетраў чыгункі. Дзеля вывазу драўніны польскі ўрад забавязаўся даваць штодзённа па сто вагонаў. Аднак ужо з першых дзён пасля заключэння дамовы прамыславікоў чакалі неспадзеўкі. На пачатку ліпеня ў Белавежскай пушчы за тры дні беларускія сяляне спалілі пяцьдзесят гектараў высечанага лесу. Белавежскія паўстанцы ўводзілі ў паніку «мясцовых» палякаў і з'арганізавалі напад на Бельск, а ў Беластоцкім, Бельскім і Пружанскім паветах «зялёныя» на польскіх урадавых сцягах сістэматычна рабілі надпісы «Б.Н.Р.».

Уцекачы з Горадні і пасланцы Васіля Мухі паведамлялі, што ў Лідскім павеце выбухнула новае паўстанне беларускіх сялян. У некаторых мясцовасцях абстралялі дробныя вайсковыя аддзелы. У ноч з 7 на 8 ліпеня з'явіліся паўстанцкія атрады па пяцьдзесят і сто чалавек, знішчылі некалькі сем'яў польскіх перасяленцаў, з імі — капітана рэзерва Рэтрыкоўскага. Праз два дні напад паўтарыўся на чыгуначную станцыю Арэхава.


Партызанская барацьба разгаралася і на тэрыторыі падсавецкай Беларусі, і пра яе замежная перыёдыка пісала з большай ахвотай. Ангельская газэта «Таймс» ад 17 чэрвеня 1922 года надрукавала артыкул свайго спецыяльнага карэспандэнта пра тых, каго савецкі ўрад называў зялёнымі партызанскімі бандамі:


«…Цяпер у Беларусі пачаўся новы сялянскі рух. Усюды, куды я ні заглядваў, я знаходзіў арганізаваныя мясцовыя гурткі антыкамуністаў. Ноччу яны збіраюцца ва ўмоўленым месцы, каб неўспадзеў напасці на бальшавіцкага зборшчыка падаткаў або на невялікі аддзел чырвонаармейцаў, а на другі дзень ізноў косяць і аруць»


Карэспандэнт дзівіўся, што ў Англіі так мала ведаюць і пішуць аб гэтых «сучасных Робін-Гудах». А іхняя чыннасць пашыралася з кожным днём. Напады рабіліся на вёскі і гарады. Партызаны каралі тых, на каго паказвалі пакрыўджаныя сяляне…


На нашым шляху

У адным з клясаў Віленскай беларускай гімназіі сталы расстаўлены ўкруга. Вокны расчынены ў ціхі дворык, але ў памяшканні горача — на горад наступала чэрвеньская спёка.

- Трэцім тостам прапаную ўганараваць усіх закаханых… Шчасця ім у вольнай Беларусі! — Луцкевіч адпіў з келіха віна і задуменна хітнуў галавой: — Горкае, падаецца…

- Запраўды горкае! — далучыліся госці: Гарэцкі (толькі пазаўчора вярнуўся з выгнання ў Вільню), Аляхновіч, некалькі настаўнікаў. Адно Жылка (ужо некалькі месяцаў таксама жыў у Вільні, працаваў у кнігарні, якая забяспечвала падручнікамі беларускія школы ў Літве і Латвіі; жыў небагата, харчаваўся ў бясплатнай сталоўцы для інтэлігентаў, адкрытай амерыканскім Чырвоным Крыжам) ціхмяна ўсміхаўся — да віна не дакрануўся.

Маладыя — Наталля Арсеннева і Францішак Кушаль — сціпла пацалаваліся.

Гарэцкі перагартаў здвоены нумар «Нашага Шляха» (за красавік - травень)[45], вершам падпісаны яму Арсенневай, і ўрачыста мовіў:

- Віленскі шлях збяднее на двох хадакоў, затое на беларускай дарозе з'явілася новая сям'я.

Усе ўжо ведалі, што Наталля, перапыняючы настаўніцкую працу і вучобу ва універсітэце, ад'язджала за сваім мужам — Францішка, афіцэра польскага войска (штабс-капітанам беларускага прабыў ён да самай яго ліквідацыі), пераводзілі на захад Польшчы. Сёння ладзілі і вяселле, і развітанне…

Луцкевіч, Аляхновіч і Жылка пайшлі дамоў разам.

- Бачу, — першым не стрываў Аляхновіч, — што і Уладзя наш як на раздарожжы…

- Так. — Жылка здзівіўся, зірнуў на Аляхновіча. — І мне ў Вільні застацца не выпадае. І жандары наведваліся, і ў навабранцы ўпісаны…

- Я пра сямейную роздараж… Можа, дзе і ты паненку прыхаваў? — Аляхновіч паспрабаваў адагнаць ад Жылкі змрочнасць, але — бачыў — безвынікова.

- Дык што — вырашыў падацца ў Латвію? — Луцкевіч, пэўна, ведаў пра памкненні Жылкі. — Калі так, то правільна. Нам у Коўне і Дзвінску патрэбны парламенцёры. А галоўнае — там спакайней будзе…

У жніўні — каб не быць арыштаваным і не сесці ў Лукішкі — Жылка выехаў у Коўну. Ковенскі ўрад БНР дамогся яму месца ў санаторыі Бірштаны — каб падлячыцца. А восенню Жылка пешшу перайшоў літоўска-латвійскую мяжу і дабраўся да Дзвінска, дзе быў залічаны ў 10 клясу Дзвінскай беларускай гімназіі і атрымаў пакой у доме гімназічнага дырэктара, знаёмага па Вільні, - Івана Краскоўскага.

* * *

18 чэрвеня ў Лондане збіралася Вярхоўная Ліга Нацый, якая мусіла абмеркаваць найбольш важныя пытанні грамадска-палітычнага жыцця — сярод іх і пытанне аб нацыянальных меншасцях у Польшчы.

Беларускія палітыкі аднавілі звароты да эўрапейскага супольніцтва. Пётра Крэчэўскі адаслаў у Лондан дэкларацыю (у якой назваўся маршалкам Рады БНР):


«<…> Пытаньня аб меншасьцях як гэткага ў Польшчы німа. Усе нацыі, акром польскай, аднолькава прыгнечаны <…>.

Астаецца пытаньне аб акупаваных палякамі ня польскіх абшарах Беларусі, Украіны і Галічыны. <…>

Мы, беларусы, катэгарычна адкідаем усялякае супрацоўніцтва з палякамі ў форме меншасьці ў Польшчы. Абшары этнографічна беларускіх зямель павінны быць вернуты Беларусі ануляваньнем Рыжскага міру і нават лініі Кэрзона. Прызнаньне сувэрэнных правоў беларускага народу на гэтых землях будзе самай справядлівай разьвязкай беларускага пытаньня. <…>

Усё жывое і змагаючаеся за ідэю беларускага адраджэньня часьцю разстраляна, а ў большасьці морыцца дагэтуль у турмах і концэнтрацыйных лагерах Польшчы. <…>

Памалу, але плянова зьніштажаецца палякамі беларуская нацыя, ня толькі нацыянальна, але і прост фізічна. <…>

Вярхоўная Рада Лігі Нацый, прыймаючы пад увагу ўсе гэты гвалты над нацыянальнасьцямі, прылучанымі аружнай сілай да Польшчы, павінна сказаць сваё цьвёрдае і рашучае слова ў абарону паняволеных нацый. <…>»


Старшыня рады міністраў БНР Вацлаў Ластоўскі накіраваў на лонданскую канферэнцыю Лігі Нацый тэлеграму:


«Беларускае жыхарства акупаванай Польшчай Горадзеншчыны, Віленшчыны і часьці Меншчыны пазбаўлена ўсякіх нацыянальна-палітычных і чалавечых правоў. <…>

1. Карыстаньне беларускай мовай ва ўстановах і цэрквах забаронена;

2. Сыстэматычна зачыняюць беларускія школы: ва ўсёй Горадзеншчыне німа ўжо ніводнай беларускай школы;

3. Нешчадна прасьледуюцца беларускія грамадзка-палітычныя і культурныя арганізацыі;

4. 262 праваслаўных цэркві закрыты;

5. Разхічаецца ацалеўшае пасьля вайны беларускае нацыянальнае багацьце — у першы чарод лясы;

6. Землі беларускіх уцекачоў аддадзены польскай каланізацыі;

7. Усякая праява беларускай нацыянальнай самаістасьці і самаабароны нешчадна караецца <…>

Беларусы <…> ня хочуць, каб іхнімі сувэрэннымі і дзяржаўнымі правамі карысталіся іх гістарычныя і цяперашнія палачы. <…> Нараў і Буг гістарычная і этнографічная граніца Польшчы з Беларусьсю.

Ластоўскі <…>».


Працяг мартыралога

Крывавы мартыралог тым часам пашыраўся. Прэзідэнту Літоўскай Рэспублікі і ўсім прадстаўнікам эўрапейскіх дзяржаў і Амерыкі ў Літве 25 ліпеня 1922 года быў дасланы мемарыял з просьбай «паведаміць урады і грамадзянствы Эўропы і Амерыкі» аб гвалтах і здзеках польскіх улад з беларусаў Віленшчыны і Горадзеншчыны, якія не прызналі Віленскі Сойм і не схацелі ісці ў польскае войска, і прызначыць камісію Лігі Нацый. У мемарыяле падаваліся новыя страшныя факты:


«<…> Зьміцера Будзьку, старасту вёскі Бэршты Горадзенсканга павета білі дошкай датуль, пакуль з вушэй і носу не паказалася кроў, а затым кінулі на «растурзаньне» сабакам; Валадзімеру Васілевічу (тая ж вёска) за брата, які адмовіўся пайсьці ў польскае войска, парэзалі цела і, пасыпаўшы сольлю, цкавалі сабакамі; Язэпу Сяргейчыку (тая ж вёска) убілі ў ногі гарачыя шомпалы ад карабінаў; <…> цяжарную Марыю Шаставіцкую (тая ж вёска) за сына зьбілі так, што яна раней часу радзіла; Тумаша Шчаснулевіча (58 гадоў, вёска Марцінкавічы Троцкага павета) жандары зьбілі да паўсьмерці — за тое, што не дазволіў пасьвіць коні на сваёй пожні; <…> за тое, што Іван Брыкач (з вёскі Алішковічы Астрынскай воласьці) ня хоча ісьці ў польскае войска і хаваецца ў лесе, да сьмерці зьбілі яго бацькоў, а таксама ўсіх аднавяскоўцаў, маёмасьць разрабавалі <…>»


«Турмы перапоўнены грамадзянамі акупаванага краю, — пісалася ў мемарыяле. — Зусім разграблены жандарамі і салдатамі сялібы Троцкага павету: Марцінкавічы, Ліпіца, Шумы, Крокшлі, Кобелі, Даржэлі, Маргевічы, Канянішкі і інш., Лідзкага павету: Зенякі, Алішковічы, Новы Двор, Астрына, Абруч, Рыбакі і інш. Пералічаныя факты толькі часткова асьвятляюць польскія гвалты і вылічаюць самую нязначную частку таго, што вытвараюць палякі-акупанты над гаротным жыхарствам Віленшчыны і Горадзеншчыны»


Падпісалі мемарыял трыццаць восем прадстаўнікоў ад дзесяці валасцей Віленшчыны і сямі валасцей Горадзеншчыны.

Скрушныя звесткі прыходзілі і ў Коўну, і ў Дзвінск: 29 ліпеня ў вёсцы Раманавічы Арлянскай воласці карны атрад збіў усіх жыхароў — за тое, што пусцілі пасвіць сваю жывёлу на пустое панскае поле…

У адказ беларускія партызаны ўзарвалі два паравозы вузкакалейкі, праведзенай ад станцыі Скідзель да Шчучына, каб перавозіць лес князя Друцка-Любэцкага. Быў зроблены замах на горадзенскага павятовага старасту. Бомба разарвала запрэжаных у брычку коней, стараста ж ацалеў і ўцёк. На другі дзень партызаны спрабавалі ўзарваць тартак у мястэчку Азёры Горадзенскага павета. Палякі паспелі ўвесці ў тартак і ваколіцы войскі. Партызаны ўзарвалі мост і разабралі на чыгунцы рэйкі — рух паміж Горадняй і Аранамі быў надоўга перарваны.

22 ліпеня ў пяці вярстах ад Скідзеля быў знішчаны двор Кашубінцы памешчыка Блаўдзевіча, які займаў у палякаў высокую пасаду.

23 ліпеня абстралялі лідскага павятовага старасту, калі той пад аховай вяртаўся з рэквізіцыі коней у мястэчку Астрошына-Васілішкі. У Шчучыне паўстанцы спалілі палац князя Друцка-Любэцкага, а ў ваколіцах вёскі Бершты Горадзенскага павета забілі дзесяць польскіх уланаў.

У другой палове ліпеня на Віленшчыне і Горадзеншчыне зноў пачалася паспешная мабілізацыя. У войска пабралі ўсіх афіцэраў да шасцідзесяцігадовага ўзроста і моладзь — да дваццаці сямі гадоў. Забіралі ў сялян і коней. Але навабранцы прыносілі Польшчы мала карысці.

Пасланы супраць «бандытаў» польскі батальён 6-га палка, панішчыўшы сваіх камандзіраў, перайшоў да паўстанцаў і пачаў разам з імі змагацца супраць акупантаў.

Газэты і часопісы — «Виленская Речь», «Беларускі Сьцяг», «Kurjer Krajowy» і іншыя — актыўна пісалі пра гэтыя падзеі.


«Чытаем афіцыйныя паведамленні, што паўстанцкія банды ў Лідскім павеце ўжо зліквідаваны. Такія паведамленні — гэта кпіны з правоў грамадзян і толькі кпінамі іх можна назваць… — абураўся  «Kurjer Krajowy» ад 9 ліпеня 1922 года. — аддзелы гэтыя і далей беспакарана дзейнічаюць, нішчачы маёмасць».


А летам Дуж-Душэўскі перадаў Ластоўскаму атрыманы рэдакцыяй «Беларускага Сьцяга» ліст з Лідчыны ад аднаго з чытачоў:


«Беларускі рух расьце і пухне, як на дражджах. Страшныя прасьледаваньні з боку польскае ўлады толькі ўзмацняюць стыхію народнага гневу. У іншых мясцох лес абвяшчаецца ўласнасьцю народу. Адміністрацыя маёнткаў на сьмерць запалохана. Частка паноў уцякла, а ў другія маёнткі паслалі салдатаў дзеля абароны… Дэзэртырства ў арміі небывалае. Уцякаюць з-за Варшавы, Сувалак, Аўгустова, Нова-Вілейкі і іншых месц… У павеце абвешчана ваенна-асаднае палажэньне… Многа арыштаваных…

З пашанаю — Ш-віч».


Сярод тутэйшых

Ліпеньская спякотная раніца. Янка Купала доўга глядзіць, як высокае сонца адагравае шкілет менскага вакзала і прылеглыя да яго вуліцы. Пад парканамі прывакзальных домікаў табарам аселі сем'і ўцекачоў. Непадалёк пад бруднай радніной — жывуць чацвёра… Хворы расійскі селянін у самаробнай «паддзёўцы» з мяшка на голым целе; кабета, таксама ў лахманах, корміць немаўля; з імі — гадоў трох дзяўчынка… Пустая маршчыстая цыцка не можа супакоіць немаўля, і яно квола папісквае. На скрынцы, вакол якой і пасела сям'я, — міса з вадой. Па чарзе кусаюць лусту хлеба… Немаўля заходзіцца мацней. Бацька, крэкчучы, устае і кудысь адыходзіць…

Купалу падаецца, што ў грудзі яму хтось плюхнуў варам. Сарамліва нагнуўся над бясхатніцай-маці, паклаў ёй на калені жменю рублёў — і, не азіраючыся, пасунуўся да білетных касаў, - а ў памяці вочы той жанчыны: гнойныя ад слёз, спалоханыя, здзіўленыя…

У будынку вакзала — доўгая чарга па білеты. Натоўп шматаблічны. Час ад часу да яго падыходзяць фраеры-«лімоны», плоцяць за «неўчарод».

За цаглянай стойкай — перадмытны прагляд багажа. Чаго толькі не выпатрошваюць з мяшкоў і карзінаў: брытвы, мыла, вязкі грэбняў, каробкі адэкалона, шакаладу, шкарпэткі. Нейкі грамадзянін у «майскім» гарнітуры ўціснуў у чамаданік бутлю спірта…

Не, Купала не збіраўся пакінуць бальшавіцкую краіну — з гэтым намерам ён колькі месяцаў таму развітаўся… Непадалёк ад Менска, але ўжо за «мяжой», засталіся яго родная Вязынка, Акопы — дзе жыла старая маці… І на гэты вакзал ён прыходзіў ужо трэці раз — як на ўзмежак нечага новага, таемнага, звабнага, прыходзіў — і маркотны, задуменны вяртаўся назад гаманкой вулкай, па якой — вярсты на паўтары — расцягнуліся кавярні і чайні. Па каменных тратуарчыках мільгалі камашы з французскага «шэўро» і босыя ступакі…

На пляцы — парад гарадскіх войскаў. Грыміць музыка, як адлітыя, маршыруюць шэрыя шыхты з роўнымі жоўтымі лініямі шапак[46].

Пухкая гандлярка з падмаляванымі брывамі, завінаючы булку, пранікнёна агледзела Купалу і злорада кіўнула на вайскоўцаў:

— Ну… Дык яны запэўняюць, што гэта іх салдаты… Вочы нам чмараць… Гэта старыя салдаты, я вам кажу… Старыя прыехалі ад генералаў і наняліся. Толькі тыя так ходзяць…

11 ліпеня 1922 года Купала ўзяў у Наркамаце БССР спецкамандзіроўку і выехаў у Акопы, дзе ў спакойнай цішы закончыў сваю споведзь-плач — п'есу «Тутэйшыя», у якой адлюстравалася ўсё перажытае і выпакутаванае за апошнія гады…


Архіўная мазаіка

Прабягалі дні, тыдні, месяцы. Езавітаў адчуваў, што многае пакрываў нябыт, і аніяк не асмельваўся «пачысціць» сваю кватэру: і шафы, і стол, і падваконні былі стахтораны старымі газэтамі — на розных мовах, кніжкамі, каталогамі. Ён марыў некалі ператварыць усё гэта ў інфармацыйны архіў, але часу не ставала, кожны дзень прыносіў новыя клопаты, і ён вырашыў — каб не варочацца да гэтага ў другі раз — адразу ж рабіць выразкі і выпіскі і сістэматызаваць інфармацыю адразу ж пасля прачытання. Пакуль што складвалася своеасаблівая архіўная мазаіка, але ўнармаваць яе пазней, разумеў ён, будзе прасцей.

Вечар пачаў з прагляду эстонскіх газэт. Яны пісалі пра ўзмацненне паўстанцкага руху ў паветах Віцебскай губерні. У рускамоўным «Голосе России» ад 18 ліпеня 1922 года (№ 1007) паведамлялася:


«Андрэеўская воласць Полацкага павета занесена на чорную дошку як бандыцкая і антысавецкая. Камуністы з гэтых паветаў паспешна перабраліся ў гарады. Савецкая ўлада звяртаецца да сялянаў з заклікам да іх разважлівасці і пагражае непакорным жорсткай расправай».


Полаччына… Андрэеўская воласць… Ён жа тройчы — на летніх вакацыях — хлапчуком бываў там!..

«Виленская Речь» пісала аб тым, што пачынаючы з 30 ліпеня паміж Барысавам і Менскам пачаліся крывавыя сутычкі «чорных» партызанскіх груп з бальшавікамі. За апошнія дні адбыліся сапраўдныя бітвы з удзелам артылерыі. «Чорныя» раззброілі дзесяць батальёнаў савецкай пяхоты…

«Нават калі звесткі ўшматкроць павялічылі, - думалася Езавітаву, — і то ж якая колькасць!»

Пра тых партызан пазней напісаў і «Беларускі Сьцяг» (1922, № 4, с.58):


«31 ліпеня гарматная страляніна была чутна на «польскай» тэрыторыі. — Езавітаў чытаў далей «Виленскую Речь». — Паміж бальшавікоў — неразбярыха. Менск акружаны войскам. З наступленнем ночы спыняецца ўсякі рух на ўсіх дарогах. З Барысава вывезена казначэйства і эвакуяваны савецкія ўстановы. На месцы застаўся толькі ваенком. 2 жніўня пачалася паспешная эвакуацыя Менска, бо шыхты «чорных» лікам каля 50 тысяч з артылерыяй знаходзяцца ўсяго ў 12 вярстах ад горада. Савецкая конніца і два палкі пяхоты, высланыя супраць паўстанцаў, перайшлі на бок «чорных».


«Божа, не зваяваны яшчэ дух народны!» — усхваляваны Езавітаў акуратна складваў выцінкі ў асобную папку…

«Правда» (за мінулы тыдзень) у перадавіцы паведамляла аб тым, што «выступлений против Латвии и Эстонии со стороны России не будет до тех пор, пока будет держаться совецкая власть», а ў свежым нумары «Беларускага Звона» (ад 21 ліпеня 1922 года) выдрукавана нататка:


«На эстонска-савецкай граніцы каля Пскова эстонская варта была абстраляна праз бальшавікоў. Разгарэлася бойка, нават дайшло да артылерыі…»


Толькі дазнаўся пра Сабор беларускіх праваслаўных біскупаў, які адбыўся ў Менску і пастанавіў аднавіць ранейшую аўтаномную беларускую Архібіскопію (у складзе пакуль толькі Менскай, Магілёўскай, Мсціслаўскай і Полацка-Віцебскай епархій), а на беларускага архібіскупа зацвердзіў біскупа Менскага і Турава-Слуцкага Мелхісэдэка (Міхайлу Паеўскага, сына беларускага святара з Горадзеншчыны), — як агаломшыў ліст Ластоўскага (а той займеў інфармацыю ад Ігнатоўскага): Вышэйшая маскоўская царкоўная ўправа вырашыла перавесці епіскапа Мелхісэдэка з Менска ў адну з далёкіх епархій РСФСР — далей ад «аўтаномнасці» і думак пра беларускую аўтакефальную царкву… Пра гэта пазней — 15 верасня 1922 года — напіша і «Беларускі Звон».[47]

Затым Езавітаў асобна складваў паведамленні «культурніцкага» характару. Нататка з «Беларускага Звона» (13 траўня 1922 года, № 13 (38)) — «Ад'езд грам. Я. Чарапука ў Амэрыку»:


«10 траўня з м. Лібавы параходам «Эстонія» ад'ехаў у Амэрыку сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі грам. Я. Чарапук, які да гэтага часу працаваў у Дыпламатычным Прадстаўніцтве Беларусі пры Літоўскім урадзе. Там грам. Чарапук будзе займацца грамадзкай і культурна-прасьветнай працай сярод беларускага грамадзянства ў Амэрыцы. Вялікую дапамогу ў атрыманьні амэрыканскай візы зрабіў сам консул Эдварс, які вельмі зацікаўлены беларускай справай».


Навошта выразаў нататку? І гэтая інфармацыя, падумаў, для закладзенага Беларускага Архіва будзе не лішняй. А да ўсяго — асабіста ведаў Чарапука, і — ускалыхнула згадкі марская Лібава… Быў там чатыры гады таму — а быццам паўжыцця з таго часу выцякла…

Далей — у тым жа нумары «Беларускага Звона» — чытаў аб тым, што ў Маскве існуе згуртаванне студэнтаў-беларусаў. Бюро беларускіх студэнцкіх асацыяцый Масквы мае свой «Беларускі студэнцкі клуб», у якім чытаюцца лекцыі, а нядаўна адзначылі ўгодкі смерці Алеся Гаруна — «з удзелам песьняра М. Кудзелькі — Міхася Чарота».

…Мяккай коткай лашчыла цела стома, і ён патушыў святло, лёг на канапу, падумаў, як гэта слаба ўяўляецца: чырвоны пясняр Кудзелька-Чарот удзельнічае ў вечарыне памяці антыбальшавіка Гаруна…

Праз чатыры гадзіны — а шостай раніцы — зноў бадзёры, Езавітаў будзе збірацца да ад'езду з «інспекцыяй» у памежныя беларускія школкі Дзвіншчыны — і возьме з сабой выдадзеныя віленскім Беларускім музыкальна-драматычным гуртком аперэту «Птушка шчасця» і камедыю «Шчаслівы муж» Францішка Аляхновіча, на прачытанне якіх не хапіла мінулай начы…


Беларускі выбарны камітэт

На пачатку жніўня 1922 года ў некаторых гарадах і вёсках Горадзеншчыны з'явіўся першы нумар «месячнай беспартыйнай часопісі змагароў за Бацькаўшчыну» «Беларускі Партызан». На васьмі старонках часопіса падаваліся рэдакцыйная зацемка «Да чытачоў», артыкул Г. К. «Да польскіх вешацеляў», ультыматум, пасланы Паўстанцкім штабам Начальніку Польскай Дзяржавы Пілсудскаму, адозва Галоўнага штаба беларускіх партызан «Браты Беларускія Партызаны!», артыкул І. Ш. «Што нас чакае?», аператыўныя зводкі аб дзейнасці паўстанцаў і песня С. К-а. Выдаўцом часопіса значыўся Галоўны штаб беларускіх партызанаў, рэдактарам — Герман Скамарох, адрасам рэдакцыі і «адміністрацыі» пазначалася Белавежская Пушча…

А тым часам Пілсудскі дэкрэтам ад 18 жніўня 1922 года абвесціў аб прызначэнні на 5 лістапада выбараў у Сойм, а на 12 лістапада — у Сенат Польшчы. У жніўні ў Вільні заснаваўся Беларускі цэнтральны выбарны камітэт («для ўсіх Беларускіх зямель у межах Польскае Рэспублікі») і пачаў актыўную арганізацыю выбараў, жадаючы правесці ў Сенат і Сойм сваіх дэпутатаў-беларусаў, - «каб бараніць нацыянальныя правы беларускага народу, — як паведамлялася ў абвестках камітэта, - правы нашага працоўнага сялянства і работнікаў, грамадскую, палітычную і рэвалюцыйную волю для ўсіх грамадзян краю без розніцы нацыянальнасці і вызнання».

«На Беларускіх абшарах уся зямля — тутэйшаму сялянству!» — гэты кліч пісаў камітэт на сваіх штандарах, і ні Ластоўскі ў Коўне, ні Езавітаў у Дзвінску аніяк не маглі зразумець: чаму ж зямлю на беларускіх абшарах — не беларускаму сялянству, інтэлігенцыі, а тутэйшым?.. А галоўнае — як можна было ісці на супрацоўніцтва з акупанцкімі ўладамі і змагацца за права «тутэйшых» беларусаў, калі іх тыя ж улады бачыць не хочуць? І дзе ж палітычная логіка: у Сойм Вільні — «не дадзім сваіх дэпутатаў!», а ў Сойм Польшчы — калі ласка… І ці не галоўнае: у выпадку абрання ў Сойм ці Сенат як змогуць беларусы прысягаць на вернасць Польшчы, што рабіць мусілі ўсе «абранцы»?!

Польскі закон аб выбарах даваў прывілеі — прэміі — вялікім партыям, якія мелі сваіх паслоў прынамсі ў шасці выбарных акругах. У нявыгаднае становішча траплялі малаколькасныя групоўкі. Таму нацыянальныя меншасці Польшчы пачалі дамаўляцца аб стварэнні агульнага блока — напачатку «славянскіх меншасцяў» (беларусаў, украінцаў і рускіх). Украінцы Усходняй Галіцыі выбары байкатавалі (браць у іх удзел згадзіліся толькі прадстаўнікі ўкраінскіх земляў, што адышлі Польшчы ад Расіі). Славянскія меншасці аб'ядналіся ў выбарным блоку з немцамі і габрэямі, якія абяцалі падтрымаць дзейнасць блока і матэрыяльна.

Напрыканцы лета 1922 года ў Варшаве для канчатковага пагаднення і выпрацоўкі агульнага плана дзеянняў сабраліся прадстаўнікі ўсіх «блокавых» бакоў. Ад імя Беларускага нацыянальнага камітэта на сход былі дэлегаваны Луцкевіч, Тарашкевіч і Ярэміч. Паміж «славянскай меншасцю» і прадстаўнікамі ад габрэяў і немцаў усчаліся спрэчкі, і беларусы пакінулі нараду. На другі дзень яны сустрэліся з польскім дэмакратам Зябіцкім, блізкім сябрам Тарашкевіча, які прапанаваў замест габрэяў і немцаў «славянскім меншасцям» «зблакавацца» з Польскай дэмакратычнай уніяй, якая ствараецца пад патранажам Пілсудскага. Атрымаўшы папярэднюю згоду (якая, на думку Ластоўскага, яшчэ раз засведчыла калабаранцтва віленскіх беларусаў), Зямбіцкі меў перамовы ў Бельведэры з Пілсудскім, а вечарам прыйшоў да Тарашкевіча і Луцкевіча расчараваным.

«Пілсудскі сказаў, - прабурчэў ён, не падымаючы вачэй, — што беларусы — гэта нуль, украінцы — яшчэ тое-сёе, але гульня з імі не стоіт свечь»…

Пасля гэтага беларусы аднавілі пагадненне з ранейшым блокам, вярнуліся ў Вільню і пачалі арганізоўваць Беларускі выбарны камітэт. Яго старшынёй стаў Антон Луцкевіч, намеснікам — Браніслаў Тарашкевіч, скарбнікам — ксёндз Адам Станкевіч, першым сакратаром — Міхал Кахановіч, другім — Леапольд Родзевіч, сябрамі Камітэта — Францішак Аляхновіч, Максім Гарэцкі[48], Сымон Рак-Міхайлоўскі, Антон Трэпка, Аляксандр Уласаў і іншыя вядомыя беларусы.

Выбары выявілі новы — яшчэ большы — раскол у беларускім нацыянальным руху, бо рада міністраў БНР Ластоўскага пайсці на «выбарнае» згодніцтва не магла.

«Дзеля абароны, — пісалі беларускія віленскія газэты, — мы ідзём на выбары», гэтым самым, — лічылі ў Коўне, — згаджаліся на панаванне Польшчы на беларускіх землях і — нават у лепшым збегу падзеяў — будуць патрабаваць свайго не як гаспадары сваёй дзяржавы, а як падначаленыя чужой. А да ўсяго — ад Беларусі яшчэ далей адплывала ў шквалах палітычных гульняў старажытная Вільня…

Раслі ў польскім краі палітычныя буры — таннела польская марка. «Тысячныя» і «пяцітысячныя» ўжо не змяшчаліся ў кішэнях звычайных работнікаў. Фунт хлеба стаў каштаваць 120-150 марак (а тры гады назад быў толькі па 40). Польшча мусіла аддаваць шмат сродкаў на сваё войска — не абсталяваўшы межаў, не ладзячы і з немцамі, і з літоўцамі, і з рускімі, іншага выйсця яна не мела. Вялася барацьба з украінцамі ў Галіччыне, з немцамі ў Шлёнску, з беларусамі — у Белавежы. Грошай «прасілі» і тайная паліцыя, і армія бюракратаў…


«Адбываецца нейкая чэхарда, — пісаў «Беларускі Звон» (№ 19 (44)), — цэны павялічваюцца на прадукты - рабочыя і чынавенства патрабуюць надбаўкі платы; надбавюць плату — растуць цэны на прадукты… і так без канца. Станкі ў Польшчы ўжо не пасьпяваюць друкаваць папяровыя грошы. Хутка тысячныя і пяцітысячныя стануць дробнымі грашмі, а ў хаду зьявяцца, мусі быць, 25 000, 50 000, 100 000, а пасьля не за гарамі будуць і мільёны…»


Выбары планаваліся і ў латвійскі Сойм. Беларусы склалі свой асобны спіс пад № 21, на чале якога значыліся Кастусь Езавітаў і Сяргей Сахараў.


Лубянка

Першы дзень маскоўскай восені 1922 года. Першая лекцыя ў Пятроўска-Разумоўскай акадэміі. Нечакана без стуку ў аўдыторыю ўвайшлі двое — у форме ГПУ.

— Кто студент Горецкнй Гаврнла?

Студэнт здзівіўся, устаў.

— Выйдем на мннутку…

«Мінутка» расцягнулася на месяцы.

Па фальшывым даносе Гаўрылу Гарэцкага, брата Максіма Гарэцкага, абвінавацілі — з прычыны яго беларускай культурніцкай працы — у пяцігадовай контррэвалюцыйнай дзейнасці і пасадзілі ў турму ГПУ. Яго сястра Ганна, студэнтка заатэхнічнага інстытута, дамагалася вызвалення беспадстаўна арыштаванага брата. 15 верасня, не атрымаўшы дазвола на сустрэчу, яна, маркотная, вярталася на кватэру. На Лубянцы натоўп сапхнуў яе з трамвая. Ганна моцна паранілася і праз тры дні — на дваццатым годзе жыцця — памерла ў маскоўскай бальніцы.

Сваю таварышку студэнты-беларусы пахавалі ў Галовінскім манастыры пры царкве — дазволу вывезці ейнае цела на радзіму не далі.

Гаўрылу Гарэцкага хацелі выслаць за межы Савецкай Расіі, але — пасля допытаў у Менжынскага — вызвалілі…


Луцкевіч супраць Балаховіча

На прыканцы верасня віленчукі-беларусы раз'язджаліся па акругах — арганізоўваць перадвыбарныя сходы.

Цёплай і сухой выдалася восень, нават кволы вецер узнімаў над гасцінцамі хмары пылу. Галодныя буслы тупалі па прыдарожных узбалотках, нібыта й не збіраючыся ў адлёт.

З'езд прадстаўнікоў павятовых і гмінных камітэтаў Наваградскага вокругу адбыўся 27 верасня ў Баранавічах. Сабралася сорак надзеленых мандатамі прадстаўнікоў. Даклады перапыніла нечаканае з'яўленне Булак-Балаховіча з «групай падтрымкі» — Адамовічам-Дзергачом, былым атаманам партызанскага атрада «Зялёны дуб», Паўлюкевічам і іншымі. Яны спакойна расселіся ў зале і перадалі ў прэзідыум свае мандаты. Пасля кароткай нарады ад імя прэзідыума слова ўзяў Кахановіч:

— Сябры, мандаты, перададзеныя нам групай Булак-Балаховіча, правідловымі прызнаць мы не можам, бо на з'езд пасылаліся па адным дэлегаце ад гмінных і па два ад павятовых камітэтаў…

Папрасіў слова сам Булак-Балаховіч — і загаварыў пра свае заслугі па адваёве бацькаўшчыны ад бальшавікоў.

— Гэта дае мне права на мандат, — падагульніў Булак-Балаховіч. — А ўсе іншыя вашы дзеячы — камандзіры без салдат. Я ваш бацька, я ваш генерал. Вы мае сынкі… Я вас вызваліў. Я і жыдоў ад пагромаў бараніў. Так што на выбарах ідзіце за мной…

Затым па чарзе прамаўлялі і прадстаўнікі выбарных камітэтаў, і «балахоўцы». Калі «зялёнадубавец» Адамовіч-Дзяргач пачаў пагражаць сваім палітычным праціўнікам «выпусціць мазгі», абвесцілі перапынак і прапанавалі сабрацца ў іншым памяшканні. Не даючы дэлегатам разысціся, супраць блока нацыянальных меншасцяў выступілі Булак-Балаховіч, Паўлюкевіч і Зямкевіч. Ім адказалі Васіль Рагуля, студэнт Амельяновіч і Кахановіч — і зноў прапанавалі прыхільнікам блока пакінуць залу і праводзіць з'езд у іншым месцы. «Безмандатнікам» гэта вельмі не спадабалася. Яны засталіся ў дэпо, распачалі свой сход, але хутка паспрачаліся паміж сабой…

3 кастрычніка сабраўся сход прадстаўнікоў Лідскага выбарнага вокруга. Распачаў яго Антон Луцкевіч, якога абралі старшынёй схода:

— Ворагі аб'яднання нацыянальных меншасцяў Польшчы пусцілі ў ход брахлівую пагалоску, быццам стварэнне выбарнага блоку нацыянальных меншасцяў — гэта выступленне проці польскае дзяржаўнасці. Але ж гэта не так! Да блёку належаць выключна толькі тыя беларусы, украінцы, расейцы, немцы, габрэі, якіх польская ўлада прызнала грамадзянамі і ўпісала ў спісы выбаршчыкаў. Значыць, блок стварыўся на законнай аснове… І яшчэ пра адно хочацца тут распавесці, - Луцкевіч крыху памаўчаў, уважліва агледзеў залу — і працягваў ужо цішэй: — Вядомы сваёй нядобрай славай «генерал» цяпер ездзіць па Беларусі і пагрозамі стараецца запалохаць народ, каб не выбіраў у Сойм беларусаў, заяўляе аб сваёй любві да бацькаўшчыны ці, правільней, отечества, бо ж гэты панскі найміт не гаворыць інакш, як па-маскоўску ці па-польску! А якая ягоная любоў, сведчаць ягоныя ўчынкі. За верную службу палякам «бацька» дастаў падрад ад ураду на высек дванаццаці дзесяцін лесу ў Белавежскай пушчы. На яго працуюць каля дзвюх тысяч ягоных салдатаў. У яго — сто дваццаць парных падвод, дзесяць грузавых аўтамабіляў, пракладзена дзесяць вёрстаў вузкакалейкі… Гэты пагромшчык габрэяў стаўся і габрэйскім «бацькам» — зрабіў хаўрус з габрэямі-спекулянтамі (з Рэзнікам і іншымі), якія не саромяцца дзеля грошы ціснуць ягоную запэцканую крывёй руку…

А праз тыдзень пасля Баранавічаў Булак-Балаховіч з'явіўся ў Нясвіжы і на гарадскім кірмашы пачаў агітаваць за спіс № 22.

«Я ёсць бацька беларускага сялянства!» — не стамляўся паўтараць.

Выступленне самазванага «бацькі» ўзлюціла ціхіх сялян — не стрываўшы «настаўленняў», яны адчапілі ад вазоў атосы і з аглоблямі кінуліся да аратара. Каб не паліцыя, «бацьку» было б вельмі горача. Але 16 кастрычніка ён спрабаваў выступаць ужо на кірмашы ў Міры — і там не займеў сялянскай падтрымкі…

Чуткі пра перадвыбарную барацьбу ў Польшчы даходзілі і ў Коўна. Ластоўскі аднаго разу быў не стрымаўся — і паслаў Антону Луцкевічу злосны допіс на паштовай картцы:


«Віншую васпана з палітычнымі посьпехамі, са стварэньнем выбарнага Блёку нацыянальных меншасьцяў, а асабліва з прызнаньнем беларусаў Наваградчыны, Лідчыны, Піншчыны нацыянальнай меншасьцю Польшчы. Каб дайсьці да такога трэба мець большасьць нядобрага ў галаве! Чым не пасаваў Васпану прыклад прафесара Варшаўскага політэхнічнага інстытуту Вацлава Іваноўскага — той адзін ня зрокся свайго?»


…Але аціхалі выбарныя бойкі. Дванаццаць беларусаў занялі крэслы ў польскім Сойме (Браніслаў Тарашкевіч, Антон Аўсянік, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Адам Станкевіч, Міхал Каханоўскі, Фабіян Ярэміч, Сяргей Баран, Сямён Якавюк, Юры Сабалеўскі і іншыя), тры — у Сенаце (Аляксандр Уласаў, Васіль Рагуля і Вячаслаў Багдановіч) — і адпачывалі.

Цэнтральная беларуская газэта ў Польскім Гаспадарстве «Беларускі Звон» са штотыднёвіка ператварылася ў штомесячнік (№ 33 з'явіўся 25 лістапада, а № 34 — толькі 30 снежня), а з зімы 1923 года і зусім «замарозілася»…


Мухава карова

Аціхлі ў краі і партызанскія выступленні. Перамагчы рэгулярнае войска, вядома ж, не ставала сілаў. Кіраўнікі паўстанняў разумелі гэта. Урэшце, разумелі і тое, што трэба захоўваць жыцці, жыцці лепшых беларусаў. А да ўсяго — у беларускую партызанку з БССР пачала ўглыбляцца бальшавіцкая выведка, і ўзнікала пагроза перарастання нацыянальна-вызвольнага збройнага руху ў бальшавіцка-антыпольскі.

Але не ўсе партызаны восеню пакінулі лясы. Па краі пайшоў погалас пра атрад Мухі.

«Хоць ужо скора маразы, але нашая Муха яшчэ жывучая, — на кірмашах пераказвалі адзін аднаму, пыхкаючы самакруткамі, мужыкі. — Чутно, на днях напаў на станцыю Лунінец і забраў з касы тры мульёны марак. І панам-абшарнікам пуду задае…»

А яшчэ праз тыдзень пайшоў новы погалас… Васіль Муха, чыё прозвішча лічылі атаманскім псеўданімам, сустрэў у лесе бабульку, якая ішла на торг купляць карову.

- Вось толькі, добры чалавеча, баюся, што грошы не хопіць, — бяззуба прашамкала старая.

- А ці здароўя за каровай хадзіць хопіць? — усміхнуўся Муха і заліхвацка пакруціў «мікалаеўскі» вус.

- А як жа! Трэ ж унукаў гадаваць. Асірацелі… Летам дзед з сенам расстараўся.

- Вунь як, — цмокнуў Муха, дастаў з кішэні пакунак — тысяч з дзвесце марак — і даў старой: — Гэтага яшчэ і на быка хопіць…

А купіўшы добрую кароўку, старая вазьмі ды пахваліся пра свайго ляснога дабрадзея… І вось ужо месяц не мае спакою: паліцыя, як толькі затрымае падазронага, валоча ейныя старыя косці ў пастарунак — каб пазнавала Муху. Кляне цяпер старая і Муху, і ягоныя грошы…


Марш адраджэнца

Цяжка даваліся прыродзе вёсны 1923-га, 1924-га і 1925-га. Адна за адной — як у падбор — абуджаліся марудна, стомлена. Раскатурхае днём павышэлае сонца сонную зямлю, размякчыць, падсушыць і адагрэе нават, — а за ноч яе зноў мароз скуе, нават аснежыць можа. І зноў… І так — амаль да пачатку траўня…

А да ўсяго — і навіны не сагравалі. Праўду ўсё ж кажуць: дзе коратка, там і…

Ластоўскага змусілі пайсці ў адстаўку. 23 жніўня адбылася «рэарганізацыя» ўрада БНР. Міністрам асветы стаў Варонка, міністрам фінансаў Захарка, дзяржаўным кантралёрам — Заяц, дзяржаўным пісарам — Пракулевіч. Прэм'ерам і міністрам замежных спраў стаў «прыгрэты» Ластоўскім Цвікевіч. У лістападзе 1923 года Рада і ўрад БНР пераехалі ў Прагу. Цвікевіч нечакана пачаў гнуцца да зліквідавання ўрада БНР. І ўлады БССР актывізавалі сваю дзейнасць. Беларушчыне ж — па ўсім — аніадкуль палёгкі не чакалася…

Вось і прарвалася ў душы Езавітава штось няўлоўнае, апякло — і наперад паклікала… У дваццаць восьмы дзень траўня 1923 года сеў было адпісаць ліст сябрам — а подумкі нечакана ў верш выліліся, подумкі няроўныя, нястрымныя — толькі верлібрам і ўлоўленыя; і ўнутры як завіравала штось, як штось ад стала адштурхнула… І сэрца болесна застукала…

Ведаем мы, пральецца ў нас кроў, ведаем —
многа сыноў Беларусь на Аўтар Незалежнасьці
ўзложа! Але ж будзем мы зноў меці волю дзядоў,
але ж шлях да Свабоды
старонка праложа!
<…>
Без крыві і ахвяр ніхто долі ня ўзяў, ніхто
праўды нідзе не дамогся, і
калі наш народ меч для
помсты падняў, - Бог даруе! —
бо вякі ён цярпеў,
і прасіў, і маліўся.

Ён жа — Кастусь Езавітаў — ужо колькі гадоў змагаўся на ніве асветы. Але й тут не абыходзілася без ахвяраў: летам 1924 года латвійскія ўлады арыштавалі восем беларускіх настаўнікаў, сярод іх — і Івана Краскоўскага, і Андрэя Якубецкага, і Паўліну Мядзёлку, і яго — Езавітава, — і абвінавацілі ў «актыўным удзеле ў злачынным таварыстве Латгаліі, якое ставіла сабе за мэту адарваць ад Латвійскай дзяржавы тэрыторыю Дзвінскага, Рэжыцкага, Люцынскага і часткова Ілукштанскага паветаў і далучыць іх да Беларускай дзяржавы»…

Следства доўжылася некалькі месяцаў, і калі на судзе 2 красавіка 1925 года Езавітаву прад'явілі «доказы»: этнаграфічную карту Беларусі, знойдзеную падчас вобыску ў ягонай кватэры ў Люцынцы на Латгальскай вуліцы ў доме № 64, а таксама падручнік Аркадзя Смоліча «Геаграфія Беларусі» (які выкарыстоўваўся ў беларускіх школах Латвіі) і змешчаную ў ім карту «Палітычны падзел Беларусі ў 1920 годзе», — ён усміхнуўся, чым здзівіў не толькі суддзяў, але й абвінаваўцаў.

Беларусаў на судзе абаранялі лепшыя адвакаты Латвіі — Шмідт і Гольцман, і — з прычыны неабгрунтаванасці абвінавачванняў — 4 красавіка ўсе былі апраўданы.

— Гэты працэс, — сказаў у сваёй прамове Езавітаў, - шмат што высвеціў у нашым жыцці. Па-першае, мне сорамна за тых, хто фармуляваў наша абвінавачванне: «далучэнне Дзвінскага й іншых паветаў да Беларускай дзяржавы»… Да якой дзяржавы?! Захопленай бальшавікамі Беларусі, ператворанай у БССР? Заходняй Беларусі, у якой пануе польскі жаўнер? Сорамна, панове… Па-другое ж, мы сведкі перамогі дэмакратычнай Латвіі, якая знайшла ў сабе сілы ва ўсім справядліва разабрацца. І сёння, насамрэч, судзілі не нас, беларусаў Латвіі. Сёння асудзілі латвійскіх шавіністаў, па даносах якіх і распачалася гэтая справа. Прозвішча аднаго з іх я хачу, каб прагучала ў гэтай зале — прозвішча латвійскага амбасадара Вяржбіцкага. Няхай і іншыя з гэтай «гвардыі» задумаюцца…

Праз некалькі дзён Езавітаў нечакана атрымаў лісты-віншаванні з вызваленнем і перамогай — ад Рамуальда Зямкевіча і Вацлава Ластоўскага.

«Дык наперад жа, браце! — пісаў Ластоўскі. — Сядай, як і я, манахам да ціхае творчае культурнае працы…» (Ластоўскі на той час — адышоўшы ад палітыкі — выдаваў культурна-мастацкі штомесячны часопіс «Крывіч» і быў самым актыўным яго аўтарам.)

Але перамога на судзе была толькі сімвалічнай. Мядзёлка і Краскоўскі, якія не мелі латвійскага грамадзянства, мусілі пакінуць краіну. Быў зліквідаваны беларускі адзьдзел пры міністэрстве асветы — і Сяргей Сахараў застаўся без працы. Замарозіла дзейнасць таварыства «Бацькаўшчына».

У 1925 годзе Люцынскую гімназію далучылі да Дзвінскай, а Езавітава звольнілі з працы. Прыгнечаны апошнімі здарэннямі, ён пераехаў у Рыгу, дзе падчас следства адседзеў доўгіх адзінаццаць месяцаў…

На новую рыжскую кватэру да Езавітава завітаў незнаёмы госць — мужчына гадоў сарака, жоўтавалосы, даўгавязы. Прывітаўся па-беларуску, назваўся і па-беларуску — хоць крыху і з вымогай — гаварыў далей:

- Прабачце, што без папярэджанняў… - Учэпіста зірнуў на стол — увесь закладзены выразкамі, дакумэнтамі, газэтамі, кнігамі (Езавітаў яшчэ не паспеў пасля пераезда ўпарадкаваць свой архіў). — Я да вас з Варшавы, ад беларускага амбасадара Ульянава… Ведаем пра вашы няшчасці. На жаль, у падобным бяспраўі і беларусы Заходняй Беларусі… - старанна гаварыў пра неабходнасць аб'яднання высілкаў пры выданні беларускіх кніг і часопісаў і ўрэшце падагульніў: — Словам, я накіраваны з добрым даручэннем — мы можам дапамагчы фінансава ў вашых пачынаннях, асветніцтве й выдавецкай рабоце.

Езавітаў быў агаломшаны… Прапанаваў госцю кавы, а затым толькі спытаў:

- А хто гэтыя «мы», хто вызваўся на дапамогу?

- Калі сама высока — урад БССР. Сёння ён выдаткоўвае вялікія сумы не толькі на беларускую справу ўнутры рэспублікі, але й за яе… граніцамі. Грошы ідуць да савецкага амбасадара ў Польшчы Ульянава. А дапамога ж патрэбна беларусам не толькі Польшчы!..

Езавітаў адглынуў кавы, уважліва зірнуў на савецкага пасланца і вырашыў праверыць «напрамкі»:

- А што хочуць урад і амбасадар наўзамен?

Госць толькі ўсміхнуўся:

- Рабіць тое ж, чым і займаецеся… — і пачаў збірацца, падзякаваў за каву. — Я разумею, што прапанова нечаканая. Прапаную падумаць, а праз тыдзень дазвольце зноў прыйсці. Калі пагодзіцеся — а гэта адно толькі разумна, — складзіце да таго часу каштарыс на неабходную суму. І апішыце накірунак дзейнасці. Справаздачнасць, зразумейце. Грошы ж і працоўнай Беларусі не з неба падаюць…

Езавітаў ноч не мог заснуць. Часу, каб параіцца з кім-небудзь па-за Рыгай — найперш з Ластоўскім, — не было. І ён склаў мінімальны каштарыс — і парваў. І ўзгадаў словы з ліста Ластоўскага: «сядай, як і я, манахам да ціхае творчае культурнае працы»… Хоць грошай, чуў, Ластоўскаму Літоўскі ўрад выдаткоўваў на тую працу ўсё менш і менш. А тут — самі прапануюць. І ўзамен — нічога пакуль…

І ён пачаў складваць новы каштарыс, куды ўпісаў і затраты на выданне сваёй беларускай газэты, двух падручнікаў для беларускіх школак (рукапісы іх ужо былі).

А праз тыдзень зноў зайшоў пасланец ад Ульянава. Перачытаў каштарыс, кіўнуў галавой, падаў паперы назад:

- Подпіс ваш яшчэ патрэбен.

Езавітаў насцярожыўся. Няпэўны халадок прабег па грудзях. Акуратна перакрэсліў на паперы прабелы (каб ужо нічога нельга было ўпісаць) і — лішнюю паўхвілю патрымаўшы ў руцэ асадку, торапка распісаўся…


З Ластоўскім Езавітаў пабачыўся толькі ў кастрычніку 1925 года — у Берліне, на канферэнцыі, якую склікалі, каб вырашыць далейшы лёс урада БНР. Цвікевіч, яго старшыня, выказваўся за ліквідацыю[49]. Яго падтрымалі Заяц і Пракулевіч. Многія — і Езавітаў, і Варонка, і Мамонька, і Бадунова, і старшыня Рады БНР Крэчэўскі (які за колькі дзён да канферэнцыі абнародаваў свой зварот «Патрэбнасць дзяржаўнага органа за граніцай», дзе запэўніў: «Каб ня было Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, з-пад ног якой трэба было выбіваць глебу, ніколі не было б Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, а да гэтай пары існаваў бы Абліскамзам»), і Захарка, і іншыя выказаліся супраць (некаторыя наогул лічылі ўрад Цвікевіча незаконным). Мамонька ў пратэст такому пытанню пакінуў залу. Луцкевіч ліквідацыю ўрада падтрымаў…

- Бачыш… — шаптаў Езавітаву Ластоўскі. — Ты яшчэ вагаўся, браць грошы БССР ці не… А некаторыя ўжо юдамі праз іх сталі. Ты ж — адно на карысць…

Пра тое, што «распрацоўка» ліквідацыі ўрада БНР, а раней — адхіленне ад улады Ластоўскага праводзіліся магутнымі «спецорганамі» БССР - СССР, сумнявацца не даводзілася. Савецкі «бок» на канферэнцыі ў Берліне прадстаўлялі завочна ўжо знаёмы Езавітаву амбасадар з Варшавы Ульянаў і знаёмы вочна Жылуновіч-Гартны… Ніхто — ні Ластоўскі, ні Езавітаў — на той час не маглі ведаць, што ЦК КП(б)Б 16 кастрычніка 1925 года зацвердзіла цэлую праграму «Беларускі рух за кардонам», у якой было запланавана «працягваць работу па разлажэнні і драбленні беларускай эміграцыі, ні ў якім разе не дапусціць стварэння якіх-небудзь беларускіх аб'яднанняў», бо гэта «затармозіць развіццё беларускага руху савецкай арыентацыі».


Восенню 1925 года пад рэдакцыяй Езавітава пачала выходзіць новая беларуская газэта Латвіі «Голас Беларуса», выходзіць не без грашовай дапамогі з БССР. І нездарма Езавітаў марудзіў, ставіўшы подпіс пад складзеным каштарысам, — прадчуваў, што будуць вымогі да «адпрацоўкі» дадзенага. Не мог не бачыць і разбуральнай работы БССР - СССР у асяроддзі беларускай эміграцыі. Але раскошы выбару не меў — і вырашыў і надалей спакойна і карпатліва займацца сваім. А там час пакажа…[50]

«Голас Беларуса» з нумара ў нумар станавіўся мацнейшым, набываў сваё яскравае нацыянальнае гучанне. Вось толькі некаторыя назвы артыкулаў самога рэдактара, якія надрукавала газэта на працягу 1925 - 1927 гадоў: «Беларусы і Крывія», «Дзесяцігоддзе Беларускай Нацыянальнай Школы», «Да працы, моладзь!», «Да арганізацыі беларускае нацыянальнае меншасці ў межах сучаснае Латвіі», «Беларусы, моцна трымайцеся адзін аднаго!», некаторыя назвы вершаў самога Езавітава: «Марш Адраджэнца», «Жыве наша мова!», «Благаславенне на бойку»…

Такая праца не магла задаволіць «грошадаўцаў» з БССР - СССР. У сваіх каштарысах на фінансаванне беларускага руху за мяжой у 1926 - 1927 гадах яны мусілі адносна Езавітава рабіць асобныя агаворкі:


«Наша праца, якая праводзіцца праз Езавітава, не застрахавана ад «сюрпрызаў», нявыгадных для нас… Слабы водгук на падзеі ў Польшчы. Палітычны авантурызм і шкурніцтва Езавітава…».


Мусілі агаворвацца пра «авантурызм» і «шкурніцтва» Езавітава, а ён і далей дзейнічаў з чыстага сумлення: «Зрэшты, гэтыя грошы, што перадаюцца з Саветаў, беларускім мазалём зароблены, — то на беларускае і йсці павінны», — вырашыў.

У Менску ж пачалі пагаворваць і аб «нейтралізацыі» непадатлівага Езавітава. Ідэю перадалі савецкаму амбасадару ў Варшаве і «куратару» беларускай эміграцыі Ульянаву, толькі той мусіў 1 сакавіка 1926 года перадаваць у Менск пад грыфам «Зусім сакрэтна» наступнае:


«…пры пастаянным кіраўніцтве і некаторай матэрыяльнай падтрымцы ён (Езавітаў) змог бы разгарнуць работу ў Латвіі, і толькі тады можна было б, намацваючы лепшыя элементы, паступова асадзіць Езавітава на задні план. Але я сцвярджаю, што сярод латвійскіх беларусаў няма фігур з імем, а гэта ў першы перыяд арганізацыі надзвычай важна…»


А праца ў Латвіі Езавітавым і насамрэч разгортвалася шырокая. Таварыства беларускіх настаўнікаў дамаглося адкрыцця ў Рызе чатырох прыватных беларускіх пачатковых і адной сярэдняй школы (адну з пачатковых школ узначаліў сам Езавітаў), адкрыцця беларускага дзіцячага садка. Таварыства пачало выдаваць часопіс «Школа і Жыцьцё», а Езавітаў у дадатак да «Голаса Беларуса» рэдагаваў штомесячнік «Беларуская школа ў Латвіі» (выдаваўся дзевяць гадоў).

Калі тут, у Рызе, заўважаўся ўздым, то ў Вільні й Коўне беларуская праца спакваля затухала. Пілсудскі зноў захапіў уладу (газэты называлі гэта «выбухам Пілсудскага») і нечакана прапанаваў беларусам аўтаномію са сталіцай у Вільні. Але ягоны «зігзаг» адно насцярожыў беларусаў-заходнікаў.


«У гэтым абнечаканенні Пілсудскага відны свае планы, — пісаў Езавітаву Ластоўскі. — Хітры вус хоча пасварыць літоўцаў з беларусамі, пацыкнуўшы нас Вільняй, а з беларусаў і ўкраінцаў зноў хоча скласці авангард для свайго пахода на Расію. Шукае каінаў у Вільні, каб лацвей здабыць Менск і Коўну, і ў Львове — каб здабыць Харкаў…»


На гэты раз беларусы казкам Пілсудскага не паверылі. Большасць пачала схіляцца да супрацоўніцтва з БССР, дзе з шырокім размахам распачыналася беларусізацыя.

Вось што пісаў аб гэтым беларускі грамадскі часопіс «Наш Покліч», які выдавалі ў 1926 годзе ў Коўне пад рэдактарствам Гайдукевіча на тыя ж савецкія грошы (і які выяўляў сябе прасавецкім):


«Годзе, пане Пілсудзкі! Гэта ня леташнія дразды! Не! Беларусы вам не супрацоўнікі — у гладыятары не наймаюцца. Беларусы, дзякуючы Рэвалюцыі, здабылі сабе Бацькаўшчыну. <…> Руйнаваць сваю Бацькаўшчыну беларусы ня пойдуць і не жадаюць сваёй кроўю паліваць родную зямельку для польскіх каланістаў!»


У звязку з «польскай справай» у 1926 годзе Румынія абвесціла агульную вайсковую мабілізацыю, у Рызе пачалі прызываць на службу «запаснікоў». Заварушыліся і ў Менску, і ў Вільні. Апошняя была «пад крылом» Англіі — і пачувалася спакайней. Праўда, мясцовыя прабальшавікі яхіднічалі:

«Раней ангельскія свінні карміліся ўкраінскім цукрам, а цяпер хочуць мець літоўскі авёс»…

У Рызе ж аднавіў сваю працу беларускі адзьдзел міністэрства асветы Латвіі. Беларусы дамагліся замены яго кіраўніка Зеліта на свайго кандыдата. Улады не пагадзіліся зацвердзіць на гэту пасаду Езавітава (як напачатку прапаноўвалі беларускія арганізацыі), але падтрымалі Уладзіміра Пігулеўскага.

Дзейнасць латвійскіх беларусаў адразу ж актывізавалася. Заснавалася Беларускае выдавецкае таварыства. У 1927 і 1932 гадах былі выдрукаваны кнігі Кастуся Езавітава «Беларусы ў Латвіі» і «Беларусы ў Літве». Пад рэдакцыяй Езавітава ў Рызе яшчэ ў 1926 і 1927 гадах выйшлі «Беларуская школа. Першая пасьля лемантара кніга для чытаньня» і падручнік Язэпа Лёсіка «Наша крыніца. Чытаньне для беларускіх школ у Латвіі», а таксама навучальныя праграмы для беларускіх пачатковых школ па гісторыі Латвіі і краязнаўстве, у 1933 годзе — «Праграма зьбіраньня вуснае народнае творчасьці» (пад кіраўніцтвам Езавітава быў арганізаваны збор фальклору і прадметаў матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў).

Да беларускай справы актыўна далучалася моладзь школ і гімназій. У Дзвінскай беларускай дзяржаўнай гімназіі яшчэ з 1927 года працаваў закладзены Езавітавым гурток аматараў беларускага друкаванага слова, які вёў улік беларускай перыёдыкі, рэгістраваў выданні Заходняй Беларусі, складаў каталогі. Найбольш актыўным працаўніком гуртка быў Мікола Панькоў, які яшчэ школьнікам далучыўся да адраджэнцкага руху — быў сувязным паміж Дзвінскам і Коўнам, перавозіў перыёдыку й ліставанне, кіраваў заснаваным Паўлінай Мядзёлкай гуртком моладзі «Лепшая Доля»…

Пад ачольваннем Езавітава склаўся і літаратурны гурток. Моладзь атрымала магчымасць не толькі друкаваць свае творы на старонках «Голаса Беларуса», але і выдавацца асобнымі кніжкамі — у 1926 годзе з'явіўся зборнік вершаў маладых паэтаў «Першы крок». На вокладцы — шматпаказальны малюнак: селянін і рабочы трымаюць бел-чырвона-белы сцяг. Зборнік склалі вершы дваццаці паэтаў, сярод іх Ашурка, Бартуль, Вайвадзіш, Вальтар, Ванаг, Воркуль, Казлоўская, Мікалаева, Рык, Сахарава, Сакол, Талерка…


«У далёка не спрыяючай латвійскай сапраўднасьці дваццаць паднялі меч беларускага Слова, — пісаў у першай рэцэнзіі на гэты зборнік Уладзімер Жылка (рэцэнзія была надрукавана ў першым нумары (1926 год) часопіса «Новы Прамень», які ў Чэхіі рэдагаваў Жылка). — Першы літаратурны крок як літаратурны мо не заўсёды і не зусім удалы, але ён адгучны веку, гэтым крокам ідуць змагары, і таму ён ваяцкі, цьвёрды і пэўны…»


У зборнік уключыў свае вершы і Кастусь Езавітаў, бо і ў яго гэта быў першы крок у паэзію, і пра ўдаласць гэтага кроку лепш ад Жылкі сказаць цяжка.


«Да гэтага беларускае грамадства знала яго (Езавітава) як старога і заслужанага працаўніка, які першы паклаў падваліны беларускага руху ў Латвіі, - пісаў рэдактар «Новага Промня». — Тут, у зборніку, сустрачаем К. Езавітава ў паэзіі, галіне творчасці для яго новай, і мы рады прывітаць яго паэтычны талент. Сочачы за яго працай, бачым, што паэзія для яго толькі адзін з сродкаў яго грамадскага слугаваньня, хоць паэзія вымагае ўсяго паэта, хоча, каб яна была яго адзіным слугаваннем грамадзянству» — і скончыў рэцэнзію цытаваннем «моцных, каваных радкоў» Езавітава:

Ужо ніхто не забье беларускай душы!
Ў цяжкіх муках яна акавалась бранёй!
Не зрачомся мы Сьветлае Волі сваёй,
На сьвет вольны мы выйдзем з глушы![51]

Пад рэдакцыяй Езавітава і з ягонымі прадмовамі ў Беларускім выдавецкім таварыстве ў Рызе выйшлі зборнік вершаў Пятра Масальскага «На сьвітаньні» (1929 год), асобнай брашурай — апавяданне Віктара Вальтара «Лясьнікова сена» (1932 год) і іншыя беларускія кнігі. А у Менску нейкім «доктарам Янам Доўгім» пісалася і кніга пра самога Кастуся Езавітава — «Беларускі нацыянал-фашызм у Латвіі» (у 1933 годзе пад грыфам «Акадэмія Навук БССР» яна выйдзе ў свет)…


Частка III


Пасланцы Крывіі

Гэта было ягонае другое прыйсце ў Менск — другое пасля 1918 года, менавіта прыйсце: на перадапошнім прыстанку перад вакзалам Кастусь Езавітаў з Вацлавам Ластоўскім (разам ехалі з Коўны), узяўшы з паліц свае валізкі-чамаданікі, выйшлі з вагона і вырашылі некалькі кіламетраў адолець пехам — прыгараднымі вулкамі, спакваля агледзець горад — і свой, і чужы. І адразу ж пачалі дакараць сябе: усчаўся дробны дождж-імжака, гарадскія ўскрайкі пакрыліся туманам, і яны не толькі рызыкавалі змокнуць, але й заблудзіць.

Назаўтра, 14 лістапада, у Менску распачалася Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу. Вуліца і тратуар перад будынкам Дваранскага Сходу (цяпер — клубам Карла Маркса) аж чарнелі ад публікі. На будынках — чырвоныя і бел-чырвона-белыя сцягі! У зале паседжанняў, якая магла змясціць болей васьміста гасцей, большасць месцаў унізе і балкон, калі яны ўвайшлі, былі ўжо заняты. Сцены — у чырвона-белых барвах. На першых шэрагах заўважылі аснежаную сівізной галаву Райніса, побач з ім — Купалу, Лёсіка. Падаліся да іх, расцалаваліся. Месца побач не было, і яны прыселі крыху воддаль, бліз купкі моладзі, па ўсім — студэнтаў.

Адкрыў канферэнцыю старшыня Інстытута беларускай культуры Усевалад Ігнатоўскі — прывітаў прысутных і заспяваў «Ад веку мы спалі». Затым запрасіў па спісе замежных гасцей у прэзідыум і пачаў прамову:

— …Збіранне раскіданых культурных сілаў заняло выдатнае месца ў нашым культурным будаўніцтве… Амаль што з нічога вырасла Дзяржаўная бібліятэка… Зараз Беларусь налічвае чатыры вышэйшыя навучальныя ўстановы…

У дзень адкрыцця канферэнцыі ў Чырвонай зале сталоўкі Цэнтральнага рабочага кааператыва быў банкет. І — о колькі сустрэч з новымі людзьмі! Тут і літаратары, і навукоўцы, і кіраўнікі партыі і ўрада БССР.

…Клаліся спаць амаль раніцай, але стомы не адчувалі. І чакалі дня новага. Езавітаў жа рыхтаваўся выконваць абавязкі старшыні правапіснай камісіі канферэнцыі…

Назаўтра вечарам Езавітаў у гатэльным нумары даў Ластоўскаму прачытаць тэкст верша, які меў назву «На ўшанаваньне новага падзелу беларускай зямлі»:

За ўсе краі, за ўсе народы сьвету,
І што былі, і прыйдуць што пасьля,
Аздобленае горкім, цьмяным цьветам
Зазнаць нам гора лёс благі паслаў.
Скарыліся і моўчкі ўсё прымалі:
Самахаць, можа, прыйдзе лепшы час.
Як лісьцінку на поплаве качалі
І зьневажалі чужаніцы нас.
Калёнія праз некалькі сталецьцяў,
Наедак ненажорным груганом…
Я прысягаю — праклянуць нас дзеці…
За апяшаласьць нашу нам праклён.
<…>
Прыціх наш край: ад гутарак аскома…
Прыціх наш край: маўчаць, усе маўчаць.
Свабодай карыстаюцца сачкомы,
Каб тых, хто мысьліць, у вастрог саджаць.
<…>
На нашым карку торг спраўляе сьмела
Масква з Варшавай, з Рыгай і Літвой,
І наша змучанае катам цела
Штогодна новай кроіцца мяжой.
<…>
Браты мае! Даволі ашуканства,
Гасьцей да хаты выправіць пара.
З лазы заплаканай спляцём ім кайстры
Для нарабаванага ў нас дабра.
Сьляды іх гідкія пяском пасыплем,
Пясочкам сьветленькім пасыплем іх,
Каб гэтай шумы, акупантаў-злыдняў
Апошні водгук прагучаў і сьціх.
А не, — дык надарма усё, жыцьцё надарма,
Лажыся ў яму Сам, Народзе мой, —
Пакуль ты сам ня будзеш гаспадарыць, —
Не разьвітаешся з жабрацкай калітой.

Пад вершам стаяла дата — 29 верасня 1926 года — і псеўданім: Янка Крывічанін.

Ластоўскі перачытаў уважліва — і спытаў крыху зніякавела:

- Дзе ўзяў?

- Меў нечаканыя запросіны на абед ад Гартнага. Там Ільючонак з Адамовічам далі перапісаць… Кажуць, ужо з паўмесяца па Менску гэты верш ходзіць.

Ластоўскі сеў на ложак, склаў рукі — далоньмі адна да другой, памаўчаў, затым ціха сказаў:

- Гэты верш мне той жа Алесь Адамовіч паказваў яшчэ раніцай. Прапанаваў надрукаваць у «Крывічы». Мне як штось кальнула тады: як так, загадчык адзьдзела друку ЦК кампартыі Беларусі — і прапануе апублікаваць антысавецкі верш! А яны і да цябе… І ў дадатак — Ільючонак, былы бальшавіцкі падпольшчык з Заходняй Беларусі… Ці не падазроны такі клопат?

Езавітаў маўчаў, і Ластоўскі пасля пярэрвы дадаў:

- А верш — як стогн, выбалены… Гэта не падробка, і мне падаецца, я ведаю яго аўтара.

- То скажы, каму паціснуць руку?

- Гэтымі днямі яго штось не відно было…


На чацвёрты дзень працы канферэнцыі ў калідоры залы паседжанняў Езавітаў сустрэў Аляхновіча. Крыху пагаварылі — Аляхновіч не хаваў уражанняў ад канферэнцыі, ад менскага тэатра:

- І насамрэч тут тэатр ёсць, і дзяржаўную субсідыю мае!..

Даўгавата спыталі піва ў сталоўцы № 1 на рагу Савецкай — усё, што засталося ад колішняй рэстарацыі. Пасыпаная апілкамі падлога, брудныя вокны, публіка — пераважна ў доўгіх чырвонаармейскіх шынялях… Узгадвалі мінулае, сяброў. Аляхновіч часта курыў…

- Ведаеш… Пахадзіў, паглядзеў. Хачу застацца тут.

- А сям'я, праца? — Езавітава, па ўсім, не здзівіла гэтае прызнанне.

- Жонка з сынамі пагадзілася пераехаць.

- Колькі сынам?

- Пяць і два… А праца — хіба тое, што рабіў, так назавеш? Абрыдла мне страхавая каса і яе слутжбовы стол. Не гэтым хочацца займацца.

- А рада? — Езавітаў спытаў цішэй, нібыта вывучаючы сябра, нібыта не жадаючы яго пакрыўдзіць — стаўленне да Беларускай часовай рады пад ачолам Паўлюкевіча, у якой Аляхновіч лічыўся заступнікам старшыні, былі аднолькавыя ў большасці беларусаў — здраднікі, якія падспеўвалі пад польскую дудку.

- Рада? — Аляхновіч спахмурнеў. — Ну ўблёўтаўся я ў яе, што казаць… Карысці, праўда, з мяне ёй аніякай. Ды й на жыццё паўлюкоўцам шанцы невялікія: палякі ўжо колькі месяцаў не плоцяць грошай, і «радаўцы» не маюць ні на гарэлку, ні на абед.

- А што гэта ні Луцкевіча, ні Тарашкевіча на канферэнцыі не відно?

- Х-ха… — Аляхновіч падпаліў новую папяросу, цяжка выдыхнуў дым, адкінуў запальнічку. — Палякі не далі ім дазволу на выезд, вось і засталіся.

- А як аднаму ў Менск ехалася? Мы з Ластоўскім, па-праўдзе, рыхтаваліся да нечаканак…

- Спакойна ехаў! Я ж на службе водпуск узяў… Адно пачуцці дзіўныя: Стоўбцы — яшчэ «Польшча», а Негарэлае праз колькі кіламетраў, з якога сяляне сотні гадоў на кірмаш у Стоўбцы хадзілі — ужо Беларусь. Вось як разанулі… Прыехаў увечары, пераначаваў у маленькай гасцініцы каля вакзала. Не хацеў ноччу маці турбаваць.

- Яна ўсё там жа, на Вясёлай, каля Вайсковых могілак? Як здароўе?

- Ды не скардзілася… І я ёй сказаў, што вось вазьму ды застануся. Сям'я перабярэцца… — Аляхновіч дакурыў папяросу, расціснуў на папяльнічцы, зробленай з кансервавай бляшанкі. — Узрадавалася… Займуся, кажу ёй, сваёй справай, а жонка дапаможа развесці табе курэй… Маці вельмі куры любіць! Пару гадоў таму мела некалькі, ды пакралі…

Яны дапілі піва і выйшлі. На прыступках сталоўкі сутыкнуліся з двума рослымі вайскоўцамі ў форме ГПУ.

- Што, генерал, скажаш пра гэтых стральцоў? — спытаў Аляхновіч, калі тыя нырнулі ў сталоўку. Падалося, што ён крыху захмялеў.

- Я такі генерал без войска, як і ты — рэжысёр без тэатра, — жартам парыраваў Езавітаў. А Аляхновіч абнечаканіў:

- А я іхняга шэфа — Дзяржынскага — ведаў! Спатыкаўся не раз з ім на калідорах Віленскай гімназіі. Ён быў старэйшы на тры клясы… Затым кінуў гімназію — як і я — і працаваў рэпетытарам у маіх сваякоў у Борце, маёнтку непадалёк ад Вільні. Неяк Фелікс знік, пакінуўшы ў хаце валізку, а ў ёй — забароненая літаратура. А яшчэ праз пару дзён з'явілася паліцыя…

- Дык во адкуль у іх вопыт!

- Што маеш?.. — не зразумеў Аляхновіч.

- Ды хоць бы пра твайго другога знаёмага, Фальскага. Не чуў?

- Не…

- Фальскі ставіў у Менску п'есы, беларускія п'есы, ведаеш пра гэта. І Купалавы, і твае, пэўна… ГПУ падаслала да Фальскага дзяўчыну, якая нібыта перайшла з Заходняй Беларусі. Тая папрасіла ў Фальскага савецкіх газэт… Дзяўчыну потым арыштавалі, а за ёй і Фальскага — і абвінавацілі ў тайнай сувязі з палякамі, выраклі да расстрэлу. Затым выслалі ў канцлагер і забаранілі жыць на Беларусі…

- У БДТ[52], дзецішчы і Фальскага, я ўчора быў… Ведаеш, — Аляхновіч узрушыўся, расхваляваўся, нібыта й не чуў Езавітава, — мяне пазналі, усцягнулі на сцэну, падкідалі ўгару! Праўда, на рэпетыцыі разанула, што сяляне з 1863 года — гэта я пра пастаноўку «Кастуся Каліноўскага» — гаварылі моваю сённяшніх камсамольцаў…

- Ты пра тэатр, дзе дырэктарам зараз Язэп Дыла?

- Так. А скора збіраюцца адкрыць і другі — БДТ 2, у Віцебску. Маю запросіны на яго адкрыццё! Аспрэчыць нельга: шмат чаго карыснага ў Менску робіцца. І газэты беларускія, і кнігі, і школы, і універсітэт, і дух, падаецца, таксама. І канферэнцыя гэта засведчыла. Ці не так?

- І заля — як некалі ў 1917-м — у бел-чырвона-белым… — падтрымаў яго Езавітаў. — Вось толькі бюст Леніна перад прэзідыумам…

- А што, — Аляхновіч згодна кіўнуў, - прапануем яго заўтра выдаліць з залы як безмандатніка…

Назаўтра бюста Леніна ў зале паседжанняў канферэнцыі ўжо не было.


У прадапошні дзень працы канферэнцыі, 20 лістапада, пасля агучвання рэзалюцыі аб'явілі перапынак. Тады Жылка і падвёў да Ластоўскага дужага высокага хлопца з каротка падстрыжанымі валасамі (неўтаймоўны віхор на макаўцы), блакітнымі вачыма й строгімі брывамі.

- Дзядзька Вацлаў, хачу пазнаёміць — Уладзімер Дубоўка, наш паэта.

Парукаліся, і Ластоўскі ўважліва агледзеў Дубоўку: галава крыху набок (нібыта саромеўся свайго росту), погляд адкрыты, але з адбіткам якойсці таямніцы…

Яны выйшлі на вуліцу, і там Ластоўскі прызнаўся, што завочна ўжо добра ведаў другога Уладзімера — яшчэ па віленскім часопісе «Маладое Жыцьцё»; распытаў пра ягоныя клопаты ў Маскве, памаўчаў — і падагульніў:

- Мяне ўразіў некалі твой верш «Малітва ўцекача»: «Зьлёт груганоў знішчыў мой край…», «тых пракляну, што нам Юдамі сталі»… А тут, у Менску, далі прачытаць «На ўшанаванне новага падзелу…» Янкі Крывічаніна… І хачу я… — Ластоўскі зноў сціх, уважліва зазірнуў у вочы Дубоўкі. — Хачу, як рэдактар «Крывічаніна» і «Крывіча»… як няштатны пасланец Крывіі паціснуць Янку Крывічаніну руку.

Дубоўка таксама ўважліва ўгледзеўся ў Ластоўскага, затым абодва ўсміхнуліся, і старэйшы абняў малодшага…

…Вечарам Ластоўскі здзівіў Езавітава:

- Ты верш той… Крывічаніна, што перапісаў, надрукуй. Абавязкова надрукуй! Толькі не ў сваім «Голасе Беларуса», бо грошы адсюль (ён зрабіў асаблівы акцэнт на гэта слова) адразу ж слаць перастануць… Так дзе-небудзь…

- А сам што? — не зразумеў напачатку Езавітаў.

- А сам тут застануся. Таму і не бяруся гэты верш за мяжу перавезці - ім толькі дай зачэпку…

- Як «застануся»!?

- Так, як і Аляхновіч. Я ўжо ўсяго пабачыў. І помсты, і здрады… У Коўне большага не зраблю, грошы на «Крывіча» не вылучаюцца…

- А прапанова з Амерыкі?

- Дзе тая Амерыка! За сябе загадчыкам славянскага адзьдзела Амерыканскай бібліятэкі прапаную стаць Жылку.

- Дык што — мне аднаму вяртацца? — Езавітаву падалося, што з ім жартуюць.

- Трэба ж некага і на развод пакінуць! — Ластоўскі й не думаў жартаваць. — Толькі не дрэйфі, з БССР разам паедзем. Мне трэба яшчэ свае архівы перагледзець. Папрыхаваць тое-сёе. А там — назад паспрабую…

* * *

Нечакана для Езавітава многія беларускія выданні Вільні, як згаварыўшыся, пачалі пісаць пра Радаслава Астроўскага. Найбольшай актыўнасцю вызначаўся «царкоўна-народны двутыднёвік, орган праваслаўных Беларусаў» «Беларуская Зарніца». Яго № 1 ад 1 верасня 1928 года інфармаваў:


«З 22 па 24 жніўня г.г. адбылася ў Варшаве другая сэсія Мітрапалітальнае Рады пры Главе Праваслаўнай Царквы ў Польшчы Мітрапаліце Дзіанісіі. Папярэдні склад Рады быў папоўнены працоўна-грамадзкімі дзеячамі… Ад беларускага грамадзянства былі запрошаны: сьвяшчэньнік А. Коўш і інспектар Віленскае беларускае гімназіі Р. Астроўскі».


Праз некалькі нумароў — новае:


«У памяшканьні Беларускай Гімназіі адбыўся агульны сход сябраў Беларускага Дабрадзейнага Таварыства… У рэвізійную камісію… абраны грам. Р. Астроўскі і інш.»;

«Загадам ураду скасавана Таварыства беларускай школы ў Вільні. Яно было канцэсіянерам Віленскай беларускай гімназіі. Р. Астроўскі стаў старшынёй бацькоўскага камітэту гімназіі»…


Арышты

Бяда не ходзіць адна…

Не перасталі апякаць чуткі пра арышты сяброў у Менску — як прыйшлі да самога… Ранішняя Рыга толькі-толькі апранулася ў новае снежнае футра, і ад чаравікаў двух паліцэйскіх у пакоі заставаліся мокрыя сляды.

- Пан Езавітаў? — спытаў малодшы па-латышску.

- Я…

- Маем санкцыю на ваш арышт.

І вось ужо тыдзень — у турме. Абвінавачванні тыя ж, што і ў 1925-м, з новага дадалося толькі «супрацоўніцтва з БССР у сепаратысцкіх мэтах». Якое супрацоўніцтва, якія мэты?!

Па-праўдзе, у гэтую адсідку як штось надламалася, надарвалася ў ім. Не хацелася ні змагацца, ні адстойваць сваю невіноўнасць, волю. Скарыла абыякавасць, апатыя, нават страшнейшае… Першы арышт вытрымаў як чарговае выпрабаванне. Чытаў, пісаў у турме. Як чыставыгаленым, пад гальштукам зайшоў у камеру, так — выгаленым і з гальштукам — з турмы і выйшаў… А зараз пачынаў шкадаваць, што і ўсё вострае, і гальштук, і папругу, і нат шнуркі ў турме адбіраюць… І разумеў, што здраджваў і сабе, і людзям, але адчуваў, што нервы аслабелі, што без нажа даразала безвыходнасць, — дык ці не паскорыць гэта?..

А ў галаве — галасы сяброў.

«І амаль усе за кратамі. Што за д'яблава наканаванасць?! Што за жыццё — як паміж молатам і накавальняй! Няўжо столькі граху на беларускім следзе, што столькі крыві яго аніяк ачысціць не можа?!»

…Першым з іхняй кагорты арыштавалі Аляхновіча — подла, як толькі магло ГПУ: запрасілі ў краіну (візу на ўезд у СССР у Варшаве сам Ульянаў выдаў), і грамадзянства савецкае прапанавалі, і на «брудэршафт» запрашалі — і праз паўтары месяцы звязенілі. «А каб тады і Аляхновічу, і Ластоўскаму паслухацца Баліцкага, нацкама асветы БССР — радзіў жа ім у прыватнай гутарцы не аддаваць сваіх замежных пашпартоў! Толькі ж куды беларусам падзецца на гэтым свеце?! Ні на чужбіне, ні на радзіме жыцця ім няма…» Аляхновіч — ужо грамадзянін СССР — атрымаў працу ў Віцебскім тэатры, радаваўся, што пачалі рыхтаваць пастаноўку ягонай п'есы — радаваўся ажно да 1 студзеня 1927 года, калі яго арыштавалі і даставілі ў Менск, а затым — у сакавіку — зачыталі абвінавачанне[53] і выслалі на дзесяць гадоў у Салаўкі, у муры колішняга манастыра, ператвораныя ў савецкі канцлагер…

Не дапамаглі і апякунства, і заступніцтва вядомых беларускіх дзеячоў Менска — Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, Змітрака Бядулі, Міхайлы Грамыкі, Янкі Купалы, Алеся Гурло, Аркадзя Смоліча, Язэпа Лёсіка, Уладзімера Жылкі, Аляксандра Піятуховіча й іншых… Не дапамаглі і спадзеўкі на амністыю ў «гонар» дзесятай гадавіны рэвалюцыі…

Ініцыятарам збору подпісаў у абарону Аляхновіча стаў Якуб Колас. Пра гэта, напрыклад, сведчыла Іна Рытар (пісьменніца беларускай эміграцыі Аляксандра Саковіч), швагерка пісьменніка і вучонага Міхайлы Грамыкі, узгадваючы, як да іх — жыла ў доме Грамыкаў — завіталі Якуб Колас, Язэп Лёсік і маці Аляхновіча:


«Я. Колас меў з сабою партфель. Выцягнуў з яго заяву ў абароне Ф. Аляхновіча. Папрасіў Міхасёвага (М. Грамыкі. — А. П.) подпісу».


Зрэшты, і подпіс пад лістом ад 25 кастрычніка 1927 года ў Цэнтральны выканаўчы камітэт Саветаў БССР з просьбай «даравання волі» Аляхновічу ў звязку з дзесяцігоддзем Кастрычніка (такую надзею «падкінуў» Аляксандр Чарвякоў, старшыня ЦВК) Якуб Колас падпісаў першым. Думаецца, Якуб Колас быў і аўтарам лістоў, якія Аляхновіч атрымліваў па дарозе ў Салаўкі — напачатку ў Ленінградскім «Исправдоме». Арыштант ліставаўся з маці, яна ведала адрас сына — і праз яе пра месца адрасата даведаўся і Якуб Колас. Лістоў было некалькі. Першыя адраджалі надзею:


«Дарагі тав. Аляхновіч! <…> Тав. Чарвякоў пытаўся, ці я магу за Вас паручыцца. Я адказаў, што так… Напішэце, як вы на гэта гледзіцё…»


«Дарагі тав. Аляхновіч! Надзея на амністыю ня зьдзейсьнілася. Сяньня пішу ў Маскву. Не паддавайся роспачы. Ці зварачацца яшчэ раз у Вашай справе да тав. Чарвякова, ня ведаю. Мы ў Вашай справе напісалі калектыўную заяву. Маю надзею, што ўсё скончыцца добра… Напішэце мне, можа чаго Вам трэба…»


Якуб Колас памятаў, як на святкаванні дваццатых угодкаў сваёй літаратурнай дзейнасці падчас «цёплага» банкета раіў Аляхновічу застацца ў БССР, — і не мог не паспрыяць, не падтрымаць таварыша па пяры, па веры, не мог не адчуваць ва ўсім, што здарылася, і сваёй — хоць і ўскоснай — віны… І лісты дасылаў акуратна (і адказы з этапу з падзякамі і просьбамі «і далей не пакладаць рук» ад Аляхновіча таксама атрымліваў):


«Паважаны тав. Аляхновіч! Вашая справа пакуль не скранулася з месца. Мне асабіста здаецца што вызваленьня трэба чакаць з Масквы. Сказалі мне ў Менску, што трэба чакаць пастановы Усерасейскае амністыйнай камісіі… Гэтак казаў мне старшыня ГПУ ў Менску. Апрача таго, я пісаў пра вас да Мянжынскага. Жадаю Вам здароўя і вытрываласьці. Да 10-годзьдзя БССР засталося ўжо менш як год».


Так, надзеі былі ўжо толькі на 1929 год, на дзесятыя ўгодкі абвяшчэння БССР…

І нарэшце — апошні ліст з Менска:


«Тав. Аляхновіч! <…> дагэтуль яшчэ нічога не ўдалося зрабіць, а калі зробіцца дык будзе паведамлена. Няхай тав. Аляхновіч пакіне мне гэтак часта пісаць…».


…Прынясуць у камеру абед — а Езавітаў нават голад перастаў адчуваць. Зноў — змрочнае апанавала.


«У красавіку 1927-га перабраўся ў Менск Ластоўскі — Аляхновіч дзесь ужо на этапе быў. Ластоўскага напачатку дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея прызначылі, і акадэмікам, і другім чалавекам у Акадэміі навук Беларусі зрабілі… А праз тры гады і звольнілі, і званняў пазбавілі! І выслалі на пяць гадоў у Саратаў…»


У закратаваным акне бліснуў запознены прамень (сонца заглядвала ў яго камеру толькі падвечар, калі хавалася за дахам суседняга турэмнага блоку). Але ён не заўважыў нават і промня — патанаў у абдоймах скрушных згадак.


«…І ўрэшце — гэтыя чуткі, што схапілі і Дубоўку, і сухотніка Жылку…»


Дубоўкаў верш «На ўшанаванне новага падзелу…» Езавітаў усё ж перадрукаваў — у першым нумары віленскай «Беларускай Культуры» за 1927 год — са сваім допісам:


 «…гэты верш адбіваець праўдзівыя настроі і думкі беларускага народу, у нетрах якога накіпаець пратэст проціў камісарскіх гвалтаў…»


І гравюру пад вершам змясцілі адпаведную: заснежанае поле, наўздалеч — узгорак-курган з праваслаўным крыжам, а над усім — кружляюць чорныя груганы…


«Камісарскія гвалты абрынуліся і на самога Дубоўку-Крывічаніна[54], і на Жылку (не захацеў ехаць у далёкую Амерыку, вярнуўся з Прагі на Беларусь — паміраць, бо ведаў пра сваю невылечную хваробу), і на Лёсіка, і на Гарэцкага, і на Ігнатоўскага, і на Чарвякова — і на сотні іншых беларускіх пісьменнікаў, на тысячы іншых беларусаў…»


…Толькі ў 1941-м, падчас вайны, Езавітаў даведаецца, што жывым са знаёмцаў застаўся адзін Дубоўка: Ластоўскага, Лёсіка, Гарэцкага знішчылі. Ігнатоўскі застрэліўся, Чарвякову — «дапамаглі»… Жылка… Хворага, яго выслалі ва Уржум. Да яго прыехала жонка — Рыма Маневіч (малую дачку Беату пакінула ў сваіх родзічаў). Пражыла з Жылкам няпоўных тры тыдні — і перайшла да чэкіста… «Ухажора» перавялі на новае месца, і Рыма падалася следам, а па тэлефоне сказала Жылку, што парывае з ім назаўсёды. Марцовы муж неўзлюбіў малую Беату, і Рыма аддала яе ў дзіцячы дом… Гэта нявечыла ці не больш, чым няволя… У першы дзень вясны на трыццаць трэцім годзе жыцця, у шпіталі Жылка памёр…


Латвія ўсё ж — не БССР — жыла не па гругановых законах, а па дэмакратычных. Быў суд — з адвакатамі й абаронцамі, і Езавітава, як і пяць гадоў таму, апраўдалі. Калі ён мінаў турэмную браму, нечакана згадаліся словы Ластоўскага, калі той вырашыў застацца ў БССР, словы да яго, Езавітава: «Трэба ж некага на развод пакінуць», і выраз ягонага твару ўзгадаў — сур'ёзны, стомлены. І вырашыў тады не даць спакусіць сябе смяротнай стоме, не скарыцца ёй…

Ці ж ведаць яму ў той дзень, што наперадзе яго яшчэ чакалі новыя арышты — і ў 1934-м, і ў 1935-м?


Наогул, гады з 1925-га па 1934-ы былі для Езавітава і самымі плённымі, і самымі цяжкімі. Мяняліся месцы працы: на пачатку 30-х ён выкладаў методыку роднай мовы і гісторыі літаратуры на двухгадовых Дзяржаўных беларускіх настаўніцкіх курсах у Рызе, вучыў маляванню ў Першай рыжскай беларускай пачатковай школе. З году ў год папаўняў свой архіў. У збіральніцкіх клопатах меў шырокую перапіску. Калекцыянаваў этнаграфічныя замалёўкі — і пісаў беларускаму мастаку Язэпу Драздовічу ў Вільню, прапаноўваючы яму выдаць працы асобным альбомам. Цікавіўся музыкай — і пытаў у лісце Рыгора Шырму:


«Ці няма ў Вас мэлёдый для «Пінскае шляхты»? Я хачу перадрукаваць яе з нотамі. Ужо даўно трэба было б гэтую п'есу выдрукаваць з нотамі, але неяк ніхто за гэтую справу не ўзяўся».


Высілкамі Езавітава ў Рызе перыядычна ладзіліся беларускія выставы і вечарыны…


Ноч з 3 на 4 лютага 1931 года Ігнатоўскі не спаў. Здавалася, штось чорнае, даўкае паўзло на яго з халоднай вуліцы праз шыбы вокнаў, ападала са столяў… Знясілілі доўгія допыты ў АДПУ, пакаяльныя лісты, пастановы парткалегій, шальмаванні ў друку. Месяц таму яго звольнілі з пасады прэзідэнта Акадэміі навук. І — новыя позвы ў сакрэтны адзьдзел, начальнік якога — як і дзень таму — будзе вымагаць ягонага подпіса пад загадзя складзеным пратаколам допыта:


«…признаю, что с момента вступления в партию я вёл сознательную двойную политическую игру в интересах осуществления идеалов белорусской контрреволюционной интеллигенции…».


А за што пабралі хлопцаў — яго малодшых сяброў, пісьменнікаў, навукоўцаў? Амаль цалкам знішчылі літзгуртаванне «Узвышша»…

Ранак не прынёс адхлання. Ігнатоўскі прыйшоў на кухню, сомнамбульнымі вачыма працяў жонку:

- Ведаеш, я хачу, каб ты… ня вельмі сумавала, калі са мною што-небудзь здарыцца…

- Стрываем… Ці ж я буду горшая за іншых жонак? Куды вышлюць цябе — туды і я. Не ўпяршынь жа нам… Памятаеш царскую высылку?

Жонка штось яшчэ хацела сказаць, але Ігнатоўскі раптам усміхнуўся, пяшчотна абняў і пацалаваў яе. Штось няпэўна-лядзянае растала і ў ягоных зрэнках…

Паволі пакрочыў у свой кабінет, прычыніў дзверы, а праз некалькі хвілінаў гохнуў стрэл… Калі прыбегла жонка, ён ужо бяспамятна ляжаў у калюжцы крыві, але яшчэ дыхаў. Жонка выклікала па тэлефоне «хуткую дапамогу», але першым у кватэры з'явіўся агент ДПУ.

- Я цябе не клікала! Прыбег цешыцца? Вон! — паспрабавала выпіхнуць «госця» за дзверы, ды заўважыла, што па сходах падымаліся да іх яшчэ двое. Яна асунулася на падлогу і, млеючы ад роспачы, выкрыкнула яшчэ раз:

- Вы забілі майго мужа!

* * *

…У 1941 годзе сакрэтныя матэрыялы — «кніга» на 500 старонак машынапісу пад загалоўкам «Совершенно секретно. Обвинительное заключенне по делу Белорусского Национального Центра» — былі знойдзены ў сакрэтных сховішчах менскага ДПУ. У 1943 годзе па загадзе Радаслава Астроўскага іх перадалі з Менска ў Баранавічы нейкаму «др. Мінкевічу»[55].


Сустрэча ў міжсвецці

Вецер то злосна налятаў, нахіляючы-гойдаючы цыбатыя хвоі — і тады ўверсе гуло, стагнала, крахцела, то ападаў да долу, кружляў апалае лісце, біў узнятым каўняром бушлата па твары, — і Аляхновіч мусіў прытрымліваць каўнер рукамі (балазе хатуль з рэчамі нёс ззаду чырвонаармеец). Паперадзе — чэкіст у доўгім шынялі, з ромбамі на лацканах (вышэйшымі вайсковымі адзнакамі).

Яны набліжаліся да памежнай брамы — паміж Коласавым і Стоўбцамі, і Аляхновіч адчуваў, што з кожным крокам меншыўся на яго ўціск гэтага дзяржаўнага айсберга пад назовам СССР, што з кожным крокам ён — пасля амаль сямігадовай салавецкай катаргі, стомлены і надломлены — станавіўся мацнейшым.

Зірнуў наперад: над спіною ў шынялі з ромбікамі, над памежнай брамай — шчыт з чырвонымі літарамі: «Коммунизм сметёт все границы». А далей, ужо на «польскай» сцежцы, — чатыры постаці: высокі ў цывільным, два паліцыянты і той, каго сёння, 6 верасня 1933 года, польскі ўрад абменьваў на яго, Аляхновіча. Хто гэта будзе, ён ужо ведаў, але калі сустрэўся — зніякавеў і не змог першым пачаць гаворку. Нібыта на цэлае жыццё дабавілася ў ім… А вось гэты чалавек, з якім звязвалі ў мінулым гады сяброўства, скіроўваў — хоць і з лепшых памкненняў — у савецкі міраж-пекла сотні падобных яму, наіўных — і не ўсе з іх сёння жывыя…

- Ну здароў, браце… — першым прывітаўся Тарашкевіч.

- Здароў…

Яны падалі ядзін аднаму рукі.

Аляхновіч глядзеў на Тарашкевіча як згіпнатызаваны.

«Выгалены, у фільцовым капелюшы, стыльным паліто, вычышчаных ботах…»

 А ён — у пацёртым бушлаце, які застаўся яшчэ ад Салаўкоў, у брудных атопках…

- Добра выглядаеш…

- Ты таксама.

- Дзякуй, але сумняюся… — і загаварыў пра тыя міражы ў сябе за спіной, ды яго спыніў старшыня польскай рэпатрыяцыйнай камісіі — ён з чэкістам падпісаў ужо акт абмену палоннымі і намерыўся развітвацца.

- То бывай здароў…

- Бывай…

І яны разышліся: адзін у Стоўбцы, каб адтуль дабрацца ў Вільню (і праз колькі месяцаў пачаць пісаць сваю спавядальную аповесць «У капцюрах ГПУ»), другі — у Менск, каб сустрэцца з таварышамі, аддацца працы ў роднай Беларусі (але так і не пабачыў ні Смоліча, ні Янкі Купалы, — праз колькі тыдняў яго вывезлі ў Маскву, каб там зрабіць сведкам арыштаў сваіх паплечнікаў па Грамадзе, а ў 1938-м забіць і самога)…


Лібаўскі кон

Скрушны ліст у Беласток да Рыгора Шырмы Езавітаў пісаў некалькі дзён — як спавядаўся, як гаркоту сваю лекаваў:


«…З прыходам дыктатара Кароля Ульманіса ў Латвіі беларускія школы пачалі закрывацца або далучацца да латышскіх. Заместа Беларускага адзьдзела назначылі аднаго рэферэнта. У Рызе засталася толькі адна пачатковая беларуская школа, але і яе статус — няпэўны… Нашых настаўнікаў звальняюць. Пасля чацьвёртага арышту няпэўнае і маё становішча. Думаю заняцца фізічнай працай… Жнівень 1935 г.»


Восенню 1935 года Езавітаў перабраўся на правінцыю, у Лібаўскі раён, зняў два пакоі ў прыгожай прасторнай вясковай хаце. Разам з ім прыехала і Наталля Бохан, дваццацідвухгадовая беларуска з Дзвіншчыны, чарнявокая прыгажуня з чароўнай усмешкай (што выяўляла на шчоках звабныя ямінкі), з непадатлівымі кудзяркамі над чаіцынымі брывамі, мяккім голасам, — яго колішняя гімназістка, а цяпер — маладая жонка. Наталля летась скончыла ў Рызе і медыцынскія курсы і ўжо мела прапановы наконт працы — тут, на Лібаўшчыне.

Ён жа пачаў… будаваць сажалкі, разводзіць карпаў. А доўгімі піліпаўскімі вечарамі сядзеў за самаробным сталом каля шчыльна састаўленых кніжных шафаў (усю бібліятэку і архіў ён здолеў перавезці з Рыгі). Спакушала гісторыя, і ён наноў перачытваў свой кнігазбор, нядаўна праштудзіраваў працу Адама Станкевіча «Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення», якая выйшла ў 1935 годзе, — і пакінуў на кніжных палях шмат сваіх палемічных заўваг: тэзіс пра балцка-літоўскі пачатак у этнагенезе, гістарычным мінулым беларусаў; там, дзе вялася гаворка пра пляменную, этнічную самаідэнтыфікацыю продкаў сучасных беларусаў у адрозненне ад іхніх суседзяў-літоўцаў, рашуча дапісаў-удакладніў: «Беларусы і ёсць літоўцы!», «Блытае са жмудамі», а ніжэй — «У нас больш правоў называць сябе ліцьвінамі, чым у жмудаў».

На некаторых кнігах заставаліся рэмаркі Езавітава пра спецыфіку гісторыка-цывілізацыйнага развіцця Беларусі, пра супярэчлівыя дзеянні на ейных землях розных царкоўных інстытутаў — часта не на карысць карэнным нацыянальным інтарэсам беларусаў…


Пад Новы год з Рыгі яму перадалі дасланую на яго ранейшы адрас паштоўку-тэлеграму:


«Віншую генерала з заручынамі і жадаю абараняць сваю абраньніцу больш, чымся некаторых…»


Подпісу на запозненай тэлеграме не было, але ён і так здагадаўся: абазвалася Мядзёлка…

Зіму пражыў панура. Наваліліся сны-набрыдзі: то разбіваецца цягнік з ягонымі знаёмцамі, а на рэйкі няведама скуль падаюць змеі, то нейкі карабель перакульваецца і трушчыцца аб чырвоныя ледзяшы-крыгі…

А тут яшчэ на раён навалілася эпідэмія тыфусу, і ён тыдзень амаль зусім не спаў — дапамагаў, чым мог, жонцы ратаваць бедалагаў-вяскоўцаў…

Аднаго разу да яго ў дзверы пастукала гаспадыня:

- Пан Кастусь, там да вас прыбеглі… Кажуць, вашай спадарыні кепска зрабілася…

І абарвалася штось у ім. Кінуўся з хаты, а куды бегчы — не ведаў… Наталліна ноч прайшла ў забыцці, а дарогу да Рыгі пражыць ёй ужо не было наканавана…

А што Кон лёсіў яму? І тыдзень, і месяц, і год — як суцэльны летаргічны сон, з якога ні выйсці, ні выбегчы…

Дый ахвоты такой не зраджалася…


Новыя араторыі

У летаргічным сне ляжала і Беларусь. Многія з яе сыноў і дачок так ніколі і не ачунялі да жыцця. І дзесь грукаталі вагоны-таварнякі — везлі на поўнач этапы «рабсілы», і дзесь грукаталі каля турэмных лёхаў маторы — каб глушыць стрэлы, і дзесь грукаталі фанфары святкаванняў і юбілеяў…

У 1935 годзе ЦК КП(б)Б вырашыла адзначыць трыццацігоддзе літаратурнай дзейнасці Янкі Купалы. Кампазітар Мікалай Аладаў да гэтай нагоды напісаў дзвюхгадзінную араторыю на тэкст Купалавай паэмы «Над ракою Арэсай».

…Праз паўгадзіны пасля пачатку ўрачыстай вечарыны слухачы пачалі незаўважна разыходзіцца. Засталася толькі купка найтрывалых, з імі — і Купала з жонкай. Змораны «юбілейнымі» турботамі і «ганаровай» чаркай, паэт заснуў… Раскатурхалі Купалу тады, калі Аладаў з выканаўцамі араторыі на заканчэнні пачалі яго віншаваць.

На выхадзе з тэатра Купаліха перастрэла Аладава і не стрымалася:

- І што ж, дзядзька Мікола, мой Янка вам кепскага зрабіў?..

Праз некалькі дзён у «ЛіМе» з'явілася карыкатура: Аладаў сядзіць у вялікай трубе і дзьме адтуль на Купалу, а публіка тым часам разбягаецца з залы…


Пабудка прыйшла ў верасні 1939 года, калі Заходнюю Беларусь далучылі да БССР.

…У Беластоку ў Рыгора Шырмы нечаканы дарагі госць — Купала. Пастукаў ціха, нібы вагаючыся (суправаджатыя на некаторы час прыпыніліся на вуліцы каля машыны).

Абняліся, расцалаваліся, а ў абодвух на вачах — слёзы. Без стуку завітаў у хату шафёр. Гаспадар з радасцю пачаў збіраць на стол пачастунак, а Купала прайшоў у залу — большы пакой, пакратаў кветкі герані на белых падаконніках, агледзеў кніжныя шафы — і раптам знерухомеў, заўважыўшы на покуці, над шафамі, свой партрэт[56].

Як загіпнатызаваны, намацаў стул, сеў — і не адводзіў вачэй ад свайго падвойніка: бадзёрага, упэўненага, наструненага — сам пастарэлы, са здрадлівымі маршчынамі пад вачыма, з выцвілым поглядам.

Калі Шырма зайшоў клікаць госця да стала — убачыў незвычайнае: Купала з поўнымі вачыма слёз штось вымольна шаптаў свайму партрэту…

А калі развітваліся, прашаптаў і Шырму:

- Падалося мне, што тое ж зрабілі і з Беларуссю… Той край, што й раней — ды толькі ў маршчынах…


З заходнебеларускіх турмаў новыя ўлады пачалі вызваляць арыштантаў. Восенню 1939 года два з іх прыйшлі на пінкаўскі хутар Рамана Скірмунта і пастукалі ў дзверы ягонай хаты. Ніхто не адазваўся — і стук узмацніўся.

- Зараз-зараз… — да дзвярэй прашомкаў сам гаспадар. — Хто там?

- Адкрывай! Мы з камітэта. — Голас сіплы, прастуджаны.

- З якога камітэта?

- Раённага! Адкрывай.

- То што вы хочаце? Вечар жа…

- Адкрывай, а то будзем ламаць!

Доўгая хвіля маўчання — і няпрошаныя госці навальваюцца плечукамі, разам гохкаюць у дзверы… Клямка вось-вось сарвецца…

- Абажджэце! Чаго ломіцеся? Зараз адкрыю.

У хаце светла — спалоханая жонка трымае ў руках газніцу з высока адкручаным кнотам. На стале — вараная бульба, малако, салата, раскроены брус сала, яйкі.

- Ці не зарана вячэраць? — даўгавязы з худым тварам, на якім востра выступалі скулы, прыставіў да стала вінтоўку, сеў на табурэтку, выбраў з міскі меншы агурок, адкусіў… - О, добрая засолка! — і працягваў ужо, не перастаючы храбусцець, аж пакуль не даеў. — Знаць так, пан Скірмунт… Мы павінны адвесці цябе ў раён. Як ведаеш, у нас — новая ўлада, і яна разбіраецца з усімі, хто не зжыў панскага хворсу. Але мы не якія-небудзь злыдні… Хочаш — дамовімся палюбоўна. Ты нам залацішка, і чым пабольш — а мы за гэта забываем да цябе дарогу.

- Якое золата? — не паверыў пачутаму Скірмунт і нахмурыўся. — Які ж з мяне пан? Я даўно сваім мазалём жыву. Хай вунь суседзі скажуць… А па золата вам трэ было на гадоў пятнаццаць раней прыходзіць. А так — ваколіцы адно маё багацце… ды парк яшчэ…

- То як хочаш… — Не даў дагаварыць даўгавязы. — Збірайся й пойдзем!

Скірмунт абняўся з жонкай (тая ціха плакала), ускінуў на плечы світку і першым выйшаў з хаты. Сонца з паўгадзіны таму схавалася за блізкім лесам, забыўшы на ягоных макаўках свой выцвіла-ружовы вэлюм… Глуха ёдзгаў у будцы стары сабака…

Калі ішлі паркам, мякка шапацела пад нагамі апалае лісце, адно канадскі клён аніяк не хацеў скідваць свой жаўтавата-шэры курцік і махаў услед сваімі вялікімі лістамі-далонямі…

«Мо і насамрэч трэ было, як запрашалі, з'ехаць у якую-небудзь Канаду?» — падумаў Скірмунт і яшчэ раз азірнуўся на сваю хату — у вакне з газніцай закамянела жонка.


Яго цела назаўтра знайшлі вяскоўцы — за кіламетраў шэсць ад хаты, на ўзлеску, побач з дарогай. На грудзях — рана, твар збіты да непазнавальнасці, шыя зломлена. Ці гэта ахвяру напачатку выпытвалі, а затым застрэлілі, ці проста ў візіцёраў усяго адзін патрон быў, і таму давялося дабіваць-дадушваць старога — хто цяпер дазнаецца?

* * *

На мапе Эўропы за паўмесяца перастала існаваць вялікая і багатая дзяржава — Польшча[57]. 1 верасня 1939 года нямецкія войскі пачалі акупацыю з захаду, з усходу 17 верасня Заходнюю Беларусь, Заходюю Украіну і некаторыя польскія раёны заняла Чырвоная армія.

Для некаторых беларусаў зноў замаячылі агні старадаўняй Вільні. У горадзе склікаюцца грамадскія сходы. На адным з іх з прамовай выступіў Антон Луцкевіч — жадаючы далучэння Вільні да БССР. Аднак урад СССР перадаў Вільню і Віленскі край Літве. Выступаючы на надзвычайнай сесіі Вярхоўнага савета СССР міністр замежных спраў Молатаў сказаў:


«Віленская тэрыторыя належыць Літве не з-за яе насельніцтва. Не, мы ведаем, што большасць насельніцтва на гэтым абшары не літоўская. Але гістарычнае мінулае ды імкненні літоўскага народа цесна звязаны з горадам Вільня, і ўрад СССР палічыў неабходным шанаваць гэтыя маральныя фактары».


Яшчэ да перадачы Вільні Літве ў горадзе НКУС правёў масавыя арышты беларусаў. У турмы СССР трапілі Аляксандр Уласаў, Антон Луцкевіч, Антон Трэпка, Сяргей Бусел (удзельнік колішняга Слуцкага паўстання), жонка Радаслава Астроўскага Антаніна і сын Віктар, Макар Краўцоў (у 20-я гады быў у апазіцыі да Пілсудскага, у 1926 яго арыштавалі польскія ўлады, з 1927 працаваў у Віленскім беларускім навуковым таварыстве, з 1939 — у рэдакцыі газэты «Віленская Праўда») і іншыя.

Праз дзесяць месяцаў Чырвоная армія заняла Літву, Латвію і Эстонію…

Перападзел не спыняўся і ў 1941-м. Пасля нападу Нямеччыны на СССР Беласток і Горадню з акругамі далучылі да Усходняй Прусіі, Брэст, Пінск і Гомель — да «Генеральнага камісарыята Украіны». Рэшта Беларусі са Смаленшчынай і часткай Браншчыны склала «Беларускую генеральную акругу»…


Не жыць для сябе

У лістападзе 1939 года Езавітаў зноў пераехаў у Рыгу і прыгледзеў сабе ціхую кватэру на Міжпарку, Інчукала Йеса, кватэру № 1 у доме № 1. І насамрэч — нібыта новы пачатак сведчылі сабой гэтыя адзінкі…

Наноў раскладваў свой архіў, рабіў новыя вопісы, а калі ўсё давёў да ладу — пайшоў у цырульню і пагаліўся.

Але напоўніцу агоўтацца да рэчаіснасці перашкаджалі газэтныя паведамленні: у Эўропе гула вайна, і яму здавалася, што не ён гэта ператварыў колькі гадоў свайго жыцця ў сон, а што яна — вайна — задрамала была на дзесяцігоддзе з гакам…

Яго абралі старшынёй «Беларускага аб'яднання» Латвіі, дырэктарам беларускай вячэрняй школы для дарослых, запрашалі да супрацоўніцтва многія беларускія выданні: часопісы «Новы Шлях», «Ostland», газэты «Раніца», «Новая Дарога» і «Беларускі Голас», які рэдагаваў Аляхновіч. Рыхтаваў да друку новыя працы: «Гарманізацыя беларускай песні», «Беларусы ў Амерыцы», «Беларускі нацыянальна-адраджэнчы рух», «Беларускі паэт Сяргей Палуян», «Мікалай Якаўлевіч Нікіфароўскі» і іншыя (некаторыя з іх затым надрукаваў у берлінскай «Раніцы» пад псеўданімам М. Зінчук[58].

У красавіку 1942 года Езавітаў папрасіў Аляхновіча напісаць для беларускай прэсы сваю аўтабіяграфію. Праз год драматургу споўніцца шэсцьдзесят гадоў, і высвятленне ягонага жыццяпіса Езавітаў лічыў важным клопатам.

1 траўня з Вільні прыйшоў адказ:


«…Даруй, братка, але мне пакуль-што цяжка пісаць аб сабе».


Але Езавітаў паслаў новы — больш настойлівы ліст, і ў ліпені атрымаў не аўтабіяграфію, а ўспаміны-апавяданні ў паасобных малюнках, у якіх апісваліся здарэнні 1902 - 1903-га, 1910 - 1913-га, 1922-га і 1940-га гадоў.

Езавітаў дапісваў біяграфію Аляхновіча ажно да верасня: зноў прасіў даслаць дакладныя звесткі пра бацькоў і дзеда, высветліць некаторыя моманты з лёсу самога драматурга. А той адказваў неакуратна — і праз сваю занятасць, і праз сваю сціпласць…

…Гора сваіх сяброў, таварышаў, калегаў, знаёмых Езавітаў успрымаў сваім. Даведаўся, што ў Сяргея Скандракова памерла жонка (з ёй таксама даўно знаўся) — і зашчымела пад сэрцам, захацелася перадаць добрае слова…


«18 сакавіка 1943 г.

 Дарагі пане Сяргею!

Мы з вамі ўжо даўно не жывём для сябе, дык пацягнемо і далей наш воз. — Так пачаў ён свой ліст. Задумаўся. Стаў пісаць — абсохла пёрка. Абмакнуў наноў — атрамант якасны, кладзецца з асадкі тонка. — Распачыналі мы ў 1921 годзе. Безьлюдзь была. Потым былі й уздым працы, і разбурэньні, іновыя ўзьлёты і падзеньні, але добра тое, што мы ня здрадзілі свайму народу і сваім пачуцьцям, з якімі выйшлі на працу… — і як не парадавацца, падумаў: зноў запрацавалі дзве беларускія гімназіі, чатыры нацыянальныя пачатковыя школы, а вось-вось клопатамі Сахарава адкрыецца Розенаўская беларуская гімназія… Вось толькі б яшчэ здароўе… — Я зараз часта хварэю. Перапрацаваўся. Аднак цягну. «Беларуская школа» ў тыпаграфіі. Друкую тое, што дазваляюць. Зборнік сьпеваў рыхтую. Для альманаху ня маю проста часу».


Пра тое, што ён браў удзел у выданні беларускага часопіса «Новы Шлях» (і надрукаваў у № 2 артыкул «Беларуская нацыянальная вопратка», у № 3 — «Беларускі мастак — Пётра Мірановіч», у № 11 — «Свята Купалы», у № 20 — «Вацлаў Ластоўскі», а таксама — у свежым нумары — «Беларускія прыпеўкі»), пра тое ягоны суразмоўца па ліставанні, пэўна ж, ведаў. Як і пра апрацоўку Езавітавым «Беларускага бібліяграфічнага слоўніка» і напісанне гісторыі нацыянальнай беларускай інтэлігенцыі. Згадваў Езавітаў Сахараву раней і пра тое, што пакрысе пачаў пісаць успаміны пра падзеі 1917 - 1918 гадоў.

Ён і раней толькі працай — днямі й начамі, фанатычнай, спапяляльнай і жывільнай — ратаваў сябе: ад ліхіх думак, ад душэўнай нудоты, тугі. Працай і лекаваў свае хваробы. Мацавалі і лісты — ад сяброў. Пазаўчора на артыкул «Беларускія прыпеўкі» адгукнуўся дырэктар Віленскага беларускага музея Янка Шутовіч і прасіў па мажлівасці паспрыяць-дапамагчы ў зборы фальклорнага матэрыялу і краязнаўчай працы. Ахвотна!

А праз два месяцы — новая радасць. Выйшла ў свет трэцяе выданне ягонай «першай пасля лемантара кнігі для чытання ў беларускай асноўнай школе Латвіі» «Беларуская школа». Былі аддрукаваны й іншыя падручнікі, песні з нотамі. Займаўся перасылкай іх па школках краю, а тут і самому перадалі ліст — з Прагі.

Узгадаў пра яго колішні консул БНР у Канстанцінопалі, а цяпер начальнік Беларускай самапомачы Іван Ермачэнка, які, да ўсяго, займаўся ўпарадкаваннем Беларускага загранічнага архіва ў Празе. А таму і заахвочваў перадаваць у архіў і ягоны — Езавітава — збор:


«Дакумэнты і ўсялякія пісемныя ці друкаваныя матэрыялы перасылайце на адрас: Беларускі архіў пры Міністэрстве ўнутраных спраў — Пратэктарат Чэхіі і Маравіі. Прага. <…> Магчыма што кіраўніка архіву мне ўдасца пасадзіць яшчэ да свайго ад'езду ў Менск, дык потым паведамлю Вам яго прозьвішча, адрэса была б тая самая <…> Калі ж ён сюды не прыедзе, дык дастанеце потым ліста безпасрэдна ад яго».


Гэта была і правільная, і патрэбная справа: усе матэрыялы-сведчанні нацыянальнага руху сабраць і захоўваць у адным месцы, і калі на Беларусі зрабіць гэта немагчыма праз акупацыю і актывізацыю савецка-нямецкага фронта — дык чаму б не пачаць у Празе?

Праседзеў да паўночы, а калі перачытаў напісанае, падумалася, што і не ліст атрымаўся, а «правадзейны» артыкул (як-ніяк — быў жа слухачом Віцебскага археалагічнага інстытута, дзе прызвычаіўся цаніць архівы!):


«Мужу даверу

пры Гэнэральным камісары Беларусі

дохтару Івану Ермачэнку.

Паважаны Спадару!

Дужа цешуся, што Вы зацікавіліся нарэшце і справаю Гісторыі Беларускага Адраджэнчага Руху і належсмых да гэтае гісторыі архіваў. Сёньня атрымаў Вашыя лістіы ад 25 і 29 траўня 1943 году і ахвотна пастараюся Вас паінфармаваць аб тым, што мне ў гэтай справе ведама.

1) З архівамі Беларускага Руху абыходзіліся дужа нядбала.

Гэтак, напрыклад, Архіў Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Менску, Архіў Вялікай Рады і Цэнтральнай Вайсковай Рады быў захоплены бальшавікамі ў студзеню 1918 году, калі яны напалі на Беларускую Вайсковую Раду ўначы і арыштавалі мяне і Захарку. У лютым мы, аднак, захапілі ўладу ў Менску і зноў здабылі гэтыя архівы. Прычым высьветлілася, што сакратар Усебеларускага Кангрэсу Тамаш Грыб невядома куды падзеў архіў Кангрэсу <…>.

2) Архіў Народнага Сакратарыяту і Рады БНР быў пры эвакуацыі з Менску ў сьнежні 1918 году вывезены міністрам Я. Варонкай у Вільню, а стуль у Коўну, дзе і перахоўваўся ў яго прыватнай кватэры да ад'езду яго ў Амэрыку. <…>

З) Дзеля невядомых мне прычынаў, Архіў гэты ня трапіў у рукі эміграцыйнага ўраду БНР, але быў прададзены транспартнаю кантораю п. В. Ластоўскаму, які перахоўваў яго ў сябе да свайго ад'езду ў Менск. <…>

5) Пасьля ад'езду свайго ў Менск В. Ластоўскі, у вялікім сакрэце, захаваў закуплены ім архіў Я. Варонкі ў Літве, не сказаўшы аб гэтым нікому, апроч свае жонкі-літвінкі, з якою ён быў разведзены, але якой дапамагаў выхоўваць дваіх сваіх дачок, а таму меў сталую сувязь. Трымаў ён у сакрэце таму, што баяўся, каб савецкі ўрад не запатрабаваў выдачы гэтых дакумэнтаў у БССР, што магло дужа зашкодзіць астаўшымся ў Беларусі старым беларускім дзеячом, а таксамамагло загубіць гэтыя дакумэнты, для Беларускага Руху <…>.

6) Ня ведаю калі, але ўжо каля 1935 - 1936 году сталася вядомым, што муж аднае з дачок Ластоўскага ў Літве зажадаў «звольніць пакой ад рознага хламу» і таму прадаў жыдом і багатую бібліятэку Ластоўскага і «ўсялякія паперы непатрэбныя». <…>

Мне здаецца, што прызначэньне ў Празе кіраўніка Беларускага Архіву і даручэньне яму працы яшчэ толькі пачатак гэтае справы.

Каб хутчэй правесьці гэтую важную справу, патрэбна

1) <…>

2) <…>

3) <…>

4) <…>

З грамадзкім прывітаньнем моцна цісну руку.

Жыве Беларусь!

5.06.1943. К. Езавітаў».


Спавядальным, у нечым нават падрахавальным атрымаўся ліст Езавітава да Міколы Абрамчыка[59] ад 28 ліпеня 1943 года:


«Беларускі народ на чале з Першым беларускім урадам не аказаў патрэбнага адпору сваім акупантам. У гэтым сэнсе акурат і выявілася нацыянальная непадрыхтаванасьць. Народ аднёсься пасыўна да свайго лёсу. <…> Каб здабыць незалежнасьць, мала толькі абвясьціць яе на паперы. Яе патрэбна здабыць уласнымі рукамі, бо ніхто яе нам не падаруе. Але для гэтага трэба мець моц і волю да незалежнага жыцьця. <…>

Беларускі народ у сярэднім высокамаральнага складу. І якраз гэтая маральнасьць пазбавіла нас ініцыятывы, рашучасьці, энэргіі… Мы не пускаліся ў налёты, як нарманы, нашчадкі якіх сёньня хоць і невялікія шведзкі і нарвескі народы, але маюць і дзяржаўнасьць, і культуру, і новыя маральныя пакаленьні. Мы ня мелі духовае цьвёрдасьці, каб даць адпор чужацкаму засільлю…».


Лета зноў змяняла зіма, а яны жылі — абгалечаныя, усірочаныя новай вайной. Толькі тут, у Рызе, з кожным днём усё мацней і мацней сціскала ў свае абцулінды адзінота. Школы, з такой цяжкасцю сабраныя, — вось-вось закрыюцца. Настаўнікаў — не хапае. А галоўнае — згаслі ў вачах сяброў былыя іскрынкі апантанасці. Апатыя — люцей і зласней ад любога ворага — перамагала і без таго нешматлюдную сябрыну сведамых рыжскіх беларусаў.

І заставалася — шпацыр кожнага ранку па новым снезе старога горада, мадзенне да цямна над кнігамі й рукапісамі, сон-набрыдзь — і зноў шпацыр. Пачало нават здавацца, што й выйсця з гэтага кола-тупіка не будзе…

Снедаў у кавярні «Euros», праглядваў газэты. Калі патрапляў «Беларускі Голас» — прачытваў увесь. І падавалася, што там, у Вільні, дзе выдавалася газэта, жыццё віравала: дзейнічала Віленская беларуская рада, жыло й працавала шмат беларусаў — і п'есы ставіліся, і карціны пісаліся…

- Беларускія газэты? — каля ягонага століка хітнуў галавой — прывітаўся — колішні знаёмец з рыжскіх беларускіх журналістаў Мікола Лошчыц, з нядаўняга — настаўнік геаграфіі Розенаўскай гімназіі.

- Сядайце, пане Лошчыц. Можа, вы навінамі падзеліцеся? А то дзень у дзень адно і тое газэты гэтыя паўтараюць…

- Ды якія там навіны… Ці немец, ці рускі.

- Як гэта? — ён неўразумела аглядзеў Лошчыца, а той і не міргнуў нават:

- Ды так, колькі ні пнёмся, а як проса ў ступе…

Памаўчалі, і, нібыта падагульняючы, Лошчыц дапіў каву і апаліў:

- Вырашыў я, пане Кастусь, у Амерыку падацца.

- А гімназія?

- Развітаўся.

- Кінуў?

- Так, калі заўгодна.

Ён яшчэ з хвілю ўзіраўся ў вочы Лошчыца і з жахам адчуваў, што ні ўгаворваць, ні абурацца і сілаў, і ахвоты ў яго не было.

- То зрабі ласку — і ад мяне адыдзі…

Лошчыц наструніўся, моўчкі забраў талерку з недаедзенай запяканкай і перайшоў да другога століка. Спахмурнеў — ці гэта проста падалося?..

Увесь дзень хаваўся ад скрушных думак у кнізе, а ноччу так і не змог заснуць. Сеў пісаць новы ліст — да Аляхновіча ў Вільню.


«…Зайздрошчу Вам, што працуеце ў родным асяродзьдзі, сярод сваіх людзей, бо мне ўжо 25 год даводзіцца працаваць сярод чужынцаў або сваіх, якія паступова трацяць сувязь з роднай глебай і якіх увесь час даводзіцца духова ратаваць ад загібелі. Заўсёды прыходзіцца толькі даваць нешта ад сваёй энэргіі і духу, а ад іншых «зарадкі» ня маю. Павінен «самазараджацца» праз кнігу, газэту, верш і ўласны дух…»


Лёсавая драма Аляхновіча выяўляла ўсё новыя павароты: улетку 1940 года ён сустрэў у Вільні савецкія танкі… Былі ўцёкі праз «зялёную» мяжу ў Нямеччыну, быў астрог у Сувалках, адкуль таварышаў пусцілі ў тую Нямеччыну, а яго — перакінулі назад (бо своечасова не паклапаціўся аб дакумэнтах у нямецкай амбасадзе ў Коўне). І былі тулянні па Вільні (кожную ноч — у новых знаёмых), пакуль не выехаў у Алькенікі, дзе стаў… вартаўніком. І быў прыход нямецкага войска…

Езавітаў згадаў, як Аляхновіч у колішнім сваім допісе-ўспамінах прызнаваўся (у кастрычніку 1942 года перагледзеная Аляхновічам біяграфія была надрукавана ў беластоцкай газэце «Новая Дарога» (№ 40).):


«— Ці злыбяды ўжо скончыліся? Хто ведае? Але хіба што канец, бо і жыцьцё блізіцца да канца. Хоць — няма ведама, можа лёс, які так без пардону зьдзекваўся, не даючы мне, аднак, канчальна згінуць, мае ў запасе нейкую апошнюю штуку, якую прыгатаваў для мяне як фінал…»


І як напрарочыў…

Ён, здавалася, ужо звыкся да жыцця ў небяспецы, у нечаканасцях. То танкі, то міны — як тады, у 1943-м, у Менску.

…Яны паабедалі ў сталоўцы Самапомачы і па былой Камсамольскай, а цяпер вуліцы Алеся Гаруна вярнуліся ў рэдакцыю «Беларускай Газэты»: Францішак Аляхновіч, Антон Адамовіч, Наталля Арсеннева і Леанід Савёнак. Да Адамовічавага стала падышоў Савёнак, папрасіў пяра.

- Маё не піша, а малюе, як пэндзаль, — патлумачыў.

Адамовіч адсунуў шуфляду — і скамянеў: у газэтным скрутку ляжала міна… Апальвалі два словы, напісаныя тлуста і няроўна: «Руками не трогать!»

- Уцякайце! Хутчэй уцякайце адсюль! — выкрыкнуў Адамовіч і асцярожна ўзняўся з-за стала.

З іншага пакоя пазванілі ў паліцыю. Паліцыянт — менскі немец, фольксдойч — прыйшоў праз некалькі хвілін, акуратна выцягнуў шуфляду і толькі вынес яе разам з мінай на прыступкі будынка, як гохнуў выбух. Паліцыянта разарвала на кавалкі...

Праз год пасля таго, як адзначылі шасцідзесяцігоддзе «бацькі беларускага тэатра» (як пісалі газэты пра Аляхновіча), увечары 3 сакавіка 1944 года да яго на віленскую кватэру зайшлі два наведвальнікі. На пісьмовым стале — карэктура «Беларускага Голасу» (падчас нямецкай акупацыі яе рэдагаваў Аляхновіч), часопісныя выразкі сваіх успамінаў пра перадваенныя гады тулянняў і ўцёкаў ад ГПУ - НКУС (вырашыў іх дапоўніць), рукапіс пра пачатак беларускага адраджэння, экземпляр напісанай у 1943 годзе камедыі «Круці ня круці — трэба памярці» — з свежым аўтографам аднаму знаёмцу…

У кабінеце пачалася спакойная размова, а каля васьмі гадзінаў вечара нечакана грымнуў стрэл… Жонка кінулася да мужа, і яе на прыступках ледзь не збіў адзін з наведвальнікаў.

Кроў з прастрэленай галавы Аляхновіча залівала стол, і ён толькі змог двойчы прашаптаць жонцы:

— Звані...[60]


Частка IV

* * *

Некалі Менск, а цяпер Мінск шмат пабачыў за свой век, але эскадра варожых самалётаў у ягоным небе з'явілася ўпершыню…

У той дзень, 22 чэрвеня 1941 года, многія з мінчукоў былі ў пасёлку Весялоўка — на адкрыцці Камсамольскага возера. З бадзёрай прамовай выступіў таварыш Молатаў. А вечарам загохкалі першыя стрэлы зенітак і з'явіліся першыя нямецкія бамбавозы…

Праз шэсць дзён пасля таго Мінск быў акупаваны (за суткі вораг пасоўваў «легендарную» і «непераможную» Чырвоную армію на 50 - 100 кіламетраў. Аніякай эвакуацыі горада не было. Народнае апалчэнне ў Ждановічах і Уруччы, не атрымаўшы прадуктаў харчавання, выступіла на затрыманне нямецкага дэсанта з адной вінтоўкай на… дзесяцёх.

Дэкрэтам ад 17 ліпеня 1941 года Гітлер абвясціў аб стварэнні рэйхскамісарыята Остланд у складзе Літвы, Латвіі, Эстоніі і часткі Беларусі, рэйхсканцлерам прызначыў Лозе (яго рэзідэнцыя размяшчалася ў Рызе). Генеральны вокруг «Беларусь» узначаліў Кубэ, на чале Менскай гарадской управы з лістапада 1941 года стаў Вацлаў Іваноўскі.

З гэтага часу, на думку Езавітава, на Беларусі — да ўсяго — распачалася і новая грамадзянская вайна. Гаўляйтэр Кубэ, сам паэт-драматург, пачаў падтрымліваць мясцовых нацыянальных дзеячоў. Многія беларусы ў першыя дні акупацыі выяўлялі лаяльнасць да немцаў: ствараецца Беларуская народная самапомач, Саюз беларускай моладзі, закладваецца Беларуская рада даверу, адкрываюцца нацыянальныя школы, выдаюцца беларускія газэты[61].

Масква не магла змірыцца з гэтым, хоць і кінула дзесяцімільённы народ — як жывы шчыт — да ног фашыстаў. Пад яе патранажам распальвалася партызанская барацьба, якая толькі люціла нямецкія войскі супраць беларускага насельніцтва. Пачалося вынішчэнне беларусаў і немцамі — цэлымі вёскамі за аднаго забітага партызанамі салдата, і партызанамі. 5 сакавіка 1943 года ў рэдакцыі «Беларускай Газэты» падпольшчыкамі быў забіты лідэр нацыянал-сацыялістаў Фабіян Акінчыц, у лістападзе — рэдактар «Беларускай Газэты» Вацлаў Казлоўскі, у снежні — Вацлаў Іваноўскі, а таксама дзесяткі іншых беларусаў. Брат забіваў брата…

А знішчаючы немцаў — ні на фронце, а ў тыле, дамагліся і рэпрэсіяў на акупаваных гарадчукоў — большасцю жанчын, старых і дзяцей. Забойства падпольшчыкамі гаўляйтэра Кубэ ў ваенных дзеяннях не дало поспехаў — наадварот, яго месца заняў брыгадэнфюрэр СС, генерал-маёр паліцыі Готберг, які пачаў лютаваць напоўніцу. Але ж найперш гэтага і дамагаліся з Масквы: вынішчыць сімпатыі некаторых да акупантаў. І гэта атрымалася: пасля забойства Кубэ былі ўзяты ў заложнікі жыхары дзвюх мінскіх вуліц — Арктычнай і Беламорскай (каля трохсот чалавек), распачаліся аблавы й арышты, і сімпатыі ўзмацніць яны не маглі…

Скрушна і балюча думалася пра гэта Езавітаву ў Рызе. А была ўжо восень 1943-га, і ён — вопытны вайсковец-тактык — не мог не заўважаць і істотных пераменаў. Пачаўся шырокі контрнаступ Чырвонай арміі. Для паходу на Беларусь прызначаліся войскі трох франтоў. Асноўны ўдар выяўляўся ў напрамку Віцебска («Брамы ў Прыбалтыку») - Полацка - Даўгапілса (так цяпер звалі яго родны Дзвінск), каб урэшце авалодаць і Рыгай…

Асабліва пасля зімы — у сакавіку 1944-га — ён пачаў адчуваць, што пераможная шаля канчаткова хілілася ў бок савецкіх войскаў. А напрыканцы вясны лінія фронту ўжо легла на ўсход ад Полацка, Віцебска, Воршы, Магілёва, Жлобіна, Бабруйска, далей — на захад ад Мазыра па Прыпяці да Ковеля. Віцебск, Орша, Магілёў, Бабруйск, Полацк, Барысаў і Мінск адмысловым загадам Гітлера аб'яўляліся гарадамі-крэпасцямі. Але ж яшчэ з мінуўшчыны вядома: чужыя сцены войску не спрыяюць… Езавітаў пачаў разумець, што немцам заставацца на Беларусі нядоўга… І калі з Менску (зноў — Менску!) яго запрасілі ўвайсці ў склад Беларускай цэнтральнай рады пад кіраўніцтвам Радаслава Астроўскага, якога Готберг зацведзіў у «прэзідэнстве», Езавітаў згадзіўся: хто ведае, ці накануе яшчэ лёс пабачыць Менск?..


Другі Усебеларускі кангрэс

Ён адбыўся 27 чэрвеня 1944 года ў зале Менскага тэатра — там жа, дзе і першы ў 1917-м. Толькі месца гэтае цяпер пачало палохаць гараджан — у скверы нядаўна стаялі шыбеніцы…

На сцэне — стол прэзідэнта Беларускай цэнтральнай рады, збоку — крэслы для дэлегатаў, якім не хапіла месца ў зале. Нацыянальныя беларускія сцягі і герб — побач з нямецкай свастыкай…

Левую ложу занялі сябры БЦР. У восем гадзінаў раніцы ў ёй з'явіўся Астроўскі. Дэлегаты сустрэлі яго воплескамі. Праз некалькі хвілін Астроўскі ўзышоў на трыбуну і абвесціў кангрэс адкрытым. У адказ — зноў авацыі.

Аркестр, які займаў тэатральную яму, зайграў беларускі гімн. З глыбіні сцэны заспяваў хор…

Затым зноў гаварыў Астроўскі:

- Давайце абяром старшыню кангрэса і яго прэзідыум.

На старшыню была прапанавала толькі адна кандыдатура, названая Астроўскім, — Яўхіма Кіпеля, рэдактара «Голаса Вёскі» і кіраўніка Беларускага навуковага таварыства. Кіпель заняў месца ў прэзідыуме, падзякаваў за давер і папрасіў абраць яшчэ двух віцэ-старшыняў і двух сакратароў. Імі адзінагалосна прапанавалі стаць Барысу Рагулю, Івану Касяку, Леаніду Галяку і Лявонцію Бранавіцкаму.

Зацвердзілі парадак дня, і з прамовай выступіў Кіпель, а Астроўскі — са справаздачным дакладам. Калі прэзідэнт БЦР сышоў з трыбуны, старшыня кангрэса абвясціў пачатак дыскусіі па дакладзе. Першым узяў слова старшыня Стаўбцоўскага павета Ясюк:

- Не зважаючы на кароткі час існавання… усяго шэсць месяцаў… БЦР зрабіла шмат такога, што назаўсёды ўвойдзе ў гісторыю беларускага народа… Важнейшым ёсць стварэнне Беларускай краёвай абароны — беларускага нацыянальнага войска, аб якім заўсёды марыў беларускі народ… Расійскі бальшавізм баяўся беларускай сілы, таму і ў міліцыю не дапускаліся на кіруючыя пасады беларусы. Бальшавікі перайшлі да яўнай русіфікацыі. Салдаты з Беларусі накіроўваліся ў Сібір і на Урал… Лічу, што БЦР з'яўляецца беларускай нацыянальнай уладай. Ад імя насельніцтва павета і сябе асабіста жадаю радзе поспехаў у працы. Няхай жыве Беларусь! Няхай жыве БЦР!

Асабліва запомніўся Езавітаву выхад да трыбуны Міколы Дзямідава, — з гэтым чалавекам яго лучылі доўгія гады сяброўства. У былым афіцэр царскага войска, Дзямідаў у 1918-м служыў камендантам Горадні і быў у камендатуры прадстаўніком Рады БНР. А пазнаёміліся яны — Езавітаў і Дзямідаў — падчас сумесных паходаў у тылы Чырвонай арміі ў сакавіку 1919-га… Калі Латвію занялі немцы, Дзямідаў стаў кіраўніком Беларускага нацыянальнага камітэта ў Дзвінску, увайшоў у склад Белнацкама ў Рызе, які ачольваў Езавітаў. У 1942 годзе Дзямідаў прыехаў на Беларусь, працаваў інспектарам і рэферэнтам па школьных справах, затым — фармаваў батальёны Беларускай краёвай абароны…

- Для ўсіх зразумела, што БЦР з'яўляецца важнай арганізацыяй у гісторыі народа, — гаварыў Дзямідаў. — Як настаўнік, я сцвярджаю, што ў адукацыі за гэты час зроблена шмат. Самае важнае: мы зараз маем беларускую нацыянальную школу… Ранейшыя бальшавіцкія школы дэнацыяналізаваліся, рабілі з вучняў ворагаў народа… — Твар Дзямідава (яго Езавітаў бачыў выразна — бо сядзеў крыху наўзбоч ад трыбуны, у «ганаровым прэзідыуме», — як удзельнік яшчэ Першага Усебеларускага кангрэса) стаў змрочным, на ілбе выступілі кволыя баразёнкі маршчын. — За дваццаць пяць гадоў тыя школы нічога не далі народу. БЦР па адносінах да школы праводзіць правільную лінію. Мэта БЦР — аднаўленне Беларусі, а гэта мэта і ўсіх прысутных на кангрэсе. Таму прапаную вынесці давер БЦР і пажадаць ёй далейшай працы на карысць беларускага народа.

Трэцім прамаўляў Яўхім Кіпель:

- Для ўсяго народа ў дадзены момант важнейшым становіцца вынішчэнне бандытызма — партызаншчыны, што рабуе наш народ. Прэзідэнт Астроўскі першым пачаў ствараць беларускую збройную сілу… — пачуць гэта Езавітаву, канешне ж, было нечакана. — Яго знае ўся Беларусь. Лічу, што цяпер не час займацца пустой крытыкай… Мая прапанова — прасіць прэзідэнта і далей заставацца ім.

Выбухнулі апладысменты, да прэзідыума даляцеў голас з залы:

- Няхай жыве сённяшні прэзідэнт БЦР і будучы пажыццёвы прэзідэнт Беларускай Рэспублікі!

Пачалі абіраць камісіі — мандатную і рэдакцыйную. У склад другой (яна мусіла распрацоўваць рэзалюцыі кангрэса) абралі Наталлю Арсенневу, настаўніка (і таксама паэта) Лявона Случчаніна і яшчэ чацвёра дэлегатаў. Старшынёй рэдакцыйнай камісіі даручылі стаць Езавітаву.

Прагучала некалькі прывітанняў кангрэсу (найбольш запомнілася прамова Лявона Савёнка), і ў дзесяць гадзін аб'явілі пятнаццаціхвілінны перапынак.


…- Спадар Езавітаў, - да яго падышла Наталля Арсеннева. — Я з мужам хочам запрасіць вас да сябе на вячэру. Ці сяння ў васпана знойдзецца час?

- Безумоўна. Дзякую за запросіны…

- То рыхтуйцеся да сюрпрызу!..


Пасля перапынку ад імя праваслаўнага духавенства выступіў япіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Філафей:

- Разам са збройнай Краёвай абаронай ёсць яшчэ рэлігійныя і маральныя ідэалы. І неабходна падумаць пра адраджэнне рэлігійнага і маральнага характара народа. Калі ідзе гаворка аб барацьбе з бальшавізмам, трэба знаць, што хрысціянскі культ — яго найбольшы вораг. У барацьбе за лепшую долю трэба выпрацаваць светапогляд, які б супрацьстаяў бальшавізму. А такім можа быць толькі светапогляд хрысціянскай культуры… Прадстаўнікі царквы моляцца за тых, каму цяжка жывецца. Вам, паважаны прэзідэнт, жадаю здравія і сілы стаяць на чале беларускага праваслаўнага народа. Няхай жыве БЦР пад кіраўніцтвам прэзідэнта!

Выступленне прадстаўніка ад евангелістаў было больш «рэкламным», да ўсяго Езавітаву перашкаджаў яго слухаць сусед з прэзідыума, якога закранула прамова япіскапа Філафея.

- Як так, — абураўся ён. — Чаму гэта «беларускі праваслаўны народ»?! А калі я каталік, а калі на маёй радзіме ўсе каталікі? — Не ведаў, што ксёндз Татарыновіч выступіць толькі перад абедам.

Зачыталі тэлеграмы: ад генеральнага камісара Беларусі генерала фон Готберга, ад Кёнінгсбергскага адзьдзела Беларускага камітэта самапомачы. Да трыбуны падышоў віцэпрэзідэнт БЦР Мікола Шкелёнак. Ягоны даклад (які меў назву «Аб прызнанні па-за юрыдычнай сілай дамоваў і аднабаковых пастаноў урада СССР і былой Польшчы, якія тычыліся Беларусі, яе тэрыторыі і народу») Езавітаў слухаў вельмі ўважліва, бо рыхтаваўся выступіць з яго абмеркаваннем.

І вось: ён за трыбунай — падцягнуты, строгі.

- Паважаны спадар прэзідэнт БЦР, паважаныя дэлегаты! Дваццаць шэсць гадоў таму назад вось з гэтага месца я прамаўляў на Першым Усебеларускім кангрэсе. Успамінаючы той час і параўноўваючы яго з сённяшнім, я з гонарам канстатую, што за чвэрць стагоддзя высока ўзнялася нацыянальная самасвядомасць… Змяніўся сам беларускі народ. Калі раней большасць дэлегатаў лічылася беларусамі, а гаварылі толькі па-руску, то сёння ў гэтай зале мы чуем толькі беларускую мову. Ужо дваццаць шэсць гадоў таму назад была выказана моцная воля беларускага народа быць адзіным гаспадаром свайго краю: гаспадаром у палітыцы, эканоміцы, культуры. Да гэтага часу ніхто без супраціву не мог зламаць гэтай волі… Ва ўсім беларускім народзе выкрышталізавалася думка і магутнае імкненне да таго, што Беларусь павінна быць непадзельнай, свабоднай дзяржавай, і аніякія былыя ці новыя дамовы нашых ворагаў не зломяць волі беларускага народа. — Езавітава перапынілі доўгія воплескі. Гэта надало яму яшчэ больш упэўненасці. «Вось з каго прэзідэнт будзе!» — апаліў нечаканы вокрык. І насамрэч, вельмі ўжо кантрастным было параўнанне Езавітава і Астроўскага: стройнага прыгажуна-вайскоўца ў модным касцюме, у новых туфлях — і крыху няўклюду, ніжэйшага, у пінжаку з пацёртымі локцямі… - Мы настолькі выраслі, - прамаўляў далей Езавітаў, - што можам сказаць: «Далоў усе дамовы, заключаныя адносна нашай тэрыторыі трэцімі дзяржавамі. Мы павінны жыць як свабодны, незалежны народ!» — і зноў яго перапынілі воплескі і воклічы: «Жыве Беларусь!»…

Заслухалі справаздачу мандатнай камісіі: з усіх 1151 дэлегатаў прысутнічала 1039, найбольш прадстаўнікоў было з Менску — 191 — і са Слоніма — 159…

Пасля абеда Яўген Калубовіч зачытаў пяцідзесяціхвілінны даклад «Аб канчатковым разрыве Беларусі з бальшавіцкай Масквой і аб пазбаўленні бальшавікоў голаса ў справах Беларусі». За ім выступалі Лявон Случчанін, бургамістр Менска Анатоль Комар, Аляксей Анішчык (Чэмер), загадчык школы і рэдактар газэты «За праўду». Прамова апошняга запомнілася:

— … Сёння ўсё вырашае сіла. Сіла вырашыць і будучыню. Мы добра ведаем, бо спазналі гэта на сваёй скуры… Я гавару і пра групу розных Камінскіх ды іншых, польскіх бандытаў Арміі краёвай, якія ў Дзятлаве, Наваградку выступаюць нібыта як нашы прыяцелі, а выказваюць адкрыта думкі аб непадзельнай Расіі… Прашу аддаць загады, каб справу партызаншчыны перадаць беларускаму судатворству, каб не гінулі, як у Дзятлаве і Наваградку, лепшыя сілы нашага народа…

Езавітаў зачытаў праекты дзвюх рэзалюцый кангрэса. У першай прапаноўвалася:


«1. Вызначыць правільнай і зноў пацьвердзіць гістарычную пастанову Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, якая, маючы паўнамоцтвы Першага Усебеларускага кангрэса 1917 года <…> вырашыла аб канчальным разрыве з бальшавіцкаю Масквою і расейскай дзяржавай <…>.

2. Пацьвердзіць, што беларускі народ ніколі не прызнаваў, не прызнае цяпер і ніколі не прызнае ў будучыні за форму сваёй беларускай дзяржаўнасьці накіненыя яму маскоўскім захопнікам формы БССР.

3. Паведаміць усе ўрады і народы сьвету, што голас Масквы і СССР у беларускіх справах ня мае ніякай праўнай сілы, а ўсе твораныя Масквою нібыта беларускія ўрады ня маюць ніякіх праўных кампэтэнцыяў…»


Пасля прыняцця рэзалюцый прамаўляў Астроўскі: падтрымаў прапанову аб закрыцці кангрэса.

А сёмай вечара на сцэну выйшаў хор і выканаў беларускі нацыянальны гімн. Астроўскі паведаміў, што ад імя БЦР звярнуўся з прывітальнай тэлеграмай да Гітлера… Нехта прапанаваў «уганараваць уставаннем памяць нямецкіх салдат, якія загінулі за вызваленне Беларусі»…

А затым старшыня Яўхім Кіпель абвесціў аб закрыцці сходу.


Ад родных ніў

Пасля заканчэння кангрэсу на кватэру Кушаляў Езавітаў ішоў з гаспадарамі. Каб перарваць маўчанне, Франц вырашыў загаварыць першым:

- Горача сёння было…

Езавітаў зірнуў на яго з неўразуменнем, затым вымавіў, нібыта сам да сябе:

- І навошта застрэньчыла ім тыцкацца з гэтай тэлеграмай і «ўганараваннем»?

Кушаль прамаўчаў, а Езавітаў — не стрымліваўся:

- Ён што, наш прэзідэнт, сабе месца ў далёкім бункеры шукае? То на ўсіх у Рэйху ўсё роўна месца не хопіць…

- Чуеце… Нібыта навальніца йдзе? — прыслухоўвалася да далёкіх грамоў Наталля.

- Яна ўжо даўно ідзе, толькі дождж яе — свінцовы, — зноў Езавітаў гаварыў напаўнамёкамі…


У двухпакаёўцы Кушаляў на паўразбуранай Хаўптштрасэ (так цяпер звалася былая Савецкая, а яшчэ раней — вуліца Міцкевіча, а спаконвечная — Захараўская) гаспадароў і Езавітава сустрэў высокі мужчына гадоў сарака, парукаўся з госцем, усхвалявана ўсміхнуўся:

- Стол накрыты, просім сядаць…

Езавітава ажно штось кальнула: гэтая ўсмешка… шырокі лоб… нос, як у арла пазычаны — падаліся ўжо знаёмымі. Вось толькі дзе бачыў?

- Гэта і ёсць наш сюрпрыз, — Кушаль падвёў Езавітава да стала. — Маю гонар наноў цябе з ім пазнаёміць… Гэта — Апанас Новік.

Каб не падабенства, каб не гэтая ўсмешка, Езавітаў аніяк не даў бы веры: як-ніяк, а чвэрць веку мінула…

- Апанас з васемнаццатага года, які з губернатарскага балкона на Пляцы Волі сарваў нямецкі сцяг?! — уразіўся ён.

- Той самы! — Кушаль рассадзіў усіх за стол і, наліваючы ў келіхі віно, агаломшыў Езавітава: — Які да ўсяго сёння зранку паскідваў нямецкія сцягі над уваходам у гарадскі тэатр… Балазе не да Альферчыкавых галаварэзаў патрапіў, а юнкерам нашай вучэльні БКА. Ад іх я і перахапіў героя… — Кушаль быў прызначаны камандуючым Беларускай краёвай абароны.

- Усёроўна я гэтаму Альферчыку галаву скручу! — Як і некалі, Апанас быў непахісным.

- А хто гэты Альферчык? — спытаў Езавітаў.

- Воўк недабіты! — выпаліў Апанас. — Карнік. Некалькі дзесяткаў агентаў смаленскага СД пад ягоным камандаваннем таксама ахоўвалі тэатр…

Апанас Новік быў у складзе падпольнай групы Рыгора Мурашкі. Затым атрымаў заданне ў дзень адкрыцця кангрэса пранесці ў будынак тэатра бомбу. У памяці заставаўся ўзрыў у тэатры, здзейснены партызанамі, калі загінуў сын Кушаляў… Бомбу па дарозе выкінуў — і здаволіўся толькі зрываннем нямецкіх сцягоў…

Праз хвілін дваццаць у дзверы пастукалі.

- Спадар Кушаль, — загаварыў вартаўнік будынка Беларускай цэнтральнай рады (колішняй бібліятэкі імя Леніна). — Вы прасілі прывесці спадарыню Геніюш да вас на кватэру. Толькі ж яна спазнілася…

- Нічога-нічога! Заходзьце, калі ласка.

…Напачатку позву ў пражскае гестапа атрымаў ейны муж Янка Геніюш. Там і даведаўся, што з жонкай выкліканы ў Менск для ўдзелу ва Усебеларускім кангрэсе. Муж спаслаўся на занятасць на працы: дактароў у горадзе не хапала. Параіўшыся, Ларыса Геніюш вырашыла ехаць адна. А затым — ужо на вакзале — сустрэлася са случаком Васілём Русаком, які таксама выпраўляўся на кангрэс.

Вечарам дабраліся да будынка БЦР, дзе і даведаліся, што кангрэс скончыўся… На грузавой машыне Геніюш адвезлі да Кушалёў.

З гаспадарамі і гасцямі кватэры яна не была знаёма (добра ведала Наталлю Арсенневу па вершах), але трымалася ўпэўнена, незалежна.

- Неяк несамавіта атрымалася, што мяне й Васіля Русака накіравала на кангрэс… гестапа.

Ларысе Геніюш да гэтага часу ўжо шмат давялося перажыць і гора, і горычы. Пасля ўз'яднання Савецкай Беларусі з Заходняй беспадстаўна арыштавалі бацьку, маці разам з дзецьмі вывезлі ў Казахстан. Жыла з мужам у Празе. Пятро Крэчэўскі, не падпарадкаваўшыся рашэнню Берлінскай канферэнцыі 1925 года аб самароспуску ўрада БНР, узначаліў у Празе беларускую палітычную эміграцыю. Пасля ягонай смерці ў 1928-м «прэзідэнтам» БНР стаў Васіль Захарка. Ларыса Геніюш была знаёма і з удавой паняй Марыяй Крэчэўскай, і з сям'ёю Захаркаў… Восенню 1939 года ў Данцыгу пад кіраўніцтвам міністэрства замежных спраў Нямеччыны адбылася канферэнцыя беларускіх эмігранцкіх цэнтраў, на якой было створана «Беларускае бюро даверу», а пры ім — Беларускі камітэт самапомачы. Калі камітэт самапомачы адкрыўся ў Празе, Геніюш абралі скарбнікам (кіраўніком камітэта стаў Ермачэнка, а сакратаром — Пётра Бакач). І завіравала, закруціла… Брат Ларысы Геніюш Расціслаў патрапіў у нямецкі палон… Захарка паслаў Гітлеру «мемарандум» аб поўнай падтрымцы ягонай палітыкі… Прага гудзела, лютавала гестапа… Ермачэнка склікаў 27 чэрвеня сход беларусаў «пратэктарата Чэхіі і Маравіі», на якім мусілі прыняць тэлеграму Гітлеру. Прапанавалі ў старшыні сходу ейную кандыдатуру — адмовілася.

«Камімэт самапомачы — апалітычная арганізацыя і не мае даваць такія тэлеграмы», — былі тлумачэнні.

На сход прыпазніўся муж — і не паспеў сесці, як яго ўжо «выбралі» старшынёй сходу. Склалі пратакол паседжання. Яго не падпісалі ні Ларыса, ні Янка Геніюш. Як не падпісалі і тэлеграмы «павадыру нямецкага народа» Гітлеру — а яна ўсё ж пайшла з пазнакай «Старшыня д-р Я. Геніюш»[62].

Крыху пазней ад беспрасвецця Геніюш вырашыць скончыць жыццё самагубствам, адкрые газ, ды муж паспее выцягнуць яе з маленькай кухні…

Кажуць, што на «жывых самагубцах» і застаецца пячатка такой зацятасці і незалежнасці, якія заўважыў тады ў Ларысе Геніюш Езавітаў.

…- Неяк несамавіта… Беларускі кангрэс — і гестапа, — сказала Геніюш.

- Немцы дазволілі склікаць кангрэс з вялікім спазненнем, часу на зборы не хапала, і таму БЦР папрасіла Остміністэрства, каб тое дапамагло даставіць дэлегатаў з-за мяжы. Яно, пэўна, і дало загад структурам гестапа…

Езавітаў завочна ведаў Геніюш — па публікацыях вершаў у «Раніцы», чытаў ейны пражскі зборнік «Ад родных ніў». І сама паэтэса пачынала імпанаваць Езавітаву.

- У тым усё й крыецца, што з кангрэсам спазніліся, — падтрымаў ён гаворку. — Каб склікаць яго хаця б у 1942-м!.. — А ў 1942 годзе Езавітаў наведваў Менск. Янка Станкевіч намагаўся стварыць Беларускую нацыянал-дэмакратычную партыю і ў студзені арганізаваў на кватэры Вацлава Іваноўскага нараду. На ёй — разам з Іваноўскім і Станкевічам — прысутнічалі Антон Адамовіч, Яўхім Кіпель і ён, Езавітаў. Распрацавалі статут і праграму партыі. Але далей гэтага справа не пайшла: Іваноўскага забілі, Кіпеля імкнуліся адмежаваць, бо пачаў супрацоўнічаць з СД… А затым актывізаваўся Астроўскі — за дзесятак гадоў змог падрыхтаваць з беларускага аб'яднання «Скарынія», у якое ўваходзілі каля трыццаці студэнтаў Віленскай гімназіі, інспектарам якой быў Астроўскі, «грамадска-дыпламатычную карпарацыю»: «скарынічы» з 1941 года пасылаліся дыпламатычнымі прадстаўнікамі ў Швейцарыю, Швецыю, Францыю, Турцыю, Бельгію, Данію, Нарвегію, Аўстрыю, Італію… - Каб склікаць кангрэс хаця б у 1942-м… — паўтарыў Езавітаў. — А то што маем сёння: блізкая савецкая кананада, ды і наш «падшэфны» немец — у здранцвенні. Ды і той свабоды даць не схацеў… А ніхто ж на кангрэсе не сказаў аб тым, што немцы яшчэ раз перакроілі Беларусь: наша Палессе аддалі Украіне, Беласточчыну далучылі да Усходняй Прусіі… Але, як там у спадарыні Ларысы:

Нічога, што позна у свет мы выходзім,
нічога, што ўчора пакінулі плуг, -
нам крыўду стагоддзяў ліхіх нагародзіць
гарачым уздымам акрылены дух…

Езавітаў здзівіў прысутных сваёй абазнанасцю ў паэзіі, але на яго просьбы чытаць свае вершы ў той вечар і Геніюш, і Арсеннева адмовіліся — праз некаторы час перайшлі ў другі пакой, каб пагаварыць аб сваім, жаночым.

- Няўжо давядзецца з'ехаць? — горка ўздыхнула Геніюш. — Я так хацела пажыць хоць тыдзень у сваёй Жлобаўцы, лесам падыхаць…

- А я ўжо неяк і звыклася — усюды за Францішкам. Яшчэ ад Вільні як пачалося… — Яна ўважліва паглядзела на сяброўку і нібыта падагуліла:

— А ехаць, адчуваю, давядзецца, і, па ўсім, надоўга… За два тыдні да пачатку вайны, у чэрвені 1941-га, у «бэсэсэраўскім» «ЛіМе» надрукавалі нізку маіх вершаў. Дык праз гэта немцам і ў галаву не прыйшло абвінавачваць мяне ў сувязях з Саветамі. А вось Саветы, калі б застацца, «сувязяў» толькі за «Беларускую Газэту» для Салаўкоў набяруць!

А развітваючыся, Кушаль сказаў Езавітаву:

- Знаеш, і мне баліць… Усё ў перамешку… Палон у 1939-м, турма НКВД у Маскве, вызваленне, Менская паліцэйская школа. І так хістае ажно з 1916-га! А затым БЦР, Астроўскі, кіраўніцтва БКА. Я ж хлопцаў адзін да аднаго выбіраў… А іх — у Докшыцкі раён на аперацыю. Разумееш?! Там мой батальён спаліў некалькі вёсак! — Езавітаў толькі цяпер заўважыў, што Кушаль захмялеў. — Мы з 1916-га — у абцугах! Смяешся? — Хоць Езавітаў і не думаў смяяцца. — Пачакай… Станеш начальнікам вайсковага адзьдзела БЦР — паглядзім, як заспяваеш…

- Ты гэта пра што?

- Пра адно і тое ж. Ёсць прапанова прасіць цябе аб гэтым. — Яны парукаліся. - І мусіш згадзіцца, інакш — нават не ведаю, куды можа ўсё павярнуцца пад ачолам каго-небудзь іншага… Бывай!


…І вось ён — на Пляцы Волі, які патанае ў сонцы. Лёгкая хмурынка завісла была над касцёльнай званіцай — і знікла, нібы растала.

Здалося, што вайна адступіла, збегла з гэтага старадаўняга месца. Крыху наўзбоч, дзе колісь Няміга ўпадала ў Свіслач, бьло Замчышча з Ніжнім рынкам. Стагоддзяў з чатыры таму горад дарос і дасюль — тут, на Пляцы Волі, быў Верхні рынак. Тады ж забудоўваўся і левы бераг Свіслачы — Траецкае прадмесце, якое звязвалі з горадам, як і цяпер, два масты…

Езавітаў не ў пяршынь развітваўся з Менскам, але сённяшні адыход быў найбольш балючым і, як здрадліва мярэсцілася, — апошнім. Няўжо ўсё так і скончыцца?..


У вялікай зале былой менскай бібліятэкі Астроўскі склікаў усіх службоўцаў БЦР і ўсхвалявана абвесціў пра неабходнасць тэрміновай эвакуацыі з горада — Менск акружала Чырвоная армія. Усім радаўцам і іх сем'ям выдаваліся «ахоўныя граматы» на праезд чыгункай ва Усходнюю Прусію.

Частка рады з сем'ямі выбраліся адразу на Кёнінгсберг. Езавітаў накіраваўся ў Вільню. Разам з ім у вагоне ехалі два беларускія паэты — Ларыса Геніюш і Масей Сяднёў.

Апанаса Новіка з новымі «дакумэнтамі» Езавітаў пасадзіў на цягнік да Варшавы. У ягоным вагоне немцы адразу ж адзначылі палову для «чужынцаў» і забаранілі нават ступаць на сваю «тэрыторыю»… Усё напрошваўся на знаёмства сусед — доктар Крайноў, па-заліхвацку прыгладжваў складкі на эсэсаўскай форме — маёр жа! І значык з «Пагоняй» на кішэні. «Нічога! Хоць зажывём па-людску!» — радаваўся. А ў Лідзе маёр мусіў падрабляць свой пропуск, бо толькі датуль меў права ехаць. І Ліду пераправіў на Ліцманштадт…

Яшчэ ў Горадні Апанас хацеў сысці з цягніка. У Варшаве ж затрымаўся на некалькі дзён, а калі там успыхнула паўстанне супраць немцаў, падтрымаў варшавян — і загінуў на вуліцы Святога Крыжа…


29 чэрвеня Чырвоная армія заняяла Бабруйск, што дазволіла развіць наступ на Менск і Слуцк. 3 ліпеня ў 5 гадзін раніцы танкі 4-ай гвардзейскай танкавай брыгады па Маскоўскай шашы ўвайшлі ў Менск-Мінск і працягвалі наступ па Савецкай вуліцы. Па Лагойскай шашы сунуліся танкі 26-ай брыгады, знішчылі нямецкую артылерыйскую батарэю і сталі каля Вопернага тэатра. Тры «трыццацьчацвёркі» з сапёрамі і аўтаматчыкамі зніклі ў ранішняй смузе — каб захапіць мост цераз Свіслач. Але пазначаны на карце мост немцы ўжо ўзарвалі. Паблізу быў другі, і галоўны танк пад гарматным абстрэлам скіраваў да яго. Насустрач кінулася жанчына:

— На мосце бомба!

Праз паўгадзіны сапёры размініравалі пераход. Танкавая брыгада, знішчыўшы нямецкія гарматы, пераправілася праз Свіслач і выйшла на Пляц Волі.

За танкістамі ў горадзе з'явіліся перадавыя часткі 11-ай гвардзейскай і 31-ай армій. Радавы Сувораў з 1315-га стралковага палка 137-ай стралковай дывізіі ўзняў над Домам саветаў каля Чырвонага касцёла чырвоны сцяг і зрабіў надпіс: «Здесь воевал Суворов».


Калі раніцай 3 ліпеня Езавітаў прыйшоў на кватэру Астроўскага (у Вільні дамовіліся абгаварыць далейшыя планы і разам праз Рыгу дабірацца ў Нямеччыну), там была адна старажыха:

- А яны яшчэ ўночы на Коўна выехалі… І мэблю забралі, і цэбры з мясам…

Езавітаў ведаў месца наступнага прыпынку Астроўскага ў Лодзі, і таму спакойна паехаў у Рыгу — каб пераправіць на Захад свой архіў. Зрабіць тое было няпроста, і калі ўсё ж удалося ўладкаваць дзве вялікія скрыні на берлінскі таварны цягнік, Езавітаў выехаў у Лодзь. А на новай кватэры Астроўскага заспеў толькі ягонага зяця — бедаваў, што ўсё мяса ў цэбрах ад гарачыні папсавалася…

У Варшаве Езавітаў хацеў расшукаць Рамуальда Зямкевіча, але яго дом на Хмельнай быў пусты. Суседзі расказалі, што гаспадар патрапіў у гестапа і загінуў. Ацалелую частку багатых збораў Зямкевіча (старадрукі, «Біблію» Скарыны, слоўнік Бярынды, калекцыю беларускага адзення) Езавітаў забраў з сабою ў Берлін.


Блок народаў Усходняй Эўропы

У верасні ў пансіён «Beatrix» на Майнекс-пляц да Езавітава зайшоў доктар Станіслаў Грынкевіч, былы рэдактар «Раніцы»:

- Начальнік штаба гетмана Скарападскага палкоўнік Гамзін просіць аб сустрэчы. Астроўскага я не знайшоў, таму — прама да цябе…

Праз гадзіну Езавітаў паведаміў пра візіт Астроўскаму. Той задумаўся — і прапанаваў сустрэцца на ягонай кватэры.

На другі дзень Грынкевіч зноў быў у Езавітава:

- Гетман лічыць спатканні на кватэрах небяспечнымі — можна патрапіць пад назірк нямецкай выведкі. Таму ён прапануе сустрэцца «выпадкова» ў кафэ на Курфюрстэн-Дам у дзесяць раніцы…

За паўгадзіны да прызначанага часу Астроўскі, Езавітаў і Грынкевіч былі ў кафэ. Роўна ў дзесяць туды завітаў Скарападскі з двума суправаджатымі. Грынкевіч прывітаўся з імі і запрасіў да свайго століка…

Пазнаёміліся, замовілі сняданак.

- Украінцы, і асабліва гетманцы, даўно цікавяцца беларускім пытаннем, — па-ўкраінску гаварыў Скарападскі. — Я буду вельмі рады, калі гэтае знаёмства працягнецца…

Праз некалькі дзён сустрэліся ў нумары Езавітава ў пансіёне «Beatrix». Астроўскі расказаў пра гісторыю ўтварэння БЦР, пра кангрэс.

- А я як гетман тут ужо не выступаю… — абнечаканіў Скарападскі. - Я падпісаў універсал аб перадачы свайго звання і правоў на гетманскую булаву сыну. Ён жыве ў Амерыцы і мае там шмат прыхільнікаў, арганізаваных у «Саюз гетманцаў Украіны». Мае сваю газэту, збройныя групоўкі… Тут жа, у Нямеччыне, акрамя гетманцаў ёсць яшчэ дзве ўкраінскія арганізацыі. І вы, беларусы, маеце больш выгаднае становішча, бо ў вас адзін касцяк — БЦР… Вось я й хачу вас прасіць дапамагчы аб'яднацца ўкраінскаму руху. — Скарападскі даў адрасы ўкраінскіх арганізацый у Берліне. — Найбольш аўтарытэтныя, канешне ж, бандэраўцы, хоць сам Бандэра яшчэ сядзіць у нямецкай турме.

- Гэта за што? — не стрымаўся Езавітаў.

- За тое, што яшчэ напачатку акупацыі ў Львове абвясціў пра стварэнне незалежнай Украіны… Зараз жа ў руках бандэраўцаў — увесь партызанскі нацыянальны рух, яны і супраць Саветаў змагаюцца, і супраць польскай Арміі краёвай, і нават супраць дробных нямецкіх атрадаў. — Скарападскі памаўчаў і спытаў: — А вы чым жывяце?

- Амаль тым жа… — пачаў Астроўскі. — Па нашых дадзеных, у Нямеччыне зараз каля мільёна беларусаў. Па ўсіх лагерах і заводах трэба правесці рэгістрацыю. Мы хочам працягваць тут стварэнне беларускага войска — «Беларускага легіёна». Было б добра ўсталяваць сувязь паміж нашымі паўстанцкімі атрадамі і атрадамі Бандэры ды аб'яднаць высілкі… Па-суседску ж, Палессе. Адно… — Астроўскі зірнуў на Езавітава. — Трэба вырашыць пытанне аб мяжы паміж Беларуссю й Украінай.

- Так-так, — пагадзіўся Скарападскі.

Астроўскі і Скарападскі абмяняліся сваімі хатнімі тэлефонамі і дамовіліся аб наступных сустрэчах.

Як і абяцаў, Астроўскі пачаў перамовы з іншымі ўкраінскімі арганізацыямі пра стварэнне адзінага Украінскага нацыянальнага камітэта. Выявілася, што яны не падтрымлівалі Скарападскага. А праз некаторы час вызвалілі Бандэру, і калі паўстала пытанне аб старшыні Украінскага нацыянальнага камітэта, Скарападскі зняў сваю кандыдатуру на карысць Бандэры[63].

Астроўскі пачаў сустракацца з Бандэрам. Дамовіліся пра сумесныя баявыя дзеянні на Палессі. Маёр Родзька, камандзір асобага беларускага батальёна «Дальвіц», наладзіў сувязі з атаманам украінскіх паўстанцаў Тарасам Бульбай, маёра Вітушку з некалькімі дзесяткамі беларусаў самалётам пераправілі на беларуска-ўкраінскае сумежжа. БЦР і УНК вялі перамовы пра стварэнне беларуска-ўкраінскага саюза і — шырэй — Блока народаў Усходняй Эўропы, куды разам з украінцамі і беларусамі меліся ўвайсці крымскія татары, данскія казакі, грузіны, армяне, азербайджанцы, кіргізы, казахі і народы паўднёвага Урала. Усе яны выступілі з пратэстамі супраць спробаў генерала Власава (якога падтрымаў галоўны штаб нямецкай арміі) «забраць» гэтыя народы пад сваю апеку. Хоць некаторыя і пачалі супрацоўнічаць з Власавым. З беларусаў гэта былі Кіпель, Будзіловіч, Селях, Гуцько і паэт Дудзіцкі…


З-за лініі фронта

Раніцай 2 верасня ў раёне латгальскага Лубанскага возера перайшоў лінію фронта Іван Багдановіч, былы вучань Езавітава. За ўзбалоткамі і пералескамі з нямецкай траншэі апаліла:

- Хальт!

На добрай нямецкай Багдановіч расказаў, што бяжыць ад бальшавікоў. Пад канвоем яго адвялі за некалькі кіламетраў ад траншэі ў напаўразбураны дом. Афіцэр запатрабаваў дакумэнты.

- Яго злавілі ці сам перабег? — спытаў у канваіра.

- Сам…

Затым была яшчэ адна праверка — ужо ў іншым месцы. Праверылі нават па карце, дзе пераходзіў фронт, выпісалі суправаджальнае пасведчанне і накіравалі ў Рыгу на мабілізацыйную камісію.

Багдановіч у Рызе папрасіў адпачынак на дзесяць сутак і паспрабаваў расшукаць у горадзе Езавітава. Гаспадыня кватэры распавяла, што той ужо выехаў у Нямеччыну.

На другі дзень Багдановіч хацеў купіць білет на берлінскі цягнік, але ў Нямеччыну мелі права ехаць толькі тыя, хто не падпадаў пад мабілізацыю.

Калі скончыўся адпачынак, на камісіі Багдановіч паскардзіўся на здароўе — і зноў атрымаў адтэрміноўку. А тут выйшла распараджэнне аб тым, што ў Нямеччыну мог выехаць кожны ахвотнік…

16 верасня Багдановіч выправіў праяздную картку, каб ехаць параходам, ды патрапіў у аблаву; некалькі дзён яго трымалі ў двары гарадскога замка, а затым усіх — каля дзвюх тысячаў мужчын — пераправілі ў Кёнінгсберг. Там на Бункерскай фабрыцы Багдановіч адпрацаваў два месяцы. Выпісаў сабе газэту «Раніца» і паслаў на яе берлінскі адрас ліст з просьбай дапамагчы яму сустрэцца з Езавітавым. Атрымаў адказ: «Генерал-маёр Езавітаў знаходзіцца ў Берліне пры Беларускай цэнтральнай радзе і ўзначальвае вайсковую ўправу».

Напрыканцы лістапада Іван Багдановіч збег з фабрыкі і, прад'явіўшы старую картку рыжскай мабілізацыйнай камісіі, на прапускным пункце сказаў пра тое, што мусіць дабрацца да Берліна і паступіць у «Беларускі легіён». У Берліне ён расшукаў памяшканне БЦР (яно месцілася ў доме № 26 на Гумбінен-пляц) і нарэшце сустрэўся з Езавітавым.

- Канстанцін Барысавіч, вы мяне павінны памятаць…. Вучылі ў Дзвінску некалі… - І папрасіў уладкаваць на працу.


Мір чужым коштам

Напрыканцы кастрычніка 1944 года да Езавітава ў нумар пансіёна «Beatrix» Станіслаў Грынкевіч нечакана прывёў новага наведвальніка.

- Знаёмся — барон Энгельгардт. Ён напісаў вялікую кнігу пра Беларусь — ажно на 600 старонак, выкарыстоўваў і твае брашуры. Захацеў пабачыцца…

Барон адмовіўся ад пачастунку і запрасіў прагуляцца па вуліцах горада.

Берлін яшчэ толькі збіраўся развітвацца з летам. Лісты з дрэў асыпаліся марудна, у парках з'явіліся першыя сеткі роснага павуціння. А на мансардах яшчэ ва ўсю моцу гарэлі чырвоныя гваздзікі й ружы…

- Скажыце, а чаму ваша брашура «Беларусы ў Латвіі» не закончана? — асобныя словы барона Езавітаву датлумачваў Грынкевіч.

- Я быў чарговы раз арыштаваны, працу перарвала турма.

- Мушу падзякаваць васпану за магчымасць з яго брашур пра беларусаў у Латвіі і Амерыцы даць шмат цікавых матэрыялаў у маю кнігу.

- Найперш за такую кнігу мусім дзякаваць барону мы, беларусы. — Езавітаў ужо ведаў, што кніга Энгельгардта прадаецца ў кнігарнях Нямеччыны.

- Аднак я пазначыў у зносках толькі назву вашай брашуры… Выбачайце, але на тым экземпляры, што я меў, не было тытула з прозвішчам аўтара. І пра яго я даведаўся зусім нядаўна…

Барон расказаў і пра тое, што рыхтуюцца пераклады ягонай кнігі на італьянскую, іспанскую і французскую мовы. Езавітаў яшчэ раз пахваліў гэтую працу, і барон ахвотна распавёў пра збор матэрыялаў, фотаздымкаў, якіх у яго з розных куткоў Беларусі сабралася каля дзвюх тысячаў. Калі ж ён пачаў доўга апісваць свой маёнтак у Ілукстэнскім раёне і паездкі ў Афрыку і Азію, Грынкевіч паспяшыў адкланяцца.

- А што вы думаеце пра зыход вайны, — падбіраючы словы, па-нямецку спытаў Езавітаў.

Барон зірнуў нерашуча:

- Хоць мы і нарабілі шмат дзікіх памылак, але маем усё, каб выйсці з вайны пераможцамі. Магчыма і агульнае перамір'е ці сепаратныя дамовы… — Яны ішлі прыціхлым паркам, а за імі — як паспеў заўважыць Езавітаў — бег брудны худы дог, які, пэўна, застаўся без гаспадароў. - СССР можа атрымаць свае старыя граніцы, а таксама развязаць рукі ў Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі, Персіі, Афганістане. Канешне, будзем вымушаны тады згадзіцца з аднаўленнем Польшчы, але атрымаць усю Балтыку, толькі без Кранштата, усю Беларусь і Украіну з Крымам…

- А ці прызнаюць немцы незалежнасць Беларусі?

- Цяпер гэта… неактуальна. У плане ваенным беларусы маюць малы каэфіцыент. І калі выбіраць, каго прызнаць незалежнай найперш — Беларусь ці Польшчу, то, пэўна, перавагу мае апошняя. А калі яшчэ паабяцаць ёй Заходнюю Беларусь, мы займеем эфектыўнага саюзніка, чыгункі, дарогі і ўвесь тыл савецкай арміі будзе дэзарганізаваны… — Барон змоўк, заўважыўшы ў вачах Езавітава насцярожанасць, стаў, зірнуў на вершаліны паркавых ліпаў. — Вы, беларусы, яшчэ вельмі слабы народ, а сама Беларусь праз гэта не можа прэтэндаваць на сур'ёзную зацікаўленасць вялікіх дзяржаў ці на тое, што за яе хто-небудзь з мацнейшых будзе ваяваць… Як гэта не балюча вам чуць… — І ён пакратаў Езавітава за рукаў, уздыхнуў, як падалося, прачула: — Хутчэй за ўсё, за ваш кошт суседкі будуць купляць — як і дагэтуль — сабе мір…


Памятныя ўгодкі

Не зважаючы на ўсе перашкоды і цяжкасці, вайсковая ўправа БЦР пад ачолам Езавітава не перапыняла фармаванне беларускіх збройных аддзелаў. Быў заснаваны Першы кадравы батальён для падрыхтоўкі каманднага складу. Пры батальёне арганізаваліся курсы афіцэраў, падафіцэраў, прапагандыстаў і медсясцёр. Кіраваў курсамі падпалкоўнік Кушаль. Кадравы батальён узначаліў маёр Сокал-Кутылоўскі. Вайсковай управай БЦР на поўдні Нямеччыны каля горада Гіршау фармавалася штурмавая брыгада СС «Беларусь», куды ўжо было адкамандзіравана з паўтысячы беларускіх камандзіраў і шарагоўцаў, а таксама астаткі злучэнняў Беларускай краёвай абароны.

У лістападзе 1944 года Езавітаў прапанаваў адзначыць у батальёне ўгодкі Слуцкага паўстання.

- Выступіш, Антон Андрэевіч, раскажаш пра сваё слаўнае мінулае… — папрасіў Сокал-Кутылоўскага.

- Амаль чвэрць стагоддзя мінула… — задумаўся той. — Я й сам шмат чаго прызабыўся.

- Ну! — усміхнуўся Езавітаў. — Тым больш мусіш расказаць, каб самому хто-небудзь мог нагадаць. А наогул — пішы ўспаміны. Я табе пра гэта яшчэ ў Менксу на кангрэсе сказаць хацеў… Для мяне й сёння невядома, дзе васпан пасля 1920-га быў…

- Уга! — Сокал-Кутылоўскі пачухаў за вухам, зірнуў хітравата. — На гэта ж ніякіх успамінаў не хопіць.

- А калі сур'ёзна?

- Сур'ёзна? Быў, як і большасць ацалелых, інтэрнаваны палякамі ў лагеры ў Беластоку. Вясну 1921 года правёў у Гарадзеі на Нясвіжчыне. У чэрвені атрымаў сан святара, быў настаяцелем праваслаўных цэнтраў у Наваградскім і Слонімскім раёнах, настаўнічаў…

- То й запраўды — на раман цягне! — падшуткаваў Езавітаў.

- А я ж пра што! — але весялосць і не краналася вачэй Сокала-Кутылоўскага. — А ў 1939-м праз канфлікт са школьным начальствам вымушаны быў перакваліфікавацца ў будаўніка. У чэрвені 1941-га арыштавала НКВД, але праз некалькі тыдняў выпусціла. Школьны інспектар, начальнік Ганцавіцкай Беларускай самапомачы, стваральнік батальёнаў БКА, «намеснік» Астроўскага па Ганцавіцкім вокрузе — таксама я… Ну а далей — ужо й на тваёй памяці.

Гэта не без ягонага, Езавітава, спрыяння Сокал-Кутылоўскага, які быў рабочым на ваенным заводзе ў Чэхіі, у кастрычніку 1944-га выклікалі ў Берлін, у вайсковую ўправу БЦР…


Дзень за днём

Калі Беларуская цэнтральная рада распачала стварэнне Блоку народаў Усходняй Эўропы, Астроўскі даручыў Езавітаву правесці перамовы з латышамі, літоўцамі й эстонцамі і запрасіць тых увайсі ў Блок. Езавітаў сустрэўся з начальнікам управы інфармацыі «латвійскай дырэкцыі» ўнутраных спраў Пятром Брачом. Праз тыдзень той прыйшоў да Езавітава.

- Арганізацыі латышоў, літоўцаў ды эстонцаў, - сказаў ён, — трымаюцца таго Балтыйскага блока, які існаваў яшчэ да вайны. Але мы былі б рады пашырыць яго чацвёртым удзельнікам — Беларуссю… Тым больш, што яна ўжо ўваходзіла ў склад рэйхскамісарыята Остланд…

А затым была яшчэ адна дзвюхгадзінная сустрэча — з тым жа Брачом, сябрамі латвійскага ўрада і камандзірам «Латвійскага легіёна» генералам Бангерскім. Генерал расказаў пра свой легіён і параіў па яго схеме фармаваць і легіён беларускі. Латышы ж цікавіліся структурай БЦР і не ўтойвалі, што па яе ўзоры хочуць стварыць свой нацыянальны камітэт.

- Напачатку склад рады быў вызначаны немцамі ў пятнаццаць чалавек, — расказваў Езавітаў. — Мы ж хацелі мець штосьці накшталт парламента, таму на Другім Усебеларускім кангрэсе пастанавілі пашырыць склад рады. На паседжанні БЦР 20 студзеня прынялі канстытуцыю Беларускай Народнай Рэспублікі, прэзідэнт БЦР стаў прэзідэнтам Беларусі, а для кіраўніцтва рады як парламента абралі прэзідыум. Кіраўнікі ўправамі БЦР склалі ўрад…

Абмеркавалі яшчэ шмат пытанняў. Пагадзіліся, што Балтыйскі блок галоўнай мэтай мусіць ставіць абарону незалежнасці ўсіх чатырох рэспублік ад суседняй Савецкай Расіі.

Езавітаў выглядаў стомленым, хворым, але перамоў не спыняў:

- Адно, спадары, нас турбуе, ці не стане Беларусь у Балтыйскім блоку ўнутранай калоніяй?

Суразмоўцы нават здзівіліся.

- Раўнапраўе ўсіх будзе гарантавана! — запэўніў Брач. — А Беларусь атрымае свабодны транзіт ва ўсе парты Балтыкі, у Лібаве-Ліепае зможа мець сваю мытню і ў марской крэпасці трымаць свой гарнізон. Зможа ва ўсе амбасады балтыйскіх дзяржаў накіраваць сваіх паслоў, што значна паменшыць затраты…

- А неабходная Блоку сыравіна будзе закупляцца толькі ў Беларусі і па найлепшым кошце, — дадаў генерал Бангерскі.

Езавітаў пагадзіўся на стварэнне камісіі па выпрацоўцы агульнай дамовы. Пачалі развітвацца.

- Васпан, пэўна, кепска сябе пачувае? — насцярожыўся Бангерскі.

- Так, прашу прабачыць… — Езавітаў зніякавеў. — Чакаю аперацыі на грыжу… З восені даймаюць прыступы…


Астроўскі ўсё часцей пачаў выяўляць да Езавітава насцярожанасць. Некалькі разоў пры сустрэчах хмурыўся, зрываўся на крык. Генерал удаваў, што не заўважае прэзідэнтавай раздражнёнасці, а той злаваўся яшчэ больш. Справа рабілася, і наступ Астроўскага Езавітаў мог патлумачыць толькі адным: бояззю канкурэнцыі.

Ішоў час, і Астроўскі рабіў Езавітаву ўсё больш грубыя закіды. Аднаго разу не стрымаўся і памяркоўны генерал… Астроўскі зморшчыў лоб, штось пратараторыў і схаваўся ў сваім кабінеце…


У сакавіку 1945 года Францішак Кушаль, ужо ў званні палкоўніка, прыехаў з Берліна ў Гіршау — і пабачыў дывізію «Беларусь» у заняпадзе. Дваццацітысячнае злучэнне планавалі перакінуць у Францыю — у раён Вогезы.

- Немцы робяць з нас жывы шчыт! — абураўся Сокал-Кутылоўскі. — А да ўсяго нейкі нямецкі капітан загадвае мне, камандзіру батальёна! — Яму БЦР нядаўна прысвоіла званне падпалкоўніка. — Ты ж ведаеш, Франц, што ў дывізіі васемнаццаць тысяч беларусаў, і ваяваць яны сабраліся не за гэтыя нямецкія вінаграднікі!

Кушаль і Сокал-Кутылоўскі затрымаліся ў штабе і яшчэ доўга раіліся наконт будучыні брыгады…

А ў Возегах батальёны «Беларусі» адмовіліся выконваць загады нямецкага камандавання і, пастраляўшы нямецкіх камандзіраў, перайшлі на бок саюзных войскаў. Амерыканскія жаўнеры абяззброілі беларусаў і праз паўмесяца вырашылі перадаць іх савецкім часткам. Афіцэрам брыгады прапанавалі пераапрануцца ў форму шарагоўцаў…

Сады і вінаграднікі зеляніла вясна, сонца залівала лагчыны і ўзгоркі, люстравалася ў невялікай рэчцы, за якой беларусаў чакаў палон…

- Ваша форма, — амерыканскі сержант намерыўся перадаць Сокал-Кутылоўскаму пакамечаны кіцель шарагоўца. А беларускі падпалкоўнік неўразумела зіркнуў, памаўчаў (пэўна, падбіраў ангельскія словы) — і гучна мовіў:

- Я — беларускі афіцэр! І ім застануся да смерці!

Сержант наструніўся, казырнуў Сокал-Кутылоўскаму — і адышоў…


Напрыканцы сакавіка адбылося нечаканае: Астроўскі замяніў кіраўніка вайсковай управы БЦР генерал-маёра Езавітава на палкоўніка Шувалава, расейца, які перад вайной служыў у польскім войску ў Слонімскім гарнізоне, а затым патрапіў у нямецкі палон… Езавітаў чакаў ад Астроўскага[64] абгавораў, але з'явілася вестка, што замена кіраўніка вайсковай управы выклікана ягонай хваробай…


Стаць любімым

Правабочная грыжа, якую да апошняга часу спрабаваў адужаць Езавітаў, пачала перамагаць. Цяжка было доўга стаяць, тым больш — хадзіць.

- Канстанцін Барысавіч, вам трэба аперыравацца. — З Езавітавым заставаўся Іван Багдановіч, ягоны ад'ютант.

- Трэба, — не спрачаўся і Езавітаў. — Са сваёй грыжай я далёка не ад'еду…

- А куды думаеце ехаць?

- Хачу далучыцца да беларускіх аддзелаў пад Вайдэнам.

- Гэта каля колішняй чэшскай мяжы?

- Там… — Езавітаў уважліва агледзеў ад'ютанта і дадаў: — У Фінстэрвальдзе, у гарадскім шпіталі, працуе лекар-беларус, мой сябар Мікола Шчорс… Падамся да яго, хай рэжа…

- А далёка гэты Фінстэрвальд?

- Кіламетраў з сотню…

У дзень ад'езду 8 красавіка да Езавітава развітацца прыйшоў Кушаль.

- Усё ж вырашыў да Шчорса?

- Так.

- А можа, усё ж едзь у Амбэрг? Там мая сям'я, там шмат вайсковых шпіталяў. Непадалёк некалькі беларускіх аддзелаў. Бальшавікі могуць прарваць усходні фронт і захапіць Фінстэрвальд… Ад іхняй лініі да горада дзевяноста кіламетраў, танкі могуць прыйсці праз пару дзён…

- А могуць і не прыйсці, - не пагадзіўся Езавітаў. - І, урэшце, чаму быць — таго не мінаваць… Колькі ўжо можна бегаць?!


Праз некалькі дзён БЦР эвакуявалася ў Цюрынгію.

15 красавіка быў аперыраваны Езавітаў, а 19-га распачаўся генеральны наступ савецкіх войскаў. Гарматны гул скаланаў шыбы фінстэрвальдскага шпіталю, але, як падавалася, аніяк не насцярожваў Езавітава.

19 красавіка да Езавітава прыехаў ад'ютант Багдановіч.

- Я не маю права пакінуць шпіталь, — хваляваўся Шчорс, — а вам трэба. У шэфа ў гаражы стаяць тры аўто. Адно, думаю, можна «пазычыць». - І мовіў ужо да ад'ютанта. — І вывозь хутчэй генерала.

- Але ж я не ўмею кіраваць машынай, — здзівіўся Багдановіч.

- Наш санітар, паляк, вас адвязе…


Назаўтра на старым «DКВ» яны выехалі на захад — і згубіліся ў агульнай калоне машын. І Езавітаву, і Багдановічу зрабілі фіктыўныя дакумэнты на іншыя прозвішчы на бланках беларускага варшаўскага камітэта.

Праз дзень былі ў Бад-Лібэнвэрдзе.

- Лібэнвэрд! — дзівіўся Езавітаў. — Ведаеш, Янка, як у перакладзе гэты горад гучыць? Стань любімым… Станавіся любімым. Так, здаецца…

Багдановіч усміхнуўся.

- А выглядаеце вы лепш. Адно баюся, каб не пачалося запаленне. Давайце наведаем мясцовы шпіталь.

А ў шпіталі ён абнечаканіў:

- Паляк з аўтамабілем знік!

Раніцай у Лібэнвэрд увайшлі часткі Савецкай арміі. Дачуўшыся пра гэта, Езавітаў намацаў свой наган, але Багдановіч паспеў яго выхапіць.

- Што гэта вы надумалі?! Застрэліцца? — Адхінуў на вакне белую запавеску, агледзеў вуліцу. — Трэба патрапіць да англа-амерыканцаў… Яны таксама павінны быць у горадзе. Я паспрабую каго-небудзь з іх расшукаць. Чакайце! — і знік.

Праз некалькі гарадскіх кварталаў ён спыніў савецкі грузавік.

- Добры дзень. Я — выведчык Зямноў, мой псеўданім Марс. Тэрмінова дастаўце мяне да ўпаўнаважанага контрвыведкі!


…Калі ў палату да Езавітава ўвайшлі трое вайскоўцаў у форме НКУС і назвалі ягонае прозвішча — ён не здзівіўся, не спалохаўся. Хітнуў галавой, нечакана ўсміхнуўся.

- Скажыце, прозвішча майго… ад'ютанта — не Багдановіч?

«Смершаўцы» пераглянуліся, паказалі яму на расчыненыя дзверы, а калі Езавітаў выйшаў на ганак, старэйшы па званні прасіпеў:

- Не турбуйся, ён — не Багдановіч.

Езавітаў узняў галаву, паглядзеў на лёгкія красавіцкія аблокі, выдыхнуў:

- І дзякуй Богу…

«Смершаўцы» падштурхнулі яго да машыны.

* * *

Напрыканцы 1945 года па беларускім радыё прагучала паведамленне:


«Здраднік беларускага народа і Радзімы фашыст Канстанцін Езавітаў быў асуджаны ў Віцебску на смерць і быў павешаны»[65].


Па інфармацыі архіва Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, ён памёр 23 мая 1946 года ад сухотаў пры дыстрафіі 3-яй ступені ў турэмнай бальніцы МУС у Мінску…


1999 - 2000


Примечания


1

Вызначыўся падобна - толькі ўжо ў час «нэпу» - адзін селянін з Семежава, чый жарабец у Маскве на сельскагаспадарчай выстаўцы заняў другое месца - з усяго СССР!

(обратно)


2

Пасля далучэння  да Савецкай Беларусі Заходняй чыгунка злучыла Слуцак з Баранавічамі.

(обратно)


3

Да гэтага галоўная вуліца Менска - Захараўская - звалася вуліцай Міцкевіча, Савецкай, Хаўптштрасэ, праспектамі Сталіна і Леніна.

(обратно)


4

Ліст гэты і па сёння захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь.

(обратно)


5

Ліст захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь.

(обратно)


6

 У 20-х гадах Адам Бабарэка актыўна займаўся літаратурнай дзейнасцю. У 1930-м арыштаваны НКУС і асуджаны на 5 гадоў, у 1937-м - паўторны арышт. Памёр у лагерным шпіталі 10 кастрычніка 1938 года.

(обратно)


7

 Праз 80 гадоў гэта пацвердзяць адшуканыя тэлеграмы і банкаўскія дакумэнты. 27 жніўня 1918 года ў Берліне як сакрэтны дадатак да Брэст-Літоўскага міру быў падпісаны «Дадатковы фінансавы пратакол», па якім бальшавікі куплялі ваенны нейтралітэт Нямеччыны за 250 тон (!) золата і пастаўкі сгратэгічнай сыравіны. У верасні-кастрычніку 1918-га 93 тоны 542 кілаграмы золата на 120 мільёнаў залатых «царскіх» рублёў (322 мільёны залатых франкаў) у двух эшалонах Леніным і Троцкім былі накіраваны ў Берлін, у лістападзе золата здалі на захаванне ў сутарэнні Французскага банка, папярэдне адправіўшы міністру фінансаў Францыі Л. Клотцу і маршалу Фошу шыфраваную тэлеграму пад № 43:

«...Нямецкія прадстаўнікі прапануюць перадаць французскаму кіраўніцтву на рахунак саюзнікаў сум ў памеры 322 млн. (залатых франкаў), якую склалі два ўзносы Расіі, прадугледжаныя Брэст-Літоўскім дагаворам... Золата будзе пастаўлена вагонамі ў Францыю чыгункай Майнц-Саарбрукэн...»

(обратно)


8

 У першую дывізію - «дывізію смерці» - пад камандаваннем Мацвеева, якую складалі салдаты і афіцэры, што прыйшлі з Балаховічам з Эстоніі, уваходзілі чатыры палкі, дывізіён коннай артылерыі ды інжынерны батальён. Другая дывізія налічвала пяць тысячаў жаўнераў Менскага, Віцебскага, Георгіеўскага і Смаленскага палкоў, дзвюх батарэй ды інжынернай роты. Узначальваў яе палкоўнік Мікоша, шэраговы склад быў сфармаваны з беларусаў і былых савецкіх ваеннапалонных. Трэцяя дывізія генерала Яраслаўцава колькасцю ў 2200 жаўнераў была сфармавана пад Кобрынам таксама з савецкіх ваеннапалонных і ўзмоцнена дывізіёнам артылерыі. Яе чатыры палкі мелі найбольш «сумніцельную ідэалогію» і вызначаліся ў яўрэйскіх пагромах і рабунках мірных жыхароў.

(обратно)


9

 Праз некалькі гадоў і будынак духоўнай семінарыі, і Траецкі манастыр ператвораць у казармы для пяхотнага палка Чырвонай арміі, а пазней - знішчаць.

(обратно)


10

 На 1921 год суадносіны змяніліся намнога - у горад «пайшлі» сяляне.

(обратно)


11

 28 кастрычніка 1920 года на стол старшыні рэўкома ССРБ Чарвякова паклалі зводку Барысаўскага павятовага камісарыята:

«...настроение крестьян враждебно к советской власти... случались столкновения с крестьянами. Были случаи ареста целых деревень...»

Пра тое ж казаў і даклад у Ваенрэўком ССРБ і ад камісарыята Менскага павета (яго «падбальшавіцкай» часткі):

«...Население некоторых волостей, узнав о самоопределении Беларуси, не хочет признавать никакой власти, кроме несуществующего правительства «Незалежнай Беларусі», и относятся очень враждебно к организуемым волостным ревкомам, заявляя, что власть нужно выбирать, а не назначать из Москвы».

(обратно)


12

 Шмат аб чым могуць распавесці папкі з дакумэнтамі пра забітых балахоўцамі (матэрыялы знаходзяцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь). Важна высветліць таксама і абставіны іх збірання...

(обратно)


13

 Камітэт па барацьбе з дэзерцірамі.

(обратно)


14

 Цяпер - Ліепае.

(обратно)


15

 На кангрэсе прысутнічала і некалькі дзесяткаў бальшавікоў. Пазней Аляксандр Чарвякоў нясмела зазначыў, што кангрэс паспяшаліся разганяць. Кіраўнік КП(б)Б Кнорын таксама прызнаваў, што кангрэс можна было раскалоць: адабраць самых «свядомых» і ўвесці ў бальшавіпкія органы ўлады.

(обратно)


16

 «Самым важным для нас было тое, - напіша пазней Кастусь Езавітаў, - што Першы Ўсебеларускі Кангрэс ясна і рашуча стануў на грунт стварэньня сваёй уласнай беларускай дзяржаўнасьці, што гэтую дзяржаўнасьць ён устанавіў на Беларусі ў форме народнай рэспублікі і што ўладу ў Краю ён перадаў сваёй краёвай уладзе, якую выдзяліў з свайго складу.

Рэзалюцыя гэтая была прынята Першым Усебеларускім Кангрэсам 17 сьнежня на вячэрнім пленарным сходзе Кангрэсу. Прынятая яна была аграмаднаю большасьцю дэлегатаў... З гэтага моманту Беларусь зноў сталася аб'яднанаю нацыянальнаю дзяржаваю, а беларускі народ зноў стаўся дзяржаўнаю нацыяй».

(обратно)


17

 Грошы былі перададзены з Кіева ў Менск праз аднаго дзяржаўнага «дзеяча» (сведчылі на Паўла Алексюка), але ў касу Выканкама не трапілі.

(обратно)


18

 Перамовы распачаліся, але па загадзе Мяснікова былі перарваны.

(обратно)


19

  І праз чатыры гады Карл Ландэр не забудзе тых падзей.


(обратно)


20

 Пра гэтае ганьбаванне нацыянальнага беларускага сцяга Народны сакратарыят абуральна выкажацца ў сваім Мемарандуме ад 28 лютага, накіраваным прадстаўніку вышэйшай нямецкай акупацыйнай улады.

(обратно)


21

 Ядвігін Ш. паводле расказанага напіша апавяданне-прытчу «Заведзеная надзея» (першапублікацыя - у часопісе «Беларускае Жыцьцё» (1919, № 1, с.5).

(обратно)


22

 Апісаныя эпізоды дзейнасці атрада Лукаша Сяменіка і спробы ягонага знішчэння сумесна нямецкімі і бальшавіцкімі часткамі («заміранымі» ў сакавіку 1918 года) маюць дакумэнтальнае пацверджанне, як і далейшая барацьба «сяменікаўцаў» ужо супраць Чырвонай арміі ў 1919 годзе, пра што - у наступных раздзелах...

(обратно)


23

 Яго абралі і старшынёй Таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны (першымі старшынямі былі Вацлаў Іваноўскі і Антон Луцкевіч). Віцэстаршынёй таварыства стаў Янка Станкевіч.

(обратно)


24

 Браты Мамонічы заснавалі ў Вільні першую дзяржаўную друкарню Вялікага княства Літоўскага і ў 1588 годзе выдалі ў ёй першы Статут княства - па-беларуску. Тая друкарня, як сцвярджалі віленчукі-беларусы, месцілася ў квартале паміж касцёлам Казіміра і царквой Святога Міколы.

(обратно)


25

 Прозвішча сустракалася і ў іншым напісанні: Абэзэрскі.

(обратно)


26

 Пра злачынствы бальшавікоў у Менску сведчыў Янка Купала (артыкул 1920 года «Справа незалежнасьці Беларусі за мінулы год»): «...Палякі занялі Вільню, пасунуліся да Маладзечна і пагражалі Менску. Гэтыя ваенныя няўдачы прывялі бальшавікоў у дзікую злосьць. Яны пачалі шукаць вінаватых, разумеецца, як заўсёды не там, дзе трэба. Спачатку зрабілі «прылучэньнне» Літ.-Бел. Рэспублікі да Расіі (аб незалежнасьці ўжо не можна было і заікнуцца), пасьля зьвярнулі ўвагу на малую працу «чразвычайкі». І «чразвычайка» сваю працу «павялічыла». Праца гэта менчанам добра вядома. Курганы сотняў нявінна расстраляных аб гэтым і цяпер сьведчаць. Над Менскам павіс крывавы кашмар...»

Эксгумацыя ахвяраў ЧК праводзілася на той час не толькі ў Менску і не толькі на Беларусі. Да прыкладу, у сваіх лістах да камісара народнай прасветы Луначарскага пісьменнік Уладзімір Караленка згадваў пра раскопкі агульнай магілы бальшавіцкіх ахвяраў у Палтаве (Украіна): «...вытащили из общей ямы 16 разлагающихся трупов и положили их напоказ. Впечатление было ужасное...»

Пра тое, што на Камароўцы, сёння - самым ажыўленым месцы Мінска, бальшавікі забівалі і закопвалі сваіх ахвяр і пасля 1919 года - у другой палове 30-х, узгадваў і Міхась Кавыль, беларускі паэт-эмігрант: «Успомнілася, як мы - Сяргей Астрэйка (таленавіты беларускі паэт, арыштаваны бальшавікамі-камуністамі ў 21 год і ў 1937-м расстраляны. - А.П.), Гінтаўт, Русаковіч - бадзяліся ўначы па лесе каля саўгаса «Слялянка», куды былі пасланыя на «прарыў», і падгледзелі расстрэл. Як падаў на калені няшчасны чалавек і ўздымаў у неба рукі, як пасля стрэлу кульнуўся ў яму...» («Народная Воля», 1999, 14 верасня).

(обратно)


27

 Менскія «першакурапаты» 1919 года вымагаюць больш скурпулёзнага вывучэння, найперш - росшукаў архіўных матэрыялаў дзейнасці міжнароднай камісіі па вывучэнні бальшавіцкіх злачынстваў у Менску (балазе прозвішчы амаль усіх сябраў камісіі вядомы).

(обратно)


28

 Ідзі адсюль, хутчэй! Ідзі-ідзі... (цыганскае).

(обратно)


29

 Заява Язэпа Варонкі была надрукавана ў «Часопісі» (1919, № 2 (кастрычнік)).

(обратно)


30

 Цяперашні Талін.

(обратно)


31

Праз некаторы час ангельцы выдалі яе і ў сябе.

(обратно)


32

1 жніўня 1925 года ў лісце з Чэхіі да Антона Луцкевіча Жылка згадваў:

«Мне прыемна, што «Вершы аб Вільні» Вам спадабаліся і сталі прычынай крытычнай працы. Motto (вядучая думка, матыў) да вершаў <...> узяў я з «Віленскіх успамінаў»...».

(обратно)


33

У № 1 часопіса «Беларуская школа ў Латвіі» за 1932 год Езавітаў узгадае, што ў той час абмаскалены і апалячаны Дзвінск варожа сустрэў весткі аб стварэнні беларускай нацыянальнай арганізацыі.

(обратно)


34

Заканадаўства Латвіі (закон ад 8 снежня 1919 года) гарантавала абавязковую пачатковую адукацыю сваім нацыянальным меншасцям. Дзяржава абавязалася ўтрымліваць неабходную колькасць нацыянальных школ з навучаннем на роднай мове.

(обратно)


35

Алесь Чарвякоў узначальваў Цэнтральны выканаўчы камітэт БССР.

(обратно)


36

Пра гэта ўзгадваў ва ўспамінах пра Ўладзімера Жылку сам Макар Краўцоў.

(обратно)


37

Уладзімер Жылка звяртаўся не да «пана» Максіма Гарэцкага (як сцвярджалася, напрыклад, у каментарыях да «Выбраных твораў» паэта, - Мінск, «Беларускі кнігазбор», 1998), а да Макара Краўцова, які на той час рэдагаваў «Нашу Думку».

(обратно)


38

Артыкул «Л. Сяменік», падпісаны скарочаным «Ст-іч», і згаданы фотаздымак беларускіх партызан былі змешчаны ў № 3 (25) «Беларускага Жыцьця» за 9 лютага 1920 года. Адным з першых «партызанку» Сяменіка і ўвесь беларускі вайсковы рух (дзейнасць Булак-Балаховіча, арганізацыі «Зялены Дуб» пад ачолам Дергача-Адамовіча) пачаў вывучаць беларускі гісторык і бібліяфіл Рамуальд Зямкевіч. Ён меў магчымасць працаваць з архівам Булак-Балаховіча і нататкамі-мемуарамі Ядвігіна Ш. пра генерала, якія перапісаў у сына Булак-Балаховіча. У лісце да Вацлава Ластоўскага 27 снежня 1922 года (глядзі публікацыю лістоў Язэпам Янушкевічам у «ЛіМе» (1999, 4 чэрвеня)) Рамуальд Зямкевіч прызнаваўся:

«Апрача гэтага запісаў я са слоў Дзергача (Адамовіча) шмат фактаў, каторыя правяраю ў гутарках з ваякамі Балаховіча і св[ятой] пам[яці] Семенюка. Зрабіць гэта, разумеецца, трэба і то як найхутчэй, бо падзеі ў памяці заціраюцца, а не напісанае і не надрукаванае не дасць ніколі будучыім пакаленням зразумення праўды. Гісторыія партызанкі Семенюка (Рамуальд Зямкевіч, як і многія іншыя, называў партызанскага атамана Семянюк, а не Сяменік. - А. П.), а таксама «Зялёнага Дуба» цікавіць і займае маю ўвагу, але кожная паасобку. Разумеецца, што ўсё гэта ў адрыўках будзе вам паслана для друку ў «Беларускім Сьцягу»».

Згаданыя матэрыялы Рамуальда Зямкевіча знайсці не ўдалося. З ягонага пісьма вядома адно: жыццёвы шлях беларускага партызана-змагара Лукаша Сяменіка скончыўся да снежня 1922 года - перад прозвішчам з'явіўся дадатак «св[ятой] пам[яці]...

(обратно)


39

Праз некалькі месяцаў ковенскі «Беларускі Сьцяг» (1922, № 2, с. 43) змесціць і такую інфармацыю:

«П. Аляксюк узяў ад палякаў 17 мільенаў марак і... праваліўся на выбарах у Віленскі сойм».

(обратно)


40

Адзьдзел агітацыі і прапаганды.

(обратно)


41

Пра выданні Алексюка Яфіму Карскаму яшчэ летась пісаў Максім Гарэцкі:

«(Зімой з 1920 на 1921 гады) у Вільні з'явіўся Аляксюк і стаў выпускаць «Jednasc», пад рэдакцыяй нейкага В. Шашкова, а з кірункам, блізкім да польскай «Зоркі» на нашай мове... газэціна гэтая і цяпер то перастане, то зноў выходзіць. Алексюкоўская ж кампанія з месяц таму назад выпусціла два № № «Роднай Страхі»».

(обратно)


42

Цяпер вуліца Кірава.

(обратно)


43

Сірвента - песня на ваяцкі лад у старажытнасці.

(обратно)


44

Падаецца ў правапісе арыгінала.

(обратно)


45

У ім былі змешчаны творы Наталлі Арсенневай, Канстанцыі Буйло, Зоські Верас і іншых маладых літаратараў.

«Рознародны і багаты зьмест часопісі, – пісаў пра яго  ў «Беларускім Сьцязе» (1922, № 2, с.53) Вацлаў Ластоўскі, – новыя імёны маладых працаўнікоў, а яшчэ болей новыя, сьвежыя, сьмелыя думкі акрыляюць чытача надзеяй і верай у нашу сьветлую будучыну. «Наш Шлях» загаварыў <...> дзе трэба здаровай прозай <...>, а дзе – чыстай паэзыяй і здаровым маладым рамантызмам .<...> Вершы Арсеньневае – гэта істотна кветкі паэзыі .<...> Зоська Верас годная ў гэтай маладой плеядзе таварышка. Адну мы прымушаны зрабіць увагу нашым маладым таварышам па пяру: зьвяртайце больш увагі на чыстату мовы».

(обратно)


46

Апісанне тагачаснага менскага вакзала і вайсковага парада падаецца паводле рэпартажа карэспандэнта расійскай газэты «Новое Русское Слово» (1922 год, ліпень).

(обратно)


47

Пазней пасля «незразумелай» смерці мітрапаліта Мелхісэдэка на Беларусі камуністы хацелі паставіць беларускім мітрапалітам саракапяцігадовага Красінскага, былога выкладчыка літаратуры ў Вільні. Дзеля гэтага яго нават пераправілі цераз мяжу з Заходняй Беларусі ў Менск. Аднак беларускія светары і вернікі нават не захацелі з ім гаварыць. І Красінскага мусілі ўладкаваць... адміністратарам у Дзяржаўны тэатр. Пасля арышту ў 1930 годзе ен пачне выдаваць сябе за «варшаўскага агента» і рабіць даносы на свядомых беларусаў.

(обратно)


48

1 кастрычніка 1922 года ў «Беларускім Звоне» (№ 23 (48)) быў змешчаны ліст Максіма Гарэцкага:

«Грамадзянін Рэдактар! Прашу надрукаваць, што я, ня маючы па законах Польскай Рэспублікі выбарнага права, ніякага ўчасьця ў працы выбарныіх арганізацый ня прыймаў і ня прыймаю. Імя маё ў ліку сябраў Беларускага выбарнага камітэта зьявілася праз непаразуменьне. Максм Гарэцкі. Вільня. 30.ІХ. 1922».

(обратно)


49

Пасля канферэнцыі Цвікевіч пераехаў у БССР, стаў вучоным сакратаром Інстытута Беларускай Культуры. Пра ягоны прыезд Янка Купала гаварыў:

«Няхай бы ен там лепш павесіўся, дык гэта было б куды лепш для нацыянальнай справы».

(обратно)


50

На паседжанні сакратарыята ЦК КП(б)Б 31 ліпеня 1925 года сярод іншых рашэнняў было і такое:

«Лічыць неабходным падтрымаць беларускую газэту Латвіі «Голас Беларуса» пры ўмове забеспячэння ў яе рэдакцыі камуністычнага ўплыву...».

(обратно)


51

Гэтая рэцэнзія на Беларусі ўпершыню была надрукавана ў 1986 годзе - у складзеным Уладзімірам Калеснікам зборніку вершаў, перакладаў і крытычных артыкулаў Жылкі «Пожні», але ўсе абзацы, дзе ўзгадвалася прозвішча Езавітава, былі скасаваны цэнзурай і «выразаны».

(обратно)


52

Беларускім дзяржаўным тэатры.

(обратно)


53

Захаваўся яго тэкст:

«Абвінаваўчае заключэнне па справе № 4636 (амаль пяцітысячнае толькі на 1927 год! – А. П.) па абвінавачванні грамадзяніна Аляховіча Франца Карлавіча ў злачынстве, прадугледжаным арт. 61 КК.

Абвінавачваецца: <...> За ўдзел у арганізацыі, якая дзейнічала ў накірунку дапамогі міжнароднай буржуазіі, г.зн. у тым, што перайшоўшы ў лютым 1921 г. нелегальна Дзяржаўную граніцу з БССР на бок Польшчы, прыняў актыўны ўдзел у дзейнасці «Часовай Беларускай Рады» (як намеснік старшыні), створанай польскай палітычнай паліцыяй з мэтай барацьбы з беларускім рэвалюцыйным рухам у Польшчы, шляхам адпраўкі на тэрыторыю БССР узброеных атрадаў, дыверсантаў, шпіёнаў, правакатараў і выйшаўшы з Рады ў 1926 г. асабіста стварыў пры пасрэдніцтве той жа палітычнай паліцыі аналагічную арганізацыю «Беларуская Хатка», а затым у 1926 г. прыбыў у СССР для выканання тых жа мэтаў Рады <...>.

Рэчавых доказаў па справе няма.

Складзена 16 сакавіка 1927 г.   г. Мінск».

(обратно)


54

Уладзімера Дубоўку арыштуюць у Маскве, у... Крамлі. Экземпляры яго верша былі надрукаваны на пішучай машынцы, якая адбівала надламаную літару «р». Усе машынкі са сваімі апазнавальнымі «асаблівасцямі» былі зарэгістраваны ў ДПУ. Вось і высветлілася, што машынка з тым надламаным «р» належала Пастаяннаму прадстаўніцтву БССР у Маскве, дзе Дубоўка працаваў перакладчыкам у беларускую мову нарматыўных і заканадаўчых актаў ЦВК і СНК СССР. Ордэр на ягоны арышт падпісаў намеснік старшыні АДПУ СССР Гірш Ягода:

«За написание и распространение антисоветского и антибольшевистского стхотворения «За все страны, за все народы...» <...> срочно арестовать гр. В. Н. Дубовко, проживающего по ул. Грузинская д. 13. 19.07.1930 г.».

Упаўнаважаны аператыўнага адзьдзела АДПУ Салаўеў з памагатымі ў той жа дзень прыйсці на кватэру, дзе з сямей жыў Дубоўка, не паспеў - і назаўтра раніцай арыштаваў паэта ў Крамлі.


(обратно)


55

Як сведчыў Лявон Савенак, беларускі пісьменнік-эмігрант, які пісаў пад псеўданімамі Лявон Свэн і Лявон Крывічанін і быў сам арыштаваны па «Справе БНЦ», падчас ад'езда на Захад Мінкевіч пакінуў матэрыялы той справы ў Баранавічах - «у 30-і валізах, якія Мінкевіч вывез на Захад, не знайшлося месца для гэтае кніні».

(обратно)


56

Яго зрабілі два заходнебеларускія мастакі Сасноўская і Горыда, а затым літаграфскім спосабам партрэт быў размножаны.

(обратно)


57

23 жніўня 1939 года ўрады Нямеччыны і СССР (Гітлер і Сталін) заключылі дамову аб ненападзенні, быў падпісаны і сакрэтны акт аб сферах уплыву (акт Молатава-Рыбентропа).

(обратно)


58

Пасля свайго арышту савецкай контрвыведкай Езавітаў дасць паказанні аб тым, што ён у 1940 годзе пад клічкай Озал лічыўся супрацоўнікам НКУС Латвійскай ССР.

«В 1941 году, в марте, – «успамінаў» Езавітаў, – меня вызвали в Москву под предлогом представителя профсоюзов <...> встретили  на вокзале и отвезли в отель «Москва» на IV этаж. Имел разговоры с работниками НКГБ. В разговорах мне подчеркнули, что я должен связаться с белорусской эмиграцией и работать среди нее там, также постараться занять более высокое положение. С наступлением военных действий мне удалось связаться с белорусской эмиграцией в Берлине, а также в Минске». 

(обратно)


59

Пасля вайны на эміграцыі Мікола Абрамчык стане прэзідэнтам Рады БНР.

(обратно)


60

Да апошняга часу заставалася невядомым, хто забіў Францішка Аляхновіча.

«Дасюль невядома, хто ўчыніў гэтае злачынства. Хутчэй за ўсе - чырвоныя дыверсанты. <...> Але зрабіць гэта маглі і акаўцы, баевікі Арміі Краевай, якія гэтаксама метадычна вынішчалі беларускую інтэлігенцыю», - пісаў Алесь Бяляцкі ў прадмове па выдання аповесці «У капцюрох Г.П.У» (Мінск, 1994).

Тое ж адзначалі і Анатоль Сабалеўскі, і Зоя Лысенка, якая пісала наступнае:

«Яго забілі на ўласнай кватэры <...>. Хто гэта зрабіў, пакуль гісторыкі адназначна сказаць не могуць. Ёсць версія, што ен быў пакараны смерцю савецкімі ці польскімі партызанамі, не выключана, што гэта маглі зрабіць і немцы» («Сыны і пасынкі Беларусі», Мінск, 1996).

Было забойства - жорсткае, лютае. Забойства чалавека на схіле ягонага веку, чалавека, які прысвяціў сябе служэнню незалежнай Беларусі і яе культуры, які да апошняга дня выкрываў таталітарызм і злачынствы сталінскіх паслугачоў, да чаго Беларусь прыйшла толькі на заканчэнні стагоддзя... Было забойства, і тэрміну даўнасці яно не мае. І калі злачынцы не былі пакараны, трэба назваць хоць іхнія імены.

След забойцы пасля віленскай кватэры Аляхновіча павеў у Маскву. У 1982 годзе быў апублікаваны рапарт партызанскага літоўскага штаба (пра які першым напісаў Зяновіюш Панарскі з Таронта - у віленскім польскім тыдневіку «Znad Wilii» (1998, № № 6, 7, 10) - данясенне партызан ад 15 сакавіка 1944 года аб тым, што яны «застрэлілі ў Вільні адказнага рэдактара беларускай газэты, выдаванай на сродкі немцаў, «Беларускі Голас» Ф. Аляхновіча». Выканала «акцыю» дыверсійная тройка пад камандаваннем Ё. Сіманавічуса (Пятрайціса). Прозвішча й імя забойцы падавалася ва ўсіх трох літоўскіх савецкіх энцыклапедыях. За ўдзел у путчы прыхільнікаў Вальдэмарыса да вайны «партызан» быў асуджаны на дзесяць гадоў зняволення, у 1937 годзе - амніставаны. У часе нямецкай акупацыі хаваўся, у 1942-м уступіў у кампартыю. У 1943 - 1944 гадах камандаваў партызанскім атрадам «Мститель». Пасля вайны, закончыўшы ў 1950 годзе партшколу, стаў гаспадарчым дзеячом у савецкім Вільнюсе...


(обратно)


61

Наколькі «шчырай» была падтрымка акупантамі беларускага руху, могуць сведчыць тагачасныя данясенні Рыгора Мурашкі, беларускага пісьменніка, удзельніка мінскага падполля:

«<...>Дом друку немцы занялі пад казарму. З шматлікіх пакояў Белдзяржвыдавецтва выкінуты на двор як смецце і знішчаны: вялікі збор рукапісаў беларускіх пісьменнікаў, што знаходзіліся ў працэсе падрыхтоўкі да друку, вялікая бібліятэка і архіў выдавецтва. <...> У падвалах Дзяржаўнай бібліятэкі імя Леніна немцы зрабілі склад і халадзільнік. Кнігі павыкідвалі на двор ззаду бібліятэкі і палілі іх рэгулярна вялікімі кучамі. <...> Будынак Мастацкай галерэі заняты на пастой для нямецкіх афіцэраў. У выніку праз тыдзень-два са сценаў галерэі зніклі амаль усе карціны. <...> Найлепшым упрыгожаннем галерэі была калекцыя слуцкіх паясоў - адзіная поўная ў свеце. Калекцыя ў залатой валюце каштавала да дзесяці мільенаў рублеў. <...> Праз некалькі дзен калекцыя слуцкіх паясоў была пагружана ў нямецкія ваенныя грузавыя машыны і накіравана ў невядомым напрамку, а па чутках - у Кенінгсберг».


(обратно)


62

Пазней з кватэры Ермачэнкі «знікне» архіў Беларускага камітэта самапомачы ў Празе і патрапіць у Менск. У матэрыялах архіва будзе й пратакол тога сходу ад 27 чэрвеня 1941 года. Паводле яго Ларысу Геніюш і ейнага мужа асудзяць на 25 гадоў зняволення ў «папраўча-працоўных» лагерах, - хоць на пратаколе іхнія подпісы хтось даставіў-вывеў пад капірку... Хоць у сваіх вершах Ларыса Геніюш ані слоўкам не абазвалася пра немцаў...

(обратно)


63

Старшыней Украінскага нацыянальнага камітэта стаў генерал Шандрук. Бандэра ўвайшоў у яго склад.

(обратно)


64

З Нямеччыны Радаслаў Астроўскі падаўся ў ЗША. У 1950 годзе ў беларускай эмігранцкай газэце «Беларуская Трыбуна» быў надрукаваны яго артыкул аб тым, што «вайна ў Карэі - гэта ня толькі змаганьне за свабоду карэйскага народу, але й пачатак вайсковага паходу за незалежную Беларусь». Астроўскі заклікаў беларусаў запісвацца ў добраахвотнікі на карэйскі фронт, што выклікала адмоўную рэакцыю многіх эмігрантаў.

Памер Радаслаў Астроўскі ў 1976 годзе і быў урачыста пахаваны на беларускім могільніку ў Саўт-Рывэры (штат Нью-Джэрсі).


(обратно)


65

Яшчэ пра больш «зблытаныя» арышт і смерць Канстанціна Езавітава згадваў Іван Касяк:

«Сябра БЦР гэнэрал Езавітаў пасьля хірургічнай апэрацыі ў 1945 годзе пад чужым прозьвішчам дастаўся на Беларусь, дзе працаваў настаўнікам. На настаўніцкай канфэрэнцыі ён быў распазнаны і пазьней павешаны ў Віцебску, дзе нарадзіўся».

Але сведчанні Івана Касяка - сумніўныя, у іх шмат недакладнасцяў. Адна з іх: Езавітаў нарадзіўся не ў Віцебску... Легенду ж пра вяртанне на Беларусь па сваей волі і пакаранне «ворага» павешаннем маглі прыдумаць у адпаведных органах СССР.

(обратно)

Оглавление

  • Кніга першая. І ДАМ ТАБЕ ВЯНОК ЖЫЦЦЯ
  •   Салаваспеў
  •   Папараць-Кветка
  •   Пад чужою «апекай»
  •   Беларуская моладзь ідзе
  •   З Янкам Купалам
  •   Усевалад Ігнатоўскі
  •   Юрка Лістапад
  •   Алесь Гарун
  •   «Пад штандар бел-чырвона-белы» (Уладзімер Жылка)
  •   Купалаў дом
  •   25 сакавіка 1920-га
  •   Булак-Балаховіч
  •   Зямля: ўміраць не трэба
  •   Слуцкая хроніка старца Вярхоўскага
  •   З'езд Случчыны
  •   Боек даўні цяг…
  •   Антон Сокал-Кутылоўскі
  • Кніга другая. ХТО ВОЛІ ПРАГНЕ
  •   Частка I
  •     Яраслаўскія сустрэчы
  •     «Беларуская Хатка»
  •     Лібавенскія ліпы
  •     Першы ўсебеларускі кангрэс
  •     Зямля пад лёдам
  •     Вялікі люты
  •     Беларускі Дом
  •     Госць з Вільні
  •     Рада народных міністраў: Менск - Вільня
  •     «Зялёнаатрадаўцы» Лукаша Сяменіка
  •     Начальнік Беластока
  •     Камендант Горадні
  •     Зялёнае войска
  •     Беларускае жыццё
  •     Пранук з Альшаншчыны
  •     Турма на Лукішках
  •     З Пекла — у Радасць?
  •     Магілы на Камароўцы, Койданаўскім тракце, у Лошыцы…
  •     «Каб дзеці нас не пракліналі»
  •     «… і Кветка-Папараць яшчэ нам зацвіце!»
  •     Новая місія
  •     Штабс-капітан беларускай арміі
  •     Ці ёсць у гаданнях праўда?
  •     «Мы ўсе яшчэ ў няяснай мгле»
  •     Асобны атрад БНР
  •     «Мы к волі йдзем»
  •     Віленскія ўспаміны
  •   Частка II
  •     Між сутокаў Дзвіны
  •     Трэцяя вясна
  •     Цені
  •     «Злосны» выкладчык
  •     Маладое жыццё
  •     Пажар у Горадні
  •     З Янам Райнісам
  •     Чаканыя нечаканасці
  •     Нацыянальная канферэнцыя
  •     Новая Эўропа
  •     Берлінскі карнавал
  •     Беларусы ёсць!
  •     Нейтральная зона
  •     З агня — у полымя
  •     Голыя галіны
  •     Змагарна наперад
  •     Скамарохаўцы
  •     Вакол Генуэзскай канферэнцыі
  •     «Свабоды дзень крывёй купіць»
  •     Алтар незалежнасці
  •     Сучасныя Робін-Гуды
  •     На нашым шляху
  •     Працяг мартыралога
  •     Сярод тутэйшых
  •     Архіўная мазаіка
  •     Беларускі выбарны камітэт
  •     Лубянка
  •     Луцкевіч супраць Балаховіча
  •     Мухава карова
  •     Марш адраджэнца
  •   Частка III
  •     Пасланцы Крывіі
  •     Арышты
  •     Сустрэча ў міжсвецці
  •     Лібаўскі кон
  •     Новыя араторыі
  •     Не жыць для сябе
  •   Частка IV
  •     Другі Усебеларускі кангрэс
  •     Ад родных ніў
  •     Блок народаў Усходняй Эўропы
  •     З-за лініі фронта
  •     Мір чужым коштам
  •     Памятныя ўгодкі
  •     Дзень за днём
  •     Стаць любімым
  • Наш сайт является помещением библиотеки. На основании Федерального закона Российской федерации "Об авторском и смежных правах" (в ред. Федеральных законов от 19.07.1995 N 110-ФЗ, от 20.07.2004 N 72-ФЗ) копирование, сохранение на жестком диске или иной способ сохранения произведений размещенных на данной библиотеке категорически запрешен. Все материалы представлены исключительно в ознакомительных целях.

    Copyright © UniversalInternetLibrary.ru - читать книги бесплатно